Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
Установа адукацыі
“Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны”
А. В. БРАДЗІХІНА
Сучасная беларуская інтымная лірыка: тэндэнцыі і перспектывы развіцця
Гомель
2009
УСТУП
Заканамерны ў грамадстве тэхнагеннай цывілізацыі анамійны стан соцыуму і маральна-псіхалагічны крызіс свядомасці асобы на мяжы тысячагоддзяў вымагаюць актыўнага перагляду аксіялагічных прыярытэтаў. Пошук шляхоў да гарманізацыі, духоўна-цялеснай сіметрыі індывіда патрабуе пільнай увагі да сёння непаўнавартаснай – атрафіраванай у працэсе антрапалагічнага развіцця з яго спажывецкай арыентаванасцю, – але важнай, нават вызначальнай, структурнай часткі арганізацыі чалавечай істоты – духоўнай. У гэтым сэнсе літаратура ўвогуле і найбольш сугестыўная яе частка – паэзія – у прыватнасці выступаюць не проста як мастацкае мадэляванне жыцця, а, з’яўляючыся знешне пасіўнымі, непрыкметнымі і адначасова дзейснымі маральнымі імператывамі, адыгрываюць вялікае значэнне ў фарміраванні ўнутранага свету чалавека.
У сваю чаргу, інтымная лірыка, карыстаючыся вялікай папулярнасцю ў чытацкай (асабліва жаночай) аўдыторыі, незалежна ад узросту і адукацыйнага ўзроўню, мае найбольшыя патэнцыі эмацыянальна-пачуццёвага ўздзеяння на чалавечую свядомасць, бо суадносіцца з жыццёвым вопытам і ўнутранымі перажываннямі амаль кожнай асобы. І гэта невыпадкова, бо адной з эмацыянальна-каштоўнасных сутнасцей, што канстытуіруе індывіда як цэласную і самадастатковую асобу, было і застаецца каханне.
Творчае ўвасабленне згаданага пачуцця ў практыцы сусветнага мастацтва слова мае кантынуальны характар, што дазваляе гаварыць пра яго заўсёдную актуальнасць. Пры гэтым “вечнасць” любоўнай тэматыкі не абазначае аднолькавасці, аднапланавасці, статычнасці адлюстравання пачуццця ў вербальным мастацтве. Нягледзячы на ўстойлівасць, “канстантнасць” прадмета адлюстравання, на кожным этапе культурнага развіцця прыгожае пісьменства падае прыклады адметнага філасофска-аксіялагічнага, праблемна-зместавага і фармальна-стылёвага выяўлення кахання і звязаных з ім праблем і канфліктаў. Прычына не толькі ў шматаблічнасці кахання, разнастайнасці яго варыянтаў, унікальнасці ўспрымання для кожнага індывіда. Р.Уэлек і О.Уорэн сцвярджаюць: “Гісторыя пачуцця ўяўляе для даследавання значныя цяжкасці, паколькі пачуццё няўлоўнае і адначасова аднастайнае. <...> Несумненна, аднак, што пачуццё змяняецца, прынамсі спосабы і сродкі яго выражэння” [1, с. 131]. Сапраўды, гісторыя развіцця айчыннай любоўнай лірыкі выразна дэманструе залежнасць мастацкіх падыходаў ва ўвасабленні інтымных перажыванняў ад агульнай ідэалагічнай дамінанты, рэгулятываў палавой маралі і культурна-эстэтычнай сітуацыі эпохі.
Заканамерна, што ў старажытнабеларускай літаратуры, як моцным сродку распаўсюджання і папулярызацыі хрысціянскіх пастулатаў, тэма кахання амаль не закраналася. Аднак ужо польскамоўныя вершы С.Полацкага, напісаныя, па словах Л.Званаровай, пад уплывам “рыцарскай культуры польскай шляхты” [2, с. 352], поўняцца пачуццёвасцю і апяваннем жаночага хараства. У ХVIII ст. у практыцы школьнага вершапісання ўзнікае так званая “любоўная” паэзія, якая часам набывае форму “кантаў студных” (непрыстойных), што дэтэрмінавана адмаўленнем старых, строгіх царкоўна-рэлігійных дагматаў і ўзмацненнем свецкага пачатку ў літаратуры.
ХІХ стагоддзе, як рамантычны этап нацыянальнай самаідэнтыфікацыі і антрапацэнтрычнай скіраванасці, легітымізуе прысутнасць пачуццёвых матываў у культурнай сферы. Польскамоўная літаратура ХІХ ст. падае нам прыклады высокамастацкіх лірычных вершаў любоўнай тэматыкі. Вядомы цыкл адэскіх, або эратычных, санетаў А.Міцкевіча ўтрымлівае скразныя матывы боскага паходжання каханай, захаплення ўсяго свету яе хараством, любоўнага шаленства, катарсісу і інш. Прататыпам створанага паэтам вобраза адначасова рэальнай і незямной жанчыны з’яўляецца Марыля Верашчака, аднак сапраўднае яе імя схавана за ўмоўным літаратурным імем петраркаўскай Лауры. Такая мастацкая “падмена” мае ў сваёй аснове рэальныя падставы – боязь скампраметаваць замужнюю жанчыну. Згаданы вышэй выбар А.Міцкевічам умоўнай маскі для свайго прадмета захаплення – не толькі сведчанне мастацкіх густаў і прыхільнасцей аўтара, але і даволі ўдалая спроба пашырэння літаратурнага кантэксту, наданне імені каханай сімвалічнага гучання. Мастацкі “псеўданім” Лаура ў адукаванага чытача выклікае шэраг прадвызначаных асацыяцый, увасабляе, як і для Петраркі, недасягальнасць любай і веліч і непарушнасць пачуцця лірычнага героя да яе.
Цыкл, як і належыць гэтай форме арганізацыі мастацкага матэрыялу, мае сваю ўнутраную логіку. Успаміны пра гісторыю кахання, сілу любоўнай жарсці (І – VІІ санеты) перацякаюць у творы, поўныя бязмежнай тугі лірычнага героя і драматычных матываў расстання з каханай (VІІІ – ХІV вершы). ХV, ХVІ і ХVІІ санеты (“Дзень добры”, “Дабранач” і “Добры вечар”), храналагічна ахопліваючы суткі, сімвалічна сцвярджаюць заўсёднасць і паўсюднасць прысутнасці каханай для лірычнага героя і вечнасць яго пачуцця. Апошнія пяць санетаў уяўляюць сабой інтымна-філасофскія рэфлексіі паэта. У кантэксце аналізу кампазіцыі цыкла варта прывесці словы У.Мархеля, які слушна зазначае, што адэскія санеты можна разглядаць, як “біяграфію інтымных узлётаў лірычнага героя і яго натхнёнага пасталення” [3, с. 82].
Будучы паэтам-рамантыкам, у любоўнай лірыцы А.Міцкевіч звяртаецца да класіцыстычных прыёмаў. У адэскіх санетах выразна адчуваецца ўплыў рэнесанснай эстэтыкі: наследаванне Петрарку, выкарыстанне вобразаў антычнай міфалогіі, італьянская разнавіднасць кампазіцыі і інш.
Аднак неабходна заўважыць, што паэзія кахання беларускіх польскамоўных пісьменнікаў ХІХ ст. мае пераважна схільнасць да ліра-эпікі. Жанр балады, у аснову сюжэта якой пакладзены любоўныя калізіі, звязваецца найперш з імёнамі ўжо згаданага А.Міцкевіча, Я.Чачота, Т.Зана, Я.Баршчэўскага, Т.Лады-Заблоцкага, А.Ходзькі і інш. Нягледзячы на пэўную абмежаванасць вырашэння канфлікту, зададзеную канонамі жанру, у баладыстыцы пазамінулага стагоддзя назіраецца даволі шырокая рэпрэзентацыя любоўнай тэмы. Гэта і распаўсюджаныя ў вуснай народнай паэзіі ідэя непазбежнага пакарання за парушэнне вернасці, здраду свайму пачуццю (“Свіцязянка” А.Міцкевіча, “Бекеш” Я.Чачота, “Русалка-спакусніца” Я.Баршчэўскага), праблема кахання і злачынства (“Свіцязь” Я.Чачота, “Свіцязь” Т.Зана, “Маліны” А.Ходзькі); і сентыменталісцкія ўзоры гіпербалізацыі пачуццяў (“Фантазія” Я.Баршчэўскага) ці гісторыі-ідыліі (“Калдычэўскі шчупак” Я.Чачота); і класіцыстычная праблема сутыкнення грамадзянска-патрыятычнага абавязку і жадання асабістага шчасця (“Наваградскі замак” Я.Чачота); і вечная тэма велічы кахання, што мацней за смерць (“Дзве бярозы” Я.Баршчэўскага, “Рамантычнасць” А.Міцкевіча). Цікавым уяўляецца і шэраг тэкстаў, заснаваных на мастацкім пераасэнсаванні хрысціянскіх пастулатаў. Сярод такіх твораў трэба назваць “Свіцязь” Т.Зана, у якім, у адрозненне ад аднайменных балад А.Міцкевіча і Я.Чачота, прычыны патаплення цэлага горада звязваюцца з найцяжэйшым смяротным грахом – ганарлівасцю. За падобнае парушэнне норм хрысціянскай этыкі пакарана і гераіня балады “Люблю я” А.Міцкевіча. Непрыкаяная душа ганарлівай Марылі пасля яе смерці асуджана на стогадовыя пакуты і блуканні паміж тым і гэтым светам. Акрамя таго, у баладзе Т.Зана даецца даволі глыбокае разуменне самой сутнасці кахання, зведзенае да формулы: “…хто шчыра кахае, <...> // Той кепскага ў сэрцы не мае, // Той ліха не ўчыніць нікому” [4, с. 208].
З’яўленне першага ўзору арыгінальнай беларускай інтымнай лірыкі звязваюць з творчасцю Я.Баршчэўскага, які сваім дыдактычным вершам “Ах, чым жа твая, дзеванька, галоўка занята...” зацвердзіў месца любоўных пачуццяў у беларускамоўнай паэзіі пазамінулага стагоддзя. Невысокі па сваіх мастацкіх вартасцях, названы твор, па меркаванні многіх даследчыкаў, можна разглядаць як пісьменніцкае імкненне далучыцца да традыцый еўрапейскай літаратуры, як “своеасаблівую рэакцыю на «эротыкі» да «анакрэонтыкі» Францішка Князьніна” [5, с. 19] (М.Хаустовіч). Зазначым, аднак, што падкрэслена дыдактычны характар твора, ды і сама ідэя дакору ў адрас простай дзяўчыны за падмену сапраўднага пачуцця ўяўнымі каштоўнасцямі, звязанымі з матэрыяльнымі дабротамі, не дазваляюць гаварыць пра дамінаванне інтымнай тэматыкі ў вершы і, як вынік, указваюць на прыналежнасць яго да так званай эталагічнай лірыкі.
Падобных беларускамоўных твораў з любоўнымі матывамі, але арганізаваных з дапамогай іншай тэматыкі ў айчыннай літаратуры пазамінулага стагоддзя нямала. Так, з шэрагу ўласных вершаў Я.Чачота, змешчаных у адной з кніг “Песенек сялянскіх з-над Нёмана і Дзвіны”, адсутнасцю сентэнцый, адкрытых павучанняў відавочна выбіваецца мініяцюра “Доўга спала дзеванька...”. Названым вершам, напісаным у адпаведнасці з народна-песеннай паэтыкай, паэт найперш сцвярджае думку аб неабходнасці выхавання працавітасці ў селяніна і толькі ў другую чаргу – аб каханні як аб актыўнай сіле, што ўзмацняе фізічныя і духоўныя магчымасці чалавека.
У пэўным сэнсе далучаны да любоўнай праблематыкі і адзіны верш К.Каліноўскага “Марыська чарнаброва, галубка мая…”, які на працягу доўгага часу па прычыне яго двухадраснасці ўспрымаўся як узор грамадзянскай лірыкі. Іншымі даследчыкамі выказвалася думка аб двух розных вершах, памылкова аб’яднаных у адзін твор. Аднак цэльнасць асобы рэвалюцыянера, для якога асабістае шчасце і шчасце народа было непадзельным, існаванне рэальнага адрасата (Марыі Ямант) у многім тлумачаць такое дзіўнае спалучэнне ў перадсмяротным вершы-развітанні К.Каліноўскага.
Нават у “адваката народнага” Ф.Багушэвіча з’яўляецца грамадзянска-патрыятычны верш “З кірмашу”, прасякнуты гарачымі пачуццямі да каханай М.Бурачка – Людвісі.
Пашырэнне абсягаў інтымнай лірыкі ў к. ХІХ – пач. ХХ ст. звязана з агульнымі заканамернасцямі развіцця літаратурнага працэсу ўвогуле і паэзіі ў прыватнасці: лірызацыяй, паглыбленнем суб’ектыўнага пачатку, узмацненнем гуманістычнага пафасу. Адсутнасць уласнай мастацкай традыцыі ў многім тлумачыць з’яўленне спрошчаных, наіўных інтымных вершаў А.Гурыновіча, не менш слабых з мастацкага боку, дэкларацыйных вершаў пра новы “савецкі” тып узаемаадносін мужчыны і жанчыны Ц.Гартнага.
Разам з тым сапраўдным дасягненнем тагачаснай літаратуры выглядае высокая і ўзнёслая, шчырая і пранікнёная лірыка кахання К.Буйло. Рамантычнае ўвасабленне пачуцця ў цэнтры з гераіняй-марай, пазбаўленай індывідуальных рыс і псіхалагічнай канкрэтызацыі, характарызуе любоўную лірыку З.Бядулі.
Вызначальнымі для ўсёй беларускай літаратуры постацямі ў апяванні хвалюючых пачуццяў выступаюць Я.Купала і М.Багдановіч. У ранняй творчасці першага каханне разглядаецца самадастатковай з’явай, са спасціжэннем якой узнікае гармонія. Паэт перадае ідэальнае і зямное пачуццё адначасова (нізка “Для яе”), стварае пантэістычны гімн каханню (“Абнімі”, “Яна і я”), увасабляе народны ідэал любові (“Дзяўчынцы”). Як і Я.Купалу, М.Багдановічу ўласцівы “шляхетны а далікатны характар беларускага яру, які распаўсюджваецца на ўсе наступныя пакаленні нашых паэтаў” [6, с. 59], – сцвярджае Ю.Пацюпа. У разуменні “Максіма-кніжніка” каханне – гэта ўзаемаповязь радасці і смутку. Паэт упершыню ў беларускай паэзіі глыбока раскрывае праблему кахання і смерці. Моцны філасофскі пачатак, арыентацыя на сусветную культурную традыцыю, навацыйнае раскрыццё калізій і напаўненне вобразаў – усё гэта стала падставай для ўспрымання М.Багдановіча як творцы, які мае вырашальнае значэнне ў станаўленні беларускай любоўнай лірыкі.
Стрыманай, сціплай, паэтычна “заземленай”, цалкам адпаведнай беларускай нацыянальнай ментальнасці, уяўляецца паэзія кахання Я.Коласа. Колькасна нешматлікая, яго лірыка пра каханне пазбаўлена традыцыйнага паэтычнага ўзвышэння, пачуццё часта мае падкрэслена будзённае ўвасабленне. Лірычны герой не здольны выстаўляць напаказ свае перажыванні, яны выражаюцца стрымана і сціпла.
Абвяргаючы шырока распаўсюджаны літаратурны міф аб амаль поўнай адсутнасці ў Я.Коласа вершаў інтымнага гучання, адзначым, што толькі яго любоўныя вершы-прысвячэнні налічваюць некалькі адрасатаў. Больш дзесятка інтымных твораў прысвечана жонцы пісьменніка Марыі Дзмітрыеўне Міцкевіч. Шэраг поўных закаханасці вершаў адрасаваны паэтцы і перакладчыцы яго твораў на рускую мову С.Сомавай, з якой Я.Колас пазнаёміўся ў Ташкенце ў 1942 г. Больш дзесяці лірычных твораў прысвечана Н.І. Чакалінскай, сям’я якой жыла па суседству з сям’ёй Я.Коласа ў 30-я гг. Згаданыя інтымныя вершы з’явіліся ў перыядычным друку толькі ў к. ХХ – пач. ХХІ стст. і таму дагэтуль невядомыя шырокай грамадскасці. Сказанае вышэй сведчыць пра мэтазгоднасць звароту да гэтай абмінутай даследчыцкай увагай часткі спадчыны пісьменніка. Думаецца, у будучым даследчыкаў чакаюць новыя адкрыцці на шляху вывучэння любоўнай лірыкі нашага класіка. Яго захапленне Аляксандрай Антонаўнай Кетлер, “былінкай”, як называў яе Я.Колас, нарадзіла шэраг інтымных вершаў, якія захоўваюцца ў асабістым архіве А.Кетлер і якія яна завяшчала музею паэта з умовай абнародаваць іх не раней, як праз дзесяць гадоў пасля яе смерці.
У перыяд існавання Савецкай дзяржавы з яе метадамі калектыўнага выхавання строгія патрабаванні да літаратуры абавязковага спалучэння ў ёй асабістага і сацыяльнага, безумоўна, не маглі не адбіцца на якасці вершаў нават прызнаных майстроў слова. Нягледзячы на гэта, беларуская савецкая паэзія ўсё ж пакінула нашчадкам шэраг вершаў, якія і сёння застаюцца высокімі ўзорамі інтымнай лірыкі: “Бывай”” А.Куляшова, “Пахне чабор” П.Броўкі, “Белыя яблыні” П.Панчанкі, “Мужчына. Жанчына. Чаканне…” А.Вярцінскага, “Жанчына” Я.Сіпакова і інш. Адметнай у ідэйным і вобразна-выяўленчым планах уяўляецца інтымная лірыка М.Танка. У давераснёўскі перыяд пісьменнік апявае каханне сціплае, прыземлена-вясковае, але натуральнае ў сваёй маральнай чысціні і цэласнасці, асацыятыўна далучанае да водару журавінавага цвету (зборнікі “Журавінавы цвет” і “Пад мачтай”). Схільнасць паэта да верлібра, што ў дачыненні да інтымнай лірыкі праявіла сябе з 50 – 60-х гг., заўважны ўплыў на яго вершатворчасць лепшых узораў рускай і польскай класікі, увядзенне ў любоўны верш гумарыстычных элементаў дазваляюць гаварыць пра паэзію кахання М.Танка як навацыйную з’яву ў тагачасным літаратурным працэсе.
Беларуская інтымная лірыка на сучасным этапе – складаная і неаднародная мастацкая сістэма, што ўтрымлівае ў сабе шырокі спектр плыней і тэндэнцый, кіруецца рознымі мастацка-эстэтычнымі канцэпцыямі, анталагічнымі і маральна-этычнымі арыентацыямі. Тым не менш сур’ёзнага сістэмна-комплекснага даследавання айчыннай любоўнай вершатворчасці, у якім арганічна паядноўваліся б знешні і ўнутраны падыходы да вывучэння літаратуры, дагэтуль здзейснена не было. І хоць паэзія кахання асобных аўтараў даволі часта трапляла ў фокус увагі крытыкаў і літаратуразнаўцаў, яна разглядалася пераважна ізалявана, без уліку агульных імператываў развіцця сучаснай інтымнай лірыкі, вытокаў творчай індывідуальнасці, яе светапоглядных пазіцый, а таксама далучанасці да сусветных традыцый.
Менавіта скіраванасцю на шматузроўневы ахоп лірычных тэкстаў пра каханне абумоўлена спецыфіка даследавання, якое вядзецца ў адносінах да кожнага творцы ў трох асноўных накірунках: генезіс, тэндэнцыі развіцця, кантэкст. Высвятленне літаратурнай генеалогіі прадугледжвае пошук уплываў і ўздзеянняў на фарміраванне і станаўленне паэтычнага таленту, што адначасова дазваляе падкрэсліць самабытнасць, арыгінальнасць мастацкай індывідуальнасці, а таксама глыбей спасцігнуць механізм крэатыўнага пачатку. Другі накірунак даследавання звязаны з выяўленнем асноўных заканамернасцей развіцця сучаснай любоўнай лірыкі. Паняцце “кантэкст” разумеецца аўтарам манаграфіі даволі шырока і прадугледжвае філасофскі, псіхалагічны, эстэтычны, культуралагічны і літаратурны аспекты.
1 ПАЭЗІЯ КАХАННЯ: АСПЕКТЫ ТЭОРЫІ І ВЕРЫФІКАЦЫІ
-
Інтымная лірыка як адметная мастацкая з’ява
У працэсе светаспасціжэння першачарговая роля, як правіла, належыць складаным і шматгранным стасункам паміж асобай і быццём, што звычайна разгортваюцца ў трох асноўных напрамках: сацыяльнае жыццё індывіда, яго сувязь з колам прыватных асоб, узаемазалежнасць чалавека і прыроды. Адпаведна гэтаму ў сучасным прыгожым пісьменстве вылучаюцца тры разнавіднасці лірыкі: грамадзянская, інтымная, пейзажная. Умоўнасць такога падзелу, у аснову якога пакладзена найперш прыкмета зместу, хісткасць межаў паміж асобнымі відамі пацвярджаецца эмпірычнай праверкай, што выяўляе наяўнасць шматлікай колькасці вершаў змешанага тыпу як у класічнай спадчыне, так і ў сучаснай паэзіі. У якасці прыкладу “камбінаваных” твораў могуць выступаць вершы Я.Купалы “Зіма”, “Зімовая ноч”, “Крым”, “Спадчына” і інш., дзе праз замілаванасць пейзажам выяўляюцца патрыятычныя пачуцці.
Многія даследчыкі вылучаюць яшчэ адзін від лірыкі – філасофскую (і нават яе разнавіднасці: уласна філасофскую, навуковую і медытатыўную), якая адлюстроўвае рэфлексію асобы ў імкненні спасцігнуць таямніцы светабудовы, асновы быцця і свядомасці чалавека, дапамагае асэнсаваць феномены часу, вечнасці, смерці, выяўляе напружаны роздум пра прызначэнне чалавека на зямлі. Нягледзячы на тое, што “ледзьве не ў кожным лірычным творы прысутнічае медытатыўны пачатак” [7, с. 135], не ўласцівая лірыцы дыскурсіўнасць, рацыянальнасць такіх вершаў доўгі час выклікала спрэчкі сярод літаратуразнаўцаў. Неабходна зазначыць, што эскалацыя вершаў уласна філасофскага зместу ў апошнія дзесяцігоддзі мінулага стагоддзя аформілася ў інтэлектуальна-філасофскі кірунак і ў айчынным мастацтве слова, які рэпрэзентуюць М.Танк, А.Разанаў, Н.Артымовіч, Г.Булыка, Я.Юхнавец, М.Баярын, І.Бабкоў, У.Арлоў, Г.Дубянецкая і інш.
У працэсе даследавання лірыкі кахання ўзнікае шэраг тэарэтычных пытанняў, звязаных з неакрэсленасцю, некарэктнасцю, неразмежаванасцю пэўных паняццяў або неадназначным вытлумачэннем адпаведных літаратурных з’яў. Адно з іх абумоўлена распаўсюджаным меркаваннем, заснаваным на атаясамліванні тэрмінаў “інтымная” і “любоўная” лірыка. На наш погляд, калі першы з іх мае шырокую семантыку і можа выкарыстоўвацца для выражэння даволі вялікага спектра пачуццяў, то другі з’яўляецца яго састаўной часткай і правамерны ў дачыненні ўвасаблення толькі калізій кахання. Інтымная паэзія скіравана на перадачу перажыванняў асобы, выкліканых яе адносінамі з колам іншых людзей па вузкачалавечай лініі. Праявы сяброўства, кахання, маральнага хараства, духоўнай роднасці, добразычлівасці, глыбока асабістыя думкі знаходзяць сваё адлюстраванне ў творах такога гучання. Паняцце “інтымная” лірыка ўбірае ў сябе паняцце “любоўная” як адно з праяўленняў размаітай гамы пачуццяў. Так, вершы М.Багдановіча пра трапяткое юнацкае пачуццё (“Першая любоў”), аб “рупным каханні” будучай маці да свайго дзіцяці (“Да вагітнай”) і поўны глыбокага смутку верш, прасякнуты прадчуваннем блізкай смерці (“Не кувай ты, шэрая зязюля...”), адносяцца да інтымнай лірыкі ў аднолькавай ступені, у той час як у тэматычны абсяг любоўнай паэзіі ўваходзіць толькі першы. Адсюль вынікае, што тэрмін “інтымная” паэзія можа выступаць субстытутам азначэнню “любоўная”. Тым не менш не ўяўляецца мэтазгодным цалкам ідэнтыфікаваць любоўную лірыку з інтымнай. У адносінах да твораў аб узаемадачыненнях паміж мужчынам і жанчынай названыя паняцці можна традыцыйна кваліфікаваць як сінанімічныя, усё ж не адмаўляючы іх відавочную сэнсавую і функцыянальную адрознасць.
Аднак цяжкасці, звязаныя з вызначэннем асаблівасцей такога віду лірыкі, як інтымная, не вычэрпваюцца праблемай тэрміналогіі. У шматгадовай дыскусіі адносна дыферэнцыраванага падыходу да мужчынскай і жаночай паэтычнай творчасці, здаецца, даўно пастаўлена кропка: прыкмета полу, гендэр аўтара на якасць вершаў істотна не ўплывае. Можна цалкам пагадзіцца з высновай аб адсутнасці такога падзелу, калі справа тычыцца паэзіі ўвогуле. Аднак зусім іншы выгляд набывае праблема ў ракурсе выяўлення пачуцця кахання. Анатамічнае, фізіялагічнае, псіхалагічнае адрозненне мужчыны і жанчыны, таксама як і адметнае ўспрыняцце імі супрацьлеглага полу аспрэчыць цяжка. Гэта пацверджана навукай, зафіксавана ў фальклоры і міфалогіі, адлюстравана ў творах мастацтва і філасофскіх трактатах.
Вядома, што палярнасць двух пачаткаў – мужчынскага і жаночага – і разуменне гармоніі як зліцця, яднання, злучэння іх у адно цэлае – цэнтральная тэма і падмурак усходніх філасофій. Палавая бінарная апазіцыя была акрэслена яшчэ ў Старажытным Кітаі праз паняцці інь – янь, а ў культурнай прасторы Індыіі ў якасці такіх пачаткаў выступалі ха і тха. Трэба сказаць, што гэта думка ў гісторыі філасофіі і культуры носіць кантынуальны характар. Мае рацыю Т.Шамякіна, калі даводзіць: “Усе філосафы старажытнасці, а за імі і сучасныя сышліся на тым, што мужчынскі пол (шырэй – Дух) – носьбіт зменлівасці, рэвалюцыйнасці, прагрэсу, руху наперад, шукання новага; жаночы (шырэй – Матэрыя, Цела, – а таксама – Душа, Псіхея) – носьбіт устойлівасці, парадку, кансерватызму” [8, с. 245]. Досыць цікавая спроба высвятлення розніцы ў псіхалагічным адчуванні мужчыны і жанчыны ў час блізкасці прадстаўлена сучасным рускім філосафам і пісьменнікам Г.Гачавым. Ён акрэслівае адчуванні мужчыны, народжаныя фізічным каханнем, як “патапленне, падзенне, пагружэнне пад зямлю, ва ўлонне <...> – у цёмную масу матэрыі, якая абступае як яго мяжа <...> Гэта палон, пастка, логава, яма, смерць” [9, с. 242]. Унутраны стан жанчыны, па меркаванні Г.Гачава, цалкам супрацьлеглы. Ён блізкі да “зачаравання, выкрадання, лёгкасці, узлятання, узняцця, узнясення, кружэння, – словам, паветранасці і вогненасці” [9, с. 243].
Лагічнай будзе выснова аб тым, што ўвасабленне, перадача пачуцця кахання ў творчасці мужчыны і жанчыны – з’явы істотна адрозныя. Палярнасць выяўлення любоўных перажыванняў прадстаўнікамі розных полаў выяўляецца нават на знеўнім узроўні, у наступных мастацкіх праявах. Так, атрыбутыўнай адзнакай мужчынскай лірыкі кахання з’яўляецца апяванне хараства любай, захапленне яе пекнасцю, зграбнасцю, знешняй прыгажосцю, стварэнне дэталёвых партрэтных характарыстык, у той час як у інтымнай паэзіі жанчыны ўвага акцэнтуецца на словах, паводзінах, учынках, дзеяннях прадмета захаплення. Сутнасна непадобным з’яўляецца і апісанне пачуццёва-пажадлівых карцін. Так, калі мужчына прама ці ўскосна апісвае сам акт фізічнай блізкасці, то жанчына засяроджваецца на яе прэлюдыі. Прэрагатывай мужчынскай паэзіі становіцца стварэнне зборных вобразаў, любаванне прыгажосцю жанчын пэўнай мясцовасці, а таксама апяванне імя каханай, што ў любоўных вершах, напісаных жанчынамі, амаль не фіксуецца. Сказанае вышэй дазваляе меркаваць, што падзел любоўнай паэзіі на мужчынскую і жаночую небеспадстаўны і ў пэўным сэнсе мае права на існаванне.
Спецыфіка любоўнага жанру разам з лірычным суб’ектам (носьбітам перажывання) вымагае наяўнасці лірычнага аб’екта – часцей за ўсё асобы супрацьлеглага полу, на якую гэта пачуццё накіравана. У адрозненне ад іншых разнавіднасцей лірыкі (грамадзянскай, пейзажнай, філасофскай), у інтымнай паэзіі лірычны аб’ект не з’яўляецца пасіўным вобразам. Ён не толькі ўздзейнічае на дыялектыку пачуцця суб’екта, а і дапаўняе яго сваімі перажываннямі і дзякуючы сваёй актыўнай ролі ў вершы набывае статус другога лірычнага персанажа. Часам “дадатковы” герой (гераіня), уключыўшыся ў дыялог, прадстаўляе рэцыпіенту магчымасць пачуць двухгалоссе, асэнсаваць розныя погляды, успрыняць нараджэнне прыхільнасці з абодвух бакоў у іх непарыўнасці. Неабходна зазначыць, што дыялагізм такіх твораў пераважна ўяўны, імпліцытна экспрэсіўны, бо лірычны род па сваёй сутнасці маналагічны. Выказванне лірычнага аб’екта ў гэтым выпадку ўжо прапушчана праз эмацыянальна-пачуццёвую сферу асноўнага лірычнага героя і якасна набліжаецца да ўскоснай мовы. Аднак прысутнасць лірычнага аб’екта ў інтымнай паэзіі носіць неабавязковы, факультатыўны характар. Мастацкі верш часам фіксуе толькі квінтэсенцыю пачуцця кахання, перадае яго чыстае, абстрактнае выяўленне без прамога ўказання на наяўнасць адрасата. У іншых выпадках прадмет захаплення, якому прысвячае твор засяроджаны на сваім унутраным стане паэт, усё ж праступае ў вершы, але яго вобраз можа падавацца расплывіста і аморфна. У залежнасці ад наяўнасці адрасата паспрабуем падзяліць лірычныя інтымныя творы на некалькі груп. Трэба заўважыць, што тут маецца на ўвазе знешняя адрасаванасць у адрозненне ад ужо закладзенай у аснову мастацкага тэксту ўнутранай адрасаванасці, скіраванай на чытача.
Да першай групы можна аднесці любоўныя вершы без адрасата, у якіх пэўны лірычны аб’ект фармальна адсутнічае, хаця прататып, першавобраз яго (яе) у рэальным жыцці, безумоўна, існуе. У дадзеным выпадку адбываецца своеасаблівая аберацыя канкрэтнага пачуцця, пераключэнне ўвагі мастака на іншыя аб’екты паэтычнага натхнення. Гэта можа быць аўтарскае назіранне з уласцівай яму дэскрыпцыяй рэалій жывой і нежывой прыроды, суаднесенае з асабістым лёсам або народжанае ўласнымі перажываннямі. На прыналежнасць такіх вершаў да любоўнай паэзіі, як правіла, указваюць толькі рамачныя кампаненты тэксту (загаловак, прысвячэнне). Лірыку акрэсленага гучання ўмоўна назавем дэаб’ектнай. Яскравы прыклад твора-сузірання – вядомы верш М.Багдановіча з нізкі “Эрас”:
У космах схаваліся кветы чырвоныя,
Кветы чырвоныя,
Неапылёныя.
Хцівасць жадання іх томіць таёмная,
Томіць таёмная,
Сіла няскромная.
Але дарэмна ў іх сокі б’юць шпаркія,
Сокі б’юць шпаркія,
Свежыя, яркія.
Звянуць яны, тыя кветы чырвоныя,
Кветы чырвоныя,
Неапылёнымі [10, с. 202].
У прыведзеным вершы беларускага класіка не наглядаецца ні аб’екта захаплення, што стаў магутным штуршком да напісання твора яскрава эратычнага характару, ні героя (суб’екта), калі, вядома, не прыняць за яго “кветы чырвоныя”, а сам твор не інтэрпрэтаваць як алегорыю.
У абсяг дэаб’ектнай лірыкі таксама ўваходзяць творы, фокус увагі ў якіх скіраваны на чужое пачуццё. Цэнтральнае месца тут займаюць два вобразы – Яго і Яе, а ў пэўнай падзейнасці верша нават угадваюцца некаторыя элементы сюжэта. У якасці лірычных герояў у падобных творах могуць выступаць сімвалічныя і алегарычныя вобразы. Так, скажам, у лірычным вершы Я.Купалы “Явар і каліна” пяшчота кахання ўвасабляецца ў традыцыйных фальклорных персанажах расліннага царства. Аўтар звяртаецца да прыёму своеасаблівай эмпатыі, нібы пераносячы сябе ў створаны вобраз, уласныя думкі матэрыялізуе ў іншай іпастасі, імкнучыся спасцігнуць сітуацыю і сутнасць канфлікту знутры.
Акрамя таго, даволі распаўсюджаным ў мастацтве слова падвідам любоўнага твора, які не прадугледжвае непасрэднай прысутнасці ў ім партнёра па эмацыянальна-псіхалагічным перажыванні, з’яўляецца верш-роздум, развага, што стаіць на мяжы інтымнай і ўласна філасофскай лірыкі. Творца імкнецца абстрагавацца ад жыццёвых рэалій і спасцігнуць існасць кахання і звязаных з ім феноменаў (здрады, рэўнасці, адзіноты, гонару і інш.) абстрагавана, абагульнена, падключыўшы не толькі пачуцці, інтуіцыю, але і логіку, розум. Прыкладам можа служыць наступная дэцыма А.Вярцінскага:
Любоў нараджае не толькі дзяцей.
Любоў нараджае не толькі надзеі.
Любоў апрача дзяцей і надзей
прыносіць сумненні і падзенні.
Аддаўшы сябе сваёй сяўбе,
свету явіўшы плады залатыя,
самазнішчае яна сябе,
і разам з ёю знішчаюцца тыя,
хто яе носіць [11, с. 212].
Нягледзячы на тое, што вершы-філасафемы ёсць прэрагатыва паэтаў рацыянальна-аналітычнага складу, да якіх, безумоўна, належыць і А.Вярцінскі, творы падобнага кшталту сустракаюцца ў любоўнай лірыцы амаль кожнага мастака слова.
Яшчэ адной разнавіднасцю дэаб’ектнай лірыкі, ужо не так шырока прадстаўленай у айчыннай паэзіі, могуць служыць вершы-рэфлексіі, дзе лірычны герой, заглыбляючыся ў свае перажыванні, быццам бы забывае пра аб’ект свайго жадання. У якасці ілюстрацыі можа выступаць верш “Я кахаў” У.Жылкі:
Я кахаў... Ах, калісьці даўно я кахаў!
Аж тады, калі моладасць ззяла ў вачах,
Калі гора і смутку я, дужы, не знаў
І адвага кіпела ў грудзях, –
Шчэ тады, аж тады я кахаў!
Але збег і загінуў, як мара, той час:
Пагубляў я ўсе радасці год маладых
І сябе, і жыццё праклінаю не раз...
А цяпер, як у небе пас зор залатых,
На шляху маім свеціць той час [12, с. 26].
Як бачым, у цэнтры твора – эмоцыі і пачуцці лірычнага “я” паэта. Яго ўнутраны свет выступае самадастатковым, аўтаркічным і даволі замкнёным для таго, каб выпраменьваць энергію эрасу вакол сябе. Суб’ект цалкам паглынуты рэтраспектыўным самааналізам. У яго працэсе выяўляецца прага вяртання героем не любай яму жанчыны, да вобраза якой аўтар зусім не апелюе, а ўжо перажытага ім, спазнанага ў мінулым крылатага стану закаханасці, ранейшай здольнасці кахаць.
Несумненна, што любоўныя вершы без адрасата ўключаюць у сябе менавіта тыя лірычныя творы, дзе няма аднаго канкрэтнага аб’екта пачуццяў. Гэта значыць, названую групу таксама рэпрэзентуюць вершы інтымнага гучання, народжаныя спантаннасцю выхаду і адвольнасцю, шматскіраванасцю паэтычнай энергіі, што адпаведна выклікае павелічэнне колькасці адрасатаў у мастацкай прасторы кожнага з твораў. Усё зазначанае дазваляе ўмоўна назваць такі від лірыкі поліаб’ектнай.
Прыхаваць, зацяніць сапраўдны прадмет свайго захаплення аўтар можа пры дапамозе зборнага або абагульненага вобраза. У першым выпадку мастак слова фармальна змяшчае адзін жаночы вобраз у цэнтры лірычнага твора, аднак фактычна ім ствараецца верш-любаванне лепшымі рысамі слабой паловы чалавецтва пэўнай мясцовасці (часцей за ўсё роднага паэту кутка) ці беларускіх прыгажунь увогуле. Як правіла, гэта ідэальны вобраз, фармальна выражаны адзіночным лікам. Да прыкладу, верш “Белавежанка” А.Барскага пабудаваны пры дапамозе такога прыёму:
Цябе стварыў бог,
Калі цешыўся моцна
Радасцю нейкай.
З галінкі яловай
Даў табе вейкі,
Вочы – з азёраў двух сініх,
Зубкі – з інею,
Косы – з саломы пшанічнай,
Голас – з песні крынічнай,
Сэрца – з бур навальнічных,
Душу – з цішы вячэрняй,
Якая не знае межаў [13, с. 23].
Нярэдка сустракаюцца і абагульненыя вобразы, якія ўвасабляюць тыповую прадстаўніцу канкрэтнай групы (сацыяльнай, прафесійнай, узроставай і г.д.) і таксама граматычна выражаныя адзіночным лікам. У адрозненне ад зборнага поліаб’екта, нярэдка гэта падкрэслена рэальны вобраз, пададзены ў будзённых рэаліях. Відавочна, што жняя з хрэстаматыйнага купалаўскага верша не з’яўляецца канкрэтным аб’ектам пачуцця, а ўвасабляе сабой кожную беларускую дзяўчыну. Дадзеную думку пацвярджаюць апошнія радкі верша: “Гэта жнейка наша // Ў нашаей старонцы” [14, с. 33]. Лірычныя творы са зборным і абагульненым поліаб’ектам, як правіла, належаць пісьменнікам-мужчынам. У жаночай паэзіі такія вобразы, як было заўважана вышэй, амаль не фіксуюцца.
Да поліаб’ектнай інтымнай лірыкі таксама будзе правамерным далучыць даволі разнастайную падгрупу вершаў, дзе аўтар шляхам узбуйнення адрасата да калектыўнага вобраза стварае ілюзію адсутнасці адзінага пэўнага аб’екта пачуцця. У якасці прыкладу працытуем урывак з верша Я. Купалы “Да дзяўчатак”:
Ой, дзеванькі-любанькі!
Люблю, люблю вас,
Я ў вашых, галубанькі,
Сетачках увяз.
<...>
Нападае часценька
Нейка дзіўна млосць,
І так шчасна-шчасненька
Хочацца чагось.
Вочы неўспадзевачкі
Ўсё туды бягуць,
Дзе сонейкі-дзевачкі,
Любачкі жывуць [14, с. 243 – 244].
У прыведзеным тэксце наглядаецца стыхійнасць, няпэўнасць, нерасчляняльнасць любоўнага памкнення героя ў адносінах да кожнай з дзяўчатак, хаця відавочна, што лірычны суб’ект валодае моцнай прыцягальнай энергетыкай. Непасрэдна адзіны прадмет пачуцця ў вершы адсутнічае, яго замяняе поліаб’ект – сумарны, шматаблічны, сукупны. Трэба сказаць, што сярод апісанага падвіду лірыкі з непадзельным, сінтэзаваным аб’ектам пачуцця сустракаецца і такі інварыянт, дзе лірычны герой з актыўнага захопленага ўдзельніка ператвараецца ў старонняга ўраўнаважанага назіральніка. У такіх творах інтымнага характару суб’ект не імкнецца да стасункаў з жанчынамі (мужчынамі), што сталі крыніцай перажывання, а застаецца нібы па-за падзеямі, збоку. Пры гэтым прадмет увагі, як правіла, выпадковы, далёкі, чужы герою. Скажам, лірычны персанаж Я.Чыквіна ўспрымае вячэрні Беласток наступным чынам: “Паненкі свецяць нібы лямпы Алядына. // Ці як бутэлькі моцнага віна. // У званах спадніц // Нагамі звоняць песні гожыя нявінніц” [15, с. 35]. Лірычны суб’ект, набліжаючыся да аўтара, можа знаходзіцца не толькі збоку, але і звыш, над падзеямі. У такім выпадку поліаб’ект набывае сваё максімальнае колькаснае выражэнне, бо ўключае ў сябе кожную асобу жаночага полу. У выніку твор прымае прыкметны разважна-дыскурсіўны характар. Да прыкладу, дзяўчаты, якія сняць “тайны свой мужчынскі ідэал” [16, с. 98], або жанчыны, “што пасля пацалунка мужчыны // Не зведалі асалоды пацалунка дзіця”, [16, с. 84] Г.Бураўкіна – вобразы менавіта такога кшталту.
Нарэшце ў вершы можа быць некалькі адзінкавых аб’ектаў, створаных шляхам размеркавання, рассейвання, драбнення цэласнага пачуцця або, наадварот, народжаных палярнымі, супрацьлеглымі эмоцыямі. Яшчэ адзін лірычны твор Г.Бураўкіна “Непрыгожых жанчын не бывае...” мае адразу два знешне непадобныя, нават кантрастныя, аб’екты. Гэта – “Асляпляльная, // Баявая, // Як маланка, // Як выклік нудзе” і “Сарамяжліва- // Снегавая, // Як лілея на ціхай вадзе” [16, с. 68]), што, на думку паэта, якраз пацвярджае змешчаны ў назве афарызм. Неабходна ўдакладніць: вершы, дзе наглядаецца вылучэнне вобразаў з пэўнай мікра- ці макрагрупы, колькасна нешматлікія і ў айчыннай інтымнай лірыцы сустракаюцца спарадычна.
Такім чынам, сярод любоўных вершаў без адрасата выразна вылучаюцца дзве асноўныя падгрупы – дэаб’ектныя і поліаб’ектныя. Першая з іх, у сваю чаргу, ахоплівае лірычныя творы з элементамі сюжэта, вершы-сузіранні, філасафемы і рэфлексіі. Індыкатарам і прыкметай для тыпалогіі другой падгрупы з’яўляецца спецыфічны поліаб’ект, які мае наступныя мадыфікацыі: зборны, абагульнены, сумарна-цэласны, а таксама сінхронна-атамарны вобраз.
Поделитесь с Вашими друзьями: |