Дзяржаўная установа адукацыі
“Навучальна-педагагічны комплекс Рудаяварскі дзіцячы сад –
сярэдняя агульнаадукацыйная школа”
Тэма:
Восень бярэ ўладу у свае рукі. Якуб Колас “Восень”
ЛУНЯ Ганна Леанідаўна
настаўніца пачатковых класаў
Мэта:
Фарміраваць навык свядомага, правільнага , выразнага чытання вучняў, уменне вызначаць эмацыянальны настрой твора;
Развіваць лагічнае і вобразнае мысленне, творчую фантазію;
Узбагачаць слоўнікавы запас вучняў па тэме “Восень”;
Выхоўваць эмацыянальныя і эстэтычныя адносіны да прыгажосці прыроды.
Абсталяванне: партрэт Я. Коласа, плакаты з надрукаванымі “слоўнікамі настрою і пачуццяў”, карткі з запісам слоў, засушаныя кляновыя лісты, выстава з работамі па фітадызайну, цацачны тэрмометр, мультымедыйная устаноўка.
Ход урока
Арганізацыйны момант.
Настаўнік:
- Добры дзень! Я рада ўсіх вітаць у нашым класе. Але перш чым мы пачнём наш урок, я хачу вызначыць тэмпературу ў нашым класе пры дапамозе вось гэтага чароўнага тэрмометра.
(Настаўнік падходзіць і “ставіць тэрмометр” вучням)
- Якая добрая дзяўчынка!
- Старанная вучаніца!
- Ветлівая дзяўчынка!
- Адказная вучаніца!.
- Ці праўду сказаў мне чароўны тэрмометр? А цяпер усміхніцеся мне, а я вам. Вось у такім добрым настроі пачнём наш урок – урок літаратурнага чытання.
Моўная размінка.
1. Дыхальная гімнастыка
- А каб ваша чытанне было сапраўды прыгожым і правільным,пачнём наш урок як заўсёды з дыхальнай гімнастыкі, якая таксама ўмацоўвае ваша здароўе.
(Выконваецца некалькі практыкаванняў: “Дыхае носік”, “Пушынка”, “Свечка”, “Ружа”)
2. “ Складавічок”
- Працягваем нашу моўную размінку. Складавічок сёння прапануе вам вось такое заданне:
ТПІ, ТПЭ, ТПА,ТПО, ТПУ, ТПЫ
(Склады чытаюцца працяжна, коратка, хутка)
3. Работа над інтанацыяй сказа.
(На дошцы запісаны сказ: “У нас зараз урок чытання”. Замест знака прыпынку кляновы лісток.)
- Папрацуем над інтанацыяй сказа. Але што гэта? Якісьці незвычайны знак прыпынку ўканцы сказа.
- Якія знакі прыпынку могуць стаяць у канцы сказа?
- Як будзе гучаць сказ, калі паставім кропку?
- Зробім апавядальны сказ клічным па інтанацыі.
- Што вы павінны перадаць голасам?
- Папрацуем над інтанацыяй пытальнага сказа. Штогучыць у пытальным сказе?
(Сказ чытаецца чатыры разы з пастаноўкай лагічнага націска на кожнае слова. Апошні раз: “У нас зараз урок чытання?)
- Так, у нас урок чытання. Як называецца раздзел над якім мы працуем?
(“ Восень, восень залатая, сее радасць на зямлі “)
- Каму падабаецца гэтая пара года? А за што вы любіце восень?
- У годзе ёсць чатыры пары - зіма, вясна, лета, восень. Кожная пара года прыгожая па-своему. Сёння мы працягнем падарожжа ў дзіўную і трошкі сумную пару года – восень.
Праверка дамашняга задання
- Які твор вы рыхтавалі дома? ( Верш П. Броўкі “Надыход восені” на памяць)
- Праверку дамашняга задання мы арганізуем у выглядзе конкурса на лепшага чытальніка. Вы павінны ўважліва слухаць чытанне сваіх сяброў, каб пасля выбраць лепшага дэкламатара.
(Даецца аналіз чытання спачатку вучнямі, затым настаўнікам, выстаўляюцца адзнакі).
- Я прапаную вам адгадаць загадку: “Любіць вецер з ім гуляць і з галінак абрываць. (Ліст)
- У мяне кляновыя лісточкі. Яны дапамогуць нам выбраць лепшага чытальніка. Адзін лісток пакідайце сабе, а другі аддайце таму, каго вы лічыце сёння лепшым дэкламатарам. (Дзеці абменьваюцца лісточкамі)
- У каго атрымаўся самы большы букет? (Віншуем лепшага чытальніка)
Знаёмства з тэмай і мэтай урока
- Назву тэмы сённяшняга ўрока вы даведаецеся, калі правільна складзіце сказ.
(На дошцы прымацаваны карткі з запісам слоў: восень, у, бярэ, ўладу, рукі, свае. Адзін вучань выходзіць да дошкі і складае сказ)
- Восень бярэ ўладу ў свае рукі. Як вы разумееце сэнс дадзенага сказа. У якім значэнні ўжыта слова “бярэ” – у прамым ці пераносным?
- А цяпер я прапаную вам прадоўжыць маю думку:
Слайд:
Сёння на ўроку мы –
будзем чытаць, каб … (навучыцца чытаць яшчэ лепш, даведацца пра нешта новае)
будзем адказваць на пытанні, каб…
будзем чытаць выразна, каб…
Фізкультхвілінка
Падрыхтоўка да ўспрымання новага матэрыялу
- А зараз я прапаную вам апынуццаў царстве залатой восені.
Услухайцеся ў музыку, якая будзе гучаць. Угледзьцеся ў асеннія пейзажы. Які настрой выкліча ў вас ўбачанае і пачутае?
Слайд з фотакарцінамі залатой восені пад муз. суправаджэнне (П. І. Чаўкоўскі “ Поры года” – “Кастрычнік”) і чытанне настаўніка:
- Восень – гэта пара, калі зямля апранае самыя дарагія уборы. У гэтыя дні здаецца, што яна нават пачынае свяціцца. Цёплы чырвоны свет ідзе ад асін, ярка жоўты - ад бяроз, вогненны - ад рабін. Выгляне сонца - і ўсё ўспыхвае яркімі колерамі, і сэрца замірае ад гэтай дзіўнай прыгажосці. Прыгажосць! Якая прыгажосць! Восень прыходзіць да нас нячутна. Першая яе прыкмета – жоўты лісток. Гэта значыць, што лета прайшло.
- Які настрой выклікалі ў вас восеньскія пейзажы і музыка?.
(Зварот да слоўніка настрою, які вывешваецца на дошку)
Слоўнік настрою
вясёлы
сумны
радасны
светлай асалоды
светлага суму
сумна-радасны
- Напэўна настрой суму і жалю ўзнікае ад таго, бо мы з вамі ведаем, што хутка адыдзе і гэтая прыгожая пара – залатая восень.
- Ці спадабаліся вам фотакарціны восені? Чым?
- Якія колеры восені вы ўбачылі?
- Асеннія залатыя колеры так прыемны нам. Што вы скажаце пра музыку , якая гучала, якая яна? ( Спакойная , ціхая, меладычная)
- Аб сваёй роднай прыродзе людзі пішуць вершы, ствараюць карціны і музыку. Чароўнасць восеньскай прыроды прыцягвае. Мастак размаўляе з намі з дапамогай фарбаў. Кампазітар – таксама мастак, толькі ён малюе асаблівымі музычнымі фарбамі. Музыка таксама можа перадаваць фарбы, гукі, настрой прыроды. А пісьменнікаі паэта можна назваць мастаком слова.
Работа над новым матэрыялам
1. Віктарына па аўтабіяграфіі Я. Коласа.
- Сёння мы пазнаёмімся з апавяданнем Я.Коласа “Восень”. Гэтага пісьменніка называюць не проста мастаком слова , а песняром роднай мовы. Аб гэтым пісьменніку вы шмат чаго знаеце. Таму я прапаную вам адказаць на пытанні віктарыны:
Слайд:
Сапраўднае імя Я. Коласа
Дата нараджэння
Дзе нарадзіўся паэт
Як звалі яго бацькоў
У колькі гадоў Я. Колас напісаў свай першы верш
Як называўся гэты верш
Работа над тэкстам
- Жыццё на ўлоне прыроды давала магчымасць уражліваму хлопчыку адчуць чароўную красу беларускіх краявідаў. Я прапаную вам пазнаёміцца з апавяданнем Я.Коласа “Восень”.
1. Слоўнікавая работа (грудоўкі, атава)
2. Першапачатковае ўспрыманне твора.
(Вучні чытаюць тэкст самастойна, сабе моўчкі)
- Якія пачуцці выклікаў у вас гэты тэкст?
( на дошку вывешваецца слоўнік пачуццяў)
пачуцці
радасці
жалю
смутку
весялосці
гонару
любові
- Чаму ў вас узніклі такія пачуцці?
3. Паўторнае чытанне (ланцужком услых)
- Пра якія прыкметы восені апавядае аўтар?
4. Выбарачнае чытанне.
- Як выглядае луг? (поле, лес)
5. Работа ў парах.
- Знайдзіце вобразы, якім аўтар надае якасці жывой істоты. Дзе аўтар выкарыстоўвае прыём адухаўлення?
6. Работа над выразным чытаннем.
“Артысты” – падрыхтаваць выразнае чытанне урыўка за 3 мінуты.
- Што значыць чытаць выразна?
(работа па памятцы па выр. чытанню)
7. Работа па малюнку да тэксту. (Работа ў пары)
- Якія колеры выкарыстаў мастак: цёплыя ці халодныя? Чаму…?
(Заданне: падпісаць малюнак сказамі з тэксту.)
Абагульненне:
- А ці можна малюнак падпісаць такім сказам: “Восень усюды накладвае свой след, сваю руку”?
- Гэты сказ сугучны з тэмай нашага ўрока – “Восень бярэ ўладу ў свае рукі”.
Давайце яшчэ раз растлумачым сэнс дадзеных сказаў. (Гэта значыць - па ўсіх прыкметах відаць, што прыйшла сапраўдная восень.)
Вынік урока. Д. з.
- Я думаю, што сённяшняе падарожжа ў гэтую дзіўную і прыгожую пару года пакінула ў вашых сэрцах радасць і захапленне. Вашым дамашнім заданнем будзе – навучыцца выразна чытаць тэкст Я.Коласа “Восень”.
Рэфлексія
- Наш урок падыходзіць да канца і я хачу запытаць у вас…
(На дошцы запіс)
Сваёй працай на уроку я:
Задаволена
Не зусім задаволена
Я не задаволена, таму што…
Рэфлексія “ Настаўнік-тэрмометр”
- А зараз я хачу даведацца ці змянілася тэмпература ў нашым класе. Але наш чароўны тэрмометр зламаўся… Тэрмометрам буду я. Калі вы лічыце, што наш урок быў цікавы і карысны – станавіцеся па маю правую руку. Калі ж вам было сумна і нецікава – па левую руку.
Дзякуй усім за працу!
Поделитесь с Вашими друзьями: |