Градзянка расоха градзянка



Дата канвертавання30.06.2016
Памер172.13 Kb.
ГРАДЗЯНКА - РАСОХА - ГРАДЗЯНКА
У кожнага з нас у памяці ёсць асаблівая, мілая сэрцу кропка на геаграфічнай карце: вёска ці пасёлак, або горад, дзе мы нарадзіліся, і дзе пачалася для нас Радзіма. Для жыхароў нашай мясцовасці такой кропкай з’яўляецца наша вёска Градзянка.

Гэта паўночная вёска Асіповіцкага раёна, якая акружана лясным масівам. Асноўным заняткам жыхароў нашага края з’яўляюцца прафесіі ,звязаныя з лясной гаспадаркай.

Зямля, на якой была заснавана в. Градзянка ў канцы 19 - пачатку 20 стагоддзя, была ўласнасцю роду Завішаў. Асаблівую павагу і любоў да гэтага краю мела Магдаліна Завіша. Ёй мы ўдзячны за заснаванне нашай вёскі. У гісторыі развіцця Градзянкі праславілі сябе справамі Іван Завіша, Магдаліна Завіша, купец Мірэцкі, Антоній Радзівіл, Іван Аляксейчык і іншыя. Памяць аб гэтым захоўваюць паданні і дакументы. Таму і тэма даследчай дзейнасці пашуковай экспедыцыі была вызначана не выпадкова.
Тэма: Паглыбленнае вывучэнне гісторыі роднага края у перыяд з 1941 па 1944 год.

Мэты:

Адукацыйная: на прыкладзе подзвігаў герояў у гады Вялікай Айчыннай вайны на беларускай зямлі паказаць вучням, як у неймаверна цяжкай барацьбе людзі атрымалі перамогу над фашыстамі; расказаць пра жахі вайны, пра злачынствы гітлераўцаў на роднай зямлі.

Выхаваўчая: на прыкладзе гераічных падзей Вялікай Айчыннай вайны выхоўваць у дзяцей любоў да Радзімы, да роднай зямлі, палітай крывёю яе абаронцаў.

Пашуковая: збор экспанатаў і матэрыялаў для папаўнення фондаў школьнага музея.

Структура экспедыцыі:

Пашукова-даследчая работа вядзецца ў наступных напрамках:

а) атрыманне і вывучэнне вучнямі матэрыялаў па тэме на занятках гуртка “Муззезнаўства”.

б) самастойная пашукова-даследчая дзейнасць па выбранай тэме: вывучэнне дадатковай літаратуры і матэрыялаў перыядычных выданняў па тэме, асабістыя пашукова-даследчыя вынікі вучняў.

в) вывучэнне вучнямі гісторыі роднага края ў час правядзення пашуковай экспедыцыі па абранаму маршруту.


  1. Арганізацыйныя пытанні. Удакладненне маршрута, заданняў, правіл паводзін у час правядзення экспедыцыі.

  2. Сучтрэча з Татур Нінай Ігнацьяўнай, жыхаркай вёскі Градзянка, сведкам гістарычных падзей 1941 – 1944 гг. ў нашай мясцовасці.

  3. Правядзенне пашуковай экспедыцыі.

  4. Падвядзенне вынікаў.

Першым аб’ектам нашага даследвання была вызначана родная вёска Градзянка. Пра яе гісторыю шмат матэрыяла ёсць ў школьным музеі, ды і наш дарадчык у даследчай дзейнасці па роднаму краю жыхарка гэтай вёскі.

Матэрыял з экспазіцыі музея:
Градзянка – паўночны куток раёна

Калі меркаваць па паданнях, назва вёскі пайшла ад слова “града”, якое ў тлумачальным слоўніку беларускай мовы мае адно з азначэнняў, як “паласа лесу”.

Калісьці тут быў лес, і калі ў канцы ХIX стагоддзя ў навакольных лясах разгарнуліся лесараспрацоўкі, на месцы адной з высечак і сталі будаваць жыллё, узнікла паселішча. Хаця, магчыма, паходжанне назвы ад зліцця “грады” з “дзялянкай” – так называецца ўчастак лесу, адведзены пад высечку, або ўжо высечаны. У пачатку ХХ стагоддзя населены пункт быў вядомы як урочышча Градзянка Пагарэльскай воласці Ігуменскага павета з 1 дваром, 7 жыхарамі. У 1905 годзе тут быў заснаваны лесапільны завод. У гэты час уладальнікам вялікіх лясных масіваў паўночнай часткі сучаснага раёна з’яўляўся генерал Антоній Радзівіл, які займаўся тут лесараспрацоўкамі і гандлем лесаматэрыяламі. Ён арганізаваў акцыянернае таварыства для будаўніцтва чыгуначнай лініі Верайцы-Градзянка. У склад таварыства ўвайшлі таксама тутэйшы памешчык Іван Завіша, лесапрамысловец Карпаў і некаторыя іншыя зацікаўленыя ў гэтай справе людзі. На сродкі таварыства была пабудавана чыгуначная лінія са станцыямі Верайцы, Лапічы, Уборак, Градзянка.Чыгунка спрыяла хуткаму росту апошняй.

Пасля заканчэння будаўніцтва чыгуначнай веткі, Радзівіл прадаў яе дзяржаўнай казне, а купец –лесапрамысловец Мірэцкі пабудаваў у Градзянцы, апрача лесапільнага завода, будынак канторы і два баракі – адзін сямейны з 8 кватэр, другі – для рабочых халасцякоў. Былі ўзведзены дом для начальніка і яго памочніка.

У пошуках заробку ў Градзянку пацягнуліся рабочыя. Паколькі ж жыллё ім не выдзялялася, яны былі вымушаны абзаводзіцца ўласнымі халупамі – з бракаваных дошак, што збываў Мірэцкі. Пачаў стварацца рабочы пасёлак.

Сам купец у Градзянцы не жыў: у яго было шмат лесапільных заводаў – знаходзіўся недзе ў Польшчы. Кіраваць заводам ён прыслаў упраўляючага Навагрудскага, памочнікам – Засковіча.

Першым начальнікам станцыі Градзянка быў Цітоў, памочнікам – Іваноўскі, стрэлачнікам – Габрыельчык, станцыйным вартаўніком – Бойко.

На лесапільным заводзе працавалі і жанчыны: хто пілаванне адвозіў, хто аполкі складваў, хто грузіў дровы ў вагоны. Працавалі тут і дзеці.

У той час у Градзянцы не было нават могільніка – хаваць людзей даводзілася ў вёсцы Лазовае.

У 1913 годзе ў Градзянцы адбылася забастоўка. Рабочыя патрабавалі павышэння заработнай платы. З Ігуменя (Чэрвеня) былі выкліканы карнікі. Рабочыя сустрэлі іх каламі і каменнем. Бойка працягвалася 2 дні.Рабочым давялося разбягацца па лясах і балотах. На іх месцы і месцы арыштаваных прыбылі іншыя – завод зноў пачаў працаваць.

Пасля забастоўкі сабралася з дзесятак рабочых, якія рашылі наняць настаўніка. У вёсцы Лазовае знайшоўся васемнаццацігадовы хлопец Аляксейчык. Ён закончыў сельскую школу ў Пагарэлым і пачаў за плату вучыць 15 дзяцей. Школай сталі халупы рабочых. Дамоўленнасць была такая: за кожнага вучня харчуецца ў гэтай кватэры і вучыць, а праз тыдзень пераходзіць у другую, як і школа.

У 1914 годзе пачалася вайна. Большасць рабочых пайшло на фронт. А на завод пайшлі жанчыны і дзеці – было не да вучобы.

У лютым 1917 года ў Расіі адбылася буржуазная рэвалюцыя. На заводзе ў Градзянцы прайшла першая дэманстрацыя. Рабочыя выбралі свой заводскі камітэт, які ўзначаліў Бучэль.Было вырашана выклікаць гаспадара завода Мірэцкага і прад’явіць яму наступныя патрабаванні : увесці 8 – гадзінны рабочы дзень, пабудаваць лазню і павысіць заработную плату. Мірэцкі з чымсьці згадзіўся, але ад будаўніцтва школы адмовіўся.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі завод быў нацыяналізаваны. Вырашылі даць яму назву “Спартак “. Дырэктарам стаў Зысковіч. Быў абраны заводскі камітэт.

Паводле перапісу 1917 г. на месцы сучаснага паселішча былі 2 населеныя пункты: пасёлак Градзянка (67 двароў, 359 жыхароў) і чыгуначная станцыя Градзянка (10 двароў, 35 жыхароў).

У пачатку 1918 года на тэрыторыі Беларусі быў сфарміраваны белапольскі корпус Доўбар – Мусніцкага, які заняў Ігуменскі павет, у тым ліку і Градзянку. Работа завода “Спартак” была спынена. А пачалася яна з лета 1919 года. Тады ж была створана камсамольская ячэйка.

У той час у Градзянцы знаходзілася польская тылавая часць, якая ўвяла каменданцкую гадзіну. Заезд і выезд у Градзянку дазваляўся толькі па прапусках. На варотах каля дамоў былі вывешаны спісы членаў сям’і. І калі кагосьці ў каменданцкую гадзіну не аказвалася дома, пакаранне несла ўся сям’я.

У ліпені 1920 года ў Градзянцы зноў з’явіліся воіны Чырвонай Арміі.

Першая школа ў Градзянцы (чатырохкласная) была створана ў 1921 годзе ў доме Лазінскага, першым настаўнікам стаў былы прапаршчык царскай арміі Салаўёў, якога неўзабаве змяніла маладая настаўніца Вера Лагун. У 1925 годзе ў школе вучылася 94 хлопчыкі і дзяўчынкі.

Да пасёлка быў далучаны вялікі ўчастак былой памешчыцкай зямлі, на якім пабудавалі сядзібы колішнія парабкі і беднякі. У 1920 годзе на гэтых землях была заснавана вёска Градзянец. Яна і зараз ушчыльную падступае да Градзянкі.
.

Музей партызанскай Славы

Вучні Градзянецкай СШ збіралі матэрыялы, прысвечаныя гісторыі партызанскага руху на працягу ўсіх пасляваенных гадоў.

У час вайны Градзянка была партызанскім краем. Шмат вучняў нашай школы прымала актыўны ўдзел у барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў разам з партызанамі. Адразу пасля вайны была створана група , якая займалася стварэннем вугалка памяці загінуўшым у час вайны вучняў. Затым у школе быў створаны Вугалок баявой Славы, а ў 70-х гадах пачынае сваю дзейнасць пашуковая група. Шмат матэрыялаў па гісторыі роднага краю было сабрана вучнямі нашай школы, таму невыпадкова ў 1995 годзе на базе нашай школы быў створаны музей. Усе матэрыялы былі сістэматызаваны і прадстаўлены ў экспазіцыю. Разделы экспазіцыі маюць храналагічна-гістарычны прынцып:



  1. Гісторыя в. Градзянка

  2. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны.

  3. Партызанскія атрады на тэрыторыі Асіповіцкага раёна.

  4. Рэйкавая вайна.

  5. Боль спаленых вёсак.

  6. Нашы ветэраны. Яны вучыліся ў нашай школе.

  7. Помнікі ахвярам фашызму на тэрыторыі Асіповіцкага раёна.

Пры музеі працуе гурток “Музеязнаўства”. На працягу навучальнага года ў музеі праводзяцца экскурсіі, урокі мужнасці, адкрытыя ўрокі па гісторыі партызанскага руху ў Асіповіцкім раёне. У музеі частымі гасцямі бываюць ветэраны Вялікай Айчыннай вайны.
Матэрыялы экскурсіі па музею партызанскай славы

Экскурсавод №1

22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна. Ужо ноччу з 22 чэрвеня на 23 чэрвеня нямецкія самалёты бамбілі наш раённы цэнтр - горад Асіповічы, сеючы гора, смерць і разрушэнні.

29 чэрвеня 1941г. нямецкія войскі занялі г. Асіповічы, а да 2 ліпеня ўвесь наш раён быў акупіраваны гітлераўцамі.

Для падтрымання свайго “парадку” гітлераўцы стварылі з мясцовых жыхароў паліцэйскія ўправы.

Жыхары майго раёна, якія не змаглі папоўніць рады Чырвонай Арміі, каб абараняць сваю Радзіму ад ворага, пайшлі ў партызаны. Кіраўніком і арганізатарам партызанскага атрада быў наш зямляк, уражэнец в. Амінавічы Асіповіцкага раёна Каралёў Мікалай Піліпавіч.Яго памочнікамі былі: Рувім Хаімавіч Голант, Сцяпан Сяргеевіч Сумчанка, Глотаў Васілій Васільевіч і іншыя.Месцам дыслакацыі будучага партызанскага атрада былі абраны Градзянскія лясы. Абсталяваўшыся ва ўрочышчы Расоха, невялікая група з 9 патрыётаў пачала работу па ўцягванні ў барацьбу жыхароў раёна: у вёсках і горадзе падбіраліся сувязныя, займаліся зборам боепрыпасаў і зброі, прыступілі да фарміравання партызанскага атрада.З гэтага часу Асіповіцкі падпольны райком КП(б)Б пачаў сваё існаванне і кіраўніцтва партызанамі раёна.


Экскурсавод №2
Хутка група вырасла ў моцны партызанскі атрад. Разгарнулася баявая дзейнасць. Так , 28 ліпеня 1941года партызанская група ўварвалася на Градзянскую нафтабазу і знішчыла бакі з бензінам; 10 верасня 1941 года быў разгромлены градзянскі паліцэйскі ўчастак. Група з сакавіка 1942 года дзейнічала самастойна пад назвай “Атрад Караля”. У ліпені 1942г. ён быў уключаны ў склад Клічаўскага аператыўнага цэнтра як атрад № 210.

Партызанскі рух працягваў пашырацца. На базе 210- га атрада былі створаны:

211 атрад імя Ракасоўскага, камандзір - Баразна Р.Н.

212 атрад імя Сумчанкі, камандзір - Семкін В.Н.

213 атрад “ За Савецкую Беларусь”, камандзір – Шычко Ф.К.

214 атрад імя М.І. Калініна, камандзір – Падгайны Дз. А.

215 атрад імя Леніна, камандзір - Пыжоў Р.В.

216 атрад імя П.К.Панамарэнкі, камандзір – Свердлікаў М.Ц.

Ва ўрочышчы Расоха быў пабудаваны партызанскі аэрадром.

Экскурсавод №3


У лютым 1943г. група партызанскіх атрадаў была названа 1– й Асіповіцкай партызанскай брыгадай, а з красавіка 1943 г. яна дзейнічала як ваенна- аператыўная група. Колькасць партызан была амаль паўтары тысячы чалавек.

Вялікую ролю адыграла партызанская разведка ў падрыхтоўцы і правядзенні “рэйкавай вайны”. Сцяпан Сяргеевіч Сумчанка , як адзін з арганізатараў гэтай аперацыі, быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

З Масквы ў Асіповіцкі раён быў прысланы Дзмітрыеў Барыс для навучання партызан падрыўной справе.Ён падрыхтаваў 14 падрыўнікоў. Яны ўзарвалі 1400 чыгуначных рэек, 43 масты, 22 аўтамашыны, 3 танкі. Дмітрыеў Барыс загінуў 23 лютага 1944 года, каля вёскі Каменічы ў няроўным баі.

Сярод партызан-падрыўнікоў выдзялялася Кунько Рыма, якая нарадзілася ў в. Ліпень Асіповіцкага раёна.

Яна вельмі добра засвоіла падрыўную справу і стварыла падрыўную групу дзяўчат. Яны ўзарвалі 7 мастоў, 8 эшалонаў.

Загінула 1 чэрвеня 1944 года, каля в. Брыцалавічы ў няроўным баі.

Экскурсавод №4
Актыўнасць партызан не давала пакою акупантам. У сярэдзіне снежня 1942 года народныя мсціўцы пачалі атрымліваць звесткі аб маючай адбыцца аблаве гітлераўцаў на партызан.

6 студзеня 1943 года гітлераўскі батальён з артылерыяй і кулямётамі захапіў в. Каменічы. Ноччу партызаны напалі на карнікаў. Распачаўся бой, у выніку якога немцы пакінулі вёску.Але адстаяць Каменічы не ўдалося, а ў хуткім часе карнікі занялі і в. Макаўе – бліжэйшы населены пункт да партызанскага лагера.

Кальцо акружэння партызанскага лагера сціскалася і было вырашана разам з часткай мясцовых жыхароў выйсці ў Клічаўскія лясы.Немцы сваю злосць зрывалі на жыхарах вёсак, якія не змаглі ад іх схавацца.Жыхароў в. Макаўя фашысты закрылі ў хлеў і падпалілі. Такі ж трагічны лёс за час вайны напаткаў 50 вёсак нашага раёна.

Нажаль пасля вайны пяць вёсак так і не змаглі аднавіцца - гэта Макаўе, Бортнае, Старонка, Май і Весялова.

У студзені 1943 г. , калі блакада скончылася, асіповіцкія партызаны вярнуліся на свае стаянкі, каб помсціць ворагу за іх здзекі.

Экскурсавод №5


У лютым 1943 года быў наладжаны выпуск падпольнай газеты “За Советскую Родину” . Рэдактарам яе стаў Трацэўскі Павел Васільевіч. Першы яе нумар выйшаў 20 лютага 1943г. Газета выкрывала хлусню гітлераўскай прапаганды, давала народу веру ў перамогу над ворагам, заклікала да актыўнай барацьбы з акупантамі.

Першы выпуск Градзянскай школы адбыўся ў 1941 годзе. Шмат вучняў разам са сваімі настаўнікамі прынялі актыўны ўдзел у барацьбе супраць фашыстаў. Некаторыя аддалі сваё жыццё за светлае будучае нашай Радзімы. Сярод іх Андрыевіч Мікалай, Межэнная Ніна, Гурына Венера, Сяргееў Барыс, Багдановіч Уладзімір і іншыя.

Разам з дарослымі ваявалі і дзеці…

Калі пачалася вайна, Ніне Межэннай і Венеры Гурынай было ўсяго па 15 гадоў.З першых дзён акупацыі дзяўчынкі сталі выконваць даручэнні партызан па разведцы ў Мінску, Бабруйску, Чэрвені і Пухавічах. Восенню 1942 г. фашысты схапілі патрыётак. Яны загінулі як героі.

На тэрыторыі нашага сельсавета зараз пражывае 15 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Яны заўсёды жаданыя госці ў нашым музеі.

Экскурсавод №6

28 чэрвеня 1944 года года горад Асіповічы і Асіповіцкі раён цалкам былі вызвалены ад акупантаў. Насельніцтва радасна сустрэла сваіх вызваліцеляў.

Асіповіцкі раён знаходзіўся под акупацыяй фашыстаў 3 гады – з канца чэрвеня 1941 года да канца чэрвеня 1944 года. Тут, як і ў іншых часова акупіраваных раёнах Беларусі, гітлераўцы праводзілі палітыку крывавага тэрору, грабяжу і насілля. Яны загубілі больш як 7 тыс. жыхароў раёна. Тысячы сыноў і дачок Асіповіцскай зямлі змагаліся з ворагам на франтах Вялікай Айчынный вайны і ў партызанах.Па- рознаму склаўся іх ваенны лёс: хтосьці прайшоў франтавымі дарогамі з першых дзён вайны да апошніх, для іншых фронт закончыўся праз месяц-другі з-за ранення, ці па нейкіх іншых прычынах, шмат нашых землякоў загінула смерцю храбрых. Сёння пра гэта расказваюць помнікі на месцах пахавання ахвяр фашызму. Іх больш як 100 на Асіповіччыне. Яны стаяць, як памяць, як знак павагі да тых, хто аддаў сваё жыццё за свабоду і незалежнасць Радзімы, і як пастаянны напамін усім жывым берагчы мір. Імёнамі герояў названы вуліцы ў горадзе і раёне.


Абзорная экскурсія па вёсцы Градзянка

Кожны куток нашай роднай Асіповіччыны мае свае вырызныя рысы, сваю непаўторнасць, калі ідзе размова аб дзейнасці людзей і ўздзеянні прыроднага асяроддзя на гэтую дзейнасць. Дзякуючы намаганням нашых продкаў і стараннай, руплівай працы сучаснікаў, а таксама тым багаццям, якія нам падарыла прырода, наша Градзянка займае сваё пачэснае месца сярод іншых мясцін Асіповіцкага краю.

Прыроднае акружэнне і геаграфічнае становішча адносна раённага цэнтра не заўсёды спрыяла добраму развіццю, тым не менш нам ёсць чым ганарыцца!

На сённяшні дзень бадай адзіным эфектыўным суб’ектам гаспадарчай дзейнасці ў Градзянцы з’яўляецца леспрамгас. Што спрыяе яго паспяховай дзейнасці? Па-першае, выгадная каньюктура рынка – ёсць попыт на драўніну на ўнутранным рынку (лясгас пастаўляе яе на “Фандок” і “Мінск-дрэў”) і на знешнім (65 % усіх загатовак ідзе на экспарт – у Фінляндзыю, Польшу, Прыбалтыку). Гэта эканамічны фактар. Адначасова адзначым, што ў лясгасе лепшыя ўмовы працы і больш тэхнікі, чым у лесапункце. Па-другое, спрыяе прыродны фактар – многа “спелага” лесу, які можна высякаць (Градзянскае лясніцтва займае 1-е месца ў раёне па яго працэнтнай колькасці – больш 30% ад усяго саставу акружаючых лясоў). Планавыя паказчыкі – 1 200 м. куб. у месяц. Па-трэцяе, работнікаў зацікаўлівае стабільны заробак, умовы працы (гэта сацыяльны фактар).

Яшчэ ў Градзянцы працуе унітарнае прадпрыемства “Эксклюзіўстрой”. Яно забяспечвае працай больш дзесятка жыхароў. Яго прадукцыя вельмі патрэбна для будавання аграгарадкоў (і не толькі іх), бо яно займаецца выпускам лесаматэрыялаў.

Калі даваць кароткі аналіз і прагноз дзейнасці ўстаноў невытворчай сферы, то можна сказаць:



  1. Градзянская СШ выконвае некалькі важных фунцый (з улікам аслаблення сацыяльнай інфраструктуры) выхавальную, адукацыйную, якая арганізоўвае вольны час дзяцей і жыхароў Градзянкі і па-гэтаму гэта ўстанова мае вельмі важнае значэнне для вёскі ў гэты няпросты час. Але ў яе функцыянаванні ёсць цяжкасці дэмаграфічнага характару (скарачэнне колькасці дзяцей). І сацыяльнага характару;

  2. клуб і бібліятэка працуюць у цеснай сувязі са школай і выконваюць тыя ж функцыі і сутыкаюцца з падобнымі цяжкасцямі ў сваёй рабоце;

  3. почта зараз не толькі выконвае свае прамыя абавязкі, але і выконвае розныя фінансавыя і гандлёвыя аперацыі;

  4. зберкаса абслугоўвае не толькі жыхароў Градзянкі, але і ўсе вёскі сельскага савета і , ўлічваючы зручнае размяшчэнне (таксама, як і почта яна знаходзіцца ў цэнтры вёскі), яна выконвае важную сацыяльную функцыю ў жыцці населенага пункта;

  5. гандлёвыя кропкі Градзянкі (2 крамы), таксама займаюць зручнае становішча і выконваюць сацыяльную функцыю;

  6. савет каардэнуе і кантралюе работу ўсіх гэтых арганізацый, а раз так, то ўсё гэта гаворыць пра тое, што для нармальнай жыццядзейнасці Градзянкі патрэбна захаванне і развіццё гэтых устаноў.

Вялікія перспектывы ў лесапаляўнічай гаспадаркі, якая ўтворана на тэрыторыі Градзянскіх лясоў у канцы 60-х гадоў. Гэтаму спрыяе некалькі фактараў. Менавіта ў нашай акрузе захаваліся вялікія лясныя масівы, якія можна выкарыстаць і для арганізацыі экатурыэму (зараз да беларускіх лясоў вялікая цікавасць іншаземцаў, у якіх даўно няма такой экзотыкі; таксама можна арганізоўваць паходы і адпачынак нашай суайчыннікаў) і для арганізацыі палявання (у гэтым напрамку ўжо праведена вялікая работа і ёсць значны даход ад яго).


Водаахоўная зона ракі Ботча.

Наша “маленькая” Радзіма – гэта і ёсць лес, якая, к смутку, адзіная на тэрыторыі нашага паселішча. У прыгожым і добрым месцы заўсёды прыемна пабываць. Таму мы і вырашылі наведаць нашу рэчку Ботча. Гэта левы прыток Свіслачы /басэйн Дняпра/. Пачынаецца яна непадалёку ад Градзянкі і ўпадае ў прыток р. Свіслач, р. Граўка. Дліна ракі 26 км, водазабор 138 км.кв. Працякае толькі па тэрыторыі Асіповіцкага раёна. Яе шырыня – 2 м., глыбіня – ад 0.8 – 1 м. Асаблівасці грунта дна – іл, хуткасць цячэння – 2-3 км/г. Вада чыстая, светла-карычневага колеру. У рэчцы жывуць ракі і платва, а таксама прыжыліся каля ракі балотная чарапаха,чорны бусел, барсук, бабёр. Сумна, але ступень зарастання русла складае 55% . І таму рака знаходзіцца на грані знікнення. Зараз яна пад аховай вучняў Градзянецкай СШ і ўключана ў экалагічную трапу школы.




Рака Ботча

Хвіліна памяці.

Каля брацкай магілы.
У час вайны гітлераўцы спалілі нашу вёску і знішчылі 350 яе мірных жыхароў. Нажаль, цана перамогі вельмі вялікая, але пасля вайны вёска адрадзілася і існавала, як рабочы пасёлак Градзянка.

23 чэрвеня 1944 года, партызаны з лікаваннем і радасцю прынялі данясенне аб наступленні ў Магілёўскім і Віцебскім напрамках. Наступленне развівалася так імгненна, што ужо 28 чэрвеня 1944 года быў вызвалены г. Асіповічы і Асіповічскі раён. Асіповіцкія партызаны зліліся з часцямі наступаючай Чырвонай Арміі.

Гераічны подзвіг здзейсніў у тыя дні начальнік штаба партызанскага атрада імя Сталіна – маёр Лукашэнка Аляксандар Ігнацьявіч. Прыбыўшы ў вызваленную Градзянку для выканання задання райкома партыі па ўстанаўленню ўлады, ён убачыў, як па бальшаку праз вёску шла вялікая група гітлераўцаў у накірунку да Мінска. Разам з П.П. Грыгарэўскім яны ўступілі ў бой. Але да гэтай групы гітлераўцаў падыйшла яшчэ адна болей крупнейшая адступаючая варожая група. У нераўным баі ён паў смерцю храбрых, каля сваёй роднай хаты, дзе радзіўся і вырас. Пахаваны ў брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан.



Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Вул. Кастрычні-

Вул. Кастрычніцкая, на могілках. Пахаваны цкая. На могілках. Пахавана 149 жыхароў

25 воінаў і партызан, якія загінулі ў 1941 пасёлка, якіх у 1941 годзе растралялі ня-

– 44 гг. У баях супраць нямецка-фашысцкіх мецка-фашысцкія акупанты. У 1974 годзе

захопнікаў. У 1975 г. На магіле пастаўлены на магіле пастаўлена стэла.

помнік – скульптура воіна.

Тры доўгія гады злобная цень фашысцкай свастыкі навісала над жыццём жыхароў нашага краю. Аднак насельніцтва не схінула галавы перад ворагам. Народ ніколі не забудзе сваіх герояў. Цаной свайго жыцця яны падаравалі нам волю, шчаслівае і мірнае жыццё. Памяць аб героях Вялікай Айчыннай вайны будзе вечнай.

Шмат гадоў прайшло з таго часу, як скончылася вайна. Але ўспаміны пра яе адклікаюцца боллю ў сэрцах людзей і іх памяці. Дарагой цаной мы заплацілі за мірнае жыццё. На беларускай зямлі загінуў кожны трэці…Салдаты нашай зямлі… Яны верылі ў шчаслівую будучыню для свайго народа, для сваіх аднавяскоўцаў. Памяць аб іх адзначым хвілінай маўчання.




Мемарыяльны комплекс у гонар Асіповіцкіх падпольных райкомаў КП(б)Б, ЛКСМБ і Асіповіцкай ваенна-аператыўнай групы.

За 12 км на паўночны захад ад вёскі Градзянка, ва ўрочышчы Расоха. Тут у Вялікую Айчынную вайну базіраваліся Асіповіцкія падпольныя райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ, штаб Асіповіцкай ваенна- аператыўнай групы.

У 1975 г. у гонар Асіповіцкіх падпольных райкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ, Асіповіцкай ваенна- аператыўнай групы пабудаваны мемарыяльны комплекс. У комплекс уключаны 40 магіл, у якіх пахаваны 80 партызан Асіповіцкай ваенна- аператыўнай групы, што загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў. Перад магіламі на бетаніраванай пляцоўцы пастаўлены цэнтральная стэла, на якой рэльефныя выявы 2 партызан, жанчыны і дзіцяці, і 5 больш нізкіх стэл, на 3 з іх прозвішчы пахаваных партызан, на 2 – рэльефныя выявы, прысвечаныя партызанскім будням, і надпісы-прысвячэнні.


К. Рубінаў, С.Сумчанка, І. Стэльмах, начальнік Асіповіцкага РА НКДБ С.Мазур, яго супрацоўнікі І. Лебедзеў, І. Баркоў пайшлі ў Асіповіцкі раён. На шляху сустрэлі другога і трэцяга сакратароў Асіповіцкага РК КП(б) Б Р.Х. Голанта, А.В.Шыёнка і старшыню Асіповіцкага райвыканкома М.П.Каралёва. Параіўшыся, вырашылі размясціцца ў Асіповіцкім раёне недалёка ад Градзянкі, ва ўрочышчы Расоха. Гэта група на чале з М.П.Каралёвым стала ядром арганізацыі партызанскага руху ў раёне. Маючы веды і практычны вопыт у баявой службе і чэкісцкай рабоце, С.Сумчанка стаў адным з перадавых камандзіраў. Ён праводзіў работу сярод насельніцтва, быў ініцыятарам распрацоўкі і выканання баявых аперацый.

У лютым 1943 года пад кіраўніцтвам штаба 1-ай Асіповіцкай партызанскай брыгады на тэрыторыі нашага раёна дзейнічала 7 партызанскіх атрадаў, колькасцю каля паўтары тысячы чалавек. Партызаны поўнасцю кантралявалі чыгунку, ліквідавалі паліцэйскія гарнізоны, за выключэннем ганізонаў у вёсках Кассё і Чучча. Але хутка знішчылі і іх.

На аснове рашэння ўпаўнаважанага ЦК КП(б)Б па Магілёўскай вобласці ў ліпені 1943 года атрады былі аб’яднаны ў Асіповіцкую ваенна-аператыўную групу. Быў наладжаны выпуск падпольнай шматтыражнай газеты “За Советскую Родину”. Першы яе нумар выйшаў 20 лютага 1943 года. Першым рэдактарам стаў П.В.Трацэўскі. Газета выкрывала хлусню гітлераўскай прапаганды, давала народу веру ў перамогу над ворагам, заклікала да актыўнай барацьбы з акупантамі.



Вяртанне ў вёску Градзянка.

Магілёўская вобласць Асіповіцкі раён

Градзянецкая СШ

Метадычная распрацоўка экскурсіі

Там, дзе Радзіма герояў,

дзе месцы мілыя душы …”

МАРШРУТ: ГРАДЗЯНКА – ЛОЧЫН – РАСОХА – ГРАДЗЯНКА

Распрацавала: кіраўнік Музея

партызанскай Славы

Сергіевіч Алена Іванаўна

Прапанаваны ўзрост



навучэнцаў: 10-17 гадоў

в. Градзянка, 2009 год



База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка