Гарганцюа і Пантагруэль (La vie très horrifique du grand Gargantua, père de Pantagruel)



старонка3/4
Дата канвертавання17.06.2016
Памер0.55 Mb.
1   2   3   4

Раздзел XXXІІІ

Пра тое, як пэўныя Пікрахолавы начальнікі паставілі яго сваімі неразважнымі парадамі ў страшную небяспеку
Калі захоп праснакоў быў скончаны, да Пікрахола прыйшлі герцаг дэ Карантыш, граф Задзірак і военачальнік Блазэн і сказалі:
— Сір! Мы гатовыя зрабіць вас самым удалым і непераможным гаспадаром ад часоў Аляксандра Македонскага.
— Надзеньце, надзеньце капелюшы, — адказаў ім Пікрахол.
— Вельмі ўдзячныя, — сказалі яны. — Сір, мы ведаем сваю справу. Зрабіць трэба вось што: пакіньце тут невялічкі атрад пад камандаю якога-небудзь военачальніка — гэты гарнізон будзе ахоўваць замак, які ўяўляецца нам і так добра ўмацаваным як дзякуючы свайму натуральнаму становішчу, так і тым абарончым будовам, што ўзведзеныя паводле нашых праектаў. Астатняе войска падзяліце надвое — як самі палічыце лепшым. Адна частка наваліцца на Грангузье з ягонымі мужыкамі. З першага ж налёту нашы лёгка іх размятуць. І вы зможаце там заграбастаць цэлую кучу грошай — іх у гэтага скнары як гразі; а мы называем яго скнарам, таму што ў сумленнага гаспадара ніколі шэлега за душой не бывае. Толькі скнары грошы й запасяць. Другая частка тым часам рушыць на Аніс, Сентонж, Ангумуа і Гасконь, а таксама на Перыдор, Медок і Ланды. Не сустракаючы ніякага супраціву, яны зоймуць там усе гарады, крэпасці й замкі. У Баёне, Сэн-Жан-дэ-Люсе і Фуэнтарабіі вы захопіце ўсе караблі і, трымаючыся берагоў Галісіі і Партугаліі, разрабуеце ўсе прыморскія пасяленні аж да Лісабона, а там ужо ўдосталь прызапасіцеся ўсім, як і належыць пераможцу. Гішпанцы, каб на іх ліха, здадуцца, гэта вядомыя цюхцяі! А тады пройдзеце Сібільскі праліў і паставіце там сабе на вечную памяць два слупы — яшчэ болей велічныя за Геркулесавы, і будзе з гэтага часу той праліў называцца Пікрахолавым морам. А як пройдзеце Пікрахолава мора, тут вам і Барбароса здасца ў вечнае рабства...
— Я над ім злітуюся, — сказаў Пікрахол.
— Можна і так, — пагадзіліся яны, — толькі няхай спачатку ахрысціцца. Такім чынам вы зваюеце каралеўствы Туніскае, Гіпскае, Алжыр, Бону, Карэну і доблесна захопіце ўсю Берберыю. Потым вы прыбераце да рук Маёрку, Мінорку, Сардынію, Корсіку і іншыя астравы ў Лігурыйскім і Балеарскім марах. Тады, трымаючыся левага берага, возьмеце ўсю Нарбонскую Галію, Праванс, Алаброгію, Геную, Фларэнцыю, Луку, а там ужо — бывай здароў! — і Рым не за гарамі! Няшчасны спадарок папа памрэ са страху.
— Клянуся гонарам, я не буду цалаваць яго ў туфлю, — сказаў Пікрахол.
— А як возьмеце Влохію, тут ужо вам і Неапаль, Калабрыя, Апулія, Сіцылія — рабуй не хачу, — ды яшчэ Мальта ў дадатак. Ото хацеў бы я паглядзець, як гэтыя гора-рыцарчыкі, якіх турнулі з Радоса, выйдуць з вамі змагацца, — ды яны хутчэй у штаны нацурболяць!
— Адтуль я з ахвотаю рушыў бы на Ларэта, — сказаў Пікрахол.
— Не-не, — сказалі яны, — гэта калі будзем вяртацца. А адтуль лепей падбярэм Кандыю, Кіпр, Радос і Кікладскія астравы ды навалімся на Марэю. Вось ужо яна і наша. А цяпер — з намі Бог! — наперад, на Ерусалім: дрыжы, султан, бо дзе ўжо яго магутнасці параўнацца з вашай!
— Вось тут ужо я й загадаю, каб адбудавалі Саламонаў храм, — сказаў Пікрахол.
— Не, пакуль рана, пачакайце крыху, — сказалі яны. — Ніколі не будзьце такі скоры ў сваіх задумах. Ведаеце, што сказаў Актавіян Аўгуст? Festіna lente7. Спачатку вам трэба ўзяць Малую Азію, Карыю, Лікію, Памфілію, Цыліцыю, Лідыю, Фрыгію, Мізыю, Бітынію, Сарды, Адалію, Самагарыю, Кастамун, Лугу, Себасту — аж да самага Еўфрата.
— А Вавілон і гару Сінайскую мы ўбачым? — спытаў Пікрахол.
— Ну, цяпер якраз няма зусім ніякай патрэбы, — адказалі яны. — Ці мала вам і так было клопату — пераплыць Гіканскае мора ды прагойсаць па дзвюх Арменіях ды трох Аравіях?
— Далібог, мы зусім ашалелі, — сказаў Пікрахол. — А бедныя ж мы, бедныя!
— Што здарылася? — спыталі яны.
— Ды што ж мы піць у гэтых пустэльнях будзем? Вунь, Юльян Аўгуст, кажуць, загінуў там ад смагі з усім сваім войскам.
— Ну-у, — сказалі яны, — з гэтым у нас усё прадумана. На Сірыйскім моры ў вас дзевяць тысяч чатырнаццаць караблёў з грузам найлепшых у свеце вінаў: усе яны прыбываюць у Яфу. Там ужо чакаюць дваццаць дзве сотні тысяч вярблюдаў і шаснаццаць сотняў сланоў, якіх вы ўзялі на паляванні пад Сіджыльмасай, калі ўвайшлі ў Лівію. Апроч таго, можаце лічыць сваім любы караван, які ідзе ў Мекку. Дык няўжо вам мала таго віна, што яны падвозяць?
— Мала дык яно не мала, — сказаў Пікрахол, — але нешта нейкае яно не зусім халаднаватае.
— А бадай ты, бадай, каб вам добра жылося! — сказалі яны. — Герой, заваёўнік, прэтэндэнт і кандыдат на сусветнае панаванне не можа заўсёды карыстацца ўсімі выгодамі. Яшчэ падзякуйце Богу, што і так са сваім войскам цэлыя ды здаровыя дабраліся да Тыгра!
— Але што ўвесь гэты час робіць другая частка нашага войска — тая, што разбіла гэтага скнарлівага жлукту Грангузье?
— Яны таксама не сядзяць склаўшы рукі, — адказалі дарадцы. — Мы з імі, дарэчы, хутка сустрэнемся. А пакуль яны вам зваявалі Брэтань, Нармандыю, Фландрыю, Эно, Брабант, Артуа, Галандыю і Зеландыю, потым па трупах швейцарцаў і ландскнехтаў пераправіліся цераз Рэйн, а невялікая іх частка скарыла яшчэ Люксембург, Латарынгію, Шампань і Савою — аж да Ліёна; і вось тут яны спаткаліся з вашымі дружынамі, якія вярталіся пасля перамог на Міжземным моры. Пазней, у Багеміі, абодва войскі злучыліся зноў, папярэдне спляжыўшы Швабію, Вюртэнберг, Баварыю, Аўстрыю, Маравію і Штырыю. Потым агульнымі сіламі яны ўдарылі на Любек, Нарвегію, Шведзію, Данію, Готланд, Грэнландыю і ганзейскія гарады і выйшлі да Ледавітага акіяна. Пакончыўшы з гэтым, яны захапілі Аркадскія астравы і падпарадкавалі сабе Шатландыю, Англію і Ірландыю. Адтуль яны пераплылі Пясчанае мора і, мінуўшы Сарматыю, перамаглі і скарылі Прусію, Польшчу, Літву, Расію, Валахію, Трансільванію, Вугоршчыну, Балгарыю, Турцыю і цяпер знаходзяцца ў Канстанцінопалі.
— Давайце і мы хутчэй да іх! — сказаў Пікрахол. — Мне вельмі карціць таксама быць трапезунцкім імператарам. А чаму б нам не перабіць усіх гэтых сабак туркаў і магамецянаў?
— Ну вядома, — сказалі яны, — якога ж чорта нам яшчэ там рабіць! А пасля вы раздасце іх багацці і землі тым, хто паслужыў вам верай і праўдай.
— Гэтага патрабуе здаровы сэнс, — пагадзіўся ён, — дый так яно будзе сапраўды справядліва. Дарую вам Караманію, Сірыю і ўсю Палестыну.
— Ах, сір! — сказалі яны. — Вы такі шчодры, вялікі вам дзякуй! Хай Бог пашле вам вечнае працвітанне!
Пры ўсім гэтым прысутнічаў стары дваранін, на імя Эхефрон8, чалавек выпрабаваны ў розных прыгодах і загартаваны ў шматлікіх бойках. Пачуўшы такія прамовы, ён сказаў:
— Баюся я надта, што з усёю гэтай задумай будзе тое самае, што з тым гарлачом малака, дзякуючы якому адзін шавец марыў забагацець; той гарлач потым разбіўся, а шавец паклаў зубы на паліцу. На што вы спадзеяцеся ва ўсіх гэтых чароўных перамогах? Чым скончацца гэтыя вашыя намаганні і вандраванні?
— А скончацца яны тым, — адказаў Пікрахол, — што мы вернемся і да душы адпачнем.
На гэта Эхефрон заўважыў:
— А калі раптам не вернецеся? Бо дарога будзе доўгая і небяспечная. Ці не лепей адпачыць ужо цяпер і не ўблытвацца ва ўсе гэтыя прыгоды?
— Ну, далібог, — сказаў Задзірак, — вось ужо знайшоў пра што марыць! Зараз мы залезем на печ, зашыемся ў цёплы куток ды ўсё жыццё будзем сядзець і бавіць час з бабамі, нізаючы пацеркі ды сукаючы нітачкі, як той Сарданапал. Хто баіцца рызыкі, той не здабудзе сабе ні каня, ні мула, — казаў Саламон.
— А Маркул яму на гэта адказваў, што той, хто рызыкуе занадта, страчвае і сваіх мула і каня, — заўважыў Эхефрон.
— Хопіць! — умяшаўся Пікрахол. — Не звяртайце на яго ўвагі. Я вось толькі чаго баюся: гэтых чартоў з Грангузьёўскага войска. Што, калі раптам, пакуль мы будзем у Месапатаміі, яны лупануць нам у тыл? Што тады рабіць будзем?
— Усё вельмі проста, — адказаў Блазэн. — Вы пішаце маленькі ўказік, пасылаеце яго да маскалёў, і яны тут жа, як міленькія, даюць у вашае распараджэнне чатырыста сорак тысяч адборных жаўнераў. Гэх, паставілі б вы мяне ў іх намеснікам, ужо я там бы ўсім палкі павыдзіраў ды рукі-ногі панаўстаўляў! Ух, як бы я біў, крушыў, кусаў, ламаў, лавіў, лупіў!
— Ну годзе ўжо, годзе, — сказаў Пікрахол. — Не будзем марудзіць. Усе, хто мне верны, — за мной!

Раздзел XXXІV

Пра тое, як Гарганцюа пакінуў Парыж, каб заступіцца за сваю краіну,
і як Гімнаст натрапіў на ворагаў

Тым часам Гарганцюа, прачытаўшы бацькаў ліст, адразу выехаў з Парыжу на сваёй вялізнай кабыле і разам з Панакратам, Гімнастам і Эўдэмонам, якія, каб не адстаць, узялі паштовых коней, мінуў ужо Нанэнскі мост. Астатні абоз ішоў звычайнай хадою, везучы рознае філасафічнае начынне і кнігі.
Прыбыўшы ў Парылье, Гарганцюа даведаўся ад мясцовага хутараніна Гуге, што Пікрахол, умацаваўшыся ў Ларош-Клермо, выслаў адтуль незлічонае войска пад камандай военачальніка Трупэ, якое заняло ўвесь Вэдскі лес і маёнтак Вадагры, спустошыла ўсе куратнікі аж да Біярскага бровара і ўвогуле творыць па ўсёй краіне такое паскудства, што цяжка і страшна ўявіць. Гарганцюа быў гэтым так напалоханы, што не ведаў ні што казаць, ні як быць. Тады Панакрат параіў яму паехаць да маёнтка Лавагіён, уладар якога быў заўсёдны іх добры сябар і саюзнік і мог бы даць болей дакладныя звесткі. Так яны не марудзячы і зрабілі. Гаспадар маёнтка сапраўды з ахвотаю пагадзіўся ім дапамагчы і прапанаваў паслаць каго-небудзь са сваіх людзей, каб той агледзеў мясцовасць і выведаў, што і дзе робяць ворагі, а тады ўжо яны, маўляў, змогуць выбраць дарогу адпаведна наяўнай абстаноўцы. Гімнаст вызваўся паехаць на разведку сам, але было вырашана, што будзе ўсё-такі лепей, калі ён возьме з сабою кагось, хто добра ведае вакольныя сцежкі-дарожкі ды рэчкі.
І вось неўзабаве Гімнаст і лавагіёнскі канюшы Фарсун бясстрашна выехалі на разведку навакольных абшараў. Гарганцюа тым часам крыху падмацаваўся і адпачыў са сваімі спадарожнікамі і загадаў, каб ягонай кабыле далі меру аўса, што склала семдзесят чатыры мюіды і тры буасо. А Гімнаст з напарнікам ехалі сабе ехалі ды раптам натрапілі на ворагаў: тыя ў беспарадку паразбягаліся хто куды ды рабавалі й цягнулі ўсё, што здольныя былі знесці. Гімнаста яны заўважылі яшчэ здалёк і наляцелі на яго цэлаю кодлай з намерам абчысціць. Тады Гімнаст ім сказаў:
— Панове, я бедны як чорт і прашу вас нада мной злітавацца. У мяне яшчэ засталося некалькі экю: вось мы на іх і вып’ем, бо гэта самае што ні на ёсць aurum potabіle9. А я, каб было за што адзначыць сустрэчу, нават і каняку гэтага во прадам. І тады можаце лічыць мяне за свайго, бо далібог, нідзе няма чалавека, які лепш за мяне ўмеў бы сцалыпаць, абскубці, абсмаліць, абсмажыць, разабраць і абабраць любую курыцу. Так што, з нагоды майго profіcіat10 прапаную выпіць за ўсіх добрых субяседнікаў.
З гэтымі словамі Гімнаст адаткнуў сваю біклагу і глынуў нагбом ад шчырай душы. Латрыгі глядзелі на яго, як харты, разявіўшы пашчы і высалапіўшы языкі, спадзеючыся, што зараз змогуць глынуць таксама, але ў гэтую хвіліну да іх якраз падаспеў военачальнік Трупэ, які вырашыў паглядзець, што там робіцца. Гімнаст працягнуў яму пляшку і мовіў:
— Бярыце, вашамосць, піце смела — я ўжо пачаставаўся. Гэтае вінцо — з Лафэ-Манжо.
— Што? — незалюбіў Трупэ. — Гэты хамула з нас тут здзекуецца! Ты хто такі?
— Я бядняк, — адказаў Гімнаст, — бедны як чорт.
— Ага! — сказаў Трупэ. — Ну, калі ўжо ты бедны, дык я цябе прапушчу: бедныя чэрці нідзе падаткаў і мыту не плацяць. Але нешта не бачыў я, каб бедныя чэрці гойсалі на такіх добрых каняках. Так што, пане чорце, злязайце са сваёй кабылы ды давайце яе сюды. І глядзіце — калі яна мяне не панясе, дык давядзецца вам, пане чорце, самому мяне несці, бо надта ўжо мне карціць, каб мяне чорт панёс.

Раздзел XXXV

Пра тое, як Гімнаст удала ўтрупяніў военачальніка Трупэ ды іншых Пікрахолавых ваякаў
Пачуўшы такія размовы, многія страшна перапалохаліся і пачалі жагнацца абедзвюма рукамі, думаючы, што, можа, гэта і праўда перад імі пераапрануты чорт. А адзін галава сялянскай дружыны, на мянушку Жан Добры, выцягнуў аднекуль з гульфіка кантычку і пачаў даволі гучна крычаць:
— Agіos ho Theos!11 Калі ты ад Бога, дык кажы, а калі ад Таго, Другога, — дык сыдзі прэч!
Але Гімнаст, дзе стаяў, там стаяць і застаўся. Убачыўшы гэта, шмат хто з хеўры вырашыў лепш, пакуль цэлы, прыбрацца сам. А Гімнаст тым часам аглядаўся ды ўсё прыкмячаў.
Потым ён зрабіў выгляд, быццам збіраецца злезці з каня, а сам, нахіліўшыся ўлева, спрытна, са шпагаю на баку, крутануўся ў стрэмені, перакульнуўся ў каня пад брухам і, падскочыўшы ўгору, стаў абедзвюма нагамі на сядло, толькі да конскага хваста тварам.
— Нешта, чуе мой нос, не туды я пацэліў, — сказаў ён.
Тады з гэтай паставы ён падскочыў на адной назе, крутануўся ўлева і заняў тое самае становішча, у якім быў у пачатку, нічым яго не парушыўшы. На гэта Трупэ сказаў:
— Ну, цяпер я такога рабіць не буду, ёсць у мяне на гэта прычына.
— От жа мухі сраныя! — расчаравана прамовіў Гімнаст. — Зноў я даў маху! Давядзецца перарабляць.
І выявіўшы немалую сілу і спрыт, ён крутануўся яшчэ раз і зрабіў такі самы скачок, як і раней, толькі цяпер управа. Потым, пачапіўшыся вялікім пальцам правай рукі за сядзельны арчак, ён падцягнуўся ўсім целам і, утрымліваючы сябе ў паветры на адных толькі мускулах і цягліцах гэтага пальца, зрабіў патройны кульбіт. Чацверты кульбіт ён зрабіў, ні за што ўжо не трымаючыся, і, апынуўшыся ў каня між вушэй, абаперся ўсёю вагой цяпер ужо на вялікі палец левай рукі, даў круг ветраком і, пляснуўшы даланёй правай рукі пасярэдзіне сядла, падкінуў сябе так, што апынуўся ў каня на крыжы, сеўшы бачком, як паненка.
Пасля гэтага ён лёгка, нібыта гуляючы, перакінуў левую нагу цераз сядло і прыняў паставу вершніка, які едзе на крыжы.
— Не, — сказаў ён, — лепей сяду я паміж арчакоў.
З гэтымі словамі ён абаперся абодвума вялікімі пальцамі на крыж і, кульнуўшыся цераз галаву, роўненька сеў якраз паміж арчакоў; потым зноў адным махам падкінуў усё цела ў паветра, апаў, злучыўшы выпрастаныя ногі, зноўку паміж арчакоў і, напераменку перастаўляючы рукі, крутануўся болей за сто разоў, гучна пры гэтым крычучы:
— Шалею, чэрці, шалею! Гэх, шалею! Трымайце мяне, чэрці! Вой, трымайце мяне, трымайце!
Пакуль ён гэтак вальтыжаваў, дужа ўражаныя латрыгі перашэптваліся:
— Каб мяне трэсла ды каб мяне ў трасцы, калі гэта не які пярэварацень ці пераапрануты чорт! Ab hoste malіgno, lіbera nos, Domіne!12
Урэшце яны кінуліся наўцёкі і ўвесь час азіраліся, як сабака, які сцалыпаў гусінае крылца.
Тут Гімнаст, убачыўшы, як усё зручна складаецца, саскочыў з каня, выхапіў з похваў шпагу і пачаў наводліў пялегаваць усіх, хто знатнейшы, сцелячы снапамі забітых, параненых і пакалечаных; пры гэтым ніхто яму не супраціўляўся, бо ўсе думалі, што ён і ёсць самы сапраўдны чорт, ды яшчэ згаладалы, у чым іх пераканала і яго дзівосная вальтыжоўка, і тое, што Трупэ, калі гутарыў з ім, называў яго панам чортам. Зрэшты, гэты самы Трупэ якраз і хацеў быў па-здрадніцку раскроіць яму чэрап сваім палашом, але латы й шалом у Гімнаста аказаліся добрыя, і ён, адчуўшы толькі важкасць удару, тут жа павярнуўся, наставіў на Трупэ вастрыё сваёй шпагі і, пакуль той бараніў сабе грудзі, працяў яму страўнік, абадочную кішку і палову печані. У выніку Трупэ грымнуўся на зямлю, выпусціўшы з прапоратага чэрава чатыры гаршкі супу, а разам з супам і душу.
Гімнаст тут жа вырашыў прыбірацца прэч, мяркуючы, што шанцуе не вечна і меры ў такіх выпадках перабіраць не трэба, а таму кожны рыцар павінен ставіцца да сваёй удачы ашчадна, не змушаючы яе і не раздражняючы; з гэтаю думкаю ён ускочыў на каня, даў яму шпоры ды паскакаў простай дарогай у Лавагіён, а за ім паспяшаўся й Фарсун.

Раздзел XXXVІ

Пра тое, як Гарганцюа разбурыў замак пры Вэдскім бродзе і як з усёю сваёй кампаніяй пераправіўся цераз брод
Вярнуўшыся ў маёнтак, Гімнаст паведаміў пра размяшчэнне непрыяцеля і расказаў, як дзякуючы выкарыстанай ім стратэгіі ён адзін адолеў цэлую варожую дружыну. Пры гэтым ён запэўніў, што Пікрахолавы ваякі — звычайныя злодзеі, грабежнікі ды латрыгі і нічога ў ваеннай навуцы не цямяць, а таму можна смела выпраўляцца ў дарогу, бо калі што — яны лёгка іх пераб’юць, як скаціну.
Гарганцюа тут жа сеў на сваю вялізную кабылу, і ўсёю кампаніяй, пра якую згадвалася вышэй, яны рушылі наперад. Па дарозе ім трапілася высокае і тоўстае дрэва, якое ў народзе называлі дрэвам святога Марціна, бо яно вырасла з посаха, які святы Марцін уторкнуў у зямлю, — і вось, убачыўшы яго, Гарганцюа сказаў:
— О, гэта якраз тое, што мне трэба: я змагу ім карыстацца і як посахам, і як дзідай.
З гэтымі словамі ён лёгка выдраў дрэва з зямлі, абламаў на ім вецце і, каб прыемней было трымаць у руцэ, аблупіў з яго ўсю кару.
Тым часам яго кабыла вырашыла палегчыць капшук і памачыцца, ды нацурболіла столькі, што затапіла вакол усё аж на цэлыя сем вёрст, а калі ейная мача сцякла да Вэдскага броду, там настолькі падняўся ўзровень вады, што хеўра ворагаў была ахопленая вялікім жахам і ўся патапілася, за выключэннем тых, хто падаўся лявей і паспеў да пагоркаў.
Калі Гарганцюа пад’ехаў да Вэдскага лесу, Эўдэмон паведаміў яму, што рэшткі ворагаў заселі ў замку, і каб упэўніцца ў гэтым, Гарганцюа на ўсю глотку крыкнуў:
— Вы там ці вас там няма? Калі вы там, дык каб вас там больш не было, а калі вас там няма, дык і казаць няма чаго.
Але тут адзін паганы кананір, які стаяў ля байніцы, стрэліў у Гарганцюа з гарматы, і ядро з разлёту патрапіла яму якраз у правую скронь; тым не менш, Гарганцюа адчуў пры гэтым не большы боль, чым калі б у яго кінулі слівінай.
— Гэта яшчэ што? — сказаў ён. — Вы тут што — вінаграднымі косткамі кідаецеся? Я вам дам, як наш вінаград абдзіраць!
А ён сапраўды падумаў, што гэта была вінаградная костка.
Пачуўшы шум, латрыгі, што прабаўляліся рабункамі ў замку, выбеглі на фартэцы і вежы і пачалі паляць на Гарганцюа з фальканетаў ды аркебузаў, выпусціўшы разам болей за дзевяць тысяч дваццаць пяць залпаў; і страляніна гэтая была такая шчыльная, што ўрэшце Гарганцюа закрычаў:
— Панкраце, дружа мілы! Я за гэтымі мухамі нічога не бачу. Выламайце мне пруток з тых вунь вербаў, я ім буду адмахвацца.
Яму і праўда здавалася, што свінцовыя і каменныя ядры — гэта самыя звычайныя сляпні.
Тады Панакрат растлумачыў яму, што ніякія гэта не мухі, а гарматныя ядры, і што страляніну па іх вядуць з замка. Пачуўшы такое, Гарганцюа з усяго размаху пачаў дубасіць па замку сваім таўшчэзным дрэвам, пляжачы фартэцыі і вежы, пакуль не ператварыў увесь замак у руіны. А разам з замкам былі раструшчаныя і расплюшчаныя і ўсе, хто ў ім быў.
Рушыўшы далей, Гарганцюа і ягоныя прыяцелі неўзабаве дабраліся да млынавога пастава і ўбачылі, што ўвесь брод завалены целамі мерцвякоў, якіх было столькі, што яны нават запрудзілі сабою млынавы вадаспуск; а гэта былі ўсё тыя, хто загінуў пад час кабылінага мачапатопу. Тут сябры спыніліся ды пачалі меркаваць, як бы ім адолець гэтую трупатворную перашкоду ды пераправіцца на той бок. Тады Гімнаст заявіў:
— Калі тут чэрці праходзілі, дык і я выдатненька прайду.
— Чэрці тут, вядома, праходзілі, — сказаў Эўдэмон, — ім трэба было забраць душы гэтых нягоднікаў.
— Клянуся святым Трэньянам! — усклікнуў Панакрат. — У такім разе і Гімнаст тут абавязкова пройдзе.
— А то ж, — сказаў Гімнаст, — з чаго мне тырчаць пасярод дарогі?
І даўшы шпоры каню, ён без ніякае цяжкасці перабраўся на другі бераг, бо ягоны конь зусім не баяўся трупаў, а магчыма, дзякуючы таму, што Гімнаст, карыстаючыся навукаю Эліяна, прывучыў яго не палохацца ні целаў, ні душ мерцвякоў, але не забіваючы дзеля гэтага людзей, як рабілі Дыямед, што забіваў фракійцаў, ці Адысей, што сцяліў пад ногі сваім коням забітых ім ворагаў, а кладучы ў сена чучала і прымушаючы каня цераз яго пераступаць, дзеля чаго вабіў яго аўсом.
Тры яго спадарожнікі рушылі следам і таксама паспяхова перабраліся на той бок — усе, апроч Эўдэмона, конь якога па самае калена ўграз праваю нагою ў чэраве аднаго тоўстага і тлустага нягодніка, які плаваў у вадзе дагары тварам; конь ніяк не мог вызваліць угразлай нагі і доўга б яшчэ так завіхаўся, калі б Гарганцюа не гахнуў сваёю дубінаю і не патапіў рэшткі нягоднікавых бэбахаў у вадзе; тады конь падняў нагу, і — о, дзіва ў гіпіятрыі! — пухліна, якая была ў яго на назе, ад дотыку з вантробамі гэтага тлустага латрыгі імгненна знікла.

[...]


Раздзел XLVІІІ

Пра тое, як Гарганцюа аблажыў Пікрахола ў Ларош-Клермо і разбіў усё Пікрахолава войска
Гарганцюа цалкам узяў на сябе камандаванне ўсімі войскамі. А ягоны бацька, які застаўся ў крэпасці, падбадзёрыў жаўнераў добрымі словамі і паабяцаў вялікія ўзнагароды тым, хто вызначыцца якім-небудзь геройскім учынкам. І вось праз пэўны час дружыны падышлі да Вэдскага броду і на чаўнах ды па хутка наведзеных мостах у адзін дух пераправіліся на другі бераг. Потым, вывучыўшы размяшчэнне горада, які стаяў на ўзвышэнні, у выгодным для абароны месцы, Гарганцюа пастанавіў ноч перачакаць і тым часам абдумаць, што ім рабіць далей. Але Гімнаст яму на гэта сказаў:
— Вашамосць, натура і нораў у французаў такія, што зухі яны толькі па першым часе — тады яны страшнейшыя за чарцей. А як заседзяцца, дык тут і з бабамі падужацца ўжо не змогуць. Думка мая такая: як толькі вашыя людзі крыху аддыхаюцца і адпачнуць, дык адразу іх і вядзіце на прыступ.
Гімнастава думка здалася Гарганцюа разумнай. Ён тут жа вывеў свае войскі ў чыстае поле, а частку пакінуў за пагоркам у рэзерве. Манах жа ўзяў з сабою шэсць дружынаў пяхоты і дзвесце латнікаў і, з вялікаю хуткасцю пераправіўшыся цераз балоты і пакінуўшы ўнізе Пюі, выйшаў на Лудэнскі бальшак.
Тым часам прыступ ужо ішоў поўным ходам. Пікрахолавы людзі, праўда, не ведалі, ці ім лепей выйсці і сустрэць непрыяцеля перад мурамі, ці абараняць горад, застаючыся на месцы.

Але ўрэшце Пікрахол так раз’юшыўся, што сам з дружынаю латнікаў выйшаў за браму і — зараз жа быў сустрэты й пачаставаны такою магутнаю стралянінай з гармат, якія пачалі, як градам, абсыпаць валы і пагоркі ядрамі, што нават гарганцюісты палічылі за лепшае адступіць да раўніны і не замінаць сваёй артылерыі. Абаронцы горада адбіваліся як маглі, але іхнія стрэлы праляталі высока па-над галовамі і нікому не рабілі ніякае шкоды. Нарэшце, пэўныя латнікі, якім удалося вырвацца з-пад абстрэлу, з лютасцю кінуліся на нашых, але карысці з гэтага выйшла мала, бо іх адразу ўсіх акружылі і на месцы ўлажылі. Убачыўшы такое, астатнія хацелі былі падацца назад, але з тылу дарогу ім ужо заступіў манах, і тады ворагі пачалі ўцякаць без ніякага складу і ладу. Воі з манахавай дружыны памкнуліся былі за імі ў пагоню, але манах іх утрымаў: ён баяўся, што, пераследуючы ўцекачоў, яны страцяць баявы парадак і, скарыстаўшыся з гэтага, ворагі, што заселі ў горадзе, змогуць на іх наваліцца. Крыху счакаўшы і ўбачыўшы, што ніхто з горада больш не выходзіць, ён паслаў герцага Франтыста13 да Гарганцюа з просьбаю, каб той заняў левы пагорак і не даў Пікрахолу схавацца праз левую браму. Не марудзячы ні хвіліны, Гарганцюа так і зрабіў, паслаўшы туды чатыры дружыны пад камандай Сэбаста14, але не паспелі яны яшчэ ўзысці на пагорак, як нос у нос сутыкнуліся з Пікрахолам і яго патрапаным атрадам. Нашы крута памкнулі на ворага, але пацярпелі праз гэта немалыя страты, бо з муроў па іх адкрылі моцную страляніну, засыпаючы ядрамі й стрэламі. Убачыўшы такое, Гарганцюа зараз жа паспяшаўся даць ім магутную падмогу, і ягоная артылерыя пачала малаціць па тым участку муроў, ды так, што ворагі мусілі перакінуць туды свае сілы з усяго горада.


Тым часам манах, убачыўшы, што з яго боку не засталося ніякай аховы ні абароны, велічнаю хадою рушыў да мура і са сваімі людзьмі борздзенька на яго ўзабраўся, бо справядліва лічыў, што нечаканы напад наганяе на ворага болей жаху і страху, чым любая доўгая і ўпартая бойка. Але адразу ў наступ кідацца ён не стаў, счакаўшы, пакуль на мур не ўзлезуць усе яго воі, апроч двухсот латнікаў, якіх ён да пары пакінуў на ўсякі выпадак вонкі. Потым ён жудасна загарлаў, гэты крык падхапілі ягоныя воі і, наляцеўшы на варту, што ахоўвала браму, тут жа яе, не сустрэўшы ніякага супраціву, усю перабілі, а тады браму адчынілі, латнікаў упусцілі і, разам з імі стрымгалоў пабегшы да ўсходняе брамы, дзе была галоўная заваруха, наваліліся на ворагаў з тылу і пасадзілі ўсё іхнае войска на задніцу. Убачыўшы, што яны абложаныя з усіх бакоў і што гарганцюісты ўжо ў горадзе, пікрахольцы не доўга думаючы здаліся на літасць пераможцам. Тады манах загадаў ім скласці ўсю зброю й даспехі, а потым завёў у царкву і там зачыніў, а каб яны не ўцяклі, пазавальваў дзверы пярэчынамі ад крыжоў і, пакінуўшы сваіх людзей на варце, сам хуценька адчыніў усходнюю браму і паспяшаўся на дапамогу Гарганцюа.
А Пікрахол палічыў, што падмога з горада ідзе якраз да яго, і так пачаў шчыраваць і насядаць, што Гарганцюа аж крыкнуў:
— Братчык Жан, ах мой ты дружа, як жа ж ты паспеў у самы час!
Тады, уцяміўшы нарэшце, што ўсё страчана, Пікрахол і яго ваякі кінуліся ўцякаць куды каго ногі панясуць. А Гарганцюа гнаў, біў іх і сек аж да самага Вагадры, а потым загадаў біць адбой.

: storehouse -> authors
authors -> 1547 — пасля 1590 Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсёй Русі
authors -> Саламея Пільштынова
authors -> 1547 – пасля 1590 Пра пачатак, паходжанне, адвагу, рыцарскія і дамовыя дзеі слаўнага народу літоўскага, жамойцкага і рускага
authors -> Эдгар Алан По Філасофія кампазіцыі
authors -> Ўільям Батлер Ейтс / William Butler Yeats
authors -> Хітрамудры ідальга Дон Кіхот Ламанчаскі
authors -> Хорас Ўолпал (Horace Walpole) 1717—1797 Замак Отранта
authors -> Чарлз Кослі (Charles Causley) 1917—2003 Прывіды Мілерз-Энда
authors -> Обры Бёрдслі/ Aubrey Beardsley 1872 – 1898
authors -> Жэрар дэ Нэрваль/ Gérard de Nerval


Поделитесь с Вашими друзьями:
1   2   3   4




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал