Гісторыя Беларусі


Грамадска-палітычная сітуацыя на тэрыторыі Беларусі напярэдадні і падчас вайны 1812 г



старонка13/35
Дата канвертавання15.05.2016
Памер5.74 Mb.
1   ...   9   10   11   12   13   14   15   16   ...   35

10.2. Грамадска-палітычная сітуацыя на тэрыторыі Беларусі напярэдадні і падчас вайны 1812 г.

У канцы 18 – пачатку 19 стст. у Еўропе існавала складаная міжнародная сітуацыя, якая адзначалася бесперапыннымі войнамі. Падчас іх адбывалася супрацьстаянне паслярэвалюцыйнай Францыі і блока манархічных дзяржаў Еўропы на чале з Англіяй і Расіяй. У выніку шэрагу войнаў пад кантролем Францыі апынулася значная частка кантынентальнай Еўропы. У 1806 г. пасля разгрому Прусіі на польскіх тэрыторыях, якія трапілі пад уладу Прусіі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай, было створана Варшаўскае герцагства – польская дзяржава, якая знаходзілася ў фактычнай залежнасці ад Францыі (у 1809 г. да яго была далучана частка польскіх зямель, якія дагэтуль знаходзіліся пад уладай Аўстрыі).

У 1807 г. паміж Расіяй і Францыяй быў заключаны мір. Паводле яго, Расія прызнала Варшаўскае герцагства. Беластоцкая акруга, якая раней належала Прусіі, была далучана да Расіі. Аднак мір не прывёў да злагоджвання эканамічных і палітычных супярэчнасцяў паміж Францыяй і Расіяй; бакі рыхтаваліся да новай вайны за панаванне на кантыненце.

Сярод палітычнай эліты былога ВКЛ у гэты час з’яўляюцца планы аднаўлення Рэчы Паспалітай з дапамогай аднаго з бакоў у будучай вайне. У асяроддзі шляхты выявіліся прыхільнікі прарасійскай і прафранцузкай арыентацыі. Да прыхільнікаў прарасійскай арыентацыі належала група буйных магнатаў (А. Чартарыйскі, М.К. Агінскі і інш.). На пачатку 1812 г. у яе асяроддзі быў распрацаваны праект адраджэння Вялікага княства Літоўскага пад пратэктаратам Расійскай імперыі. Да прыхільнікаў прафранцузкай арыентацыі належалі частка магнатаў (Д. Радзівіл і інш.), а таксама шматлікія прадстаўнікі сярэдняй і дробнай шляхты. У іх асяроддзі Варшаўскае герцагства разглядалася як першы этап да аднаўлення Рэчы Паспалітай. На працягу 1807-1812 гг. многія прадстаўнікі шляхты былога ВКЛ эмігравалі ў герцагства.

З 1810 г. расійскі ўрад пачаў падрыхтоўку да вайны. Адбываліся рэарганізацыя арміі, будаўніцтва ўмацаванняў, паляпшэнне дарог. На тэрыторыі Беларусі былі сканцэнтраваны 1-я і 2-я Заходнія арміі пад кіраўніцтвам М. Барклая дэ Толі (Вільня) і П. Баграціёна (Ваўкавыск). Сацыяльна-эканамічныя і ваенныя мерапрыемствы царызму ў Беларусі напярэдадні вайны былі цалкам накіраваны на максімальнае выкарыстанне яе людскіх і матэрыяльных рэсурсаў. Мела месца павелічэнне павіннасцяў для насельніцтва, што адлюстроўвалася ў буйных пастаўках правіянту, фуражу, падвод для арміі, працах на будаўніцтве абарончых збудаванняў, павелічэнні рэкруцкіх набораў.

Вайна паміж Францыяй і Расіяй пачалася 12(24) чэрвеня 1812 г. з уступлення на тэрыторыю Расійскай імперыі французкага войска на чале з імператарам Напалеонам І Банапартам. План французкага камандавання заключаўся у разгроме расійскага войска ў вялікай бітве на тэрыторыі былога ВКЛ. У аснову плана баявых дзеянняў расійскага камандавання была пакладзена ідэя адыходу ў глыбіню краіны з мэтай адарвання праціўніка ад яго аперацыйнай базы. Таму 1-я і 2-я арміі павінны былі адыходзіць для таго, каб пазбегнуць разгрому паасобку, а потым злучыцца.

Першапачаткова наступленне французкай арміі было хуткім. Адбываліся асобныя ар’ергардыя баі (Мір, 27-28 чэрвеня; Салтанаўка, 11-12 ліпеня; Клясціцы, 18 ліпеня і г.д.). Ужо 16 чэрвеня французкім войскам была занята Вільня. Да пачатку жніўня 1812 г. большая частка тэрыторыі Беларусі, за выключэннем паўднёвай яе часткі і Бабруйскай крэпасці, знаходзілася пад кантролем французкага войска. З 16 ліпеня да 1 жніўня 1812 г. Напалеон знаходзіўся ў Віцебску, адкуль спрабаваў арганізаваць перамовы з расійскім царом Аляксандрам І. Няўдача плану перамоваў прымусіла Напалеона распачать паход на Маскву. 22 ліпеня адбылося злучэнне 1-й і 2-й расійскіх армій пад Смаленскам, агульнае камандаванне якімі было даручана фельдмаршалу М. Кутузаву. 26 жніўня адбылася буйнешая падчас вайны 1812 г. бітва каля в. Барадзіно. Нягледзячы на велізарныя ахвяры з абодвух бакоў, зыход бітвы быў няпэўным. Неўзабаве расійскае войска пакінула Маскву і ў яе ўступіла французская армія.

Адносіны насельніцтва Беларусі да варагуючых бакоў не былі адназначныя. Большасць шляхты падтрымала французкае войска, разлічваючы з дапамогай Францыі аднавіць Вялікае княства Літоўскае ў складзе адроджанай Рэчы Паспалітай. Сялянства першапачаткова разлічвала з дапамогай французаў дамагчыся адмены прыгоннага права (у Варшаўскім герцагстве прыгоннае права было адменена ў 1807 г.). Таму падчас адступлення расійскага войска нярэдка адбываліся выступленні сялян супраць памешчыкаў. Аднак з прыходам французкіх войскаў, камандаванне апошніх, лічачы за галоўнае забяспечыць падтрымку з боку шляхты, загадвала сялянам выконваць усе феадальныя павіннасці ў поўным аб’ёме. Адмова ад разгляду сялянскага пытання, а таксама шматлікія рэквізіцыі, марадзёрства французкіх салдат нараджалі незадаволенасць сярод сялянства, а таксама мяшчан; месцамі насельніцтва аказвала ўзброенае супраціўленне французкім войскам і стварала партызанскія атрады. Антыфранцузкія настроі спрабавала выкарыстаць расійская прапаганда: распаўсюджваліся чуткі пра адмену прыгоннага права царом у выпадку выгнання французаў.

На тэрыторыі заходняй часткі Беларусі і Літвы ў адпаведнасці з загадам Напалеона І ад 1 ліпеня 1812 г. былі арганізаваны новыя органы ўлады на чале з Часовай урадавай камісіяй ВКЛ у Вільні. У склад камісіі ўваходзілі камітэты харчавання, паліцыі, фінансаў, ваеннага, судовага, унутраных спраў, народнай асветы і рэлігіі. Была ўведзена новая адміністрацыйная сістэма на французкі ўзор. Тэрыторыя адноўленага ВКЛ падзялялася на 4 дэпартаменты, а тыя на дыстрыкты і кантоны. Галоўнымі напрамкамі ў дзейнасці Часовай урадавай камісіі былі арганізацыя матэрыяльных рэсурсаў краю на патрэбы французскай арміі і фарміраванне вайсковых адзінак у дапамогу напалеонаўскаму войску. Агульная колькасць апошніх налічвала каля 19 тыс. чалавек. Ва ўсходняй частцы Беларусі органы ўлады падпарадкоўваліся не Часовай урадавай камісіі ВКЛ, а непасрэдна французкаму ваеннаму камандаванню.

На пачатку кастрычніка 1812 г. адбываецца пералом у ходзе вайны. Дрэннае матэрыяльнае забеспячэнне і, як вынік, маральнае разлажэнне войска, масавыя марадзёрства і дэзерцірства, дзеянні расійскіх ваенных атрадаў вымусілі войска Напалеона І адступіць з Масквы па спустошанай Смаленскай дарозе. У лістападзе 1812 г. пры пераправе праз р. Бярэзіну каля в. Студзёнка французкае войска было фактычна разгромлена, але імператар і яго гвардыя выратаваліся. У снежні 1812 г. уся тэрыторыя Расійскай імперыі кантралявалася царскім войскам.

У 1813-1814 гг. вайна паміж Расіяй і створанай ёй кааліцыяй, з аднаго боку, і Францыяй, з другога, адбывалася на тэрыторыі Еўропы і скончылася разгромам Францыі, звяржэннем Напалеона І і рэстаўрацыяй дарэвалюцыйнай манархіі Бурбонаў. У 1814-1815 гг. праходзіў міжнародны кангрэс у Вене, дзе вырашалася праблема паляваеннага ўладкавання Еўропы. Паводле яго рашэнняў, да Расійскай імперыі была далучана большая частка тэрыторыі былога Варшаўскага герцагства. На ёй было створана аўтаномнае Каралеўства Польскае. Аляксандр I абвясціў сябе каралём польскім і дараваў Польшчы Канстытуцыйную хартыю, якая абвяшчала недатыкальнасць асобы, незалежнасць суда, свабоду друку, права выбару дэпутатаў сойму, які павінен быў абмяжоўваць выканаўчую ўладу).

На тэрыторыі Беларусі вайна прынесла велізарныя людскія і матэрыяльныя страты. У выніку ваенных дзеянняў, голаду і эпідэмій насельніцтва Беларусі скарацілася на 1/4, прычым насельніцтва гарадоў зменшылася ў 2-3 разы. Напалову скараціліся пасяўныя плошчы і пагалоўе жывёлы. Цяжкія вынікі вайны для беларускага народа ўзмацняліся і палітыкай царызму. На беларускія губерні ў 1813-1814 гг. былі ўскладзены шматлікія павіннасці, накіраваныя на забеспячэнне расійскага войска падчас новай ваеннай кампаніі; праводзіліся новыя рэкруцкія наборы.

Супярэчлівую палітыку праводзіў царскі ўрад у адносінах да шляхты, што падтрымлівала французкае войска падчас вайны. З аднаго боку, была праведзена канфіскацыя маёмасці шэрагу актыўных прафранцузкіх дзеячоў, большасць з якіх эмігравала. З другога боку, на працягу 1812-1814 гг. царскі ўрад правёў амністыю для большасці тых, хто падтрымліваў французаў падчас вайны. Большасць канфіскаваных маёнткаў паступова вярталіся ранейшым уладальнікам. Такая палітыка была выклікана імкненнем царызму заручыцца падтрымкай шляхты ва ўмовах далучэння да Расіі часткі Польшчы. У пасляваенны час актрымалі шырокае распаўсюджанне ідэі аб далучэнні зямель былога ВКЛ да Каралеўства Польскага і нават аб аднаўленні Рэчы Паспалітай пад пратэктаратам Расіі. У той жа час без змен засталося становішча сялян і мяшчан. Спадзяванні на ліквідацыю прыгону пасля разгрому арміі Напалеона не спраўдзіліся. Царскім маніфестам ад 30 жніўня 1814 г. сялянам прапаноўвалася атрымаць “мзду свою от Бога”.
10.3. Грамадска-палітычны рух на беларускіх землях у другой палове 1810-1820-я гг.

Пасля вайны 1812 г. на тэрыторыі Беларусі назіраецца ажыўленне грамадскага жыцця. Шырокую актыўнасць праяўляюць арганізацыі масонаў – дзеячоў рэлігійна-філасофскага руху, да якога далучаліся прадстаўнікі розных плыняў інтэлектуальнай эліты грамадства. У другой палове 1810-х гг. сярод масонаў Каралеўства Польскага і былога ВКЛ панавала ідэя адраджэння Рэчы Паспалітай пад уладай расійскага імператара. У 1819 г. у Каралеўстве Польскім фарміруецца арганізацыя “Нацыянальнае масонства”, адгалінаванне якой узнікае таксама ў Вільні.

З пачатку 1820-х гг. палітыка царызму набывае яскрава акрэслены рэакцыйны характар. Звужаецца аўтаномія Каралеўства Польскага, парушаюцца дэмакратычныя правы. У 1820 г. з тэрыторыі Расійскай імперыі былі выдаленыя езуіты, зачынены ўсе езуіцкія навучальныя ўстановы, у тым ліку Полацкая акадэмія. Падобная палітыка прывяла да краху спадзяванняў грамадскасці на аднаўленне Рэчы Паспалітай пад пратэктаратам Расіі. У межах масонскіх арганізацый узнікаюць радыкальныя плыні, варожа настроеныя да палітыкі царызму. Гэта прыводзіць да забароны дзейнасці масонаў на тэрыторыі Расійскай імперыі ў 1822 г.

Рэакцыйныя мерапрыемствы царызму выклікаюць фарміраванне апазіцыйнага руху на тэрыторыі Беларусі. Дадзены рух меў два накірункі:

- польскі нацыянальна-вызваленчы рух;

- рух расійскіх дваранскіх рэвалюцыянераў – дзекабрыстаў.

Абодва дадзеныя рухі аб’ядноўвала крытыка царызму, імкненне да пераўтварэння грамадства на ліберальных пачатках.

Польскі нацыянальна-вызваленчы рух на землях Беларусі знаходзіў сацыяльную базу сярод мясцовай апалячанай шляхты і інтэлігенцыі. Галоўным асяродкам яго распаўсюджання з’яўляліся навучальныя ўстановы, у першую чаргу Віленскі універсітэт. У яго межах ў 1817-1823 гг. дзейнічала тайнае студэнцкае таварыства філаматаў (найбольш вядомыя актывісты: А. Міцкевіч, Т. Зан, Я. Чачот). Цесную сувязь з ім падтрымлівалі легальныя студэнцкія аб’яднанні прамяністых (1818-1820) і філарэтаў (1820-1823). Таварыствы прамяністых і філарэтаў, а таксама першапачаткова філаматаў афіцыйна мелі толькі культурна-асветніцкія задачы. Галоўнай мэтай сваёй дзейнасці актывісты студэнцкіх таварыстваў ставілі выхаванне моладзі ў духу польскай культуры. Паступова філаматы сталі выстаўляць палітычныя задачы. Галоўнай з іх абвяшчалася аднаўленне Рэчы Паспалітай як незалежнай польскай дзяржавы. У якасці ідэалу дзяржаўна-палітычнага ўладкавання сцвярджалася канстытуцыйнае кіраванне; прадугледжваліся ліквідацыя прыгонніцтва, верацярпімасць. Галоўнай рухаючай сілай грамадска-палітычных пераўтварэнняў, на думку філаматаў, павінна стаць шляхта (ідэя шляхецкага рэвалюцыянарызму). У 1819 – 1823 гг. тайныя таварыствы падобнага накірунку існавалі сярод вучняў сярэдніх навучальных устаноў у Мінску, Свіслачы, Полацку, Віцебску.

У 1823 – 1824 гг. дадзеныя арганізацыі былі выкрытыя паліцыяй, а яе удзельнікі падвергліся рэпрэсіям. Карныя санкцыі закранулі таксама частку прафесарска-выкладчыцкага складу Віленскага універсітэту. Быў узмоцнены паліцэйскі кантроль у навучальных установах.

У той жа час у на тэрыторыі былога ВКЛ ўзніклі арганізацыі тайнага польскага “Патрыятычнага таварыства”, якое сфарміравалася ў 1821 г. на базе забароненага ўладамі “Нацыянальнага масонства”. На чале гэтых арганізацый знаходзіўся Літоўскі савет, які ўзначальвалі М.Ромер, К.Радзівіл, К.Прозар. Галоўнай мэтай “Патрыятычнага таварыства” з’яўлялася аднаўленне Рэчы Паспалітай.

Рух дзекабрыстаў сфарміраваўся ў асяроддзі ліберальна настроенага расійскага дваранства. На тэрыторыі Беларусі ён распаўсюджваўся сярод афіцэрства дыслацыраваных тут частак расійскай арміі. Дзекабрысты выступалі за ліквідацыю самадзяржаўя і правядзенне ў грамадстве шырокіх рэформ (у першую чаргу, ліквідацыя прыгонніцтва). Рухаючай сілай пераўтварэнняў абвяшчалася прагрэсіўнае дваранства.

У 1823 г. быў распрацаваны “Бабруйскі план паўстання”, паводле якога прадугледжваўся арышт цара Аляксандра І падчас прыезду ў Бабруйскую крэпасць для агляду войска з далейшай рэалізацыяй паходу на Маскву пры адначасовым паўстанні ў Пецярбургу. Аднак з-за няўдалай падрыхтоўкі план не быў ажыццёўлены.

Пад уплывам дзекабрыстаў у 1825 г. сярод афіцэраў Літоўскага асобага корпуса на Гродзеншчыне было створана канспіратыўнае "Таварыства ваенных сяброў" на чале з К. Ігельстромам. Пры таварыстве дзейнічалі дзве тайныя арганізацыі: “Згода”, якая складалася з грамадзянскіх асоб (пераважна інтэлігенцыі) і “Заране”, у якую ўваходзілі вучні Беластоцкай і Свіслацкай гімназій.

14 снежня 1825 г., пасля смерці цара Аляксандра І і падчас ўступлення на трон Мікалая І (1825-1855) дзекабрысты паднялі няўдалае паўстанне ў Пецярбургу. У снежні 1825 і лютым 1826 гг. былі спробы ўзняць паўстанне сярод салдат Бабруйскай крэпасці. Усе выступленні дзекабрыстаў былі падаўлены царскімі ўладамі, іх удзельнікі падвергліся жорсткім рэпрэсіям.

У першай палове 1820-х гг. мелі месца спробы наладжвання сувязяў паміж польскім нацыянальна-вызваленчым і дзекабрысцкім рухам. Галоўнай праблемай устанаўлення саюзу з’яўляліся дзяржаўна-палітычныя адносіны будучых Польшчы і Расіі. Польскія дзеячы выступалі за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Большасць дзекабрыстаў дапускалі незалежнасць Польшчы, але пры захаванні пад уладай Расіі зямель былога ВКЛ і Ўкраіны.

Разгром большасці апазіцыйных арганізацый на тэрыторыі Беларусі не спыніў, аднак, далейшага развіцця грамадска-палітычнага руху. Сярод дзеячоў польскага нацыянальна-вызваленчага руху выспявала ідэя неабходнасці ўзброенай барацьбы за адраджэнне Рэчы Паспалітай.
10.4. Паўстанне 1830-1831 гг. і Беларусь.

28-29 лістапада 1830 г. у Каралеўстве Польскім пачалося паўстанне, якое часткова ахапіла таксама землі Беларусі, Літвы і Ўкраіны. Асноўнымі прычынамі паўстання былі наступныя:

- абмежаванне царызмам аўтаноміі Каралеўства Польскага, пастаянныя парушэнні канстытуцыі 1815 г.;

- рэпрэсіўная палітыка царызму ў сферах грамадска-палітычнага і культурнага жыцця.

Непасрэдным штуршком да пачатку паўстання з’явілася вестка аб намеры цара Мікалая I паслаць польскае войска на падаўленне рэвалюцыі ў Францыі і Бельгіі ў 1830 г. Паўстанне пачалося ў польскіх вайсковых частках, размешчаных у Варшаве, да якіх далучылася значная частка насельніцтва Варшавы. Расійскія войскі пакінулі Варшаву, а ў пачатку снежня – і Каралеўства Польскае. 18 снежня 1830 г. польскі сойм абвясціў нацыянальнае паўстанне, а ў студзені 1831 г. афіцыйна пазбавіў польскага трону Мікалая І і дынастыю Раманавых. У якасці органа вышэйшай выканаўчай улады быў створаны Нацыянальны ўрад на чале з Адамам Чартарыйскім. Урад разлічваў дамагчыся незалежнасці Польшчы шляхам знаходжання падтрымкі з боку буйнейшых еўрапейскіх дзяржаў, у першую чаргу Англіі і Францыі.

Дадзеныя падзеі выклікалі вайну паміж Расіяй і паўстаўшай Польшчай, якая працягвалася з лютага да кастрычніка 1831 г. У яе межах умоўна можна вылучыць два этапы:

1) люты-май 1831 г. – захаванне адноснай раўнавагі паміж ваюючымі бакамі;

2) чэрвень-кастрычнік 1831 г. – наступленне расійскай арміі і разгром паўстання.

Сярод удзельнікаў паўстання вызначыліся дзве плыні:




плынь

асноўныя прадстаўнікі

асноўныя ідэі

Кансерватыўная

Адам Чартарыйскі

Аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. як нацыянальнай польскай дзяржавы ў форме канстытуцыйнай манархіі; захаванне прывілеяванага статусу шляхецкага саслоўя; вызначэнне ў якасці галоўнай рухаючай сілы паўстання шляхты

Радыкальная

Іахім Лелявель

Аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. як нацыянальнай польскай дзяржавы ў форме рэспублікі; правядзенне сацыяльна-палітычных рэформ, накіраваных на пераўтварэнне Польшчы ў дэмакратычную дзяржаву; ліквідацыя прыгонніцтва; апора на шырокія сацыяльныя пласты насельніцтва ў правядзенні паўстання

Пануючая роля ў кіраўніцтве паўстаннем належала кансерватарам. Праекты сацыяльных рэформ, прапанаваныя радыкаламі, не былі разгледжаныя.

Паўстанцкія ўлады Каралеўства Польскага да самага пачатку вялікую ўвагу надавалі перспектыве распаўсюджання паўстання на землі былога ВКЛ і Правябярэжнай Украіны. 25 студзеня 1831 г. Нацыянальны ўрад у Варшаве абвясціў зварот да жыхароў Беларусі, Літвы і Ўкраіны з заклікам да паўстання. У студзені-лютым 1831 г. для падрыхтоўкі паўстання ствараецца падпольны Віленскі цэнтральны камітэт. Аднак ён не змог забяспечыць адначасовае выступление паўстанцаў і каардынацыю іх дзеянняў у розных раёнах. Таму паўстанне пачыналася ізалявана па асобных паветах.

У канцы сакавіка – красавіку 1831 г. паўстанне ахапіла Літву і паўночна-заходнюю Беларусь (Ашмянскі, Браслаўскі, Свянцянскі і Дзісенскі паветы); у маі – Гродзенскую губерню, у чэрвені-ліпені – Рэчыцкі, Мазырскі і Пінскі паветы, а таксама Валынь. У маі 1831 г. на дапамогу паўстанцам на Віленшчыне і Гродзеншчыне быў накіраваны 12-тысячны польскі корпус Г. Гелгуда. 19 чэрвеня 1831 г. каля Вільні адбылася буйнейшая падчас паўстання бітва на тэрыторыі былога ВКЛ, у якой перамагло расійскае войска.

Падчас паўстання ў кожным павеце шляхта выбірала ўрад і вайсковага камандзіра. Урады ў паветах прыводзілі да прысягі мясцовае насельніцтва, праводзілі наборы ў паўстанцкія атрады, выдавалі адозвы з заклікамі далучыцца да барацьбы. Галоўнай рухаючай сілай паўстання з’яўлялася дробная і сярэдняя шляхта. Сялянства ў пераважнай большасці ставілася да паўстання індыферэнтна з-за адсутнасці сацыяльных кампанентаў у праграме паўстанцаў. Усяго ў паўстанні на тэрыторыі Беларусі прыняло ўдзел каля 30 тыс. чалавек.

Царскі ўрад у кантэксце барацьбы з паўстаннем са снежня 1830 г. увёў на тэрыторыі заходняй Беларусі і Літвы ваеннае становішча. Шляхціцы-паўстанцы прыцягваліся да суда, a іх маёнткі канфіскоўваліся. У той жа час з мэтай перацягуць на свой бок сялянства ў красавіку 1831 г. быў выдадзены загад, паводле якога сялянам дараваўся ўдзел у паўстанні, калі яны добраахвотна пакінуць паўстанцкія атрады.

У жніўні 1831 г. паўстанне было канчаткова падаўлена на тэрыторыі Беларусі і Літвы, а ў кастрычніку – на тэрыторыі Польшчы. Значная частка паўстанцаў накіравалася ў эміграцыю. Шмат удзельнікаў паўстання было рэпрэсіравана; у Сібір выселены тысячы шляхецкіх сем’яў. Маёмасць рэпрэсіраваных і эміграваўшых удзельнікаў паўстання падлягала канфіскацыі. Непасрэдным вынікам паўстання было скасаванне аўтаноміі Каралеўства Польскага. Былі ліквідаваны асобнае польскае войска і Літоўскі асобны корпус.

Да ліку асноўных прычын паражэння паўстання належаць:

- слабая матэрыяльна-тэхнічная і арганізацыйная падрыхтоўка паўстання;

- істотная перавага царызму ў матэрыяльных і людскіх рэсурсах ў параўнанні з польскай паўстанцкай уладай;

- адмаўленне паўстанцкіх уладаў вырашаць сялянскае пытанне, што абумовіла вузкасць сацыяльнай базы паўстання;

- неўмяшанне заходніх дзяржаў у ход узброенай барацьбы, на што спадзяваліся паўстанцы.


10.5. Палітыка царызму ў Беларусі ў 1830-1850-я гг.

Шырокі ўдзел шляхты з тэрыторый Беларусі і Літвы ў паўстанні 1830-1831 гг. абумовіў змены ў палітыцы царызму ў 1830-1850-я гг. У гэты перыяд адбываецца адыход ад палітыкі кампрамісу ў адносінах да мясцовай шляхты і рэалізуецца курс на паслядоўную русіфікацыю краю. У 1832 г. пры ўрадзе Расійскай імперыі быў створаны “Асобны камітэт па справах заходніх губерняў” з мэтай распрацоўкі і ажыццяўлення мерапрыемстваў па русіфікацыі краю ў розных сферах сацыяльнага жыцця.

Можна вылучыць асноўныя накірункі палітыкі царызму ў разглядаемы перыяд:

1) Русіфікацыя заканадаўства: У 1830–1831 г. была адменена дзейнасць Статута ВКЛ 1588 г. у Віцебскай і Магілёўскай губернях, а ў 1840 г. на ўсёй тэрыторыі былога ВКЛ. Замест яго ўводзілася расійскае заканадаўства.

2) Русіфікацыя адміністрацыйнай сістэмы: На падставе царскіх указаў ад 30 кастрычніка 1831 г. і 11 студзеня 1832 г. усім дзяржаўным установам і пасадам на землях былога ВКЛ былі дадзены расійскія назвы. Паводле указаў ад 1832 г. дзейнасць усіх судовых устаноў пераведзена на рускую мову. У мясцовыя адміністрацыйныя і судовыя ўстановы сталі запрашацца чыноўнікі з уласна расійскіх губерняў, якіх заахвочвалі павышанымі акладамі і хуткім ростам кар’еры, магчымасцю на ільготных умовах набыць зямельныя ўладанні. Указам ад 18 чэрвеня 1840 г. цар Мікалай I забараніў выкарыстоўваць назвы “Беларусь” і “Літва”. Замест іх уводзілася назва “Северо-Западный край”.

3) Русіфікацыя землеўладання: Адбылася канфіскацыя зямельных уладанняў удзельнікаў паўстання, якія на ільготных умовах раздаваліся расійскім дваранам. Тым не менш у структуры памешчыцкага землеўладання колькасна пераважала мясцовае “польскае”.

4) Узмацненне палітыкі “разбору шляхты”: Паводле царскіх указаў ад 1831, 1847 і 1857 гг. зрабіліся больш жорсткімі ўмовы пацвярджэння шляхецкага статусу – доказам гэтага маглі быць толькі арыгіналы прывілеяў і граматы вялікіх князёў або каралёў. Тыя, хто іх не меў, пазбаўляліся права валодання маёнткамі з прыгоннымі і пераводзіліся ў падатковыя саслоўі. Усё гэта прывяло да таго, што за некалькі дзесяцігоддзяў колькасць шляхты ў Беларусі скарацілася з 12-13% да 3% ад агульнай колькасці насельніцтва.

5) Дыскрымінацыйная палітыка ў дачыненні рымска-каталіцкай і уніяцкай цэркваў: Пасля падаўлення паўстання на тэрыторыі Беларусі былі ліквідаваны 191 з 304 каталіцкіх кляштараў. Большасць з іх была пераўтворана ў прыходскія касцёлы ці перададзена праваслаўнай царкве. Таксама зачыняліся або пераўтвораліся ў праваслаўныя цэрквы некаторыя каталіцкія касцёлы. У кастрычніку 1836 г. улады забаранілі службовым асобам касцёла ў Беларусі весці публічныя пропаведзі на польскай мове без папярэдняй цэнзуры. У 1836 г. быў выдадзены указ аб забароне духавенству неправаслаўнага веравызнання набываць у прыгоннае ўладанне праваслаўных сялян, а ў 1841 г. адбылася канфіскацыя нерухомасці ў каталіцкага духавенства. У адносінах да уніяцкай царквы была ажыццёўлена яе поўная ліквідацыя. У лютым 1839 г. у Полацку пад кантролем дзяржаўных улад быў скліканы сабор іерархаў уніяцкай царквы, на якім прыняты акт аб далучэнні да праваслаўнай царквы. Усе уніяты, якія складалі на той час большасць насельніцтва Беларусі, прымусова пераводзіліся ў праваслаўе.

6) Русіфікацыя адукацыі: У 1832 г. улады зачынілі Віленскі ўніверсітэт як ачаг вальнадумства і распаўсюджвання польскага нацыянальна-вызваленчага руху. Таксама былі зачынены ўсе навучальныя ўстановы, арганізаваныя каталіцкімі ордэнамі. Навучанне ў школах цалкам пераводзіцца на рускую мову. 3 1836 г. забараняецца выкладанне польскай мовы ў школах як вучэбнага прадмета. Для працы ў сістэме адукацыі актыўна прыцягваюцца настаўнікі з расійскіх губерняў.

7) Узмацненне ідэалагічнай працы сярод насельніцтва: У 1830-я гг. канцэптуальна фарміруецца афіцыйная дзяржаўная ідэалогія Расійскай імперыі, сутнасць якой засяроджваецца ў формуле “Праваслаўе, самадзяржаўе, народнасць”. Спецыфіка дадзенай ідэалогіі на тэрыторыі Беларусі праяўляецца ў фарміраванні канцэпцыі т.зв. заходнерусізму. Паводле яе карэннае насельніцтва Беларусі абвяшчаецца заходняй часткай адзінага рускага народу, а фундаментам дадзенага адзінства разглядаецца праваслаўе. Цэнтрамі прапаганды дзяржаўнай ідэалогіі становяцца праваслаўная царква, школа і афіцыйны друк, галоўную ролю сярод якіх мелі мясцовыя перыядычныя выданні “Губернские ведомости”, якія пачалі выдавацца з канца 1830-х гг. ва ўсіх губернскіх цэнтрах.



У выніку ажыццёўленых мерапрыемстваў узмацніўся рэпрэсіўны характар дзяржаўнай улады, умацаваліся пазіцыі рускага дваранства і чыноўніцтва ў розных сферах грамадскага жыцця Беларусі. Але разам з тым польская шляхта здолела захаваць значны ўплыў у сістэме землеўладання, у пэўнай ступені таксама ў сістэме адміністрацыі і культуры. Дадзеная сітуацыя з’яўлялася глебай для ўзнікнення новых сацыяльна-палітычных канфліктаў.


1   ...   9   10   11   12   13   14   15   16   ...   35


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка