Гісторыя Беларусі


Тэмы дакладаў і рэфератаў



старонка22/35
Дата канвертавання15.05.2016
Памер5.74 Mb.
1   ...   18   19   20   21   22   23   24   25   ...   35

Тэмы дакладаў і рэфератаў:

  1. Баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі падчас Першай сусветнай вайны.

  2. Бежанства на беларускіх землях ва ўмовах Першай сусветнай вайны.

  3. Нацыянальная палітыка германскіх улад у заходняй Беларусі ў 1915-1917 гг.

  4. Дэмакратызацыя войска на Заходнім фронце ў 1917 г.

  5. Дзейнасць прафсаюзаў пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў Беларусі.

  6. Станаўленне органаў Савецкай улады на тэрыторыі Беларусі.

  7. Выбары ва Устаноўчы сход на тэрыторыі Беларусі і іх вынікі.

  8. Усебеларускі з’езд: перадумовы, ход, вынікі.



Тэма 17: Нацыянальна-дзяржаўнае будаўніцтва на тэрыторыі Беларусі ў 1918-1921 гг.

1. Ваенна-палітычныя падзеі на тэрыторыі Беларусі ў 1918 г. Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі.

2. Абвяшчэнне БССР і Літоўска-Беларускай ССР.

3. Савецка-польская вайна 1919-1920 гг. Другое абвяшчэнне БССР.
17.1. Ваенна-палітычныя падзеі на тэрыторыі Беларусі ў 1918 г. Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі.

У хуткім часе пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Савецкі ўрад заключыў перамір’е з краінамі Чацвярнога саюзу і пачаў з імі мірныя перамовы. Перамовы паміж расійскімі і германскімі ўладамі адбываліся ў Брэсце. Да пачатку 1918 г. расійскае войска ў выніку масавага дэзерцірства і праведзенай савецкімі ўладамі частковай дэмабілізацыі амаль цалкам развалілася – на Заходнім фронце засталося не больш за 150 тыс. салдат. У гэтых умовах германскі бок імкнуўся заключыць мірны дагавор на максімальна выгадных для сябе ўмовах. У сярэдзіне лютага 1918 г. перамовы былі сарваны і баявыя дзеянні адноўлены. Германскае войска амаль без супраціўлення заняла ўсю Мінскую, частку Віцебскай і Магілёўскай губерняў да лініі Орша – Магілёў – Гомель. 3 сакавіка 1918 г. паміж Савецкай Расіяй, з аднаго боку, і Германіяй і Аўстра-Венгрыяй, з другога, быў заключаны Брэсцкі мірны дагавор. Паводле яго, тэрыторыі Польшчы, Літвы, Курляндыі і часткі Беларусі на захад ад лініі Дзвінск – Свянцяны – Ліда – Пружаны, перадаваліся Германіі і Аўстра-Венгрыі, якія павінны былі вызначыць іх будучыню ў адпаведнасці з пажаданнямі мясцовага насельніцтва. Прызнавалася незалежнасць Украінскай Народнай Рэспублікі, якой перадаваліся тэрыторыі Брэсцкага, Пінскага, Рэчыцкага, Мазырскага і Гомельскага паветаў. Астатняя тэрыторыя, занятая германскімі войскамі да падпісання Брэсцкага міру, заставалася часова акупіраванай да часу выплаты вялікай кантрыбуцыі Расіяй.

Заходнебеларускія землі, уключаныя ў склад Обер-Оста, планавалася ўключыць у склад будучай Польскай дзяржавы. У той жа час прэтэнзіі на іх выказалі прадстаўнікі літоўскага нацыянальнага руху, якія абвясцілі 16 лютага 1918 г. незалежнасць Літоўскай Рэспублікі, якая была прызнана Германіяй 23 красавіка.

На тэрыторыі, часова акупіраванай германскімі ўладамі, была ўстаноўлена ўлада ваеннага камандавання. Галоўнай яе мэтай з’яўлялася максімальнае выкарыстанне людскіх і матэрыяльных рэсурсаў краю для патрэб вядзення вайны. Дзеянні германскіх улад выклікалі незадаволенасць значнай часткі насельніцтва і абумовілі сацыяльную нестабільнасць, асноўнымі адзнакамі якой з’яўляліся:

- шматлікія сялянскія выступленні, выкліканыя аднаўленнем памешчыцкага землеўладання і падаткова-рэквізіцыйнай палітыкай германскіх улад;

- актывізацыя рабочага руху; самай значнай яго праявай стала забастоўка гомельскіх чыгуначнікаў у ліпені 1918 г.;

- арганізацыя партызанскага руху, які ўзначальвалі пераважна бальшавікі і левыя эсэры.

Ва ўмовах германскай акупацыі была ажыццёўлена спроба ўтварэння незалежнай беларускай дзяржавы. Падчас адступлення расійскіх войскаў з Мінска Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага з’езда з дапамогай створанага Першага Мінскага беларускага палка паспрабаваў узяць уладу ў горадзе. 21 лютага 1918 г. ён звярнуўся да беларускага народа з Першай Устаўной граматай, у якой абвясціў сябе часовай уладай на тэрыторыі Беларусі, вылучыў са свайго складу орган выканаўчай улады – Народны Сакратарыят на чале з Язэпам Варонкам і абавязаўся склікаць Усебеларускі Устаноўчы сход. Германскія ўлады не прызналі дадзеных органаў улады, але не забаранілі іх дзейнасць.

Выканкам Рады Ўсебеларускага з’езда ў знак пратэсту супраць Брэсцкага міру 9 сакавіка 1918 г. выдае Другую Устаўную грамату, у якой абвяшчалася Беларуская Народная Рэспубліка (БНР) у этнаграфічных межах пражывання беларускага народа, а сам Выканкам быў перайменаваны ў Раду БНР, прэзідыум якой узначаліў дзеяч БСГ Ян Серада. Граматай зацвярджаўся статус Рады і Народнага сакратарыята БНР як часовых органаў улады да склікання Ўсебеларускага Ўстаноўчага сходу. У ёй таксама абвяшчаліся дэмакратычныя свабоды, культурная аўтаномія нацыянальных меншасцяў, сацыялізацыя зямлі, 8-гадзінны працоўны дзень. У склад Рады БНР былі ўведзены прадстаўнікі расійскіх і яўрэйскіх сацыялістычных партый, а таксама беларускіх нацыянальных дзеячоў з Вільні.

Сярод прадстаўнікоў БСГ у сакавіку 1918 г. набывала папулярнасць ідэя абвяшчэння незалежнасці Беларусі. Гэта тлумачылася наступнымі фактарамі:

- крах спадзяванняў на ўтварэнне беларускай дзяржаўнасці з дапамогай дэмакратычных сіл у Расіі;

- небяспека падзелу тэрыторыі Беларусі паміж некалькімі дзяржавамі.



25 сакавіка 1918 г. Рада БНР выдала Трэцюю Ўстаўную грамату, паводле якой абвяшчалася поўная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі ў яе этнаграфічных межах і змяшчалася патрабаванне перагляду ўмоў Брэсцкага міру.

Аднак дадзены акт не атрымаў міжнароднага прызнання (прызналі яго толькі Украіна і Літва). Германскія ўлады яго праігнаравалі. Абвяшчэнне незалежнасці выклікала крызіс ўнутры Рады БНР: супраць яго выступілі прадстаўнікі расійскіх і яўрэйскіх сацыялістычных партый, якія неўзабаве пакінулі Раду. У гэтых умовах правае крыло БСГ паспрабавала знайсці падтрымку ў германскіх улад; у склад Рады БНР былі ўведзены прадстаўнікі ліберальных і кансерватыўных арганізацый. Паводле іх ініцыятывы, Рада БНР у красавіку 1918 г. звярнулася да германскага імператара Вільгельма ІІ з падзякай за вызваленне Беларусі і з просьбай дапамагчы ва ўмацаванні дзяржаўнай незалежнасці краю ў саюзе з Германіяй.

Аднак германскія ўлады адмовіліся прызнаць БНР. Рада і ўрад БНР не атрымалі ніякай рэальнай улады. Іх роля была абмежавана стварэннем дарадчых устаноў пры павятовых ваенных камендатурах і ажыццяўленнем культурна-асветніцкай дзейнасці. На акупіраванай германскімі войскамі тэрыторыі Беларусі ўзнікла больш за 160 беларускамоўных школ, Беларускі педагагічны інстытут у Мінску, таварыства драмы і камедыі, 14 друкаваных выданняў і г.д.

Паварот Рады БНР “управа” і цеснае супрацоўніцтва з германскімі ўладамі выклікалі яе ўнутраны крызіс. У якасці пратэсту Народны Сакратарыят на чале з Я. Варонкам падаў у адстаўку. Летам – восенню 1918 г. былі створаны два нетрывалыя ўрады БНР, якія не знаходзілі падтрымкі сярод большасці дзеячоў беларускага нацыянальнага руху. Адбыўся раскол БСГ, на месцы якой утварыліся новыя партыі: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (БСДП), Беларуская партыя сацыялістаў-федэралістаў (БПСФ), Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПСР). БПСР з восені 1918 г. пераходзіць да актыўнай барацьбы з германскімі акупантамі, стварае падпольныя арганізацыі, аб’яднаныя ў Сувязь беларускага працоўнага сялянства.

Ва ўсходняй частцы Беларусі, якая знаходзілася пад уладай Савецкай Расіі, адбываўся пераход да аўтарытарнай палітычнай сістэмы. Вясной – летам 1918 г. абвастрыліся супярэчнасці паміж кіруючымі партыямі бальшавікоў і левых эсэраў. У ліпені 1918 г. левыя эсэры паднялі паўстанне ў Маскве і некаторых іншых гарадах Расіі, але яны былі падаўлены бальшавікамі. Пасля гэтых падзей левыя эсэры былі выведзены з Савецкага ўрада і пачалася фарміравацца аднапартыйная дыктатура бальшавікоў. У ліпені 1918 г. была прынята Канстытуцыя Расійскай Савецкай Федэратыўнай Сацыялістычнай Рэспублікі (РСФСР). Паводле яе, Саветы абвяшчаліся вышэйшымі органамі ўлады ў дзяржаве. Аднак, на практыцы ўсе асноўныя палітычныя рашэнні прымала кіраўніцтва бальшавіцкай партыі і ствараемыя ім надзвычайныя органы. З Саветаў выключаліся амаль усе апаненты большавікоў. Адбывалася згортванне дэмакратычных свабод: зачыняліся апазіцыйныя перыядычныя выданні, пераследвалася дзейнасць апазіцыйных палітычных арганізацый, былі адноўлены прынцыпы адзінаначалля ў войску, адноўлена пакаранне смерцю і г.д. З восені 1918 г. бальшавіцкая ўлада абвясціла палітыку чырвонага тэрору ў адносінах да “ворагаў Савецкай улады” (расстрэлы, зняволенні, узяцце закладнікаў па палітычных матывах), у ажыцяўленні якой галоўную ролю адыгрывала ЧК.

На тэрыторыі Смаленскай, усходніх частак Віцебскай і Магілёўскай губерняў у красавіку 1918 г. была ўтворана Заходняя вобласць (з верасня 1918 г. – Заходняя камуна), якая была звычайнай адмінстрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай. На чале створаных у ёй органаў улады знаходзіліся дзеячы былога Аблвыканкамзаха. Патрабаванні Белнацкома, беларускіх камуністычных і бежанскіх арганізацый аб аўтаноміі Беларусі ігнараваліся.

На працягу 1918 г. вызначыліся новыя накірункі ў сацыяльна-эканамічнай палітыцы Савецкай улады:

1) Нацыяналізацыя ў прамысловасці (распаўюджвалася не толькі на буйную, але і на сярэднюю і часткова дробную).

2) Цэнтралізацыя кіравання эканомікай; галоўнымі органамі яе ажыццяўлення станавіліся саветы народнай гаспадаркі (саўнаргасы). Фактычна скасоўваліся рабочы кантроль і самакіраванне працоўных калектываў у прамысловасці і гандлі.

3) Увядзенне рэквізіцый сельскагаспадарчай прадукцыі ў сялян для забеспячэння патрэб войска ў грамадзянскай вайне; ствараліся харчовыя атрады з ліку вайскоўцаў і камітэты беднаты (камбеды) з ліку бяднейшага сялянства. Дзейнасць камбедаў выклікала масавую незадаволенасць сялянства; у некаторых паветах усходняй Беларусі летам 1918 г. адбыліся сялянскія паўстанні пад кіраўніцтвам левых эсэраў. Гэта абумовіла ліквідацыю камбедаў, аднак правядзенне рэквізіцый працягвалася. На канфіскаваных памешчыцкіх землях заахвочвалася стварэнне буйных дзяржаўных (дзяржгасы) і калектыўных (камуны, арцелі) гаспадарак.

У другой палове 1918 г. геапалітычная сітуацыя на тэрыторыі Беларусі зноў стала змяняцца. У жніўні 1918 г. пасля выплаты Савецкай Расіяй часткі кантрыбуцыі германскія войскі адступілі на захад ад р. Бярэзіна. 3-9 лістапада 1918 г. у Германіі адбылася рэвалюцыя, якая прывяла да звяржэння манархіі. Новы германскі ўрад 11 лістапада 1918 г. заключыў перамір’е з краінамі Антанты, што прывяло да канца Першай сусветнай вайны. У дадзеных умовах урад РСФСР ануляваў Брэсцкі мір. Германскае войска паступова выводзілася з акупіраваных тэрыторый, якія займаліся расійскай Чырвонай арміяй. 10 снежня 1918 г. Чырвоная армія ўступіла ў Мінск. Да лютага 1919 г. бальшавіцкая ўлада была ўстаноўлена амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі, акрамя зямель на захад ад лініі Вільня – Ліда – Слонім – Агінскі канал. Спробы Рады і новага ўрада (Рады народных міністраў) БНР на чале з А. Луцкевічам, а таксама расійскіх і яўрэйскіх левацэнтрысцкіх груповак атрымаць у гэтых умовах уладу або дамовіцца з бальшавікамі аб кааліцыі поспеху не мелі. У выніку Рада і ўрад БНР фактычна распаліся: частка іх дзеячоў засталася ў Мінску, разлічваючы на супрацоўніцтва з бальшавікамі, частка пераехала ў Вільню, а потым у Гродна, дзе выступала за дзяржаўны саюз з Літвой, частка – эмігравала за межы Беларусі.

Такім чынам, у выніку ваенна-палітычных падзей 1918 г. была абвешчана першая незалежная беларуская нацыянальная дзяржава – Беларуская Народная Рэспубліка. Аднак дэклараваная дзяржаўнасць не стала фактам. Прычынамі гэтага былі:

- адсутнасць масавай падтрымкі беларускага нацыянальнага руху сярод беларускага насельніцтва (сацыяльная база руху была вельмі вузкай);

- адсутнасць сур’ёзных вайсковых і матэрыяльных рэсурсаў беларускага нацыянальнага руху;

- складаная геапалітычная сітуацыя (падзел Беларусі паміж некалькімі дзяржавамі, адсутнасць зацікаўленасці ў беларускай дзяржаўнасці з боку буйнейшых еўрапейскіх дзяржаў);

- непаслядоўнасць палітычнай дзейнасці і адсутнасць адзінства ў межах беларускага нацыянальнага руху.
17.2. Абвяшчэнне БССР і Літоўска-Беларускай ССР.

Пасля аднаўлення Савецкай улады на большай частцы тэрыторыі Беларусі бальшавіцкі ўрад у Маскве змяніў адносіны да беларускага нацыянальнага пытання. Ён пайшоў на стварэнне беларускай дзяржаўнасці, залежнай ад Савецкай Расіі, на чым настойвалі прадстаўнікі прабальшавіцкай часткі беларускага нацыянальнага руху. Дадзеныя змены былі абумоўлены наступнымі фактарамі:

- неабходнасць дэманстрацыі перад міжнароднай супольнасцю павагі да абвешчанага права нацый на самавызначэнне (пасля абвяшчэння БНР факт існавання беларускай нацыі бальшавіцкімі ўладамі адкрыта не адмаўляўся);

- імкненне да стварэння альтэрнатывы антыбальшавіцкай БНР;

- імкненне да стварэння буфернай дзяржавы паміж Савецкай Расіяй і Польскай рэспублікай, якая была створана ў лістападзе 1918 г. і выяўляла прэтэнзіі на беларускія тэрыторыі.

У дадзеных умовах 30 снежня 1918 г. у Смаленску адбыўся І з’езд Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі (КП(б)Б), якая стала аўтаномнай адзінкай у складзе РКП(б). У кіраўніцтве КП(б)Б пераважалі былыя дзеячы Аблвыканкамзаха (А. Мяснікоў, М. Калмановіч, В. Кнорын), якія непрыхільна ставіліся да ідэі беларускай дзяржаўнасці. Аднак пад націскам Масквы яны выказаліся за пераўтварэнне Заходняй камуны ў Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (БССР).



1 студзеня 1919 г. было афіцыйна абвешчана утварэнне БССР у Маніфесце Часовага рабоча-сялянскага ўрада БССР, дзе былі вызначаны асноўныя палажэнні яе дзяржаўнага статусу. Тэрыторыя БССР ахоплівала Мінскую, Віцебскую, Гродзенскую, Магілёўскую, Смаленскую, часткі Віленскай і Чарнігаўскай губерняў. Сталіцай станавіўся Смаленск, а з 5 студзеня 1919 г. – Мінск. На чале Часовага рабоча-сялянскага ўрада стаў лідэр беларускіх камуністаў Зміцер Жылуновіч; але ў цэлым ва ўрадзе пераважалі былыя дзеячы Аблвыканкамзаха.

Але ўжо 16 студзеня Цэнтральны камітэт РКП(б) прыняў рашэнне аб перадачы Смаленскай, Віцебскай, Магілёўскай губерняў у склад РСФСР, а астатняй частцы БССР было дырэктыўна прапанавана стварыць сумесную дзяржаву з Савецкай Літвой, утворанай у снежні 1918 г. Гэта выклікала ўрадавы крызіс, у выніку якога ўрад БССР пакінулі 6 міністраў на чале з З.Жылуновічам. На чале ўрада стаў А.Ф. Мяснікоў.

2-3 лютага 1919 г. у Мінску адбыўся І Усебеларускі з’езд Саветаў, на якім прысутнічала 230 дэлегатаў. На ім была прынята першая Канстытуцыя БССР. Паводле яе, вышэйшым органам улады ў БССР абвяшчаўся Усебеларускі з’езд Саветаў, а ў перыяд паміж з’ездамі – выбіраемы з’ездам Цэнтральны выканаўчы камітэт (ЦВК). Функцыі выканаўчай улады ўскладаліся на Вялікі прэзідыум, фарміруемы ЦВК. У канстытуцыі дэклараваліся грамадзянскія і палітычныя правы працоўнага народа. У той жа час пазбаўляліся выбарчых і некаторых іншых палітычных правоў прадстаўнікі былых эксплуататарскіх класаў. Выбары ў Саветы з’яўляліся непрапарцыянальнымі, шматступеньчатымі і адкрытымі. Фактычна органы ўлады БССР знаходзіліся ў залежнасці ад Масквы.

У ходзе з’езда быў сфарміраваны Вялікі прэзідыум, у які ўвайшлі пераважна былыя дзеячы Аблвыканкамзаха на чале з А. Мясніковым.

27 лютага 1919 г. на аб’яднаным пасяджэнні ЦВК БССР і Літоўскай ССР была створана адзіная Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (ЛітБелССР) са сталіцай у Вільні. Структура ўлады ў ЛітБелССР была падобнай да той, што стваралася ў БССР. Аднак у якасці вышэйшага органа выканаўчай улады прадугледжваўся Савет народных камісараў (СНК). На чале ЦВК ЛітБелССР стаў К. Цыхоўскі, а СНК – В. Міцкявічус-Капсукас. Беларускіх камуністаў у складзе кіраўніцтва ЛітБелССР не было. ЛітБелССР уяўляла з сябе буферную дзяржаву ва ўмовах вайны з Польскай і Літоўскай рэспублікамі. Улады ЛітБелССР, таксама як і БССР фактычна падпарадкоўваліся кіраўніцтву РСФСР.

У канцы 1918 – пачатку 1919 гг. ва ўмовах абвастрэння эканамічнага крызісу і грамадзянскай вайны ў Расіі бальшавіцкія ўлады пачынаюць ажыццяўленне палітыкі “ваеннага камунізму”, якая прадугледжвала наступныя мерапрыемствы:

- увядзенне харчовай развёрсткі – прымусовай рэквізіцыі ў сялян сельскагаспадарчай прадукцыі для пакрыцця выдаткаў на войска;

- увядзенне дзяржаўнай манаполіі на гандаль;

- нацыяналізацыя амаль усёй прамысловасці, уключаючы дробную;

- устанаўленне жорсткай сістэмы размеркавання харчовых і прамысловых тавараў;

- увядзенне ўсеагульнай працоўнай павіннасці.

Характэрна тое, што канфіскаваныя на тэрыторыі цэнтральнай і ўсходняй Беларусі памешчыцкія землі не перадаваліся сялянам, а пераўтвараліся ў дзяржаўныя і калектыўныя гаспадаркі. Палітыка “ваеннага камунізму”, а таксама правядзенне мабілізацый у Чырвоную армію для ўдзелу ў грамадзянскай вайне ў Расіі выклікалі масавую незадаволенасць. У розных паветах адбыўся шэраг сялянскіх паўстанняў. Мелі месца хваляванні і ў Чырвонай арміі, самым значным сярод якіх было паўстанне салдат у Гомелі і Рэчыцы пад кіраўніцтвам М. Стракапытава ў сакавіку 1919 г. Падаўленне гэтых паўстанняў суправаджалася ўзмацненнем палітыкі чырвонага тэрору з боку бальшавіцкай улады.

Разам з тым дадзеныя акалічнасці абумовілі нетрываласць улады ў ЛітБелССР. Да восені 1919 г. амаль уся тэрыторыя ЛітБелССР была занята войскамі Польскай і Літоўскай рэспублік. Кіраўніцтва ЛітБел ССР і кампартыі Літвы і Беларусі перабраліся ў Смаленск. Фактычна дадзеная рэпубліка спыніла сваё існаванне.

Такім чынам, у 1919 г. адбылося фарміраванне беларускай дзяржаўнасці ў форме БССР, а затым ЛітБелССР, у межах якіх утварыліся дзяржаўныя структуры, якія знаходзіліся ў аўтаномных адносінах да Савецкай Расіі. Разам з тым гэтыя формы дзяржаўнасці на той момант аказаліся нетрывалымі, што абумоўлівалі тыя ж фактары, якія не спрыялі ажыццяўленню дзяржаўнасці ў форме БНР, а таксама адсутнасць дакладнага размежавання паўнамоцтваў паміж уладамі новаўтвораных рэспублік і Расіі.
17.3. Савецка-польская вайна 1919-1920 гг. Другое абвяшчэнне БССР.

У выніку рэвалюцый у Германіі і Аўстра-Венгрыі ў лістападзе 1918 г. была абвешчана незалежнасць Польскай рэспублікі. Ад самага пачатку свайго існавання яе ўлады выказвалі тэрытарыяльныя прэтэнзіі на землі, якія ўваходзілі раней у склад Рэчы Паспалітай.

Ва ўмовах вываду германскіх войскаў з тэрыторый былой Расійскай імперыі польскія ўлады замацаваліся на частцы заходнебеларускіх зямель. У выніку да лютага 1919 г. склалася часовая польска-савецкая мяжа па лініі Вільня – Ліда – Слонім – Агінскі канал. Аднак такая сітуацыя не задавальняла абодва бакі. З аднаго боку, польскія ўлады лічылі неабходным прасунуць мяжу на ўсход і адмовіліся прызнаць ЛітБелССР. З другога, ўлады Савецкай Расіі разлічвалі на “экспарт рэвалюцыі” ў Польшчу. Гэтыя акалічнасці абумовілі вайну паміж Польшчай і Савецкай Расіяй (напачатку фармальна толькі з ЛітБел ССР) 1919-1920 гг.

Савецка-польская вайна мела два этапы, паміж якім было часовае перамір’е:

1) люты-верасень 1919 г.;

2) сакавік-кастрычнік 1920 г.

На першым этапе вайны польскія войскі дастаткова хутка занялі тэрыторыю заходняй і цэнтральнай Беларусі. Да верасня 1919 г. фронт усталяваўся на лініі рэк Беразіна – Днепр. Дадзеныя поспехі польскага войска былі абумоўлены некалькімі фактарамі:

- нязначная ўвага ўлад Савецкай Расіі да савецка-польскага фронту ва ўмовах канцэнтрацыі асноўных ваенных сіл у грамадзянскай вайне ў Расіі;

- шырокая ваенна-тэхнічная і эканамічная падтрымка Польшчы з боку краін Антанты, якія разлічвалі на тое, што моцная польская дзяржава стане ў Цэнтральнай Еўропе супрацьвагай Расіі і Германіі;

- адсутнасць масавай падтрымкі Чырвонай арміі ў тыле (незадаволенасць большай часткі беларускага насельніцтва палітыкай “ваеннага камунізму”).

З верасня 1919 г. ваенныя дзеянні часова спыніліся. На занятых польскімі войскамі тэрыторыях ліквідаваліся створаныя бальшавікамі органы ўлады, распускаліся прабальшавіцкія арганізацыі. У органы грамадзянскай адміністрацыі ўваходзілі толькі тыя, хто лічыў сябе палякам. Дзяржаўнай мовай абвячалася польская. Аднаўлялася памешчыцкае землеўладанне. Польскае войска ў шырокіх памерах праводзіла рэквізіцыі сельскагаспадарчай прадукцыі.

У той жа час польскія ўлады імкнуліся стварыць пэўную сацыяльную базу сярод беларускага насельніцтва. 29 красавіка 1919 г. начальнік Польскай рэспублікі Юзэф Пілсудскі ў Вільні выступіў са зваротам да насельніцтва былога ВКЛ, у якім абвяшчалася права народаў на самавызначэнне ў межах федэрацыі з Польшчай. У Мінскай акрузе, дзе польскія пазіцыі былі дастаткова слабымі, дазвалялася ўжыванне беларускай мовы ў грамадскім жыцці, быў адноўлены Беларускі педагагічны інстытут у Мінску. Дадзеныя фактары абумовілі супрацоўніцтва з польскім ўладамі часткі дзеячоў беларускага нацыянальнага руху, асабліва прадстаўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі і правацэнтрысцкіх беларускіх арганізацый, якія разлічвалі на стварэнне федэрацыі Беларусі з Польшчай у складзе абноўленай Рэчы Паспалітай. У той жа час другая частка беларускага нацыянальнага руху на чале з Беларускай партыяй сацыялістаў-рэвалюцыянераў выступала ў якасці легальнай апазіцыі польскім уладам.

У кастрычніку 1919 г. Ю. Пілсудскі даў дазвол на аднаўленне дзейнасці Рады БНР, маючы спадзяванні на перавагу ў ёй прыхільнікаў прапольскай арыентацыі і прыняцце рашэнняў пра далучэнне БНР да Польшчы. Аднак на сесіі ў снежні 1919 года адбыўся раскол Рады БНР. Антыпольская група (50 чалавек) утварыла Народную раду БНР на чале з сацыялістам-федэралістам П. Крачэўскім і кабінет міністраў на чале з беларускім эсэрам В. Ластоўскім. Яны заявілі аб вернасці Трэцяй Устаўной грамаце БНР і выказалі пратэст супраць акупацыі Беларусі польскай арміяй. Прапольская фракцыя (37 чалавек) утварыла Найвышэйшую раду БНР на чале з сацыял-дэмакратам Я. Лёсікам і пацвердзіла паўнамоцтвы ўрада Антона Луцкевіча. У хуткім часе Народная рада БНР была забаронена, а многія яе лідэры арыштаваны. Прэзідыум і ўрад Народнай рады БНР з лістапада 1920 г. знаходзіліся ў сталіцы Літвы Коўне. Адмова польскіх улад разглядаць пытанне аб фарміраванні беларускай дзяржаўнасці прывяла да крызісу і распаду ў 1920 г. Найвышэйшай рады БНР і яе ўраду.

Палітыка польскіх уладаў выклікала незадаволенасць значнай часткі насельніцтва. Узброеную барацьбу супраць польскіх улад узначальвалі бальшавікі, беларускія эсэры, Беларуская камуністычная арганізацыя (узнікла на аснове левага крыла БПСР), яўрэйскія сацыялістычныя партыі (Бунд, Паалей-Цыён). У снежні 1919 г. паміж гэтымі партыямі было заключана пагадненне аб сумесных дзеяннях. У сакавіку 1920 г. сілы антыпольскага фронту стварылі Беларускі паўстанцкі камітэт. Напрыканцы 1919 – пачатку 1920 гг. БПСР становіцца найбольш масавай беларускай партыяй (да 20 тыс. чалавек). Партызанскі рух у першай палове 1920 г. набыў шырокі размах. Вясной 1920 г. польскія ўлады з-за дыверсій вымушаны былі спыніць ваенныя перавозкі амаль на ўсіх чыгуначных магістралях Беларусі.

У сакавіку 1920 г. аднавілася савецка-польская вайна. Бальшавіцкія ўлады перакідваюць на польскі фронт вялікія ваенныя сілы (грамадзянская вайна ў Расіі на той час паступова заціхае). У ліпені 1920 г. Чырвоная армія пад камандаваннем М. Тухачэўскага ажыццяўляе наступленне на тэрыторыі Беларусі. Да пачатку жніўня яна ўся знаходзілася пад іх кантролем. У сярэдзіне жніўня Чырвоная армія падышла да Варшавы і Львова.

У гэтых умовах Савецкая Расія імкнулася забяспечыць нейтралітэт з боку Літоўскай рэспублікі. 12 ліпеня 1920 года Савецкая Расія і Літва падпісалі дагавор, згодна з якім РСФСР прызнавала незалежнасць Літоўскай рэспублікі з уключэннем у яе склад Віленскай і часткі Гродзенскай губерняў з гарадамі Вільня, Гродна, Ліда, Вілейка, Ашмяны, Смаргонь, Браслаў. Дадзены дагавор азначаў фармальную ліквідацыю ЛітБелССР.

У дадзеных умовах бальшавіцкія ўлады вырашылі аднавіць беларускую савецкую дзяржаву. 31 ліпеня 1920 г. у Мінску была прынята Дэкларацыя аб незалежнасці Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Часовая ўлада перадавалася Ваенна-рэвалюцыйнаму камітэту (старшыня – А.Чарвякоў), які павінен быў дзейнічаць да II з’езда Саветаў Беларусі. Аднаўленне БССР акрамя бальшавікоў падтрымалі Бунд і Беларуская камуністычная арганізацыя, якая неўзабаве далучылася да бальшавіцкай партыі. БПСР патрабавала стварэння ўрада з прадстаўнікоў усіх сацыялістычных партый, арганізацыі самастойнага беларускага войска і абвяшчэння поўнай незалежнасці Беларусі. Гэта выклікала разрыў саюзу паміж БПСР і бальшавікамі.

У снежні 1920 г. адбыўся ІІ Усебеларускі з’езд Саветаў у Мінску. На ім у Канстытуцыю БССР былі ўнесены змяненні, згодна з якімі ЦВК станавіўся распараджальным органам з’езда, выканаўчая ўлада надавалася СНК БССР. Старшынёй ЦВК і СНК БССР стаў А. Чарвякоў. З’езд ратыфікаваў умовы савецка-польскага пагаднення ад перамір’і і надаў ураду Савецкай Расіі права заключаць любыя міжнародныя пагадненні ад імя БССР.

У жніўні 1920 г. польскае войска здолела разбіць пад Варшавай Чырвоную армію, перайсці ў контрнаступленне і на працягу жніўня-кастрычніка 1920 г. ізноў заняць заходнюю частку Беларусі. 12 кастрычніка 1920 г. у Рызе паміж Савецкай Расіяй і Польшчай было падпісана перамір’е і пачаліся мірныя перамовы.

Абодва бакі былі зацікаўлены ў хутчэйшым спыненні вайны. На гэта ўплывала складаная эканамічная і ваенна-палітычная сітуацыя ў абедзвюх дзяржавах. На тэрыторыі Беларусі, занятай як польскімі, так і савецкімі войскамі, адбываліся частыя хваляванні, дзейнічалі шматлікія паўстанцкія атрады. Пры падтрымцы польскага боку ў лістападзе 1920 г. на тэрыторыю Палесся ўвайшлі атрады (каля 20 тыс.чал.) пад кіраўніцтвам С.Булак-Балаховіча, які абвясціў сябе начальнікам Беларускай дзяржавы. Яны занялі Пінск, Мазыр, Калінкавічы, але ў снежні 1920 г. яны былі разбітыя Чырвонай арміяй. З 27 лістапада па 28 снежня 1920 г. адбылося Слуцкае ўзброенае паўстанне, якое ўзначальвалі прыхільнікі незалежнай БНР. У паўстанні ўдзельнічала каля 4 тыс.чал. Антыбальшавіцкія паўстанні адбыліся ў Гомелі, Койданаве, Аршанскім, Бабруйскім, Барысаўскім і Ігуменскіх паветах.

У кастрычніку 1920 г. польскія войскі занялі Вільню і прылеглую да яе тэрыторыю, дзе была абвешчана новая дзяржава – Сярэдняя Літва, кіраўніцтва якой заявіла аб далучэнні да Польшчы. Гэта выклікала палітычны канфлікт Польшчы з Літвой.



18 сакавіка 1921 г. паміж Савецкай Расіяй і Польшчай быў падпісаны Рыжскі мірны дагавор. Паводле яго, заходняя частка Беларусі (Віленская, Гродзенская, частка Мінскай губерняў) адыходзіла да Польшчы; усходняя (Віцебшчына, Магілёўшчына, Гомельшчына) – да Савецкай Расіі. Суверэнітэт БССР прызнаваўся на тэрыторыі 6 паветаў Мінскай губерні з тэрыторыяй 52 тыс. кв.км і насельніцтвам каля 1,5 млн. чалавек.

Такім чынам, у выніку савецка-польскай вайны тэрыторыя Беларусі была падзелена паміж Польшчай і Расіяй. У той жа час была адноўлена беларуская савецкая дзяржава – БССР, якая ахоплівала невялікую тэрыторыю ўсходняй Беларусі і знаходзілася ў залежнасці ад Савецкай Расіі. Разам з тым гэтае ўтварэнне стала падмуркам развіцця беларускай дзяржаўнасці ў далейшым.


Поделитесь с Вашими друзьями:
1   ...   18   19   20   21   22   23   24   25   ...   35




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал