Гісторыя Беларусі


Бронзавы век на тэрыторыі Беларусі



старонка2/35
Дата канвертавання15.05.2016
Памер5.74 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   35

1.2. Бронзавы век на тэрыторыі Беларусі.

На Блізкім Усходзе і ў Індыі бронзавы век пачынаецца прыкладна ў 5 тыс. да н.э. На тэрыторыі Беларусі яго храналагічныя межы: 2 – пачатак 1 тыс. да н.э.

Пачатак перыяду звязваецца з прыходам на тэрыторыю Беларусі вандроўных жывёлаводаў – індаеўрапейцаў. Радзіма індаеўрапейцаў – Малая Азія (сучасная Турцыя). З канца 2 тыс. да н.э. яны пачынаюць масавае перасяленне. Індаеўрапейцы былі ваяўнічымі плямёнамі, выкарыстоўвалі коней і валоў у якасці цяглай сілы ў земляробстве і міграцыях. Карысталіся коламі, вазамі, калясніцамі, баявымі сякерамі і мячамі. Так гэтыя плямёны рассяліліся на вялікай тэрыторыі – ад Індыі да Атлантычнага акіяна.

Індаеўрапейскае засяленне прывяло да таго, што асноўнымі заняткамі насельніцтва становяцца жывёлагадоўля і лядна-агнявое і матычнае земляробства. Сутнасць апошняга была ў тым, што лясную дзялянку спачатку высякалі, пні карчавалі, потым іх спальвалі, баранавалі зямлю і на ўзбагачанай попелам глебе засявалі земляробчыя культуры на працягу 4-5 год; потым зноў праводзілі такую ж аперацыю на новым участку. Глебу апрацоўвалі матыкай, а таксама ралам (правобразам плуга), у які ўпрагалі валоў ці каня. Асноўнымі земляробчымі культурамі былі пшаніца, ячмень, авёс, проса, гарох, бабы. Паляванне, збіральніцтва і рыбалоўства пераўтвараюцца ў дапаможныя віды заняткаў.

Асноўныя прылады працы па-ранейшаму вырабляліся з крэменю. Бронзавых рэчаў было мала, у асноўным гэта зброя і ўпрыгожванні. Паколькі асноўныя радовішчы медзі і волава знаходзіліся далёка ад тэрыторыі Беларусі (Каўказ, Карпаты), гэта вымушае насельніцтва Беларусі ўключыцца ў міжнародны абмен і гандаль. На тэрыторыі Беларусі для гаспадарчых патрэбаў выкарастоўвалі каменныя прылады, а для ўпрыгожанняў і рэлігійных патрэб – бронзавыя, таму некаторыя навукоўцы лічаць, што тут быў змешаны каменна-бронзавы век (энеаліт).

Складванне вытворчай гаспадаркі стымулявала пераход да аседлага ладу жыцця. Замест аднакамерных жылых пабудоў (паўзямлянак ці наземных жытлаў) зараз будуюць двухкамерныя жытлы. З’явіліся лавы і сталы, керамічны посуд з плоскім дном, што ставіўся на сталы і плоскі ачаг.

Істотныя змены адбываюцца ў сацыяльнай арганізацыі грамадства. Земляробства, жывёлагадоўля, а таксама войны, якія выклікалі амаль пастаянныя сутычкі індаеўрапейцаў з мясцовым насельніцтвам спрыялі таму, што на першае месца ў сацыяльнай іерархіі выходзіць мужчына. Узнікае патрыярхат – галоўным у родзе становіцца мужчына; род лічыцца па бацькоўскай лініі.

Роды пачынаюць падзяляцца на вялікія патрыярхальныя сем’і са сваякоў 2-4 пакаленняў; пры захаванні родавай уласнасці на зямлю карыстанне ёю ажыццяўляецца асобнымі вялікімі патрыярхальнымі сем’ямі; жывёла, жытло, прылады працы і быту, зброя становяцца ўласнасцю асобных сем’яў. Узнікае сацыяльная няроўнасць: з’яўляюцца больш багатыя і бедныя роды і сем’і; асабліва ўзрастае статус і багацце ваенных правадыроў і старэйшын плямёнаў. У той жа час асноўныя пытанні жыцця роду ці племені вырашаліся на агульных сходах узброеных мужчын; такі лад сацыяльна-палітычнай арганізацыі атрымаў назву “ваенная дэмакратыя”.

Індаеўрапейцы паступова асімілявалі мясцовае насельніцтва. У археалагічным плане раннія індаеўрапейцы атаясамліваюцца з культурамі баявых сякер або шнуравой керамікі. Пазней культуры шнуравой керамікі падзяляюцца на шэраг рэгіянальных культур. У другой палове 2 тыс. да н.э. яны аб’ядналіся ў тшцінецкую культуру.

На поўначы Беларусі пераважае паўночнабеларуская культура. Яна прадстаўляла даіндаеўрапейскае, відавочна, фіна-угорскае, насельніцтва, якое займалася пераважна паляваннем і збіральніцтвам.



Такім чынам, на працягу бронзавага веку на тэрыторыі Беларусі адбываецца пераход да вытворчай гаспадаркі ў формах земляробства і жывёлагадоўлі, фарміруецца патрыярхальная родавая абшчына, замацоўваецца перавага індаеўрапейскіх культур.
1.3. Жалезны век на тэрыторыі Беларусі.

Жалезны век на тэрыторыі Беларусі ахоплівае перыяд 8-7 стст. да н.э. – 8 ст. н.э. У гэты перыяд асноўным матэрыялам для вырабу прылад працы становіцца жалеза, якое выплаўлялася з мясцовай балотнай руды ў невялікіх гліняных печах. З дапамогай жалезных вырабаў удасканальваюцца прылады працы земляробства (наканечнікі для ралаў), ткацтва, ганчарства, пляцення, зброя. Узнікае кавальства як асобны від рамяства.

Вынікам становіцца рост прадукцыйнасці працы. Земляробства і жывёлагадоўля канчаткова замацоўваюцца ў якасці асноўных форм гаспадарання. У некаторых раёнах на змену лядна-агнявому прыходзіць ворыўнае земляробства. Распаўсюджваецца рэгіянальны абмен паміж рознымі плямёнамі. Гаспадарка і матэрыяльная культура на поўдні Беларусі ў жалезным веку адчувалі значны ўплыў з боку больш развітых суседніх рэгіёнаў старажытнаеўрапейскай цывілізацыі. Тут знойдзены скіфскія і кельцкія жалезныя вырабы, антычныя манеты і амфары. У цэнтры і на поўначы Беларусі матэрыяльная культура развівалася больш запаволена.

Да пачатку жалезнага веку ў грамадскім жыцці канчаткова ўсталяваўся патрыярхат. У сацыяльнай арганізацыі грамадства паступова адбываецца разлажэнне родавай абшчыны, пра што сведчаць наступныя з’явы:

- разам з вялікімі патрыярхальнымі сем’ямі ўзнікаюць малыя патрыярхальныя сем’і (бацька, маці і дзеці), якія маюць асабістую гаспадарку пры агульнай уласнасці абшчыны на зямлю;

- у склад абшчыны пачынаюць уваходзяць прадстаўнікі розных родаў; сувязі паміж абшчыннікамі становяца не кроўна-роднаснымі, а суседскімі;

- узмацняецца сацыяльная няроўнасць; значна павялічваецца роля ў кіраванні плямёнамі ваенных правадыроў і рода-племянных старэйшын.

- узнікае патрыярхальнае рабства.

Павелічэнне агульнай колькасці насельніцтва, рост вырабленай грамадствам прадукцыі і маёмаснае расслаенне абумовілі абвастрэнне ўзброеных сутычак паміж рознымі плямёнамі за зямлю і матэрыяльныя каштоўнасці. У гэтых умовах узнікае новы тып паселішчаў – гарадзішчы, у якіх знаходзілася сядзіба ваенных правадыроў і дзе насельніцтва хавалася падчас ваенных сутычак. Крыху пазней з’явіліся селішчы – неўмацаваныя пасёлкі земляробаў, але яны, як правіла, знаходзіліся побач з гарадзішчамі. Жылыя пабудовы сталі больш разнастайныя, побач з імі размяшчаліся гаспадарчыя збудаванні.

У жалезным веку завяршаецца працэс асіміляцыі мясцовага насельніцтва індаеўрапейцамі. Адбываецца дыферэнцыяцыя індаеўрапейскіх этнічных груп: балты, славяне, германцы, кельты і г.д. На тэрыторыі Беларусі складваецца некалькі асноўных археалагічных культур:

мілаградская культура (7-3 стст. да н.э.); зарубінецкая культура (3 ст. да н.э. – 2 ст. да н.э.); кіеўская культура (2-6 стст.) – поўдзень Беларусі;

паморская культура – паўднёвы захад Беларусі;

культура штрыхаванай керамікі (7 ст. да н.э. – 5 ст. н.э.) – захад і цэнтр Беларусі;

днепра-дзвінская культура (7 ст. да н.э. – 5 ст. н.э.) – поўнач Беларусі.

Культуры штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскую большасць навукоўцаў залічваюць да балтаў. Паморская культура разглядаецца пераважна як славянская. Адносна культур на поўдні Беларусі сярод даследчыкаў няма адзінства: адны лічаць іх славянамі, другія балтамі, трэція прамежкавымі этнічнымі групамі паміж балтамі і славянамі.

У 4–8 стст. у Еўропе адбываецца працэс, які атрымаў назву “Вялікае перасяленне народаў”, які суправаджаўся перамяшчэннем вялікіх мас насельніцтва. У 2–4 стст. праз тэрыторыю паўднёва-заходняй часткі Беларусі праходзілі германскія плямёны готаў і гепідаў. У 5–6 стст. пачынаецца працэс пранікнення славянскіх плямёнаў. Прарадзімай славян лічыцца Вісла-Одэрскае міжрэчча (тэрыторыя сучаснай Польшчы), а таксама прылеглая частка лясной зоны (паўднёвы захад сучаснай Беларусі і паўночны захад сучаснай Украіны). З 5-6 стст. частка славянскіх плямёнаў перасяляецца на поўдзень (Балканы), частка – на ўсход і поўнач.

У 5-8 стст. на тэрыторыі Беларусі складваюцца новыя археалагічныя культуры:



пражская – на поўдні;

банцараўская – на захадзе і ў цэнтры;

калочынская – на ўсходзе.

Пражская культура лічыцца навукоўцамі славянскай. Банцараўская і калочынская культуры лічацца балцкімі, але ў іх прысутнічаюць моцныя славянскія элементы (тып жылля – паўзямлянка з вогнішчам у дальнім вугле; простая карычневая кераміка без арнаменту; пахаванні ў паўсферычных курганах).

У 8-9 стст. пачынаецца масавае засяленне тэрыторыі Беларусі славянамі і заваяванне імі мясцовага балцкага насельніцтва. Гэты працэс расцягнуўся на многія стагоддзі; яго вынікам стала тое, што славяне падначалілі балтаў палітычна, а таксама паступова асімілявалі ў культурным плане. У гэтым працэсе славянам спрыялі іх большая скансалідаванасць, вышэйшы ўзровень развіцця гаспадаркі, больш развітыя сацыяльна-эканамічныя структуры. У славян у большай ступені, чым у балтаў праяўлялася разлажэнне родавай абшчыны, узвышэнне правадыроў і знаці, што стварала перадумовы расслаення грамадства. Неабходнасць утрымання пад уладай падначаленага насельніцтва садзейнічала ўзмацненню ўлады знаці і ўтварэння дзяржаў.

Такім чынам, у жалезным веку на тэрыторыі Беларусі канчаткова замацоўваецца вытворчая гаспадарка, адбываецца разлажэнне сацыяльных інстытутаў рода-племяннога грамадства і ствараюцца перадумовы пераходу да сацыяльна разнароднага грамадства і дзяржаўнасці.
1.4. Першабытны лад і рэлігія на тэрыторыі Беларусі.

Зыходзячы з дадзеных археалогіі і антрапалогіі, якая вывучае даіндустрыяльныя грамадствы сучаснасці, у першабытных людзей ужо з часоў палеаліту існавалі рэлігійныя вераванні. Даказана існаванне рэлігіі і пахавальнага культу ў неандэртальцаў (яны клалі ў магілы ежу, кветкі, зброю і г.д.). З прыходам славян у познім жалезным веку пашырылася традыцыя крэмацыі; толькі з замацаваннем хрысціянства вярнуліся да трупапакладання.



Формамі першабытнай рэлігіі былі:

- татэмізм – вера ў звышнатуральную сувязь паміж чалавекам і прадстаўнікамі жывёльнага і расліннага свету, паходжанне роду ад гэтых прадстаўнікоў (напр., імёны і плямёны індзейцаў);

- фетышызм – вера ў звышнатуральныя якасці прыродных аб’ектаў (напр., пакланенне камяням, дрэавам), а таксама ў сувязь чалавека і прадмета (напр., шчаслівая дзіда);

- анімізм – вера ў існаванне душы, духаў у прыродзе і чалавеку;

- магія – вера ў магчымасць уздзеяння на прыродныя аб’екты і людзей з дапамогай асаблівых дзеянняў (напр. замовы, праклёны і г.д.).

У канцы бронзавага і жалезным веку рэлігійныя вераванні індаеўрапейскага насельніцтва набываюць больш сістэматызаваны выгляд. У жалезным веку ў балтаў і славян фарміруецца політэізм – рэлігія, заснаваная на веры ў шматлікіх багоў. Ствараецца пантэон паганскіх (язычніцкіх) багоў, галоўнымі з якіх з’яўляліся Пярун (бог грому, маланкі і вайны), Велес (бог – абаронца хатняй жывёлы і дабрабыту), Ярыла (бог сонца), Сварог (бог неба), Цёця, Лада, Купала і інш. Кожнаму богу прыносіліся ахвяры, былі прысвечаны асобныя мясціны (крыніцы, валуны), святы і абрады, некаторыя з якіх дагэтуль шануюцца беларусамі (Купала, Каляды, Масленіца і г.д.). Фарміруецца спецыяльная праслойка служыцеляў рэлігійнага культу – вешчуноў.



Такім чынам, у першабытным грамадстве адбываецца фарміраванне рэлігійных вераванняў і культу, паступова складваецца політэістычная язычніцкая рэлігія.
Асноўныя паняцці:

Антрапагенэз, неандэрталец, краманьёнец, ледавік, палеаліт, паляванне, збіральніцтва, родавая абшчына, матрыярхат, мезаліт, рыбалоўства, неаліт, ткацтва, ганчарства, неалітычная рэвалюцыя, археалагічныя культуры, фіна-угры, бронзавы век, індаеўрапейцы, жывёлагадоўля, лядна-агнявое земляробства, энеаліт, патрыярхат, вялікія патрыярхальныя сем’і, “ваенная дэмакратыя”, жалезны век, ворыўнае земляробства, малыя патрыярхальныя сем’і, тэрытарыяльная (суседская) абшчына, гарадзішчы, селішчы, балты, славяне, “Вялікае перасяленне народаў”, татэмізм, фетышызм, анімізм, магія, політэізм, пантэон.


Кантрольныя пытанні і заданні:

  1. Калі і дзе ўпершыню з’явіліся людзі на тэрыторыі Беларусі?

  2. Ахарактарызуйце асноўныя рысы жыцця і заняткі людзей на палеалітычных стаянках.

  3. Што такое родавая абшчына? Які характар мела родавая абшчына ў каменным веку?

  4. Якія змены адбываюцца ў занятках людзей і сацыяльнай арганізацыі ў перыяд мезаліту?

  5. Якія Вам вядомыя асноўныя тэхнічныя вынаходніцтвы перыяду мезаліту?

  6. Якія новыя віды дзейнасці з’яўляюцца ў насельніцтва Беларусі ў перыяд неаліту?

  7. Што такое “неалітычная рэвалюцыя”? Калі яна пачынаецца на тэрыторыі Беларусі?

  8. Якія змены адбываюцца ў сацыяльнай арганізацыі грамадства на тэрыторыі Беларусі ў перыяд неаліту?

  9. Калі на тэрыторыі Беларусі пачынаецца бронзавы век? У чым яго спецыфіка на дадзенай тэрыторыі? Што такое энеаліт?

  10. Хто такія індаеўрапейцы? Якім чынам адбываецца працэс засялення тэрыторыі Беларусі індаеўрапейцамі?

  11. Якія Вам вядомыя тэхнічныя вынаходніцтвы індаеўрапейцаў?

  12. Якія формы гаспадарання замацоўваюцца на тэрыторыі Беларусі ў бронзавым веку?

  13. Якія змены адбываюцца ў сацыяльнай арганізацыі грамадства ў бронзавым веку?

  14. Да якіх сацыяльна-эканамічных вынікаў прыводзіць распаўсюджанне жалеза ў якасці асноўнага матэрыялу для вырабу прылад працы?

  15. Якія з’явы сведчаць пра працэсы разлажэння родавай абшчыны ў жалезным веку?

  16. Якія Вы ведаеце асноўныя археалагічныя культуры ў жалезным веку?

  17. Што такое “Вялікае перасяленне народаў”? Якім чынам яно закранула землі Беларусі?

  18. Вызначце фактары, якія спрыялі заваяванню і асіміляцыі славянамі балцкага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі ў другой палове 1 тыс.?

  19. Назавіце асноўныя формы першабытнай рэлігіі.

  20. Што такое політэізм? Калі адбываецца яго фарміраванне на тэрыторыі Беларусі?


Тэмы дакладаў і рэфератаў:

  1. Жыццё людзей на палеалітычных стаянках.

  2. Краснасельскія шахты, іх станаўленне і развіццё.

  3. Індаеўрапейцы: прарадзіма, гісторыя перасялення.

  4. Ганчарства і ляпны посуд у бронзавым і жалезным веку.

  5. Балты і славяне ў жалезным веку.

  6. Гарадзішчы на тэрыторыі Беларусі.

  7. Фарміраванне пантэона багоў ў насельніцтва Беларусі ў жалезным веку.



Тэма 2. Раннефеадальныя княствы на тэрыторыі Беларусі 9 – 13 стст.

1. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх земляў у 9 – 13 ст.

2. Утварэнне першых княстваў на тэрыторыі Беларусі. Іх палітычнае развіццё і дзяржаўны лад.

3. Барацьба супраць крыжацкай і мангола-татарскай агрэсіі.

4. Рэлігія і культура беларускіх зямель у 9 – 13 стст.
У 9-13 стст. на тэрыторыі Беларусі адбываюцца працэсы, характэрныя для ўсёй Усходняй і Цэнтральнай Еўропы перыяду Сярэднявечча:

- складванне раннефеадальных адносін у эканоміцы і палітыцы;

- аддзяленне рамяства ад сельскай гаспадаркі і ўзнікненне гарадоў;

- пераход ад родавай да тэрытарыяльнай (суседскай) абшчыны;

- фарміраванне феадальнай дзяржаўнасці;

- прыняцце хрысціянства ў якасці пануючай рэлігіі і пераўтварэнне яе ў вызначальную сілу развіцця духоўнай культуры грамадства.


2.1. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх земляў у 9 – 13 ст.

Асноўным заняткам большасці насельніцтва ў Сярэднявеччы з’яўляюцца земляробства і жывёлагадоўля. Асноўнымі відамі земляробства былі падсечна-агнявое і ворыўнае. Пры першым варыянце выпальваліся і распрацоўваліся надзелы ў лесе (ляды), пры другім – ралля была ў штогадовым засеве, а пазней – у двухпольным севазвароце, калі адно поле апрацоўвалася, а другое адпачывала “пад парам”. Узнікаюць новыя прылады працы: двухрогая саха з жалезным наканечнікам, серп са стальным навараным лязом, каменныя жорны, драўляныя ступы. Галоўнай сельскагаспадарчай культурай становіцца жыта. Дадатковымі былі ячмень, пшаніца, авёс, проса, каноплі, лён і г.д. Галоўныя віды хатняй жывёлы: коні і буйная рагатая жывёла. Дапаможнымі заняткамі насельніцтва былі садаводства, агародніцтва, бортніцтва, лясныя промыслы, ткацтва, прадзенне, апрацоўка скур.

Канчаткова адбываецца пераход ад родавай да тэрытарыяльнай (суседскай) абшчыны (верв, грамада). У склад абшчыны пачынаюць уваходзіць прадстаўнікі розных родаў; сувязі паміж абшчыннікамі становяцца не кроўна-роднаснымі, а суседскімі.

Зямля ў часы першых дзяржаўных утварэнняў належала племені, родавым і суседскім абшчынам. Паступова ў 9 – 13 стст. у межах абшчын адбывалася маёмаснае раслаенне, захоп зямель прыватнымі асобамі. Назіраецца працэс станаўлення феадальных адносін. Пад феадалізмам разумеецца сістэма грамадскіх адносін, у аснове якой знаходзіцца прынцып перадачы зямельных уладанняў вышэйшым уласнікам зямлі ў дзяржаве (князем, каралём) сваім васалам на пэўны час або назаўсёды за пэўныя заслугі. Асноўнымі сацыяльнымі класамі феадальнага грамадства з’яўляюцца феадалы (буйныя уладальнікі зямлі) і залежныя ад іх сяляне.

Ва ўмовах фарміравання феадалізму князі становяцца ўладарамі не толькі ўсёй зямлі ў дзяржаве, як яе кіраўнікі і “божыя памазанікі”, але і ўласных надзелаў. Княскія дружыннікі і заможныя абшчыннікі ў выніку атрымання значных зямельных плошчаў фарміравалі сацыяльны клас феадалаў, які атрымаў ва Ўсходняй Еўропе назву баярства.

Асноўныя шляхі фарміравання феадальнага землеўладання на тэрыторыі Беларусі:

- падараванні князёў сваім дружыннікам за ваенную або грамадзянскую службу;

- падараванні з боку князёў і баяраў царкве.

Асноўныя віды феадальнага землеўладання:

- княскае;

- баярскае;

- царкоўнае.



Асноўныя тыпы феадальных уладанняў:

- вотчына – уладанне з правам поўнага распараджэння і перадачы па спадчыне;

- памесце – уладанне з правам абмежаванага распараджэння без права перадачы па спадчыне на працягу жыцця (дажывотна) або на пэўны час.

Абсалютная большасць сялян–абшчыннікаў (смердаў) у дадзены перыяд пражывала на дзяржаўных землях. Устанаўліваецца залежнасць сельскіх абшчын ад князёў, якая адлюстроўвалася ў зборы даніны (натуральнай рэнты) з асобных сялянскіх абшчын. Даніна збіралася шляхам перыядычных паходаў князёў са сваімі дружынамі ў палюддзе, або асобнымі дружыннікамі, якія атрымлівалі пэўныя тэрыторыі ў “кармленне”. За абарону з боку князя і дружыны раз у год у вызначаных памерах у пагосты (цэнтры пэўных тэрыторый–воласцей) звозіліся прадукты харчавання, мёд, футра і г.д. Аб’ём даніны з асобных сялянскіх двароў размяркоўвала абшчына.

У выніку дамоўленасцяў з уласнікамі і трымальнікамі зямлі, або немагчымасці разлічыцца па павіннасцях і даўгах сяляне траплялі ў часовую, або поўную залежнасць ад феадалаў.

Фарміруюцца асноўныя катэгорыі залежных сялян:

- закупы – сяляне, якія выконвалі павіннасці на карысць землеўладальніка на пэўны час за пазыку (“купу”) прадуктамі або грашыма да моманту разліку;

- радовічы – сяляне, якія заключалі дамову з землеўладальнікамі (“рад”) на пэўны час з фіксацыяй павіннасцей;



- ізгоі – людзі, якія страцілі сувязь са сваімі абшчынамі ў выніку невыканання павіннасцей, нявыплаты пазык ці здзейсненых злачынстваў і жылі за кошт часовых заробкаў;

- чэлядзь, халопы – хатнія рабы або кабальныя даўжнікі. Рабамі станавіліся пераважна ваеннапалонныя, дзеці якіх маглі атрымаць свабоду.

Асноўныя павіннасці феадальна залежнага сялянства:



    • дзякло (натуральны падатак);

    • паншчына (адпрацоўкі на зямлі феадала).

У разглядаемы перыяд адбываецца аддзяленне рамяства ад сельскай гаспадаркі. Гэты працэс абумовілі наступныя фактары:

    • павелічэнне сельскагаспадарчага прадукту (у гэтых умовах рамеснікі могуць забяспечыць сябе ўжо выключна вынікамі сваёй прафесійнай дзейнасці, а не сельскай гаспадаркай);

    • удасканаленне промыслаў (удасканальванне сырадутнага метаду выплаўкі жалеза, з’яўленне ганчарнага кола, печаў для абпальвання керамікі і г.д.), што патрабавала спецыяльных ведаў, уменняў і навыкаў, якія маглі ажыццяўляць толькі адпаведна падрыхтаваныя для пэўнай дзейнасці людзі.

На тэрыторыі Беларусі ў 9 – 13 стст. вядомыя каля 40 відаў рамёстваў. Асноўнымі сярод іх з’яўляліся апрацоўка жалеза (вядома 16 спецыяльнасцяў), ганчарства, апрацоўка скур, ювелірнае майстэрства, ткацтва, дрэваапрацоўка, будаўнічае рамяство і г.д.

Развіццё рамяства прыводзіць да фарміравання ў 9 – 12 стст. гарадоў. Гарады станавіліся адміністрацыйнымі, рамеснымі, гандлёвымі, абарончымі і рэлігійна-культурнымі цэнтрамі.



Буйнейшыя гарады гэтага перыяду (з датамі іх узнікнення):

Полацк (862)

Тураў (980)

Ізяслаўль (988)

Берасце (1019)

Віцебск (1021)

Менск (1067)

Друцк (1078)

Барысаў (1102)

Слуцк (1116)

Гародня (1116)

Новагародак (1117).

Асноўныя шляхі фарміравання гарадоў:

    • стварэнне рамесна-гандлёвых пасяленняў вакол замкаў – рэзідэнцый князёў або баяр.

    • стварэнне і разрастанне рамесна-гандлёвых пасяленняў вакол абшчынна-племянных цэнтраў – пагостаў.

Сярэднявечны горад паводле сваёй структуры складаўся з дзядзінца, пасада і тарга. На дзядзінцы (замку, градзе) пад аховай умацаванняў, знаходзіліся рэзідэнцыі князя, баяр, буйнога купецтва і вышэйшага духавенства. Пасад з’яўляўся гандлёва-рамеснай часткай горада; тут жылі людзі “простага стану”, асноўнымі заняткамі якіх з’яўляліся рамяство і гандаль, дапаможнымі – агародніцтва, хатняя жывёлагадоўля і г.д. На таргу адбываліся гандлёвыя здзелкі і сходы веча.

Адасабленне рамяства ад сельскай гаспадаркі выклікала развіццё пастаяннага ўнутранага гандлю – з’явіліся спецыяльныя месцы ў гарадах для вядзення гандлю (таргі). Фарміруецца сацыяльная група гандляроў – купцоў. Сярод іх былі дробныя гандляры, якія займаліся гандлем на пэўнай тэрыторыі, і буйныя купцы, якія ажыццяўлялі міжнародны гандаль. На таргі прывозілі тавары таксама замежныя купцы.

Гандаль ажыццяўляўся пераважна па рэках. Праз землі Беларусі праходзіла адна з галін міжнароднага гандлёвага шляху “з вараг у грэкі”, што звязваў Заходнюю і Паўночную Еўропу з Візантыяй і арабскім Усходам па рэках Зах. Дзвіна і Днепр, якія злучаліся валокамі – прамежкамі паміж рэкамі, на якіх грузы ад адной ракі да другой перацягваліся па сушы. Каля валок былі склады, факторыі купцоў. На гандлёвых шляхах, што ўзніклі па Сожы, Прыпяці і Бугу, злучаліся прыкаспійскія і заходнееўрапейскія землі.

Па гэтых магістральных шляхах ў Візантыю дастаўляліся рабы, лясныя тавары, футра, мёд, лён, жалезныя вырабы і зброя, а на Поўнач ішлі віно, срэбныя і залатыя вырабы, манеты, тканіны, грыўны, соль. Прадметамі экспарту з тэрыторыі Беларусі былі пераважна футра, воск, мёд, лён; імпарту – прадметы раскошы: тканіны, вострыя прыправы, грэцкія арэхі, шкляны посуд, якія завозіліся пераважна з Блізкага Усходу і Візантыі.

Развіццё гандлю прывяло да з’яўлення грошай. У 9 – 10 ст. на тэрыторыі Беларусі былі распаўсюджаны арабскія манеты – дырхемы, у канцы 10 – 11 стст. заходнееўрапейскія дынарыі. У 11 – 13 стст. у гандлёвых аперацыях выкарыстоўвалі плацёжныя зліткі з серабра (грыўны) ці іх вагавыя часткі.




1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   35


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка