Гісторыя Беларусі



старонка9/35
Дата канвертавання15.05.2016
Памер5.74 Mb.
1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   ...   35

Асноўныя паняцці:

Люблінская унія, Рэч Паспалітая, элекцыйная манархія, кароль, “пакта канвента”, “Генрыкавы артыкулы”, Вальны сойм, Сенат, Пасольская ізба, лібэрум вета, канстытуцыя (ухвала), бескаралеўе, канвакацыйны сойм, элекцыйны сойм, соймік, Галоўны соймік ВКЛ, Трыбунал ВКЛ, Статут ВКЛ 1588 г., шляхецкая дэмакратыя, палітычны народ, магнацкая алігархія, кліентэла, канфедэрацыя, рокаш.


Кантрольныя пытанні і заданні:

  1. Укажыце асноўныя прычыны заключэння Люблінскай уніі.

  2. Якім чынам розныя групоўкі пануючага саслоўя ў ВКЛ успрымалі ідэю уніі з Польшчай? Чым можна растлумачыць падобныя пазіцыі.

  3. Якія тэрыторыі адышлі да Польшчы ў 1569 г.? Падумайце, чаму шляхта дадзеных тэрыторый пазітыўна ўспрыняла дадзеныя змены?

  4. Якія асноўныя палажэнні прадугледжвала Люблінская унія?

  5. Які статус ВКЛ мела ў складзе Рэчы Паспалітай? Якія з’явы сведчылі пра захаванне дзяржаўнай самастойнасці ВКЛ?

  6. Што такое элекцыйная манархія? Як Вы лічыце, чаму менавіта ў Рэчы Паспалітай склалася такая сістэма дзяржаўна-палітычнага ладу?

  7. Падумайце, чаму на каралеўскі трон у Рэчы Паспалітай абіраліся пераважна прадстаўнікі замежных дынастый?

  8. Што такое “пакта канвента” і “Генрыкавы артыкулы”? Якім чынам гэтыя дакументы абмяжоўвалі каралеўскую ўладу?

  9. Што такое канфедэрацыя і рокаш?

  10. Вызначце асноўныя функцыі вальнага сойму? Якой была структура дадзенага органа ўлады?

  11. Якія функцыі выконваў Сенат? Якім чынам ён фарміраваўся?

  12. Якім чынам фарміравалася Пасольская ізба? Што такое пасольскія інструкцыі?

  13. Апішыце ў асноўных рысах ход пасяджэнняў вальных соймаў Рэчы Паспалітай? Што такое канстытуцыі сойму?

  14. Што такое лібэрум вета? Якія наступствы выкарыстанне гэтага права мела для развіцця парламенцкай сістэмы Рэчы Паспалітай?

  15. Якую ролю ў грамадска-палітычным жыцці Рэчы Паспалітай мелі бескаралеўі?

  16. Што такое Галоўны соймік ВКЛ? Калі ён склікаўся і якія меў функцыі?

  17. Вызначце характар фарміравання і кампетэнцыю Трыбунала ВКЛ?

  18. Якія дасягненні палітыка-прававой думкі зафіксаваў Статут ВКЛ 1588 г.? Якія палажэнні Статута падкрэслівалі самастойнасць ВКЛ?

  19. Што такое шляхецкая дэмакратыя? Якія правы і прывілеі шляхты падкрэслівалі яе выключнае месца ў сацыяльна-палітычным жыцці РП?

  20. Якім чынам у сацыяльна-палітычным жыцці ВКЛ сфарміравалася магнацкая алігархія?

  21. Назавіце імёны каралёў Рэчы Паспалітай апошняй трэці 16 – першай паловы 17 стст.?

  22. Вызначце асноўныя накірункі ўнутранай і знешняй палітыкі ВКЛ падчас каралявання Стэфана Баторыя.

  23. Ахарактарызуйце ўнутраную палітыку Жыгімонта Вазы. Якія сацыяльныя праблемы выявіліся ў ВКЛ у канцы 16 – першай палове 17 стст.?

  24. З якімі краінамі Рэч Паспалітая вяла войны падчас каралявання Жыгімонта Вазы?

  25. Паспрабуйце вызначыць месца і ролю Рэчы Паспалітай у сістэме міжнародных адносін канца 16 – першай паловы 17 стст.


Тэмы дакладаў і рэфератаў:

  1. Соймікі ВКЛ: гісторыя фарміравання, сістэма функцыянавання.

  2. Статут ВКЛ 1588 г.: агульная характарыстыка.

  3. Генеральныя з’езды шляхты ВКЛ: фарміраванне і эвалюцыя інстытуту.

  4. Сістэма кліентэлы ў шляхецкім асяроддзі ВКЛ.

  5. Палітыка ВКЛ у Інфлянтах (канец 16 – пачатак 17 стст.).

  6. Паўстанне казакаў пад кіраўніцтвам С. Налівайкі.

  7. Рокаш 1606-1609 гг. М. Зэбжыдоўскага – Я. Радзівіла.

  8. Удзел шляхты ВКЛ у “Смуце” ў Маскоўскай дзяржаве.



Тэма 7: Грамадска-палітычнае развіццё ВКЛ у складзе

Рэчы Паспалітай (апошняя трэць 16 – першая палова 17 стст.). Падзелы Рэчы Паспалітай.

1. Сацыяльна-палітычны крызіс у ВКЛ у другой палове 17 ст.

2. ВКЛ у перыяд праўлення Саксонскай дынастыі (1697 – 1763).

3. Палітычны крызіс у апошняй трэці 18 ст. Падзелы Рэчы Паспалітай.
7.1. Сацыяльна-палітычны крызіс у ВКЛ у другой палове 17 ст.

У другой палове 17 ст. Рэч Паспалітая трапляе ў стан палітычнага крызісу, які быў выкліканы шэрагам сацыяльна-палітычных прычын:

- Барацьба за ўладу паміж рознымі магнацкімі групоўкамі; дэзарганізацыя дзейнасці цэнтральнай улады, недзеяздольнасць дзяржаўнага апарату.

- Рэлігійная праблема: барацьба паміж рознымі рэлігійнымі канфесіямі. Ва ўмовах нарастання контррэфармацыйнага руху прадстаўнікі некаталіцкіх канфесій пачынаюць шукаць падтрымку за мяжой.

- Казацкая праблема: казакі патрабавалі для сябе павелічэння сацыяльна-палітычных правоў і прывілеяў.

- Нарастанне супярэчнасцяў паміж шляхтай і непрывілеяванымі станамі (сялянствам, мяшчанствам) ва ўмовах узмацнення феадальнай эксплуатацыі.

Пачаткам палітычнага крызісу стала казацкая вайна 1648 – 1653 гг. Казацтва, якое выконвала функцыі абароны паўднёвых межаў Рэчы Паспалітай ад набегаў крымскіх татар, вельмі хутка колькасна павялічвалася. Цэнтрам казацтва становіцца Запарожская Сеч у Ніжнім Падняпроўі. Сеч вельмі хутка стала месцам масавага прыцягнення сялян–уцекачоў і авантурыстаў з розных рэгіёнаў Рэчы Паспалітай. Казацкая супольнасць адкрытым галасаваннем абірала сабе гетмана і іншых вайсковых кіраўнікоў. Запарожскія казакі не толькі абараняліся ад татар, але рабілі набегі на землі Крымскага ханства і Асманскай імперыі. Яны адыгрывалі важную ролю ў войсках Рэчы Паспалітай у войнах першай паловы 17 ст. са Швецыяй, Масковіяй, Асманскай імперыяй. Сярод казацтва існавалі дзве асноўныя сацыяльныя групы: рэестравыя казакі, якія афіцыйна знаходзіліся на службе Рэчы Паспалітай і атрымлівалі за гэта грашовую ўзнагароду, і казацкая галота, якая не мела афіцыйнага статусу.

Паступова паміж казацтвам і сацыяльна-палітычнай элітай Рэчы Паспалітай нарасталі супярэчнасці. Казацкая вярхушка патрабавала колькаснага павелічэння рэестравага казацтва, павышэння аплаты за сваю службу, надання новых прывілеяў. Перыядычна гэтыя супярэчнасці выяўляліся ў лакальных казацкіх паўстаннях. У сваіх палітычных мэтах казацтва выкарыстоўвала рэлігійны канфлікт у Рэчы Паспалітай, выступаючы ў якасці абаронцаў праваслаўя. Узмацненне феадальнай эксплуатацыі ў другой палове 16 – першай палове 17 стст., асабліва ва Ўкраіне, прыводзіла да падтрымкі казацтва сярод сялян і гарадскога плебсу, масавага “паказачвання” сялян, якія ўцякалі ад прыгону.

Такім чынам, прычынамі казацкай вайны сталі:

- імкненне казацкай вярхушкі да ўзвышэння свайго сацыяльнага статусу;

- узмацненне феадальнай эксплуатацыі;

- рэлігійныя супярэчнасці.

Вясной 1648 г. пачалося казацкае паўстанне ў Запарожскай Сечы. Па часе яно супала са смерцю Ўладыслава Вазы і абраннем каралём яго малодшага брата Яна Казіміра Вазы (1648 – 1668). Казацкае паўстанне ўзначаліў гетман Багдан Хмяльніцкі. У 1648-1649 гг. казацкае войска ў саюзе з Крымскім ханствам заняла большую частку тэрыторыі Ўкраіны. Ва ўмовах вайны з Польшчай казацкае кіраўніцтва на чале з Б.Хмяльніцкім для пашырэння свайго ўплыву накіроўвала казацкія атрады – загоны – на тэрыторыю ВКЛ. Летам – восенню 1648 г. казацкія загоны захапілі шэраг гарадоў на поўдні ВКЛ: Рэчыцу, Мазыр, Кобрын, Берасце, Пінск, Бабруйск і г.д. На баку казакаў, як правіла, выступалі гарадскі плебс, праваслаўнае духавенства, частка сялянства. У той жа час казакі жорстка вынішчалі рымска-каталіцкае і ўніяцкае духавенства, асабліва езуітаў, каталіцкую шляхту і яўрэяў.

У канцы 1648 – першай палове 1649 гг. войска ВКЛ на чале з Янушам Радзівілам выгнала казакаў з занятых імі гарадоў; праводзіліся жорсткія рэпрэсіі ў дачыненні казакаў і тых, хто іх падтрымліваў (так, у выніку штурму Пінска загінула каля 3 тыс. чалавек). У ліпені 1649 г. паводле загаду Б. Хмяльніцкага на тэрыторыю ВКЛ быў накіраваны новы буйны загон на чале з М. Крычэўскім. Аднак у бітве пад Лоевам 31 ліпеня 1649 г. пры спробе пераправы праз Днепр ён быў разбіты войскамі Я. Радзівіла.

У жніўні 1649 г. паміж Польскім каралеўствам і казацтвам было заключана перамір’е, паводле якога Польшча прызнавала існаванне аўтаномнай казацкай дзяржавы на тэрыторыі Ўкраіны, павялічвалася рэестравае казацкае войска. Аднак захаванне супярэчнасцяў прывяло да ўзнаўлення вайны ў красавіку 1651 г. У ВКЛ былі пасланы новыя казацкія загоны. Казакі захапілі Крычаў; аднак, у бітве каля Лоева 6 ліпеня 1651 г. яны зноў былі разгромлены войскам ВКЛ. У гэты час казацкае войска Б. Хмяльніцкага ў чэрвені-ліпені 1651 г. у выніку адыходу крымскіх татараў пацярпела паражэнне ва Ўкраіне пад Берастэчкам. Адначасова войска Я. Радзівіла 8 жніўня 1651 г. заняло Кіеў. Гэтыя падзеі вымусілі казацкае кіраўніцтва да заключэння новага перамір’я, якое, аднак, таксама не было трывалым. На тэрыторыі Ўкраіны ваенныя дзеянні працягваліся ў 1652 – 1653 гг. На тэрыторыі ВКЛ у гэты час загонаў не было; разрозненныя праказацкія выступленні падаўляліся шляхтай.

У студзені 1654 г. украінскае казацтва заключае палітычны саюз з Маскоўскай дзяржавай, паводле якога яно на аўтаномных пачатках прызнавала ўладу маскоўскага цара. Дадзеная падзея азначала пачатак вайны паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай. Абапіраючыся на падтрымку казацтва, улады Масковіі заявілі аб прэтэнзіях на ўладаранне над землямі ВКЛ.



Вайна Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай 1654-1667 гг. мела два этапы:

1) 1654 – 1656 гг.;

2) 1658 – 1667 гг.

У пачатку 1654 г. аб’яднаныя маскоўска-казацкія войскі пачынаюць вайну супраць Рэчы Паспалітай. Казакі вялі вайну пераважна супраць Польшчы; маскоўскае войска сканцэнтравала асноўныя сілы супраць ВКЛ. Вясной 1654 г. маскоўскія ўлады сканцэнтравалі на мяжы з ВКЛ 3 арміі агульнай колькасцю каля 160 тыс. чалавек пры падтрымцы 20-тысячнага казацкага войска. Ім супрацьстаяла каля 30 тыс. апалчэнцаў і наёмнікаў войска ВКЛ. Перад пачаткам наступлення царскія дыпламаты абяцалі, што захаваюць шляхце Рэчы Паспалітай іх правы і прывілеі, а простаму народу абяцалі захоўваць дысцыпліну войска і законнасць. Разыгрываючы рэлігійную карту, было заяўлена аб тым, што ”ляхам і жыдам не быць” і гарантавалася абарона праваслаўя.

Ваенныя дзеянні пачаліся ў маі 1654 г. Нягледзячы на дастаткова паспяховую манеўраную вайну войска Я. Радзівіла і перамогу пад Шкловам, маскоўска-казацкае войска паспяхова ажыццяўляла наступленне. Да канца 1654 г. яно захапіла ўсё Падзвінне і Падняпроўе (Магілёў, Віцебск, Полацк, Смаленск, Рэчыца, Гомель). Зімой 1654–1655 г. войскі ВКЛ няўдала спрабавалі арганізаваць контрнаступленне. Падчас наступнай кампаніі вясной – летам 1655 г. маскоўска-казацкія войскі занялі ўсю тэрыторыю ВКЛ, акрамя Быхава, Слуцка, Берасця, Пінска, Жамойці, Вількамірскага, Упіцкага, Браслаўскага павета. 31 ліпеня 1655 г. была захоплена Вільня. Маскоўскім царом Аляксеем Міхайлавічам Раманавым было абвешчана аб анексіі тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага.

Гарады і населеныя пункты, якія маскоўскім войскам прыходзілася браць штурмам, вынішчаліся (Мсціслаў). Шляхта і гарады, што не ўдзельнічалі ў ваенных дзеяннях супраць Масковіі, часткова захоўвалі свае правы і прывілеі. Пануючы статус набывала праваслаўная царква. Забаранялася дзейнасць уніяцкай царквы, а таксама пратэстантаў і іудзеяў, істотна абмяжоўваліся правы рымска-каталіцкай царквы.

Ва ўмовах ваенных паражэнняў Рэчы Паспалітай у вайне з Масковіяй у 1655 г. шведскае войска ўварвалася на яе тэрыторыю і за кароткі час захапіла большую частку Польшчы, а таксама Жамойць, што паклала пачатак вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1655 – 1660 гг. У кастрычніку 1655 г. частка шляхты ВКЛ на чале з Я. Радзівілам заключыла Кейданскую унію, паводле якой адмаўлялася ад палітычнага саюзу з Польшчай і абвяшчала вялікім князем літоўскім шведскага караля і палітычны саюз са Швецыяй. За гэта шведскія ўлады абяцалі дапамагчы ВКЛ у выгнанні маскоўскіх войскаў з большай часткі яе тэрыторыі.

Іншая частка шляхты захавала вернасць Яну Казіміру і саюзу з Польшчай. У кастрычніку 1656 г. Рэч Паспалітая заключае Віленскае перамір’е з Масковіяй і ў саюзе з ёй праводзіць ваенныя дзеянні супраць Швецыі ў Інфлянтах. У антышведскі саюз увайшлі таксама Габсбургсая Аўстрыя і Данія. У выніку на працягу 1656 г. шведскія войскі пакінулі Жамойць і большую частку Польшчы. Істотную ролю ў ваенных перамогах над шведскім войскам ў Польшчы адыграла войска ВКЛ на чале з Паўлам Сапегам.

У 1657 г. Швецыя заключае саюз з Трансільваніяй, войска якой за хуткі час заняла частку Польшчы, а таксама Берасце (да лета 1658 г.). Аднак у хуткім часе яно было вымушана адступіць пад ударамі польска-літвінскіх і крымска-татарскіх войскаў. Таксама з тэрыторыі Польшчы адышлі войскі Швецыі, супраць якой пачала вайну Данія пры падтрымцы Брандэнбурга, Аўстрыі і Галандыі. У 1660 г. заключаны Аліўскі мір Рэчы Паспалітай са Швецыяй, паводле якога захаўваліся ранейшыя межы паміж дзяржавамі.

На тэрыторыі ВКЛ, занятай маскоўскімі войскамі, сфарміравалася новая сістэма адміністрацыі, у якой галоўную ролю адыгрывалі маскоўскія чыноўнікі. Дапаможную ролю мела мясцовая шляхта, якая прысягнула на вернасць цару. У некаторых раёнах адміністрацыя фарміравалася казакамі, да якіх далучалася частка мясцовага насельніцтва. З 1656 – 1658 гг. пачынаюцца канфлікты паміж царскай адміністрацыяй і казакамі. Маскоўскія ўлады праводзілі палітыку жорсткай эксплуатацыі захопленых зямель. Каля 300 тыс. рамеснкаў было вывезена ў Маскоўскую дзяржаву. Мяшчанства і сялянства абкладалася высокімі падаткамі і павіннасцямі. Царскія войскі часта праводзілі гвалт і рабункі сярод насельніцтва. Адбывалася вынішчэнне каталіцкага і ўніяцкага духавенства, яўрэяў. Палітыка маскоўскіх уладаў выклікала масавы партызанскі рух шышоў. Шышы знішчалі дробныя аддзелы праціўніка, нават вызвалялі асобныя тэрыторыі.

У 1658 г. казакая старшына на чале з І. Выгоўскім і І. Нячаем разарвала саюз з Маскоўскай дзяржавай і заключыла Гадзяцкі дагавор з Польшчай, паводле якой запарожцы перайшлі на бок Рэчы Паспалітай і прымусілі капітуліраваць маскоўскія войскі на Правабярэжнай Украіне.

У 1659 г. аднавіліся баявыя дзеянні паміж войскамі Рэчы Паспалітай і Маскоўскай дзяржавы. Казацтва лавіравала паміж двума бакамі, падтрымліваючы то адных, то другіх. З 1660 – 1661 гг. у вайне назіраецца паварот на карысць Рэчы Паспалітай. Войскі ВКЛ і Польшчы разбілі колькасна пераважаючыя маскоўскія арміі каля р. Палонка пад Ляхавічамі 28 чэрвеня 1660 г., р. Бася пад Магілёвам 8 кастрычніка 1660 г. і в. Кушлікамі пад Полацкам 4 лістапада 1661 г. Да канца 1661 г. была адваявана большая частка ВКЛ, у тым ліку Вільня, Менск, Магілёў. Значную дапамогу войскам Рэчы Паспалітай аказалі антымаскоўскія паўстанні ў гарадах, найбольш значым з якіх стала Магілёўскае паўстанне ў лютым 1661 г, падчас якога быў знішчаны 7-тысячны маскоўскі гарнізон.

Далейшая барацьба мела зацяжны характар і працягвалася да 1667 г. (з перапынкам у 1664 – 1666 гг.). 30 студзеня 1667 г. было падпісана Андрусаўскае перамір’е, паводле якога да Маскоўскай дзяржавы адыходзіла Смаленская зямля, з польскіх тэрыторый – Левабярэжная Украіна (Кіеў перадаваўся ім на 2 гады, але так і не быў вернуты Польшчы). За маскоўскім царом быў замацаваны “абавязак” абараняць праваслаўнае насельніцтва Рэчы Паспалітай. У 1686 г. новую мяжу паміж дзяржавамі замацаваў “Вечны мір”.

У выніку вайны 1654-1667 гг. насельніцтва ВКЛ скарацілася ў 2 разы (з 2,9 млн. да 1,4 млн.). На поўначы ВКЛ насельніцтва скарацілася да 80%, у цэнтры да 60%. Шмат людзей, асабліва рамеснікаў, было прымусова вывезена ў Масковію або прададзена на рабскіх рынках прычарнаморскіх гарадоў. Гаспадарка знаходзілася ў катастрафічным стане. Падзеі, звязаныя з войнамі 1648 – 1667 гг., увайшлі ў гісторыю пад назвай “крывавы патоп”.

У Рэчы Паспалітай падчас “патопу” ўзмацняецца барацьба за ўладу магнацкіх груповак. Кароль Ян Казімір у 1660-я гг. імкнуўся да правядзення рэформ, накіраваных на ўзмацненне цэнтральнай улады (выбары новага караля пры жыцці дзеючага, адмена лібэрум вета, увядзенне пастаянных падаткаў). У знешняй палітыцы у 1660-я гг. ён бярэ курс на збліжэнне з Францыяй і аддаленне ад Аўстрыі. Супраць каралеўскіх планаў выступіў шэраг уплывовых магнацкіх груповак Польшчы і ВКЛ, якія арганізавалі рокаш 1665-1666 гг. на чале з польскім магнатам Е. Любамірскім. Рокаш быў падаўлены, аднак Ян Казімір адмовіўся ад планаў рэформ і ў верасні 1668 г. сыйшоў у адстаўку.

Новым каралём выбралі Міхаіла Карыбута Вішнявецкага (1669-1673), багацейшага магната Рэчы Паспалітай, які валодаў вялікімі латыфундыямі ва Ўкраіне. Перыяд яго каралявання характарызуецца ўзмацненнем барацьбы магнацкіх груповак. У гэтых умовах пачынаецца вайна Рэчы Паспалітай з Турцыяй 1672 – 1676 гг., у якой турэцкі бок падтрымала казацтва Правабярэжнай Украіны на чале з гетманам Пятром Дарашэнкам.

Падчас каралявання Яна Сабескага (1674 – 1696) галоўным накірункам знешняй палітыкі Рэчы Паспалітай стала барацьба з Асманскай імперыяй за кантроль над украінскімі землямі і прыдунайскімі княствамі. Паводле Журавінскага міра 1676 г. Падолле была перададзена Турцыі. У 1683 – 1699 гг. пачалася новая вайна з Турцыяй. Саюзнікамі Рэчы Паспалітай у барацьбе з Турцыяй выступалі Габсбургская Аўстрыя, Венцыя, папства і шэраг дробных германскіх дзяржаў. Войскі ВКЛ уваходзілі ў склад аб’яднанага войска Рэчы Паспалітай і германскіх князёў на чале з Янам Сабескім, якое ў верасні 1683 г. разбіла турэцкія сілы ў бітве пад Венай, што дазволіла выратаваць Аўстрыю ад разгрома. Паводле Карлавіцкага міру 1699 г., Польскаму каралеўству было вярнута Падолле.

Ва ўнутранай палітыцы Ян Сабескі лавіраваў паміж рознымі магнацкімі групоўкамі. У 1680-1690-я гг. у ВКЛ значна ўзмацняецца ўплыў магнацкай групоўкі Сапегаў, прадстаўнікі якой займаюць асноўныя дзяржаўныя пасады. Адбываецца ўмацаванне пануючага статусу каталіцкай царквы. Прымаюцца нарматыўныя акты, якія абмяжоўваюць палітычныя правы шляхты (забарона займаць дзяржаўныя пасады) і грамадзянскія правы мяшчанства некаталіцкага веравызнання.



Такім чынам, у выніку унутры- і знешнепалітычных супярэчнасцяў Рэч Паспалітая, і ў яе складзе ВКЛ, у другой палове 17 ст. апынулася ў стане сацыяльна-палітычнага крызісу, які адлюстроўваўся ў серыі войн на яе тэрыторыі. Нягледзячы на захаванне дзяржаўнага самастойнасці, Рэч Паспалітая страціла статус моцнай дзяржавы ў рэгіёне. Ваенныя дзеянні нанеслі вялікія дэмаграфічныя і эканамічныя страты ВКЛ.
7.2. ВКЛ у перыяд праўлення Саксонскай дынастыі (1697 – 1763).

Перыяд 1697 – 1763 гг. адзначаны ў грамадска-палітычным жыцці Рэчы Паспалітай праўленнем каралёў з дынастыі саксонскіх курфюрстаў Аўгуста ІІ (1697 – 1733) і яго сына Аўгуста ІІІ (1733 – 1763).

Аўгуст ІІ ва ўнутранай палітыцы імкнуўся да ўмацавання каралеўскай улады шляхам лавіравання паміж рознымі магнацкімі групоўкамі і прызначэння на пасады саксонскіх чыноўнікаў. Падобная палітыка Аўгуста ІІ выклікала незадаволенасць значнай часткі шляхты. Абранне на трон Аўгуста ІІ абвастрыла барацьбу ў ВКЛ паміж магнацкімі групоўкамі Сапегаў (“сапежынцаў”) і кааліцыі іх праціўнікаў (“рэспубліканцаў”), на чале якіх знаходзіліся Агінскія (іх пераважна падтрымліваў кароль), што прывяло да грамадзянскай вайны 1697-1704 гг.

Палітычнай праграмай “рэспубліканцаў” стала патрабаванне ўраўнаваць правы шляхты ВКЛ з правамі шляхты Польшчы, што прадугледжвала абмежаванне паўнамоцтваў гетмана і іншых чыноўнікаў цэнтральнага дзяржаўнага апарату ВКЛ (гэтыя пасады ў асноўным займалі Сапегі). Адпаведная пастанова была прынята элекцыйным соймам ў чэрвені 1697 г. Цэнтрамі ўзброенай барацьбы сталі ўладанні Сапегаў. Акрамя шляхецкіх войскаў у вайне выкарыстоўваліся ўзброеныя сялянска-казацкія атрады, якія стваралі ў сваіх уладаннях Сапегі. Кульмінацыйнай падзеяй вайны стала бітва каля Алькенікаў у лістападзе 1700 г., якая завяршылася паражэннем Сапегаў, пасля чаго яны былі пазбаўлены дзяржаўных пасад і часткі зямельных уладанняў. Узброеная барацьба, аднак, працягвалася. Асяродкамі супраціўлення з боку Сапегаў заставаліся іх буйнейшыя ўладанні, асабліва Стары Быхаў. З 1704 г. грамадзянская вайна стала часткай Паўночнай вайны, у якой бакі падтрымлівалі адпаведна Швецыю і Расію.

У пачатку 18 ст. тэрыторыя ВКЛ стала арэнай Паўночнай вайны 1700 – 1721 гг. Яе прычынай сталі супярэчнасці паміж шэрагам дзяржаў за геапалітычнае панаванне ў рэгіёне Балтыйскага мора. Да пачатку 18 ст. эканамічнае і палітычнае панаванне ў рэгіёне належала Швецыі. У 1700 г. кааліцыя дзяржаў (Паўночная ліга), у склад якой увайшлі Масковія (Расія), Данія і Саксонія пачалі вайну супраць Швецыі за геапалітычны кантроль над Балтыкай. Аўгуст ІІ у якасці саксонскага князя імкнуўся заняць Інфлянты і пераўтварыць іх у спадчыннае княства сваёй дынастыі. Праз тэрыторыю Рэчы Паспалітай саксонскае войска выступіла ў паход на Рыгу.

Аднак пачатак вайны быў няўдалым для дзяржаў Паўночнай лігі. У 1700 – 1701 гг. шведскае войска ў некалькіх баях разбіла войскі Даніі і Расіі, а таксама перамагло саксонскае войска каля Рыгі і зняла з горада аблогу. У 1702 г. шведскія войскі ўступілі на тэрыторыю Рэчы Паспалітай, паколькі яна была месцам дыслакацыі саксонскіх войскаў, занялі Вільню і Гародню, а потым Варшаву і Кракаў. Саксонскія войскі ў 1702 – 1703 гг. пацярпелі паражэнні на тэрыторыі Польшчы.

Вайна выклікала абвастрэнне барацьбы магнацкіх груповак у ВКЛ і Польскім каралеўстве. Частка шляхты ВКЛ (на чале з Сапегамі) і Польшчы падтрымала Швецыю і ў ліпені 1704 г. выбрала ў Варшаве каралём пазнанскага ваяводу Станіслава Ляшчынскага, які абвясціў саюз са Швецыяй. Верная Аўгусту ІІ шляхта восенню 1704 г. заключыла дагавор з Расіяй і абвясціла вайну Швецыі. На дапамогу ім на тэрыторыю ВКЛ увайшло расійскае войска. На тэрыторыі ВКЛ у 1705 – 1708 гг. адбывалася вайна паміж шведскімі і расійскімі войскамі, якіх падтрымлівалі адпаведна розныя мясцовыя магнацкія групоўкі.

Да канца лета 1705 г. большая частка тэрыторыі ВКЛ кантралявалася расійскімі войскамі (асноўныя сілы былі сканцэнтраваны ў Гародні, дзе да іх далучылася група саксонскага войска на чале з Аўгустам ІІ). Але з пачатку 1706 г. войска шведскага караля Карла XII перайшло з Польшчы ў ВКЛ, заняло Гародню і выцясніла расійскія войскі ў Падняпроўе. Летам 1706 г. пасля бітвы пад Фраўштатам Аўгуст ІІ вымушаны быў падпісаць Альтранштацкі мір, паводле якога ён адмаўляўся ад кароны Рэчы Паспалітай, разрываў саюз з Расіяй, выплочваў значную кантрыбуцыю Швецыі. Заключыўшы саюз з гетманам украінскага казацтва І. Мазепам, які хацеў выйсці з-пад улады маскоўскага цара, у 1708 г. войска Карла ХІІ распачала баявыя дзеянні на ўсходзе ВКЛ. У ліпені 1708 г. шведскія войскі атрымалі перамогу ў бітве пад Галоўчынам; аднак, калі асноўныя шведскія сілы ўжо былі ва Ўкраіне, 28 верасня 1708 г. расійскія войскі ў бітве каля в. Лясной разграмілі корпус пад камандаваннем А.Л. Левенгаўпта, які рухаўся з вялікім абозам ва Ўкраіну (да войскаў Карла ХІІ дабраліся толькі 7 тыс. чал. без абозу).

У выніку паражэння шведскага войска ад расійскай арміі на чале з царом Пятром І пад Палтавай ва Украіне ў чэрвені 1709 г. шведскія войскі былі выведзены з тэрыторыі Рэчы Паспалітай; цалкам адноўлена ўлада Аўгуста ІІ і саюз з Расіяй, Саксоніяй і Даніяй супраць Швецыі. Расійскія войскі занялі шведскія Інфлянты, якія былі далучаны да Расіі. Па прычыне рознагалоссяў наконт валодання Інфлянтамі РП выйшла ў 1710 г. з вайны.

Вынікам вайны сталі вялікія людскія страты (колькасць насельніцтва зменшылася з 2,2 млн. да 1,5 млн.), разбурэнне гаспадаркі (многія гарады былі спалены ваюючымі бакамі) і ўзмацненне залежнасці Рэчы Паспалітай ад замежных дзяржаў, найперш Расіі.

На тэрыторыі Рэчы Паспалітай захоўваліся расійскія ваенныя гарнізоны. Нягледзячы на падтрымку Аўгуста ІІ, улады Расіі, Аўстрыі і Прусіі не дапускалі магчымасці ўзмацнення цэнтральнай дзяржаўнай улады ў Рэчы Паспалітай, заахвочалі барацьбу паміж магнацкімі групоўкамі. Паводле рашэння т.зв. “нямога” сойму 1717 г., прынятага пад націскам Расіі, значна абмяжоўвалася ўлада вышэйшых дзяржаўных асоб, асабліва гетмана, пацверджана права лібэрум вета; значна скарачалася войска ВКЛ (да 6 тыс. чал.) і Польшчы (да 18 тыс. чал.). У той жа час працягвалася абмежаванне палітычных правоў “дысідэнцкай” (некаталіцкай) шляхты. У 1732 г. на Варшаўскім сойме было забаронена выбіраць “дысідэнтаў” на соймы і ў склад трыбуналаў, прымаць на працу ў ваяводствах, гарадах і замках.

Пасля смерці Аўгуста ІІ шляхта ў 1733 г. на сойме выбрала каралём Станіслава Ляшчынскага, стаўленіка Францыі. Але гэта не адпавядала інтарэсам Расіі. На тэрыторыю Рэчы Паспалітай былі ўведзены расійскія войскі, арганізаваны новыя выбары, дзе каралём быў абраны сын Аўгуст ІІІ. У выніку вайны паміж прыхільнікамі кандыдатаў 1733 – 1735 гг. перамог Аўгуст ІІІ пры дапамозе расійскіх і саксонскіх войскаў.

У сярэдзіне 18 ст. (час каралявання Аўгуста ІІІ) Рэч Паспалітая знаходзілася ў стане глыбокага палітычнага крызісу:

1) У адрозненне ад сваіх суседзяў (Прусіі, Расіі, Аўстрыі) Рэч Паспалітая не была цэнтралізаванай абсалютнай манархіяй. Улада выбарнага караля была абмежаваная заканадаўча і практычна магнацкімі групоўкамі. Так, прыбытак С. Радзівіла быў большы за каралеўскі ў 1,5 разы, яго прыватнае войска складала 8 тыс. чалавек, у той час, як дазволенае міжнароднымі дамовамі дзяржаўнае войска ВКЛ налічвала 6 тыс. Мясцовыя ўлады ў паветах і ўплывовыя магнаты праводзілі сваю незалежную палітыку і змагаліся адзін з адным, абапіраючыся на палітычную і фінансавую падтрымку замежных дзяржаў. Барацьба магнацкіх груповак (Чартарыйскіх, Вішнявецкіх, Радзівілаў, Сапегаў, Пацаў, Агінскіх) за ўладу і карупцыя прывялі да дэзарганізацыі ўсёй дзяржаўнай сістэмы.

2) Дзеянне разгалінаванай юрыдычнай сістэмы супрацьвагаў і права лібэрум вета паралізавала дзейнасць соймаў. На працягу 18 ст. больш 80% соймаў было сарвана.

3) Адбываецца ўзрастанне залежнасці дзяржаўнай улады і асобных магнацкіх груповак ад суседніх дзяржаў, асабліва Расіі, Прусіі і Аўстрыі. У міжнароднай палітыцы Рэч Паспалітая перастала адыгрываць самастойную ролю; праз яе тэрыторыю праходзілі замежныя войскі. З 1720 г. Прусія і Расія становяцца гарантамі “залатых шляхецкіх вольнасцяў” (па сутнасці магнацкай алігархіі). Больш таго, яны пастаянна ўздымалі пытанне аб “дысідэнтах” у Рэчы Паспалітай у якасці сродку націску на ўлады краіны. Расія абвясціла аб сваей абароне правоў праваслаўных, а Прусія – пратэстантаў.

Такім чынам, перыяд праўлення Саксонскай дынастыі ў Рэчы Паспалітай (1697 – 1763) стаў часам уваходжання Рэчы Паспалітай у паласу глыбокага сацыяльна-палітычнага крызісу, устанаўленнем яе палітычнай залежнасці ад замежных дзяржаў. Прычынамі гэтага сталі слабасць інстытутаў дзяржаўнай улады ў Рэчы Паспалітай, магнацкая алігархія, актыўнае ўмяшанне замежных дзяржаў ва ўнутыпалітычныя справы краіны.




1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   ...   35


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка