Хітрамудры ідальга Дон Кіхот Ламанчаскі



Дата канвертавання15.05.2016
Памер80.63 Kb.




Мігель дэ Сервантэс/ Miguel de Cervantes (1547 – 1616) – гішпанскі пісьменнік. Першая частка рамана “Хітрамудры ідальга Дон Кіхот Ламанчаскі” (El ingenioso hidalgo Don Quijote de la Mancha), які адразу займеў поспех (чатыры перавыданні за першы год) і быў перакладзены на многія мовы, пабачыла свет

ў 1604 годзе.


Хітрамудры ідальга Дон Кіхот Ламанчаскі

(El ingenioso hidalgo Don Quijote de la Mancha)
Раздзел шосты,

у якім апавядаецца пра тое, як святар з цырульнікам зрабілі вялікую і вясёлую чыстку бібліятэкі Дон Кіхота, а ён выправіўся ў другое падарожжа
Дон Кіхот яшчэ спаў. Святар папрасіў у пляменніцы ключы ад пакоя, дзе былі тыя злашкодлівыя кнігі, і яна аддала іх з вялікай ахвотай. Там яны знайшлі болей за сотню вялікіх кніг у добрых пераплётах і яшчэ колькі кніжак паменей. Ахмістрыня, паглядзеўшы на іх, тут жа выскачыла з пакоя, але хуценька вярнулася з чашай святой вады і крапілам.

– Вось, ваша міласць, сеньёр ліцэнцыят, спачатку пакрапіце пакой святой вадзіцай, а то, можа, тут хаваецца які-небудзь чараўнік з гэтых кніжак, каб не напусціў на нас якога суроку за тое, што мы хочам зжыць іх са свету.

Святар усміхнуўся такой прастаце і сказаў цырульніку, каб той падаваў яму кнігі адну за адной на прагляд, можа, якая з іх не заслугоўвае пакарання агнём.

– Не, – запярэчыла пляменніца, – ніводная з іх не заслугоўвае літасці, усе яны чыняць толькі шкоду, так што лепей павыкідаць іх усе ў акно, скласці ў кучу і падпаліць, або аднесці на скотнік і спаліць там, каб дым не лез у вочы.

Ахмістрыня падтрымала яе, абедзве жанчыны прагнулі смерці тых нявінных тварэнняў чалавечага розуму, але святар не пагадзіўся і настояў, каб спачатку прачытаць хаця б загалоўкі. І першая кніжка, якую перадаў яму маэсе Нікалас, была “Амадыс Гальскі ў чатырох частках”.

– Ёсць тут нейкая містычная таямніца, чуў я, што гэта першы рыцарскі раман, надрукаваны ў Гішпаніі, а ўсе астатнія бяруць пачатак і паходжанне ад яго, а таму, думаецца мне, што заснавальнік гэтай злачыннай секты павінен быць спалены без аніякай шкадобы.

– Не, сеньёр, – запярэчыў цырульнік, – я чуў, што гэта якраз і ёсць найлепшае сачыненне з гэтай кампаніі, а таму заслугоўвае нашай літасці як адзіны ў сваім родзе.

– І тое праўда, – згадзіўся святар. – З гэтай прычыны пакуль што падаруем яму жыццё. Давайце пабачым таго, другога, што стаіць побач.

– “Подзвігі Эспландзіяна”, – сказаў цырульнік, – законнага сына Амадыса Гальскага.

– Праўду кажучы, – заўважыў святар, – вартасці бацькі аніяк не ратуюць сына. Бярыце яго, сеньёра ключніца, адчыняйце акно і шпурляйце, хай ён стане першым з той кучы, з якой мы зробім добрае вогнішча.

Ахмістрыня з вялікім задавальненнем выкінула Амадысава сына ў двор.

– Наступны, – загадаў святар.

– А наступным будзе “Амадыс Грэцкі”, – сказаў цырульнік, – ды і ўвогуле, з гэтага боку стаяць адны Амадысавы родзічы.

– Тады ўсіх іх на скотнік, – сказаў святар.

– І я такой жа думкі, – згадзіўся цырульнік.

– А я тым болей, – падтрымала пляменніца.

– А раз так, давайце іх сюды, я іх занясу на скотнік, – дадала ахмістрыня.

Ёй надавалі цэлы ахапак кніжак і, шкадуючы лесвіцу, яна выскачыла з імі праз акно ў двор.

Так яны перабралі ўсю сотню злашчасных кніжак, і мала якія з іх пазбеглі вогненнай кары. Цэлы натоўп вандроўных рыцараў, зачараваных прыгажунь, злых ведуноў і чараўнікоў разам з дзівоснымі пячорамі і замкамі адправіліся на вогнішча. Кожны свой прысуд святар суправаджаў каментарамі ды развагамі, якія цырульнік знаходзіў справядлівымі і дасціпнымі.

Затым дайшла чарга і да меншых кніжак. Гэта былі не рыцарскія раманы, а зборнікі вершаў.

– Гэтыя паліць не варта, – сказаў святар, – бо яны ніколі не ўчыняюць такой бяды, як рыцарскія раманы.

– Ах, сеньёр! – усклікнула пляменніца. – Давайце спалім і гэтыя разам з усімі, таму што калі мой дзядзька выздаравее ад гэтай рыцарскараманнай хваробы, дык можа ўзяцца чытаць вершы. А потым яму ўзбрыдзе ў голаў стаць пастушком і цягацца па лясах і лугах, граць на дудзе ды спяваць, а то й таго горай: задумае стаць паэтам, а гэта, я чула, хвароба невылечная і навязлівая, як прыліпне, дык не адчэпіцца.

– Дзяўчына мае рацыю, – сказаў святар.

І амаль усе кнігі вершаў – за выключэннем тых, што пакінуў сабе цырульнік, – напаткаў той жа прысуд, што і высакародных рыцараў.

Тут пачуўся голас Дон Кіхота:

– Сюды, сюды, высакародныя рыцары! Надышоў час паказаць сілу вашых магутных рук, а то прыдворныя перамогуць на турніры!

Агляд і чыстку кнігасховішча давялося спыніць і бегчы на крыкі.

Дон Кіхот ужо не спаў, а падняўшыся з пасцелі, так ярасна пабіваў мячом нейкіх уяўных праціўнікаў, нібыта ніколі і не клаўся спаць. Яго схапілі і сілком зноў паклалі ў ложак. Ён крыху супакоіўся і прамовіў да святара:

– Ці ж гэта не ганьба, сеньёр арцыбіскуп Турпін [1], што так званыя Дванаццаць пэраў [2] ні з таго ні з сяго аддалі пераможныя лаўры турніру прыдворным, хаця мы, вандроўныя рыцары, тры дні запар перамагалі ўсіх.

– Супакойцеся, сеньёр кум, супакойцеся, – загаварыў святар, – дасць Бог, усё яшчэ зменіцца, тое, што губляецца сёння, знойдзецца заўтра. А пакуль вашая міласць хай падумае пра сваё здароўе, бо здаецца мне, што Вы надта ператаміліся і нават былі параненыя.

– Не, я не паранены, – адказаў Дон Кіхот, – але моцна збіты і адмалочаны, таму што гэты бастард [3] Рольдан [4] ад зайздрасці кінуўся на мяне з дубовым камлём. Ён разумее, што я адзіны, хто не саступіць яму ў смеласці і сіле. Але калі я падымуся з гэтага ложа, дык адпомшчу, нягледзячы на ўсе ягоныя чары. А зараз прынясіце мне паесці, таму што гэта цяпер патрэбна мне болей за ўсё, пры выпадку ж я змагу адпомсціць за абразу.

Яму прынеслі паесці, і ў хуткім часе Дон Кіхот заснуў, прысутныя ж зноў і зноў дзівіліся з ягонага вар’яцтва.

Той жа ноччу ахмістрыня спаліла ўсе кнігі, якія толькі былі ў доме, нават тыя, што пазбеглі жорсткага прысуду і зусім не заслужылі вогненнай кары. Нездарма кажуць, што часам за грэшнікаў расплачваюцца і праведнікі.

Апрача таго, святар з цырульнікам прапанавалі закласці цэглай уваход у спусцелае кнігасховішча – яны думалі, што гэта паспрыяе ягонаму выздараўленню, – а Дон Кіхоту сказаць, што ўсё выкраў злашкодны чараўнік. Так і зрабілі.

Дні праз два Дон Кіхот ачуняў і, падняўшыся з ложку, першым чынам вырашыў наведацца ў бібліятэку, але не знайшоў на звычным месцы ні пакоя, ні кніжак. Ён мацаў сцяну рукамі, разгублена аглядаўся навокал, а потым спытаў у ключніцы, куды падзелася ягонае кнігасховішча. Жанчына адказала так, як яе падвучылі:

– Пра якое кнігасховішча кажа вашая міласць? Нічога ў нас ужо няма, усё знёс д’ябал.

– Не д’ябал, а чараўнік, – умяшалася пляменніца. – Наступнае ночы пасля вашага ад’езду ён прыляцеў на воблаку, саскочыў з дракона, на якім сядзеў верхам, і падаўся ў кнігасховішча. Не ведаю, што ён там рабіў, але ў хуткім часе вылецеў праз дах, а ў хаце стала поўна дыму і смуроду. Калі ж мы выправіліся паглядзець што там адбылося, то не знайшлі ні кніжак, ні памяшкання. Толькі мы добра памятаем, як, адлятаючы, гэты паскудны дзед крычаў, што ён таемны вораг вашай міласці і завуць яго мудры Муньятон.

– Не Муньятон, а Фрэстон [5], – паправіў Дон Кіхот.

– Ці то Фрэстон, ці то Фрытон, – адказала аканомка, – памятаю толькі, што імя заканчвалася на “тон”.

– Так яно і ёсць, – сказаў Дон Кіхот. – Гэта мой закляты вораг і варагуе са мной, бо выведаў са сваіх чараўнічых кніжак, што мне наканавана перамагчы аднаго рыцара, якому дапамагае гэты чараўнік, вось ён і стараецца нарабіць мне ўсялякіх паскудстваў.

– Дык хто ж таму не верыць? – адказала пляменніца. – Толькі ці не лепей было б вам сядзець спакойна дома, а не бадзяцца па свеце і лезці ў бойку? Часам бывае так, што паехаўшы па шэрсць, сам вернешся пастрыжаны.

Дон Кіхот горача запярэчыў, і жанчыны не сталі далей спрачацца, каб зусім не разгневаць яго.

Дзён пятнаццаць пасля таго Дон Кіхот спакойна праседзеў дома, не выказваючы жадання працягваць свае былыя вар’ятаванні. Гэтым часам ён нярэдка вёў пацешныя гутаркі з цырульнікам і святаром. Ён казаў сваім прыяцелям, што свету цяпер болей за ўсё патрэбная высакароднасць вандроўных рыцараў і што ён, Дон Кіхот, павінен вярнуць людзей у тыя шчаслівыя часы, калі не было між людзьмі ні варожасці, ні хлусні. Святар жа пускаўся на хітрыкі: часам пярэчыў яму, а часам пагаджаўся, думаючы, што толькі такім чынам можна вярнуць розум небараку.

А Дон Кіхот тым часам употай стараўся ўгаварыць аднаго добрага чалавека (калі толькі можна назваць добрым таго, хто не мае шмат дабра) са скручанымі мазгамі падацца да яго ў збраяносцы. Дон Кіхот наабяцаў і нагаварыў яму такога, што бедалага хлебароб канчаткова збіўся з панталыку і згадзіўся стаць збраяносцам у Дон Кіхота і выправіцца з ім у вандраванні. Дон Кіхот паабяцаў, што першую ж заваяваную ім выспу аддасць пад губернатарства свайго збраяносца. Санча Панса – так звалі гэтага земляроба – кінуў жонку і дзяцей і пачаў служыць у Дон Кіхота, бо яго спакусілі гэтыя абяцанкі.

Потым Дон Кіхот узяўся здабываць грошы. Што прадаў, што аддаў у заклад, і такім чынам сабраў значную суму грошай. Апрача таго пазычыў у аднаго свайго прыяцеля круглы шчыт і паднавіў разбіты шалом. Пасля ён папярэдзіў Санча Пансу, каб той быў гатовы, а галоўнае – каб не забыўся дарожныя саквы. Санча паабяцаў, што не забудзе, а паколькі не надта ён добры хадок, то паедзе на асле. Гэта крыху збянтэжыла Дон Кіхота, таму што ён не мог прыпомніць ніводнага збраяносца на асле. Аднак, падумаўшы, Дон Кіхот вырашыў, што адбярэ каня ў першага ж непачцівага рыцара і перадасць яго Санча.

Нарэшце ўсё было гатова, і аднойчы позна ўначы, не развітаўшыся ні з кім – Санча з жонкай і дзецьмі, а Дон Кіхот з пляменніцай і аканомкай – яны рушылі ў дарогу. На світанку яны былі ўжо так далёка ад дому, што можна было не баяцца пагоні.

Санча Панса са сваімі торбамі і бурдзюком віна сядзеў на асле з важнецкім выглядам і салодка летуценіў пра тое, як стане губернатарам выспы.

Дон Кіхот паехаў па той жа дарозе, што і першым разам, але цяпер, пакуль сонца яшчэ не паліла на ўсю моц, ехаць было лягчэй і прыемней. Тут Санча сказаў свайму гаспадару:

– Дык, глядзіце ж, сеньёр вандроўны рыцар, не забудзьцеся на сваё абяцанне наконт выспы, а кіраваць я змагу, хай яна будзе любой велічыні.

На тое Дон Кіхот адказаў:

– Ведай жа, дружа Санча, што ў старыя часы вандроўныя рыцары мелі звычку прызначаць сваіх збраяносцаў на кіраўніцтва заваяванымі выспамі ці каралеўствамі, і я зраблю ўсё паводле іхнага высакароднаму прыкладу, нават болей за тое, яны часам чакалі, пакуль іхныя збраяносцы састарэюць на цяжкай і турботнай службе, і толькі тады ўжо давалі ім губернатарства ў якой-небудзь нявартаснай правінцыі. Калі толькі мы будзем жывыя, я праз некалькі дзён заваюю некалькі каралеўстваў і аддам табе любое на твой густ і выбар. Не думай, што я проста хвалюся: з рыцарамі здараецца такое, што і сасніць немагчыма, а таму няцяжка будзе даць табе і болей, чым я абяцаў.

– Значыць, – адказаў Санча, – калі я такім цудоўным чынам зраблюся каралём, то мая жонка стане самае малое каралевай, а мае дзеці – інфантамі? [6]

– А хто ж у гэтым сумняецца? – адказаў Дон Кіхот.

– Я сумняюся, – адгукнуўся Санча. – Калі б нават па волі Гасподняй каралеўствы дажджом сыпаліся на зямлю, ніводная карона не падышла б маёй Тэрэсе Санчас. Каралева з яе ніякая. Графіня – яшчэ туды-сюды, калі паможа Госпад.

– Вось і спадзявайся на Госпада, Санча, – адказаў Дон Кіхот. – Ён і дасць тваёй жонцы тое, што найболей падыходзіць, а ты не прыніжайся і не згаджайся менш чым на губернатара.

– Ні ў якім разе, мой сеньёр, – сказаў Санча, – такі выбітны гаспадар, як вашая міласць, зможа даць мне найболей для мяне прыдатнае і пасільнае.


ЗАЎВАГІ І ТЛУМАЧЭННІ

да шостага раздзелу


[1] Арцыбіскуп Турпін – арцыбіскуп Рэймса ў канцы восьмага стагоддзя. Яму прыпісваецца аўтарства “Хронікі Турпіна”, дзе апавядаецца пра жыццё і фантастычныя прыгоды імператара Карла Вялікага і ягонага пляменніка Раланда. Гэтая хроніка легла ў аснову шматлікіх рыцарскіх раманаў.

[2] Дванаццаць пэраў – паплечнікі і спадарожнікі Карла Вялікага ў ягоных прыгодах.

[3] Бастард – незаконны сын знатнай асобы.

[4] Рольдан народная форма імя Раланд.

[5] Фрэстон – дзейная асоба аднаго з рыцарскіх раманаў.

[6] Інфант – тытул каралеўскіх дзяцей, прынцаў, у Гішпаніі і Партугаліі.


пераклад з гішпанскай – Якуб Лапатка

© Якуб Лапатка, пераклад, 2010



prajdzisvet.org



Каталог: storehouse -> authors -> Cervantes,%20Miguel%20de
authors -> Эдгар Алан По Філасофія кампазіцыі
authors -> Ўільям Батлер Ейтс / William Butler Yeats
Cervantes,%20Miguel%20de -> Хітрамудры ідальга Дон Кіхот Ламанчаскі
authors -> Хорас Ўолпал (Horace Walpole) 1717—1797 Замак Отранта
authors -> Чарлз Кослі (Charles Causley) 1917—2003 Прывіды Мілерз-Энда
authors -> Обры Бёрдслі/ Aubrey Beardsley 1872 – 1898
authors -> Жэрар дэ Нэрваль/ Gérard de Nerval
Cervantes,%20Miguel%20de -> Хітрамудры ідальга Дон Кіхот Ламанчаскі
Cervantes,%20Miguel%20de -> Хітрамудры ідальга Дон Кіхот Ламанчаскі


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал