Гісторыя Беларусі



старонка12/35
Дата канвертавання15.05.2016
Памер5.74 Mb.
1   ...   8   9   10   11   12   13   14   15   ...   35

9.3. Адукацыя і навука.

У выніку Контррэфармацыі на тэрыторыі ВКЛ ствараецца сетка каталіцкіх сярэдніх навучальных устаноў – калегіумаў, найперш езуіцкіх. Калегіумы давалі класічную гуманітарную адукацыю. Навучанне было бясплатным, прымаліся юнакі любых саслоўяў і веравызнанняў. Усе дысцыпліны выкладаліся на лацінскай мове.

Цэнтрам езуіцкай адукацыі становіцца вышэйшая навучальная ўстанова – Віленская акадэмія (з 1579 г.). Яна стала буйнейшым культурным цэнтрам у краіне. Адукацыя ў межах акадэміі мела двухузроўневы характар. Тэрмін 4-гадовага навучання прадугледжваў сярэднюю адукацыю. Дадатковы 2-4-гадовы курс даваў вышэйшую адукацыю. У склад акадэміі першапачаткова ўваходзілі два факультэты: філасофскі і тэалагічны. На першым выкладаліся ўсе гуманітарныя і прыродазнаўчыя навукі таго часу: фізіка, метафізіка, матэматыка, логіка, рыторыка, паэтыка, геаграфія, старажытныя і сучасныя еўрапейскія мовы; на другім – тэалогія, кананічнае права, казуістыка. У 1644 г. пачаў дзейнічаць юрыдычны факультэт. У 1753 г. пры акадэміі была заснавана абсерваторыя. Выпускнікі акадэміі атрымлівалі тытул магістра.

У 17-18 стст. Віленская акадэмія з’яўлялася цэнтрам навуковага жыцця ў ВКЛ. Тут ажыццяўляліся даследаванні ў сферы матэматыкі, фізікі, астраноміі, сацыяльна-гуманітарных навук.

На ўзор езуіцкіх калегіумаў ствараюцца школы іншых каталіцкіх ордэнаў (дамініканцы, францысканцы, піяры) і уніяцкага ордэну базыльян. Да сярэдзіны 18 ст. каталіцкія адукацыйныя ўстановы дзейнічалі фактычна ва ўсіх буйных гарадах ВКЛ. У праваслаўных брацкіх школах з пачатку 17 ст. паступова пачынае ўводзіцца адукацыйная методыка, выпрацаваная езуітамі (выкладанне, аднак, ажыццяўляецца на царкоўнаславянскай мове). Цэнтрам праваслаўнай адукацыі ў Рэчы Паспалітай становіцца Кіева-Магілянская акадэмія, створаная ў 1632 г.; навучальны працэс у яе межах быў арганізаваны на ўзор Віленскай акадэміі.

У 1740-1760-я гг. ажыццяўляецца рэформа піярскіх калегіумаў. У межах навучальнага працэсу пашыраюцца курсы матэматыкі, прыродазнаўчых і сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, замежных моў. Замест лаціны выкладанне пераводзіцца на польскую мову. Піярскія школы дзейнічалі ў Вільні, Віцебску, Лужках, Лідзе, Глыбокім і інш. У піярскіх школах выкладанне вялося на польскай мове, а таксама вялікая ўвага ў іх надавалася прыродазнаўчым навукам.

У 1773 г. паводле рашэння рымскага папы быў скасаваны ордэн езуітаў. У Рэчы Паспалітай уся маёмасць ордэна перадавалася створанай у тым жа годзе Адукацыйнай Камісіі, якая ўяўляла з сябе агульнадзяржаўнае ведамства па справах адукацыі. Былыя езуіцкія калегіумы пераўтвараліся ў падначаленыя дзяржаве свецкія акруговыя і падакруговыя школы. У ВКЛ была створана спецыяльная навучальная акруга, кіраўніцтва якой ажыццяўляла Галоўная школа ВКЛ (былая Віленская езуіцкая акадэмія). У межах акругі намаганнямі Адукацыйнай камісіі на базе былых езуіцкіх калегіумаў былі заснаваны 5 акруговых і 25 падакруговых школ. Створаныя школы знаходзіліся на дзяржаўным утрыманні. Навучальныя праграмы набылі свецкі характар, у іх структуры павялічвалася роля прыродазнаўчых і сацыяльных навук.

Віленская акадэмія ў 1781 г. атрымала назву Галоўная школа ВКЛ; навучанне ў ёй таксама атрымлівае свецкі характар. Школа падзялялася на маральны і фізічны факультэты. На першым выкладаліся старажытныя мовы, гісторыя, тэалогія, рыторыка і г.д.; на другім – матэматыка, астраномія, механіка, фізіка, хімія, медыцына. У Гародні ў 1775 г. па ініцыятыве французкага навукоўца Ж. Жалібера былі створаны медыцынская школа і гарадскія аптэкі, а брытанец Г.Форстэр адкрывае тут батанічны сад. У 1781 г. батанічны сад і медыцынская школа былі пераведзены ў Галоўную школу ВКЛ.

На развіццё навукі ў другой палове 18 ст. значны ўплыў мелі ідэі Асветніцтва. Асветніцтва – агульнаеўрапейскі сацыяльны і культурны рух 18 ст., накіраваны на перабудову ўсіх сфер грамадскага жыцця на аснове прынцыпаў розуму. Характэрнай рысай асветніцкай ідэалогіі з’яўлялася вера ў тое, што шляхам распаўсюджання ведаў можна дасягнуць усеагульнага дабрабыту і грамадскай справядлівасці.

Найбольш значнымі накірункамі развіцця навукі ў ВКЛ у 17 – 18 стст. з’яўляліся:

- логіка і матэматыка (М. Сміглецкі, К. Нарбут і інш.);

- фізіка і астраномія (А. Каяловіч, М. Пачобут-Адляніцкі і інш.);

- гісторыя (А. Нарушэвіч, Ю. Нямцэвіч і інш.);

- сацыяльна-гуманітарныя навукі (А. Алізароўскі, І. Храптовіч, Г. Страйноўскі).

На пачатку 18 ст. у Амстэрдаме Іван Капіевіч выдаў 20 кніг па арыфметыцы, гісторыі, марской справе і інш. Там жа Казімір Семяновіч выдаў падручнік па балістыцы, феерверках і ракетабудавані (першае апісанне шматступенчатых ракет) “Вялікае мастацтва артылерыі”, які быў лепшым у Еўропе на працягу двух стагоддзяў.

Такім чынам, у 17 – 18 стст. на тэрыторыі ВКЛ ствараецца сетка адукацыйных устаноў, якая ўключае ў сябе ўстанову вышэйшай адукацыі. На базе Віленскай акадэміі адбываецца правядзенне навуковых даследаванняў. З апошняй чвэрці 18 ст. у ВКЛ арганізуецца свецкая сістэма адукацыі. Разам з тым адукацыя і навука ў ВКЛ у гэты перыяд мелі элітарны характар; абсалютная большасць насельніцтва заставалася немісьменнай.
9.4. Культура.

У культурным жыцці 17 – першай палове 18 стст. у ВКЛ назіраўся ўплыў Контррэфармацыі. У другой палове 18 ст. вядучым фактарам развіцця культуры становяцца ідэі Асветніцтва.



Літаратура

У 17 ст. ва ўмовах Контррэфармацыі і рэлігійнай барацьбы дасягае росквіту рэлігійная палемічная літаратура. Найбольш вядомымі яе прадстаўнікамі з’яўляюцца Мацей Бембус, Іпацій Пацей, Язэп Руцкі (з боку рыма-католікаў і уніятаў), Мялецій Сматрыцкі, Афанасій Філіповіч, Сільвестр Косаў (з боку праваслаўных). Жорсткім рэпрэсіям падвяргалася літаратура, у якой змяшчалася вальнадумства ў сферы рэлігіі. За антырэлігійныя выпады, выкладзеныя ў “Трактаце аб не існаванні Бога”, у Варшаве у 1689 г. быў спалены Казімір Лышчынскі.

Працягвае развівацца грамадска-палітычная літаратура, якая ў гэты час, аднак пераважна выступае ў выглядзе рэлігійнай палемікі або палітычнай сатыры (“Ліст да Абуховіча”, 1654). У другой палове 18 ст. распаўсюджваецца ананімная літаратура, у якой змяшчаліся праекты рэфармавання розных бакоў грамадскага ладу ВКЛ, у тым ліку адмены прыгоннага права (“Аб польскіх прыгонных”, 1788 і г.д.).

У 17 – 18 стст. далейшае развіццё атрымліваюць мемуарная літаратура, асабістая карэспандэнцыя, лакальныя хронікі (“Баркулабаўская хроніка”, “Хроніка горада Магілёва”).

У 17 ст. вядучым стылем літаратуры ў ВКЛ становіцца барока. Да стылю барока належаць паэтычныя творы Сімяона Полацкага (зборнікі “Сад шматколерны”(1678), “Рыфмалагіён”(1680).

Тэатр

Адным з першых відаў тэатру ў ВКЛ стала батлейка – народны лялечны тэатр, вядомы яшчэ з 16 ст. У 17 ст. з развіццём школьнай адукацыі і драматургіі асобую ролю набывае школьны тэатр. У ім ставіліся п’есы рэлігійнага і гістарычнага зместу, а таксама інтэрмедыі – кароценькія п’ескі на беларускай ці польскай мове. Першыя прыватныя прыгонныя тэатры былі адкрытыя: Радзівіламі ў 1740-я г. у Нясвіжы і Слуцку, у Слоніме і Гародні – Агінскімі, Шклове – графам Зорычам.

Асноўнымі формамі тэатральных пастановак былі п’есы і ідыліі, якія знаходзіліся пад уплывам маралізму, характэрнага для эпохі Асветніцтва. Сюжэт гэтых твораў быў просты: ён распавядаў аб лёсе сялян ці шляхты, якія парушылі нейкія правілы і былі за гэта пакараныя. Найбольш вядомым аўтарам 18 ст. з’яўляецца Францішка Уршуля Радзівіл, якая напісала 16 п’ес і оперных лібрэта (“Гульня фартуны”,”Ідылія” і інш.). Мовай твораў была польская і французкая, але для таго, каб паказаць шчырага і дасціпнага селяніна, выкарыстоўваліся беларуская мова і фальклор. У 1787 г. у школьным Забельскім тэатры на Полаччыне была пастаўлена першая беларускамоўная п’еса – “Камедыя”, аўтарам якой быў мясцовы настаўнік К. Марашэўскі.

Архітэктура ВКЛ у разглядаемы перыяд шырока выкарыстоўвала стыль барока. Яно было пашырана ў двух накірунках:

1) двухвежавая пабудова храмаў (Полацкая Сафія, Беразвецкі кляштар (архітэктар – Я.К. Глаўбіц), ратуша ў Віцебску) з павышанай пластычнасцю фасадаў і вежаў, якая атрымала назву віленскага барока;

2) ракако, што ўяўляла з сябе больш багатую на аздабленне мадыфікацыю барока (Гарадзенскі і Нясвіжскі фарны касцёл).

Для абарончых мэтаў пачынаюць выкарыстоўвацца бастыённыя сістэмы (Ляхавічы, Быхаў). Замкі перабудоўваюцца ў палацы, побач з якімі разбіваюцца паркі у французкім, італьянскім і англійскім стылях. На грошы магнатаў будуюцца мястэчкі з рэгулярнай планіроўкай: Радзівіламі разбудоўваецца Нясвіж, Агінскімі – Слонім, Сапегамі – Ружаны, Храптовічамі – Шчорсы і Бешанковічы, С. Панятоўскім – Гародня і Воўчын, А. Тызенгаўзам – Паставы і г.д.

Пад уплывам еўрапейскай моды барока паступова перараджаўся ў класіцызм, для якога характэрныя спробы аднавіць антычныя архітэктурныя ўзоры (каланады, портыкі, ордэры) на новым узроўні развіцця тэхналогій. Найбольш яркім прыкладам такой архітэктуры з’яўляецца палац Сапегаў у Ружанах.

Выяўленчае мастацтва.

У 17 ст. у выяўленчым мастацтве з’яўляецца такі накірунак як свецкі партрэт. Пачаткам яго лічыцца сармацкі партрэт. Прадстаўнікоў магнацкіх фамілій малявалі з максімальна магчымай адпаведнасцю да арыгінала, змяшчалі побач з імі прыкметы іх статусу (гетманам – булаву, пісцам – пяро, канцлерам – пячатку і гд.) і легенду, на якой быў герб і пералічваліся пасады, якія займаў гэты чалавек. На лаканічным шэрым ці чорным фоне мужчыны звычайна маляваліся ў парадным узбраенні, а жанчыны ў святочнай вопратцы, прычым аўтары ўжо спрабавалі паказаць іх прыгажосць і пачуцці (напрыклад партрэты Барбары Радзівіл і Соф’і Алелькі-Радзівіл). На сродкі магнатэрыі ствараюцца родавыя партрэтныя галерэі (Радзівілы, Сапегі, Хадкевічы) і прыватныя зборы мастацтва (Нясвіж, Вільня).

У 18 ст. асноўным накірункам выяўленчага мастацтва становіцца ман’ерызм, для якога характэрныя псіхалагічнасць і пышнасць малюнка. Сармацкі партрэт пераўтвараецца ў парадны (для рэпрэзентатыўных функцый ў родавых галерэях) і трумны (выстаўляўся падчас пахавання шляхціца і ўяўляў з сябе дакладнае адлюстраванне яго аблічча на цёмным фоне). У канцы 18 ст. адбываецца пераход да класіцызму, для якога характэрныя антычныя сюжэты і вопраткі нават для паказу сучасных падзеяў і герояў (Ф. Смуглевіч, Я. Рустэм).

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва

Пышная барочная і класічная архітэктура багата аздаблялася высокамастацкай ляпнінай, аб’емнай разьбой і рэалістычный скульптурай, а таксама фрэскамі (Нясвіжскі палац). Працягваюць развівацца мясцовыя школы іканапісу ў Полацку, Менску і Гародні. З-за вымушанай міграцыі беларускіх майстроў і разрабавання гарадоў падчас “патопу” помнікі нашай культуры раскіданыя па музеях свету. Магілёўскія дойліды сталі аднымі з пачынальнікаў украінскага барока. Аб’ёмная разьба з пазалотай, багатай расліннымі і жывёльнымі матывамі (т.зв. “беларуская рэзь”) упрыгожвае храмы ў Маскве.

У 18 ст. узнікае свецкае музычнае мастацтва. Пры тэатрах існавалі аркестры і капэлы. М. Радзівіл стварыў оперу “Агатка”, якая з поспехам некалькі дзесяцігоддзяў ставілася на сцэнах Еўропы. Р. Агінскі стаў аўтарам артыкула аб арфе ў першым выданні французкай энцыклапедыі, а яго сын М.К. Агінскі – паланэзу “Развітанне з Радзімай”.

Такім чынам, развіццё мастацкай культуры ВКЛ у 17 – 18 стст. адбывалася пад моцным уплывам стыляў барока і класіцызму, а з канца 18 ст. таксама ідэй Асветніцтва.
Асноўныя паняцці:

Контррэфармацыя, езуіты, Берасцейская царкоўная унія, уніяцкая царква, базыльяне, сарматызм, калегіумы, Віленская езуіцкая акадэмія, брацкія школы, піяры, Адукацыйная камісія, Галоўная школа ВКЛ, Асветніцтва, інтэрмедыі, віленскае барока, ракако, класіцызм, сармацкі партрэт, ман’ерызм.


Кантрольныя пытанні і заданні:

  1. Што такое Контррэфармацыя? Які ўплыў яна аказала на змены ў рэлігійным жыцці ВКЛ у 17 – першай палове 18 стст.?

  2. Які манаскі ордэн з’яўляўся галоўнай сілай у ажыццяўленні Контррэфармацыі?

  3. Вызначце асноўныя накірункі Контррэфармацыі ў ВКЛ.

  4. Калі была заключана Берасцейская царкоўная унія? Якія яна прадугледжвала ўмовы?

  5. Вызначце прычыны і характар праваслаўна-уніяцкага рэлігійнага канфлікту ў Рэчы Паспалітай у першай палове 17 ст.

  6. Калі ўлады Рэчы Паспалітай ажыццявілі аднаўленне правоў праваслаўнай царквы? Чым гэта было выклікана? Ці прывяла дадзеная падзея да спынення праваслаўна-уніяцкага канфлікту?

  7. Чым абумоўлены рост уплыву ўніяцкай царквы і змяншэнне ўплыву праваслаўнай царквы ў ВКЛ у другой палове 17 – 18 стст.?

  8. Якія факты сведчылі пра звужэнне рэлігійнай талеранцыі ў ВКЛ у 17 – 18 стст.?

  9. Якія сацыяльныя фактары абумовілі запавольванне фарміравання беларускай народнасці ў 17 – 18 стст.?

  10. Чым вызначалася самасвядомасць палітычнага шляхецкага народа? Якія можна вылучыць асноўныя рысы ідэалогіі сарматызму?

  11. Чым было абумоўлена зніжэнне статусу старабеларускай мовы ў грамадскім жыцці ВКЛ у 17 – 18 стст.?

  12. У межах якіх устаноў адбывалася развіццё адукацыі ў ВКЛ у канцы 16 – першай палове 18 стст.? Які каталіцкі ордэн здолеў стварыць найбольшую колькасць навучальных устаноў?

  13. Які характар мела адукацыя ў Віленскай акадэміі? Якія яна мела факультэты?

  14. Якую ролю мела рэформа піярскіх калегіумаў у развіцці адукацыі ў ВКЛ?

  15. Якую дзейнасць ажыццяўляла Адукацыйная камісія? Якімі былі вынікі гэтай дзейнасці?

  16. Якія змены адбыліся ў дзейнасці Віленскай акадэміі пасля пераўтварэння яе ў Галоўную школу ВКЛ?

  17. У чым заключаецца сутнасць ідэй Асветніцтва?

  18. Вызначце асноўныя накірункі навуковых даследаванняў у ВКЛ у 17 – 18 стст?

  19. Назавіце асноўныя характэрныя рысы развіцця літаратуры ВКЛ у 17 – 18 стст.

  20. Якіх дзеячоў літаратуры ВКЛ разглядаемай эпохі Вы ведаеце?

  21. Якія дзейнічалі асноўныя віды тэатру ў ВКЛ у 17 – 18 стст.?

  22. Якія асноўныя прыкметы віленскага барока?

  23. Што характэрна для архітэктуры і выяўленчага мастацтва класіцызму?

  24. Назавіце асноўных архітэктараў і мастакоў разгладаемай эпохі.


Тэмы дакладаў і рэфератаў:

    1. Праваслаўна-уніяцкі рэлігійны канфлікт у Вільні 1606 – 1610 гг.

    2. Дзейнасць ордэна базыльян у ВКЛ.

    3. Пратэстанцкія абшчыны ў ВКЛ у 17 – 18 стст.

    4. Сарматызм у грамадска-палітычнай думцы і мастацкай літаратуры ВКЛ 16 – 18 стст.

    5. Полацкі езуіцкі калегіум: гісторыя ўзнікнення і развіцця.

    6. Піярскія калегіумы ў ВКЛ у 18 ст.

    7. Станаўленне прыродазнаўчых навук у межах Віленскай акадэміі 17 – 18 стст.



Модуль 3. Беларусь у складзе Расійскай імперыі.
Тэма 10: Грамадска-палітычнае жыццё і эвалюцыя палітыкі царызму на землях Беларусі ў канцы 18 - першай палове 19 стст.
1. Палітыка царызму на тэрыторыі Беларусі ў канцы 18 – пачатку 19 стст.

2. Грамадска-палітычная сітуацыя на тэрыторыі Беларусі напярэдадні і падчас вайны 1812 г.

3. Грамадска-палітычны рух на беларускіх землях у другой палове 1810-1820-я гг.

4. Паўстанне 1830-1831 гг. і Беларусь.

5. Палітыка царызму ў Беларусі ў 1830-1850-я гг.

6. Грамадска-палітычны рух на землях Беларусі ў 1830-1850-я гг.
10.1. Палітыка царызму на тэрыторыі Беларусі ў канцы 18 – пачатку 19 cтст.

Устанаўленне адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу і стварэнне органаў дзяржаўнага кіравання.

Пасля інкарпарацыі ў склад Расійскай імперыі на тэрыторыі Беларусі была ўстаноўлена расійская сістэма адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу. Уся тэрыторыя падзялялася на генерал-губернатарствы, губерні і паветы. З 1801 г. яна набыла наступны выгляд:




генерал-губернатарствы

Літоўскае

Беларускае










Губерні




губерні

Віленская

Гродзенская

Мінская

Віцебская

Магілёўская

Смаленская










Паветы

Выканаўчая ўлада ў губернях належала генерал-губернатарам і губернатарам, якія прызначаліся непасрэдна імператарам. На чале павятовай адміністрацыі знаходзіўся павятовы начальнік, якога прызначаў міністр унутраных спраў. У губернскіх гарадах ствараліся органы расійскага адміністрацыйнага кіравання: губернскія ўправы, казённыя палаты, прыказы і г.д. Уся сістэма дзяржаўнай улады была сфарміравана паводле вертыкальнага прынцыпу. Кіруючыя пасады займалі чыноўнікі, прысланыя з расійскіх губерняў. Аднак пры гэтым другарадныя пасады ў губернскай і павятовай адміністрацыі займалі пераважна прадстаўнікі мясцовай шляхты.

Характэрнай рысай прававой сістэмы з’яўлялася захаванне дзейнасці тых палажэнняў Статута ВКЛ 1588 г., якія не супярэчылі расійскаму заканадаўству. У сістэме судовых органаў улады паводле расійскага ўзору былі створаны ў губернях палаты грамадзянскага і крымінальнага судоў, верхнія земскія суды; у паветах – павятовыя і ніжнія земскія суды. Сярод чыноўнікаў судовага апарату ў канцы 18 – першай палове 19 стст. пераважалі прадстаўнікі мясцовай шляхты. У справаводзстве часткова выкарыстоўвалася польская мова.

Саслоўная палітыка царызму.

Палітыка царызму на тэрыторыі Беларусі ў канцы 18 – пачатку 19 стст. мела спецыфічныя рысы ў дачыненні да асобных саслоўяў. Можна вылучыць палітыку ў адносінах да шляхты, гарадскога насельніцтва, сялянства і яўрэяў.



Палітыка царызму ў адносінах да шляхты.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай шляхта атрымала правы расійскага дваранства і захоўвала свае зямельныя ўладанні пры ўмове прынясення прысягі на вернасць Расійскай імперыі. Пераважная большасць шляхты прысягнула новай уладзе. Частка шляхты адмовілася прыносіць вернападданніцкую прысягу і накіраваліся ў эміграцыю, а яе маёнткі былі канфіскаваны ў дзяржаўны зямельны фонд.

На тэрыторыю Беларусі была распаўсюджана дзейнасць “Даравальнай граматы расійскаму дваранству” 1785 г. Паводле яе, ствараліся органы дваранскага самакіравання – губернскія і павятовыя дваранскія сходы на чале з выбарнымі прадвадзіцелямі дваранства. Акрамя таго шляхта атрымлівала права выбіраць членаў губернскіх і павятовых земскіх судоў, вызвалялася ад падаткаў. Разам з тым у параўнанні з часамі Рэчы Паспалітай шляхта страціла ўплыў на працэсы дзяржаўна-палітычнага кіравання: адменена дзейнасць сойму і соймікаў, забаронены правы на стварэнне канфедэрацыі, прыватных войскаў і ўмацаванняў.

У канцы 18 – пачатку 19 стст. царызм актыўна насаджаў буйное расійскае землеўладанне на тэрыторыі Беларусі шляхам падараванняў дзяржаўных зямель і зямель, канфіскаваных у шляхты, расійскім арыстакратам (Г. Пацёмкін, А. Сувораў і інш.). Аднак вялікія памеры падараванняў (па 5-25 тыс. сялян на аднаго ўладальніка) не садзейнічалі з’яўленню ў Беларусі вялікай колькасці расійскіх дваран. Большасць расійскіх землеўладальнікаў (таксама як і мясцовыя магнаты) аддавалі сваю зямельную ўласнасць у арэнду.

Асаблівасцю тэрыторый былой Рэчы Паспалітай з’яўлялася наяўнасць вялікай праслойкі дробнай беззямельнай і малазямельнай шляхты, якая ў выніку ліквідацыі шляхецкіх вольнасцяў варожа ставілася да расійскіх уладаў. У дачыненні да яе царызм праводзіў палітыку “разбору шляхты”. Сутнасць яе палягала ў захаванні правоў шляхецтва толькі за тымі асобамі, якія здолелі дакументальна засведчыць сваё шляхецкае паходжанне. Адсутнасць падобных сведчанняў прыводзіла да пераводу іх ў стан дзяржаўных сялян ці мяшчан.

Палітыка царызму ў адносінах да гарадскога насельніцтва.

Пасля ажыццяўлення падзелаў Рэчы Паспалітай ў беларускіх гарадах былі ліквідаваны магдэбургскае права, а таксама шляхецкія юрыдыкі. Прыватныя гарады і мястэчкі, якія сталі адміністрацыйнымі цэнтрамі, былі выкуплены дзяржавай. Для кіравання гарадскім жыццём ствараўся выбарны прадстаўнічы орган улады – гарадская дума на чале з гарадскім галавой. Але дума ў сваёй дзейнасці была цалкам падпарадкавана царскай адміністрацыі.

Гарадское насельніцтва належала пераважна да саслоўяў купцоў і мяшчан. Прадстаўнікі дадзеных саслоўяў мелі розныя правы, а таксама выконвалі розныя павіннасці на карысць дзяржавы. Галоўнай павіннасцю купцоў была выплата падаткаў з капіталу. Мяшчане плацілі падушны падатак (падаткаабкладанне ажыццяўлялася з кожнай асобы мужчынскага полу). Акрамя таго на мяшчан была ўскладзена рэкруцкая павіннасць (абавязак пастаўляць пэўную колькасць асоб для вайсковай службы, якая ў той час працягвалася 25 год).

Палітыка царызму ў адносінах сялянства.

Становішча сялянства ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай у асноўным засталося без змен. Захавалася і нават узмацнілася феадальная эксплуатацыя сялян, што выяўлялася ў павелічэнні павіннасцяў, асабліва паншчыны, здачы прыгонных сялян у наём падрадчыкам на будаўнічыя работы, практыцы продажу сялян без зямлі. У выніку падараванняў расійскім арыстакратам дзяржаўных і канфіскаваных зямель павялічылася колькасць прыватнаўласніцкіх сялян. На сялян Беларусі была распаўсюджана расійская сістэма дзяржаўных павіннасцяў, сярод якіх галоўнае месца займалі падушны падатак, земскі збор і рэкруцкая павіннасць. Да 1811 г. сяляне з тэрыторый былой Рэчы Паспалітай плацілі падатак серабром, у той час як у расійскіх губернях – асігнацыямі, рыначны курс якіх у адносінах да сярэбраных грошай быў у некалькі разоў меншы.



Палітыка царызму ў адносінах да яўрэяў.

Паводле ўказа ад 23 чэрвеня 1794 г. устанаўлівалася асобная мяжа яўрэйскай аселасці на тэрыторыі беларускіх, літоўскіх, латышскіх і часткова ўкраінскіх губерняў. Яўрэям дазвалялася сяліцца ў гарадах і мястэчках толькі гэтых губерняў, займацца рамяством і гандлем. Земляробствам займацца ім не дазвалялася. Яўрэі маглі запісвацца ў мяшчанскія і купецкія саслоўі з умовай выплаты дзяржаўных падаткаў у падвойным памеры ў параўнанні з хрысціянскім насельніцтвам. У канцы 18 – пачатку 19 стст. адбываўся працэс прымусовага перасялення яўрэяў, якія жылі ў вёсках, у гарады і мястэчкі.

Да 1844 г. яўрэйскае насельніцтва падпарадкоўвалася паводле эканамічных, грамадзянскіх і адміністрацыйных пытанняў непасрэдна кіраўніцтву сваёй абшчыны – кагала. Кагал выступаў як прадстаўнічая арганізацыя яўрэяў перад дзяржаўнымі органамі ўлады, адказвала за выкананне павіннасцяў і выплату падаткаў.

Канфесійная палітыка царызму.

Пасля далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі пануючай канфесіяй становіцца праваслаўе. Дзяржава аказвала актыўную матэрыяльную і маральную падтрымку праваслаўнай царкве. У пачатку 19 ст. на тэрыторыі Беларусі існавала 5 праваслаўных епархій: Гродзенская, Літоўская, Магілёўская, Мінская, Полацкая.

Палітыка царызму ў дачыненні рымска-каталіцкай царквы мела супярэчлівы характар. З аднаго боку, імкнучыся знайсці сацыяльную базу ўлады ў асяроддзі мясцовай шляхты, дэкларавалася свабода веравызнання для католікаў. Захоўвалася ў недатыкальнасці ўласнасць каталіцкіх касцёлаў і кляштараў. Ва ўсходняй Беларусі, далучанай да Расійскай імперыі ў 1772 г., працягвалася дзейнасць ордэна езуітаў (нягледзячы на афіцыйнае скасаванне ордэна паводле булы папы рымскага Клімента XIV 1773 г.). Езуіты захавалі ўсю сваю маёмасць, а таксама атрымалі прывілей на вызваленне ад падаткаў. З другога боку, царызм імкнуўся абмежаваць ўплыў Ватыкана на каталіцкую царкву ў межах Расійскай імперыі і падпарадкаваць яе самадзяржаўю. У 1774 г. згодна з імператарскай даравальнай граматай было заснавана Беларускае каталіцкае біскупства з цэнтрам у Магілёве. Беларускі, як і іншыя каталіцкія біскупы ў Расійскай імперыі, фактычна знаходзіліся ў залежнасці ад царскай адміністрацыі.

Іншую палітыку праводзілі расійскія ўлады ў дачыненні да уніяцкай царквы. Падчас царавання Кацярыны ІІ быў прыняты план аб паступовым далучэнні уніятаў да праваслаўнай царквы. У канцы 18 – пачатку 19 стст. перыяды масавага прымусовага пераводу уніятаў у праваслаўе змяняліся перыядамі, калі навернутым дазвалялася вяртанне ва уніяцтва.

Сярод рэлігійных меншасцяў у Беларусі ў гэты час дзейнічалі таксама хрысціянскія (лютэране, кальвіністы, стараверы) і нехрысціянскія канфесіі (іудзеі, мусульмане).




1   ...   8   9   10   11   12   13   14   15   ...   35


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка