Фалькларыстыка: даследчыя прыярытэты І перспектывы развіцця



Дата канвертавання19.06.2016
Памер98.68 Kb.
Швед Іна Анатольеўна

БрДУ, Брэст


ФАЛЬКЛАРЫСТЫКА: ДАСЛЕДЧЫЯ ПРЫЯРЫТЭТЫ І ПЕРСПЕКТЫВЫ РАЗВІЦЦЯ

Сёння не прыходзіцца даказваць неабходнасць глыбокага вывучэння заканамернасцей і асаблівасцей развіцця традыцыйнай духоўнай культуры ва ўсёй яе разнастайнасці, асэнсавання ролі і месца фальклору ў сучаснай сацыякультурнай сітуацыі. Фальклор і сёння працягвае сцвярджаць аксіялагічна высоказначныя сутнасці, многія яго формы не страчваюць сваю грамадска-рэгламентуючую скіраванасць, дапамагаюць пераадолець нігілістычна-разбуральныя пачаткі, “экзістэнцыйны неспакой”. Менавіта асяроддзе носьбітаў традыцыйнага фальклору – гэта тая крыніца, якая працягвае выносіць на паверхню самыя каштоўныя і трывалыя маральныя імператывы і ўплывае на форматворчасць сучаснай духоўнай эліты. Таму неабходна актыўна падтрымліваць набіраючую сілу тэндэнцыю звароту грамадства да духоўнага мінулага, усвядомленага выкарыстання напрацаванага папярэднімі пакаленнямі гісторыка-культурнага фонду ў працэсе вылучэння пэўных варыянтаў далейшага духоўнага развіцця. Разам з тым важна памятаць, што на функцыянаванне самога фальклору не могуць не ўздзейнічаць глабальныя трансфармацыі, якія апошнім часам адбываюцца ў культуры і якія вымагаюць складавання новых каштоўнасных сінтэзаў і адкрыцця новых сэнсажыццёвых гарызонтаў. Праблемы сучаснай фалькларыстыкі якраз і абумоўлены пэўным адставаннем даследчых прыярытэтаў ад тых інтэнсіўных змен, якія датычаць усіх аспектаў бытавання фальклору і яго кантэксту. Многае з таго, пра што пойдзе зараз гаворка, неаднойчы абмяроўвалася спецыялістамі розных краін.

Складанасць навуковага асэнсавання названых вышэй пытанняў звязана, у першую чаргу, з неадназначнасцю базавых паняццяў і тэрмінаў фалькларыстыкі. Шэраг яе раздзелаў у айчыннай ды замежнай навуцы да сённяшняга часу не атрымалі канчатковай распрацоўкі і застаюцца дыскусійнымі. Першая група праблем тычыцца прадмета гэтай дысцыпліны. Іх абазначаюць так: што такое фальклор, у чым яго спецыфіка? Што такое “традыцыйны” і, адпаведна, “сучасны” фальклор? Якія функцыі фальклору ў сучасным грамадстве? Якія суадносіны паміж фальклорам і масавай культурай? Што такое фальклорная традыцыя? Як яна развіваецца і функцыянуе? Якім чынам фальклор бытуе ў грамадстве? Што такое фальклорны твор, тэкст? Што такое фальклорны жанр? Якая сістэма фальклорных жанраў у наш час? Ці ўвогуле магчымае прымяненне традыцыйнага для літаратуразнаўства жанрававага падзелу ў адносінах да ўсіх формаў масавай славеснасці? Другая група праблем звязана з метадалогіяй навуковых дысцыплін, якія вывучаюць народную культуру. Няма адназначных адказаў на пытанні: што такое фалькларыстыка? Якія яе суадносіны з культурнай этнаграфіяй, філалогіяй? Што канкрэтна з’яўляецца прадметам фалькларыстыкі? На якія метады даследавання яна абапіраецца? Наколькі гэтыя метады адэкватныя сучасным фальклорным з’явам?

3 пачатку 1990-х гадоў ва ўсходнеславянскай фалькларыстыцы дыскутуюцца тры асноўныя пытанні. Па-першае, недастатковасць “філалагічнай” (у двух сэнсах: які карыстаецца эстэтычнымі крытэрыямі ацэнак і абапіраецца на вербальны код) трактоўкі фальклорнага тэксту. Такому разуменню проціпастаўляецца “антрапалагічная” трактоўка тэксту. Яна адсоўвае эстэтычны крытэрый на другі план і прымае больш шырокае паняцце вербальнага тэксту – не як “твора” (прадукту), а як камунікатыўнага акта, як “тэксту-паводзін”. Фальклор жа дэфініруецца як традыцыйны вусны спосаб чалавечай камунікацыі, першая натуральная мультымедыйная сфера ў гісторыі культуры (В. Гацак), як сама практыка ўзнаўлення сімвалічных формаў культуры. Калі на працягу многіх дзесяцігоддзяў цэнтрам увагі быў жанр, то сучаснымі даследчыкамі фальклор усё часцей слушна разглядаецца як з’ява традыцыйнай культуры, якая мае тры складаючыя: сістэма міфалагічных уяўленняў, сістэма абрадаў і сістэма жанраў. Трэба пагадзіцца з тымі вучонымі, якія да фальклору адносяць як вусную паэзію, так і абрады і самі міфалагічныя ўяўленні з імі звязаныя, бо фальклор – гэта і “дзейнасць” (працэс) і яе вынікі, і комплекс уяўленняў, адлюстраваных у фальклорных творах, і самі творы. У гэтым сэнсе фальклор тоесны традыцыйнай (народнай) духоўнай культуры. У першую чаргу да сферы фальклору, натуральна, належаць з’явы і факты традыцыйнай вербальнай духоўнай культуры, падкрэслю, ва ўсёй іх разнастайнасці. Большасць з вербальных тэкстаў пры гэтым магчыма правільна зразумець толькі ў сітуатыўным кантэксце ці шырэй, у межах карціны свету аднаго калектыву. Нездарма ў еўрапейскай фалькларыстыцы апошнім часам канцэпты жанр, тэкст, творчасць імкліва саступаюць месца паняццям практыка, вопыт, маўленчая дзейнасць.

Па-другое, сёння шырока абмяркоўваецца катэгорыя вуснасці як крытэрый прыналежнасці да фальклору, крытэрый, які са з’яўленнем рукапісных пасланняў, дзённікаў, альбомных вершаў, насценных графіці і г.д., быў слушна прызнаны недастатковым, а пры больш радыкальным поглядзе – увогуле неістотным.

Па-трэцяе, разглядаюцца межы і сучасны змест крытэрыю народнасці, апраўданасць прынятага абмежавання фалькларыстыкі з’явамі са сферы “народнага”, якое традыцыйна разумелася як “сялянскае”. Сёння, калі гарадскія субкультуры, папулярная культура хутка развіваюцца, выхад фалькларыстаў за межы сялянскай сферы звязаны з вывучэннем названых феноменаў. Маладаследаванае ці ў некаторых выпадках зусім недаследаванае поле айчыннай фалькларыстыкі складаюць гарадскія легенды, чуткі, студэнцкі, турысцкі, гандлёвы, салдацкі, крымінальны (блатны) фальклор, фальклор аўтамабілістаў, парашутыстаў, “кватэрная” міфалогія і магія і пад., а таксама ўзаемасувязі пісьмовых і вусных формаў фальклору розных сацыяльных страт грамадства – да прыкладу, школы, студэнтаў і арміі.

3 аднаго боку, лічыцца, што катэгорыя “народнасць” захавала сваё значэнне для фалькларыстыкі ў яе гістарычнай трактоўцы (“класічны” сялянскі фальклор, сабраны, да прыкладу, у шматтомным акадэмічным выданні “Беларуская народная творчасць”, нягледзячы на крытыку некаторых сучасных навукоўцаў, з’яўляецца самым значным набыткам ва ўсёй фальклорнай спадчыне беларусаў, прычым найбольш характэрным, протатыповым). З другога боку, “народнасць” у фалькларыстыцы разумеецца як тое, што належыць калектыву, грамадству, паўсядзённасці, што з’яўляецца папулярным, прынятым пэўным колам людзей. “Народнае” перастае трактавацца як сялянскае і таму, што вясковае насельніцтва перажывае культурную урбанізацыю. Сучасная фалькларыстыка не можа не лічыцца з тым, што сёння сялянскі соцыум захоўвае пэўныя элементы традыцыйнага фальклорнага рэпертуару, звязанага з абрадавай дзейнасцю, але ён робіць гэта на пачатках не строгіх традыцыйных прадпісанняў, а свабоднага выбару аднаго з многіх культурных варыянтаў. Характэрна, што традыцыйны вясковы фальклор сёння стаў аб’ектам інстытуалізацыі, у тым ліку праз розныя фальклорныя калектывы, якія захоўваюць лакальную культурную спадчыну як знак уласнай рэгіянальнай ідэнтычнасці. Атрымала таксама развіццё наіўная (сялянская) літаратура, якая прэтэндуе на даволі шырокае прызнанне і становіцца аб’ектам пільнай увагі спецыялістаў.

З канца XIX ст. многія вучоныя неаднаразова выказвалі тэзіс пра згасанне фальклору, які нібыта асуджаны на знікненне. Сапраўды, такая пагроза ў адносінах да шэрагу жанраў і відаў фальклору даволі рэальная ў сучасным свеце. Да прыкладу, надзвычай актуальнай з’яўляецца праблема захаванасці традыцыйнай музычнай культуры, якая, як і традыцыйны фальклор увогуле, здольная задаваць высокія духоўныя ўзоры. Але я пагаджаюся з тымі даследчыкамі, якія мяркуюць, што фальклор як з’ява культуры будзе суправаджаць чалавецтва на працягу ўсяго часу яго існавання. Трэба прызнаць факт таго, што са з’яўленнем новых сацыяльна-эканамічных і тэхналагічных умоў перыядычна адбываюцца кардынальныя зрухі ў фальклорных сістэмах (міфалагічныя ўяўленні, сістэмы абрадаў і жанраў), але сама якасць сістэм амаль не змяняецца. Так, нарадзілася новае персанажнае поле ўнутры сістэмы міфалагічных уяўленняў (апавяданні пра НЛА і энланаўтаў, турысцкія апавяданні пра Чорнага альпініста і Белага спелеалота, аповеды пра Снежнага чалавека, Барабашку і пад.). Гэтыя міфалагічныя вобразы, раней не ўключаныя фалькларыстамі ў сферу ўвагі, у канцы XX ст. сталі прадметам сур’ёзнага фалькларыстычнага даследавання (згадаем школу С.Ю. Няклюдава). Рэпрадуктыўнай, як паказваюць сучасныя даследаванні, аказваецца і абрадавая сістэма. Айчыннай фалькларыстыкай толькі распачынаецца глыбокае вывучэнне ініцыіруючых па сваёй сутнасці рытуалаў, якія будуюцца на архетыпах традыцыйных абрадаў (рытуалы, народжаныя ў асяроддзі турыстаў, таксістаў, зняволеных лагероў, салдат, футбольных фанатаў і г.д.).

Фалькларыстыка павінна ацэньваць і прагназаваць маштабы навацый не толькі ў рамках класічных фальклорных формаў, але і жанраў, якія ўзніклі ці развіліся ў XX ст. (палітычны анекдот, “садысцкія вершыкі”, школьныя парэміі тыпу “Адказ ля дошкі – рэпартаж з пятлёй на шыі” і г.д.). Разняволенне навукі прыводзіць да актывізацыі вывучэння эратычнай складаючай народнай культуры. Яшчэ адной тэндэнцыяй сучаснага этапу ў развіцці як беларускай, так і рускай, украінскай фалькларыстыкі з’яўляецца вяртанне ў навуку класічных жанраў, калісьці выключаных з яе поля зроку па ідэалагічных матывах: духоўныя вершы, хрысціянскія легенды, замовы і пад. Некаторыя з гэтых жанраў не страцілі сваёй актыўнасці і ў наш час. Так, у сучаснай культуры магія застаецца неад’емным элементам паўсядзённасці, высокім з’яўляецца і статус замоў (асабліва лекавых), адрозніваецца толькі ступень даверу замовам у залежнасці ад формаў іх бытавання. Распрацоўваюцца таксама праблемы народнага праваслаўя, што замоўчваліся ў савецкі час. Акрэсліваюцца розныя падыходы да вывучэння рэлігійнага фальклору: даследаванне асобных тэм, сюжэтаў, тыпаў вобразаў, фальклору розных канфесійных груп, рэгіёнаў, рэлігійнай прозы, звязанай з прыроднымі і культурнымі аб’ектамі, якія шануюцца як святыя, і інш. На першы план выводзіцца праблематыка, звязаная з узаемаўплывам фальклорнай і кніжнай традыцый, з рэцэпцыяй кніжных сюжэтаў у народнай культуры, з захаваннем архаічнай спадчыны ў рамках хрысціянскай культурнай парадыгмы, з адаптацыяй іншакультурных элементаў у “сваёй” фальклорнай традыцыі. У сувязі з гэтым акталізуюцца праблемы рэканструкцыі міфалагічнай карціны свету на матэрыяле “жывой архаікі”, у тым ліку яе рудыментарных формаў у тыпалагічна больш позніх традыцыях, а таксама помнікаў мастацтва. Важным пры гэтым з’яўляецца размежаванне тых элементаў рэканструяванай міфалагічнай карціны свету, якія ўзыходзяць да гістарычнай старажытнасці, і тых, што паходзяць з неаўтахтонных крыніц, у прыватнасці з сусветных рэлігій. Нельга не падкрэсліць таксама значнасці таго, што айчыннымі і замежнымі фалькларыстамі перавыдаюцца паўзабытыя даследаванні і зборы фальклору, выяўляюцца фальсіфікацыі і містыфікацыі.

Можна канстатаваць, што актуальнымі праблемамі сучаснай фалькларыстыкі з’яўляюцца: вербальны фальклор, яго склад і структура; сучасная міфалогія і сучасны фальклор, формы “нізавой” славеснасці; міжэтнічныя камунікацыі і фальклор; абрад, народная рэлігія; “ніжэйшая” міфалогія, народныя вераванні і дэманалагічныя апавяданні; дзіцячы фальклор; праблемы і метады гістарычных рэканструкцый у фалькларыстыцы; гістарычная памяць у фальклоры; геаграфія фальклорных фактаў і фальклорныя дыялекты; сістэматызацыя фальклорных фактаў; праблемы генеральных і дапаможных фальклорных указальнікаў; мова фальклору, стылістыка фальклорнага тэксту; фальклор і кніжнасць, праблемы фалькларызму мастацтва; метады і методыкі вывучэння вусных традыцый; семіётыка фальклору; фальклор і этналогія, фальклор і міжэтнічныя працэсы; фальклор замкнёных рэлігійных супольнасцей; фальклор і сродкі масавай інфармацыі; сістэматызацыя і класіфікацыя твораў фальклорных твораў, іх сюжэтаў і матываў, складанне структурных указальнікаў і іх камп’ютэрных версій; развіццё музычнага фальклору ў вёсцы і горадзе; дзейнасць устаноў адукацыі па рэканструкцыі, адраджэнню і актуалізацыі фальклору. Гэтыя праблемы распрацоўваюцца ў артыкулах і манаграфіях фалькларыстаў Беларусі і іншых славянскіх краін, выносяцца на абмеркаванне на міжнародных канферэнцыях і кангрэсах, у прыватнасці на Першым і Другім Усерасійскіх кангрэсах фалькларыстаў у Маскве [1]. Распрацоўка на аснове новых падыходаў пералічаных і іншых пытанняў змяшчае ў сабе вялікі патэнцыял, які дапаможа навуцы пра “жывую старажытнасць” і бытаванне сучасных фальклорных форм раскрыць новыя грані.

Сучасная фалькларыстыка ва ўмовах пашыранага разумення фальклорнага тэксту (тэкстам-мінімумам у фальклоры слушна лічыцца парэміялагічная форма (прыказка, загадка, закляцце), а тэкстам-максімумам (ці гіпертэкстам) – абрад, які складаецца з шэрагу аўтаномных славесна-акцыянальных элементаў і можа працягвацца нават некалькі дзён, як да прыкладу, вяселле ці пахаванне) для паспяховага вырашэння ўласных задач дапаўняе свае метады прымяненнем метадаў сумежных навук. Структурнае і змястоўнае ўскладненне ракурсаў вывучэння тэксту, пашырэнне яго рэпрэзентацый у сучаснай культурнай прасторы патрабуе актыўнага мадыфікаванага выкарыстання тэарэтычных схем і катэгорый этнаграфіі, гісторыі, лінгвістыкі, мастацтвазнаўства, семіётыкі, педагогікі, псіхалогіі, сацыялогіі, этыкі, візуальнай антрапалогіі і іншых навук. Да прыкладу, у фалькларыстычнай літаратуры сталі звыклымі паняцці “структура”, “мадэль”, “карціна свету”, “сістэма”, “код”, “сімвал”, “камунікацыя”, “тэкст”, “кантэкст”. Перанесеныя з тэорыі інфармацыі, тэорыі сістэм, семіётыкі і інш., гэтыя тэрміны з’яўляюцца элементамі спецыфічнага навуковага апарату. Пры вывучэнні сучаснага фальклору спецыялісты выкарыстоўваюць набыткі канкрэтна-сацыялагічных даследаванняў. “Антрапалагізацыя” фалькларыстыкі дазваляе правесці ўсебаковы аналіз фальклору як цэласнай гісторыка-культурнай з’явы, комплексна вывучыць працэсы, якія адбываюцца ў традыцыйнай культуры ў сувязі з эканамічнымі, палітычнымі, тэхналагічнымі і іншымі зменамі ў жыцці грамадства. Міждысцыплінарнасць пры гэтым трэба разумець як арганічнае аб’яднанне метадаў розных навук, якія вывучаюць фальклор, на аснове сфарміраваных памежных інтарэсаў. Безумоўна, прынцып метадалагічнага сінтэзу павінен закладвацца ўжо на стадыі распрацоўкі спецыяльных праграм збору матэрыялу: міждысцыплінарнае даследаванне становіцца ўсвядомленай задачай, вырашэнне якой патрабуе пэўных навукова-арганізацыйных дзеянняў. Удалым прыкладам рэалізацыі міждысцыплінарнага падыходу могуць быць вядомая даследніцкая праграма акадэміка М.І. Талстога (пры вывучэнні фальклору Палесся) і даследаванні па тэме Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры “Сучасны стан традыцыйнай мастацкай культуры беларусаў: даследаванне і практыка”.

У заключэнне адзначым, што перспектывы сучаснай фалькларыстыкі звязаны з павышэннем узроўню тэарэтыка-метадалагічнай рэфлексіі на аснове ўсведамлення інтэгральнасці народнай традыцыі, уключанасці яе ў новую культурную прастору (дзе фальклорны факт набывае новыя сацыяльныя і культурныя характарыстыкі), арыентацыі фалькларыстыкі на “суб’екта культуры”, на непасрэдны кантэкст выканання і рэцэпцыі фальклорных тэкстаў, а таксама ўключэння самой дысцыпліны ў агульнанавуковую парадыгму культурнай антрапалогіі пры захаванні свайго безумоўнага значэння. Сярод асноўных задач фалькларыстыкі – практычна значны аналіз фальклору сучаснасці, вызначэнне духоўна-творчага патэнцыялу народнай традыцыі, актывізацыя цікавасці грамадзян да традыцыйнай культуры і разам з тым процістаянне яе прафанацыі.



Літаратура

  1. Первый Всероссийский конгресс фольклористов : Сборник докладов в 4 т. / отв. ред. А. С. Каргин. – М. : ГРЦРФ, 2005–2007. – Т. 1–4.

Каталог: bitstream -> 123456789 -> 36223
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал