Гарганцюа і Пантагруэль (La vie très horrifique du grand Gargantua, père de Pantagruel)



старонка2/4
Дата канвертавання17.06.2016
Памер0.55 Mb.
1   2   3   4

Раздзел XXVІІ

Пра тое, як адзін манах з Сэе ўратаваў манастырскі сад ад варожага разграблення
Гэтак шалеючы ды лютуючы, грабячы ды рабуючы, дабраліся яны да Сэе, дзе пачалі абдзіраць ды абабіраць мужчын і жанчын і хапаць усё, што траплялася пад руку: нічога яны не цураліся і нічым не грэбавалі. І нават не зважаючы, што ў большасці дамоў панавала чума, яны ламаліся ва ўсе дзверы, выносілі ўсё, што знаходзілі, і пры гэтым ніхто з іх не заразіўся. А гэта ўжо само па сабе выпадак найдзівоснейшы, бо святары, вікарыі і прапаведнікі, хірургі, лекары ды аптэкары, якія лячылі, перавязвалі, наведвалі, спавядалі і настаўлялі хворых, усе як адзін заразіліся і загавелі душой. З чаго б гэта магло быць, панове? А вы падумайце, калі ласка.
Разрабаваўшы такім чынам мястэчка, войска з жудасным грукатам рушыла да манастыра, але манастыр аказаўся з усіх бакоў зачынены на замкі ды запоры, і таму галоўныя сілы выступілі далей, да Вэдскага броду, а сем дружынаў пяхоты і дзвесце коннікаў з дзідамі засталіся, каб праламаць манастырскія муры ды, залезшы ў сад, спляжыць усе вінаграднікі.
Нябогі манахі не ведалі, якому святому маліцца. На ўсякі выпадак яны пачалі званіць ad capіtulum capіtulantes1. На сходзе было вырашана наладзіць урачыстую працэсію, прыправіўшы яе чароўнымі песнапеннямі ды літаннямі contra hostіum іnsіdіas2, а таксама чытаннем біблейскіх выслоўяў pro pace3.
Быў на той час у манастыры адзін манах, празываны братчык Жан Бікрышы, чалавек малады, абыходлівы, жыццярадасны, спрытны, адважны, бясстрашны, рашучы, высокі, хударлявы, не абдзелены глоткаю, не пакрыўджаны носам, майстар адсмаліць імшу, адчасаць ютрань ды адшпарыць нешпар — адным словам, самы сапраўдны манах, якога бачыў свет з той пары, як пачаў па-манаску манахамі абманашвацца. А яшчэ дадамо, што кантычку ён ведаў усю як ёсць назубок.
І вось, калі гэты самы манах пачуў шум, які чынілі ў манастырскім садзе ворагі, і выйшаў паглядзець, што ж там такое, ён убачыў, што злодзеі абдзіраюць вінаград, ад якога залежыць увесь гадавы манастырскі запас віна. Тады ён што было духу паляцеў назад да касцёла і заспеў там астатніх манахаў, якія, вылупіўшы вочы як бараны на біблію, цягнулі:
— Іnі nіm, pe, ne, ne, ne, ne, ne, ne, tum, ne, num, num, іnі, і, mі, і, mі, co, o, ne, no, o, o, ne, no, ne, no, no, no, rum, ne, num, num!..4


  • Божа праведны, як чароўна яны пяюць — што сабакі выюць! — сказаў ён. — А чаму б вам лепей не заспяваць:

Кашы, бывайце, збор мінуўся...


Бо каб мяне чэрці кармілі-паілі, калі яны ўжо не ўлезлі ў наш сад і не рэжуць вінаград разам з лозамі! Дык гэтак жа мы, не давядзі свет, яшчэ чатыры гады за імі адны рэшткі падбіраць будзем! А бадай ты бадай, што ж мы, нябогі, увесь гэты час будзем піць? Божа літасцівы, da mіhі potum!5
Тут наперад выступіў ігумен.
— Што тут робіць гэты п’янюга? — сказаў ён. — Ану, кіньце яго ў вязніцу. Як можа ён замінаць, калі мы славу Богу пяем?!
— Але, Вашая правялебнасць, — адказаў манах, — якраз тады мы, слава Богу, пап’ем, калі нам ніхто замінаць не будзе. Бо самі вы, як кожны добры чалавек, любіце добрае вінцо. А ніводзін пачэсны чалавек ніколі добрага віна ганіць не будзе — такая ў нас у манахаў ёсць апафтэгма. Так што гэтае вашае пяянне тут, далібог, няўчаснае!
З чаго, скажыце, у час жніва і збору вінаграду нашыя набажэнствы кароткія, а ўзімку доўгія? Добрай памяці брат наш Масэ Пэлюс, шчыры руплівец нашае веры (каб мяне чэрці ўбрыкнулі, калі я хлушу), тлумачыў мне, як прыгадваецца, прычыну гэтага тым, што ўлетку і ўвосень мы выціскаем сок і робім віно, а ўзімку гэтым віном частуемся.
Дык слухайце, шаноўныя, усе, хто аматар да выпіўкі: з намі Бог — за мной! Бо шчыра кажу, хай мяне спаліць антонаў агонь, калі хто з вас дакранецца да пляшкі, не схацеўшы цяпер абараніць вінаграднікаў! Ды што я кажу, святыя ўгоднікі, — гэта ж увесь наш царкоўны набытак! Чакай-чакай! Халера! Дык гэта ж за яго ахвяраваў жыццём святы Тамаш Ангельскі: значыць, калі я памру, мяне таксама залічаць у святыя? Ну ўжо не, я не памру — ужо лепш я сам іх да Абрама па піва адпраўлю.
З гэтымі словамі ён скінуў з сябе габіт і ўхапіў здаравенную пярэчыну ад рабінавага крыжа — яна была даўжэзная, як кап’ё, таўшчэзная, як добры кулак, і сям-там размаляваная лілейкамі, якія, праўда, ужо амаль сцерліся. І так, у адным падрасніку, павязаўшы габіт цераз плячо і патрасаючы пярэчынаю ад крыжа, ён неспадзеўкі рынуўся на ворагаў, якія, страціўшы баявы парадак, без сцягоў, без трубаў ды бубнаў, абдзіралі сабе ў садзе вінаград: значканосцы са сцяганосцамі папрыпіралі свае значкі ды сцягі да мура, бубначы папрапорвалі з аднаго боку бубны, каб было куды ссыпаць вінаград, а ўсе трубы былі напханыя цэлымі гронкамі — ворагі разбрыліся па садзе, каму куды собіла. І тут на іх без ніякага папярэджання са страшэннаю сілаю наляцеў манах; асабліва не цырымоннічаючы, ён пачаў пярэсціць злоснікаў па чым давядзецца і раскідаць іх, як куранят.
Адным ён раскройваў чарапы, другім ламаў рукі ды ногі, трэцім перабіраў пазванкі на карку, чацвертым пералічваў скабы, квасіў насы, падвешваў пад вачыма ліхтары, зварочваў сківіцы, прарэджваў зубы, выкручваў лапаткі, адбіваў лыткі, вывіхваў сцёгны, драбіў рэпкі ды локці.
Хто спрабаваў схавацца ў густым вінаградным лісці, таму ён напалам перабіваў спінны хрыбет і, як сабаку, раструшчваў хвасцец.
Хто спрабаваў уратавацца ўцёкамі, таму ён рассаджваў галаву на кавалкі якраз па самым ламбаідальным шве.
Хто залазіў на дрэва, спадзеючыся, што там знойдзе бяспеку, таму ён заганяў пярэчыну якраз у заднепраходную адтуліну.
А калі хто з былых знаёмцаў крычаў:
— Гэй, братка Жан, дружа добры! Братка Жан, я здаюся!
Таму ён адказваў:
— А дзе ты дзенешся! Але здавай ужо разам і душу сваю ўсім чарцям!
І адным махам яго агаломшваў.
Калі ж раптам трапляўся хто трошкі смялейшы і спрабаваў з ім падужацца, тут ужо ён паказваў усю моц сваіх цягліц і прабіваў яму грудное міжсценне аж да самага сэрца. Каму не ўдавалася паказытаць рэбры, тым ён выварочваў страўнік, і яны на месцы каналі. Другіх ён так моцна акладаў на пупку, што ў іх ажно вывальваліся вантробы. А некаторым ён распанахваў паміж ядрамі ўсё аж да самае кутняе кішкі. Паверце, відовішча было найжахлівейшае з усіх, якія калі-небудзь даводзілася ўбачыць.
Адны крычалі: "Святая Варвара!"
Другія: "Святы Юрый!"
Трэція: "Святая Незачэпа!"
Чацвертыя: "Маці Боская Кюноская! Ларэцкая! Дабравесніца! Ленуская! Рыўерская!"
Адны прасілі ратунку ў святога Якуба.
Другія — у шамберыйскае плашчаніцы, якая, дарэчы, трыма месяцамі пазней згарэла, так што і нітачкі ад яе ўратаваць не ўдалося.
Трэція — у кадуінскіх мошчаў.
Чацвертыя — у святога Яна Анжэрыйскага.
Пятыя — у святога Эўтропа Сэнцкага, святога Мэсма Шынонскага, святога Мартына Кандскага, святога Клаўдыя Сінейскага, у жаўрызейскіх мошчаў і ў тысячы розных іншых святых, рангам драбнейшых.
Адны паміралі не гаворачы, другія гаварылі не паміраючы. Адны паміралі і гаварылі, другія гаварылі і паміралі.
А былі такія, хто пачынаў на ўсю глотку крычаць: "Спавядальніка! Спавядальніка! Confіteor! Mіserere! Іn manus!"6
Пачуўшы голасны лямант параненых, ігумен з усімі манахамі выйшлі ў сад, і, убачыўшы бедных-няшчасных, што ляжалі сярод вінаграднікаў і гатовыя ўжо былі выпусціць з цела душу, яны ўзяліся некаторых з іх спавядаць. А пакуль духоўнікі прабаўляліся споведзямі, маладыя паслушнікі пабеглі да братчыка Жана і папыталіся, ці могуць яны чым-небудзь яму дапамагчы. На гэта братчык Жан ім адказаў, што няхай, маўляў, даразаюць тых, хто валяецца на зямлі. Паслушнікі тут жа павесілі свае доўгія хламіды на найбліжэйшы жываплот ды пачалі даразаць і дабіваць тых, хто ўжо быў за тры чвэрці ад смерці. І ведаеце, чым яны гэта рабілі? Маленькімі ножычкамі, гэткімі крывенькімі сцізорыкамі, якімі дзятва ў нашых краях лушчыць зялёнае шалупінне з валоскіх арэхаў.
Братчык Жан тым часам са сваёю пярэчынаю дабраўся да пралому, зробленага непрыяцелем. А паслушнікі, хто ўвішнейшы, пачалі расцягваць сцягі па келлях, каб пасля зрабіць сабе з іх падвязкі. Калі ж тыя, хто спавядаўся, хацелі шмыгануць у пралом, братчык Жан адным ударам уходваў іх, прымаўляючы:
— Хто спавядаўся, пакаяўся і дастаў даравання грахоў, таму простая дарога ў рай — нацянькі два дзянькі ды пасля ўлукаткі.
Так дзякуючы яго адвазе была пагалоўна вынішчаная частка варожага войска, якая пранікла ў сад, а было ў ёй трынаццаць тысяч шэсцьсот дваццаць два чалавекі, і гэта, як ужо яно павялося, без уліку жанчын і дзяцей.
Сам пустэльнік Мажыс, пра якога пісана ў “Подзвігах чатырох сыноў Эмонавых”, не выявіў такой мужнасці, ідучы са сваім посахам на сарацынаў, якую паказаў братчык Жан, выйшаўшы супраць ворагаў з пярэчынаю ад крыжа.

Раздзел XXVІІІ

Пра тое, як Пікрахол прыступам узяў Ларош-Клермо, і пра тое, як цяжка і горка было Грангузье пачынаць вайну
Тым часам, як братчык Жан, згодна з вышэйапісаным, дубасіў ворагаў, што ўлезлі ў манастырскі сад, Пікрахол з вялікай паспешнасцю перайшоў са сваімі людзьмі Вэдскі брод і аблажыў Ларош-Клермо, дзе, зрэшты, ніхто не аказаў яму ніякага супраціўлення; а таму, што пачынала ўжо цямнець, ён вырашыў пераначаваць з усім войскам у гэтым горадзе ды даць крыху суцішыцца свайму гнеўнаму свербу.
Раніцай ён узяў прыступам абарончыя валы і гарадскі замак і пачаў яго як след умацоўваць ды забяспечваць усімі патрэбнымі прыпасамі, вырашыўшы — на той выпадак, калі раптам на яго нападуць, — абсталяваць тут сваё прыстанішча, бо месца гэтае дзякуючы свайму становішчу і размяшчэнню мела не толькі збудаваныя, але і натуральныя ўмацаванні.
Тут мы яго пакуль што пакінем, а самі вернемся да нашага добрага Гарганцюа, які рупліва вывучае ў Парыжы навукі ды ў прамежках займаецца атлетычнымі практыкаваннямі, і да ягонага бацькі Грангузье, які пасля вячэры якраз сядзіць цяпер і грэе задніцу каля вясёлага, светлага і цёплага агню ды чакае, пакуль падпражацца каштаны, выводзячы нешта на падлозе каля агменя абгарэлым канцом палкі, якой варушаць вуголле, ды баячы жонцы і ўсім дамашнім пра добрыя старыя часы.
Якраз гэтай парою прыбег да Грангузье пастух на імя Піло — з тых, што вартавалі вінаграднікі, — і падрабязна, нічога не прапускаючы, пачаў расказваць яму, якія зладзействы і рабункі чыніць у яго ўладаннях і землях лернейскі кароль Пікрахол, як ён абабраў, абадраў і спляжыў увесь яго край (апроч Сэельскага манастыра, уратаванага дзякуючы геройству манаха братчыка Жана Бікрышы) і што цяпер, маўляў, гэты самы Пікрахол засеў з усім сваім войскам у Ларош-Клермо і з вялікай паспешнасцю яго ўмацоўвае.
— О гора мне, гора! — адказаў на гэта Грангузье. — Што ж гэта робіцца, людцы добрыя? Ці сніцца мне, ці ўсё гэта праўда? Каб мой стары, нязменны мой сябар Пікрахол, з якім нас лучаць сваяцкія і кроўныя повязі, ды раптам на мяне напаў? Ды хто ж яго на гэта штурхнуў? Хто падгаварыў-падбухторыў? Хто яму гэта параіў? Вох-вох-вох-вох-вох! Божа ж мой, Божа-Збаўца, дапамажы мне, навучы ды парай, што мне рабіць! Будзь да мяне літасцівы, бо клянуся-прысягаюся перад табою, што ніколі я не рабіў яму ніякай нялюбасці, ніколі не чыніў ніякага ліха ягоным сялянам, не бязэчнічаў у яго землях, — наадварот, я заўсёды яму дапамагаў і людзьмі, і грашыма, і прыхільнасцю, і парадай, ва ўсіх выпадках стараўся быць яму карысны. Відаць ужо, нячысцік яго падаткнуў, калі ён здолеў гэтак мяне пакрыўдзіць. Божа мілы, ты ведаеш усе мае думкі, бо нічога немагчыма ад цябе стаіць! Калі, выпадкам, ён звіхнуўся з розуму і ты накіраваў яго да мяне, каб уставіць яму мазгі, дык дай жа мне сілы і ўмення праз добрую навуку вярнуць яго ва ўлонне тваёй святой волі.
Вох-вох-вох! Людцы мае добрыя, сябры мае і верныя мае слугі, няўжо мне давядзецца дакучаць вам сваімі просьбамі аб дапамозе? Ах, ты, гора, маё гора! На старасці гадоў я ўжо толькі пра спачынак і марыў і ўсё жыццё хацеў аднаго — каб вакол былі мір ды спакой. Ды, відаць, давядзецца мне зноў цяпер надзець панцыр на мае чэзлыя, нямоглыя плечы і ўзяць у дрыготкія рукі дзіду і булаву, каб заступіцца і абараніць маіх бедных падданых. Так загадвае мне справядлівасць, бо іхнаю працаю я жыву і іхным потам кармлюся — і я сам, і дзеці мае, і ўсе мае дамачадцы.
І ўсё ж вайны я не распачну, пакуль не выпрабую ўсіх мірных сродкаў і спосабаў, — такое маё рашэнне.
Пасля гэтага ён загадаў склікаць раду, на якой расказаў усё, што да чаго ды як, і было на ёй вырашана паслаць да Пікрахола якога-небудзь разважнага чалавека, каб той даведаўся, з чаго гэта раптам сусед так раз’юшыўся ды захапіў землі, на якія не мае ніякага права, ды паслаць таксама па Гарганцюа з ягонымі прыбліжанымі, каб яны, вярнуўшыся, падтрымалі і абаранілі краіну ў такі цяжкі час. Усё гэта спадабалася Грангузье, і ён пастанавіў, каб так усё і зрабілі.
Зараз жа ён паклікаў свайго лёкая-баска і загадаў, каб той не марудзячы выпраўляўся да Гарганцюа ды завёз яму яго, бацькаў, ліст.

Раздзел XXІX

Пра тое, аб чым Грангузье пісаў у сваім лісце да Гарганцюа
“Тваё руплівае навучанне яшчэ доўга патрабавала б не парушаць твайго філасафічнага заспакаення, калі б сёння нашыя сябры і старыя хаўруснікі не ашукалі майго даверу і не патурбавалі старэчага майго адпачынку. Але такі ўжо, відаць, злы гэты лёс, што найбольшы клопат дастаецца якраз ад тых, на каго болей за ўсё пакладаўся; і таму я вымушаны цяпер паклікаць цябе на абарону людзей і ўладанняў, даручаных табе паводле натуральнага права.
Бо як бескарысна брацца за зброю, калі ў тваёй хаце рады няма, — гэтаксама й бясплённае любое навучанне і марная парада, калі іх не ўжыць у патрэбны час і не давесці да адпаведнае мэты.
Мая ж мэта не распаляць, а мірыць, не нападаць, а абараняць, не захопліваць, а заступацца за маіх верных падданых і спадчынныя мае землі, у якія гэтак без дай прычыны, як сапраўдны злодзей, уварваўся наш сусед Пікрахол і чыніць цяпер дзень пры дні сваю ліхую справу, наносячы нясцерпныя крыўды нашаму вольнаму люду.
Я лічу за свой абавязак суняць яго тыранічны гнеў і стараюся прапанаваць усё, што, на маю думку, магло б яго задаволіць; ужо не адзін раз я з самымі дружалюбнымі намерамі пасылаў да яго людзей, каб даведацца, хто, чым і як мог яго гэтак абразіць, але ў адказ ён толькі задзірліва заяўляе, што мае права рабіць у маіх землях усё, што яму заманецца. З гэтага я раблю выснову, што Бог, апякун наш вечны, за адзінае стырно пакінуў яму толькі ўласныя яго одум і волю, а яны не могуць быць не ліхія, калі не кіруюцца штохвілінна Боскаю мілатою; і таму — каб абудзіць у ім пачуццё адказнасці і вярнуць яму ўсведамленне рэчаў, неба наслала яго на мяне з вайной.
У сувязі з такімі абставінамі, сыне мой любы, прачытаўшы гэты мой ліст, паспяшайся як мага хутчэй дадому на дапамогу не столькі мне (хоць праз пачуццё натуральнай спагады ты й павінен гэта зрабіць), колькі тваім падданым, уратаваць і абараніць якіх — твой абавязак. Гэты подзвіг табе належыць зрабіць з найменшым кровапраліццем, і тады, дасць Бог, ужываючы адпаведныя ў кожным выпадку сродкі, перасцярогі і ваенную хітрасць, мы здолеем уратаваць душы людзей і, ім на радасць, адпусцім іх па дамах.
Няхай жа будзе з табою, найдаражэйшы мой сыне, ласка збавіцеля нашага Ісуса Хрыста.
Прывітай ад мяне Панакрата, Гімнаста і Эўдэмона.

20 верасня.


Твой бацька,
Грангузье”

Раздзел XXX

Пра тое, як да Пікрахола быў пасланы Ульрых Гале
Прадыктаваўшы і падпісаўшы ліст, Грангузье паклікаў свайго вярхоўнага суддзю Ульрыха Гале, чалавека разумнага і дасведчанага, які неаднаразова ўжо выяўляў сумленнасць і разважнасць пры разборы самых заблытаных справаў, і загадаў яму ехаць да Пікрахола ды перадаць усё, што было вырашана на іхнай радзе.
У тую ж хвіліну слаўны Гале рушыў у дарогу і, перабраўшыся цераз брод, папытаўся ў мясцовага млынара, дзе цяпер можа быць Пікрахол. На гэта млынар яму адказаў, што Пікрахолавы ваякі начыста яго абабралі, не пакінуўшы ні пуляркі, ні пеўня, а самі заселі ў Ларош-Клермо, і што ён, маўляў, не раіць яму ісці далей, бо ворагі вельмі лютуюць, і крый Божа, каб не натрапіць яму на іхны дазор. Гале млынару лёгка паверыў і застаўся пераначаваць у ягонай хаце.
А назаўтра раніцай, трубячы ў трубу, ён пад’ехаў да замкавай брамы і запатрабаваў у варты, каб яго пусцілі пагутарыць з каралём — таму ж, маўляў, на карысць.
Словы гэтыя былі перададзеныя Пікрахолу, але той загадаў ні ў якім разе браму не адчыняць і, выйшаўшы на вал фартэцыі, спытаўся ў пасланца:
— Ну, што там за навіна? Што вы мне хацелі сказаць?
Тады Ульрых Гале звярнуўся да яго з прамовай.

Раздзел XXXІ

Прамова, з якою Гале звярнуўся да Пікрахола
— Справядліва кажуць, што няма болей сумнай падставы адчуць у душы боль, чым тады, калі людзі, ад якіх вы па праве чакалі ласкі й зычлівасці, чыняць вам крыўду і шкоду. Менавіта з гэтай прычыны (хоць яе й нельга лічыць разумнаю) шмат хто, апынуўшыся ў падобным становішчы, уважаў за лепшае развітацца з жыццём, чым цярпець такую знявагу, але, упэўніўшыся, што яе немагчыма выправіць ані сілай, ані іншымі сродкамі, урэшце даводзіў сябе да самагубства.
Таму не дзіва, што люты і непрыхавана варожы набег твой прывёў майго гаспадара, караля Грангузье, у вялікую роспач і скруху. Дзіўна было б наадварот, калі б яго не ўсхвалявала такое нечуванае самавольства, якое ты і людзі твае чыніце ў яго землях ды над яго падданымі, самавольства, якое ні з чым немагчыма параўнаць па ягонай бесчалавечнасці, і гэта асабліва выклікае ў майго караля вялікае шкадаванне, бо ва ўсім свеце не знайсці другога такога гаспадара, які б з такою сардэчнай спагадай і ласкаю ставіўся да сваіх падданых. Але шчыра кажучы, болей за ўсё маркоціць яго тое, што злачынствы гэтыя і прыгнёт чыняцца менавіта тваімі людзьмі і табою, бо з пракаветных часоў і ты, і дзяды твае заўсёды дружылі і сябравалі і з ім, і з ягонымі продкамі, і дружбу гэтую, дасюль непарушную, супольна заўжды бераглі, ахоўвалі і шанавалі, як святыню, так што не толькі ён і яго падданыя, але і чужынцы — пуатвінцы, брэтонцы, мансольцы, і ўсе, хто жыве па-за Канарскімі выспамі ды горадам Ізабэлаю, — лічылі, што лягчэй абрынуць купал нябесны і ўзнесці апраметную да завоблачнай вышыні, чым разбурыць ваш саюз, і настолькі ўсе яго апасаліся ў сваіх варожых намерах, што ніхто ніколі не насмельваўся кінуць выклік, узлаваць ці прычыніць шкоду каму-небудзь аднаму з вас, баючыся гневу другога.
Болей за тое. Розгаласам пра вашу святую дружбу настолькі поўніцца паднябесная, што сярод народаў, якія насяляюць увесь кантынент і акіянскія выспы, мала знойдзецца сёння такіх, якіх не грэлі б надзеі ўступіць у ваш саюз на пастаўленых вамі ж умовах, бо лучнасць вашую яны паважаюць настолькі ж, наколькі паважаюць уласныя свае ўладанні і землі; і дзякуючы гэтаму — колькі хапае памяці, ніколі яшчэ не было такога манарха ці іх аб’яднання, якія б набраліся пыхі ці звар’яцелі настолькі, што паквапіліся б — я ўжо не кажу — на вашыя землі, але нават на землі вашых саюзнікаў, а калі хто-небудзь, наслухаўшыся неразумных парадаў, пачынаў строіць супраць іх падступныя планы, дык пачуўшы ўжо толькі адно імя і назву вашага саюза, адразу ад іх адмаўляўся.
Дык што ж цябе прывяло цяпер у такое шаленства, што ты, разбурыўшы ўвесь ваш саюз, патаптаўшы ўсю дружбу, пераступіўшы ўсякае права, гэтак па-варожаму ўварваўся ў нашыя землі, хоць ні мой кароль, ні яго падданыя не прычынілі табе ніякае шкоды, нічым цябе не ўгнявілі і нічым не абразілі? Дзе ж вера? Дзе закон? Дзе розум? Дзе чалавечнасць? Дзе страх перад Богам? Ці можа ты думаеш, што твае зладзействы схаваюцца ад духаў нябесных і ўсёмагутнага нашага Бога, які па справядлівасці дае кожнаму паводле ўчынкаў ягоных? Калі ты гэтак думаеш — ты памыляешся, бо нішто не ўнікне ягонага суду. А можа, усё гэта злое наканаванне лёсу і ўплыў ліхіх зорак, якія вырашылі пакласці канец твайму дабрабыту й спакою? Кожная рэч у гэтым свеце мае сваю мяжу і канец, і ўсё, што дасягае свайго найвышэйшага пункту, немінуча абрынаецца ўніз, бо не можа доўга трываць у гэтым становішчы. Менавіта такі канец чакае кожнага, хто не ўмее разважнаю памяркоўнасцю стрымаць сваіх прагных памкненняў і не задавальняецца заможнасцю і багаццем, якіх дасягнуў.
Але калі ўжо такі табе выпаў лёс і тваім спакою і шчасцю мусіў настаць канец, дык хіба трэба было, каб нягоды праз гэта цярпеў мой кароль — той, дзякуючы каму ты падняўся на трон? Калі твайму дому наканавана было ўпасці, хіба трэба было, каб, падаючы, ён абрынуўся на агмень таго, хто яго аздабляў? Усё гэта настолькі не месціцца ў рамках разумнага, настолькі пярэчыць здароваму сэнсу, што наўрад ці чалавечая свядомасць здольная ўсё гэта ўспрыняць. І нават чужынцы не дадуць гэтаму веры, а калі ўпэўняцца і пераканаюцца, што такое магло такі здарыцца, дык прыйдуць да адзінае думкі, што таму, хто дзеля сваіх падступных замераў выракаецца Бога і прынятых законаў, — нішто ўжо не міла й не свята.
Калі б мы ўчынілі якую шкоду тваім падданым або ўладанням, калі б выявілі прыхільнасць да тваіх злоснікаў, калі б не дапамаглі табе ў тваіх нягодах, калі б зняславілі тваё імя і твой гонар ці — што найбольш верагодна — калі б які-небудзь падступны пляткар і д’яблаў паслужнік, жадаючы штурхнуць цябе на нядобрае, ілжывымі байкамі і гнюснымі выдумкамі ўклаў табе ў галаву, што мы ўчынілі нешта ганебнае і нявартае нашай даўняе дружбы, ты перш за ўсё павінен быў дашукацца праўды і потым выставіць нам прэтэнзіі, а мы ўжо па тваім патрабаванні зрабілі б усё, што магло б цябе задаволіць. Але — о, Божа вечны! — што зрабіў ты? Няўжо, як падступны тыран, ты вырашыў гэтак проста разрабаваць і спляжыць каралеўства майго гаспадара? Няўжо ты падумаў, што ён такі баязлівы і неразумны, што не захоча, ці такі бедны на грошы, дарадцаў, на люд і на зброю, што не здолее даць адпору тваім вераломным наскокам?
Зараз жа выбірайся адсюль раз і назаўжды, і каб заўтра ўжо ты быў у сваіх землях, а калі будзеш выходзіць, не ўздумай чыніць па дарозе ніякага шуму, ні гвалту; за нанесеную ж нашым землям шкоду заплаці тысячу залатых бізантаў — палову заўтра, а другую палову на найбліжэйшыя майскія іды, пакінуўшы нам тым часам заложнікамі герцагаў дэ Галяка, дэ Віслазада і дэ Карантыша, а таксама князя дэ Кароста і віконта дэ Вашапруда.

Раздзел XXXІІ

Пра тое, як Грангузье, жадаючы дамагчыся міру, загадаў вярнуць праснакі
Калі слаўны Гале, скончыўшы прамову, змоўк, Пікрахол на ўсе яго довады адказаў так:
— Ага-ага, хадзіце ды бярыце, заўтра з мехам прыходзьце! А то ж у мяне ваякі як з цеста. Дык прыходзьце, яны наробяць вам праснакоў.
Тады Гале вярнуўся да Грангузье і заспеў гаспадара на тым, што ён, стоячы на каленях, з непакрытаю галавой, маліўся на покуці ў сваім пакоі Богу, просячы яго вярнуць Пікрахолу розум і суцішыць ягоны гнеў, каб дзеля гэтага не спатрэбілася ўжываць сілу. Заўважыўшы, што Гале вярнуўся, Грангузье спытаў:
— Ах, дружа мой, дружа, якія ж навіны вы мне прынеслі?
— Няма з ім ніякай рады, — адказаў Гале. — Гэты чалавек зусім з глузду з’ехаў, сам Бог ад яго адступіўся.
— Вунь як! — сказаў Грангузье. — Але, дружа, чым ён усё-такі тлумачыць свае зладзействы?
— Ніякіх прычын ён мне не назваў, — адказаў Гале. — Праўда, у гневе ён крыкнуў штосьці пра праснакі. Хто яго ведае, можа, праўда, нашыя пастухі нешта ўчынілі яго прасначнікам?
— У такім разе, — сказаў Грангузье, — раней чым вырашыць, што нам рабіць далей, я павінен ва ўсім гэтым як след разабрацца.
Ён зараз жа загадаў, каб па гэтае справе навялі звесткі, і высветліў, што яго пастухі сапраўды гвалтам забралі ў Пікрахолавых прасначнікаў некалькі праснакоў і што нейкі Марке дастаў пры гэтым па галаве дубінаю, але, разам з тым, за ўсё захопленае было добра заплачана, а памянёны Марке сам першы параніў Фарж’е, хвастануўшы яго па нагах пугаю. Улічваючы апошнюю акалічнасць, скліканая рада аднагалосна пагадзілася, што Фарж’е зрабіў усё слушна, бо вымушаны быў абараняцца. Але Грангузье, не адмаўляючы агульнай высновы, тым не менш сказаў:
— Калі гаворка ідзе ўсяго пра некалькі праснакоў, я ўсё ж паспрабую Пікрахола ўлагодзіць, бо вельмі не хацелася б мне праз гэта ўвязвацца ў вайну.
Зараз жа паслалі спытаць, колькі праснакоў было ўзята, і, калі даведаліся, што тузінаў чатыры ці пяць, Грангузье пастанавіў, каб за адну ноч іх напяклі пяць поўных павозак і адну, з найлепшымі праснакамі, выпечанымі на найлепшым масле, не шкадуючы яек, цудоўнага шафрану і духмяных прысмакаў, перадалі Марке, якому за панесеныя страты ён выдаткоўваў яшчэ і семсот тысяч тры залатыя філіпы — на аплату лекарам за зробленыя перавязкі — і ў дадатак адпісваў у вечнае і бясплатнае карыстанне — яму і ягоным нашчадкам — хутар Памардзьер. Завезці і перадаць дарункі прызначаны быў Гале. Дарогаю, калі яны праязджалі праз паплавы, што каля Сале, ён загадаў нарэзаць як мага болей трыснягу і чароту і, упрыгожыўшы імі павозкі, даць па сцябліне і кожнаму возніку; адну сцябліну ён узяў у рукі і сам, жадаючы паказаць гэтым, што просяць яны аднаго толькі міру і менавіта дзеля яго прыехалі.
Пад’ехаўшы да замкавай брамы, яны паведамілі, што маюць гутарыць з Пікрахолам ад імя Грангузье. Пікрахол, аднак, загадаў іх не ўпускаць і перадаць, што ён, маўляў, вельмі заняты і выйсці да іх не можа, але калі хочуць, няхай перакажуць усё капітану Выхвальяку, які цяпер якраз на замкавых мурах назірае, як кладуць на лафет гармату. Тады Гале прамовіў да Выхвальяка:
— Васпане, каб у вас не было болей прычыны з намі спрачацца і каб зніклі ўсе перашкоды, якія не дазваляюць вам зноў уступіць з намі ў саюз, мы прыехалі вярнуць вам праснакі, якія паслужылі падставай разладу. Нашыя ў вас забралі іх пяць тузінаў, за ўсё гэта было добра заплачана, але мы настолькі шануем мір, што цяпер вяртаем вам цэлыя пяць павозак, і адну — вось гэтую — асабіста Марке, які найбольш пацярпеў. Апроч таго, дзеля поўнага яго задавальнення я маю ўручыць яму семсот тысяч тры залатыя філіпы, а на пакрыццё нанесеных страт, якога ён мог бы ад нас запатрабаваць, перадаю ў вечнае ўладанне хутар Памардзьер, якім ён і яго нашчадкі змогуць карыстацца бязвыплатна, пра што сведчыць вось гэтая дароўная грамата. І давайце, дзеля ўсяго святога, будзем жыць з гэтага часу ў міры; вяртайцеся ў вясёлым гуморы дадому, а гэтае месца пакіньце нам, тым больш, што вы самі цудоўна ведаеце, што не маеце на яго ніякага права, і будзем, як і раней, сябрамі.
Усё гэта Выхвальяк перадаў Пікрахолу, а пасля, каб распаліць у яго геройства, сказаў:
— Ото хамулы пералякаліся! Далібог, гэты стары п’янтос Грангузье поўныя штаны наваліў! Вайну ваяваць — гэта яму не чаркі куляць, тут ён не майстар. Я вось што думаю: забярэм у іх грошы і праснакі, а тады хуценька тут умацуемся ды пойдзем далей множыць нашыя поспехі. А то што яны думалі — з дурнем якім справу маюць? Спадзяваліся накарміць вас гэтымі праснакамі? А ўсё таму, што вы надта ласкава заўжды з імі абыходзіліся, дужа дазвалялі з сабой фамільярнічаць — вось яны цяпер і лічаць вас за нішто. Ну, ды — як вы з намі, так і мы з вамі: не ўсё ж мігдаламі карміць.
— Правільна-правільна, — сказаў Пікрахол. — Святым Богам клянуся, яны ў мяне пабачаць! Рабіце ўсё як сказалі.
— Я вас толькі вось пра што хачу папярэдзіць, — сказаў Выхвальяк. — З правіянтам у нас тут не надта густа, і калі Грангузье надумаецца нас аблажыць, з харчамі можа выйсці нявыкрутка. Таму я ўжо зараз пайду й загадаю, каб мне павыдзіралі ўсе зубы, пакінуўшы толькі тры, і вашым жаўнерам раю ўсім зрабіць тое самае, іначай мы ўшчэнт усе прыпасы патрушчым.
— Ну не, — не пагадзіўся Пікрахол, — харчоў у нас хоць адбаўляй. Дый што мы сюды прыйшлі — аб’ядацца ці змагацца?
— Змагацца, вядома, — адказаў Выхвальяк. — Але ж якая страва, такая й справа, а дзе голад пануе, там сілы бракуе.
— Ну, чаго языком малоць! — сказаў Пікрахол. — Ідзіце ды забірайце ў іх усё, што яны прывезлі.
Тут жа ў пасланцоў забралі і грошы, і праснакі, і быкі, і павозкі, а потым выставілі іх прэч без ніякага адказу, гыркнуўшы толькі, каб да замка яны болей блізка не падыходзілі, а чаму — маўляў, заўтра даведаюцца. Так, нічога не выхадзіўшы, пасланцы вярнуліся да Грангузье і, усё яму расказаўшы, дадалі, што ніякай іншай надзеі схіліць злачынцаў да міру няма, апроч як аб’явіць ім вайну не на жыццё, а на смерць.

: storehouse -> authors
authors -> 1547 — пасля 1590 Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсёй Русі
authors -> Саламея Пільштынова
authors -> 1547 – пасля 1590 Пра пачатак, паходжанне, адвагу, рыцарскія і дамовыя дзеі слаўнага народу літоўскага, жамойцкага і рускага
authors -> Эдгар Алан По Філасофія кампазіцыі
authors -> Ўільям Батлер Ейтс / William Butler Yeats
authors -> Хітрамудры ідальга Дон Кіхот Ламанчаскі
authors -> Хорас Ўолпал (Horace Walpole) 1717—1797 Замак Отранта
authors -> Чарлз Кослі (Charles Causley) 1917—2003 Прывіды Мілерз-Энда
authors -> Обры Бёрдслі/ Aubrey Beardsley 1872 – 1898
authors -> Жэрар дэ Нэрваль/ Gérard de Nerval


Поделитесь с Вашими друзьями:
1   2   3   4




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал