Г. Я. Каданчык, Н. А. Глушакова нацыянальна-культурная спадчына



Дата канвертавання15.05.2016
Памер117.72 Kb.
ВЕСТНИК БЕЛОРУССКОЙ ГОСУДАРСТВЕННОЙ СЕЛЬСКОХОЗЯЙСТВЕННОЙ

АКАДЕМИИ №2 2010




ИННОВАЦИОННЫЕ ОБРАЗОВАТЕЛЬНЫЕ ТЕХНОЛОГИИ

УДК 173-398.


Г.Я. Каданчык, Н.А. Глушакова
НАЦЫЯНАЛЬНА-КУЛЬТУРНАЯ СПАДЧЫНА

Ў КАНТЭКСЦЕ ІНАВАЦЫЙНЫХ ТЭХНАЛОГІЙ НАВУЧАННЯ
(з вопыту работы кафедры гісторыі і культуралогіі БДСГА)
(Поступила в редакцию 07.06.10)


Укараненне інавацыйных тэхналогій навучання зарыентавана на ўсебаковае павышэнне якасці. Паказчыкамі якасці маладога спецыяліста выступаюць яго прафесійная падрыхтоўка і агульнакультурны ўзровень у спалучэнні з патрыятызмам і грамадзянскасцю. Кафедра зыходзіць з таго, што веданне нацыянальнай культуры з’яўляецца важным фактарам нацыянальна-дзяржаўнай самаідэнтыфікацыі маладога спецыяліста, яго самапазнання і самавызначэння як асобы. Абагульняецца вопыт кафедры ў выкарыстанні новых форм і методык вывучэння гісторыка-культуралагічных дысцыплін.

Implementation of innovative teaching technologies suggests comprehensive improvement of quality. Indicators of qualification of a young specialist are his professional training and general cultural level combined with patriotism. The department works on the principle that knowledge of national culture is an important factor of national self-identification of a young specialist, his self-awareness as a personality. We have generalized the experienced obtained at the department in the sphere of usage of new forms and methods of teaching historical-culturological subjects.

Дынамічнае развіццё сучаснага свету патрабуе ад сістэмы нацыянальнай адукацыі адпаведнага рэагавання, паколькі на гэтым шляху наша краіна можа ажыццявіць навукова-тэхналагічны прарыў і забяспечыць годнае месца ў еўрапейскай і сусветнай супольнасці. Асноўнай творчай сілай на кожным этапе ажыццяўлення гэтай задачы ёсць і будуць высокаадукаваныя кадры, якія пастаянна папаўняюцца маладымі выпускнікамі ВНУ. Менавіта для поўнага раскрыцця творчага патэнцыялу беларускага студэнцтва мы абавязаны стварыць неабходныя ўмовы ў навучальнай установе.

На сучасным этапе асноўная ідэя канцэпцыі адукацыі фарміруецца ў кантэксце інавацыйных камп’ютэрных тэхналогій і сучасных сродкаў камунікацыі. Безумоўна, установы вышэйшай адукацыі павінны праводзіць адпаведную перабудову навучальнага прцэсу. Турбуе адно: каб у справе падрыхтоўкі спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі не быў пакінуты па-за ўвагай яе гуманітарны складнік. Па нашым глыбокiм перакананнi, гуманітарызацыя і гуманізацыя вучэбнай работы не перастае быць актуальнай і ў сучасным разуменні інавацыйных тэхналогій навучання.

Так, у Пасланні кіраўніка дзяржавы беларускаму народу і парламенту, з якім А.Р. Лукашэнка звярнуўся 20 красавіка 2010 г., Прэзідэнт нагадаў, што бягучы год аб’яўлены Годам якасці. Пры гэтым ён падкрэсліў, што змест гэтага імператыву больш глыбокі, чым здаецца на першы погляд. «Сёння мала адміністрацыйнымі метадамі забяспечыць якасны выраб прадукцыі. Неабходна фарміраваць агульную культуру якасці ў краіне. Выхоўваць у нашых людзей устойлівае жаданне якасна жыць, працаваць, вучыцца, выконваць ускладзеныя на іх абавязкі» (выдзелена намі – Г.К., Н.Г.) [1, с. 1]. Зразумела, што для дасягнення гэтай мэты перад педагогамі паўстае задача знайсці тыя сродкі, якія б дапамаглі сфарміраваць у нашых навучэнцаў якасці патрыёта і грамадзяніна.

На наш погляд, станоўчы вопыт у распрацоўцы сучасных формаў навучальнай і выхаваўчай працы са студэнцкай моладдзю назапашаны на кафедры гісторыі і культуралогіі БДСГА. У пошуках сацыяльных і культурных арыенціраў у духоўным развіцці маладой асобы мы ў адпаведнасці з праграмай культурна-азнаямленчай практыкі студэнтаў звярнуліся да пашырэння ў навучальным працэсе ролі і месца культурнай спадчыны беларускага народа. Беларусы маюць сваю, выключна багатую гісторыю і традыцыйную культуру. Менавіта гісторыя і культура заўсёды дапамагалі беларусам захаваць сваё нацыянальнае аблічча ў мінулым і ажыццяўляюць зараз жыватворную сувязь паміж старэйшым пакаленнем, якое выступае знаўцам і носьбітам традыцыйнай культуры, і новымі пакаленнямі.

Закранаючы ў Пасланні тэму культуры, Прэзідэнт адзначыў, што «беларуская культура з’яўляецца неад’емнай часткай дзяржаўнага суверэнітэту. Яна дапамагае адчуваць сябе адзіным, унікальным, самабытным народам, з’яўляецца свайго рода вакцынай супраць вірусаў духоўнай дэградацыі. Замацаваныя ў ёй маральныя ўстаноўкі, мадэлі паводзінаў вызначаюць паспяховае развіццё асобы і народа ў цэлым» [1, с. 2].

Магутнае ўздзеянне нацыянальнай культуры на развіццё грамадства тлумачыцца тым, што традыцыі кожнага народа складваюцца вякамі, нават тысячагоддзямі, і перадаюцца з пакалення ў пакаленне як неад’емная частка менталітэту народа, як яго найдаражэйшая спадчына. На гэтай спадчыне і павінен выхоўвацца духоўны густ сучаснай моладзі.

Як вядома, нашы продкі са старажытных часоў былі земляробамі. Большасць беларускіх народных абрадаў маюць вельмі даўняе паходжанне. Іх асаблівасцю з’яўляецца перапляценне ў іх аграрна-бытавых, язычніцкіх і хрысціянскіх элементаў. Паколькі ва ўмовах урбанізацыі традыцыйная культура ў побыце беларускага народа пераважна бытуе якраз на вёсцы, то для навучальнага і выхаваўчага працэсу ў акадэміі гэта мае не толькі чыста гістарычны аспект. На наш погляд, для пашырэння ў студэнтаў сельскагаспадарчай навучальнай установы ўяўлення аб беларускай мінуўшчыне і ўсвядамлення сваёй адказнасці за лёс і будучыню роднай зямлі могуць дапамагчы веды аб самабытных традыцыях, звычаях і святах нашых продкаў. З гэтага вынікаюць тыя формы працы з навучэнцамі, якія замацаваліся на кафедры на працягу двух апошніх дзесяцігоддзяў. Яны складваліся з улікам адметнасці акадэміі, прафесійная падрыхтоўка ў якой у пераважнай большасці звязана з сельскай гаспадаркай, а таксама з улікам складу студэнтаў, многія з якіх самі з’яўляюцца выхадцамі з вёсак, а пераважна там, як вядома, яшчэ захавалася народная традыцыйная культура.

Характэрна, што імкненне выкладчыкаў зрабіць навучальны працэс больш цікавым і змястоўным абапіралася на ўлік думак і адносінаў да гэтага саміх студэнтаў. Не будзе перабольшваннем сказаць, што новыя формы працы складваліся ў цесным супрацоўніцтве са студэнтамі, пры іх актыўнай падтрымцы і непасрэдным удзеле. Гэта асабліва праявілася тады, калі на базе вывучэння тэарэтычнага матэрыялу выкладчыкі разам са студэнтамі актыўна ўзяліся за адраджэнне народнай спадчыны. Заканамерным вынікам гэтага сталі разнастайныя конкурсы беларускіх святаў і абрадаў: «Незабытая спадчына», «З бабулінага куфэрка», «Хто ў хаце гаспадар?», «Са скарбніцы народнай», «Беларускія калядкі» і іншыя. Устойлівая цікавасць да іх і жаданне ўдзельнічаць, творчая ініцыятыва саміх студэнтаў пры падрыхтоўцы і правядзенні сведчаць аб значнай навучальнай ролі і выхаваўчым патэнцыяле такіх форм. Напрыклад, конкурс, прысвечаны беларускай народнай кухні «Смачна есці – доўга жыць», настолькі заваяваў вядомасць, што звесткі аб ім апярэджваюць сам прадмет. Ён заўсёды ператвараецца ў сапраўднае прыгожае святочнае відовішча, якое застаецца ў памяці яго ўдзельнікаў. Аб гэтым сведчаць водгукі выпускнікоў акадэміі, якія часам прыязджаюць на сустрэчы аднакурснікаў. Студэнты розных выпускаў захоўваюць зробленыя імі відэазапісы.

У апошнія гады на факультэтах, дзе яшчэ захавалі выкладанне курса культуралогіі, набылі папулярнасць «Беларускія калядкі». Непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні гэтага конкурсу кожнай студэнцкай групы дае магчымасць студэнтам на прыкладзе найбольш вядомых і распаўсюджаных рытуалаў, павер’яў і іншых абрадавых кампанентаў каляндарнай і сямейнай абраднасці пашырыць сваё ўяўленне аб нашай мінуўшчыне, аб культурных традцыях продкаў, вызначыць сэнс і сутнасць абранага рытуала, ахарактарызаваць галоўныя этапы яго развіцця і сучаснага існавання.

У час конкурсу вялікае кола студэнтаў далучаецца да беларускіх песень, карагодаў, гульняў, танцаў. Калі гучаць старадаўнія песні, дастаюцца з куфэркаў бабуль прыгожыя рушнікі і посцілкі, апранаюцца народныя строі – ствараецца асаблівы эмацыйны настрой. Ён ахоплівае не толькі ўдзельнікаў, але і гасцей, якія заўсёды прыходзяць на конкурсы. Пра зацікаўленасць студэнтаў сведчыць і той факт, што, калі адбываецца свята, студэнты старэйшых курсаў, якія ў свой час таксама яго рыхтавалі, аказваюць дапамогу малодшым сваімі парадамі, дзеляцца вопытам. Гэта сведчыць аб пераемнасці традыцыі, якая мае вялікае выхаваўчае значэнне, спрыяе дабразычлівай атмасферы свята, што заўсёды была ўласціва традыцыйнаму беларускаму менталітэту.

Са слоў навучэнцаў, удзел у конкурсах паспрыяў згуртаванню студэнцай групы (а гэта асабліва важны фактар адаптацыі на першым курсе), фарміраванню адносінаў узаемадапамогі, павагі і гонару да здабыткаў народнай культуры. Праз падрыхтоўку святаў з беларускага народнага каляндара, праз работу над сцэнарным матэрыялам, аздабленне і ўпрыгожванне стала з прыгатаванымі ўласнымі рукамі стравамі беларускай кухні адбываецца не проста знаёмства нашых навучэнцаў з традыцыямі і звычаямі продкаў, але і далучэнне да скарбніцы народнага вопыту – здаровага ладу жыцця, які быў уласцівы для нашага народа.

Мы ўпэўнены, што цікавасць студэнцкай моладзі да народных традыцый ў працэсе конкурсаў не абмяжоўваецца толькі гэтымі мерапрыемствамі. Апытанні студэнтаў сведчаць аб абуджэнні пачуцця гонару за наш народ, за сваю краіну, аб жаданні самастойна пазнаёміцца з цудоўнымі куткамі нашай радзімы, яе гісторыка-культурнай спадчынай.

Такім чынам, асноўныя мэты падобных конкурсаў заключаюцца як у раскрыцці этнакультурнай самабытнасці нашага народа, так і ў дапамозе студэнтам у самапазнанні, ва ўсведамленні сябе грамадзянамі і патрыётамі сваёй бацькаўшчыны, адказнымі за яе лёс і будучыню.

Кожны год выпускнікі акадэміі папаўняюць шэрагі сельскай інтэлігенцыі. На сваім месцы працы, акрамя праяўлення ўзроўню сваёй прафесійнай падрыхтоўкі, яны могуць быць і актыўнымі носьбітамі сучаснай беларускай культуры, якая непарыўна звязана з традыцыйнымі каштоўнасцямі беларусаў. Таму навучальная ўстанова павінна прыкладаць значныя намаганні, каб яе выпускнікі былі культурнымі спецыялістамі.

На шляху павышэння эфектыўнасці навучальна-выхаваўчага працэсу кафедра выкарыстоўвае іншыя формы пазааўдыторнай працы. Вопыт сведчыць, што студэнты ахвотна адклікаюцца на паглыбленне сваіх ведаў па культуралогіі і за межамі планавых заняткаў. Але актыўнасць студэнтаў у гэтым напрамку залежыць ад прафесійнага і метадычнага ўзроўню выкладчыка, яго здольнасці і асабістай настойлівасці абудзіць цікавасць сваіх навучэнцаў да ўспрыняцця культурных каштоўнасцяў народа, адчуць сябе спадкаемцамі і прадаўжальнікамі яго багатай культуры, а таксама адказнасць за лёс і будучыню Беларусі.

Якраз на гэта накіравана праца навуковага студэнцкага гуртка «Спадчына» (навуковы кіраўнік – кандыдат філасофскіх навук, дацэнт Г.Я. Каданчык), які ўжо каля двух дзесяцігоддзяў дзейнічае на кафедры. Спачатку ён быў арыентаваны на паглыбленне ведаў па праблемах сусветнай культуры. Потым акцэнт быў зроблены на беларускую культуру. Апошнія два гады гурток «Спадчына» займаецца вывучэннем традыцыйнай культуры беларусаў. Яго праграмным стрыжнем з’яўляецца накіраванасць удзельнікаў на ўсведамленне сябе носьбітамі культурнай традыцыі роднай зямлі. У пэўным сэнсе, штуршок актывізацыі працы ў гэтым напрамку дало абвяшчэнне 2010 года на Беларусі Годам роднай зямлі.

Адметная рыса гуртка ў тым, што на першы план ставіцца самастойная і практычная праца студэнтаў. Кіраўнік жа бачыць сваю першачарговую задачу ў тым, каб абудзіць жаданне гурткоўца самому разабрацца ў разнастайных пытаннях народнай культуры і выявіць яе каштоўнасць для сучаснікаў. Разам з кіраўніком студэнты шукаюць спосабы зрабіць сумесную працу больш цікавай і плённай. Дзеля гэтага сярод удзельнікаў «Спадчыны» праводзіцца анкетаванне, выбіраецца рада гуртка, якая разам з выкладчыкам складае план працы з улікам выказаных прапаноў.

Адзін з галоўных прынцыпаў дзейнасці гуртка – знаёмства з народнай культурай праз мясцовы матэрыял. Маецца на ўвазе шырокае выкарыстанне магчымасцяў горацкага раённага Дома рамёстваў, школы рамёстваў і краязнаўчага музея, на базе якога, дарэчы, з 2007 года дзейнічае філіал кафедры, а таксама знаёмства з дзейнасцю аматарскіх аб’яднанняў і з творчасцю таленавітых народных майстроў. Бо добра, калі ёсць магчымасць не толькі пабываць на выставе, але і патрымаць потым убачаныя рэчы ў руках, паслухаць аповяд пра адраджэнне мастацкіх рамёстваў у Горках і раёне ад саміх выдатных майстроў, чые высокамастацкія вырабы вядомы нават за межамі рэспублікі.

Такія кантакты з непасрэднымі стваральнікамі культурных каштоўнасцяў заўсёды ўражваюць моладзь. Яны пакідаюць эмацыйны след, набліжаюць да канкрэтных праяў традыцыйнай культуры, замацоўваюць повязь часоў. Больш таго, гурткоўцы з натхненнем удзельнічаюць у майстар-класах па саломапляценню і лозапляценню, выцінанцы, шапавальству і іншых. Заўважана, што асаблівую пазнавальнасць і ўзнёслы настрой надае такім заняткам непасрэны ўдзел студэнтаў у творчым працэсе, калі ёсць магчымасць пад кіраўніцтвам народнага майстра паспрабаваць зрабіць нейкую рэч сваімі рукамі.

Станоўчым фактарам з’яўляецца аб’яднанне ў гуртку студэнтаў з розных куткоў Беларусі. Некаторыя прыйшлі ў ВНУ з глыбінкі, дзе яшчэ не страчана самабытнасць, захаваны фальклорныя, этнаграфічныя і іншыя асаблівасці. Такія студэнты звязаны з адметнасцямі народнай культуры з маленства, а не проста спасцігаюць гатовыя кніжныя веды. Таму кіраўнік гуртка вядзе мэтанакіраваны пошук такіх формаў, каб гэтая адметнасць культурнай прасторы спрыяла пачуццю любові да роднага краю і ўплывала на фарміраванне ў навучэнцаў патрыятызму і грамадзянскасці. Гэтаму садзейнічае ўдзел гурткоўцаў у зборы этнаграфічных матэрыялаў і выкананні творчых індывідальных заданняў па тэме «Традыцыйная культура і мая сям’я». Найбольш цікавыя работы потым дэманструюцца на выставе, а па выніках конкурсу праводзіцца канферэнцыя «Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына». Яна дапамагае бачыць новае і цікавае ў даўно знаёмым.

Істотным момантам працы гуртка з’яўляецца яго навуковая накіраванасць. Адлюстроўваецца гэта ў матэрыялах, якія ўдзельнікі гуртка прадстаўляюць на раённыя і міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі і семінары. Так, за мінулы 2008/2009 навучальны год было апублікавана 12 артыкулаў, падрыхтаваных гурткоўцамі. У бягучым годзе гэтая лічба ўзрасла больш чым удвая. Тым самым ствараецца матывацыя як да паглыблення ведаў па культуралогіі, так і для набыцця вопыту самастойнага навуковага даследавання.

Варта адзначыць, што істотным момантам у павышэнні выхаваўчага патэнцыялу навучання з’яўляецца праца кафедры па стварэнні беларускай культурнай прасторы ў памяшканнях, дзе праводзяцца аўдыторныя заняткі са студэнтамі. З дапамогай навучэнцаў выкладчыкі займаліся зборам і вывучэннем рэчаў з традыцыйнага народнага побыту і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва беларусаў. Гэта праца знайшла жывы водгук у моладзі, якая прыняла самы актыўны ўдзел у пошуках экспанатаў. І хаця беларуская культура вельмі шмат страціла за вякі сваёй нялёгкай гісторыі, тым не менш амаль кожны куток Беларусі яшчэ не згубіў матэрыяльных адзнак самабытнасці і непаўторнасці народнай кульуры.

Падчас пошуку і збору экспанатаў, размаўляючы з людзьмі значна старэйшага ўзросту, трымаючы ў руках разнастайныя рэчы народнага побыту, часам сваіх непасрэдных продкаў – дзядоў і прадзедаў, –студэнты змаглі па-новаму ўспрыняць народную спадчыну, адчуць сваю адметнасць, этнакультурную самабытнасць беларусаў. У выніку была рэалізавана асноўная ідэя канцэпцыі афармлення шэрагу вучэбных аўдыторый – дапоўніць новую і цікавую форму навучання і выхавання візуальным суправаджэннем непасрэдна на працоўным (вучэбным) месцы.

Пры зборы прадметаў матэрыяльнай культуры мы імкнуліся адбіраць найбольш тыповыя прылады працы, прадметы побыту, узоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Найбольш каштоўнымі экспанатамі сталі самыя старажытныя рэчы, якія патрабуюць асаблівай увагі, магчыма, рэстаўрацыі. Мы ставім на мэце збіраць прадметы комплексна, гэта значыць, усё, што тычыцца пэўнага працэсу: ткацтва, убранства жылля, адзення, прылады працы і прыстасаванні для сельскагаспадарчых работ, кухонны посуд для гатавання і захоўвання ежы і прадуктаў, дэкаратыўная кераміка для аздаблення інтэр’еру, плеценыя вырабы і інш. Дзякуючы такому падыходу мы здолелі ў адной аўдыторыі аформіць цікавую экспазіцыю сялянскага побыту, а ў другой – выставіць камплекты адзення і вырабаў мастацкіх рамёстваў.

Менавіта для пашырэння ўяўленняў навучэнцаў аб беларускай мінуўшчыне, аб культурных традыцыях народа і былі створаны гэтыя аўдыторыі. Зараз яны выкарыстоўваюцца не толькі для правядзення заняткаў. Тут працуе гурток «Спадчына», праводзяцца алімпіяды і канферэнцыі па гісторыка-культурнай тэматыцы, праходзяць сустрэчы з народнымі майстрамі горацкага края, мерапрыемствы для замежных студэнтаў. Па словах студэнтаў і наведвальнікаў, гэта стварае атмасферу набліжэння да мінулага і сувязі з ім. Невыпадкова вопыт працы кафедры быў заслуханы на абласным семінары 15 красавіка 2010 года, тэмай якога было патрыятычнае выхаванне моладзі. Семінар праходзіў на базе акадэміі, а яго заключная частка, згодна з пажаданнямі удзельнікаў, адбылася ў аўдыторыі №1650 у інтэр’еры беларускай сялянскай хаты.



Такім чынам, назапашаны на кафедры вопыт сведчыць аб неабходнасці уважліва падыходзіць да ўліку месца і ролі гісторыка-культуралагічных дысцыплін пры распрацоўцы сучасных вучэбных праграм і планаў, навучальных і выхаваўчых методык. Мы лічым, што ў гэтым працэсе трэба зыходзіць з таго, што гісторыка-культуралагічная кампанента не толькі не пярэчыць новаму, а вызначае паспяховае развіццё асобы і народа ў цэлым, дапамагае навучэнцам знайсці сапраўдныя духоўныя арыенціры. Як падкрэсліў Прэзідэнт краіны, дзяржава чакае ад культуры «…асцярожнай і карпатлівай працы па захаванні нашай спадчыны» [1, с. 2]. І хто, як не моладзь, праз сістэму адукацыі і асабісты ўдзел у яе захаванні павінна ўспрыняць сама гэтую багатую спадчыну і стаць яе ахоўнікам у час сваёй працоўнай дзейнасці на самых розных пасадах гаспадарчага, культурнага і палітычнага характару.
Літаратура
1. Лукашэнка, А.Р. Мы павінны дасягнуць у самай блізкай перспектыве еўрапейскага ўзроўню і якасці жыцця (Пераказ Паслання беларускаму народу і парламенту) / А.Р. Лукашэнка // Звязда. 21 красавіка 2010 г.




Каталог: vestnik2010-2


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал