Гісторыя Беларусі


Сацыяльна-эканамічнае развіццё Заходняй Беларусі ў 1920-1930-я гг



старонка26/35
Дата канвертавання15.05.2016
Памер5.74 Mb.
1   ...   22   23   24   25   26   27   28   29   ...   35

20.3. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Заходняй Беларусі ў 1920-1930-я гг.

Землі Заходняй Беларусі ў эканамічных адносінах ўяўлялі з сябе слабаразвітую аграрную правінцыю ў складзе Польшчы. Разам з тым на працягу 1920-1930-х гг. у розных сферах яе эканомікі назіраўся паступовы працэс мадэрнізацыі.



Сельская гаспадарка

У 1920-1930-я гг. каля 80% насельніцтва Заходняй Беларусі займалася сельскай гаспадаркай. У выніку ваенных дзеянняў у 1915 – 1920 гг. значна скараціліся пасяўныя плошчы, аб’ём сельскагаспадарчай прадукцыі, пагалоўе жывёлы. У структуры землеўладання пераважалі буйныя ўладанні з плошчай звыш 100 га (55% на 1921 г.). Большасць сялянскіх гаспадарак з’яўляліся малазямельнымі.

З мэтай аднаўлення сельскай гаспадаркі, развіцця ў ёй таварна-грашовых рыначных адносін польскія ўлады праводзілі аграрную рэформу, закон аб якой быў прыняты ў 1925 г. Рэформа прадугледжвала наступныя накірункі:

1) Парцэляцыя – продаж з дапамогай зямельнага банку невялікімі надзеламі, ад 2 да 20 га, часткі памешчыцкіх, дзяржаўных і царкоўных зямель. Да канца 1930-х гг. такім чынам у Віленскім, Навагрудскім і Палескім ваяводствах было прададзена каля 675 тыс. га. У выніку буйное памешчыцкае землеўладанне скарацілася на 16,5%; адбылося ўмацаванне заможных сялянскіх гаспадарак.

2) Асадніцтва – працэс перадачы часткі парцэляваных зямель былым вайскоўцам. Яны атрымлівалі надзелы ад 10 да 45 га бясплатна або з дапамогай невялікіх ільготных крэдытаў і пасяляліся хутарамі. Да 1939 г. у Заходняй Беларусі было расселена каля 10 тыс. асаднікаў. Большасць асаднікаў паходзілі з уласна польскіх зямель, выконвалі паліцэйскія функцыі і таму іх рассяленне разглядалася як важны фактар пашырэння сацыяльнай апоры польскай улады і правядзення паланізацыі.

3) Камасацыя – ліквідацыя цераспалосіцы сялянскіх зямель, што, як правіла, суправаджалася высяленнем на хутары. Дзяржава давала сялянам некаторую дапамогу для ўладкавання хутарской гаспадаркі. Да 1939 г. у Заходняй Беларусі перасяліліся на хутары каля 43% сялянскіх гаспадарак. Сярэдні памер хутарской гаспадаркі складаў 7 – 10 га.

4) Ліквідацыя сервітутаў (права калектыўнага карыстання пашамі, сенажацямі, ляснымі ўгоддзямі і г.д.) і прыватызацыя сервітутнай зямлі. Да 1939 г. сервітуты ў Заходняй Беларусі былі цалкам ліквідаваны; каля ¾ сервітутнай зямлі атрымалі буйныя землеўладальнікі.

Аграрная рэформа спрыяла развіццю сельскай гаспадаркі. Да 1929 г. быў адноўлены даваенны ўзровень сельскагаспадарчай вытворчасці. Рэформа садзейнічала развіццю ў вёсцы капіталістычных рыначных адносін, некалькі зменшыла сацыяльную напружанасць.

Разам з тым у цэлым узровень развіцця сельскай гаспадаркі Заходняй Беларусі быў невысокі. На нізкім узроўні знаходзіліся ўраджайнасць і тэхнічная забяспечанасць аграрнага сектара. Прычынамі гэтага былі ў першую чаргу малазямелле большасці сялянскіх гаспадарак, нізкія закупачныя цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю ў параўнанні з высокімі на прамысловыя тавары, вялікія дзяржаўныя падаткі для сялянства. У выніку большасць сялян вялі паўнатуральную гаспадарку з дапамогай прымітыўных прылад працы і метадаў гаспадарання, не мелі магчымасці ў значных памерах набываць прадукцыю прамысловасці. Развіццё сельскай гаспадаркі замаруджвалася ў выніку эканамічных крызісаў, асабліва сусветнага крызісу 1929-1933 гг., якія суправаджаліся падзеннем цэн на сельскагаспадарчую прадукцыю. Значная частка малазямельных і беззямельных сялян наймалася на працу ў якасці сельскагаспадарчых рабочых у памешчыцкія і заможныя сялянскія гаспадаркі, на прамысловыя прадпрыемствы, будаўніцтва. Значныя маштабы набыла працоўная эміграцыя за мяжу (пераважна ў Латвію, Францыю, ЗША, Канаду, краіны Лацінскай Амерыкі). У 1920-1930-я гг. з Заходняй Беларусі выехала за мяжу каля 100 тыс. чалавек.

Прамысловасць і гандаль

Заходняя Беларусь была адным з найбольш прамыслова адсталых рэгіёнаў Польшчы. Удзельная вага прамысловасці Заходняй Беларусі ў агульнай структуры польскай індустрыі складала 3-4%.

Прамысловае развіццё Заходняй Беларусі знаходзілася ў залежнасці ад сусветных эканамічных цыклаў. Пасля Першай сусветнай і савецка-польскай войнаў прамысловасць знаходзілася ў глыбокім крызісе. У 1923-1924 гг. назіраецца пэўны ўздым прамысловай вытворчасці, які потым зноў змяніў крызіс 1924-1926 гг. Значны прамысловы ўздым адбыўся ў 1926-1929 гг., у выніку якога быў адноўлены даваенны аб’ём прамысловай прадукцыі.

Сур’ёзныя страты заходнебеларуская прамысловасць панесла падчас сусветнага эканамічнага крызісу 1929-1933 гг. Яго вынікам стала закрыццё каля 17% прадпрыемстваў, скарачэнне амаль напалову колькасці рабочых. Аб’ём прамысловай прадукцыі ў 1930 г. паменшыўся на 30-40% у параўнанні з 1928 г. У другой палове 1930-х гг. у прамысловасці назіраўся ўздым, які дазволіў да 1938 г. наблізіцца да паказчыкаў вытворчасці 1928 г.

На працягу 1920-1930-х гг. назіраецца некаторая канцэнтрацыя прамысловай вытворчасці. У той жа час буйных прадпрыемстваў было няшмат. Сярод іх можна вызначыць шклозавод “Нёман” у Навагрудскім павеце, запалкавую фабрыку “Прагрэс-Вулкан” у Пінску, тытунёвую фабрыку ў Гродне і г.д. Каля 85% усіх прамысловых прадпрыемстваў складалі дробныя і саматужна-рамесніцкія. На нізкім узроўні знаходзілася электрыфікацыя прамысловасці.

У структуры прамысловай вытворчасці Заходняй Беларусі на першае месца выходзіць дрэваапрацоўчая галіна (фанерная, лесапільная, кардонна-папяровая вытворчасць), у якой было занята каля паловы ўсіх рабочых, а аб’ём прадукцыі к 1938 г. у два разы перавысіў узровень 1913 г. Далей па ступені значнасці ішлі харчовая (найперш вытворчасць мяса-малочнай прадукцыі), лёгкая, хімічная.

Цяжкім з’яўлялася матэрыяльнае становішча большай часткі рабочага класа ў прамысловасці: нізкая заработная плата (яна складала каля 30-50% заробкаў рабочых у цэнтральнай Польшчы), дрэнныя ўмовы працы і быту. Высокім было беспрацоўе, якое падчас крызісу 1929 – 1933 гг. дасягала каля 47% працаздольнага гарадскога насельніцтва У той жа час у Польшчы была прынята сістэма працоўнага заканадаўства, згодна з якой устанаўліваліся 8-гадзінны працоўны дзень, сацыяльнае страхаванне ў выніку хваробы і страты працаздольнасці, пенсіі па ўзросту, дапамогі беспрацоўным, аплочваемыя адпачынкі. Але многія палажэнні працоўнага заканадаўства на практыцы часта парушаліся, а сацыяльныя выплаты былі мізэрнымі.

Асноўныя прычыны нізкага ўзроўню развіцця прамысловасці Заходняй Беларусі:

- адсутнасць значных мясцовых капіталаў, неабходных для развіцця і мадэрнізацыі вытворчасці;

- канкурэнцыя з боку больш таннай і якаснай прамысловай прадукцыі з Польшчы і краін замежжа;

- палітыка польскіх уладаў, накіраваная перадусім на эканамічную падтрымку прамысловасці цэнтральнай Польшчы;

- нізкая пакупніцкая здольнасць большай часткі мясцовага насельніцтва;

- абмежаванне магчымасцяў рэалізацыі прадукцыі на знешнім рынку ва ўмовах напружаных палітычных адносін Польшчы з краінамі-суседзямі – СССР, Германіяй, Літвой.

Структура гандлёвых устаноў заставалася амаль нязменнай у параўнанні з даваенным часам. Знешні гандаль ажыцяўляўся наступным чынам: з цэнтральных раёнаў Польшчы і з краін замежжа ў Заходнюю Беларусь імпартаваліся прадукцыя прамысловасці, нафтапрадукты, жалеза, цукар і г.д., на экспарт ішлі пераважна мясцовая сыравіна, асабліва лес і лён, і сельскагаспадарчыя прадукты. У экспарце лесу вялікую ролю выконваў замежны капітал.

Такім чынам, сацыяльна-эканамічнае развіццё Заходняй Беларусі ў 1920-1930-я гг. праходзіла марудна. Абсалютная большасць насельніцтва была занята ў сельскай гаспадарцы, узровень мадэрнізацыі якой быў вельмі нізкі. У прамысловасці пераважала апрацоўка мясцовых сыравінных рэсурсаў. Заходняя Беларусь з’яўлялася па сутнасці аграрна-сыравінным прыдаткам Польшчы.
20.4. Адукацыя і культура ў Заходняй Беларусі ў 1920-1930-я гг.

Адукацыйная сістэма ў Польскай рэспубліцы мела наступную ўзроўневую структуру:

- пачатковыя школы;

- гімназіі (сярэдняя адукацыя);

- прафесійна-тэхнічныя вучылішчы;

- семінарыі і тэхнікумы (сярэдняя спецыяльная адукацыя);

- універсітэты (вышэйшая адукацыя).

На тэрыторыі Заходняй Беларусі адбывалася паступовае развіццё пачатковай адукацыі. У 1937/38 навучальным годзе тут налічвалася 4421 пачатковых школ з 546 тыс. навучэнцаў. Аднак разам з тым усеагульнае пачатковае навучанне не было рэалізавана: каля 13% дзяцей школьнага ўзросту не вучылася ў школе. У той жа час колькасць сярэдніх навучальных устаноў – гімназій – скарачалася (з 85 з 17,8 тыс. навучэнцаў у 1928 г. да 54 з 15,9 тыс. навучэнцаў у 1938 г.). Гэта тлумачыцца высокай платай за навучанне, аддаленасцю гімназій ад многіх населеных пунктаў (яны знаходзіліся толькі ў гарадах і некаторых мястэчках).

Важным накірункам адукацыйнай палітыкі польскіх уладаў з’яўлялася паланізацыя школы. Гэта суправаджалася дыскрымінацыяй беларускіх навучальных устаноў. Калі ў сярэдзіне 1920-х гг. у Заходняй Беларусі дзейнічала 77 беларускіх школ і 4 гімназіі (у Вільні, Радашковічах, Клецку, Навагрудку), то ў 1938 г. не засталося ніводнай.

У цэлым развіццё адукацыі суправаджалася істотнымі цяжкасцямі, такімі як недахоп школ, іх матэрыяльнага забеспячэння, настаўніцкіх кадраў. Узровень пісьменнасці насельніцтва заставаўся невысокім: у 1931 г. у Заходняй Беларусі налічвалася 43% непісьменных, што было значна вышэйшым паказчыкам, чым у цэнтральных раёнах Польшчы.

Важнай падзеяй ў развіцці адукацыі стала аднаўленне ў 1919 г. Віленскага універсітэта імя Стэфана Баторыя, якія стаў буйнейшым навуковым і культурным цэнтрам Заходняй Беларусі. Найбольш значныя навуковыя даследаванні ва ўніверсітэце праводзіліся ў галіне філалогіі.

У розных сферах духоўнай культуры (літаратура, тэатр, друк, музыка, выяўленчае мастацтва) дамінаваў польскі ўплыў. Цэнтрамі беларускай культурна-асветніцкай дзейнасці з’яўляліся Таварыства беларускай школы (1921-1937), Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры (1926-1936), Беларускае навуковае таварыства (1918–1939), Віленскі беларускі гісторыка-этнаграфічны музей (1921-1939), беларускамоўныя газеты, часопісы і выдавецтвы і г.д.

Для заходнебеларускай літаратуры характэрна перавага паэтычнага жанру, у межах якога дамінуюць грамадска-палітычныя, а таксама рамантычна-лірычныя матывы (М.Танк, В.Таўлай, М.Засім, Н.Арсеннева, К.Сваяк, У.Жылка, П.Пестрак і інш.).



Выяўленчае мастацтва было прадстаўлена наступнымі жанрамі:

- гістарычны і сімволіка-алегарычны (Я. Драздовіч);

- бытавы (М.Сеўрук, П.Сергіевіч);

- партрэтны і пейзажны (Г.Семашкевіч);

- карыкатурны (Я.Горыд).

Значны ўнёсак у развіццё музычнай культуры зроблены кампазітарамі К.Галкоўскім, Л.Раеўскім, оперным спеваком і выканаўцам народных беларускіх песень М.Забэйда-Суміцкім.



Такім чынам, у 1920-1930-я гг. адбывалася паступовае развіццё адукацыі і розных форм духоўнай культуры ў Заходняй Беларусі. Аднак дадзены працэс істотна стрымліваўся павольнымі тэмпамі эканамічнай мадэрнізацыі, а таксама паланізатарскай палітыкай польскіх улад.
Асноўныя паняцці:

Заходняя Беларусь, “паўночна-усходнія крэсы”, парламенцкая дэмакратыя, Канстытуцыя Польскай Рэспублікі 1921 г., Нацыянальны сход Польскай Рэспублікі, паланізацыя, Партыя нацыянальнай дэмакратыі, Партыя хрысціянскай дэмакратыі, Польская партыя сацыялістычная, Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Беларускі пасольскі клуб, Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, “санацыя”, канцэнтрацыйны лагер у Бярозе Картузскай, Канстытуцыя Польскай Рэспублікі 1935 г., Беларуская Сялянска-работніцкая грамада, “Змаганне”, камітэты і камісіі адзінага фронту, Беларускае народнае аб’яднанне, парцэляцыя, асадніцтва, камасацыя, сервітуты, працоўная эміграцыя, сусветны эканамічны крызіс 1929-1933 гг., Віленскі універсітэт імя Стэфана Баторыя, Таварыства беларускай школы, Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры.



Кантрольныя пытанні і заданні:

  1. Якія тэрыторыі, што адышлі да Польскай Рэспублікі ў 1921 г., атрымалі назву “Заходняя Беларусь”? Як афіцыйна называліся гэтыя тэрыторыі ў 1920-1930-я гг.?

  2. Якія перыяды вылучаюць у палітычным жыцці Польскай Рэспублікі ў 1920-1930-я гг.?

  3. Ахарактарызуйце асноўныя палажэнні Канстытуцыі Польскай Рэспублікі 1921 г. Якія органы ўлады атрымлівалі перавагу ў сістэме дзяржаўнага кіравання ў адпаведнасці з дадзенай канстытуцыяй?

  4. Што ўяўляла з сябе палітыка паланізацыі на заходнебеларускіх землях? Якія яе асноўныя накірункі?

  5. Падумайце, чаму польскія ўлады актыўна падтрымлівалі каталіцкі касцёл у Заходняй Беларусі, а праваслаўная царква, наадварот, падвяргалася дыскрымінацыі?

  6. Якія Вы ведаеце асноўныя польскія палітычныя партыі, якія дзейнічалі на тэрыторыі Заходняй Беларусі? У чым адрозненне іх сацыяльна-палітычных праграм?

  7. Якія плыні сфарміраваліся ў межах беларускага нацыянальнага руху ў першай палове 1920-х гг.? У чым адрозненні паміж імі?

  8. Якія палітычныя сілы праводзілі ўзброеную партызанскую барацьбу супраць польскіх улад у першай паловы 1920-х гг.? У сувязі з чым гэтая барацьба спынілася?

  9. Падумайце, чым можна патлумачыць высокую папулярнасць палітычнай арыентацыі на БССР у межах нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі?

  10. Што такое “санацыйны” рэжым”? Калі адбывалася яго ўсталяванне ў Польскай Рэспубліцы? У чым яго спецыфіка?

  11. Якія змены ў дзяржаўна-палітычным ладзе Польскай Рэспублікі прадугледжвала Канстытуцыя 1935 г.?

  12. Калі ўзнікае Беларуская сялянска-работніцкая грамада? Якія яна ставіла перад сабой задачы?

  13. Дайце агульную характарыстыку развіцця рабочага, сялянскага і апазіцыйнага руху ў Заходняй Беларусі ў 1930-я гг.

  14. Чым можна патлумачыць ўзмацненне рэпрэсіўнай палітыкі “санацыйнага” рэжыму напярэдадні Другой сусветнай вайны?

  15. Падумайце, чаму сталінскі рэжым ажыццявіў ліквідацыю КПЗБ і яе кіраўнікоў? Абгрунтуйце сваю думку.

  16. Якія мерапрыемствы прадугледжвала аграрная рэформа ў Польшчы? Якія мэты яна перад сабой ставіла?

  17. Што такое асадніцтва? Якія прычыны абумовілі падтрымку польскімі ўладамі дадзенай з’явы?

  18. Растлумачце, наколькі аграрная рэформа спрыяла эканамічнай і тэхнічнай мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі Заходняй Беларусі?

  19. Якія фактары абумовілі нізкі ўзровень развіцця сельскай гаспадаркі Заходняй Беларусі?

  20. Якія маштабы набыла працоўная эміграцыя з тэрыторыі Заходняй Беларусі? Чым можна патлумачыць распаўсюджанне дадзенай з’явы?

  21. Ахарактарызуйце ўзровень развіцця прамысловасці Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы ў цэлым.

  22. Дайце агульную характарыстыку матэрыяльнага становішча рабочага класа Заходняй Беларусі ў 1920-1930-я гг.

  23. Паспрабуйце вызначыць агульны ўзровень эканамічнага развіцця заходнебеларускіх зямель у складзе Польшчы. Выкажыце думку, наколькі польскія ўлады былі зацікаўлены ў хуткай эканамічнай мадэрнізацыі дадзенага рэгіёну?

  24. Якія ўзроўні мела адукацыйная сістэма ў Польскай Рэспубліцы? Дайце яе кароткую характарыстыку.

  25. Падумайце, які ўплыў на развіццё асветы ў Заходняй Беларусі мела палітыка паланізацыі адукацыі?

  26. Параўнайце ўзровень развіцця адукацыі ў Заходняй Беларусі і ў БССР у 1920-1930-я гг.

  27. Якую ролю ў развіцці адукацыі, навукі і культуры Заходняй Беларусі мела адкрыццё Віленскага універсітэта імя Стэфана Баторыя?

  28. Дайце характарыстыку развіцця асноўных відаў мастацкай культуры ў Заходняй Беларусі ў 1920-1930-я гг.


Тэмы дакладаў і рэфератаў:

  1. Выбары ў парламенцкія ўстановы Польскай Рэспублікі на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

  2. Партызанская барацьба ў Заходняй Беларусі ў першай палове 1920-х гг.

  3. Палітыка паланізацыі ў Заходняй Беларусі ў 1920-1930-я гг.

  4. Беларуская сялянска-работніцкая грамада: стварэнне, дзейнасць, вынікі.

  5. Матэрыяльнае становішча рабочых і служачых Заходняй Беларусі ў 1920-1930-я гг.

  6. Хутарызацыя заходнебеларускай вёскі ў 1920-1930-я гг.: характар, ход, вынікі.

  7. Дзейнасць Віленскага універсітэта імя Стэфана Баторыя (1919-1939).

  8. Беларускія гімназіі ў 1920-1930-я гг.



Тэма 21: Беларусь ва ўмовах Другой сусветнай

і Вялікай Айчыннай вайны.

1. Пачатак Другой сусветнай вайны. Далучэнне Заходняй Беларусі да СССР і БССР.

2. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі летам 1941 г.

3. Нямецка-фашысцкі акупацыйны рэжым у Беларусі (1941-1944).

4. Антыфашысцкі рух на тэрыторыі Беларусі ў 1941-1944 гг.

5. Выгнанне нямецка-фашысцкіх войскаў з тэрыторыі Беларусі ў 1943-1944 гг.
21.1. Пачатак Другой сусветнай вайны. Далучэнне Заходняй Беларусі да СССР і БССР.

Пасля Першай сусветнай вайны барацьба паміж буйнейшымі дзяржавамі свету за сферы эканамічнага і ваенна-палітычнага ўплыву працягвалася. Асабліва яна абвастрылася пасля сусветнага эканамічнага крызісу 1929-1933 гг. Сярод еўрапейскіх дзяржаў найбольш агрэсіўны характар барацьба за геапалітычнае і эканамічнае лідэрства набыла з боку Германіі, у якой з 1933 г. устанавіўся таталітарны палітычны рэжым на чале з Нацыянал-сацыялістычнай нямецкай рабочай партыяй, якую ўзначальваў Адольф Гітлер. Знешнепалітычнай мэтай дадзенага рэжыму было дасягненне Германіяй геапалітычнага панавання ў Еўропе (“Трэці рэйх”).

Напрыканцы 1930-х гг. у Еўропе склаліся тры асноўныя палітычныя блокі дзяржаў:

Германія, Італія і іх саюзнікі;

Англія, Францыя і іх саюзнікі;

СССР.

Удала выкарыстоўваючы міжнародныя супярэчнасці, нацысцкая Германія здолела на працягу 1938-1939 гг. далучыць да сваёй тэрыторыі Аўстрыю, Чэхію, Клайпедскі край Літвы.

23 жніўня 1939 г. Германія і СССР падпісалі дагавор аб узаемным ненападзенні, вядомы як “пакт Рыбентропа-Молатава”, названы так у адпаведнасці з прозвішчамі міністраў замежных спраў абедзвюх дзяржаў. Разам з пактам аб ненападзенні быў падпісаны сакрэтны дадатковы пратакол, паводле якога размяжоўваліся сферы ўплыву ў Еўропе. У германскую “сферу інтарэсаў” адыходзілі Францыя, Брытанія і іх афрыканскія калоніі, некаторыя іншыя заходнееўрапейскія краіны, Літва; у савецкую – Фінляндыя, Эстонія, Латвія, частка Румыніі і некаторыя іншыя тэрыторыі. Тэрыторыя Польскай дзяржавы размяжоўвалася на сферы ўплыву па лініі рэк Нарэў – Буг – Вісла – Сан.

1 верасня 1939 г. нацысцкая Германія распачала баявыя дзеянні супраць Польшчы. Польскія ўлады разлічвалі на дапамогу Англіі і Францыі, якія 3 верасня 1939 г. аб’явілі вайну Германіі. Так пачалася Другая сусветная вайна 1939-1945 гг. Германскія ўзброеныя сілы мелі вялікую перавагу ў колькасці салдат і баявой тэхнікі, а таму, нягледзячы на ўпартае супраціўленне польскага войска, хутка прасоўваліся па тэрыторыі Польшчы. На працягу верасня 1939 г. яны занялі большую частку польскай тэрыторыі, у тым ліку частку Заходняй Беларусі: 13 верасня быў захоплены Брэст. Найбольш працяглыя баі разгарнуліся каля Варшавы, якая была занята 28 верасня. Англія і Францыя не аказалі Польшчы істотнай дапамогі.

17 верасня 1939 г. з усходу на тэрыторыю Польскай Рэспублікі ўступіла савецкая Чырвоная армія. Афіцыйна СССР не аб’яўляў вайны Польшчы; у дыпламатычнай ноце польскаму паслу было заяўлена, што польскай дзяржавы фактычна ўжо не існуе, а таму Чырвонай арміі аддадзены загад перайсці мяжу з Польшчай, каб “узяць пад апеку беларускае і ўкраінскае насельніцтва”. На тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны ўступіла 470-тысячнае савецкае войска (да кастрычніка 1939 г. савецкія сілы налічвалі каля 1 млн. салдат). Прасоўванне Чырвонай арміі адбывалася хутка і амаль бесперашкодна. Паводле загаду Э. Рыдз-Сміглы, польскай арміі прадпісвалася не аказваць супраціўлення савецкім войскам. Тым не менш у некаторых месцах адбыліся баі (найбольш значны каля Гродна). Савецкае войска ўзяла ў палон каля 250 тыс. салдат і афіцэраў. Усяго падчас паходу Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну загінула па афіцыйных звестках 737 савецкіх салдат.

На пачатку кастрычніка 1939 г. польскія войскі канчаткова спынілі супраціўленне пад націскам германскай і савецкай армій. 25 верасня адбыўся сумесны парад савецкіх і германскіх войскаў у Брэсце. 28 верасня 1939 г. быў заключаны Дагавор аб дружбе і граніцы паміж Германіяй і СССР. Паводле яго, мяжа паміж абедзвюма краінамі ўстанаўлівалася па лініі рэк Піса – Нараў – Буг – Сан, г.зн. далей на ўсход ад той, што прадугледжвалася “пактам Рыбентропа – Молатава”. Узамен за гэта у прыкладзеным да дагавора сакрэтным пратаколе Германія адмаўлялася ад прэтэнзій на Літву, якая такім чынам пераходзіла ў савецкую зону ўплыву.

У выніку падзелу тэрыторыі Польскай дзяржавы Заходняя Беларусь апынулася пад кантролем Чырвонай арміі. Значная частка мясцовага насельніцтва прыхільна сустрэла яе прыход як вызваленне ад польскай улады. У некаторых месцах, асабліва на Палессі, Чырвонай арміі дапамагалі партызанскія атрады, якія фарміраваліся з мясцовых жыхароў. 10 кастрычніка 1940 г. кіраўніцтва СССР прыняла рашэнне аб перадачы Вільні і прылеглай да яе тэрыторыі Літве у абмен на ўвядзенне савецкіх войскаў на тэрыторыю гэтай дзяржавы.

22 кастрычніка 1939 г. былі праведзены выбары ў Народны сход Заходняй Беларусі, які павінен быў вызначыць будучы дзяржаўна-палітычны лад краю. Выбары праходзілі на савецкі ўзор, з удзелам загадзя вылучаных безальтэрнатыўных кандыдатаў пад кантролем Чырвонай арміі. 28-30 кастрычніка 1939 г. гэты сход адбыўся ў Беластоку. Народны сход прыняў дэкларацыі, у якіх абвяшчалася аб устанаўленні Савецкай улады, уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР, нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці і канфіскацыі памешчыцкіх зямель.

Сесіі Вярхоўных Саветаў СССР і БССР у лістападзе 1939 г. канчаткова замацавалі юрыдычнае ўваходжанне Заходняй Беларусі ў склад БССР і СССР. У выніку тэрыторыя БССР павялічылася са 125,5 да 225,7 тыс. кв.км, а насельніцтва – з 5 млн. 562 тыс. чалавек да 10 млн. 239 тыс.

Да канца 1940 г. у асноўным завяршылася фарміраванне органаў новай улады ў Заходняй Беларусі. Кіруючыя пасады займалі пераважна партыйныя работнікі з усходніх абласцей БССР і РСФСР. На працягу 1939 – 1941 гг. прыбыла ў Заходнюю Беларусь звыш 14 тыс. партыйных кадраў. Да 1941 г. захоўвалася дэмаркацыйная лінія паміж усходняй і заходняй часткамі БССР. Станаўленне органаў новай улады суправаджалася складваннем у Заходняй Беларусі тых рыс таталітарнага рэжыму, які сфарміраваўся у СССР. Былі ліквідаваны ўсе некамуністычныя палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі, незалежныя друкваныя выданні.

Палітыка бальшавіцкай улады ўключала ў сябе наступныя мерапрыемствы ў сацыяльна-эканамічнай і сацыяльна-культурнай галінах:

- нацыяналізацыя банкаў і амаль усёй прамысловасці;

- пачатак правядзення індустрыялізацыі савецкага ўзору (у 1940 г. аб’ём прамысловай прадукцыі Заходняй Беларусі павялічыўся у два разы ў параўнанні з 1938 г.);

- амаль поўная ліквідацыя беспрацоўя у выніку паскарэння прамысловага развіцця і накіравання часткі беспрацоўных на фабрыкі ўсходняй часткі БССР;

- канфіскацыя памешчыцкіх і асадніцкіх зямель і іх размеркаванне сярод бяднейшых сялян; пачатак стварэння калгасаў (на 1941 г. у калгасы было ўключана каля 7% сялянскіх гаспадарак);

- развіццё адукацыйнай і культурна-асветніцкай сферы (узрасла колькасць школ, адчынена 25 сярэдніх спецыяльных устаноў, 4 інстытуты і г.д.), правядзенне беларусізацыі адукацыі.

Дадзеныя мерапрыемствы былі накіраваны на стварэнне значнай сацыяльнай базы бальшавіцкай улады сярод насельніцтва далучаных да БССР зямель. У той жа час таталітарныя метады кіравання выклікалі незадаволенасць часткі насельніцтва. На тэрыторыі Заходняй Беларусі дзейнічалі польскія падпольныя арганізацыі, якія не прызнавалі далучэння Заходняй Беларусі да СССР і падпарадкоўваліся эмігранцкаму польскаму ўраду ў Лондане.

Для барацьбы з антыўрадавай дзейнасцю і ўмацавання сваёй улады бальшавікі праводзілі палітыку рэпрэсій. Адбываліся частыя арышты былых дзяржаўных і палітычных дзеячаў. На працягу 1939-1941 гг. па палітычных матывах было рэпрэсіравана каля 42 тыс. чалавек. У сакавіку 1940 і чэрвені 1941 гг. праводзіліся масавыя расстрэлы палітзняволеных. У красавіку-маі 1940 гг. у лясным масіве Катынь каля Смаленска было расстраляна каля 4,4 тыс. ваеннапалонных польскіх афіцэраў; падобныя расстрэлы адбываліся і ў некаторых іншых мясцовасцях Расіі і Украіны.

У 1940-1941 гг. бальшавіцкія ўлады правялі 4 прымусовыя дэпартацыі заходнебеларускага насельніцтва ва ўсходнія рэгіёны СССР (Сібір, Казахстан, Далёкі Усход). Сярод выселеных былі пераважна былыя дзяржаўныя служачыя, памешчыкі, асаднікі, духавенства, “буржуазныя элементы”, заможныя сяляне. Усяго дэпартавана звыш 100 тыс. чалавек.

Такім чынам, у выніку пачатку Другой сусветнай вайны ў 1939 г. землі Заходняй Беларусі былі далучаны да БССР і СССР. Фактычна ўся этнічная тэрыторыя Беларусі апынулася ў складзе аднаго дзяржаўнага ўтварэння. Заходняя Беларусь была ўключана ў савецкую дзяржаўна-палітычную і сацыяльна-эканамічную сістэму.




1   ...   22   23   24   25   26   27   28   29   ...   35


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка