Гістарычны раман у чэшскай літаратуры. Т. В. Бельская (Мінск)



Дата канвертавання17.06.2016
Памер62.17 Kb.
Гістарычны раман у чэшскай літаратуры.

Т. В. Бельская (Мінск)


Гістарычны раман адыграў важную ролю ў станаўленні і развіцці многіх нацыянальных літаратур. Без ведання гісторыі, без канцэпцыі гістарычнага развіцця няма гістарызму як надзвычай важнага, аднаго з самых характэрных прынцыпаў сапраўднага мастацтва. Гістарычная раманістыка не толькі і не столькі з”яўляецца вынікам гістарычнай свядомасці, якая натуральным і непазбежным чынам уваходзіць у нацыянальную самасвядомасць, яна – важны сродак выхавання гэтай самасвядомасці, вялікая ідэйна-эмацыянальная, духоўная і душэўная сіла, якая дазавляе асэнсаваць значэнне мінулых падзей як вялікае духоўнае багацце.

Гістарычны раман займае важнае месца ў чэшскай літаратуры ХІХ – ХХ стагоддзяў. Да гэтага жанру звярталіся буйнейшыя майстры мастацкага слова. Дастаткова прыгадаць творчасць А. Ірасэка, у раманах якога дасягаецца адчуванне вялікай гістарычнай праўдзівасці і дзе мінулае аналізуецца з мэтай абудзіць нацыянальную самасвядомасць народа. Разважаючы пра гістарызм як агульную, характэрную рысу чэшскага рамана ў цэлым, неабходна ўзгадаць і індывідуальныя асаблівасці творчага почырку тых аўтараў, якія вызначаюцца розным падыходам да адлюстравання гістарычнага матэрыялу: гэта творы Лінда, Кліцпера, Тыла, Маха, Яна з Гвезды і іншых. Гістарычная проза гэтых аўтараў вызначаецца непарыўнасцю духоўна-гістарычных сувязей сучаснасці і мінулага – таго мінулага, якое заўсёды дае ўрок справядлівасці і высакародства. Праўда, у чэшскай літаратуры ХІХ стагоддзя выявіўся і пэўны прынцып абмежаванага паказу мінулага чэшскага наврода, калі гэтае мінулае выдаецца за адпаведны эталон, а значыць ідэалізуецца. Ідэалізуючы мінулае свайго краю, пісьменнікі часта супярэчылі існаваўшай гістарычнай даставернасці, парушалі прынцып праўдзівасці, хоць творы і былі насычаны праўдзівымі сацыяльна-побытавымі рэаліямі.

У 70-я гады ХХ стагоддзя інтарэс чэшскіх пісьменнікаў да гістарычнага рамана значна абвастраецца. Зварот да мінулага становіцца своеасаблівай формай, якая завастрае сэнс праблем сучаснасці шляхам паказу дыялектычнай узаемасувязі і пераемнасці розных эпох і пакаленняў. Дзякуючы гэтым якасцям, гістарычны раман у чэшскай літаратуры 70-х гадоў ХХ сагоддзя адыграў істотную ролю ў працэсе кансалідацыі ўсіх літаратурных сіл краіны пасля крызіса 1968-1969 гадоў. Папулярнасць гістарычнай раманістыкі тлумачылася тымі магчымасцямі, якія адкрывала перад пісьменнікамі гісторыя: магчымасць прасачыць тэндэнцыі развіцця грамадства, узнавіць шырокую панарамную карціну жыцця народа, паставіць і вырашыць пытанне аб ролі асобы ў гісторыі, зрабіць адпаведныя вывады з вопыту мінулага дзеля сучаснасці і інш. Менавіта ў 70-я гады жанр гістарычнага рамана прыцягвае ўвагу такіх вядомых пісьменнікаў, як Й. Томан, М. Кратахвіл, В. Капліцкі, В. Неф, Б. Ржыга, Н. Фрыд, А. Плудэк і інш. Творам гэтых аўтараў уласцівы мастацкі пошук, дальнейшая распрацоўка традыцый класічнага гістарычнага рамана, наватарства формы і зместу. Асаблівасцю чэшскага гістарычнага рамана гэтага перыяду з”яўляецца і багацце жанравых мадыфікацый, сумяшчэнне шматлікіх тэндэнцый, што было характэрна для многіх нацыянальных літаратур гэтага перыяду ( рускай, беларускай, украінскай, польскай, балгарскай і інш.).

Гістарычны раман у 70-я гады ХХ стагоддзя становіцца адным з галоўных жанраў у чэшскай літаратуры. Адначасова ён становіцца і своеасаблівай школай рэалізма, і гэта тлумачыцца тым фактам, што зварот да гісторыі дазваляў глыбей разабрацца у рашэнні складаных праблем сучаснасці. З”яўленне гістарычных раманаў “Сакрат” Й. і М. Томановых, “Каралеўны ног не маюць”, “Пярсцёнак Борджыа”, “Цудоўная чараўніца” В. Нефа, “Застаўся толькі меч”, “У чаканні караля”, “Стань на калені” Б. Ржыгі, “Імператрыца” Н. Фрыда, “Дарадца магараджаў” А. Плудэка, “Еўропа ў акопах” М. Кратахвіла, “Вялікі спектакль” В. Капліцкага, “Трайны крыж” В. Пісаржа, “Успаміны чэшскага караля Іржы з Падэбрад” У. Эрбена садзейнічала пазбаўленню чэшскай літаратуры ад ідэйнай нявызначанасці, дасягненню значнай рэалістычна-аналітычнай глыбіні і жыццёвых межаў вобразатворчасці. “Творы Б. Ржыгі, В. Нефа, М. Кратахвіла, -- адзначае даследчык іх творчасці С. Шерлаімава, -- выразна і захапляльна раскрывалі важнейшыя старонкі айчыннай гісторыі, садзейнічалі аднаўленню аўтарытэта рэалістычнага рамана сярод масавага чытача” [1].

Мастацкая разнастайнасць чэшскага гістарычнага рамана 70-х гадоў ХХ стагоддзя стала прычынай узнікнення ў літаратурна-крытычных колах дыскусій пра шляхі далейшага развіцця рамана на гістарычную тэму, пра пераемнасць традыцый у чэшскай літаратуры, пра перспектывы развіцця класічнага гістарычнага рамана і інш. Некаторыя даследчыкі ( Й. Грабак і Й. Галек) бачылі ў так званым “традыцыйным” накірунку развіцця чэшскага гістарычнага рамана дзве вызначальныя тэндэнцыі: наследванне традыцыям ўласна “чэшскай мадэлі” гістарычнага рамана (напрыклад, раманы В. Капліцкага) і блізкасць да авантурна-прыгодніцкай формы рамана на гістарычную тэму (напрыклад, творы В. Нефа і Б. Ржыгі).

Асобны напрамак у развіцці сучаснай чэшскай гістарычнай прозы ўяўляе сабой творчасць М. Кратахвіла. Характэрнай асаблівасцю яго гістарычнай прозы з”яўляецца шырокае выкарыстанне дакументальных матэрыялаў. Пісьменнік выкарыстоўвае прыём паяднання ў адно цэлае выдуманых фактаў і гістарычных дакументаў, праўды і вымыслу. Час дзеяння ў раманах М. Кратахвіла “Еўропа танцуе вальс” і “Еўропа ў акопах” – 1905 - 1914 гады і 1916 год. Тут можна гаварыць і пра новую для чэшскага гістарычнага рамана асаблівасць – давядзенне дзеі амаль да сучаснасці, да таго часу, пра які, магчыма, памятаюць асобныя прадстаўнікі таго пакалення.

Актуалізацыя гістарычнага матэрыялу дасягаецца пісьменнікамі пры дапамозе розных мастацкіх сродкаў. Так, напрыклад, у рамане В. Капліцкага “Вялікі спектакль” мы не знойдзем непасрэдных публіцыстычных зваротаў да герояў твора або да сучаснікаў. Раскрыццё праблематыкі рамана дасягаецца за кошт супастаўлення сацыяльна-значных ідэй мінулага і дня сённяшняга. В. Капліцкі закранае ў сваім творы такія важныя праблемы, як грамадзянская адказнасць і вернасць айчыне, адданасць высокім духоўным ідэалам, свайму абавязку і інш.

У падэбрадскай трылогіі Б. Ржыгі актуальнай з”яўляецца не толькі жанравая форма твора, але і яго значная ідэйная праблематыка. Так, у рамане “Стань на калені” ў цэнтры ўвагі -- адвечныя праблемы сумлення, абавязку, вернасці, бескампраміснай адданасці высокамаральным ідэалам жыцця. Прынцыповасць, вернасць сумленню, чалавечаму абавязку становяцца самой ідэяй твора. У другой частцы твора – рамане “У чаканні караля” – ставіцца пытанне пра аб”ектыўную ацэнку ролі выключнай асобы ў гісторыі, суаднесенне яе інтарэсаў з інтарэсамі народа. У рамане “Застаўся толькі меч” цэнтральнай становіцца праблема вайны і міру. У трылогіі Б. Ржыгі шмат публіцыстычных адступленняў, роздумаў герояў і самога аўтара пра актуальныя падзеі сацыяльна-палітычнага жыцця грамадства. Аўтар не толькі ўзнаўляе характар важных гістарычных пераломных момантаў у лёсе народа, не толькі апіраецца на факты, але шырока карыстаецца і мастацкім вымыслам.

В. Неф у сваіх раманах “Каралеўны ног не маюць”, “Пярсцёнак Борджыа” і “Цудоўная чараўніца” таксама смела карыстаецца разнастайнымі прыёмамі мадэрнізацыі гістарычнага матэрыялу і пры гэтым застаецца гістарычна праўдзівым, бо ў цэнтр ўвагі змяшчае не саму гістарычную падзею, а гістарычную асобу і яе патэнцыйныя магчымасці.

Яго творы на гістарычную тэму паказваюць асобу высокіх духоўных парыванняў, здольную вытрымаць самае цяжкае ўнутранае выпрабаванне. Уласна кажучы, такі падыход прынёс вялікі поспех творам пісьменніка, бо гістарычныя раманы папярэдняга часу амаль не паказвалі чалавека ў напружаным духоўным змаганні. Галоўны герой трылогіі В. Нефа Пётр Кукань надзелены мысленнем сучаснага чалавека і змагаецца за захаванне міру паміж еўрапейскімі дзяржавамі ўсімі магчымымі сродкамі. Само фарміраванне зместу духоўнасці гэтага чалавека мае сваёй перадумовай адчуванне глыбіннай нацыянальна-гістарычнай традыцыі, а моц унутраных перакананняў правяраецца самымі цяжкімі, смяртэльнымі выпрабаваннямі. Нефаў апавядальнік хутчэй чалавек сучаснасці, чым мінулага, ён смела параўноўвае мінулую эпоху з днём сённяшнім, у яго гаворцы сучасная лексіка чаргуецца з архаізмамі. Пры гэтым пісьменнік не выходзіць за рамкі гістарычнай даставернасці, гістарычная і мастацкая праўда арганічна дапаўняюць адна другую. “Жыццёвая праўда становіцца мастацкай толькі тады, --адзначаў М.Б. Храпчанка,-- калі адлюстраванне людзей і падзей, чалавечых характараў і іх узаемаадносін у літаратурным творы набывае сэнс і значэнне творчых адносін” [2]. В. Неф выкарыстоўвае ў сваёй творчасці менавіта такі прынцып, а яго творы з”яўляюцца гістарычнымі, бо адпавядаюць аднаму з асноўных патрабаванняў паэтыкі гэтага жанра – паказваць чалавека на пераломе жыцця, у момант найвышэйшага духоўнага азарэння, у момант выяўлення непахіснай унутранай сілы.

У чэшскай літаратуры гэтага перыяду ёсць творы, якія пабудаваны на абсалютна даставерным фактычным матэрыяле. У дылогіі М. Кратахвіла дакумент набывае самастойнае эстэтычнае значэнне, дапамагае аўтару ў пабудове вобразнай сістэмы твораў, у стварэнні мясцовага і часавага каларытаў, у перадачы самога духу адлюстраванай эпохі.

Гістарычная тэма займае ўсё большае месца ў сучаснай чэшскай літаратуры. Пісьменнікі настойліва шукаюць і выбіраюць для мастацкага адлюстравання такія падзеі, якія былі вузлавымі, паваротнымі ў мінулым жыцці народа, а характэрнымі асаблівасцямі чэшскага гістарычнага рамана сталі шырокая праблематыка, багацце мастацкіх прыёмаў і шматграннасць індывідуальных аўтарскіх стылей.



Літаратура

1. Шерлаимова, С. Понять современника. Чехословацкий роман сегодня. – иностранная литература, 1979, №5. С.184.

2. Храпченко, М.Б. Творческая индивидуальность писателя и развитие литературы / М.Б. Храпченко. – М.: Советский писатель, 1975. С. 84.
: bitstream -> 123456789 -> 36834
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка