Гісторыя Беларусі


Падзелы Рэчы Паспалітай у канцы XVIII cт



старонка3/5
Дата канвертавання15.05.2016
Памер0.87 Mb.
1   2   3   4   5

14. Падзелы Рэчы Паспалітай у канцы XVIII cт.
Даты:

1772 – першы раздзел Рэчы Паспалітай

1791 – прыняцце Канстытуцыі Рэчы Паспалітай

1793 – другі падзел Рэчы Паспалітай

1794 – паўстанне пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі

1795 – трэці падзел Рэчы Паспалітай
Прычыны падзелаў Рэчы Паспалітай заключаліся, перш за ўсё, ва ўнутрыпалітычным становішчы самой дзяржавы. Яно характарызавалася як палітычны крызіс або анархія. Такі стан стаў вынікам злоўжывання шляхецкімі вольнасцямі. На пасяджэннях сойма яшчэ з другой паловы XVI ст. дзейнічала права «ліберум вета» (ад лацінскага «не дазваляю»). Згодна з ім, калі хоць адзін дэпутат сойма выступаў супраць, то рашэнне не прымалася, а пасяджэнне сойма спынялася. Аднагалоссе было галоўнай умовай прыняцця пастановы сойма. У выніку гэтага абсалютная большасць соймаў была сарвана. Дзяржаўнае кіраванне характарызавалася таксама ўсеўладдзем магнатаў і шляхты і слабасцю каралеўскай улады .

Такое ўнутрыпалітычнае становішча ўскладнялася знешнепалітычнымі абставінамі, звязанымі ў пачатку XVIII ст. з баявымі дзеяннямі ў гады Паўночнай вайны. Рэч Паспалітая стала «заезным дваром і карчмой» для іншаземных войск. Такім чынам, палітычная анархія (бязладдзе) унутры краіны, адсутнасць моцнай цэнтральнай улады ў асобе караля, а таксама ўмяшанне ва ўнутраныя справы з боку суседніх дзяржаў прывялі да тэрытарыяльных падзелаў Рэчы Паспалітай.

У 1772 г. у Пецярбургу быў падпісаны дакумент аб першым падзеле Рэчы Паспалітай паміж Расійскай імперыяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Да Расіі адышла Усходняя Беларусь. Гэта падзея стала вынікам абсалютнай слабасці цэнтральнай (каралеўскай) улады і палітычнай анархіі, пры якой рашэнне агульнадзяржаўнага органа кіравання — сойма магло не прымацца, калі супярэчыла інтарэсам мясцовай шляхты і магнатаў.

Спробай выратаваць дзяржаву ад распаду стала абвяшчэнне соймам 3 мая 1791 г. Канстытуцыі Рэчы Паспалітай — другой па ліку ў свеце пасля Канстытуцыі ЗША 1787 г. і першай у Еўропе (праз тры месяцы Канстытуцыя была прынята ў Францыі, дзе адбылася буржуазная рэвалюцыя). Канстытуцыя ліквідавала падзел Рэчы Паспалітай на Польшчу і ВКЛ, абвяшчалася агульная дзяржава з адзіным урадам, агульным войскам і фінансамі. Хаця Канстытуцыя заклала аснову для вывядзення Рэчы Паспалітай з крызісу, аднак час на рэфармаванне дзяржавы быў ужо ўпушчаны.

У 1793 г. 100-тысячнае войска, аказваючы дапамогу прадстаўнікам шляхецкага саслоўя — некатолікам, здзейсніла ўмяшанне ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай, што азначала яе другі падзел. Пад уладу расійскай імператрыцы Кацярыны II адышла цэнтральная частка беларускіх зямель.

Спробай захаваць суверэннасць (самастойнасць, незалежнасць) Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. (да першага падзелу) стала паўстанне 1794 г. на чале з ураджэнцам Беларусі Тадэвушам Касцюшкам (1746—1817 гг.). У ім актыўны ўдзел узяла патрыятычная шляхта, мяшчанства (гарадскія жыхары), сялянства, святарства (царкоўныя дзеячы). Паўстанне праходзіла пад лозунгам «Вольнасць, цэласць, незалежнасць». У ВКЛ на чале паўстання стаяў палкоўнік Якуб Ясінскі. Тут быў утвораны асобны ад Польшчы орган кіраўніцтва паўстаннем «Найвышэйшая Літоўская рада». Заклік Касцюшкі да аднаўлення Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. знайшоў водгук сярод магнатаў і шляхты ВКЛ. Аднак дасягнуць масавай падтрымкі насельніцтва кіраўнікам паўстання не ўдалося. Паўстанне было падаўлена расійскімі войскамі на чале з А.В. Суворавым.

У 1795 г. было падпісана пагадненне аб трэцім, канчатковым падзеле Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Аўстрыяй, Прусіяй. Да Расіі адышлі заходнебеларускія землі. Рэч Паспалітая спыніла сваё існаванне.
15. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларусі ў XIV-XV стст.
Даты:

1447 – пачатак юрыдычнага афармлення прыгоннага права

1468 – Судзебнік Казіміра
Гаспадарчае жыццё ВКЛ характарызавалася існаваннем і пэўнымі суадносінамі паміж рознымі саслоўямі — групамі насельніцтва, якія мелі свае спадчынныя правы і абавязкі. Вырашальную ролю адыгрывалі буйныя феадалы — землеўласнікі. У іх асабістай уласнасці знаходзіліся прыватныя землі, якія можна было прадаваць, дарыць, абменьваць. Колькасць такіх зямель пастаянна расла. Самых буйных землеўладальнікаў сучасныя гісторыкі называюць магнатамі. Большасць усіх феадалаў з XVI ст. сталі называцца шляхціцамі (шляхтай).

Вялікі князь быў буйнейшым уладальнікам дзяржаўных зямель. Іх колькасць пашыралася ў выніку далучэння да ВКЛ новых тэрыторый. Даходы ад гэтых зямель ішлі ў дзяржаўную казну, якой распараджаўся таксама князь.

Самую вялікую частку насельніцтва складалі сяляне, якія ў XIV—XV стст. з землеўласнікаў сталі землекарыстальнікамі. Сяляне-землекарыстальнікі, у адпаведнасці са сваёй ступенню залежнасці ад феадалаў, падзяліліся на похожих (вольных) — тых, якія мелі права свабодна пераходзіць ад аднаго феадала да другога, і непохожих (прыгонных) —тых, якім такі пераход забараняўся. Іх права асабістай уласнасці на зямлю не мела юрыдычнага замацавання, г. зн. пацвярджэння законам ВКЛ у адрозненне ад праў на зямлю феадалаў. У 1447 г. вялікі князь Казімір выдаў прывілей, які азначаў пачатак афармлення залежнасці сялян ад феадалаў, якім забяспечвалася, у адрозненне ад сялян, валоданне зямлёй на правах поўнай уласнасці. У 1468 г. быў складзены Судзебнік Казіміра — першы зборнік юрыдычных (судовых) законаў ВКЛ. Згодна з гэтым дакументам сяляне пазбаўляліся права свабоднага пераходу ад аднаго феадала да другога, гэта значыць яны прымацоўваліся да зямлі, на якой жылі і якую апрацоўвалі. Выданне Судзебніка азначала юрыдычнае замацаванне запрыгоньвання сялян — страты сялянамі свайго права ўласнасці на зямлю і ператварэнне іх у залежных ад феадала.

Запрыгоньванне сялян азначала пэўную ступень іх асабістай залежнасці ад уладальнікаў зямлі. Асноўную частку сялянства, якая карысталася зямельнымі надзеламі феадала, складалі так званыя «цяглыя» сяляне, якія мелі невялікую ступень асабістай залежнасці. За карыстанне зямлёй феадала сяляне павінны былі выконваць паншчыну — адпрацоўку пэўнай колькасці дзён на зямлі феадала або плаціць чынш — грашовы аброк (падатак) за карыстанне зямельным надзелам. Сялян, якія аддавалі дзякло — натуральную даніну сельскагаспадарчымі прадуктамі за карыстанне зямлёй феадала, — называлі даннікамі. Яшчэ адна група сялян не мела сваей уласнай гаспадаркі і жыла пры двары феадалаў, выконваючы розную працу ў яго гаспадарцы. Такіх сялян звычайна называлі дваровымі (слугамі).



16. Развіццё гарадоў у XIV—XVІ стст.
Даты:

1390 – атрыманне магдэбургскага права Брэстам

1499 - атрыманне магдэбургскага права Мінскам
Стан гарадоў у XIV—XV стст. вызначаўся тым, што каля 40% усіх гарадоў былі прыватнаўласніцкімі, гэта значыць знаходзіліся у прыватнай уласнасці феадалаў. Насельніцтва прыватных і гаспадарскіх (дзяржаўных) гарадоў імкнулася пазбавіцца ад феадальнай залежнасці, што праяўлялася ў барацьбе жыхароў за пашырэнне сваіх правоў. 3 канца XIV ст. вялікія князі, улічваючы імкненні гарадскіх жыхароў, сваімі граматамі сталі дараваць гарадам Магдэбургскае права, або права на самакіраванне. Паводле гэтага права гараджане вызваляліся ад феадальнай залежнасці і стваралі свой орган улады — магістрат і суд, а рамеснікі — свае рамесныя аб'яднанні. У адрозненне ад Заходняй Еўропы цэхі рамеснікаў і гільдыі (саюзы) купцоў узніклі ў беларускіх гарадах толькі ў XVI ст.

Магістрат з'яўляўся выбарным органам гарадскога самакіравання. Ён складаўся з гарадской рады, якую выбіралі самі гараджане, і лавы — органа па судовых справах. Гэтыя органы самакіравання узначальвалі адпаведна бургамістр і войт. Для магістрата ў гарадах пазней пачалі ўзводзіцца спецыяльныя будынкі — ратушы з гарадской вежай і гадзіннікам на ей.

Першым з гарадоў ВКЛ Магдэбургскае права атрымала ў 1387 г. Вільня. Першым вольным горадам на сучаснай тэрыторыі Беларусі стала ў 1390 г. Берасце (цяперашні Брэст). Самы старажытны горад Беларусі Полацк набыў Магдэбургскае права ў 1498 г. Мінск — сучасная сталіца Беларусі — атрымаў права на самакіраванне ў 1499 г.

Гарады ў XV—XVI стст. паступова ператварыліся ў рамесна-гандлёвыя цэнтры. Тут існавала шмат розных відаў рамёстваў, працавалі рынкі — месцы, дзе гандлявалі прадуктамі і вырабамі рамяства. Адзін раз у год праводзіліся сезонныя ярмаркі, у якіх удзельнічалі як мясцовыя, так і замежныя купцы.

17. Станаўленне фальварковай гаспадаркі і аграрная рэформа сяр. XVI ст.
Даты:

1557 – пачатак аграрнай рэформы. Выданне "Уставы на валокі".

1588 – канчатковае замацаванне прыгоннага права ў ВКЛ (у трэцім Статуце ВКЛ)
У XVI ст. побач з феадальнай гаспадаркай, якая насіла натуральны характар (у такой гаспадарцы ўжывалася ўсё, што выраблялася, прадукцыя не прызначалася для гандлю), усталёўваецца фальварковая гаспадарка, прадукцыя якой ішла на продаж. Пераход да фальварковай гаспадаркі быў звязаны з развіццём гандлю збожжам, які даваў феодалам усё большы прыбытак.


Рост попыту на збожжа выклікаў пашырэнне плошчы пасяўных зямель. Таму вытворчасць у фальварковай гаспадарцы была заснавана на выкананні работ па апрацоўцы зямлі і збору ўраджаю сялянамі. Але зямля не належала тым, хто працаваў на ей. Магнаты і шляхта заканадаўча аформілі сваё права на валоданне зямлёй. Сяляне вымушаны былі звяртацца да шляхціца, каб той выдзяліў зямельны надзел. За карыстанне ім сялянін выконваў павіннасці. Галоўнымі з іх, як і раней, з'яўляліся паншчына — адпрацоўка пэўнай колькасці дзён на тыдзень на зямлі феадала (у XVI ст. яна павялічылася з 1 да 2, а ў XVII ст. складала ўжо 3—4 дні на тыдзень) і чынш — грашовы падатак (у тых месцах, дзе апрацоўка панскай зямлі была немэтазгодна). У сувязі з пашырэннем таварна-грашовых адносін значнае месца пачалі займаць грашовыя падаткі (чынш), якія складалі дастаткова значную для сялян суму. Усяго існавала каля 120—140 сялянскіх павіннасцей.

Каб упарадкаваць сялянскае землекарыстанне і павіннасці сялян, была ўведзена адзіная стандартная мера зямельнай плошчы — валока, роўная 21,36 га, з якой ад сялян патрабаваліся аднолькавыя падаткі і павіннасці. У 1557 г. вялікім князем літоўскім і каралём польскім Жыгімонтам Аўгустам быў падпісаны дакумент пад назвай «Устава на валокі», які прадугледжваў правядзенне аграрнай рэформы — шэрага мерапрыемстваў у галіне сельскай гаспадаркі. Сялянскія гаспадаркі атрымалі ў сярэднім адну валоку на дзве сям'і, і сярэдні сялянскі надзел складаў, такім чынам, прыблізна 10,6 га — паўвалокі. Лепшыя землі адышлі над панскія фальваркі — двор і гаспадарку землеўласніка.

Увядзенне валокі азначала далейшае запрыгоньванне сялян. Памеры павіннасцей землеўласнік вызначаў асабіста і яны пастаянна раслі. Працэс запрыгоньвання знайшоў сваё ўвасабленне ў Статутах ВКЛ.



18. Аграрная рэформа 1861 г. і яе вынікі для беларускага народа.
19 лютага 1861 г. – падпісаны Маніфест і “Агульнае палажэнне”, згодна з якімі на тэрыторыі Расійскай імперыі адмянялася прыгоннае права.

Аляксандр II – расійскі імператар (1855–1881).

Прычыны. Марудна развіваўся гандаль, што вызначалася вузасцю ўнутранага рынку ва ўмовах панавання, прыгоннай гаспадаркі, паскорыўся працэс абеззямельвання сялянства, значная колькасць панскіх гаспадарак знаходзілася на мяжы разарэння, пастаянна расла запазычанасць памешчыкаў. Вялікай заставалася колькасць дробных прадпрыемстваў і вотчынных мануфактур. З іншага боку, пачынаўся прамысловы пераварот (пераход ад мануфактуры да фабрычна-заводскай вытворчасці), усё шырэй выкарыстоўвалася вольнанаёмная праца, машынная тэхніка, сельская гаспадарка актыўна ўцягвалася ў тавара-грашовыя адносіны. У грамадстве абвастрыліся сацыяльныя супярэчнасці.

Умовы. Сяляне атрымалі грамадзянскія правы, але не адразу станавіліся асабіста свабоднымі. Яны атрымлівалі невялікія зямельныя надзелы ў карыстанне, якія абавязаны былі выкупіць на працягу 9 гадоў. У гэты перыяд сяляне лічыліся часова абавязанымі і павінны былі выконваць павіннасці на карысць памешчыка. Толькі пасля заключэння выкупной здзелкі яны маглі распараджацца сабой і сваім зямельным надзелам. Пры гэтым, сяляне выплочвалі прыкладна ў 3-4 разы болей за рынкавы кошт зямлі. Адміністрацыйныя функцыі ў адносінах да сялян пачалі выконваць сельскія і валасныя органы ўлады. Сельская абшчына на агульным сходзе абірала старосту, зборшчыка падаткаў і інш. Некалькі сельскіх абшчын утваралі воласць. На валасным сходзе абіралася ўправа на чале са старшынём і валасны суд.

Вынікі. У цэнтральнай частцы Расіі рэформа праводзілася вельмі марудна і расцягнулася на дзесяцігоддзі. Па іншаму склалася сітуацыя ў Беларусі. Гэта было звязана з паўстаннем 1863 г. Беларускім сялянам вярталіся адрэзкі і змяншаліся выкупныя плацяжы (напр., у Менскай губерні на 75,4%, у Гарадзенскай на 68,8%, у Віленскай на 64,9%, у Магілёўскай на 23,8%). Паводле ўказа ад 1 сакавіка 1863 г. часова абавязанае становішча адмянялася з 1 мая. Яны былі пераведзены на выкуп і станавіліся ўладальнікамі сваіх надзелаў. 21 лістапада 1863 г. гэты ўказ быў распаўсюджаны на астатнія паветы Віцебскай і Магілёўскай губ., дзе часова абавязаныя адносіны спыняліся з 1 студзеня 1864 г. Такім чынам, рэформы па адмене прыгоннага права ў Беларусі завяршыліся фактычна да 1864 г.

Адмена прыгоннага права стала важным крокам на шляху развіцця рынкавых адносін. Сяляне атрымалі асабістую свабоду, што садзейнічала фармаванню рынку наёмнай рабочай сілы. Аднак рэформа была недастатковай. Не былі пераразмеркаваны на карысць сялян вялізарныя землі магнацкіх латыфундый. Сяляне атрымалі недастатковыя надзелы, якія іх не пракормлівалі. Яны былі звязаны кругавой парукай у межах сельскай абшчыны. Прыгонніцкія перажыткі стрымлівалі развіццё сельскага прадпрымальніцтва і фармавання рынка рабочай сілы. Актывізаваўся сялянскі рух, бо сяляне не былі задаволены такімі ўмовамі адмены прыгоннага права. Яны адмаўляліся выконваць паншчыну і іншыя павіннасці. Упарта змагаліся супраць складання ўстаўных грамат (акты, што вызначалі пазямельныя адносіны і павіннасці сялян на карысць памешчыка да выкупной здзелкі). Увядзенне такіх грамат зацягнулася да мая 1864 г., а не да 19 лютага 1863 г., як планавалася адразу. Пры гэтым 78% грамат так і не было падпісана сялянамі. У Беларусі за 1862 г. адбылося звыш 150 сялянскіх выступленняў, асаблівы размах меў сялянскі рух у Гарадзенскай і Менскай губернях.


19. Вызваленчае паўстанне 1863–1864 гг. пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага.
Каліноўскі Кастусь (1838–1864) — кіраўнік паўстання на землях Беларусі і Літвы.

Урублеўскі Валеры (1836–1908) — паплечнік К. Каліноўскага, выдаваў разам з ім рэвалюцыйна-дэмакратычную газету на беларускай мове “Мужыцкая праўда”.

Мураўёў Міхаіл (“вешальнік”) (1796–1866) — віленскі генерал-губернатар, кіраваў падаўленнем вызваленчага паўстання.
Чэрвень 1862 г. — у Варшаве створаны Цэнтральны нацыянальны камітэт для непасрэднай падрыхтоўкі да паўстання.

Жнівень 1862 г. — у Вільні створаны Літоўскі правінцыйны камітэт (ЛПК).

10 студзеня 1863 г. — у Варшаве абвешчаны пачатак узброенага паўстання на тэрыторыі ўсёй былой Рэчы Паспалітай.

22 студзеня 1863 г. — ЛПК выдае Маніфест аб падтрымцы паўстання.

22 сакавіка 1864 г. — К. Каліноўскі ў Вільні пакараны смерцю праз павешанне.
Нацыянальна-вызваленчы рух супраць царызму меў дзве плыні: буржуазна-памешчыцкую (“белыя”) і рэвалюцыйна-дэмакратычную (“чырвоныя”). “Белыя” — буйныя і сярэднія памешчыкі, гандлёва-фінансавая буржуазія — выступалі за аднаўленне незалежнай Рэчы Паспалітай у межах 1772 г., вядучую ролю ў барацьбе за незалежнасць адводзілі шляхце, вялікія надзеі ўскладалі на ваенную дапамогу Францыі і Англіі, аграрная праграма мела абмежаваны характар (таму не мела шырокай падтрымкі ў сялянсвта). “Чырвоныя” — мала- і беззямельная шляхта, афіцэры, студэнты, рамеснікі, разначынная інтэлігенцыя. Падзяляліся на “правых” (памяркоўных), якія не патрабавалі радыкальнага вырашэння аграрнага пытання, выказваліся за кампенсацыю памешчыкам за зямлю пры перадачы яе сялянам і “левых” (радыкалаў), якія выказваліся за ліквідацыю памешчыцкага землеўладання, за права народаў на самавызначэнне. ЛПК, які з кастрычніка 1862 г. узначаліў К. Каліноўскі, дабіваўся перагляду аграрнай праграмы паўстанцаў, арыентаваўся на сялян як галоўную сілу паўстання, прызнання права народаў Беларусі і Літвы на стварэнне самастойнай Літоўска-Беларускай дзяржавы.

Пасля пачатку паўстання, у лютым 1863 г., Польскі нацыянальны ўрад расфарміраваў Часовы ўрад Літвы і Беларусі (так стаў называцца ЛПК), а К. Каліноўскі быў накіраваны на пасаду камісара Гарадзенскага ваяводства. На падаўленне паўстання была накіравана 200-тысячная рэгулярная расійская армія. Паўстанцы вялі партызанскую барацьбу, чакалі замежнай ваеннай дапамогі (аднак Англія і Францыя абмежаваліся толькі нотамі пратэсту). Частка шляхты, вярхі каталіцкага духавенства, спужаныя жорсткімі рэпрэсіямі, летам 1863 г. адышлі ад паўстання, не было шырокай падтрымкі і збоку сялян. У такіх умовах К. Каліноўскі паўторна ўзначаліў паўстанне, але было ўжо позна. Да пачатку восені паўстанцкія атрады ў Беларусі і Літве былі рассеяны. У лютым 1864 г. быў арыштаваны і сам К. Каліноўскі. Было пакарана смерцю 128 чалавек, у т.л. К. Каліноўскі, 12 500 было выслана, каля 6 000 атрымалі адміністрацыйныя пакаранні. Царскі ўрад пачаў масіраваную палітыку русіфікацыі: Беларусь наваднілі рускія чыноўнікі, настаўнікі, войскі, закрываліся навучальныя ўстановы, беларуская шляхта пазбавілася магчымасці займаць дзяржаўныя пасады.


20. Правядзенне сталыпінскай аграрнай рэформы ў Беларусі.
9 лістапада 1906 г. — сяляне атрымалі права на выхад з абшчыны.

1907 г. — адмена выкупных плацяжэй.

Пётр Сталыпін (1862–1911) — расійскі прэм’ер-міністр, аўтар аграрнай рэформы.

Рэвалюцыя 1905—1907 гг. паўплывала на змену эканамічнай палітыкі царызму. П. Сталыпін распачаў рэфармаванне сельскай гаспадаркі. Каб павялічыць у Расіі зямельныя надзелы сялян і не чапаць пры гэтым памешчыцкага дабра, прапаноўвалася распусціць абшчыну і аблегчыць пераход здрабнелых надзелаў беднякоў ва ўласнасць заможных вяскоўцаў. Права на выхад з абшчыны сяляне атрымалі па царскаму указу ад 9 лістапада 1906 г. А з 1907 г. адмяняліся выкупныя плацяжы за былую памешчыцкую зямлю, і сяляне станавіліся поўнымі ўласнікамі, гаспадарамі сваіх надзелаў. Гэтыя два законы склалі прававую аснову сталыпінскай рэформы. Яе рэалізацыя ажыццяўлялася шляхам правядзення некалькіх мерапрыемстваў.

Першае – выхад з абшчыны. У 1909-1911 гг. абшчыну пакідалі дзесяткі тысяч сялян Магілёўшчыны і Віцебшчыны. Усяго ў гэтых дзвюх губернях да 1915 г. замацавалі зямлю ў асабістую ўласнасць 48% абшчынных двароў, тады як у цэлым па Расіі – 22%. Для сялян Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губерняў, дзе абшчын не існавала, сталыпінская рэформа не мела вялікага значэння.

Другое мерапрыемства – хутарызацыя. Замацаванне за сялянамі прыватнаўласніцкіх правоў на зямлю давала магчымасць пазбавіцца ад зямельнай цеснаты і выйсці з вёскі на хутары. За дзесяць гадоў сталыпінскай рэформы іх узнікла ў беларускіх губернях каля 12,8 тысяч, ці 12% ад усіх сялянскіх двароў. Гэты паказчык быў вышэйшым за агульнарасійскі (10%). І тут уплывала даўняя традыцыя хутарскога жыцця. Тым жа, хто не хацеў перабіраюцца на хутары, дазвалялася, не пакідаючы сядзібу ў вёсцы, зводзяць палявыя землі ў адзін клін (“отруб”). Падняць гаспадарку на новым месцы было не так проста. Не хапала крэдытаў. Да 1915 г. каля 36% гаспадароў, што выйшлі на хутары і атрубы, прадалі сваю зямлю больш руплівым, гаспадарлівым і шанцавітым. Пазбаўляліся жабрацкіх надзелаў і бедныя вяскоўцы.

Трэццяе мерапрыемства – гэта арганізацыя масавых перасяленняў. Абеззямеленых сялян прымалі гарады і прамысловыя цэнтры. Дзяржава дапамагала грашыма на праезд у Сібір. Але не ў дастатковым памеры і не ўсім. Таму ў Сібір ехалі гаспадары сярэдняй рукі, якія мелі шанс узнавіць гаспадарку на новым месцы. За 1904-1914 гг. з пяці заходніх губерняў перасялілася каля 368 тыс. чалавек, і большасць з усходніх. Каля 11% перасяленцаў вярнулася ў 1907-1914 гг. ў Беларусь. Сотні тысяч лепшых беларускіх сялян істотна паспрыялі эканамічнаму ўздыму сібірскіх прастораў.

Вынікі. Па-першае, замацаванне за сялянамі права прыватнай уласнасці на зямлю спрыяла інтэнсіфікацыі сялянскіх гаспадарак і ўзрастанню іх канкурэнтаздольнасці з памешчыцкімі. Закладваўся кааператыўны рух. Па ўраджайнасці жыта вяскоўцы выходзілі на ўзровень памешчыцкіх палёў. Па-другое, у параўнанні з другой паловай ХІХ ст. памешчыцкае землеўладанне некалькі скарацілася, а сялянскае, побач з купецкім і мяшчанскім, ўзрасло. Па трэццяе, ва ўмовах канкурэнцыі з боку сялянскіх гаспадарак і ўзросшай аплаты сельскагаспадарчым рабочым, памешчыкі таксама пераходзілі да перадавых метадаў гаспадарання. Пашыраўся ўжытак плугоў і жалезных барон. Заможныя гаспадары набывалі веялкі, малацілкі і вельмі рэдка жняяркі. Гэта аднак зусім не азначае, што сталыпінская рэформа не была эканамічна эфектыўнай, але яе поўнай рэалізацыі перашкодзіў пачатак першай сусветнай вайны. Аграрная рэформа дала штуршок і для надзвычай актыўнага развіцця прамысловасці (у 1908-1913 гг. сярэднегадавы прырост прамысловай вытворчасці ў Беларусі складаў каля 14% – неверагодна высокі паказчык, вышэйшы, чым па Расіі ў цэлым).
21. Абвяшчэнне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.
21 лютага 1918 г. — Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага з’езду звяртаецца да народаў Беларусі з 1-й Устаўной граматай.

9 сакавіка 1918 г. —Выканкам Усебеларускага з'езда прыняў 2-ю Устаўную грамату

25 сакавіка 1918 г. — прынята 3-я Устаўная грамата, абвешчана незалежнасць БНР.

Варонка Язэп (1891–1952) — першы старшыня Народнага сакратарыяту Беларусі

Серада Іван (1879–1943) першы старшыня Рады БНР

19 лютага, калі бальшавікі з-за нямецкага наступлення пакінулі Менск, лідэры беларускага нацыянальнага руху паспрабавалі ўзяць уладу ў свае рукі. Выйшаў з падполля і Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага з’езду. У 1-й Устаўной грамаце Выканкам, выконваючы волю Ўсебеларускага з’езду, абвяшчаў сябе вышэйшай уладай у Беларусі, абяцаў хуткае скліканне Усебеларускага ўстаноўчага сходу і вылучыў са свайго складу першы беларускі ўрад — Народны сакратарыят Беларусі на чале з Язэпам Варонкам. Абвясціць Беларусь незалежнай дзяржавай яшчэ не адважыліся.

Хутка ў Менску запанавалі немцы, якія з’явіліся тут яшчэ 21 лютага. Усталяваўшы сваю ўладу ў горадзе, яны забралі касу Народнага сакратарыята, сарвалі з яго будынка сцяг і выгналі службоўцаў. Новыя гаспадары не прызналі беларускай улады, бо лічылі Беларусь часткай савецкай Расіі. 28 лютага дэлегацыя Народнага сакратарыята наведала рэзідэнцыю германскай ваеннай адміністрацыі, дзе выказала лаяльнасць да акупацыйных уладаў. Немцы дазволілі дзейнасць Народнага сакратарыята ў якасці беларускага прадстаўніцтва. Такім чынам, Народны сакратарыят, хоць афіцыйна і не прызнаны, атрымаў мажлівасць распачаць нарматыўную дзейнасць і хоць неяк ратаваць Беларусь.

3 сакавіка 1918 г. у Брэсце паміж Расіяй і Германіяй быў заключаны мір: тэрыторыя Беларусі была падзелена паміж ваюючымі бакамі. Большая яе частка да Дняпра і нават за Дняпром, занятая нямецкімі войскамі да моманту заключэння Брэсцкага міру, заставалася акупаванай немцамі да выплаты Расіяй 6-млрд кантрыбуцыі (золатам, зернем, інш. таварамі). Беларускія землі на ўсход ад Дняпра дасталася Расіі. Немцы планавалі далучыць да Літвы частку беларускіх зямель, у т.л. Віленшчыны і Гродзеншчыны. Адначасова Расія прызнавала незалежнасць Украіны і яе права на Брэсцкі, Пінскі, Мазырскі, Рэчыцкі і Гомельскі паветы.

У такіх умовах 9 сакавіка 1918 г. Выканкам Усебеларускага з'езда прыняў 2-ю Устаўную грамату (мела канстытуцыйны характар): абвяшчалася ўтварэнне Беларускай Народнай Рэспублікай у межах рассялення і колькаснай перавагі беларусаў. Выканкам Усебеларускага з'езда пераўтвараўся ў Раду БНР, якую ўзначаліў Іван Серада (заканадаўчая ўлада). Канчатковае рашэнне пытання аб уладзе ў Беларусі перакладавалася на Устаноўчы сойм, абраны шляхам свабодных выбараў. Абвяшчалася свабода слова, друку, сходаў, забастовак, саюзаў, недатыкальнасць асобы і жылля, шанаваліся правы нацыянальных меншасцяў. Абвяшчалася аб скасаванні прыватнай уласнасці на зямлю, якая перадавалася "без выкупу тым, хто самі на ёй працуюць". Лясы, азёры і нетры абвяшчаліся ўласнасцю БНР, устанаўліваўся 8-гадзінны працоўны дзень. БНР паўставала як сацыялістычная дзяржава. Немцы да фармавання дзяржаўных структур Беларусі ніякага дачынення не мелі. Члены Рады і ўрада БНР былі абраннікамі беларускага народа (Усебеларускі з’езд, снежань 1917 г.).

Разам з тым 2-я Ўстаўная грамата не вызначыла адносін з іншымі дзяржавамі. 23 сакавіка 1918 г. Антон Луцкевіч прапанаваў Народнаму сакратарыяту абвясціць незалежнасць БНР. І на чарговым пасяджэнні Рады, якое пачалося а 8 гадзіне вечара 24 сакавіка, фракцыя БСГ унесла прапанову аб абвяшчэнні незалежнасці БНР. Абмеркаванне даклада працягвалася 10 гадзін. Толькі каля 6-й гадзіны раніцы наступнага дня 25 сакавіка рэзалюцыя аб незалежнасці была прынята. 25 сакавіка пачалося і паартыкульнае абмеркаванне 3-й Устаўной граматы да народаў Беларусі. І нарэшце каля трох гадзін дня яна была зацверджана. З 25 сакавіка 1918 г. Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася незалежнай дзяржавай, а Брэсцкі мірны дагавор касаваўся. Спрадвечная мара беларускіх барацьбітоў за незалежнасць сваёй дзяржавы, насуперак волі вялікіх дзяржаў, пачынала здзяйсняцца. І з акцыяй 25 сакавіка ўжо не маглі не лічыцца нават ворагі беларускай дзяржаўнасці.
22. Стварэнне БССР у 1919 г.
1 студзеня 1919 г. — абнародаваны маніфест аб абвяшчэнні БССР.

2-3 лютага 1919 г. — I Усебеларускі з'езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.



Аляксандр Мяснікоў (1886–1925) — старшыня Аблвыкамзаха.

3міцер Жылуновіч (1887–1937) — старшыня Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўрада БССР

Пасля ануліравання Брэсцкага міру расійскія войскі занялі ўсю тэрыторыю Беларусі і аднавілі тут савецкую ўладу. У той жа час, некаторыя партыйныя, савецкія, ваенныя органы без дазволу Паўночна-Заходняга камітэта партыі сталі звяртацца да цэнтральных органаў Расіі з прапановай абвяшчэння самастойнай Беларускай Рэспублікі. Спачатку ў Маскве планавалася захаваць для беларусаў усяго толькі Заходнюю камуну. Аднак вельмі хутка пазіцыя Масквы перамянілася. Па-першае, бальшавікі мусілі лічыцца з існаваннем БНР. Па-другое, у Маскве 21-23 снежня 1918 г. канферэнцыя беларускіх камуністычных секцый выказалася за дзяржаўнае самавызначэнне Беларусі. Па-трэцяе, некаторыя палітычныя колы Польшчы ставілі пытанне аб аднаўленні Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Бальшавікамі для Беларусі адводзілася роля буфера паміж Расіяй і Польшчай.

24 снежня 1918 г. Пленум ЦК РКП(б) прыняў пастанову аб утварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР). 30 снежня 1918 г. адкрылася ў Смаленску VI Паўночна-Заходняя абласная партыйная канферэнцыя, якая адзінагалосна выказалася за абвяшчэнне БССР. У склад рэспублікі меркавалася ўключыць Смаленскую, Віцебскую, Магілёўскую, Менскую і Гродзенскую губерні з часткамі сумежных з імі суседніх губерняў (Віленскай і Чарнігаўскай), дзе пераважала беларускае насельніцтва. Канферэнцыя абвясціла сябе I з'ездам Кампартыі бальшавікоў Беларусі. Быў створаны кіруючы орган КП(б)Б — Цэнтральнае бюро КП(б)Б на чале з А. Мясніковым. Старшынём Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўрада БССР быў зацверджаны 3. Жылуновіч.

1 студзеня 1919 г. Часовы ўрад Беларусі абнародаваў маніфест аб абвяшчэнні БССР. Уся ўлада ў Беларусі належала Саветам рабочых, сялянскіх, батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Зямля з усім інвентаром, лясы, воды і нетры, чыгункі, фабрыкі і заводы, банкі станавіліся ўласнасцю народа. Маніфест абвясціў раўнапраўе працоўных усіх нацыянальнасцей, адмяніў усе загады і распараджэнні акупацыйных уладаў, аб'явіў па-за законам Раду БНР. Маніфест адкідаў дэмакратычныя свабоды, як супярэчныя партыйнай дыктатуры бальшавікоў.

5 студзеня 1919 г. Часовы рэвалюцыйны рабоча-сялянскі ўрад БССР, ЦБ КП(б)Б пераехалі ў Менск, які з гэтага часу стаў сталіцай БССР.

Спатрэбілася зусім нямнога часу, каб зразумець, што дзяржаўнасць Беларусі была для бальшавіцкага кіраўніцтва часовай дыпламатычнай мерай. Ужо 16 студзеня ЦК РКП(б) выдаў загад вылучыць са складу БССР Смаленскую, Магілёўскую і Віцебскую губерні і далучыць іх да РСФСР у сувязі са змяненнем “знешніх абставін”. Хутка з'явіўся план аб’яднання БССР з Літоўскай ССР, стваранай бальшавікамі 16 снежня 1918 г.

2-3 лютага 1919 г. у Менску адбыўся I Усебеларускі з'езд Саветаў рабочых, с-нскіх і чырвонаарм. дэпутатаў. Дэлегаты не выбіраліся насельніцтвам, а прызначаліся адпаведнымі інстанцыямі. З’езд вызначыў тэрыторыю Савецкай Беларусі ў складзе Менскай і Гродзенскай губ. Старшыня УЦВК Я. Свярдлоў на з'ездзе абвясціў пастанову прэзідыума УЦВК "Аб прызнанні незалежнасці БССР". У адказ з'езд прыняў "Дэкларацыю аб устанаўленні федэратыўнай сувязі паміж БССР і РСФСР". Была прынята канстытуцыя. З’езд абраў ЦВК Беларусі з 50 ч-к і яго Прэзідыум з функцыямі ўрада. Але туды не быў выбраны ні адзін з савецкіх беларускіх дзеячаў. Новым прэм’ерам Беларусі замест З. Жылуновіча стаў А. Мяснікоў. З’езд згадзіўся на зліццё БССР з савецкай Літвой, чым фактычна ліквідаваў існаванне савецкай Беларусі.


23. Літбел. Другое абвяшчэнне БССР у 1920 г.
31 ліпеня 1920 г. — прынята "Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь".

Аляксандр Чарвякоў (1892–1937) — старшыня ЦВК і СНК БССР.

27 лютага 1919 г. былі створаны ЦВК Літоўска-Беларускай ССР і яго Прэзідыум (на чале з К. Цыхоўскім), урад аб'яднанай рэспублікі – СНК (В. Міцкявічус-Капсукас; ва ўрадзе не было ніводнага беларуса). Былі аб’яднаны ў адну і кампартыі Літвы і Беларусі. Літбел. са сталіцай у Вільні ахоплівала Віленскую, Менскую і Гродзенскую губ. Так, БССР праз месяц пасля абвяшчэння незалежнасці стала часткай новага штучнага дзяржаўнага ўтварэння. Усё беларускае, нават мова, лічылася контррэвалюцыйным. У Менску не з’явілася ніводнай беларускай кнігі, газеты. Літаратура выдавалася толькі на літоўскай, польскай і рускай мовах.

Пасля паспяховага ліпеньскага (1920) наступлення Чырвонай Арміі падчас савецка-польскай вайны 1919–1920 г., калі ўся тэрыторыя Беларусі была вызвалена ад палякаў зноў паўстала пытанне пра аднаўленне беларускай дзяржаўнасці. Але сярод кіраўніцтва ЛітБела па-ранейшаму не было адзінай думкі па гэтым пытанні. Частка членаў ЦК КП(б) Літвы і Беларусі не лічылі неабходным аднавіць суверэнную Беларускую Савецкую Рэспубліку. Яны абмяжоўваліся наданнем беларусам культурна-нацыянальнай аўтаноміі ў межах Мінскай губерні, якая павінна была ўвайсці ў склад РСФСР як адміністрацыйная адзінка. Другая частка членаў ЦК КП(б) Літвы і Беларусі на чале з А. Чарвяковым настойліва прапаноўвала ЦК РКП(б) тэрмінова разгледзець беларускае пытанне. 6 ліпеня 1920 г., калі Чырвоная Армія перайшла ў наступленне, ЦК выказаўся за аднаўленне беларускай савецкай дзяржаўнасці. Тым часам, 12 ліпеня 1920 г. у Маскве быў падпісаны мірны дагавор паміж Літвой і РСФСР. У межы Літвы ўключылі частку Беларусі з гарадамі Гродна, Шчучын, Ашмяны, Смаргонь, Браслаў. Віленскі край з Вільняй таксама быў прызнаны часткай Літвы. У сувязі з падпісаннем гэтага дагавора дэ-юрэ перастала існаваць Літоўска-Беларуская ССР.

У гэтых умовах пачалася практычная работа па аднаўленні беларускай дзяржаўнасці на савецкай аснове. 31 ліпеня 1920 г. у Мінску адбылося сумеснае пасяджэнне прадстаўнікоў Белваенрэўкома, ЦК КП(б) Літвы і Беларусі, прафсаюзаў, Беларускай камуністычнай арганізацыі, Бунда па пытанні аднаўлення БССР. На пасяджэнні была прынята "Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь" (фактычна паўтарала Маніфест урада Зміцера Жылуновіча ад 1 студзеня 1919 г.). У адпаведнасці з Дэкларацыяй уся ўлада на тэрыторыі Беларусі да склікання Усебеларускага з'езда Саветаў пераходзіла да Ваенна-рэвалюцыйнага Камітэта на чале з Аляксандрам Чарвяковым. Беларуская Рэспубліка аднаўлялася ў межах адной Мінскай губерні, а дакладней, толькі 6 яе паветаў. Беларускія эсэры адмовіліся цадпісаць Дэкларацыю, хоць спачатку выказаліся ў яе падтрымку. Яны прапанавалі пашырыць тэрыторыю рэспублікі да яе этнаграфічных межаў. Акрамя таго, яны патрабавалі склікаць Усебеларускі працоўны кангрэс для вырашэння пытання аб дзяржаўным будаўніцтве Беларусі, сфарміраваць кааліцыйны ўрад з прадстаўнікоў усіх партый нацыянальнай дэмакратыі, утварыць беларускае войска, забяспечыць поўную незалежнасць Беларусі ад Расіі, абвясціць беларускую мову дзяржаўнай. ЦК КП(б) ЛіБ адхіліў гэтыя патрабаванні. Частка бальшавікоў па-ранейшаму заяўлялі, што разглядаюць ССРБ як нацыянальна-культурную аўтаномію беларусаў у складзе адной Мінскай губерні і то часовую.


24. Развіццё НЭПа ў Беларусі ў 1920-х гг.
8–16 сакавіка 1921 г. - Х з’ездзе РКП (б), абвешчана Новая эканамічная палітыка (НЭП).

Леў Троцкі (Бранштэйн Лейба, 1879–1940)- Старшыня Рэўваенсавета.

Першая сусветная вайна і грамадзянская вайна прывялі да велізарных разбурэнняў у Расіі і Беларусі. Вельмі востра паўстала пытанне збяднення большай часткі насельніцтва. Валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі складала 50% ад 1913 г. Не хапала хлеба, запалак, солі. Агульны аб'ём валавой прадукцыі прамысловасцскладаў 15-20% ад даваеннага ўзроўню. У студзені 1921 г. хлебны паёк рабочых быў скарочаны. Галадала па ўсёй Савецкай краіне каля 40 млн. чалавек. "Ваенны камунізм" пасля заканчэння грамадзянскай вайны страціў усе аргументы на сваю карысць. Сяляне, калі знікла пагроза “белай рэстаўрацыі”, сталі патрабаваць права свабодна распараджацца зямлёй і прадукцыяй сваёй працы, выказваць незадаволенасць харчразвёрсткай. Сяляне ўсё часцей супраціўляліся прадстаўнікам улады, у розных рэгіёнах краіны ўспыхвалі паўстанні. Улады лічылі, што уціхамірыць сялян толькі армія. Толькі ў Тамбоўскую губерню было паслана да 50 тыс. чырвонаармейцаў на чале з М. Тухачэўскім.

Старшыня Рэўваенсавета Леў Троцкі прапанаваў Палітбюро абмежаваць развёрстку, прычыну крызісу ён бачыў у высокіх заданнях. У. Ленін бачыў крызіс ваенна-камуністычных метадаў будаўніцтва сацыялізму. Аднак фактычна гэта быў крызіс усёй канцэпцыі сацыялізму, якую прапаноўвалі К. Маркс і У. Ленін. "Ваенны камунізм", або эксперымент па стварэнню камуністычнага грамадства, з'явіўся сацыяльнай утопіяй. Стала зразумела, што, каб пераадолець крызіс, захаваць сваю ўладу, трэба рэзка змяніць палітычны курс.

На Х з’ездзе РКП (б) (8–16 сакавіка 1921 г.) была абвешчана Новая эканамічная палітыка. Першай антыкрызіснай мерай нэпа стала замена харчразвёрсткі натуральным падаткам. Натуральны падатак быў менш развёрсткі, аб'яўляўся перад пасяўной, не мог быць павялічаны на працягу года. Падатак першапачаткова складаў 20% ад чыстага прадукту, затым быў зменшаны да 10%, а з 1924 г. стаў збірацца грашыма. Усе лішкі прадукцыі пасля выканання падатку заставаліся ў селяніна. Партыя вымушана была пайсці на дазвол прыватнага, кааператыўнага і дзяржаўнага гандлю. У адрозненне ад іншых савецкіх рэспублік у БССР вядучае месца займаў прыватны гандаль. На яго долю ў 1922/23 г. прыходзілася 90% гандлёвых прадпрыемстваў і 85% тавараабароту. Селянін атрымаў права свабоднага выбару формы апрацоўкі зямлі і гарантыю землекарыстання. Беларусь з'яўлялася сельскагаспадарчай рэспублікай: у 1920-1923 гг. тут налічвалася 89% сельскага насельніцтва. Зразумела, што сельская гаспадарка была стрыжнем, вакол якога варочалася ўся эканоміка рэспублікі. Асаблівасцю эканамічнага становішча Беларусі было тое, што ўвядзенне нэпа супала па часе з перадачай зямлі сялянам. У 1921 г. сялянства павялічыла сваё землекарыстанне на 11,4% коштам былых уладанняў памешчыкаў Але гэта была нязначная прырэзка – менш чым па адной дзесяціне на двор, бо 70% нацыяналізаваных зямель была перададзена ў дзяржаўны лясны і зямельны фонд. У выніку забяспечанасць сялян зямлёй у БССР была ніжэй сярэдняй па СССР на 41%.

У верасні 1922 г. Прэзідыум ЦВК БССР прыняў закон аб працоўным землекарыстанні. У ім аднолькава законнымі прызнаваліся арцелі, абшчыны, прыватнае ўладанне ў выглядзе водрубаў ці хутароў. Дазвалялася здача зямлі ў арэнду і выкарыстанне наёмнай працы, праўда калі працуюць і члены сям'і. У жніўні 1924 г. пачаў дзейнічаць новы Зямельны кодэкс БССР. Быў створаны рэзервовы зямельны фонд, з якога надзяляліся бяднейшыя сяляне. Праўда, дзейнічалі мінімальныя (5,6 дзесяціны) і максімальныя (11,9 дзесяціны) нормы землекарыстання на адну гаспадарку. Да 1928 г. больш за 25% двароў выйшла на хутары і водрубы, на 1,4 млн. га былі створаны пасёлкі. Заахвочвалася сялянская кааперацыя, якая насіла крэдытна-збытавы характар і аб'ядноўвала ў 1928 г. 50% гаспадарак.

3 адменай дэкрэта аб нацыяналізацыі ўсёй прамысловасці ажыццяўлялася дэнацыяналізацыя дробнай і часткі сярэдняй прамысловасці і вяртанне яе былым уладальнікам. Каля 300 прадпрыемстваў было аддадзена ў арэнду. Прычым кожны грамадзянін мог сам арганізаваць саматужную або прамысловую вытворчасць з наймам рабочых: да 10 пры рухавіку, да 20 без рухавіка. Былі зняты абмежаванні на іх дзейнасць і дадзены правы юрыдычных асоб.

Нармальнае функцыянаванне гаспадарчага механізма было немагчымым без грашовай рэформы. Рэформа пачалася ў 1922 г. з выпуску новай грашовай адзінкі – савецкага чырвонца. Чырвонцы абменьваліся на золата: 1 чырвонец раўняўся 10 дарэвалюцыйным рублям або 7,74 г. чыстага золата, або 5,14 доларам ЗША. Ствараліся камерцыйныя банкі, таварыствы ўзаемнага крэдыту. У адшчадных касах былі адменены абмежаванні на сумы прыватных асоб і арганізацый. Дзяржава абвясціла гарантыю тайны ўкладаў, сярэдняя велічыня якіх павялічылася ў 3,3 раза. Была адноўлена грашовая аплата, уведзены тарыфы зарплаты, зняты абмежаванні на яе рост. Арганізацыя працы пачала будавацца на прынцыпах матэрыяльнага стымулявання – здзельнай аплаты. Укараненне гаспадарчага разліку дазволіла пазбавіцца ад ураўнілаўкі, улічваць кваліфікацыю работніка і яго працоўную актыўнасць. I, як вынік, у 1927 г. прадукцыйнасці працы перавысіла даваенны ўзровень у 1,8 раза.

Нэп меў спрыяльныя вынікі для эканомікі Беларусі. Да 1927 г. была поўнасцю адноўлена сельская гаспадарка, прамысловасць Беларусі дасягнула даваеннага ўзроўню. Пры гэтым на долю дзяржаўнага сектара прыходзілася амаль 3/4 усёй прадукцыі.

Партыйны і дзяржаўны апарат не мог прыняць новы эканамічны курс, таму што той адмаўляў камандныя метады кіравання: таварна-грашовыя адносіны патрабавалі гнуткай прафесійнай палітыкі, ведаў і вопыту. А ў партдзяржапараце адсутнічалі стымулы да перабудовы: гарантаваная заработная плата, дачы, санаторыі – усё гэта ён атрымліваў незалежна ад эфектыўнасці працы. Нэпам былі незадаволены таксама малакваліфікаваныя рабочыя, беспрацоўныя, беднякі, батракі. Яны склалі тую сацыяльную глебу, якая падтрымала дзеянні партапарату па ліквідацыі новай эканамічнай палітыкі.


25. Беларускі нацыянальны рух у Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гг.
18 сакавіка 1921 г.Рыжскі мір.

Красавік 1921 г. - рашэнне ЦК БПС-Р аб падрыхтоўцы ўсенароднага ўзброенага паўстання на тэрыторыі Заходняй Беларусі

Лета 1925 г. – стварэнне Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ)

Перамір'е ў савецка-польскай вайне 1919-1920 гг. ад 12 кастрычніка 1920 г. было заменена мірным дагаворам, які Расія падпісала з Польшчай 18 сакавіка 1921 г. у г. Рызе. Беларуская дэлегацыя да падпісання дагавора запрошана не была. А. Чарвякоў і У. Ігнатоўскі прысутнічалі ў Рызе як эксперты. Па ўмовах Рыжскага міру Заходняя Беларусь адыходзіла да Польшчы. Паводле Рыжскага дагавора 1921 г. і канстытуцыі Рэчы Паспалітай 1921 г. нацыянальным меншасцям гарантаваліся: права на маёмасць і ахову яе з боку дзяржавы, свабода веравызнання, права навучання на роднай мове, ужыванне яе ў грамадскіх і дзяржаўных установах, права сходаў, стварэнне таварыстваў і арганізацый і г.д. На практыцы гэтыя правы пастаянна парушаліся, праводзіўся мэтанакіраваны курс на паланізацыю беларускага насельніцтва.

На анексаваных землях у пачатку 1919 г. функцыянавалі 359 беларускіх школ, 2 настаўніцкія семінарыі ў Барунах і Свіслачы, 5 агульнаадукацыйных гімназій у Вільні, Радашковічах, Навагрудку, Клецку і Нясвіжы. Да 1924 г. засталося ўжо толькі 37 беларускіх школ і 4 гімназіі з абмежаванымі правамі. Школьная рэформа ў Польшчы пачатку 1930-х гадоў паспрыяла поўнаму заняпаду беларускіх школ. Шматступеньчатасць, высокая плата за навучанне і іншыя новаўвядзенні абмяжоўвалі доступ дзяцей большасці беларускага насельніцтва ў сярэднія школы і ВНУ. У 1938/39 навучальным годзе не засталося ніводнай беларускай школы. Польскіх школ таксама было недастаткова. У выніку на верасень 1939 г. амаль 130 тыс. дзяцей школьнага ўзросту засталіся па-за межамі адукацыі. Скарачалася колькасць беларускіх газет і часопісаў. Калі у 1927 г. легальна выдаваліся 23 беларускія газеты і часопісы, то ў 1939 г. – 8. Зачыняліся нешматлікія клубы, бібліятэкі, хаты-чытальні, створаныя ў папярэднія гады беларускай грамадскасцю. Служачыя і рабочыя з нацыянальных меншасцей на чыгунцы, камунальных прадпрыемствах і ў дзяржаўных установах замяняліся палякамі, якія прысылаліся найчасцей з цэнтральных раёнаў Польшчы. Адной з праяў нацыянальнага ўціску была рэлігійная нецярпімасць польскага ўрада да праваслаўнага насельніцтва Заходняй Беларусі. 3 500 існаваўшых праваслаўных цэркваў да 1924 г. больш за 300 былі пераўтвораны ў касцёлы. Каталіцкае польскае духавенства стала дзейсным сродкам паланізацыі насельніцтва.

Сацыяльныя і нацыянальныя супярэчнасці вызначалі характар і мэты нацыянальна-вызваленчага руху. Актыўнымі сіламі яго былі дэмакратычная інтэлігенцыя, палітычна актыўная частка рабочага класа і сялянства. Пры падтрымцы СССР і Літвы ў першай палове 1920-х гадоў нацыянальна-вызваленчы рух набыў пераважна ўзброеную партызанскую форму барацьбы. Ужо з лета 1921 г. пачалі ўзнікаць падпольныя і партызанскія арганізацыі. У паўночна-заходніх паветах на Беласточчыне і Гродзеншчыне партызанскі рух разгортваўся пад кіраўніцтвам Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Яе лідэры заявілі аб непрызнанні Рыжскага дагавора. ЦК БПС-Р у красавіку 1921 г. прыняў рашэнне аб падрыхтоўцы ўсенароднага ўзброенага паўстання на тэрыторыі Заходняй Беларусі і летам 1921 г. стварыў Цэнтральны беларускі паўстанцкі камітэт на чале з У. Пракулевічам. На Палессі, Навагрудчыне і Віленшчыне партызанскі рух разгортваўся пад кіраўніцтвам камуністаў. Грошы, зброю і літаратуру дастаўлялі нелегальна з Мінска, з фондаў КПБ(б). Найбольш вядомымі кіраўнікамі партызанскай барацьбы былі К. Арлоўскі. С. Ваўпшасаў, В. Корж і інш. Паводле афіцыйных звестак урадавых колаў у 1922 г. зроблена 878, у 1923 г. – 503 партызанскія напады. Каб зламаць партызанскі рух, польскія ўлады ўзмацнілі паліцэйскі тэрор. 3 дапамогай засланых правакатараў польская дэфензіва ў пачатку 1922 г. раскрыла эсэраўскія паўстанцкія структуры і правяла масавыя арышты ўдзельнікаў. Дзесяткі партызан былі расстраляны па прыгаворах ваенна-палявых судоў.

Якасна новы этап у развіцці нацыянальна-вызваленчага руху быў звязаны з выбарамі ў кастрычніку 1922 г. у польскі сейм. Блок нацыянальных меншасцей сабраў у Заходняй Беларусі 286 тыс. галасоў. 11 абраных дэпутатаў утварылі разам сеймавую фракцыю – Беларускі пасольскі клуб (БПК), дзейнасць якога была накіравана ў першую чаргу на адстойванне нацыянальных і сацыяльных правоў беларускага народа.

У кастрычніку 1923 г. на канферэнцыі Беластоцкага, Брэсцкага і Віленскага акруговых камітэтаў Камуністычнай рабочай партыі Польшчы (КРПП) была ўтворана Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ). Яна ўвайшла ў склад Кампартыі Польшчы на правах тэрытарыяльна-аўтаномнай арганізацыі, сваёй праграмы і статута не мела. КПЗБ аказвалі падтрымку, (ідэйную, фінансавую і арганізацыйную) савецкія і партыйныя органы Савецкай Беларусі (дзейнічала Прадстаўніцтва ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б, функцыянаванне падпольнай школы ў Мінску па падрыхтоўцы кадраў для нелегальнай работы ў Заходняй Беларусі. Ва ўмовах пэўнай міжнароднай і ўнутранай стабілізацыі з восені 1925 г. ЦК КПЗБ узяў курс на спыненне партызанскага руху. Галоўным палітычным апанентам КПЗБ у асяродку нацыянальна-дэмакратычных сіл была Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД), створаная ў маі 1917 г. 3 сярэдзіны 1920-х гг. яна стала найбольш уплывовай сярод беларускіх дэмакратычных партый. Яе ідэолагі і арганізатары Ф. Абрантовіч, Ад. Станкевіч, В. Гадлеўскі і іншыя адмаўлялі і капіталізм, і сацыялізм, прапагандавалі тэорыю самабытнасці развіцця беларускай нацыі, прынцып самавызначэння народаў, патрабавалі перадачы зямлі без выкупу беззямельным і малазямельным сялянам ва ўласнасць, 8-гадзіннага рабочага дня, дэмакратычных свабод, права беларускага народа на самастойнасць, а таксама выступалі супраць выкарыстання рэлігіі ў палітычных мэтах.

Значным поспехам у згуртаванні левых сіл нацыянальна-вызваленчага руху ў краі з'явілася стварэнне летам 1925 г. Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ), арганізацыі рэвалюцыйна-дэмакратычнага характару. Праграма БСРГ уключала патрабаванні поўнай свабоды сходаў і дзейнасці палітычных арганізацый, права свабоднага выбрання органаў самакіравання, перадачы памешчыцкіх і царкоўных зямель сялянам без выкупу, скасаванне асадніцтва, 8-гадзіннага рабочага дня, аплатнага водпуску і інш. Занепакоеныя ростам папулярнасці БСРГ сярод насельніцтва, польскія ўлады ў студзені 1927 арыштавалі кіраўнікоў Грамады Б. Тарашкевіча, С. Рак-Міхайлоўскага, П. Валошына і П. Мятлу, а таксама больш як 400 яе актывістаў. У сакавіку БСРГ была забаронена, сялян гвалтам прымушалі здаваць членскія білеты. Узмацніліся рэпрэсіі супраць іншых беларускіх культурна-асветных арганізацый. У адпаведнасці з пагадненнем, заключаным паміж Польшчай і СССР па абмене палітзняволенымі, С. Рак-Міхайлоўскі, Б. Тарашкевіч і іншыя кіраўнікі БСРГ у 1932 г. прыехалі ў БССР, дзе ў хуткім часе былі абвінавачаны ў "контррэвалюцыйнай змове і антысавецкай дзейнасці" і рэпрэсіраваны.

Са снежня 1927 па 1930 гг. існавала легальная рэвалюцыйна-дэмакратычная арганізацыя працоўных Заходняй Беларусі “Змаганне”, створаная як выбарчы рабочы камітэт для выбараў у сейм. У выніку выбараў, што адбыліся ў сакавіку 1928 г. у абставінах жорсткіх рэпрэсій, у сейм прайшлі толькі 5 беларускіх дэпутатаў: С. Дварчанін, Я. Гаўрылюк, Ф. Валынец, І. Грэцкі, А. Стагановіч. Яны стварылі пасольскі клуб, які супрацоўнічаў з камуністычнай фракцыяй сейма і фактычна стаў парламенцкай фракцыяй КПЗБ. Пасольскі клуб яны ператварылі ў легальны палітычны цэнтр КПЗБ. “Змаганне” легальна выдавала газеты нацыянальна-вызваленчага кірунку: “На варце,” “Свет,” “Світанне,” “Да працы,” “Праца,” “Наша газета” і г.д. У 1930 г. улады арыштавалі дзеячаў клуба змаганне. Паводле прыгавора суда 1931 г. Дварчанін, Гаўрылюк, Валынец і Крынчык былі прыгавораны да 8 гадоў турмы.

У той жа час на развіццё нацыянальна-вызваленчага руху адмоўна паўплывала імкненне кіраўніцтва КПЗБ фарсіраваць рэвалюцыйны працэс. ЦК КПЗБ у кастрычніку 1932 г. вызначыў у якасці асноўнай тактычнай лініі "папулярызацыю лозунга пра ўсеагульную забастоўку, прапаганду ўзброенага паўстання". Такая тактычная лінія выцякала з курса Камінтэрна на сусветную пралетарскую рэвалюцыю. У пачатку 1930-х гг. органамі НКУС пачалася распрацоўка версіі аб "засмечанасці" КПЗБ, як і КРПП, "агентамі польскай дэфензівы". А ў 1939 г. рашэннем Камінтэрна КРПП і КПЗБ былі распушчаны.


: download
download -> Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Каляндар свят і знамянальных дат
download -> Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Даты. Імёны. Падзеі. Каляндар свят
download -> Тлумачальная запіска
download -> М.І. Таранда, С. Б. Пазняк, А. Г. Смалей Лабараторная дыягностыка бактэрыяльных і мікозных інфекцый сельскагаспадарчай і хатняй жывёлы
download -> АЎтарскі курс лекцый “славянская міфалогія” Электронная версія
download -> Тэкст, набраны дробным шрыфтам, да вывучэння не абавязковы Усяго 72 пытанні
download -> Пакінуць след на зямлі
download -> Літаратурная Гомельшчына. Гомельскае абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання
download -> Вучэбная праграма для агульнаадукацыйных устаноў з беларускай І рускай мовамі навучання


Поделитесь с Вашими друзьями:
1   2   3   4   5




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал