Экскурсія «лірнік вясковы»



Дата канвертавання15.05.2016
Памер105.73 Kb.
ЭКСКУРСІЯ «ЛІРНІК ВЯСКОВЫ»

Добры дзень, здравствуйте, лаба дена, вітаймо вас, дзень добжы!

Вы спытаеце, чаму я вітаю вас аж на пяці мовах. Тут усё проста, бо ўжо колькі год на Любанскай зямлі жывуць беларусы, украінцы, палякі, літоўцы і рускія. Дарэчы, тут жыву і я.

Знаходзіцца мая вёска ў цудоўным месцы беларускага Палесся на вышыні 150 метраў над узроўнем мора ў 120 кіламетрах на поўдзень ад сталіцы Беларусі горада Мінска. Людзі сцвярджаюць, што такіх прыгожых краявідаў, як у нашай мясцовасці, няма больш нідзе ў Беларусі.

Смольгаўшчына – край багатай гістарычнай і культурнай спадчыны, радзіма вядомых людзей, духоўная скарбніца Любанскага краю.

Першыя пісьмовыя звесткі пра вёску Смольгава адносяцца да 1582 года.

А давайце вернемся ў XIX стагоддзе, а дакладней у 1823 год.

Я запрашаю вас у падарожжа па хвалях памяці ХІХ стагоддзя, бо менавіта тады ў фальварку Смольгаў нарадзіўся беларуска-польскі паэт Уладзіслаў Сыракомля.

Продкі паэта належалі да старадаўняй беларускай шлях­ты, апалячанай у выніку гістарычных падзей у Вялікім княстве Літоўскім.

Бацька паэта Аляксандр Каятан нарадзіўся ў 1783 годзе ў Ляўкішках. Маці Віторыя Златкоўская паходзіла са Случчыны з не надта заможнай шляхецкай сям'і. Бацька меў прафесію каморніка, але прымяніць яе на казённай службе не змог і таму вымушаны быў арандаваць панскую зямлю. Людвіку яшчэ не споўнілася двух гадоў, калі быў узяты ў арэнду новы фальварак Яськавічы, што знаходзіўся ў Слуцкім павеце на беразе ракі Морач. Гэта была першая мясціна, пра якую памятаў паэт.

Вясною 1831 годзе Кандратовічы пераехалі ў Кудзінавічы (цяпер вёска ў Капыльскім раёне).

У 1833 годзе Людвік здае экзамены ў павятовую школу пры дамініканскім кляштары ў Нясвіжы.

У час першых летніх канікулаў бацькоўская сядзіба перамясцілася з Кудзінавіч у Мархачоўшчыну. Людвік прывёз з сабой пасведчанне аб сканчэнні другога класа.

У 1837 годзе Людвік скончыў пяць класаў павятовай школы ў Наваградку і вярнуўся да бацькоў у Мархачоўшчыну. Як мог, дапамагаў па гаспадарцы.

У 1840 г. Кандратовічы перабраліся ў Залучча над Нёманам, а праз год па хадатайніцтве бацькі 18-гадовы Людвік уладкаваўся ў Нясвіжы на службу ў канцылярыю кіраўніцтва радзівілаўскімі маёнткамі.

Першыя вершы Сыракомлі ўзніклі ў атмасферы, дзе рыфмавалася амаль усё. Праз усё жыццё пранясе Людвік Кандратовіч удзячнасць Нясвіжу, не раз будзе звяртацца да гісторыі радзівілаўскай рэзідэнцыі.



І ў Нясвіжы 16 красавіка адбылася значная падзея ў жыцці Кандратовіча - ён абвянчаўся ў фарным касцёле з 16-гадовай Паўлінай Мітрашэўскай.

У 1844 годзе ў паэта з'яўляецца гутарка «Паштальён». Праз некалькі месяцаў гутарку надрукавалі, а праз чвэрць стагоддзя ёй наканавана было нарадзіцца яшчэ раз: «Пашталъён», перакладзены на рускую мову яраслаўскім паэтам Леанідам Трэфелевым і адаптаваны, стаў надзвычай папулярнай у Расіі песняй «Когда я на почте служил ямщиком…».

Когда я на почте служил ямщиком,

Был молод, имел я силенку,

И крепко же, братцы, в селенье одном

Любил я в ту пору девчонку.

Сначала не чуял я в девке беду,

Потом задурил не на шутку:

Куда ни поеду, куда ни пойду,

Все к милой сверну на минутку.

И любо оно, да покоя-то нет,

А сердце болит все сильнее.

Однажды дает мне начальник пакет:

«Свези, мол, на почту живее!»



У ціхім прынёманскім Залуччы з-пад пяра У. Сыракомлі выйшлі гутаркі «Дабрародны Ян Дэмбарог», «Хадыка» і шмат цудоўных вершаў, сярод якіх «Лірнік вясковы»

Мая ліра для спеваў, з чарадзейскага дрэва!

Мяне пояць слязою!

Праз цябе маю сілу, калі ж лягу ў магілу,

Будзеш славай маёю.

Эй, шырока па свеце твой адгук разнясецца,

Мае словы памножыць.

Яны з краю да краю пойдуць аж да Дунаю

Ці да Кіева, можа..

З твораў, напісаных У. Сыракомлем па-беларуску, да нас дайшлі толькі два – агітацыйны верш «Добрыя весьці» (1848, 1861) і вершаваная лірычная мініяцюра «Ужо птушкі пяюць ўсюды...» (1861).

Заходзіць сонца пагодняга лета,

Веіць вецер з заходніх нябёс.

– Здароў будзь, вецер з далёкага сьвета:

Добрыя ж весьці да нас ты прынёс!

– Здаровыя ж будзьце, эй, добрыя весьці!

Там, на Захадзе, праліваюць кроў,

Б'юцца для славы, свабоды і чэсьці

I робяць вольных людзей з мужыкоў.

Гудзяць вясёла і песьні, і танцы

У добрым жніве на шчасьлівы год.

Годзе вам, годзе, царыкі-паганцы,

Таптаць у балотах хрышчоны народ.

Годзе ж вам, годзе ў яснай карэце,

Годзе, чыноўнікі, езьдзіць у двор,

Годзе вам, годзе, мужыцкія дзеці,

З хаткі астаткі даваць на пабор.

I панская дзецка, і хамская юха

З аднэй кватэркі папіяюць мёд:

І прысягнулі навек, да абуха,

Быць сабе вольны і роўны народ.

Мужык і шляхціц засядзе на лаве,

Каб весьці раду а сваёй зямлі.

Як трэба думаць а грамадскай справе,

На адно мейсца, як браты, прыйшлі –

А як урадзім вайну на грамадзе

Бараніць дзеткі, і зямлю, і дом,

Мужык і шляхціц на каня ўсядзе

Касіць касою, рубаць тапаром!

Эй, згіне вораг, як Бог нам паможа

За нашу крыўду, за горкі наш жаль.

Запяём песьню: «Хваліць цябе, Божа!»

Лягчэй будзе сэрцу, як згіне маскаль.

Зямля ты наша, зямля ты сьвятая,

Радзі нам збожжа ды судзі пажаць, –

Не прыйдзе вораг з маскоўскага краю

На магазын наша зерне браць!

Ручыць рукою худоба ў хаце.

Паны мужыцкіх сьлёз не забяруць –

Мужык і шляхціц стаў за пане браце,

Рукі за рукі і грудзь за грудзь.

Пяром на карце, сахой на ніве

Адзін другому роўнасьць засьцярог.

Эй, у свабодзе зажывём шчасьліве,

Мы будзем дзеткі, а наш бацька – Бог!


Ужо птушкі пяюць ўсюды,

Ужо кветкі зацьвілі...

«Вясна прыйдзе», – кажуць людзі...

Ды скуль прыйдзе і калі?

І нашто ж вясна нам Божа?

Мы адвыклі ад вясны...

Елкі ў лесе, мох на стрэсе

Зелянеюць заўсягды...



Вядомасцъ Сыракомлі ў беларускім краі расла з кожнай публікацыяй. У Вільні ў1853 годзе ўбачыла свет гістарыка-краязнаўчая кніга «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах». Сярод сяброў былі мастак Адам Шэмеш, кампазітар Станіслаў Манюшка, пісьменнік Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч.

У 1854 годзе вядомы беларускі мастак Адам Шэмеш напісаў «Партрэт Людвіка Кандратовіча (Уладзіслава Сыракомлі)».

На партрэце літаратар паўстае натхнёным творцам і выбітным мысліцелем. Мабыць, у гэты час Сыракомля думае пра любыя сэрцу Беларусь і Літву, патрыётам якіх ён быў, чые правы на існаванне адстойваў тады, калі мала хто ўсур’ёз успрымаў Беларусь і Літву як асобныя краіны.

Шумная сталіца не магла задаволіць уражлівае сэрца паэта, і ён перабраўся ў фальварак Барэйкаўшчына, што на дарозе з Вільні на Ашмяны.

У кастрычніу 1856 года Сыракомля выехаў з Барэйкаўшчыны ў Варшаву, там ён прабыў амаль месяц. Сюды ён прывёз свае творы для сцэны - «Хатку ў лесе» і камедыю «Граф на ванторах».

Не ўсё складвалася ў паэта у Вільні. Яго літаратурныя прыхільнікі не маглі прымірыцца з каханнем Сыракомлі да Гелены Маеўскай, жонкі этнографа і гісторыка Адама Кіркора. Віленская публіка аб'явіла яму, хоць і не надоўга, сапраўдны байкот.

У 1858 годзе памірае бацька паэта, адбываецца ў жніўні апошняя сустрэча з Геленай Маеўскай у Варшаве. За дэмакратычныя погляды Сыракомля трапляе на шчыльны нагляд паліцыі. «Лірнік вясковы» ўпадае ў жорсткую дэпрэсію, якая цягнулася амаль да самай смерці.

Хворага на сухоты паэта арыштоўваюць, трымаюць каля месяца ў Віленскай турме. Пасля заканчэння следства яму дазволілі жыць пад наглядам паліцыі ў Барэйкаўшчыне, а пазней пераехаць на лячэнне ў Вільню.

15 верасня 1862 года трапяткое сэрца вясковага лірніка перастае біцца. На могілкі ў Роса ў Вільні прыйшло дзесяць тысяч людзей, шчырых прыхільнікаў таленту паэта.

Праз пяцьдзясят гадоў, у верасні 1912 года, каля памятнага каменя ў Барэйкаўшчыне Янка Купала прачытаў наступныя радкі:



Будзеш жыць! Будуць векi iсцi за вякамi, —

Не забудуцца дум тваiх словы,

Як i слоў беларускiх, жывучы мiж намi,

Не забыўся ты, лiрнiк вясковы.

Вялікі беларускі паэт прадвесціў незабыўнасць Сыракомлі на Беларусі, роўную яго незабыўнасці беларускага слова.

Уладзiслаў Сыракомля шырока вядомы ў славянскiм свеце як аўтар лiрычных вершаў i паэм, народных гутарак, гiсторыка-лiтаратурных даследаванняў, фальклорных прац i перакладаў з лацiнскай мовы. Сваё лiтаратурнае крэда пiсьменнiк выразна акрэслiў ў наступных радках:

Не я пяю - народ Божы

Даў мне ў песнi лад прыгожы,

Бо на сэрцы маю путы

I з народам iмi скуты.

З 1994 года існаваў куток у кабінеце беларускай мовы і літаратуры, прысвечаны творчасці У. Сыракомлі. Менавіта тады быў пакладзены пачатак збору і вывучэння матэрыялаў аб творчасці і жыццёваму шляху нашага земляка.

Да 180-гадовага юбілею паэта ў 2003 годзе ў нашай школе быў адкрыты музей «Лірнік вясковы».

Імя Сыракомлі добра вядома на Польшчы. Вывучаецца яго творчасць. Школа Беластоцкага ваяводства ў Міхалёве носіць імя У. Сыракомлі. Ужо шэсць гадоў мы падтрымліваем сувязь з настаўнікамі і вучнямі гэтай школы ў Польшчы, а таксама з прафесарам Гданьскага ўніверсітэта Геленай Глагоўскай праз перапіску. З 2012 года пачалася перапіска з праўнучкай У. Сыракомлі Браніславай Руткоўскай з Польшчы, Домам-музеем у Барэйкаўшчыне (Літва).

У нашым музеі знаходзіцца 232 экспанаты асноўнага фонду і 100 дапаможнага. Сярод іх ёсць каштоўныя экспанаты. Гэта мініяцюрны зборнік LIRA POLSKA 1882 года выдання выдадзеная Варшаўскім выдавецтвам Лесмана, том 1, у якім змешчаны на 148 старонках вершы розных паэтаў, у тым ліку і Уладзіслава Сыракомлі. Усіх было выдадзена 10 тамоў. А ў 1982 годзе праз 100 гадоў былі перавыдадзены гэтыя зборнікі, якія можна знайсці ў кніжных лаўках Варшавы.

Таксама хачу вам прадставіць літаграму малюнка Напалеона Орды ў натуральнай велічыні «Фальварк Смольгаў», зробленую ў цэнтральнай польскай бібліятэцы. Напалеон Орда намаляваў месца нараджэння Уладзіслава Сыракомлі.

У выніку рэалізацыі абласнога педагагічнага праекту ў 2014 годзе быў створаны віртуальны літаратурны музей У. Сыракомлі. Спасылка на яго маецца на сайце нашай установы адукацыі. Віртуальны літаратурны музей з’яўляецца візітнай карткай аднайменнага школьнага музея. Акрамя таго, на сайце размешчана панарама музея.

Усе экспазіцыі віртуальнага музея ілюстраваны фотаздымкамі. Тэкставая частка ўключае кароткую характарыстыку экспазіцый.

Тэксты віртуальнага музея складзены на дзвюх мовах: беларускай і рускай.

Віртуальны музей можа быць карысным для школьнікаў і педагогаў, музейных работнікаў і ўсіх, хто цікавіцца жыццём і творчасцю У. Сыракомлі.

Нягледзячы на тое, што наш зямляк пражыў усяго 39 гадоў, ён не адно пакаленне чытачоў здзіўляе сваей нястомнай творчасцю, выражанай праз лірычныя вершы i паэмы, народныя гутаркі і песні.

Мы з’яўляемся нашчадкамі творчасці У. Сыракомлі і ўсё зробім для таго, каб захаваць памяць аб нашым славутым земляку на доўгія гады.

Кожнаму, хто наведае наш музей, мы падарым нашы аўтарскія каляндарыкі, прысвечаныя нашаму знакамітаму земляку.

Каб любіць нашу Радзіму, трэба яе добра ведаць. Наша экскурсія скончылася, але краязнаўчая работа працягваецца. Ведаеце, Зямля, на якой мы жывём, – таямніца шматлікіх гістарычных знаходак. Шчыра запрашаю вас на Смольгаўшчыну. Прыязджайце да нас – і самі ўсё ўбачыце.



Дзякую за ўвагу!







Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал