Гісторыя Беларусі



старонка16/35
Дата канвертавання15.05.2016
Памер5.74 Mb.
1   ...   12   13   14   15   16   17   18   19   ...   35

Асноўныя паняцці:

Адмена прыгоннага права 1861 г., часоваабавязаныя сяляне, адрэзкі, выкупныя плацяжы, воласць, рэформа дзяржаўных сялян 1867 г., адпрацовачная сістэма гаспадарання ў памешчыцкіх уладаннях, капіталістычная сістэма гаспадарання ў памешчыцкіх уладаннях, сусветны аграрны крызіс 1880-1890-х гг., фабрычна-заводская прамысловасць, акцыянерныя кампаніі, камерцыйныя банкі, эканамічны крызіс, прамысловы ўздым, чыгуначнае будаўніцтва, агульнарасійскі рынак, буржуазія, пралетарыят.


Кантрольныя пытанні і заданні:

  1. Якія прычыны штурхнулі царскі ўрад на правядзенне аграрнай рэформы 1861 г.?

  2. Растлумачце, чаму царскі ўрад вырашыў пачаць правядзенне аграрнай рэформы з губерняў Беларусі і Літвы?

  3. Якія асноўныя накірункі змяшчала ў сабе аграрная рэформа 1861 г.?

  4. Што азначае паняцце “часоваабавязаныя сяляне”? Чаму царскі ўрад імкнуўся павялічыць тэрмін залежнасці сялян ад памешчыкаў?

  5. Растлумачце, з якой мэтай падчас рэформы 1861 г. ажыццяўляліся адрэзкі сялянскай зямлі на карысць памешчыкаў?

  6. На якіх умовах ажыццяўляўся выкуп сялянамі зямлі ва ўласнасць? З якой мэтай дзяржава выступіла пасярэднікам паміж памешчыкамі і сялянамі падчас выкупной здзелкі?

  7. Які характар мела створаная ў выніку рэформы 1861 г. сістэма сялянскага самакіравання? Наколькі значнай была ступень яе самастойнасці?

  8. Растлумачце, чаму адмена прыгоннага права ў Беларусі прайшла на больш выгадных для сялянства ўмовах у параўнанні з іншымі рэгіёнамі Расійскай імперыі. Якія саступкі ў адносінах да сялянства былі праведзены царызмам у 1863-1864 гг.?

  9. Вызначце сутнасць і характар аграрнай рэформы 1861 г. Паразважайце над тым, якія яна змяшчала ў сабе наступствы для далейшага эканамічнага развіцця краю.

  10. Якую структуру мела землеўладанне на землях Беларусі ў другой палове 19 ст.? Растлумачце значную перавагу тут буйнога памешчыцкага землеўладання.

  11. Якія фактары спрыялі развіццю рыначных адносін у сельскай гаспадарцы Беларусі ў другой палове 19 ст.? У чым выяўлялася дадзенае развіццё?

  12. Параўнайце асаблівасці капіталістычнай і адпрацовачнай форм гаспадарання ў памешчыцкіх уладаннях. Якая з гэтых форм у большай ступені спрыяла ўцягванню сельскай гаспадаркі ў рыначныя адносіны?

  13. Якую ролю ў развіцці сельскай гаспадаркі Беларусі меў сусветны аграрны крызіс 1880-1890-х гг.? Якім чынам змянілася ў выніку крызісу спецыялізацыя сельскай гаспадаркі Беларусі?

  14. Растлумачце, чаму ў выніку аграрнага крызісу 1880-1890-х гг. адбываецца разарэнне значнай колькасці памешчыцкіх гаспадарак, якія выкарыстоўвалі адпрацовачныя формы гаспадарання і ўмацоўваецца капіталістычная сістэма гаспадарання ў памешчыціх маёнтках.

  15. Укажыце фактары, якія тармазілі працэс развіцця капіталістычных рыначных адносін у сельскай гаспадарцы.

  16. Растлумачце прычыны хуткага развіцця фабрычна-заводскай вытворчасці ў канцы 19 ст. Чаму большасць фабрык на тэрыторыі Беларусі былі адносна невялікімі?

  17. Назавіце найбольш буйныя прамысловыя прадпрыемствы, якія ўзніклі ў Беларусі ў другой палове 19 ст.?

  18. Што такое акцыянерныя кампаніі? Якую ролю яны мелі ў развіцці прамысловасці Беларусі ў другой палове 19 ст.?

  19. Які характар мела структура прамысловасці Беларусі другой паловы 19 ст.? Паспрабуйце вызначыць абумоўленасць такой структуры.

  20. Якую ролю ў эканамічным развіцці Беларусі адыгрывалі банкі? Растлумачце, чаму банкаўскі капітал лічыў за лепшае ўкладваць сродкі ў гандаль і першасную апрацоўку сыравіны, а не ў развіццё прамысловасці.

  21. Паспрабуйце растлумачыць, чаму царскі ўрад не быў зацікаўлены ў развіцці буйной прамысловасці на землях Беларусі.

  22. Якую ролю ў развіцці прамысловасці і гандлю Беларусі мела чыгуначнае будаўніцтва другой паловы 19 ст.? Назавіце асноўныя пабудаваныя чыгункі.

  23. Якім чынам і чаму будаўніцтва чыгунак абумовіла змены ў структуры гандлю на тэрыторыі Беларусі?

  24. Які характар мела спецыялізацыя Беларусі ў сістэме агульнарасійскага рынку?

  25. Вызначце прычыны росту гарадскога насельніцтва ў другой палове 19 ст. Якія гарады развіваліся найбольш значнымі тэмпамі?

  26. Ці можна весці гаворку пра фарміраванне на землях Беларусі буйных індустрыяльных цэнтраў? Чым можна патлумачыць дадзеную сітуацыю?

  27. Якія новыя сацыяльныя класы фарміруюцца ў беларускіх гарадах і мястэчках у другой палове 19 ст.?

  28. Паспрабуйце вызначыць узровень развіцця эканомікі Беларусі ў другой палове 19 ст. у цэлым і растлумачце прычыны гэтага.


Тэмы дакладаў і рэфератаў:

  1. Падрыхтоўка і ажыццяўленне аграрнай рэформы 1861 г. у Беларусі.

  2. Сялянскае пытанне і паўстанне 1863-1864 гг.

  3. Фарміраванне сістэмы сялянскага самакіравання.

  4. Рэгіянальная спецыялізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці ў Беларусі ў другой палове 19 ст.

  5. Сусветны аграрны крызіс 1880-1890-х гг. і Беларусь.

  6. Развіццё фабрычна-заводскай прамсловасці ў Беларусі ў другой палове 19 ст.

  7. Чыгуначнае будаўніцтва ў Беларусі ў другой палове 19 ст.

  8. Змены ў беларускім горадзе другой паловы 19 ст.



Тэма 13: Сацыяльна-палітычнае жыццё Беларусі ў другой палове 19 ст.

1. Паўстанне 1863 г.: перадумовы, ход, вынікі.

2. Палітыка царызму на тэрыторыі Беларусі ў апошняй трэці 19 ст.

3. Грамадска-палітычны рух ў апошняй трэці 19 ст.

4. Фарміраванне рабочага руху ў апошняй трэці 19 ст.
13.1. Паўстанне 1863 г.: перадумовы, ход, вынікі.

З сярэдзіны 19 ст. у палітыцы царызму выявіліся некаторыя змены. Паражэнне Расійскай імперыі ў Крымскай вайне 1853-1856 гг. абазначыла эканамічную і тэхнічную адсталасць Расіі ў параўнанні з развітымі заходнееўрапейскімі дзяржавамі. Кіруючыя колы імперыі ўсведамляюць неабходнасць правядзення рэформ у розных сферах грамадскага жыцця, накіраваных на мадэрнізацыю грамадства, вынікам чаго стала адмена прыгоннага права ў 1861 г.

Правядзенне рэформ выклікала некаторую лібералізацыю грамадска-палітычнага жыцця ў Расійскай імперыі, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі. Яна звязвалася з пачаткам царавання новага імператара Аляксандра ІІ (1855 – 1881). У першыя гады яго праўлення была праведзена амністыя палітычных зняволеных, якая распаўсюджвалася на былых дзекабрыстаў, удзельнікаў паўстання 1830-1831 гг. і г.д., былі некалькі паслаблены цэнзура, абмежаванні ў адносінах да нацыянальных і канфесійных меншасцяў.

Падобныя мерапрыемствы выклікалі ўздым грамадскай актыўнасці ў былым Каралеўстве Польскім і на землях былога ВКЛ. Пачынаючы з 1860 г. у Варшаве і іншых польскіх гарадах перыядычна адбываюцца патрыятычныя маніфестацыі, прысвечаныя памяці знакамітых палякаў ці прымеркаваныя да нацыянальных памятных дат. У хуткім часе падобныя акцыі праводзяцца і ў гарадах на землях былога ВКЛ. Асноўнымі ўдзельнікамі маніфестацый былі інтэлігенцыя, студэнцкая і вучнёўская моладзь, каталіцкае духавенства, прадстаўнікі сярэдніх слаёў польскамоўнага гарадскога насельніцтва. У грамадскай думцы ўзнікаюць спадзяванні на аднаўленне аўтаноміі Каралеўства Польскага.

На мяжы 1850-1860-х гг. аўтанамісцкія настроі актывізуюцца і сярод грамадскай эліты на землях былога ВКЛ. Цэнтрам руху за аўтаномію дадзеных зямель сталі Віленскі музей старажытнасцяў і створаная пры ім Археалагічная камісія (створаны ў 1855 г.). Найбольш актыўнымі дзеячамі названага руху з’яўляліся Адам Кіркор, Яўстахій і Канстанцін Тышкевічы, Міхал Балінскі, Тэадор Нарбут. Ідэйным выразнікам руху стаў часопіс “Віленскі партфель” (рэдактар – А. Кіркор), які выдаваўся з канца 1850-х гг. Палітычным адлюстраваннем дзейнасці дадзенага руху сталі праекты рэфармавання грамадства, адрасаваныя расійскаму імператару Аляксандру ІІ.

Аднак царскі ўрад адмаўляў ідэю палітычнай аўтаноміі як зямель былога ВКЛ, так і Польшчы. На мяжы 1850-1860-х гг. палітыка частковых саступак мясцовым элітам спалучалася з рэпрэсіямі ў адносінах да ўдзельнікаў польскага нацыянальнага руху. Так, у красавіку 1861 г. у Варшаве была расстраляна дэманстрацыя, у выніку чаго загінула больш за 100 чалавек. Няздольнасць царскага ўрада вырашыць “польскае пытанне” садзейнічала радыкалізацыі грамадскага руху ў Польшчы і на землях былога ВКЛ, у выніку чаго ў 1861-1863 гг. адбываецца фарміраванне сеткі падпольных арганізацый польскага нацыянальна-вызваленчага руху, якія ставілі сваёй мэтай аднаўленне незалежнасці Рэчы Паспалітай шляхам паўстання.

У межах польскага нацыянальна-вызваленчага руху ў гэты перыяд вылучаліся дзве плыні: белыя і чырвоныя.


Назва плыні

Асноўныя арганізацыі

Лідэры плыні

Сацыяльны склад

Праграма нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва

Сацыяльна-палітычная праграма

Метады рэалізацыі мэтаў

Белыя

Гарадская дэлегацыя і Дырэкторыя ў Варшаве

Анджэй Замойскі

Леапольд Кроненберг

Якуб Гейштар


буйныя зе-млеўласнікі,

купцы, частка інтэліген-цыі,

каталіцкае духавенства


аднаўленне незалежнасці Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. як нацыянальнай польскай дзяржавы

дэмакратычная рэспубліка з захаваннем прывілеяў для шляхты; захаванне ў асноўным існуючай сацыяльна-эканамічнай сістэмы

арыентацыя на кампраміс з царызмам або на дапамогу замежных дзяржаў – Англіі і Францыі

Чырвоныя


Цэнтральны нацыяналь-ны камітэт у Варшаве

Яраслаў Дамброўскі

Канстанцін Каліноўскі

Валерый Урублеўскі


дробная і сярэдняя шляхта, частка інтэліген-цыі, студэнцкая і вучнёўская моладзь, часткова каталіцкае духавенства

аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. як федэрацыі Польшчы з землямі Беларусі, Літвы, Украіны

дэмакратычная рэспубліка з роўнымі правамі для прадстаўнікоў усіх сацыяльных слаёў насельніцтва; правядзенне радыкальнай аграрнай рэформы

арыентацыя на арганізацыю ўсенароднага масавага паўстання з удзелам усіх слаёў насельніцтва

Летам 1862 г. у Вільні з мэтай падрыхтоўкі да паўстання ў краі быў створаны Літоўскі правінцыйны камітэт (ЛПК). Фармальна ён быў падначалены Цэнтральнаму нацыянальнаму камітэту ў Варшаве. У ЛПК уваходзілі прадстаўнікі як “чырвоных” так і “белых”, аднак перавага належала “чырвоным” на чале з Канстанцінам Каліноўскім. ЛПК займаўся стварэннем мясцовых падпольных арганізацый, зборам грошай і зброі для арганізацыі паўстання, правядзеннем прапаганды сярод насельніцтва. Друкаванымі выданнямі ЛПК былі падпольныя газеты “Мужыцкая праўда” (на беларускай мове, выйшла 7 нумароў) і “Сцяг свабоды” (на польскай мове, выйшлі 3 нумары). Выданне беларускамоўнай “Мужыцкай праўды” было абумоўлена імкненнем “чырвоных” да шырокага прыцягнення беларускага сялянства да паўстання ва ўмовах уздыму сялянскага руху пасля аграрнай рэформы 1861 г. На старонках дадзенага выдання шырока асвятлялася сацыяльная праблематыка, асуджаліся метады правядзення аграрнай рэформы царскім урадам.

У студзені 1863 г. у Польшчы пачалося ўзброенае паўстанне. Цэнтральны нацыянальны камітэт 22 студзеня 1863 г. абвясціў сябе Часовым нацыянальным урадам і выдаў Маніфест, у якім змяшчаўся заклік да паўстання, абвяшчаліся аднаўленне Рэчы Паспалітай, свабода і роўнасць усіх грамадзян незалежна ад сацыяльнага і нацыянальнага паходжання. Да Маніфеста далучаліся два зямельныя дэкрэты, паводле якіх прадугледжваліся скасаванне ўсіх феадальных павіннасцей для сялян, пераход ва ўласнасць сялян надзелаў, якія знаходзіліся ў іх карыстанні, надзяленне беззямельных сялян невялікімі надзеламі за кошт дзяржаўных маёнткаў.

У хуткім часе паўстанне распаўсюдзілася на землі Беларусі і Літвы. 1 лютага 1863 г. ЛПК выдаў адозву да насельніцтва з заклікам падтрымаць паўстанне, абвясціў аб падпарадкаванні Часоваму нацыянальнаму ўраду ў Польшчы і аб падтрымцы яго праграмы. ЛПК быў пераўтвораны ў Часовы правінцыйны ўрад Літвы і Беларусі на чале з К. Каліноўскім. Да вясны 1863 г. на тэрыторыі Літвы, а таксама заходняй і цэнтральнай часткі Беларусі былі створаны падпольныя органы ўлады і паўстанцкія атрады. Пачаліся сутычкі паўстанцкіх атрадаў з царскімі войскамі і паліцыяй.

Асноўную масу паўстанцаў складалі прадстаўнікі дробнай і сярэдняй шляхты, студэнцкая і вучнёўская моладзь. Каля 20% паўстанцаў складалі касінеры. Арганізатары паўстання спрабавалі пашырыць яго геаграфію на ўсход і поўнач: у красавіку 1863 г. паўстанцкі атрад на чале з Л. Звяждоўскім пры падтрымцы студэнтаў мясцовага земляробчага інстытута на адзін дзень заняў Горкі; напрыканцы красавіка атрад на чале з З. Серакоўскім спрабаваў ажыццявіць рэйд на тэрыторыю Латвіі, аднак быў разбіты расійскімі войскамі ў бітве каля Біржаў. Вясна 1863 г. стала часам найбольшага ўздыму паўстання. 8 мая 1863 г. каля в. Мілавіды адбыўся буйнейшы бой паміж паўстанцамі і расійскімі войскамі.

Ход паўстання суправаджаўся суперніцтвам у лагеры паўстанцаў паміж “чырвонымі” і “белымі”. У студзені-сакавіку 1863 г. перавага ў кіраўніцтве паўстаннем належала “чырвоным”. У сакавіку 1863 г. вядучая роля пераходзіць да “белых”. Адлюстраваннем гэтага стала замена Часовага правінцыйнага ўрада Літвы і Беларусі на чале з К. Каліноўскім Аддзелам кіравання правінцыямі Літвы на чале з прадстаўніком “белых” Якубам Гейштарам. З чэрвеня 1863 г. перавага ізноў пераходзіць да “чырвоных”; у ліпені Аддзел кіравання правінцыямі Літвы ўзначальвае К. Каліноўскі.

На падаўленне паўстання царскія ўлады накіравалі 200-тысячнае войска. У маі 1863 г. віленскім генерал-губернатарам быў прызначаны М.Мураўёў, які атрымаў за сваю жорсткасць мянушку “Вешальнік”. Адміністрацыя М. Мураўёва праводзіла, з аднаго боку, рэпрэсіі супраць паўстанцаў, з другога, шырока выкарыстоўвала сацыяльную дэмагогію з мэтай прыцягнення на свой бок сялянства. Афіцыйная прапаганда сцвярджала, што паўстанне арганізавалі польскія паны з мэтай аддзялення ад Расіі, каб аднавіць прыгоннае права. Таксама шырока выкарыстоўваўся рэлігійны фактар: абвяшчалася, што паўстанцы-католікі імкнуцца знішчыць праваслаўе ў краі. Па ініцыятыве адміністрацыі М. Мураўёва былі перагледжаны ўмовы аграрнай рэформы 1861 г. на карысць сялян.

Дадзеная палітыка прынесла свае вынікі. Да восені 1863 г. паўстанцкія атрады на тэрыторыі Беларусі былі ліквідаваны; да канца года спынілася партызанская дзейнасць на тэрыторыі Літвы. Летам 1864 г. паўстанне было задушана на тэрыторыі Польшчы. На тэрыторыі Беларусі апошняя падпольная арганізацыя была ліквідавана летам 1864 г. у Навагрудку. Некаторыя ўдзельнікі паўстання эмігравалі.

Падаўленне паўстання суправаджалася жорсткімі рэпрэсіямі супраць яго ўдзельнікаў. У Літве і Беларусі 128 чалавек, у тым ліку К. Каліноўскі, былі пакараны смерцю, больш як 850 сасланы на катаргу, больш як 760 аддадзена ў арыштанцкія роты, 12,5 тыс. чалавек выселена. Сядзібы рэпрэсіраваных і эміграваўшых удзельнікаў паўстання разбураліся, а маёмасць канфіскоўвалася.

Да ліку асноўных прычын паражэння паўстання належаць:

1) Слабая матэрыяльна-тэхнічная і арганізацыйная падрыхтоўка паўстання; адсутнасць скаардынаванага кіраўніцтва паўстаннем і наяўнасць сур’ёзных рознагалоссяў у межах паўстанцкай улады.

2) Істотная перавага царызму ў матэрыяльных і людскіх рэсурсах ў параўнанні з польскай паўстанцкай уладай.

3) Вузкасць сацыяльнай базы паўстання. Асноўную масу паўстанцаў складала дробная і сярэдняя шляхта. Сялянства пераважна было настроена ў адносінах да паўстання індыферэнтна або варожа, што тлумачылася абмежаванасцю аграрнай праграмы паўстанцкіх уладаў.

4) Неўмяшанне заходніх дзяржаў у ход узброенай барацьбы, на што спадзяваліся паўстанцы.

Характар паўстання выклікае розныя ацэнкі гісторыкаў. Сярод іх можна вылучыць два асноўныя падыходы:

1) паўстанне 1863-1864 гг. па сваёй сутнасці было буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыяй, паколькі было накіравана супраць самадзяржаўя, рэшткаў прыгонніцтва і саслоўнай няроўнасці, тым самым імкнулася да стварэння ўмоў для больш хуткага развіцця капіталістычных адносін у эканоміцы і дэмакратызацыі палітычнай сістэмы;

2) паўстанне 1863-1864 гг. па сваёй сутнасці было шляхецкім нацыянальна-вызваленчым паўстаннем, галоўнай мэтай якога было аднаўленне Рэчы Паспалітай у форме або нацыянальнай польскай дзяржавы або федэрацыі Польшчы і Літвы-Беларусі; планы сацыяльных пераўтварэнняў, хаця і прысутнічалі ў праграмах паўстанцаў, аднак не мелі ў іх вызначальнай ролі.


13.2. Палітыка царызму на тэрыторыі Беларусі ў апошняй трэці 19 ст.

Пасля падаўлення паўстання 1863 – 1864 гг. у палітыцы царызму на тэрыторыі Беларусі ўзмацняецца рэпрэсіўная скіраванасць. Галоўнай мэтай мерапрыемстваў, праводзімых царскімі ўладамі з’яўляецца паслядоўная русіфікацыя краю. Можна вылучыць асноўныя накірункі палітыкі царызму ў апошняй трэці 19 ст.:

1) Русіфікацыя землеўладання: Адбылася канфіскацыя зямельных уладанняў удзельнікаў паўстання, якія па сімвалічных коштах прадаваліся расійскім чыноўнікам. У той жа час землеўладальнікам каталіцкага веравызнання забаранялася купляць і арандаваць землю, а для сялян-католікаў устанаўлівалася максімальная норма зямельнай мёмасці – 60 дзесяцін на адну гаспадарку. У выніку ў структуры памешчыцкага землеўладання істотна ўзрасла ўдзельная вага расійскіх уладальнікаў. Хаця ў цэлым па-ранейшаму колькасна пераважала мясцовае “польскае” землеўладанне.

2) Русіфікацыя адміністрацыйнай сістэмы: Пасля паўстання адбылася “чыстка” мясцовага адміністрацыйнага апарату. Многія мясцовыя кадры пераводзіліся на працу ў цэнтральныя расійскія губерні, а на іх месца запрашаліся расійскія чыноўнікі.

3) Аднаўленне палітыкі “разбору шляхты”.

4) Дыскрымінацыйная палітыка ў дачыненні рымска-каталіцкай царквы: Былі зачынены ўсе каталіцкія кляштары, а таксама многія касцёлы. Некаторыя касцёлы пераўтвараліся ў праваслаўныя храмы. У некаторых мясцовасцях адбываліся спробы прымусовага пераводу католікаў у праваслаўе. Адначасова разгарнулася масавае будаўніцтва праваслаўных храмаў. Праваслаўная царква атрымлівала ад дзяржавы вялікую матэрыяльную і маральную падтрымку.

5) Дыскрымінацыйная палітыка ў адукацыйнай сферы: У 1864 г. быў зачынены Горы-Горацкі земляробчы інстытут за падтрымку студэнтамі паўстання. Скарацілася колькасць сярэдніх і пачатковых навучальных устаноў. За тымі адукацыйнымі ўстановамі, што засталіся, быў узмоцнены паліцэйскі і царкоўны кантроль. Адзінай мовай выкладання ў школах прызнаецца руская.

6) Узмацненне ідэалагічнай працы сярод насельніцтва: Умацоўваецца ідэалогія заходнерусізму, цэнтрамі прапаганды якой выступаюць праваслаўная царква, школа і афіцыйны друк. З мэтай абгрунтавання “гістарычных правоў” Расіі на беларускія землі ажыццяўляюцца шматлікія археаграфічныя, этнаграфічныя, археалагічныя і інш. даследаванні.

У выніку праведзеных мерапрыемстваў узмацніўся рэпрэсіўны характар дзяржаўнай улады, умацаваліся пазіцыі рускага дваранства і чыноўніцтва ў розных сферах грамадскага жыцця Беларусі. Уплыў польскай шляхты значна зменшыўся ў сістэме адміністрацыі і культуры, аднак яна захавала дастаткова моцныя пазіцыі ў сферы землеўладання.

У агульнаімперскім маштабе палітыка ўрада цара Аляксандра ІІ была накіравана на захаванне абсалютысцкай сістэмы; аднак, пры гэтым лічылася неабходным некалькі прыстасаваць яе да новых сацыяльна-эканамічных умоў. У сувязі з гэтым у 1860-1870-я гг. быў праведзены шэраг рэформ у розных сферах грамадскага жыцця. На тэрыторыі Беларусі, улічваючы абставіны, якія там склаліся пасля паўстання 1863-1864 гг., дадзеныя рэформы былі праведзены са спазненнем і не ў поўным аб’ёме. Сярод рэформ вылучаюцца наступныя:

1) Земская рэформа 1864 г. Паводле яе ў губернях і паветах стваралася сістэма органаў мясцовага самакіравання – губернскія і павятовыя земствы з прадстаўнікоў розных саслоўяў, якія займаліся пытаннямі мясцовай гаспадаркі, аховы здароўя, народнай адукацыі і г.д. На тэрыторыі Беларусі дадзеная рэформа не была праведзена да 1911 г.

2) Гарадская рэформа 1870 г. На тэрыторыі Беларусі праведзена ў 1876 г. Паводле яе, у гарадах ствараліся ўсесаслоўныя органы грамадскага самакіравання – гарадскія думы і гарадскія ўправы. Выбары праходзілі на аснове маёмаснага цэнзу. У беларускіх гарадах, дзе большасць насельніцтва складалі “іншаверцы” – яўрэі, былі ўведзены абмежаванні для гэтай катэгорыі гараджан. Яны мелі права займаць толькі 1/3 частку месцаў у органах гарадскога самакіравання, а паводле Гарадавога палажэння 1892 г. – толькі 1/10 частку. У распараджэнні гарадскіх дум і ўпраў былі пытанні развіцця прамысловасці і гандлю; арганізацыі адукацыі і медыцынскага абслугоўвання; утрымання пажарнай аховы, паліцыі і казармаў. Думы і ўправы не мелі органаў выканаўчай улады і падпарадкоўваліся губернатарам і міністру ўнутраных спраў.

3) Судовая рэформа 1864 г. Паводле яе, ліквідаваліся саслоўныя суды і ствараліся новыя ўсесалоўныя органы судовай улады:

судовыя палаты – разглядалі апеляцыі і займаліся палітычнымі справамі, абслугоўвалі некалькі губерняў;

акруговыя суды – дзейнічалі на ўзроўні губерні;

міравыя суды – дзейнічалі на ўзроўні павета.

Суд станавіўся адкрытым, публічным і незалежным ад урада. Ствараўся інстытут адвакатуры і прысяжных засядацеляў, а для засведчання розных юрыдычных актаў уводзілася пасада натарыуса. Усе справы разглядаліся ў прысутнасці абвінавачанага, сведкаў і публікі, друкаваліся ў газетах. На тэрыторыі Беларусі судовая рэформа пачалася ў 1872 г. з увядзеннем міравых судоў. Акруговыя суды, пракуратура і інстытут прысяжных засядацеляў былі створаны толькі ў 1882 г. У адрозненне ад расійскіх губерняў, дзе суддзяў выбіралі земствы, на беларускіх землях яны прызначаліся міністэрствам юстыцыі.

4) Ваенная рэформа 1874 г. Паводле яе, адмянялася сістэма рэкруцкіх набораў. Была ўведзена абавязковая вайсковая павіннасць для ўсіх асоб мужчынскага полу, якія дасягнулі 20-гадовага ўзросту. Уводзіўся скарочаны тэрмін службы: для сухапутных войскаў – 6 гадоў службы і 9 гадоў запасу, для флоту 7 гадоў службы і 3 гады запасу. Для асоб, якія мелі адукацыю, тэрмін службы значна скарачаўся.

5) Адукацыйная рэформа 1864 г. Адукацыйная сістэма набывала ўсесаслоўны характар. Асновай сярэдняй адукацыі станавіліся гімназіі, якія дзейнічалі на платнай аснове. У сістэме пачатковай адукацыі грамадскім арганізацыям і прыватным асобам дазвалялася па ўзгадненні з уладамі адкрываць народныя 4-класныя вучылішчы.

Рэформы 1860-1870-х гг. у пэўнай ступені садзейнічалі развіццю капіталістычных адносін і фарміраванню элементаў грамадзянскай супольнасці. На тэрыторыі Беларусі яны мелі абмежаваны эфект у выніку дзеяння тут рэжыму выключных законаў.

Падчас царавання наступніка Аляксандра ІІ Аляксандра ІІІ (1881-1894) і ў першыя гады царавання Мікалая ІІ (1894-1917) у палітыцы расійскіх улад узмацняецца рэакцыйны накірунак. У 1880-1890-я гг. ажыццяўляецца шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на ўмацаванне абсалютысцкай дзяржаўнай улады і прывілеяванага становішча дваранства. Дадзеныя мерапрыемствы атрымалі назву контррэформы:

1) Судовыя контррэформы 1887-1889 гг. Паводле іх, быў зменены цэнз для выбрання прысяжных засядацеляў у судзе з мэтай павелічэння колькасці прадстаўнікоў ад дваран. Заканадаўча замацоўваліся канфіскацыя шэрагу судовых спраў (асабліва тых, якія датычылі супраціўлення ўладам) з вядзення суда прысяжных і абмежаванне публічнасці судоў.



2) Закон аб земскіх начальніках 1889 г. Паводле яго, скасоўваўся інстытут міравых судоў. Замест іх судовая ўлада ў паветах у адносінах да сялянства ажыццяўлялася земскімі начальнікамі, якія прызначаліся з ліку мясцовага дваранства. Інстытут земскіх начальнікаў быў уведзены ў Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай губернях у 1900 г. У Віленскай і Гродзенскай губернях ён не ўводзіўся, паколькі сярод мясцовага дваранства пераважала каталіцкая шляхта, якой царскі ўрад не аказваў даверу.

3) “Цыркуляр аб кухарчыных дзецях” 1887 г. Паводле яго, аднаўляліся элементы саслоўнасці ў сярэдняй школе. Забараняўся прыём у гімназіі дзяцей асобных катэгорый насельніцтва: фурманаў, прачак, дробных крамнікаў і г.д.

4) Гарадская контррэформа 1892 г. Паводле яе, ніжэйшыя слаі гарадскога насельніцтва адхіляліся ад удзелу ў выбарах у органы гарадскога самакіравання; абмяжоўвалася прадстаўніцтва ў думах і управах яўрэяў.

Такім чынам, у апошняй трэці 19 ст. палітыка царызму была накіравана перадусім на ўмацаванне абсалютысцка-бюракратычнай дзяржаўнай сістэмы. На землях Беларусі спецыфіка дадзенай палітыкі праяўлялася ў арыентацыі на паслядоўную русіфікацыю краю з дапамогай рэжыму выключных законаў, устаноўленага пасля падаўлення паўстання 1863-1864 гг.




1   ...   12   13   14   15   16   17   18   19   ...   35


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка