Гісторыя Беларусі



старонка31/35
Дата канвертавання15.05.2016
Памер5.74 Mb.
1   ...   27   28   29   30   31   32   33   34   35

Асноўныя паняцці:

“Хрушчоўская адліга”, ХХ з’езд КПСС, Канстытуцыя СССР 1977 г., Канстытуцыя БССР 1978 г., “развіты сацыялізм”, савецкі народ, “эпоха застою”, індустрыяльная рэспубліка, навукова-тэхнічная рэвалюцыя, Савет народнай гаспадаркі БССР, эканамічная рэформа 1965 г., гаспадарчы разлік, урбанізацыя, навуковыя лабараторыі, навукова-вытворчыя аб’яднанні, перабудова, “курс на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця”, аварыя на Чарнобыльскай АЭС, галоснасць, з’езд народных дэпутатаў СССР, Беларускі народны фронт, сацыяльна-эканамічны крызіс 1989-1991 гг., Вярхоўны Савет ХІІ склікання, Дэмакратычны клуб, Закон аб мовах 1990 г., жнівеньскі путч, распад СССР.


Кантрольныя пытанні і заданні:

  1. Якія факты сведчаць пра працэс паступовай эвалюцыі таталітарнага рэжыму ў СССР да аўтарытарнага пасля смерці І. Сталіна?

  2. Што такое “хрушчоўская адліга”? Якія грамадска-палітычныя пераўтварэнні адбываюцца ў СССР і БССР у гэты перыяд?

  3. Якія можна вылучыць адрозненні грамадска-палітычнага жыцця ў БССР у другой палове 1960-х – першай палове 1980-х гг. у параўнанні з перыядам “хрушчоўскай адлігі”?

  4. Які сэнс укладваецца ў паняцце “эпоха застою”? Якія адметныя рысы вызначанага перыяду?

  5. Якім чынам у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. змяняюцца адносіны да праяў іншадумства ў грамадстве ў параўнанні з эпохай сталінізму?

  6. Падумайце, у якой ступені пашырыліся правы БССР на міжнароднай арэне ў параўнанні з часамі сталінізму і ў чым захавалася залежнасць ад саюзнай улады?

  7. Якія факты сведчаць пра пераўтварэнне БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. у індустрыяльную рэспубліку?

  8. Вызначце адрозненні ў правядзенні індустрыялізацыі ў БССР у перыяд сталінізму і ў другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.

  9. Якім чынам змяняецца структура прамысловасці БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.? Назавіце асноўныя галіны.

  10. Вызначце спецыялізацыю прамысловасці БССР разглядаемага перыяду ў агульнасаюзным падзеле працы. Падумайце, чым можа быць абумоўлена менавіта такая спецыялізацыя?

  11. Дайце характарыстыку гаспадарчых сувязяў прамысловых прадпрыемстваў БССР у межах СССР і знешнеэканамічных сувязяў.

  12. Якія змены адбываюцца ў развіцці транспартнай сістэмы БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.?

  13. Што такое навукова-тэхнічная рэвалюцыя? Якія асаблівасці ажыццяўлення навукова-тэхнічнай рэвалюцыі ў БССР і СССР? Якія можна вылучыць прычыны яе маруднага разгортвання?

  14. Ахарактарызуйце асноўныя рэформы ў прамысловасці БССР і СССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.

  15. Дайце агульную характарыстыку развіцця сельскай гаспадаркі БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1960-х гг.

  16. Якія змены ў развіццё сельскай гаспадаркі прынесла касыгінская эканамічная рэформа?

  17. Якія пераўтварэнні адбыліся ў сельскай гаспадарцы БССР у другой палове 1960-х – першай палове 1980-х гг.?

  18. Што такое ўрбанізацыя? Якія маштабы меў дадзены працэс ў БССР у разглядаемы перыяд? Якія яго прычыны?

  19. Якія змены адбываюцца ў сацыяльнай структуры грамадства ў БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.?

  20. Якія факты адлюстроўваюць паляпшэнне матэрыяльнага становішча працоўных у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.?

  21. Калі ў эканоміцы БССР і СССР з’яўляецца сітуацыя “застою”? Якія яе прыкметы і прычыны?

  22. Якія змены адбываюцца ў развіцці агульнаадукацыйнай школы ў БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.?

  23. Якія рысы мела развіццё сістэмы вышэйшай адукацыі ў БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.?

  24. Якія галіны навукі ў БССР дасягнулі найбольшых поспехаў у сваім развіцці ў другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.? Чым можна гэта патлумачыць?

  25. Якія тэндэнцыі характарызуюць развіццё мастацкай культуры ў другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.? Якія змены адбыліся ў дадзенай сферы ў параўнанні з часамі сталінізму?

  26. Што такое перабудова? Якімі фактарамі выклікана яе ажыццяўленне?

  27. Якія можна вылучыць этапы перабудовы ў СССР і БССР? Дайце іх кароткую характарыстыку.

  28. Што такое палітыка галоснасці? Якімі фактарамі было выклікана яе ўвядзенне? Да якіх сацыяльна-палітычных вынікаў яна прывяла?

  29. Калі ў СССР пачынаецца сістэмны сацыяльна-эканамічны крызіс? Якія яго праявы і прычыны? Якім чынам ён паўплываў на актывізацыю грамадска-палітычнага руху ў СССР і БССР?

  30. Калі быў сфарміраваны Вярхоўны Савет БССР ХІІ склікання? Ахарактарызуйце яго склад.

  31. Якія змены адбываюцца ў грамадска-палітычным жыцці БССР у 1990 – першай палове 1991 гг.?

  32. Што такое жнівеньскі путч? Да якіх сацыяльна-палітычных вынікаў у СССР і БССР прывяла яго ліквідацыя?


Тэмы дакладаў і рэфератаў:

  1. Рэабілітацыя ахвяр сталінізму ў БССР у перыяд “хрушчоўскай адлігі”.

  2. Удзел БССР у міжнародным жыцці ў другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.

  3. Навукова-тэхнічная рэвалюцыя ў БССР: асаблівасці ажыццяўлення.

  4. Касыгінская эканамічная рэформа і яе ўплыў на развіццё народнай гаспадаркі БССР.

  5. Урбанізацыя ў БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.

  6. Сістэма вышэйшай адукацыі ў БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.

  7. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС і яе вынікі.

  8. Станаўленне парламенцкай сістэмы ў БССР у 1989–1991 гг.



Тэма 24: Рэспубліка Беларусь на сучасным этапе развіцця

1. Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

2. Унутрыпалітычнае жыццё ў РБ у 1990-2000-я гг.

3. Знешняя палітыка РБ у 1990-2000-я гг.

4. Сацыяльна-эканамічнае развіццё РБ у 1990-2000-я гг.

5. Адукацыя, навука, культура ў 1990-2000-я гг.
24.1. Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Распад СССР абумовіў пытанне нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэння Беларусі. У межах палітычнай эліты БССР узнікалі рознагалоссі па пытанню аб ступені рэалізацыі суверэнітэту: урад БССР, парламенцкая большасць у Вярхоўным Савеце, кіраўніцтва КПБ выступалі за пашырэнне самастойнасці БССР у межах абноўленага Саюза; апазіцыя БНФ і блізкія да яе сілы з 1990 г. выступалі за поўную дзяржаўную незалежнасць Беларусі і выхад са складу СССР. Праблема дзяржаўнага самавызначэння абвастрылася пасля т.зв. “параду суверэнітэтаў” – абвяшчэння самастойнасці шэрагам саюзных рэспублік вясной – летам 1990 г.



27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце БССР. Згодна з Дэкларацыяй, на тэрыторыі рэспублікі абвяшчалася вяршэнства Канстытуцыі і законаў БССР, паўната ўлады рэспубліканскіх дзяржаўных органаў, самастойнасць і незалежнасць Беларусі ў міжнародных зносінах. Разам з тым абвяшчалася імкненне да захавання Саюза на новай аснове.

У канцы 1990 – першай палове 1991 гг. кіраўніцтва СССР і шэрагу саюзных рэспублік, уключаючы БССР, праводзілі падрыхтоўку для заключэння новага саюзнага дагавору. Былі падпісаны дагаворы аб супрацоўніцтве Беларусі ў розных сферах з іншымі саюзнымі рэспублікамі. Па ініцыятыве М. Гарбачова ў сакавіку 1991 г. у 9 з 15 рэспублік СССР, у тым ліку БССР, быў праведзены рэферэндум, на якім большасць грамадзян выказалася за захаванне Саюза ў абноўленым выглядзе.

Жнівеньскі путч 1991 г. у Маскве і яго правал паскорылі працэс распаду СССР і адначасова садзейнічалі больш рашучым крокам у накірунку абвяшчэння незалежнасці асобных саюзных рэспублік. 25 жніўня 1991 г. пятая нечарговая сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла Закон “Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР аб дзяржаўным суверэнітэце БССР” і пастанову “Аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці Беларускай ССР”. Фактычна Беларусь была абвешчана незалежнай дзяржавай. Ва ўласнасць рэспублікі перайшла агульнасаюзная маёмасць на тэрыторыі БССР.

26 жніўня 1991 г. была прыпынена дзейнасць КПСС-КПБ. Усе міністры ўрада на чале з В. Кебічам заявілі аб сваім выхадзе з партыі. Быў прыняты адпаведны закон аб дэпартызацыі органаў дзяржаўнай улады, прадпрыемстваў, арганізацый, нацыяналізацыі маёмасці КПБ-КПСС.

19 верасня 1991 г. на 6-й нечарговай сесіі Вярхоўнага Савета дэпутаты прынялі рашэнне перайменаваць БССР у Рэспубліку Беларусь (РБ). Тады ж былі абвешчаны новыя дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь – бела-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня”.

8 снежня 1991 г. у Белавежскай пушчы, у рэзідэнцыі “Віскулі” кіраўнікі Беларусі (С. Шушкевіч), Расійскай Федэрацыі (Б. Ельцын), Украіны (Л. Краўчук) падпісалі Пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). У ім абвяшчалася, што СССР як суб’ект міжнароднага права спыніў сваё існаванне. Тры дзяржавы аб’ядналіся ў СНД і запрасілі ўступаць у Садружнасць іншыя дзяржавы былога СССР. Да канца 1991 г. да СНД далучыліся яшчэ 8 рэспублік былога СССР (Арменія, Азербайджан, Казахстан, Узбекістан, Кыргызстан, Туркменістан, Таджыкістан, Малдова). 25 снежня 1991 г. СССР афіцыйна спыніў сваё існаванне.

У канцы 1991 – пачатку 1992 гг. быў нададзены статус дзяржаўных рэспубліканскім міністэрствам і ведамствам. Была створана самастойная беларуская армія. Міністэрства замежных спраў Беларусі распачало працу па ўстанаўленні дыпламатычных адносін з іншымі краінамі свету. На працягу кароткага часу Рэспубліка Беларусь была прызнана большасцю дзяржаў свету, у Мінску з’явіліся пасольствы і дыпламатычныя прадстаўніцтвы шэрагу дзяржаў.



Такім чынам, у выніку палітычнага крызісу і распаду СССР у 1990 – 1991 гг. на аснове БССР сфарміравалася незалежная дзяржава – Рэспубліка Беларусь. За кароткі час выключна мірным шляхам яна набыла ўсе асноўныя атрыбуты суверэннай дзяржаўнасці і набыла ўсеагульнае міжнароднае прызнанне.
24.2. Унутрыпалітычнае жыццё ў РБ у 1990-2000-я гг.

У сацыяльна-палітычным жыцці Рэспублікі Беларусь можна вылучыць два асноўныя перыяды:

1) перыяд парламенцкай рэспублікі (1991 – 1994 гг.);

2) перыяд прэзідэнцкай рэспублікі (з 1994 г.).

У 1991-1994 гг. Рэспубліка Беларусь уяўляла з сябе парламенцкую рэспубліку. Функцыянаванне дзяржаўнай улады адбывалася на аснове Канстытуцыі 1978 г. з прынятымі папраўкамі і дапаўненнямі. Вышэйшым органам заканадаўчай улады з’яўляўся Вярхоўны Савет. Яму належала права прыняцця законаў, ратыфікацыі міжнародных дагавораў, кантроль над усімі дзяржаўнымі структурамі. Старшыня Вярхоўнага Савета лічыўся афіцыйным кіраўніком дзяржавы. Вярхоўны Савет фарміраваў і ажыццяўляў кантроль за дзейнасцю Савета Міністраў, які быў вышэйшым органам выканаўчай улады. Таксама Вярхоўны Савет фарміраваў склад цэнтральных органаў судовай улады: Вярхоўнага Суда, Вышэйшага гаспадарчага суда. Аналагічная сістэма дзейнічала ў рэгіёнах: мясцовыя Саветы дэпутатаў фарміравалі мясцовыя выканаўчыя камітэты і суды.

У грамадска-палітычным жыцці гэтага перыяду адбываюцца наступныя працэсы:

- хуткае развіццё перыядычнага друку (найбольш масавымі выданнямі становяцца газеты “Народная газета”, “Советская Белоруссия”, “Рэспублбіка”, Звязда”);

- развіццё шматпартыйнасці: да 1994 г. было афіцыйна зарэгістравана 29 палітычных партый і 7 грамадска-палітычных рухаў (найбольш значнымі паліычнымі сіламі становяцца: рух БНФ “Адраджэнне”, Партыя камуністаў Беларусі, Аграрная партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада); разам з тым большасць партый мелі невялікі колькасны склад і не аказвалі ніякага ўплыву на грамадска-палітычнае жыццё;

- увядзенне спрошчаных форм выезду за мяжу;

- беларусізацыя ў розных сферах грамадскага жыцця.

На працягу 1992–1994 гг. Вярхоўны Савет стаў арэнай жорсткай палітычнай барацьбы розных груповак па пытаннях эканамічнага жыцця, вызначэння палітычнага ладу дзяржавы, знешняй палітыкі. У гэты перыяд у парламенце склаліся тры асноўныя палітычныя блокі:


    • “кансерватыўная” большасць, якая падтрымлівала ўрад В. Кебіча;

    • “дэмакратычная” апазіцыя БНФ і блізкія да яе дэпутацкія групы;

    • “цэнтрысцкая” група на чале з Аляксандрам Лукашэнкам.

Старшынёй Вярхоўнага Савета у верасні 1991 г. быў абраны Станіслаў Шушкевіч. У сваёй палітыцы ён спрабаваў лавіраваць паміж рознымі палітычнымі групоўкамі; аднак у выніку страціў давер як з боку праўрадавых сіл, так і апазіцыі. З 1993 г. выявіўся канфлікт паміж С. Шушкевічам і кіраўніцтвам Савета Міністраў. У студзені 1994 г. депутаты адклікалі С. Шушкевіча з пасады Старшыні Вярхоўнага Савета і абралі на яе прадстаўніка парламенцкай большасці Мечыслава Грыба.

Асноўныя рознагалоссі паміж палітычнымі сіламі разгарнуліся паводле пытання аб прыняцці новай Канстытуцыі. Парламенцкая большасць і цэнтрысці блок адстойвалі ідэю фарміравання прэзідэнцкай рэспублікі. Апазіцыя БНФ настойвала на захаванні асноў парламенцкай рэспублікі.



15 сакавіка 1994 г. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў новую Канстытуцыю — Асноўны закон Рэспублікі Беларусь. Паводле Канстытуцыі, Беларусь абвяшчалася ўнітарнай дэмакратычнай сацыяльнай дзяржавай. У Канстытуцыі зафіксаваны шырокія грамадзянскія і палітычныя правы і свабоды грамадзян. Асноўны закон зафіксаваў прынцып падзелу ўлад на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Уводзілася пасада прэзідэнта, які абвяшчаўся галавой дзяржавы і кіраўніком выканаўчай улады; яму надавалася права фарміравання ўрада і кантролю за асноўнымі дзяржаўнымі структурамі. Разам з тым захоўваліся значныя правы Вярхоўнага Савета, у тым ліку права зацвярджэння ўрада, фарміравання складу вышэйшых органаў судовай улады, манаполія на прыняцце дзяржаўных законаў. Уводзіўся новы вышэйшы орган судовай улады – Канстытуцыйны Суд, які фарміраваўся Вярхоўным Саветам. Выбары першага прэзідэнта былі прызначаны на 19чэрвеня 1994 г.

Кандыдатамі на пасаду прэзідэнта былі вылучаны шэсць чалавек. Асноўнымі канкурэнтамі лічыліся прэм’ер-міністр В.Кебіч і дэпутат А. Лукашэнка. Шырокую падтрымку сярод грамадзян знайшла перадвыбарная праграма А. Лукашэнкі. У ёй акцэнт рабіўся на пераадоленне эканамічнага крызісу, сацыяльную справядлівасць, барацьбу з карупцыяй, павышэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва і г.д. Пераможцам першага тура выбараў 19 чэрвеня стаў А. Лукашэнка, які набраў 45% галасоў. В. Кебіча, хаця ён і выйшаў у другі тур, падтрымала толькі 17,4% выбаршчыкаў. У наступным туры выбараў, які адбыўся 10 ліпеня, амаль 80% выбаршчыкаў першым Прэзідэнтам Беларусі абралі Аляксандра Лукашэнку.

20 ліпеня 1994 г. адбылося ўступленне на пасаду прэзідэнта А. Лукашэнкі. З гэтага часу пачынаецца пераход Рэспублікі Беларусь да прэзідэнцкай рэспублікі. Па ініцыятыве прэзідэнта быў сфарміраваны новы Савет Міністраў, зацверджаны Вярхоўным Саветам, на чале з Міхаілам Чыгіром. Да пачатку 1995 г. была створана падпарадкаваная прэзідэнту строга цэнтралізаваная сістэма дзяржаўнага кіравання – так званая “вертыкаль”. У 1994 г. быў таксама сфарміраваны вышэйшы орган судовай улады – Канстытуцыйны Суд РБ.

Палітыка прэзідэнта выклікала новае размежаванне грамадска-палітычных сіл. У апазіцыю перайшлі БНФ і блізкія да яе палітычныя групоўкі, а таксама частка былой парламенцкай большасці Вярхоўнага Савета на чале з М. Грыбам. Важным этапам барацьбы паміж урадавымі коламі і апазіцыяй сталі парламенцкія выбары, прызначаныя на 14 мая 1995 г. Прэзідэнт ініцыіраваў правядзенне ў адзін дзень з парламенцкімі выбарамі рэспубліканскага рэферэндуму, які прадугледжваў 4 пытанні:

- аб наданні рускай мове статусу дзяржаўнай нароўні з беларускай;

- аб увядзенні новых дзяржаўных сімвалаў (сцяга і герба) Рэспублікі Беларусь;

- аб ухваленні курсу на эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй;

- аб унясенні змяненняў у Канстытуцыю, якія прадугледжвалі магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета прэзідэнтам у выпадках сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі. Па ўсіх чатырох пытаннях большасць грамадзян станоўча адказалі на пытанні рэферэндума.

У студзені 1996 г. пачаў дзейнасць абраны ў маі – снежні 1995 г. Вярхоўны Савет ХІІІ склікання. У парламенце разгарнулася вострая палітычная барацьба паміж прыхільнікамі ўлады (фракцыя “Згода”) і прыхільнікамі апазіцыі, якая ўключала ў сябе прадстаўнікоў Партыі камуністаў, Аграрнай партыі, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) і інш. У чэрвені 1996 г. прэзідэнт унёс у Вярхоўны Савет прапанову аб рэферэндуме, галоўным пытаннем якога павінна было стаць прыняцце новай рэдакцыі Канстытуцыі, згодна з якой значна ўзмацнялася ўлада прэзідэнта і змяншалася ўлада парламента. Прадугледжваліся таксама дадатковыя пытанні:

- перанясенне нацыянальнага свята Дня незалежнасці з 27 ліпеня (дзень абвяшчэння суверэнітэту ў 1990 г.) на 3 ліпеня (дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 г.);

- права свабоднай куплі-продажу зямлі;

- адмена смяротнага пакарання.

Падрыхтоўка да рэферэндума абумовіла абвастрэнне палітычнай канфрантацыі. Апазіцыя ў Вярхоўным Савеце, а таксама Канстытуцыйны Суд спрабавалі абгрунтаваць незаконнасць дадзенага рэферэндума, а таксама арганізаваць імпічмент прэзідэнту ў парламенце; адбываліся дэманстрацыі і сутычкі з міліцыяй прыхільнікаў апазіцыі. Напярэдадні рэферэндума апазіцыю падтрымалі прэм’ер-міністр М. Чыгір і некаторыя іншыя міністры, якія падалі ў адстаўку. У дадзеных умовах 24 лістапада 1996 г. адбыўся другі рэспубліканскі рэферэндум. За прыняцце новай рэдакцыі Канстытуцыі са змяненнямі і дапаўненнямі прагаласавалі каля 70% грамадзян, унесеных у спісы для галасавання.

У адпаведнасці з новай рэдакцыяй Канстытуцыі Беларусь пераўтваралася ў прэзідэнцкую рэспубліку з шырокімі паўнамоцтвамі кіраўніка дзяржавы. Прэзідэнт з’яўляецца кіраўніком дзяржавы, прызначае ўсіх вышэйшых службовых асоб, фарміруе ўрад, падпісвае законы, мае права выдання асобых актаў заканадаўчага характару – дэкрэтаў. На чале заканадаўчай улады ствараўся двухпалатны парламент — Нацыянальны сход, які складаецца з Палаты прадстаўнікоў (110 дэпутатаў, абраных насельніцтвам) і Савета Рэспублікі (64 дэпутаты; з іх па 8 абіраюцца ад кожнай вобласці і г. Мінска і 8 прызначаюцца прэзідэнтам). Палата прадстаўнікоў рыхтуе праекты законаў і прымае іх; Савет Рэспублікі зацвярджае ці адмяняе гэтыя законапраекты. Захавалася права парламента зацвярджэння або вызвалення з пасадаў членаў Савета міністраў. Змяняецца парадак фарміравання Канстытуцыйнага Суда: з ліку 12 суддзяў 6 прызначаюцца прэзідэнтам, 6 – Саветам Рэспублікі.

У выніку змяненняў у Канстытуцыю Вярхоўны Савет ХІІІ склікання быў распушчаны. З ліку 110 яго дэпутатаў, якія падтрымалі вынікі рэферэндуму, была сфарміравана Палата прадстаўнікоў І склікання. Апазіцыя адмовілася прызнаваць вынікі рэферэндуму.

Пасля падзей 1996 г. адбываецца паслядоўная стабілізацыя і цэнтралізацыя дзяржаўнай улады. У выніку выбараў у Палату прадстаўнікоў ІІ, ІІІ і ІV склікання ў 2000, 2004 і 2008 гг. у склад парламента ўваходзілі амаль выключна прыхільнікі ўлады. У верасні 2001 г. прэзідэнт А. Лукашэнка быў пераабраны на другі тэрмін у выніку першага туру выбараў. 17 кастрычніка 2004 г. адначасова з парламенцкімі выбарамі праходзіў рэспубліканскі рэферэндум аб зменах у Канстытуцыі, якія адмянялі абмежаванне на права займання адной асобай пасады прэзідэнта двума тэрмінамі. Большасць грамадзян падтрымалі дадзеныя змены. На выбарах прэзідэнта ў сакавіку 2006 г. і снежні 2010 г. у адпаведнасці з новымі зменамі ў Канстытуцыі А.Лукашэнка ў трэці і чацвёрты разы балатаваўся на пасаду прэзідэнта і ў абодвух выпадках атрымаў перамогу ў першым туры выбараў.

Пад кіраўніцтвам А. Лукашэнкі ў гэты перыяд змяняецца некалькі складаў Савета міністраў, які ўзначальвалі С. Лінг (1997–2000), А. Ярмошын (2000–2001), Г. Навіцкі (2001–2003), С. Сідорскі (2004–2010), М. Мясніковіч (з 2010 г.).

Такім чынам, у грамадска-палітычным жыцці Рэспублікі Беларусь у 1990-2000-я гг. вылучаюцца два этапы, звязаныя з функцыянаваннем парламенцкай і прэзідэнцкай рэспублікі. З сярэдзіны 1990-х гг. назіраецца паступовая стабілізацыя і цэнтралізацыя дзяржаўна-палітычнай улады ў межах развіцця інстытутаў прэзідэнцкай рэспублікі на аснове Канстытуцыі РБ са зменамі і дапаўненнямі 1996 г.
24.3. Знешняя палітыка РБ у 1990-2000-я гг.

3 прыняццем Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР рэспубліка стала паступова пераходзіць да самастойнага ажыццяўлення знешнепалітычнай дзейнасці. Рэспубліка Беларусь на 2004 г. мела дыпламатычныя адносіны з 160 краінамі свету. У Мінску на гэты год знаходзіліся дыпламатычныя прадстаўніцтвы 35 краін, а таксама 8 консульстваў і 12 прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый. Ад пачатку свайго існавання кіраўніцтва Беларусі абвясціла бяз’ядзерны і нейтральны міжнародны статус дзяржавы, а знешнюю палітыку шматвектарнай.

Беларусь пашырыла свой удзел у арганізацыях сістэмы ААН, з’яўляецца членам 13 спецыялізаваных устаноў ААН. У краіне дзейнічае нацыянальная Камісія Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА. Беларусь актыўна ўдзельнічае ў працы такіх функцыянальных органаў ААН як Еўрапейская эканамічная камісія, Дзіцячы фонд ААН, Канферэнцыя Аб’яднаных Нацый па гандлі і развіцці і інш. У 1992 г. Беларусь уступіла ў Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця, Міжнародны валютны фонд, Міжнародную фінансавую карпарацыю, Міжнароднае агенцтва па гарантыях інвестыцый, якое ўваходзіць у групу Сусветнага банка; атрымала статус назіральніка ў Сусветнай гандлёвай арганізацыі, створанай у 1995 г. У Мінску былі адкрыты прадстаўніцтвы шэрагу ўплывовых міжнародных арганізацый.

Сучаснае міжнароднае жыццё вызначае працэс глабалізацыі – фарміравання адзінай глабальнай сусветнай прасторы. У гэтых умовах знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь грунтуеца на прынцыпах шматвектарнасці, развіцця усебаковых сувязяў з рознымі дзяржавамі.

Разам з тым прыярытэтным накірункам знешняй палітыкі выступае развіццё супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй і краінамі СНД. Паводле пагаднення аб утварэнні СНД у снежні 1991 г. прадугледжвалася развіццё раўнапраўнага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц у галіне палітыкі, эканомікі, культуры і інш. Афіцыйным месцам знаходжання каардынацыйных органаў СНД быў вызначаны Мінск. У Мінску праходзілі пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў-удзельнікаў Садружнасці. 22 студзеня 1993 г. у Мінску быў абмеркаваны і прыняты Статут СНД. Рэгулярна ў сталіцы СНД адбываюцца пасяджэнні кіраўнікоў урадаў, міністэрстваў і ведамстваў краін Садружнасці. 3 1993 г., у адпаведнасці са Статутам, у Мінску размяшчаўся Выканаўчы сакратарыят СНД, з 1999 г. замест яго Выканаўчы камітэт СНД. Гэты міжнародны орган распрацоўвае праекты дакументаў, садзейнічае рэалізацыі сумесных праграм, арганізуе дзейнасць больш як 20 органаў галіновага супрацоўніцтва. Таксама ў Мінску знаходзіцца Эканамічны суд СНД, створаны ў 1994 г., які разглядае справы аб тлумачэнні актаў Садружнасці, забеспячэнні сацыяльна-эканамічных правоў грамадзян, што пражываюць на тэрыторыі дзяржаў СНД і г.д.

З сярэдзіны 1990-х гг. прыкметна актывізуецца супрацоўніцтва з Расіяй у выніку прынятага кіраўніцтвам дзяржаў курсу на ўзаемную міждзяржаўную інтэграцыю. У 1995 г. прэзідэнты дзвюх краін А. Лукашэнка і Б. Ельцын падпісалі Дагавор аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве тэрмінам на 10 гадоў. У маі 1995 г. ліквідавана мытная мяжа паміж дзвюма дзяржавамі. У далейшым быў падпісаны шэраг дакументаў, накіраваных на паглыбленне міждзяржаўнай інтэграцыі:



Дагавор аб стварэнні супольнасці суверенных рэспублік Беларусі і Расіі (2 красавіка 1996 г.);

Дагавор аб Саюзе Беларусі з Расіяй (2 красавіка 1997 г.);

Дэкларацыя аб аб’яднанні Беларусі з Расіяй у Саюзную дзяржаву. (25 снежня 1998 г.)

Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі (8 снежня 1999 г.).

Паводле дадзеных актаў, прадугледжвалася ўзгадненне пазіцый дзвюх дзяржаў па міжнародных пытаннях, узаемадзеянне па захаванню бяспекі, ахове межаў і барацьбе са злачыннасцю. Захоўваючы атрыбуты суверэнітэту, дзяржавы выходзілі на сумеснае будаўніцтва структур, якія мелі агульную заканадаўчую базу. Былі сфарміраваны Вышэйшы Савет, Выканаўчы камітэт, Парламенцкі сход, Мытны камітэт, Расійска-Беларуская камісія па навукова-тэхнічнаму супрацоўніцтву і некаторыя іншыя сумесныя арганізацыі. Планавалася стварэнне агульнай транспартнай сістэмы з адзінымі тарыфамі па перавозках грузаў і пасажыраў, адзінай энергасістэмы, навукова-тэхнічнай і інфармацыйнай прасторы, сінхранізацыя эканамічных рэформаў, стварэнне адзінай нарматыўна-прававой базы, уніфікацыя грашова-крэдытных і бюджетных сістэм.

На практыцы інтэграцыйныя пагадненні не заўсёды рэалізоўваліся. Галоўнай прычынай гэтага з’яўляюцца розныя падыходы да інтэграцыі кіраўніцтва дзяржаў. Беларускі бок настойвае на раўнапраўным саюзе дзвюх суверэнных дзяржаў. З боку расійскіх палітычных эліт нярэдка гучалі прапановы ўваходжання Беларусі ў склад Расіі, альбо паніжэння статуса Беларусі ў складзе Саюза. Праблемы ўзнікаюць таксама ў эканамічнай сферы паводле такіх пытанняў як ліквідацыя мытных бар’ераў, пастаўкі расійскіх энерганосьбітаў і сыравіны ў Беларусь і іх далейшы транзіт і рээкспарт у Цэнтральную і Заходнюю Еўропу, стварэнне адзіных умоў для суб’ектаў гаспадарання абедзвюх краін і г.д.

Кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь прытрымліваецца тактыкі рознаўзроўневай інтэграцыі на постсавецкай прасторы. У сакавіку 1996 г. быў падпісаны дагавор аб паглыбленні эканамічнай інтэграцыі чатырох краін – Расіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, да якіх пазней далучыўся Таджыкістан (ЕўразЭС). У 2003 г. створана арганізацыя рэгіянальнай інтэграцыі, у якую ўвайшлі Расія, Беларусь, Украіна, Казахстан. Гэтыя краіны заявілі аб імкненні стварыць зону свабоднага гандлю і падпісалі Пагадненне аб фарміраванні Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП).

Важным накірункам у знешняй палітыцы Рэспублікі Беларусь з’яўляецца ўстанаўленне ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з краінамі Еўрапейскага Саюза. Аднак у другой палове 1990-х – першай палове 2000-х гг. адносіны паміж бакамі мелі супярэчлівы характар з прычыны негатыўнай ацэнкі удзельнікамі ЕС палітычнай сітуацыі ў Беларусі. З 2007 – 2008 гг. назіраецца прыкметнае паляпшэнне адносін. З 2009 г. Беларусь разам з Украінай, Малдовай, Арменіяй і Азербайджанам была ўключана ў рэалізацыю праграмы “Ўсходняе партнёрства”, накіраваную на паглыбленне кантактаў краін Еўрасаюза з усходнімі суседзямі.

Беларусь актыўна супрацоўнічае з многімі краінамі Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Асаблівае цеснае супрацоўніцтва ўстаноўлена з такімі дзяржавамі як Кітай, Індыя, Іран, Сірыя, Венесуэла.

Актыўна развіваюцца міжнародныя сувязі Беларусі ў эканамічнай сферы, у такіх галінах як навука, культура. Важным напрамкам міжнароднай дзейнасці Беларусі з’яўляецца супрацоўніцтва па чарнобыльскіх праблемах.

Такім чынам, у 1990-2000-я гг. Рэспубліка Беларусь становіцца самастойным суб’ектам міжнародных адносін. У знешняй палітыцы беларускія ўлады дэкларуюць імкненне да захавання суверэнітэту пры ўсебаковым супрацоўніцтве з рознымі дзяржавамі (шматвектарны курс), забяспечваюць статус Беларусі як нейтральнай дзяржавы. Прыярытэтнымі накірункамі знешняй палітыкі выступаюць супрацоўніцтва з Расіяй і краінамі СНД, а таксама збліжэнне з краінамі Еўрапейскага Саюза.




1   ...   27   28   29   30   31   32   33   34   35


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка