Гісторыя Беларусі


Тэмы дакладаў і рэфератаў



старонка15/35
Дата канвертавання15.05.2016
Памер5.74 Mb.
1   ...   11   12   13   14   15   16   17   18   ...   35

Тэмы дакладаў і рэфератаў:

        1. Структура шляхецкага землеўладання на землях Беларусі ў першай палове 19 ст.

        2. Сялянскія павіннасці на землях Беларусі ў першай палове 19 ст.

        3. Рэформа дзяржаўнай вёскі на тэрыторыі Беларусі: прычыны, ход і вынікі.

        4. Фарміраванне фабрычнай прамысловасці з беларускіх губернях.

        5. Эканоміка беларускіх зямель у кантэксце заходнееўрапейскай індустрыялізацыі першай паловы 19 ст.

        6. Беларускі горад у першай палове 19 ст.



Тэма 12: Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі

ў другой палове 19 ст.

1. Аграрная рэформа 1861 г. і асаблівасці яе ажыццяўлення на тэрыторыі Беларусі.

2. Сельская гаспадарка.

3. Прамысловасць.

4. Гарады, гандаль, транспартная сістэма.
12.1. Аграрная рэформа 1861 г. і асаблівасці яе ажыццяўлення на тэрыторыі Беларусі.

Крызіс феадальна-прыгонніцкай гаспадаркі, які стаў відавочны ў сярэдзіне 19 ст., вымусіў царскі ўрад шукаць шляхі да рэфармавання вытворчых адносін. Неабходнасць адмены прыгоннага права стала ўсведамляцца правячымі коламі пасля паражэння Расійскай імперыі ў Крымскай вайне 1853-1856 гг., якая паказала тэхнічную адсталасць Расіі ў параўнанні з індустрыялізаванымі заходнееўрапейскімі краінамі. Шляхам адмены прыгоннага права царызм спадзяваўся стварыць умовы для тэхнічнай мадэрнізацыі гаспадаркі імперыі.

Падрыхтоўка да адмены прыгоннага права пачалася са стварэння “Сакрэтнага камітэта па сялянскіх справах” у студзені 1857 г. Урад імкнуўся правядзенне рэформы паставіць на шырокае абмеркаванне ў колах дваранства. Першым рэгіёнам, у якім меркавалася прыцягнуць памешчыкаў да рэалізацыі ідэі аграрнай рэформы, сталі землі Беларусі і Літвы. Тлумачыцца гэта тым, што памешчыкі гэтага рэгіёну былі ў большай ступені падрыхтаваны да адмены прыгоннага права, таму што іх гаспадаркі былі ўцягнуты ў таварна-грашовыя адносіны праз еўрапейскі рынак. Да вясны 1858 г. ва ўсіх губернях Беларусі і Літвы, а да канца года ў большасці губерняў Расійскай імперыі былі створаны губернскія камітэты з прадстаўнікоў дваранства, якім даручалася скласці праекты рэформы.

19 лютага 1861 г. расійскі імператар Аляксандр ІІ падпісаў Маніфест аб адмене прыгоннага права і дапасаваныя да яго “Агульнае палажэнне”, “мясцовыя палажэнні” і дадатковыя правілы, якія ілюстравалі змест аграрнай рэформы. Сутнасць праводзімай аграрнай рэформы палягала ў наступным:

1) Сяляне атрымлівалі асабістую свабоду і грамадзянскія правы: яны маглі гандляваць, набываць рухомую і нерухомую маёмасць, паступаць у навучальныя ўстановы і на службу, несці асабістую адказнасць перад судом і г.д.; памешчыкі не маглі больш прадаваць і караць сялян.

2) Памешчыкі прызнаваліся ўласнікамі ўсёй зямлі, якая належала ім да рэформы. Частка гэтай зямлі адводзілася для надзялення сялян у пастаяннае карыстанне. На працягу дзевяці гадоў сяляне павінны былі выконваць за выдзеленыя ім надзелы павіннасці на карысць памешчыка (паншчына або чынш). На гэты перыяд яны лічыліся часоваабавязанымі і не маглі пакінуць сваё месца жыхарства без дазволу памешчыка.

3) Пазямельныя адносіны паміж памешчыкамі і часоваабавязанымі сялянамі рэгуляваліся ўстаўнымі граматамі, складанне якіх даручалася памешчыкам і спецыяльна ўведзеным для гэтага чыноўнікам – міравым пасярэднікам у двухгадовы тэрмін.

4) Памеры надзелаў, якія адводзіліся сялянам, вызначаліся ў залежнасці ад мясцовых умоў. У Віцебскай і Магілёўскай, дзе панавала абшчыннае землекарыстанне, устанаўліваліся вышэйшыя і ніжэйшыя памеры надзелаў у залежнасці ад колькасці і якасці зямлі ў пэўнай мясцовасці. Вышэйшы надзел складаў 4-5,5 дзесяціны, “ніжэйшы” адпаведна 1,2-1,8 дзесяціны на душу мужчынскага полу. У выпадку, калі дарэформенны надзел быў большым, чым вышэйшы памер надзела, праводзіліся адрэзкі лішкаў зямлі на карысць памешчыка. У Магілёўскай і Віцебскай губернях у выніку адрэзкаў сяляне страцілі 25-40% зямлі. Для забеспячэння выканання сялянамі павіннасцяў у абшчынах уводзілася кругавая парука. У Мінскай, Гродзенскай, Віленскай і чатырох паветах Віцебскай губерні, дзе існавала падворнае землекарыстанне, нормы сялянскіх надзелаў не вызначаліся; за сялянамі захоўваліся тыя надзелы, якімі яны карысталіся да 1861 г. Адрэзкі дапускаліся, калі ў памешчыка заставалася менш 1/3 часткі зручных зямель; у той жа час сялянскі надзел нельга было паменшыць больш як на 1/6. Пры выкананні павіннасцяў дзейнічала асабістая адказнасць селяніна.

5) Сяляне атрымлівалі права выкупу ва ўласнасць вызначаных для іх надзелаў са згоды памешчыка. Пасля ажыццяўлення выкупу часоваабавязаныя адносіны сялян спыняліся. Выкупная сума была такога памеру, каб памешчык, паклаўшы яе ў банк (пад 6% гадавых), мог атрымліваць прыбытак, роўны штогадоваму чыншу з зямлі, якая перайшла ва ўласнасць селяніна. Аднак сяляне не мелi такой сумы грошай. Дзяржава выступіла ў якасці пасярэдніка паміж памешчыкамі і сялянамі. Пры выкупе надзелаў сяляне павiнны былі заплаціць 20-25% ад выкупной сумы, а астатнюю частку атрымлівалі ад дзяржавы ў выглядзе каштоўных папер. У выніку гэтай аперацыі сяляне павінны былі на працягу 49 гадоў плаціць дзяржаве выкупныя плацяжы, якія ўключалі ў сябе доўг і працэнты за выдзеленую пазыку.

6) Стваралася сістэма сялянскага самакіравання. Сяляне, якія пражывалі на пэўнай тэрыторыі і складалі сельскую абшчыну, на агульным сходзе выбіралі старасту, зборшчыка падаткаў і іншых службовых асоб. Некалькі сельскіх абшчын утваралі воласць. Валасны сход (сход сялян пэўнай воласці) выбіраў валасную ўправу на чале са старшынёй і валасны суд. У сваёй дзейнасці яны падпарадкоўваліся дзяржаўнай павятовай адміністрацыі.

Умовы правядзення аграрнай рэформы выклікалі незадаволенасць сялянства. У масавым парадку сяляне адмаўляліся падпісваць устаўныя граматы, выконваць павіннасці. Уздым сялянскага руху ў 1861-1863 гг. супаў па часе з польскім нацыянальна-вызваленчым паўстаннем 1863-1864 гг. Дадзеная акалічнасць стварала для царскіх улад пагрозу масавага далучэння сялян да паўстання. У падобных умовах царызм у 1863-1864 гг. пайшоў на некаторыя саступкі сялянам:

- адмена часоваабавязанага становішча для сялян беларускіх губерняў у 1863-1864 гг. і перавод іх на абавязковы выкуп;

- змяншэнне сумы выкупных плацяжоў па розных губернях ад 20% да 75%;

- вяртанне сялянам часткі адрэзаных раней зямель; у выніку сярэднія памеры надзелаў былых памешчыцкіх сялян Беларусі аказаліся вышэйшымі, чым у цэлым па Расійскай імперыі (у Беларусі 4,2-5,7 дзесяціны, у Расійскай імперыі – 3,3 дзесяціны).

У 1863 г. былі створаны камісіі, якія павінны былі праверыць памеры сялянскіх надзелаў і скласці выкупныя акты. Складанне выкупных актаў на тэрыторыі Беларусі было завершана ў асноўным да пачатку 1870-х гг.

У 1867 г. была праведзена рэформа дзяржаўных сялян. Яны пераводзіліся з аброку на выкуп зямлі і станавіліся прыватнымі ўладальнікамі зямельных надзелаў, але выкуп для іх не быў абавязковы. Дзяржаўныя сяляне ў асноўным захавалі свае надзелы, якія аказаліся вышэйшымі, чым у памешчыцкіх.

Такім чынам, адмена прыгоннага права ліквідавала асабістую залежнасць сялян ад памешчыкаў і стварыла больш спрыяльныя, чым раней, умовы для развіцця капіталістычных таварна-грашовых адносін у сельскай гаспадарцы і эканоміцы ў цэлым. Разам з тым асаблівасці правядзення рэформы, накіраваныя перш за ўсё на забеспячэнне інтарэсаў памешчыкаў і дзяржавы, абумовілі захаванне істотных феадальных перажыткаў, крыніцай якіх з’яўлялася сялянскае малазямелле, дапоўненае ўзмацненнем падатковага ціску з боку дзяржавы ў выглядзе выкупных плацяжоў.


12.2. Сельская гаспадарка.

У другой палове 19 ст. эканоміка беларускіх зямель захоўвала пераважна аграрны характар. У сельскай гаспадарцы працягвала панаваць буйное памешчыцкае землеўладанне. У другой палове 1870-х гг. памешчыкам належала звыш 50% прыдатнай зямлі, звыш 10% - дзяржаве і царкве, астатнія землі размяркоўваліся сярод сялянства. Па велічыні буйнога памешчыцкага землеўладання Беларусь знаходзілася на адным з першых месцаў сярод рэгіёнаў Расійскай імперыі: на 1877 г. зямельныя ўладанні з колькасцю звыш 500 дзесяцін складалі 88,6% зямельнай уласнасці.. Пасля паўстання 1863-1864 гг. адбыліся некаторыя змены ў нацыянальным складзе буйных землеўладальнікаў. На працягу 1865-1870 гг. уладанні памешчыкаў расійскага паходжання, дзякуючы падтрымцы царскага ўраду, павялічыліся ў 2 разы. Разам з тым было забаронена памешчыкам-католікам набываць новыя зямельныя ўладанні, а сялянам-католікам купляць больш за 60 дзесяцін на чалавека. Забаранялася мець зямлю яўрэям. Дадзеныя абмежаванні стрымлівалі перспектывы фарміравання бессаслоўнага землеўладання.

Адмена прыгоннага права паскорыла працэсы ўцягвання сельскай гаспадаркі ў рыначныя адносіны і яе тэхнічнай мадэрнізацыі. Дадзеным працэсам спрыялі таксама працяг узрастання попыту на сельскагаспадарчую прадукцыю ў краінах Заходняй Еўропы, рост гарадоў, прамысловасці і чыгуначнага будаўніцтва ў самой Беларусі і суседніх рэгіёнах Расійскай імперыі. У многіх памешчыцкіх і некаторых заможных сялянскіх гаспадарках сталі распаўсюджвацца шматпольныя севазвароты, сельскагаспадарчыя машыны. Аднак у цэлым тэхнічная мадэрнізацыя адбывалася марудна. У буйных памешчыцкіх гаспадарках у гэты перыяд выкарыстоўваліся дзве асноўныя сістэмы гаспадарання:


          1. капіталістычная: сутнасць яе палягае ў тым, што памешчыцкая зямля апрацоўвалася наёмнымі сельскагаспадарчымі рабочымі з дапамогай прылад працы і рабочай жывёлы ўласніка;

          2. адпрацовачная: сутнасць яе палягае ў тым, што сяляне арандавалі частку зямлі памешчыкаў і за гэта адпрацоўвалі на памешчыцкай зямлі са сваімі прыладамі працы і рабочай жывёлай, або аддавалі памешчыкам частку сельскагаспадарчай прадукцыі.

У многіх памешчыцкіх гаспадарках суіснавалі элементы абедзвюх названых сістэм. Элементы капіталістычнай сістэмы пераважалі ў памешчыцкіх гаспадарках на захадзе і ў цэнтры тэрыторыі Беларусі, дзе землеўладальнікі традыцыйна былі больш цесна звязаныя з рынкам, а адпрацовачная сістэма – на ўсходзе.

Да 1880-х гг. асноўнай галіной сельскай гаспадаркі з’яўлялася вытворчасць зерневых культур. Аднак сітуацыя змянілася ў выніку сусветнага аграрнага крызісу 1880-1890-х гг. Прычынай крызісу стаў увоз у Еўропу таннага хлеба з ЗША, Канады, Аргенціны, Аўстраліі, што прывяло да рэзкага падзення цэн на зерне на ўнутраных рынках еўрапейскіх краін, а таксама Расіі. Хлебны гандаль пачаў цярпець вялікія страты. На землях Беларусі сітуацыя абвастралася таксама з прычыны тарыфнай палітыкі царскага ўрада, які, абараняючы інтарэсы расійскіх памешчыкаў, устанавіў для іх значна ніжэйшы тарыф на экспарт збожжа, чым для памешчыкаў заходніх губерняў. У выніку збожжавая гаспадарка Беларусі не здолела прыстасавацца да новых умоў рынку і стала стратнай. У дадзеных умовах адбывалася пераарыентацыя таварнай гаспадаркі на новыя галіны вытворчасці. Склалася новая спецыялізацыя сельскай гаспадаркі Беларусі, якую вызначалі наступныя галіны:

- малочная жывёлагадоўля (уключаючы масларобства і сыраварэнне);

- ільноводства;

- бульбаводства.

Аграрны крызіс 1880-1890-х гг. меў наступныя сацыяльна-эканамічныя вынікі:



      1. Разарэнне часткі памешчыцкіх гаспадарак, якія не здолелі пераарыентавацца на новыя ўмовы рынку. К канцу 19 ст. каля 57% усіх прыватнаўласніцкіх зямель беларускіх губерняў былі закладзены ў банках, частка з іх прадавалася з таргоў. З 1877 па 1905 гг. дваранскае землеўладанне ў беларускіх губернях скарацілася на 1,3 млн. дзесяцін; у той жа час павялічылася землеўладанне заможных сялян, купцоў і мяшчан.

      2. Умацаванне капіталістычнай сістэмы гаспадарання, якая стала пануючай ў заходніх і цэнтральных рэгіёнах Беларусі; на ўсходзе замацоўваецца змешаная адпрацовачна-капіталістычная сістэма.

      3. Паскарэнне працэсу ўкаранення ў гаспадарках памешчыкаў і заможных сялян машыннай тэхнікі, насенняводства, пераходу да шматпольных севазваротаў з мэтай зніжэння выдаткаў вытворчасці і павелічэння прыбыткаў.

      4. Пашырэнне капіталістычнай арэнды зямлі (на 1887 г. 2,5 млн. дзесяцін дваранскай зямлі знаходзілася ў арэндзе на рыначнай аснове).

      5. Узрастанне сацыяльнага расслаення сярод сялянства. У канцы XIX ст. доля гаспадарак заможных сялян складала 10% ад агульнай кольскасці сялянскіх двароў, сераднякоў – 30%, бедных сялян – 60%. Заможнае сялянства ўмацоўвалася за кошт куплі часткі зямель тых памешчыкаў, якія разараліся ў выніку крызісу. Істотную дапамогу ім у гэтым аказваў Сялянскі банк, створаны ў 1882 г. У пошуках заробкаў беззямельныя і малазямельныя сяляне выязджалі на працу ў будаўніцтве і прамысловасці ў іншыя рэгіёны імперыі (за паслярэформенны перыяд колькасць сялян-адыходнікаў павялічылася ў 6,6 разы і на 1890-я гг. складала каля 300 тыс. штогод).

Пералічаныя з’явы сведчылі пра тое, што наступствы сусветнага аграрнага крызісу 1880-1890-х гг. садзейнічалі развіццю капіталістычных рыначных адносін у сельскай гаспадарцы. Аднак дадзенае развіццё адбывалася павольнымі тэмпамі, што было выклікана шэрагам фактараў:

1) Малазямелле сялянства. У выніку сямейных раздзелаў сялянскія гаспадаркі пастаянна змяншаліся (да 1900 г. сярэдняя колькасць зямлі на аднаго чалавека складала ад 2,1 да 3,2 дзесяціны). Магчымасці такіх гаспадарак не дазвалялі весці ў значных памерах таварную вытворчасць, выкарыстоўваць удасканаленыя прылады і спосабы працы, набываць прамысловую прадукцыю.



2) Захаванне абшчыны ва ўсходніх губернях. Абшчынная сістэма не дазваляла збяднелым сялянам цалкам парваць сувязі з вёскай і перайсці на працу ў прамысловасць або будаўніцтва.

3) Высокія дзяржаўныя падаткі для сялянства, уключаючы выкупныя плацяжы, што садзейнічалі збядненню большай часткі сялян.

4) Цераспалоснае валоданне сялянамі зямлёй, што перашкаджала наладжванню рацыянальных метадаў гаспадарання.



Такім чынам, на працягу другой паловы 19 ст. назіраецца працэс развіцця капіталістычных рыначных адносін у сельскай гаспадарцы Беларусі. Асаблівы імпульс дадзенаму працэсу быў нададзены сусветным аграрным крызісам 1880-1890-х гг. Аднак у той жа час істотныя перажыткі феадалізму ў сельскай гаспадарцы істотна тармазілі развіццё таварна-грашовых адносін, кансервавалі элементы натуральнай гаспадаркі з прымітыўнымі формамі гаспадарання і тэхнікі.
12.3. Прамысловасць.

Адмена прыгоннага права стварыла спрыяльныя ўмовы для развіцця прамысловасці на землях Беларусі. У другой палове 19 ст. можна вылучыць чатыры асноўныя тыпы прамысловасці:

- рамесна-саматужная прамысловасць;

-дробнакапіталістычная прамысловасць;

- мануфактурная прамысловасць;

-фабрычна-заводская прамсловасць.




Тып прамысловасці

Спецыфіка вытворчасці

Колькасць прадпрыемстваў на 1900 г.

Колькасць рабочых на

1900 г.


Рамесна-саматужная

Вытворчы працэс ажыццяўляецца сіламі рамесніка-уладальніка прадпрыемства, членаў яго сям’і і рабочых ў колькасці менш 5 чал. без спецыялізаванага падзелу працы пры дапамозе ручных прылад працы

58,1 тыс.

110 тыс.

Дробнакапіталістычная

Вытворчы працэс ажыццяўляецца сіламі рабочых ў колькасці ад 5 да 16 чал. без спецыялізаванага падзелу працы пры дапамозе ручных прылад працы

17 тыс.

63,5 тыс.

Мануфактурная

Вытворчы працэс ажыццяўлялецца сіламі рабочых у колькасці ад 16 чал. пры дакладна вызначаным падзеле працы, пры дапамозе ручных прылад працы

760

28,8 тыс.

Фабрычна-заводская

Вытворчы працэс ажыццяўляецца рабочымі пры дакладна вызначаным падзеле працы і выкарыстанні машынных прылад працы

1130

33,6 тыс.

Рост колькасці прадпрыемстваў, рабочых і аб’ёмаў вытворчасці назіраўся ў межах усіх тыпаў прамысловасці разглядаемага перыяду. Асабліва хуткімі тэмпамі развівалася фабрычна-заводская прамысловасць, аб’ём прадукцыі якой на працягу 1860-1900 гг. павялічыўся ў 37 разоў. Характэрна тое, што пасля рэформы 1861 г. у Беларусі зніклі прыгонныя фабрыкі і мануфактуры; усе прамысловыя прадпрыемствы былі пераведзены на капіталістычны лад.

Аднак сярод фабрык пераважалі невялікія прадпрыемствы, на кожным з якіх працавала менш як 50 чалавек. На канец 19 ст. на землях Беларусі налічвалася толькі 9 буйных прадпрыемстваў з колькасцю рабочых звыш 500. Да ліку буйнейшых фабрык у Беларусі належалі машынабудаўнічы і чыгуналіцейны завод Якабсона, Ліўшыца і Кº у Мінску, льнопрадзільная фабрыка “Дзвіна” ў Віцебску, тытунёвая фабрыка Шарашэўскага ў Гродне, папяровая фабрыка ў Добрушы, запалкавыя фабрыкі ў Пінску і Барысаве. Таксама буйнымі прамысловымі прадпрыемствамі з’яўляліся чыгуначныя майстэрні і дэпо ў Пінску, Гомелі, Мінску, Віцебску.

Развіццё прамысловасці абумовіла стварэнне акцыянерных кампаній – фінансава-прамысловых груп, у межах якіх аб’ядноўваліся капіталы некалькіх асобных уласнікаў. Паколькі канцэнтрацыя вытворчасці на землях Беларусі была невысокай, іх колькасць на канец 19 ст. не перавысіла 10. У асноўным акцыянерныя таварыствы ствараліся ў сферы эксплутацыі гарадскіх камунікацый (напрыклад, бельгійскае акцыянернае таварыства “Віцебскі трамвай” з 1898 г.).

У структуры прамысловай вытворчасці пераважалі галіны, заснаваныя на перапрацоўцы мясцовай сыравіны. Па аб’ёмах вытворчасці дамінавалі наступныя прамысловыя галіны:

харчовая (перавагу мела вінакурства);

дрэваапрацоўчая (пераважалі запалкавая і папярова-друкарская вытворчасць);

тэкстыльная;

металаапрацоўчая (разам з чыгуначнымі майстэрнямі);

сілікатна-керамічная і будаўніча-рамонтная.

У апошняй трэці 19 ст. у эканамічным жыцці Беларусі значную ролю пачалі адыгрываць банкі. Сярод іх вылучаліся:

1) Банкі, заснаваныя з дапамогай мясцовага капіталу: Віленскі камерцыйны банк з аддзяленнямі Бабруйску, Гомелі, Гродне і Слоніме; Мінскі камерцыйны банк; Беластоцкі камерцыйны банк.

2) Аддзяленні буйнейшых расійскіх банкаў: Дзяржаўнага банка, Азова-Данскога банка, Пецярбургска-Азоўскага банка.

У Беларусі, дзе пераважалі дробныя капіталістычныя і мануфактурныя прадпрыемствы, функцыяніравалі таксама невялікія банкірскія канторы, якія займаліся крэдытнымі аперацыямі па абслугоўванню дробных прамыславікоў і гандляроў. Галоўныя сферы ўкладання сродкаў для камерцыйных банкаў – гандаль, першасная апрацоўка лесу і льну.

Развіццё прамысловасці Беларусі знаходзілася пад уплывам сусветнага эканамічнага цыкла. Эканамічныя крызісы 1873-1875 гг. і 1881-1882 гг. прывялі да скарачэння дробнай і мануфактурнай вытворчасці, пры захаванні росту ў фабрычна-заводскай прамысловасці. У 1890-я гг. назіраецца прамысловы ўздым, які ахапіў амаль усе галіны вытворчасці. Падчас яго сярэднегадавыя тэмпы прыросту прадукцыі склалі 8,2%. Удзельная вага беларускай прамысловасці ў прамысловасці Расійскай імперыі склала каля 5%, колькасць рабочых – 10%.

У той жа час да пачатку 20 ст. прамысловасць не пераўтварылася ў вядучы сектар эканомікі на землях Беларусі. Узровень яе развіцця быў невысокі не толькі ў параўнанні з краінамі Заходняй Еўропы, але і ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі еўрапейскай часткі Расійскай імперыі. Нягледзячы на рост фабрычна-заводскай вытворчасці, асноўная прамысловая прадукцыя выраблялася ў межах рамесна-саматужнай і дробнакапіталістычнай вытворчасці, заснаванай на перапрацоўцы мясцовай сыравіны, пры нізкім узроўні тэхнічнага забеспячэння. Асноўнымі прычынамі маруднага развіцця буйной прамысловасці з’яўляліся:

1) Адсутнасць сыравіны, неабходнай для буйной вытворчасці. Пераважала сельскагаспадарчая, лясная і мінеральная сыравіна, на базе якой працавалі дробныя прадпрыемствы.

2) Адсутнасць буйных капіталаў. Асноўныя капіталаўкладанні ў прамысловасць ажыццяўляла мясцовае яўрэйскае насельніцтва, якое было пазбаўлена правоў на валоданне зямлёй і яе нетрамі, не мела ў сваёй большасці значных сродкаў для заснавання буйных прадпрыемстваў і займалася ў асноўным рамяством. Буйны расійскі і замежны капітал лічыў для сябе больш выгадным укладанне сродкаў у гандаль і развіццё транспартнай інфраструктуры, а не ў прамысловасць.

3) Каланіяльная палітыка царызму, які быў зацікаўлены ў паскораным развіцці найперш цэнтральных прамысловых раёнаў і ў захаванні Беларусі як аграрнага прыдатку імперыі.



Такім чынам, у другой палове 19 ст. мела месца істотнае развіццё прамысловай вытворчасці на землях Беларусі. Аднак у цэлым узровень яе развіцця ў агульнаеўрапейскім кантэксце быў невысокі.
12.4. Гарады, гандаль, транспартная сістэма.

Істотным фактарам развіцця гарадоў, прамысловасці і гандлю на землях Беларусі ў другой палове 19 ст. стала шырокамашабнае чыгуначнае будаўніцтва. Яно ажыццяўлялася па ініцыятыве царскага ўрада, а таксама буйнога расійскага і мясцовага капіталу. Галоўнымі матывамі будаўніцтва з’яўляліся патрэбы інтэнсіфікацыі гандлёвых сувязяў, а таксама ваенна-стратэгічныя мэты. У 1860-1890-я гг. праз тэрыторыю Беларусі праляглі наступныя чыгункі:



Пецярбургска-Варшаўская (праз Гродна); пабудавана ў 1862 г.;

Рыга-Арлоўская (праз Дзвінск, Полацк, Віцебск); пабудавана ў 1866 г.;

Маскоўска-Брэсцкая (праз Смаленск, Оршу, Мінск, Баранавічы); пабудавана ў 1870-я гг.;

Лібава-Роменская (праз Вільню, Маладзечна, Мінск, Бабруйск, Жлобін); пабудавана ў 1871-1874 гг.;

Гомельска-Бранская; пабудавана ў 1877 г.;

Палескія: Пінск-Гомель, Беласток-Баранавічы; пабудаваныя ў 1882-1886 гг.;

Пецярбургска-Адэская (праз Віцебск, Оршу, Магілёў); пабудавана з канца 19 ст. да 1902 г.

На пачатку 20 ст. Беларусь сярод рэгіёнаў Расійскай імперыі была на адным з першых месцаў па насычанасці чыгункамі. Узніклі буйныя чыгуначныя вузлы: Мінск, Віцебск, Гомель, Орша, Брэст, Баранавічы.

З пачаткам будаўніцтва чыгунак пачала хутка памяншацца роля кірмашовага гандлю. Усё большае значэнне набываў стацыянарны гандаль у крамах і лаўках. Гэта сведчыла пра тое, што рыначныя сувязі беларускіх гарадоў, мястэчак і вёсак, а таксама Беларусі з іншымі рэгіёнамі Расійскай імперыі станавіліся больш трывалымі.

У гэты час тэрыторыя Беларусі інтэгруецца ў сістэму агульнарасійскага рынку. Спецыялізацыя гандлю Беларусі ў дадзенай сістэме характарызавалася перавагай вывазу сельскагаспадарчай і лясной сыравіны. Разам з тым Беларусь выступала рынкам збыту прамысловых тавараў і збожжа, якія ўвозіліся з іншых рэгіёнаў Расійскай імперыі. Захоўваліся знешнегандлёвыя сувязі з краінамі Заходняй Еўропы, асабліва з Германіяй. Структура экспарту і імпарту прадукцыі ў цэлым не змянілася ў параўнанні з папярэднім перыядам.

У другой палове 19 ст. назіраецца рост гарадоў у Беларусі. З 1860 па 1900 гг. колькасць гарадскога насельніцтва ўзрасла з 350 да 650 тыс. чалавек. Прычынамі дадзенага росту з’яўляліся развіццё прамысловасці і гандлю, хуткае чыгуначнае будаўніцтва, ліквідацыя прыгоннай залежнасці сялян у выніку рэформы 1861 г. Значнымі гандлёва-прамысловымі цэнтрамі сталі найперш гарады, якія выступалі галоўнымі чыгуначнымі вузламі. Буйнейшым горадам на тэрыторыі Беларусі становіцца Мінск, насельніцтва якога на 1897 г. налічвала 90 тыс. жыхароў. Узнікаюць новыя формы транспартных камунікацый: З’явіліся конна-чыгуначныя дарогі (конкі) у Мінску і Магілёве (1890-я гг.), трамвай у Віцебску (1898).

У той жа час у Беларусі не сфарміраваліся буйныя прамысловыя цэнтры з сотнямі тысяч насельніцтва, якія ў гэты час складваюцца ў Еўропе. Галоўная прычына гэтага – спецыялізацыя беларускай прамысловасці на перапрацоўцы мясцовай сыравіны, што абумовіла яе размяшчэнне ў асноўным ў сельскай мясцовасці і невялікіх мястэчках. К канцу 19 ст. толькі 31% усёй прамысловай прадукцыі выраблялася ў гарадах.

У гарадах і мястэчках у гэты перыяд пачынае фарміравацца новая сацыяльная структура, у якой дамінуючае месца займалі сацыяльныя класы індустрыяльнага грамадства: буржуазія і пралетарыят (рабочы клас).

Клас буржуазіі складаўся з уласнікаў гандлёвых і прамысловых капіталаў. Яго фарміраванне адбывалася з ліку дваран-прадпрымальнікаў, разбагацеўшых купцоў і мяшчан. Спецыфіка буржуазіі на беларускіх землях заключалася ў тым, што сярод яе пераважалі дробныя і сярэднія прадпрымальнікі. Буржуазія была неаднароднай па нацыянальнай прыкмеце: асноўная маса дваран-прадпрымальнікаў дэкларавала сябе рускімі або палякамі; большасць капіталістаў з ліку купцоў і мяшчан былі яўрэямі.

Клас пралетарыяту ўяўляе з сябе вольнанаёмных рабочых, якія пазбаўлены ўласнасці на сродкі вытворчасці і працуюць на прадпрыемствах рознага тыпу за акрэсленую заработную плату. Яго фарміраванне адбывалася за кошт збяднелых сялян, рамеснікаў і дробных гандляроў. Асаблівасцямі структуры рабочага класа Беларусі былі распыленасць па дробных прадпрыемствах, нязначная ўдзельная вага занятых на буйных фабрыках, невялікая колькасць пастаянных і кваліфікаваных рабочых. Пралетарыят таксама з’яўляўся неаднародным па нацыянальнай прыкмеце: сярод кваліфікаваных кадраў чыгуначных майстэрань і дэпо, тэлеграфістаў пераважалі рускія; у дробнай і рамеснай прамысловасці, гандлі, сферы абслугоўвання – яўрэі; на будаўніча-рамонтных работах, прамысловых прадпрыемствах у сельскай мясцовасці – беларусы.

У той жа час у сацыяльнай структуры гарадскога насельніцтва вялікую ўдзельную вагу складалі дробныя рамеснікі і гандляры, якія не належалі да асноўных класаў капіталістычнага грамадства. Гэта было вынікам панавання ў гарадах дробнай і рамесна-саматужнай прамысловасці.



Такім чынам, у эканоміцы беларускіх зямель у другой палове 19 ст. адбываецца працэс развіцця капіталістычных таварна-грашовых адносін. Аднак да пачатку 20 ст. Беларусь заставалася аграным краем; сельская гаспадарка мела ў значнай ступені натуральны характар; у прамысловасці дамінавала дробнакапіталітычная і рамесная вытворчасць, заснаваная на перапрацоўцы мясцовай сыравіны. Гэта стала вынікам захавання значных фаедальных перажыткаў у сельскай гаспадарцы, адсутнасці на тэрыторыі Беларусі значных рэсурсаў і капіталаў для развіцця буйной прамысловай вытворчасці, каланіяльнай палітыкі царызму.


Поделитесь с Вашими друзьями:
1   ...   11   12   13   14   15   16   17   18   ...   35




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал