Гарганцюа і Пантагруэль (La vie très horrifique du grand Gargantua, père de Pantagruel)



старонка4/4
Дата канвертавання17.06.2016
Памер0.55 Mb.
1   2   3   4

Раздзел XLІX

Пра тое, як Пікрахола падчас уцёкаў напаткала бяда, і пра тое, што зрабіў Гарганцюа пасля бітвы
У роспачы Пікрахол кінуўся ўцякаць да Іль-Бушара, але на Рыўерскай дарозе яго конь спатыкнуўся і ўпаў, і гэта так яго раззлавала, што ён выхапіў шпагу і ў гневе беднага каняку прыбіў. Тады, убачыўшы, што новага каня яму ніхто ўжо не дасць, ён вырашыў сцягнуць з млына, які стаяў непадалёку, хоць якога асла, але млынары злавілі яго, далі добрага дыхту ды пасля яшчэ дагала раздзелі, а каб было чым прыкрыцца, кінулі яму нейкія лахманы.
Так гэты злоснік і рушыў далей. Праз пэўны час, перабраўшыся цераз рачулку каля Пор-Гюо, ён напаткаў варажбітку і, расказаўшы ёй пра свае нягоды, пачуў у адказ, што каралеўства ягонае будзе яму вернутае ў тую пару, калі рак паляціць угару. А што з ім здарылася пасля, нікому невядома. Казалі мне, праўда, нібыта ён цяпер вострыць нажы-ножны, туляючыся па вуліцах Ліёна, і што які ён быў, такі і застаўся злосны, а яшчэ, што калі ён толькі заўважыць каго заезжага, дык адразу кідаецца да яго і пытае, ці не бачыў ён, каб дзе-небудзь ракі пачалі лётаць: відаць, ён яшчэ верыць у прароцтва старой і спадзяецца, што з пачаткам ракавых палётаў каралеўства яму будзе вернутае.
Што ж да Гарганцюа, дык пасля адступлення пікрахольцаў ён першым чынам пералічыў сваіх ваяроў і ўбачыў, што ў бітве загінула іх няшмат, а дакладней — некалькі пехацінцаў з дружыны военачальніка Тальмэра15, ды яшчэ Панакрат быў паранены з аркебузы ў грудзі. Тады ён распарадзіўся падружынна ўсіх накарміць, скарбнікам за харчовыя прыпасы насельніцтву як след заплаціць і ўвогуле не рабіць жыхарам ніякае шкоды, бо горад усё-такі свой; потым ён сказаў, што, калі ваяры падмацуюцца, каб іх выстраілі на пляцы перад замкам і выплацілі кожнаму паўгадавое жалаванне. Усё так і зрабілі. Тады Гарганцюа загадаў прывесці на пляц захопленых пікрахольцаў і перад сваімі князямі і военачальнікамі трымаў да іх такую прамову.

Раздзел L

Прамова, з якою Гарганцюа звярнуўся да пераможаных
— Ва ўсе часы нашыя бацькі, дзяды і прадзеды былі такія, што пасля выйграных імі бітваў у знак сваёй перамогі й трыюмфу з большай ахвотаю ўзводзілі помнікі й манументы ў сэрцах пераможаных — дзякуючы сваёй літасці, а не ў землях, заваяваных імі, — дзякуючы дойлідскаму ўмельству; і рабілі яны гэта таму, што жывую людскую памяць, здабытую дабрадзейнасцю, цанілі вышэй за маўклівую мову калон, арак і пірамід, падуладных капрызам прыроды і чалавечай зайздрасці.
Досыць будзе вам прыгадаць, з якой міласэрнасцю паставіліся яны да брэтонцаў у дзень бітвы пры Сэнт-Абэн-дзю-Карм’е ці пры разбурэнні Партэнэ. Вы, вядома, чулі, а чуючы, захапляліся тою мяккасцю, з якою яны абышліся са шпаньёльскімі варварамі, якія разрабавалі, спустошылі й спляжылі ўсё марское ўзбярэжжа ў Алоне й Тальмонце.
Уся паднябесная поўнілася пахваламі і прывітальнымі воклічамі, якія вы ўзносілі разам з бацькамі вашымі, а тым часам канарскі кароль Альфарбал, не могучы здаволіцца сваім і без таго незлічоным багаццем, брутальна напаў на Аніскі край і сваімі пірацкімі наскокамі змучыў усе Армарыкскія астравы і сумежныя вобласці. Але ў праведнай марской бітве ён быў урэшце разбіты і ўзяты ў палон маім бацькам, няхай яго беражэ і бароніць Бог. І што ж? Мой бацька не стаў яго абражаць, прыніжаць, мардаваць у вязенні ці абкладаць непамернымі паборамі і падаткамі, як зрабілі б іншыя каралі з імператарамі, якія называюць сябе пры гэтым каталікамі, — не, ён паставіўся да яго з пачцівасцю, па-сяброўску, пасяліў побач з сабой у палацы і, выявіўшы неверагодную дабрыню, абсыпаўшы падарункамі, ласкамі і ўсімі магчымымі сяброўскімі паслугамі, забяспечыўшы ахоўнымі граматамі, адпусціў на волю. Што пасля гэтага зрабіў Альфарбал? Пасля гэтага, вярнуўшыся на радзіму, ён загадаў склікаць на сойм усіх князёў і прадстаўнікоў усіх станаў свайго каралеўства і, расказаўшы, з якой чалавечнасцю яго ў нас прымалі, папрасіў іх вынесці такое рашэнне, якое ўсяму свету паслужыла б узорам і паказала б, што, з якою мы да іх паставіліся прыязнай пачцівасцю, з такою і яны пачцівай прыязнасцю паставіліся да нас. І пастанавілі яны з агульнае згоды перадаць у нашае поўнае і вольнае карыстанне ўсе свае землі, маёнткі і ўсё каралеўства. Тады Альфарбал зараз жа ўласнай персонай выправіўся ў дарогу назад, ведучы за сабою дзевяць тысяч трыццаць восем вялікіх караблёў, гружаных скарбамі, якія належалі не толькі асабіста яму і яго каралеўскаму роду, але былі сабраныя ледзь не з усяе краіны, бо, пакуль караблі, чакаючы ў ветразі спадарожнага ветру з вест-норд-оста, стаялі ў порце, люд, што тоўпіўся на прычале, кідаў у іх золата, срэбра, пярсцёнкі, каштоўнасці, прысмакі, духмянасці й зёлкі, папугаяў, пеліканаў, малпаў, цыветаў, генетаў і дзікабразаў. Кожны, хто шанаваў гонар свайго сямейства, прыносіў у дарунак самае каштоўнае, што ён меў. Калі ж Альфарбал нарэшце прыбыў да майго бацькі, ён хацеў быў кінуцца долу і пацалаваць яму ногі, але мой бацька палічыў гэты жэст непрыстойным і не дапусціў яго, абняўшы Альфарбала як сябра. Тады Альфарбал хацеў перадаць майму бацьку дарункі, але і яны не былі прынятыя з прычыны занадта вялікага іх багацця. Тады ён аб’явіў сябе і сваіх нашчадкаў добраахвотнымі яго рабамі і служкамі, але і з гэтым бацька не пагадзіўся, памеркаваўшы, што так будзе несправядліва. Тады на падставе рашэння сойма Альфарбал перадаў майму бацьку дароўныя граматы, падпісаныя, змацаваныя пячаткамі і зацверджаныя ўсімі, кім трэба, згодна з якімі майму бацьку аддаваліся ўсе землі яго каралеўства, але і ад гэтага бацька рашуча адмовіўся, а граматы кінуў у агонь. Кончылася ўсё тым, што мой бацька, бачачы такую добрую волю і шчырасць канарцаў, расчуліўся ад шкадобы да іх і расплакаўся як дзіця, а потым, ужываючы самыя вытанчаныя выразы і цытуючы адпаведныя выпадку выслоўі, пастараўся прыменшыць значэнне ўчыненай ім дабрадзейнасці, кажучы, што зрабіў толькі тое, чаго патрабавалі ад яго правілы добрага тону, і што ніякай асаблівай ветлівасці тут з яго боку няма, бо ён проста павінен быў так зрабіць. Але тым болей узносіў яго Альфарбал. І які ўрэшце быў вынік? Замест таго каб мы, запатрабаваўшы самага тыранскага выкупу і ўзяўшы ў заложнікі старэйшых Альфарбалавых сыноў, атрымалі як кампенсацыю — па самай высокай мерцы — два мільёны экю, яны самі аб’явілі сябе нашымі вечнымі даннікамі і абавязаліся выплачваць штогод па два мільёны манет з найчысцейшага, на дваццаць чатыры караты, золата. Але заплаціўшы нам на першы год два мільёны, яны на другі, па сваёй добрай волі, выплацілі ўжо два мільёны трыста, на трэці — два мільёны шэсцьсот, на чацверты — тры мільёны, і так па асабістым жаданні ўсё павялічвалі і павялічвалі выплачваную суму, пакуль мы не вымушаныя былі ўвогуле адмовіцца ад іх што-небудзь прымаць. У гэтым і ёсць сутнасць удзячнасці, бо калі ўсякую рэч час разбурае і нішчыць, дык дабрадзейнасць ён узвялічвае і памнажае, бо добры ўчынак, зроблены ад шчодрай душы разумнаму чалавеку, безупынна прыўзносіцца і расце ў яго высакародных думках і памяці.
І таму я, не хочучы ні ў чым здраджваць спадчыннай дабрыні майго роду, вызваляю вас цяпер і адпускаю, так што вы з гэтай пары, як і раней, зноўку вольныя і свабодныя. Болей за тое, на выхадзе за гарадскую браму, кожнаму з вас будзе выплачана столькі, колькі хопіць пражыць на тры месяцы, каб усе вы маглі спакойна вярнуцца дадому і да сваіх сем’яў, а каб па дарозе вам не было шкоды ад маіх сялянаў, я даю вам дзеля аховы шэсць сотняў латнікаў і восем тысяч пяхоты на чале з маім канюшым Аляксандрам. І няхай дапаможа вам Бог!
Я ад усяго сэрца шкадую, што тут няма Пікрахола, бо я растлумачыў бы яму, што гэтая вайна была развязаная не па маёй волі і я зусім не спадзяваўся ўзвялічваць у ёй маё багацце ці гучнасць майго імя. Ды калі ўжо так сталася, што ён прапаў і немаведама куды падзеўся, я хачу, каб яго каралеўства цалкам перайшло яго сыну, а паколькі ён занадта яшчэ малы — бо яму не споўнілася і пяці гадоў, — няхай рэгентамі і настаўнікамі пры ім будуць князі старажытных родаў і вучоныя дзеячы яго каралеўства. Тым не менш, разумеючы, што і так падточаная вайною дзяржава можа быць лёгка даведзеная да галечы праз жадобу і прагнасць кіраўнікоў, я хачу і пастанаўляю, каб галоўным наглядчыкам над усімі рэгентамі стаў Панакрат, якому й перадаюцца ўсе патрэбныя дзеля гэтага паўнамоцтвы і які застанецца побач з малалетнім прынцам да той пары, пакуль не прызнае яго здольным самастойна кіраваць і ўладарыць.
Мне вядома, што занадта паблажлівая і мяккацелая схільнасць дараваць злачынцам служыць ім потым падставаю лёгка ўчыняць новыя зладзействы, карыстаючыся з гэтай згубнае звычкі над усімі і заўсёды літавацца.
Мне вядома, што Майсей, найлагоднейшы з усіх людзей, якія жылі ў яго часы на зямлі, тым не менш сувора караў бунтароў і падбухторшчыкаў ізраільскага народу.
Мне вядома, што Юлій Цэзар, вялікі палкаводзец, дабрыня якога дала Цыцэрону падставу сказаць, што найвышэйшаю яго цнотай было тое, што ён заўсёды імкнуўся — і нічога не цаніў так высока, калі мог, — кожнага і ўсякага ўратаваць і кожнаму дараваць, і нягледзячы на гэта, у адпаведных выпадках бязлітасна караў завадатараў бунтаў.
Наследуючы іх прыкладу, я хачу, каб раней чым мы разышліся, вы выдалі мне, па-першае, гэтага мілягу Марке, чыя фанабэрыстая напышлівасць з’явілася вытокам і першапрычынай вайны, па-другое, ягоных прыяцеляў-прасначнікаў, якія не паклапаціліся зараз жа прывесці да розуму гэтага шаленца, і, нарэшце, усіх Пікрахолавых дарадцаў, военачальнікаў, афіцэраў і прыбліжаных, якія падгаварылі яго, падбухторылі і падбілі паламаць усе межы і нарабіць нам такой бяды.
пераклад з французскай — Зміцер Колас


1 Усе чальцы капітула — на капітул (лац.).

2 Супраць варожых падкопаў (лац.).

3 На славу міру (лац.).

4 Варожае навалы не спалохайцеся (лац.).

5 Дай мне піцення! (лац.).

6 Каюся! Злітуйся! У рукі [твае перадаю мой дух]! (лац.).

7 Спяшайцеся паволі (лац.).

8 Абачлівы (грэцк.).

9 Пітное золата (лац.).

10 Шчаслівага прыезду (лац.).

11 Святы Божа! (грэцк.).

12 Ратуй нас ад нячыстага, Госпадзе! (лац.).

13 Разумны (грэцк.).

14 Паважаны (грэцк.).

15 Адважны (грэцк.).

Каталог: storehouse -> authors
authors -> 1547 — пасля 1590 Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсёй Русі
authors -> Саламея Пільштынова
authors -> 1547 – пасля 1590 Пра пачатак, паходжанне, адвагу, рыцарскія і дамовыя дзеі слаўнага народу літоўскага, жамойцкага і рускага
authors -> Эдгар Алан По Філасофія кампазіцыі
authors -> Ўільям Батлер Ейтс / William Butler Yeats
authors -> Хітрамудры ідальга Дон Кіхот Ламанчаскі
authors -> Хорас Ўолпал (Horace Walpole) 1717—1797 Замак Отранта
authors -> Чарлз Кослі (Charles Causley) 1917—2003 Прывіды Мілерз-Энда
authors -> Обры Бёрдслі/ Aubrey Beardsley 1872 – 1898
authors -> Жэрар дэ Нэрваль/ Gérard de Nerval


Поделитесь с Вашими друзьями:
1   2   3   4




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал