Гаспадарчае будаўніцтва і калектывізацыя



Дата канвертавання15.05.2016
Памер238.31 Kb.
Гаспадарчае будаўніцтва і калектывізацыя
Пасля лістападаўскай рэвалюцыі 1918 г. ў Германіі нямецкія войскі пакінулі тэрыторыю Беларусь 18 лістапада 1918 г. ў Альбрэхтаве адбыўся першы з'езд камбедаў Увазнясенскай воласці, у якім прынялі ўдзел 140 прадстаўнікоў ад камбедаў, з іх камуністаў-бальшавікоў — 9 чалавек, спачуваючых камуністам — 128, беспартыйных — 3. У сваёй рэзалюцыі з'езд асудзіў мяцеж ва Увазнясенскай воласці і зацвердзіў, што не астановіцца ні перад якімі мерамі, «аж да расстрэлу».

У лютым 1919 г. цэнтральная і ўсходняя часткі Віцебшчыны, у тым ліку і Расоншчына, у якую ўваходзілі часткова Аляксандраўская, Уладзімірская, Увазнясенская, Ефрасіннеўская, Клясціцкая, Мікалаеўская, Юхавіцкая воласці, былі далучаны да РСФСР.

Паводле папярэдніх вынікаў перапісу насельніцтва ў жніўні 1920 г. ў Аляксандраўскай воласці Полацкага павета быў 131 на­селены пункт, 1166 двароў, 5437 жыхароў, у тым ліку 2462 мужчыны і 2975 жанчын. Часо-ва адсутнічала па розных прычынах 610 чалавек, у тым ліку 56 ваеннапалонных і без вестак прапаўшых, 73 чалавекі былі на за­работках.

Ва Уладзімірскую воласць Полацкага па­вета ўваходзіла 113 населеных пунктаў, у якіх было 874 двары. У воласці — 4968 жыхароў, з іх 2243 мужчыны і 2725 жанчын. Часова адсутнічалі па розных прычынах 553 чалавекі, у тым ліку 48 ваеннапалонных, 18 чалавек былі на заработках.

Ва Увазнясенскай воласці Полацкага паве­та было 206 населеных пунктаў, 2085 двароў, 10 058 жыхароў, з іх 4478 мужчын, 5580 жанчын, часова адсутнічала па розных пры­чынах 1146 чалавек, з іх 73 ваеннапалонныя і без вестак прапаўшыя, 140 чалавек былі на заработках.

У Ефрасіннеўскай воласці Полацкага паве­та было 136 населеных пунктаў, 1179 двароў, 5114 жыхароў, з іх 2332 мужчыны і 2782 жанчыны, часова адсутнічала па розных прычынах 511 чалавек, з іх 35 ваеннапалон­ных і без вестак прапаўшых, 18 чалавек былі на заработках.



У Клясціцкай воласці Дрысенскага павета было 94 населеныя пункты, 928 двароў, 3999 жыхароў, з іх 1802 мужчыны, 2197 жанчын, часова па розных прычынах адсутнічала 496 чалавек, з іх 53 ваеннапалонныя, 31 чалавек быў на заработках.

У Мікалаеўскай воласці Полацкага павета было 187 населеных пунктаў, 2031 двор, 10 420 жыхароў, з іх 4958 мужчын, 5162 жанчыны, часова па розных прычынах адсутнічала 827 чалавек, з іх 115 ваеннапалонных і без вестак прапаўшых, 152 чалавекі былі на заработках.

У Юхавіцкай воласці Дрысенскага павета было 45 населеных пунктаў, 528 двароў, 3023 жыхары, у тым ліку І634 мужчыны, 1389 жанчын, часова па розных прычынах адсутнічала 528 чалавек, з іх 24 ваеннапалон­ныя і без вестак прапаўшыя, 22 чалавекі былі на заработках.

У складзе РСФСР з 1923 г. тэрыторыя сучаснага Расонскага раёна была падзелена паміж Валадарскай, Пралетарскай, Чырвонаармейскай, Юхавіцкай валасцямі.

Паводле звестак за 1920 г. 75,9 % сельскага насельніцтва Полацкага, 73,5 % Дрысенскага паветаў былі непісьменнымі. Вядома, што нізкі ўзровень адукаванасці не дазваляў сялянам глыбока ўсвядоміць сутнасць праграмы бальшавікоў, асноўных іх лозунгаў. У цэлым да снежня 1917 г.— лютага 1918 г. большасць сялянства падтрымлівала ідэйную платфор­му эсэраўскай партыі і патрабавала ліквідацыі памешчыцкага землеўладання, заканчэння вайны. Гэтыя патрабаванні мелі не сацыялістычны, а агульна-дэмакратычны характар.

Частка сялян, асабліва сераднякоў, у розныя перыяды вагалася. Гэтыя ваганні часам праяўляліся ў непрыняцці Савецкай улады, асабліва ў час збору харчразвёрсткі, масавых мабілізацый у армію. Так, у дакладзе агітацыйна-асветнага аддзела Дрысенскага ваеннага камісарыята адзначана: «Асабліва цяжкая работа выдалася агітацыйна-асветнаму аддзяленню ў вёсцы за апошні час. Сялянства моцна хвалюе пытанне аб надзвычайным рэвалюцыйным падатку і зборы цёплых рэчаў, даводзіцца весці барацьбу з кулацкім элементам у вёсцы. I апошняе, з развіццём дэзерцірства агітатарам даводзіцца змагацца з гэтай з'явай». Аб масавым дэзерцірстве паведамляла газета «Известия Витебского губревкома и губкома РКП» 24.10.1920 г. (гл. дакумент). Магчыма, праяўленнем ваганняў і няўпэўненасці ў справядлівасці метадаў, якімі ўсталёўвалася Савецкая ўлада, можна растлумачыць самазабойства ў пачатку 1919 г. Дз. П. Салаўёва, аднаго з актыўных барацьбітоў за Савецкую ўладу ў Полацкім павеце, ураджэнца в. Сяляўшчына Расонскага раёна (гл. дакумент «Паве-дамленне газеты «Витебский листок» ад 9.1.1919 г. і 28.3.1919 г. аб самазабойстве Дз. П. Салаўёва).

Непрыманне харчовай, аграрнай і нацыянальнай палітыкі, якую праводзіла Савецкая ўлада, цяжар шматлікіх павіннасцей, у першую чаргу харчразвёрстка, самавольствы, гвалты, беспадстаўныя рэпрэсіі, бясчынствы і выкарыстанне службовага становішча савецкімі і партий­нымі работнікамі ў карыслівых мэтах выклікала вясной — летам 1919 г. актыўны працэс фарміравання паўстанцкіх атрадаў, так званых «зялёных», у Полацкім, Віцебскім і іншых паветах губерні. Газета «Известия Витебского губернского Совета крестьянских, рабочих, красно­армейских и батрацких депутатов» 11 чэрвеня 1919 г. паведамляла: «Па лясах, балотах і азёрах, па гіблых месцах Віцебскай губерні, галоўным чынам у месцах блізка датыкаючых да фронта, з'явіліся атрады «зялёнай» арміі..., у сваіх непісьменных адозвах на незабяспеча-насць сваіх сем'яў, на сваю стомленасць вайной гэта зялёнае воінства пачынае азнамяноўваць сябе подзвігамі накшталт вырэзвання сем'яў з мэтай рабунку, падстрэльвання з-за вугла савецкіх работнікаў і чырвонаармейцаў, налётаў на станцыі, псавання чыгуначных шляхоў, мастоў...». Адзін гвалт нараджаў другі. Часам «зялёныя» выступалі за свабодны гандаль, за ўладу Саветаў, але без камуністаў. Улады Віцебскага і Полацкага паветаў вымушаны былі прыняць меры па ўмацаванні міліцыі і фарміраванні дадатковых вартавых рот для барацьбы з сялянскай партызаншчынай.

Рэчаіснасць не спраўдзіла сялянскіх уяўленняў пра сацыяльную справядлівасць. Спрадвечная мара — быць гаспадаром на сваёй зямлі і свабодна распараджацца прадуктамі сваёй працы — не збывалася. Таму ў 1920—21 гг. узнік глыбокі эканамічны і палітычны крызіс, усюды зноў успыхнулі сялянскія паўстанні. Толькі з адменай харчразвёрсткі сялянскі рух пайшоў на спад.

7.3.1924 г. Віцебская губерня была далучана да БССР. 17.7.1924 г. паводле пастановы ЦВК БССР «Аб адміністрацыйна-гаспадарчым дзяленні БССР» у складзе Полацкай акругі быў створаны Расонскі раён. 20.8.1924 г. раён быў падзелены на 10 сельсаветаў: Альбрэхтаўскі, Гарбачэўскі, Дзмітраўскі, Клясціцкі, Мі-лавіцкі, Парэцкі, Руднянскі, Сакалішчанскі, Сяляўшчынскі, Юхавіцкі. 4.8.1927 г. да раёна былі далучаны Краснаборскі, Круцікаўскі, Папавалуцкі, Старадворскі, Тродавіцкі, Шніткаўскі сельсаветы ліквідаванага Краснаборскага раёна.

У кастрычніку — лістападзе 1924 г. на Расоншчыне праведзены перавыбары Саветаў, у лістападзе ўтвораны райком КП(б)Б, у снежні — райвыканком. 3 1924 г. на Расоншчыне стваралася сістэма ідэалагічнай асветы. Перасоўная школа па ліквідацыі палітычнай неадукаванасці, адкрытая паводле пастановы раённага камітэта кампартыі, праводзіла заняткі па палітасвеце з 5 да 8 гадзін вечара штодзённа, акрамя выхадных. Тут таксама чыталіся лекцыі агранамічнага цыкла.

Разбураная вайной гаспадарка патрабавала аднаўлення, адной з яе форм было абагуленне сялянамі маёмасці і стварэнне камун, таварыстваў па сумеснай апрацоўцы зямлі. Адной з першых на Расон­шчыне была Мокаўская сельскагаспадарчая камуна.

У 1925 г. быў узяты курс на развіццё сельскагаспадарчай і крэдытнай кааперацыі, асноўнымі задачамі якой была арганізацыя крэдытаў, перапрацоўка і збыт сельскагаспадарчай прадукцыі, развіццё ўсіх форм калектыўнага земляробства, забеспячэнне сялянства сродкамі вытворчасці.

Паўстала задача кааперацыі сельскай гаспадаркі і ў Расонскім раёне. На пачатак 1925 г. тут было 6323 сялянскія гаспадаркі, якія мелі 2152 дзесяціны зямлі, 11 600 дзесяцін лугоў, 4636 коней, 230 гаспадарак не мелі зямлі, 1784 сялянскія сям'і не мелі коней. У сярэднім на душу насельніцтва прыходзілася 1,2 дзесяціны зямлі, асноўная яго маса была бядняцка-серадняцкай, заможныя сяляне складалі 2—3 %. У дарэвалюцыйны час жыхары Расоншчыны жылі ў асноўным адыходнымі промысламі, кожнае лета ішлі на заработкі ў Петраград і Маскву. Захоўвалася гэта тэндэнцыя і пасля рэвалюцыі. У 1924 г. на выезд сялянам з Расонскага раёна было выдадзена да 500 пашпартоў.

У Расонскім раёне першае крэдытнае сельскагаспадарчае таварыства ўзнікла ў красавіку 1923 г. ў в. Альбрэхтава, дзе ўжо быў падобны вопыт (у дарэвалюцыйны час тут існавала даволі моцнае крэдытнае таварыства). Першым яго старшынёй стаў Васіль Альшанікаў, які быў родам з в. Ізбішча, намеснікам старшыні і касірам — Фёдар Тогулеў. Да снежня 1924 г. ў раёне было 4 сельска-гаспадарчыя і 3 спажывецкія таварыствы, якія аб'ядноўвалі каля 2 тысяч пайшчыкаў. У канцы 1926 г. ўзніклі Краснапольскае і Клясціцкае крэдытныя сельска-гаспадарчыя таварыствы. Актыўнымі арганізатарамі таварыстваў у раёне на той час былі Фёдар Тогулеў, Лаўрэнцій Мінавіч Лапенка, Ксенія Міронаўна Грачуха і іншыя.

Крэдытныя сельскагаспадарчыя тава­рыствы стваралі ў раёне машынныя таварыствы, якія ўжо маглі купіць малатарні, арфы, ільнамялкі, парныя конныя плугі і іншы сельскагаспадарчы інвентар. Члены таварыстваў працавалі на грамадскіх пачатках, бясплатна. 3 агульнага фонду плацілі толькі машыністу. Машынныя таварыствы былі ў вёсках Альбрэхтава і Сяляўшчына. На 1 кастрычніка 1925 г. ў раёне меліся 92 конныя, 25 ручных малатарняў, 156 арфаў. Быў пабудаваны млын з механічным прыво­дам, 8 вадзяных млыноў, 66 кузняў.

У справаздачы Расонскага райкома партыі за другі квартал 1925 г. адзначалася, што «настрой сялянства ў сувязі з апошнімі рашэннямі 14-й партканферэнцыі і 3-га з'езда Саветаў значна змяніўся ў бок даверу Савулады і партыі...». Адначасова насцярожанасць сялянства да Савецкай улады захоўвалася. У той жа справаздачы ёсць і такія радкі: «Неабходна адзначыць, што... часам сяляне гавораць: «Усё добра, калі б пастановы Урада праводзілі ў жыццё, а то ў большасці гэтыя пастановы застаюцца на паперы».

Развіццё кааперацыі ў вёсцы паступова прымала іншыя формы. Пачалі ўзнікаць калгасы, якія спачатку ствараліся добраахвотна, па ініцыятыве знізу. На Расоншчыне першы калгас быў арганізаваны ў пачатку 1927 г. ў вёсцы Вялікае Грачушына. Першым падаў ідэю стварэння калгаса хутаранін Аляксей Захаравіч Яфрэменка. Ён абышоў усе хаты сваёй вёскі, а таксама ў Альбрэхтаве і прапаноўваў сялянам аб'яднацца ў калгас. Аднак калгасы былі яшчэ новай справай, і толькі чацвёра сялян далі згоду працаваць разам — А. Прыбыткаў, С. Зянькоў, I. Несцераў і I. Вашнёў. Яны правялі сходку, выбралі старшынёй А. 3. Яфрэменку. Калгас назвалі «Чырвоная Горка». Аднак, калі старшыня прыйшоў у кантору Расонскага крэдытнага сельскагаспадарчага таварыства, каб зарэгістраваць ство­раную сельскагаспадарчую арцель, выявілася, што ў калгасе павінна быць не менш, як сем гаспадарак. Дапамаглі старшыня крэдытнага таварыства М. А. Абуховіч і яго намеснік і касір Ф. I. Тогулеў, якія самі ўступілі ў калгас. Такім чынам, быў афіцыйна аформлены першы на Расоншчыне калгас «Чырвоная Гор­ка». Неўзабаве быў зарэгістразаны і другі калгас «Расоны», у якім таксама было сем гаспадарак. Каля гарадскога пасёлка сялянам было выдзелена для апрацоўкі 40 гектараў былой панскай зямлі.

Лаўрэнцій Мінавіч Лапенка ў той час працаваў сакратаром раённага зямельнага аддзела, быў у камісіі па спрэчках аб зямлі. Яму даводзілася разбіраць шматлікія заявы, у якіх сяляне скардзіліся на парушэнне межаў іх участкаў. Для вырашэння гэтай праблемы ў першамайскае свята 1928 г. прыехаў ён у вёску Малое Грачушына. Гутарыў з многімі, растлумачваў, пераконваў. У гутарцы выявілася, што многія сяляне, як і суседзі, маюць намер арганізаваць калгас, працаваць калектыўна. Такіх было 14 сем'яў, сабраліся яны ў хаце Лукі Хмялькова на арганізацыйны сход. Пасля доўгіх дэбатаў наконт Статута калгаса, які быў тут жа на-пісаны сакратаром раённага зямельнага аддзела, сяляне аднагалосна вырашылі ўступіць у калгас са сваімі сем'ямі і наяўнай ва ўласным карыстанні жывёлай. У гонар свята калгас назвалі «1-е Мая», які ў першыя гады свайго існавання быў паказальнай на Расоншчыне калектыўнай гаспадаркай. Тут аб'ядналі не толькі зямлю, жывёлу, сельскагаспадарчы інвентар, але і арганізавалі грамадскае харчаванне. У вёсцы Грачушына размясцілі калгасную сталоўку і кухню. Быў свой повар. Харчаваліся калгаснікі чатыры разы на дзень.

Да верасня 1929 г. ў раёне было 12 калгасаў, 1 камуна, 4 меліярацыйныя, 19 машынных таварыстваў, 4 таварыствы па сумеснай апрацоўцы зямлі, 2 малочныя арцелі, якасна вырасла крэдытная кааперацыя, якой у 1929 г. было ахоплена 5687 пайшчыкаў супраць 2674 у 1926 г. Было кааперавана 70 % бядняцкіх гаспа­дарак, паявы капітал павялічыўся з 8232 рублёў у 1923 г. да 32 688 рублёў у 1926 г. Развівалася і спажывецкая кааперацыя.

Аднак далейшае развіццё кааперацыі было перарвана. Павольны, аднак верны яе метад, нэп, які ўжо даў практычныя вынікі, быў рашуча адкінуты. Насуперак узважанаму, рэалістычнаму аналізу становішча краіны, ігнаруючы законы эканомікі, быў узяты курс на паскоранае, прымусовае правядзенне калектывізацыі, якая паклала канец гаспадарча-разліковым адносінам як у самой сельскагаспадарчай вытворчасці, так і ва ўзаемаадносінах паміж горадам і вёскай. Харчовы падатак саступіў месца пастаўкам, якія па сутнасці з'явіліся харчразвёрсткай ва ўмовах мірнага часу. Гэта прывяло да жорсткіх пабораў у вёсцы. Гэтыя і іншыя меры калектывізацыі паклалі канец нэпу ў сельскай гаспадарцы. Сілавыя метады ўпраўлення эканомікай сталі дамінуючымі. Былыя метады кіраўніцтва, дзе яшчэ праяўляліся дэмакратычныя пачаткі, усё больш змяняліся метадамі адміністрацый-нага ўціску. Пад прыкрыццём дэмакратычнай фразеалогіі, часам і без яе, адкрыта ішло фарміраванне камандна-адміністрацыйнай сістэмы ў яе горщым, сталінскім варыянце. Яна ўяўляла сабой па сутнасці таталітарны рэжым, варожы да іншадумцаў і праяўленняў дэмакратызму. Ігнараванне прынцыпу добраахвотнасці пры ўступленні сялян у калгасы стала нормай у пачатковы перыяд масавай ка-лектывізацыі. Эканамічны і адміністрацыйны ўціск на сялянства, у т. л. серадняка, набыў беспрэцэдэнтныя памеры. Пагоня за высокімі тэмпамі калектывізацыі атрымала падтрымку з боку Савета Народ­ных Камісараў БССР, які ў снежні 1929 г. задаволіў хадайніцтвы акруговых выканкомаў Саветаў і выдзеліў для суцэльнай калектывізацыі Магілёўскую акругу і 15 раёнаў іншых акруг, у тым ліку і Расонскі. Тут было прадугледжана завяршыць калектывізацыю да 1930 г.

У рэзалюцыі раённага партыйнага схо­ду ад 22 сакавіка 1930 г. з задавальненнем адзначалася, што калгасамі ўжо ахоплена 5883 гаспадаркі, ці 61,13 % на плошчы 53 072 га (63,1 %), абагулена 7698 ц не­сення.

Якім чынам дасягалі гэтых «поспехаў», згадваецца нават у гэтым жа дакуменце. У Тродавіцкім, Старадворскім, Руднянскім сельсаветах пры абагуленні маёмасці мелі месца запалохванні сялян высялен-нем з раёна, стральба ўверх пасля сходаў, вобыскі, узломванне дзвярэй, у Клясціцкім — раскулачванне сераднякоў.

Асноўнай задачай па выкананні рашэнняў 15-га з'езда ВКП(б), 11-га з'езда КП(б)Б і 14-й Усесаюзнай партканферэнцыі Расонскі райком партыі лічыў «правядзенне шпаркага тэмпу калектывізацыі вёскі, умацаванне ўжо існуючых калгасаў за лік уцягнення ў іх большай колькасці бядняцкіх гаспадарак, гаспадарчага ўпарадкавання калгасаў». Знешне гэтая ра­бота праводзілася паспяхова. У справаздачы райкома за тэрмін з 1 верасня 1928 г. да 1 жніўня 1929 г. адзначалася: «У час сёлетняй вясенняй пасеўкампаніі заргані­завана 8 калгасаў і ў мінулай пасеўкампаніі зарганізавана 5 калгасаў і 1 камуна. Усяго ў раёне на 1-е жніўня налічваецца 13 калгасаў, 1 камуна з ахопам бядняцкіх гаспадарак 69, серадняцкіх 47, парабкаў у калгасах 2, к агульнаму ліку гаспадарак раёну, уцягнутых у калгасы 13 працэнтаў сялянскіх гаспадарак. Займаемая калгасамі плошча зямлі 1626 гектараў, альбо 28 % к агульнаму ліку ўсёй плошчы раёну».

3—8 снежня 1930 г. адбыўся пленум ЦК КП (б) Б, на якім сакратар ЦК КП (б) Б К. В. Гей патрабаваў завяршыць суцэльную калектывізацыю да 1931 г. Аднак і гэты тэрмін хутка быў зменены. У лютым 1930 г. Бюро ЦК КП(б)Б прыняло рашэнне калектывізаваць да пачатку веснавой сяўбы бягучага года 75—80 % сялянскіх гаспадарак.

Як і па ўсёй рэспубліцы, на Расоншчыне студзень і люты 1930 г. былі месяцамі самага вялікага росту калгасаў, якія адразу ж былі аб'яднаны ў адзін куст, стар­шынёй якога быў прызначаны Афанасій Іванавіч Савіцкі. На гэтым раённыя партыйныя кіраўнікі лічылі, што калектывізацыя на Расоншчыне поўнасцю завершана. Аднак гэты «куст» хутка распаўся. Штучнае фарсіраванне тэмпаў калектывізацыі прывяло да таго, што многія кал­гасы ў раёне аказаліся няўстойлівымі і хутка распаліся, так і не распачаўшы веснавой пасяўной кампаніі 1930 г. У вёсках Тапары і Рудня, напрыклад, з 50 сялянскіх гаспадарак у калгасе імя Фаб-рыцыуса засталося толькі 13, ды і тыя без зямлі. Пры праверцы дакументацыі калгаса было выяўлена, што 38 сем'яў былі прыняты ў калгас па адной і той жа заяве: «Прашу прыняць мяне ў калгас. Я усту­паю па ініцыятыве таварыша Аболіна». Аболін быў абвешчаны кулаком, які, маўляў, праз сялян аказваў згубны ўплыў не толькі на калгас імя Фабрыцыуса, разваліўшы яго знутры, але і на многія навакольныя сельгасарцелі.

Разам з паскарэннем тэмпаў калектывізацыі адміністрацыйнымі метадамі пачалі пераўтвараць ніжэйшыя формы кааперацыі, якія добра зарэкамендавалі сябе (машынныя і крэдытныя таварыствы і інш.), у калгасы, а нязгодных з гэтай лініяй абвяшчаць кулацкімі элементамі і на гэтай падставе ссылаць у Сібір і на Салаўкі. Вось як успамінае аб гэтым сведка тых падзей былы жыхар в. Юхавічы I. Карцель:

«У 1927 — 1928 гадах пайшлі размовы аб перабудове на вёсцы. На маёй радзіме на дзве вёскі Ісакава і Хаданы па ініцыятыве Юхавіцкай партячэйкі (сакратар Тыку) арганізавалася машыннае таварыства. Сяляне меркавалі: тыя ж надзелы зямлі, тая ж жывёла, толькі машыны агульныя — чым жа дрэнна? Але таварыства яшчэ не паспела набыць ма­шыны, як зверху паступіла новая дырэктыва — трэба ствараць «адзіна падобныя» кал­гасы, падстрыгаць усіх пад адзін грэбень.

Яшчэ ў час вучобы ў школе (закончыў яе ў 1928 годзе) я чуў, што бацька майго аднакласніка, культурны і перадавы серадняк Ахрэменка па ўласнай ініцыятыве арганізуе кал­гас. Начытаны селянін, відаць, раней раённых кіраўнікоў зразумеў, што ад калектывізацыі нікуды не дзенешся. За аўтарытэтным, гаспадарлівым мужыком у калгас пацягнуліся і іншыя, у першую чаргу сераднякі. Здавалася б, трэба радавацца гэтаму. Але не. Праз год, калі я прыехаў у Расоны за якойсьці даведкай, пачуў, што калгас Ахрэменкі распушчаны як кулацкі, а сам яго арганізатар ці то сасланы куды, ці то насаджаны ў турму. Маўляў, кулак Ахрэменка залез у калгас, каб разваліць гаспадарку знутры. Які абсурд! Якое глупства! Але ж наогул у канцы двадца­тых гадоў пайшла паласа неверагодных з'яў, якія не ўкладваліся ў здаровы сэнс і ні ў якую логіку. Многія мае аднакласнікі, дзеці звычайных перадавых сераднякоў, былі пад выглядам кулакоў высланы на Салаўкі разам з сем'ямі. Гэта Драздзецкі, Харушэўскі, Бяляеў... Ды хіба ўсіх прыпомніш. Усё гэта рабілася, відаць, з мэтай нагнаць страх на ся­лян: маўляў, не запішацеся ў калгас «добраахвотна» — і вам на Салаўках месца зной-дзецца. Такія дырэктывы ішлі не з раёна, а зверху, з самай высокай «горкі»...».

У адпаведнасці з указаниямі ЦК ВКП(б) Расонскі раённы камітэт партыі ў перадпасяўную кампанію 1930 г. правёў прапагандысцкую работу ў вёсках раёна. У разбураныя калгасы тэрмінова былі накіраваны партыйныя кадры — камуністы Каракулька, Якубёнак, Данюшкін, Усачоў, Тогулеў, Фёдар і Ксенія Грачухі, Шалаева, Канавалаў, Палашчанка, Зарэцкі, Васкрасенікс і іншыя.

Перапынак у калектывізацыі аказаўся вельмі непрацяглым, асабліва на Беларусі, дзе рэспубліканскае кіраўніцтва, нягледзячы на відавочнасць дапушчаных пралікаў і свядомых злачынстваў у правядзенні палітыкі суцэльнай калектывізацыі, на 13-м з'ездзе КП(б)Б прызнала гэтую палітычную і арганізацыйна-практычную работу ЦК КП(б)Б правільнай, цалкам адпавядаючай генеральнай лініі ВКП(б). Падобны некрытычны падыход паклаў пачатак новым памылкам. З'езд узяў лінію на ўзнаўленне і фарсіраванне стварэння калгасаў. Было намечана да студзеня 1931 г. ахапіць нізавой селькааперацыяй не менш як 85% бядняцка-серадняцкіх гаспадарак. Аб тым, што ме­тады агітацыі за калгасы заставаліся ты­мі ж, што і раней, сведчаць дакументы. Так, у рэзалюцыі сходу Расонскай раённай партыйнай арганізацыі ад 8 лютага 1931 г. адзначана, што восенню 1930 г. быў зрух у калгасным будаўніцтве. Заявы ў калгас падалі 342 гаспадаркі, з іх задаволена 181 гаспадарка. Было арганізавана 42 калгасы. Аднак пры некаторым росце калгасаў назіралася змяншэнне ў сярэднім іх пасяўных плошчаў (з 339 гектараў у 1930 г. да 271 у 1931 г.) і колькасці двароў (з 28,5 да 25). Не здзейсніліся і надзеі на тое, што з павелічэннем колькасці калгасаў будзе расці і прадукцыйнасць сельскагаспадарчай вытворчасці. Памылкі ў правядзенні калектывізацыі прывялі да адваротных вынікаў. Зменшылася колькасць жывёлы. Калі на 1 верасня 1928 г. ў раёне было 14 729 кароў, то на 1 жніўня 1929 г. іх засталося 12 985, на 630 галоў зменшылася колькасць коней, амаль удвая — пагалоўе свіней.

3 колькасным ростам калгасаў паўстала праблема механізацыі сельскай гаспадаркі. Калгасы набывалі тэхніку, у тым ліку і трактары, у дзяржавы на льготных умовах, атрымліваючы для гэтага крэдыты. Аднак ва ўмовах масавай калектывізацыі дзяржава не магла забяспечыць тэхнікай усіх жадаючых, у большасці гаспа­дарак не было механізатарскіх кадраў. Таму было вырашана ствараць машынна-трактарныя станцыі, якія на Расоншчыне з'явіліся ў красавіку 1931 г. Да Вялікай Айчыннай вайны ў раёне МТС былі ў Расонах, Краснаполлі і Клясціцах. У Расонах на 1931 г. на МТС было 4 малатарні, 20 трактароў.

У 1931 г. рост колькасці калгасаў працягваўся. На 25 чэрвеня 1931 г. 62 калгасы аб'ядноўвалі 2052 гаспадаркі з зямельнай плошчай 14 268 гектараў. Адбылося іх узбуйненне. У сярэднім на калгас прыхо-дзілася 32,5 гаспадаркі. Аднак, як і раней, паказчыкі ў вытворчасці сельгаспрадукцыі былі невысокія. План сяўбы 1931 г. быў выкананы на 86,1 %, а яравой сяўбы - на 33,7 %.

У верасні 1931 г. Бюро ЦК КП(б)Б прыняло рашэнне завяршыць суцэльную калектывізацыю ў рэспубліцы да веснавой сяўбы 1932 г., што выклікала крытыку нават з боку ЦК ВКП(б). Газета «Правда» адрэагавала на «ўдарніцтва» Беларусі крытычным артыкулам «Не адставаць і не забягаць». Крытыку на Беларусь прызна-лі, аднак дзейсных мер па выпраўленні становішча прынята не было. Па-ранейшаму працягвалі прымусова абагульваць жылыя памяшканні, жывёлу, працадні забяспечваліся прадуктамі па рэшткавым прынцыпе пасля выканання дзяржпаставак, у выніку якіх калгаснікам амаль нічога не заставалася. Такая палітыка прывяла да масавага голаду ў 1933 г., хоць не такога жудаснага, як на Украіне, аднак вельмі адчувальнага для беларускага сялянства. За невыкананне плана льно-паставак Расонскі раён у 1933 г. быў за­несены на «чорную дошку» з усімі выні-каючымі абставінамі: спыненнем гандлю ў раёне, датэрміновым спагнаннем насеннай пазыкі, павелічэннем абкладання сялянскіх гаспадарак падаткамі, канфіскацыяй маёмасці ў залік запазычанасці. Многія старшыні калгасаў і сельсаветаў былі выключаны з партыі, зняты з работы і аддадзены пад суд (гл. адпаведныя да-кументы). Пачалася кампанія пошуку «замежных шпіёнаў», першымі ахвярамі яе сталі латышы і палякі, большасць з якіх былі арыштаваны органамі НКУС і высланы ва ўсходнія рэгіёны краіны. Не менш пільна адшукваліся «варожыя эле­менты» і «шкоднікі» і сярод беларускай часткі насельніцтва раёна. Раённая газе­та «Калектывіст Расоншчыны» была перапоўнена даносамі, безыменныя аўтары якіх патрабавалі неадкладнага прыняцця рэпрэсіўных мер да ўсіх, каго яны лічылі ворагамі. Аб маральнай атмасферы ў вёс­ках Расоншчыны сведчаць загалоўкі пісьмаў і артыкулаў і подпісы пад імі з раённай газеты — «Шкодніка-зрыўшчыка веснавой сяўбы Петрачэнку — судзіць» (Камсамолец), «Ачысціць калгас ад варожых элементаў» (Ведаючы), «Калгас «Чырвоная Зорка» яшчэ засьмечаны» (Фюд), «Зьнішчыць кулацкае засілле і безгаспадарчасць у калгасе «Чырвоны усход» (Калгаснік).

Працэс пераводу сельскай гаспадаркі на калгасныя рэйкі працягваўся, аднак звышзадача суцэльнай калектывізацыі ў Расонскім раёне да Вялікай Айчыннай вайны так і не была вырашана. У 1936 г. ёю было ахоплена 88,9 % сялянскіх гаспа­дарак, у 1937 г. ў раёне было каля тысячы аднаасобных гаспадарак. Нягледзячы на ўсе намаганні, за два месяцы 1937 г. ў кал­гасы ўступіла толькі 30 гаспадарак.

Працэс калектывізацыі быў складаным і супярэчлівым, у якім трагічныя падзеі спалучаліся з падзвіжніцкімі, а часам і гераічнымі працоўнымі справамі — пошукамі перадавымі слаямі вёскі лепшых форм калектыўнага гаспадарання.

У 1937 г. ў Расонскім раёне было арганізавана 574 звяны за высокі ўраджай, якія апрацоўвалі 1105 гектараў зямлі, у тым ліку 381 звяно па вырошчванні лёну, 77 — ячменю, 40 — яравой пшаніцы, 26 — аўса, 50 — бульбы. Праца гэтых звенняў дааволіла ўзняць ураджайнасць па калга­сах. Прыклады сапраўднага працоўнага гераізму паказвалі многія сяляне. Так, трактарыстка Расонскай МТС Марыя Са­вельева дабілася на драбнаконтурных палетках Расонскага раёна выпрацоўкі больш за 1000 гектараў за год на трактары ХТЗ. Трактарысты другой трактарнай брыгады Шманько Уладзімір і Буланаў Аляксандр за 5 дзён на трактары ХТЗ задыскавалі 180 гектараў і забаранавалі 70 гектараў, выконваючы дзённыя заданні ў сярэднім на 211 працэнтаў. За высокія дасягненні ў развіцці жывёлагадоўлі калгаснікі Кардзюкоў Сцяпан, Вашчанка Соф'я, Ежаненка Надзея, Лісоўская Зося былі накіраваны на Усебеларускую нараду стаханаўцаў-жывёлаводаў. За высокія паказчыкі ў развіцці свінагадоўлі загадчык фермы калгаса «Памяць Ільіча» Старадворскага сельсавета Бозылеў Цімафей стаў удзельнікам Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі 1939 г., калгас быў узнагароджаны Галоўвыстаўкомам дыпломам II ступені, грашовай прэміяй у 5000 тысяч рублёў і матацыклам.

Самаадданая праца калгаснікаў дазволіла павысіць эфектыўнасць сельскагаспадарчай вытворчасці, аб чым сведчаць лічбы развіцця жывёлагадоўлі ў раёне. Калгасны статак буйной рагатай жывёлы ў 1936 г. павялічыўся ў параўнанні з 1934 г. на 56,5 %. У 1934-1935 гг. у раён была завезена жывёла палепшаных парод.

Развіццё калгасаў у значнай ступені стрымлівалася валюнтарысцкай палітыкай кіравання імі з боку партыйных і дзяржаўных органаў. 3 цягам часу калга­сы сталі зручнай формай перакачкі рэсурсаў з вёскі ў горад, іх умацаванне суправаджалася адступленнямі ад законнасці, рэпрэсіямі. Нормамі сталі штрафы, маса-вы характар атрымала выключэнне з калгасаў адыходнікаў і іх сем'яў, агульныя сходы калгаснікаў практычна не мелі рашаючай сілы. Звычайнай з'явай стала частая і неабгрунтаваная замена старшынь калгасаў, якія за невыкананне планаў дзяржпаставак тут жа выключаліся з партыі і аддаваліся пад суд як «злосныя шкоднікі». Гэтыя негатыўныя з'явы разам з павышэннем планаў эканамічнага развіцця краіны, якія даводзіліся да калгасаў, асабліва праявіліся напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны, пасля хвалі масавых рэпрэсій 1937 — 1938 гг. Праведзены ў канцы 1939 г. перапіс жывёлы ў Расонскім раёне паказаў нездавальняючае выкананне планаў жывёлагадоўлі і камплектавання жывёлагадоўчых ферм у калгасах. Па буйной рагатай жывёле ён быў выкананы на 99,2 %, свіннях — на 72,6 %, свінаматках — на 74,2 %, конепагалоўю — на 89,2 %, маладняку жарабят — на 62,9 %. Конскае пагалоўе, якое было асноўнай цяглавай сілай у калгасах у 1937— 1940 гг., зменшылася на 340 галоў. За 1939 г. здохла 570 коней.

Не магла не адбіцца на выніках работы калгасаў і чарговая валюнтарысцкая кампанія, якая разгарнулася ў 1937 г. і працягвалася практычна да пачатку вайны. Згодна з планам трэба было адсяліць у 31 новы і 97 ужо існуючых калгасных цэнтраў 3317 хутарскіх гаспадарак. Ссяленне праводзілася без уліку жадання жыхароў, было слаба падрыхтавана, тэрміны яго заканчэння неаднаразова пераносіліся. Адставала ад тэмпаў ссялення з хутароў работа па аднаўленні дамоў у но­вым месцы. На 30 ліпеня 1939 г. з 1806 сселеных дамоў былі адбудаваны толькі 1622 (гл. адпаведныя дакументы). Гэта выклікала незадаволенасць перасяленцаў і далейшае прамаруджванне ў выкананні заданняў.

У 1938 г. Расонскі раён увайшоў у склад створанай Віцебскай вобласці. На 1.1.1941 г. ў раёне было 16 сельсаветаў: Альбрэхтаўскі, Гарбачэўскі, Дзмітроўскі, Заборскі, Клясціцкі, Краснаборскі, Круцікаўскі, Мілавіцкі, Парэцкі, Руднянскі, Сакалішчанскі, Старадворскі, Сяляўшчынскі, Тродавіцкі, Шніткаўскі, Юхавіцкі.



В. Афанасьеў, Р. Прудоўскі

: uploads -> files
files -> 18 кастрычніка 2012 г. 1522 Аб узнагароджанні Ганаровай
files -> Клубы і аматарскія аб’яднанні Назва бібліятэкі
files -> Клубы і аматарскія аб’яднанні сеткі публічных бібліятэк Стаўбцоўскага раёна
files -> Праграма аховы гісторыка-культурнай спадчыны Пастаўскага раёна на 2012 – 2015 гады
files -> Хроніка вызвалення
files -> Расоншчына ў канцы 19 – пачатку 20 стагодзя
files -> Аб выніках выбараў дэпутатаў Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў 27 склікання
files -> 20 лютага 2012г. 247 Аб узнагароджанні
files -> Загінулі і пахаваны, месца пахавання вядома Прапалі без вестак
files -> 25 ліпеня 2012 г. 1074 Аб узнагароджанні




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка