І. А. Чарота тэорыя І практыка мастацкага перакладу


Лексікаграфічная база для перакладчыцкай працы



старонка2/6
Дата канвертавання15.05.2016
Памер1.04 Mb.
1   2   3   4   5   6

Лексікаграфічная база для перакладчыцкай працы
Незалежна ад узроўню валодання мовай перакладчык не можа абыходзіцца без слоўнікаў рознага кшталту. Перш за ўсё патрэбны слоўнікі ўласна перакладныя: дзвухмоўныя – агульныя38 і спецыяльныя39, шматмоўныя40 .

Але для перакладчыка вялікае значэнне маюць таксама слоўнікі аднамоўныя – і МА, і МП: тлумачальныя, этымалагічныя, фразеалагічныя, дыялектныя, нарматыўныя (арфаграфічны, арфаэпічны), словазлучэнняў, запазычаных слоў, сінонімаў, антонімаў, эпітэтаў, скарачэнняў, а таксама энцыклапедычныя, тэзаўрусныя41.

Выказванне Анатоля Франса: “Словы – гэта вобразы, а слоўнікі – цэлы сусвет у алфавітным парадку”42, – заўжды з піетэтам цытуюць лексікографы. Але не ў меншай меры яно мае дачыненне да перакладчыкаў.

“Даль – вось каго перакладчыкам трэба чытаць...” – слушна адзначаў у сваёй шырока вядомай кнізе К. Чукоўскі, звяртаючыся да сваіх суайчыннікаў і арыентуючы іх на адпаведны ўзровень валодання рускай мовай, на якую яны перакладаюць43. А засяроджваючы ўвагу на веданнні моў (уключаючы і блізкароднасныя), з якіх выконваецца пераклад, ён таксама прыводзіць вялікія нізкі “слоўнікавых памылак”, “слоўнікавых ляпсусаў”44. Для нас асаблівую цікавасць уяўляюць тыя, што датычацца неразумення расійскімі перакладчыкамі ўкраінскіх слоў година, луна, комора, привела, пугач, старці, якія па-руску азначаюць час, эхо, кладовка, родила, филин, нищие... Сапраўды, інакш як ляпсусам нельга назваць тое, што паэтычны радок Уладзіміра Сасюры “На розі дзвинів трамвай” Міхаіл Святлоў пераклаў наступным чынам: “По розам звенел трамвай”. Таго ж самага кшталту – выпадак, які стаў анекдатычным, калі слаба знаёмы з беларускаю моваю расіянін фразу “У канюшыне стракаталі конікі” ператлумачыў так: “В конюшне ржали жеребцы”.

Як гаворыцца, і смех, і грэх. А грэх тут – павярхоўнасць, недастаткова пільная ўвага да міжмоўных амонімаў ці, як іх яшчэ называюць, падманных сяброў перакладчыка (ложных друзей переводчика) – слоў адной мовы, якія маюць фармальнае (марфалагічнае) падабенства, а па сэнсу адрозніваюцца. Яны ўяўляюць сур’ёзную небяспеку для перакладчыкаў, пераканаўчае сведчанне чаго – наяўнасць спецыяльных слоўнікаў 45.

Прычым згаданыя выпадкі, у поўным сэнсе анекдатычныя, не звязаны з сітуацыямі, калі цяжкасці носяць аб’ектыўны характар – скажам, немагчыма выявіць і перадаць дакладныя адрозненні ліній і ступеняў сваяцтва: “шваграм” называюць і мужа сястры, і брата жонкі; “цёткаю” – і сястру маці, і сястру бацькі; “стрыечнымі” – дзяцей адных і другіх... Ды гэта можна апраўдаць стратамі, якія адбыліся ў моўнай свядомасці наогул. Аднак далёка не ўсё падлягае апраўданням.

МАСТАЦКІ (ЛІТАРАТУРНЫ) ПЕРАКЛАД
Мастацкі пераклад – пераклад твораў прыгожага пісьменства, мастацкай літаратуры, асноўнай функцыяй якіх з’яўляецца эстэтычнае і эмацыйнае ўздзеянне на таго, хто іх успрымае.

Вельмі слушным уяўляецца меркаванне сербскага перакладазнаўцы і перакладчыка Ёвана Янічыевіча: «Між тым, літаратурны пераклад – гэта не толькі асобны выпадак перакладу ўвогуле, і тэорыя літаратурнага перакладу – гэта не толькі асобны выпадак агульнай тэорыі перакладу. Літаратурны пераклад – гэта і пераклад, і літаратурная творчасць; адпаведна, тэорыя літаратурнага перакладу – гэта і асобны выпадак агульнай тэорыі перакладу, і тэорыі літаратуры, паколькі літаратура, а таксама літаратурны пераклад, адначасова з’яўляецца феноменам моўным і эстэтычным. Так што неабходна складаць, як асобную дысцыпліну, эстэтыку перакладу, якая б займалася тым, што выпадае з лінгвістыкі перакладу: мастацкімі ўласцівасцямі, якія пераклад павінен пера-ствараць на аснове арыгінала. Тэорыя літаратурнага перакладу можа быць, уласна, асобнай сферай эстэтыкі перакладу, яе асноўнай складовай часткай. Несумненна, трэба, каб гэтая тэорыя ўключала і аксіялогію, паколькі вартасны аспект літаратурнага перакладу немагчыма ніяк абмінуць пры любым падыходзе, а пры тэарэтычным асабліва.

Паколькі не супадаюць лінгвістыка і эстэтыка, то не супадаюць гэтаксама сферы лінгвістыкі і эстэтыкі перакладу”46.

Перакладны твор – тэкст, што ўзнік як плён мастацкага перастварэння. Зразумела, ён захоўвае прыналежнасць да той іншанацыянальнай літаратурай, у якой з’явіўся першапачаткова. Але, набыўшы іншую моўную форму і адпаведныя трансфармацыі, ён становіцца ў першую чаргу з’яваю і чыннікам той літаратуры, якая набыла яго.

Перакладная славеснасць альбо Перакладная літаратура (ПЛ) – фонд перакладаў замежных літаратур у канкрэтнай нацыянальнай літаратуры.

Перакладной літаратуры, як “самай канкрэтнай і самай значнай пасрэдніцы ў абмене мастацкімі каштоўнасцямі” (Дз.Дзюрышын), заўжды ўласціва агульнакультурнае значэнне. Праз яе здзяйсняецца знаёмства з гісторый, культурай, светапоглядам і побытам іншых народаў. У любым выпадку, рускі, які ўдумліва прачытае ўсе перакладзеныя на яго родную мову творы, скажам, сербскіх, нямецкіх альбо італьянскіх пісьменнікаў, атрымае дастаткова шырокае ўяўленне пра Сербію, Германію, Італію. Адпаведна, перакладная літаратура заўжды набывае асветную/адукацыйную функцыю, а ў нейкай меры і выхаваўчую (не абавязкова станоўчую). Як прыватны момант варта мець на ўвазе, што пры знаёмстве з кожным асобным перакладным творам адбываецца падрыхтоўка чытача да ўспрымання адпаведнай іншанацыянальнай літаратуры і замежных літаратур наогул.

А пасрэдніцкая функцыя ПЛ прадугледжвае таксама пэўныя запазычанні на ўзроўні ідэй – як грамадскіх, палітычных, маральных, так і мастацкіх, эстэтычных. Не без падстаў лічыцца, што ідэі Французскай рэвалюцыі ў іншыя краіны пранікалі не абавязкова толькі ў выглядзе палітычных дактрын ці пэўнага зместу пракламацый. Літаратурна-мастацкія тэксты пэўнага зместу часта ўздзейнічалі больш за іх. Нават ужо таму, што шырэй распаўсюджваліся і лягчэй засвойваліся.

Аднак у аб’ёме “імпарту ідэй” найбольшае значэнне для нас мае ўсё ж такі тое, як задавальняюцца патрэбы літаратурна-мастацкія, як забяспечваецца ўзбагачэнне айчыннай літаратуры, дзякуючы перайманню новых мастацкіх сістэм, творчых метадаў і прыёмаў, (з)асваенню не вядомых раней жанраў, стыляў, тэм, матываў, сюжэтаў, тыпаў, вобразаў. І можна без асаблівых агаворак сцвярджаць, што ПЛ з’яўляецца вельмі істотным чыннікам паўнавартаснага развіцця нацыянальнай літаратуры. Трапна пра гэта сказаў Ёван Янічыевіч: “...Жывая вада нацыянальнай літаратуры стварылася не толькі дзякуючы сваёй крыніцы, але і прытокам з многіх іншых бакоў; асноўны яе напрамак вызначылі ўжо ручаі, з якіх яна вынікала, аднак моц яе плыні складаюць сукупна воды русла і ўсіх прытокаў”47.

Такім чынам, патрабуецца асэнсаванне ўплыву перакладаў на айчынную славеснасць увогуле. Іншая справа, што ў полі зроку знаходзяцца, як правіла, выпадкі асобныя, на падставе якіх не заўсёды адрозніваюцца ўплывы індывідуальныя/прыватныя ад масавых. Можна знайсці многа доказаў таго, напрыклад, што творчыя пошукі А., беларускага пісьменніка другой паловы ХХ стагоддзя, рознапланава суадносяцца з сучаснай літаратурай Германіі, але пры гэтым наўрад ці хто знойдзе падставы заводзіць гаворку пра ўплыў нямецкай літаратуры на беларускую літаратуру ў цэлым – такога, мяркуючы па ўсім, няма.

Вядома, трэба належным чынам комплексна асэнсоўваць значэнне перакладной літаратуры ў развіцці літаратуры сваёй, нацыянальнай, улічваючы: па-першае, аб’ектыўную абумоўленасць і запатрабаванасць таго ці іншага перакладнога твора (а прычыны з’яўлення перакладаў могуць быць рознымі, у тым ліку звязанымі з прыватным, індывідуальным выбарам перакладчыка альбо выдаўца); па-другое – рэальную значнасць гэтага твора ў сістэме прэзентацыі канкрэтнай замежнай літаратуры, стварэнні адэкватнай панарамы яе, прысутнасць у якасці ўзора для прадстаўнікоў нацыянальнай літаратуры; па-трэцяе – функцыянаванне выкананага пераклада як натуральна ўключанага ў айчынны літаратурны кантэкст нароўні з беларускімі мастацкімі тэкстамі, больш таго – як уплывовага з пункту гледжання аксіялогіі. Паводле Ё.Янічыевіча, “высветліць ролю перакладной літаратуры ў літаратуры нацыянальнай – значыць, перш за ўсё, адказаць на пытанні: 1) што перакладаецца, 2) нашто перакладаецца, 3) як перакладаецца і 4) як пераклады дзейнічаюць?”48.

У функцыянаванні перакладаў ёсць і шмат парадаксальнага. Да прыкладу, наступнае: “ Наогул жа Шэкспір у арыгінале цяжэйшы для англічаніна, чым Шэкспір у перакладзе для рускага, француза альбо немца, а, можа быць, нават і для англічаніна, які чытае на добра вядомай замежнай мове ”49. А ў сувязі з усё новымі і новымі перакладамі гэта абарочваецца яшчэ большым парадоксам: “Магчыма, якраз таму англійскія, амерыканскія, французскія і іншыя творы класікі намнога больш чытаюцца ў СССР і Балгарыі ў перакладах, чым іх арыгіналы чытаюцца ў адпаведных краінах”50.

Па вялікаму рахунку, мастацкія пераклады, можна сказаць, “замаўляюцца” адпаведным станам і актуальнымі патрэбамі культуры, літаратуры, мовы. Таму вартасць кожнага перакладнога твора павінна вызначацца паводле таго, наколькі ён спалучае розныя функцыі – азнаямляльна-інфармацыйную, агульнакультурную, асветную, выхаваўчую, эстэтычную... Непасрэдна ж у дачыненні да айчыннай літаратуры – зноў-такі, па вялікаму рахунку – трэба, каб перакладная літаратура не толькі ўносіла разнастайнасць, але і ўсталёўвала высокія крытэрыі духоўнасці і мастацкасці, стымулявала паводле іх творчыя пошукі айчынных пісьменнікаў. Нездарма ж большасць значнейшых прадстаўнікоў амаль усіх нацыянальных літаратур мае істотны плён у мастацкім перакладзе. Дастаткова згадаць такіх слынных паэтаў, як Іаган Вольфганг Гётэ, Фрыдрых Шылер (Германія); Петар Негаш, Ёван Ёванавіч Змай, Лаза Косціч, Дэсанка Максімавіч, Стэван Раічкавіч (Сербія); Елісавета Баграна (Балгарыя), А.Пушкін, В.Жукоўскі, А. К.Талстой, А. Ахматава, М.Забалоцкі, Б.Пастарнак, А.Таркоўскі, Ю.Кузняцоў (Расія); І.Франко, М.Рыльскі, М.Бажан, Л.Первамайскі, Р.Лубкіўскі, Дз. Паўлычка (Украіна); Я.Купала, М.Багдановіч, У.Дубоўка, У.Хадыка, А.Куляшоў (Беларусь). Ды належным чынам трэба ацаніць і наробак сучаснікаў – Р.Барадуліна, Н.Гілевіча, В.Зуёнка, А.Разанава, Я.Сіпакова, М.Мятліцкага.

У сувязі з гэтым ніяк не абмінуць пытанні: “Што далі названыя паэты перакладу? – І што даў пераклад кожнаму з названых паэтаў?” А грунтоўныя адказы на іх важныя не толькі для асэнсавання канкрэтных творчых біяграфій, яны маюць істотнае значэнне для гісторыі адпаведных літаратур, а таксама літаратуры сусветнай, стваральнікамі якой высокааўтарытэтныя пісьменнікі з’яўляліся і як аўтары арыгінальных твораў, і як папулярызатары іншанацыянальных скарбаў мастацтва слова. Зразумела, кожны асобны выпадак патрабуе таксама асобнага падыходу. Але неардынарныя паэты звычайна выяўлялі і шырокі дыяпазон інтарэсаў, і глыбокае разуменне вартасці тых твораў, перакладаць якія браліся, не кажучы ўжо пра майстэрства. Адным словам, па-сапраўднаму таленавітыя паэты і ў перакладчыцкай творчасці дамагаліся плёну не апошняй музы.

А перакладчык-літаратар, увогуле, не можа здзейсніцца без належнай увагі і павагі да літаратуры, якую перакладае, і да канкрэтнага пісьменніка, чые творы ён хоча прадставіць сваім суайчыннікам, выступаючы як другі аўтар. С.Маршак нездарма пра лепшыя пераклады паэзіі казаў, што гэта “дзеці любові, а не шлюбу па разліку”51.

Важны момант перакладчыцка-літаратара працы адкрываецца з пункту гледжання псіхалогіі творчасці. А іменна: так ці інакш, перакладчык атаясамліваецца з аўтарам, якога перакладае, пэўным чынам пераўвасабляецца ў яго – падобна, як акцёр.

Перакладны мастацкі твор павінен быць тым арганізмам, што захоўвае дыханне перакладзенага пісьменніка, душу яго народа і “знакі” пэўнай эпохі. Таму заўжды трэба мець на ўвазе падвойную адказнасць перакладчыка – перад літаратурай сваёй і перад той, якая “асвойваецца”.

“Кантэкст – вось ключ да пераклада. Уласна, гаворка пра тое, што слова ўпаяна ў радок, а радок, вылучаны з страфы, ужо не дыхае, ды і сама страфа жыве, толькі належачы да цэлага верша. Верш жа, у сваю чаргу, не можа вісець у беспаветранай прасторы, ён павінен прачытвацца ў сувязі з творчасцю паэта. Нарэшце, перакладчыку варта ведаць месца паэта ў нацыянальнай паэзіі, у мове, яго адносіны да папярэднікаў і сучаснікаў, да тых пакаленняў, якія цяпер выходзяць на сцэну”52.

Шмат цікавага адкрываецца пры падыходзе да перакладу як эксперыментальнага метада вывучэння літаратуры. І нездарма яму надае шмат увагі Ё. Янічыевіч53.

Асобна варта спыніцца на тым, як перакладная літаратура ўплывае на развіццё нацыянальнай мовы. Нельга не пагадзіцца з В.Рагойшам: “... Сцверджанне: пераклад развівае літаратурную мову – у наш час уяўляецца аксіяматычным. Задача перакладазнаўства, на нашу думку, павінна заключацца не ў простай канстатацыі гэтага факта, а ў высвятленні канкрэтных шляхоў і формаў узбагачэння нацыянальнай мовы праз пераклад у пэўную гістарычную эпоху. Самыя ж гэтыя шляхі і формы ў агульным выглядзе даўно вядомыя: па-першае, актывізацыя ўласных моўных рэсурсаў, схаваных нярэдка ў глыьінях народнай памяці (гістарызмы, архаізмы, дыялектызмы і г.д.); па-другое, неалагізацыя г.зн. утварэнне новых слоў і моўных выразаў, у тым ліку на ўзор мовы арыгінала; па-трэцяе, прамыя моўныя запазычанні, перш за ўсё – назваў розных іншанацыянальных рэалій...”54.

Сапраўды, магчымасці роднай мовы ні ў якой іншай моўнай дзейнасці не апрабоўваюцца так, як у літаратурным перакладзе, асабліва паэтычным, калі неабходна асвойваць-трансляваць іншай прыроды фанетыку і марфалогію, лексіку і сінтаксічныя структуры, інтанацыйны лад і асацыятыўныя палі .... А яшчэ ж і своеасаблівую паэтыку – адметныя выяўленчыя сродкі, паэтычныя каноны, сістэму вобразаў, экспрэсію, метрыку, асаблівасці рытму і рыфмы ды многае іншае.

Безумоўна, тут заўжды выяўляецца індывідуальная творчая манера перакладчыка, асаблівасці яго стаўлення да арыгінала, разумення задач і мэт сваёй творчасці. Ды істотнае значэнне мае не толькі індывідуальны ўзровень, але таксама і пэўная сістэма метадалагічная сістэма, творчая школа. У сувязі з гэтым нельга абмінуць увагай пытанне пра “савецкую школу перакладу”. А каб разабрацца ў ім, звернемся перш за ўсё да меркаванняў І. А. Кашкіна – вядомага практыка і тэарэтыка перакладу той эпохі. Так, Іван Кашкін, адштурхоўваючыся ад гогалеўскай пахвальнай ацэнкі наступнага зместу: “Перакладчык зрабіў так, што яго не бачыш: ён пераўтварыўся ў такое празрыстае шкло, што здаецца, быццам бы няма шкла”, – пазіцыю для сябе (і для савецкіх перакладчыкаў увогуле) вызначае наступным чынам: “Пры ацэнцы мастацкага перакладу даводзіцца ўлічваць не толькі ступень празрыстасці шкла, але і вугал, пад якім перакладчык разглядаў арыгінал, а перакладчык савецкай школы глядзіць на арыгінал пад рэалістычным вуглом”. І далей тлумачыць сваю пазіцыю: “Наш савецкі мастацкі пераклад – ніяк не “рамаство фатографа”, а творчае асваенне, галіна мастацтва сацыялістычнага рэалізму (Курсіў наш. – І.Ч.). Перакладаць праўдзіва, без скажэнняў, без непрапарцыйнага падкрэслівання асобных дэталяў, без эстэтычнага смакавання, зыходзячы з правільна асэнсаванага цэлага, – гэта і значыць перакладаць рэалістычна”. Зразумела, прысутнічае тут і адпаведная “падсветка” ідэалагічнай прыроды: “У нашы дні марксісцкае разуменне мастацтва адкрывае для кожнага здольнага перакладчыка надзейны шлях”; “Савецкі перакладчык, як і ўсе іншыя дзеячы савецкай культуры, – прадстаўнік найбольш пранрэсіўнай грамадскай фармацыі. Ён узброены метадам гістарычнага матэрыялізму...”; “Нарэшце, савецкая перакладчыцкая школа намагаецца ўвасобіць ідэйна-сэнсавую праўду і гістарычную канкрэтнасць арыгінала ў рэвалюцыйным развіцці, асэнсоўваючы ўвесь творчы шлях аўтара”55.

Пэўную сістэматызацыю пастулатаў школы мастацкага перакладу, якая засноўвалася на рускіх традыцыях, а потым развівалася за кошт важнейшых здабыткаў тэорыі і перакладчыцкай практыкі ў розных нацыянальных літаратурах былога СССР, у тым ліку беларускай, правёў В. П. Рагойша :

1.”Пераклад ёсть мастацкае, творчае адлюстраванне арыгінала, яго “партрэт” (С.Маршак).

2. Савецкая школа мастацкага перакладу дасягае сваіх поспехаў на прынцыпе “рэалістычнага перакладу” (І.Кашкін), які:

а) разглядае пераклад як паўнапраўную “з’яву роднай літаратуры” (А.Лейтэс);

б) абапіраецца пры гэтым на прызнанне перакладальнасці любога мастацкага тэкста і магчымасці “комплекснага перастварэння на сваёй мове нацыянальнай формы арыгінала” (Ул.Россельс);

в) патрабуе ад майстра, апроч, безумоўна, спецыфічнага перакладчыцкага дару і дасканалага валодання мовамі арыгінала і перакладу, ведання не толькі арыгінальнага твора, але і таго жыцця, якое ў ім адлюстравана, не толькі тэкста, але і таго, што “па-за тэкстам” (І.Кашкін);

г) метадычна заснаваны на шырокім выкарыстанні спосаба “функцыянальнага падабенства” (паняцце функцыянальнага падабенства ў перакладзе распрацавана А.Фёдаравым), што дазваляе перакладчыку дамагацца того, каб пераклад рабіў на чытача такое ж мастацкае ўражанне, якое арыгінал робіць на свайго чытача.

3. У выніку таго, што адзначана, пераклад уяўляецца “не актам пераймання, капіравання ці суперніцтва, а актам творчага пераўвасаблення і перш за ўсё актам высокай дружбы паміж пісьменнікамі” (П.Антакольскі, М.Ауэзаў, М.Рыльскі)56.

Натуральна, паўстае пытанне пра асобную беларускую школу перакладу. Пры звароце да яго часцей за ўсё безапеляцыйна сцвярджаецца: такая школа існуе. Між тым, выразна акрэсленай характарыстыкі ёй ніхто дагэтуль не даў. І трэба прызнаць, што гэта далёка не простая справа. Школа – не сукупнасць імёнаў тых, хто актыўна займаўся перакладам, і не адпаведны плён асобных перакладчыкаў, а таксама і не агульны наробак пакаленняў іх, не фонд лепшых перакладных твораў. Бо перакладчыкі і пакаленні іх могуць з’яўляцца і самі па сабе, не маючы прамой сувязі з нацыянальнай перакладчыцкай традыцыяй і канкрэтнымі папярэднікамі (як Максім Багдановіч); пры належнай актыўнасці, натуральна, назапашваюцца і пэўныя вынікі як індывідуальныя, так і сукупныя; а найбольш годнае з гэтых вынікаў складае фонд перакладной літаратуры. І ўсё гэта ў нас, беларусаў, ёсць. А ці маем мы хоць бы згаданую традыцыю, свядомую пераемнасць у працяглым ланцужку “настаўнікі – вучні”, а таксама і выпрацаваную ў гэтай пераемнасці – адметную ад іншых вядомых – творчую метадалогію, агульную для “школы”? Так ці інакш, адназначнага адказу на гэта няма. Хутчэй, наадварот. Большасць вядомых беларускіх перакладчыкаў, як правіла, падкрэслівала “суверэннасць” і “самароднасць”, што, зрэшты, і не беспадстаўна.


Пераклад і літаратурная творчасць

У нашы задачы ўваходзіць асэнсаванне ролі перакладу ва ўнутры- і міжлітаратурных працэсах. Таму нельга не спыніцца на тых момантах, якія дзеля вырашэння гэтых задач уяўляюць найбольшую цікавасць і адначасова вымагаюць пераадолення распаўсюджаных падыходаў. Вось яны:

З фармальна-гнасеалагічнага пункту гледжання, калі разглядаюць твор літаратуры як адлюстраванне рэальнасці, яго пераклад азначаецца як адлюстраванне адлюстравання рэальнасці. Аднак у дачыненні да перакладу мастацкага правільней, напэўна, было б гаварыць пра стварэнне рэальнасці іншай, асаблівай, умоўнай. Працэс і вынік яго – як творчасці – не ў капіраванні і нават не ў рэактуалізацыі, а ў стварэнні таго, што можа і павінна мець самавартаснасць, перш за ўсё эстэтычную. Бо, па вялікаму рахунку, трэба ўлічваць: “... Няма ў мастацкіх творах ніводнага слова, якое б падлягала “проста перакладу”. Перакладу без інтэрпрэтацыі. Таму што ўсе элементы тэкста – усе без выключэння – абавязкова ўваходзяць у кантэкст. І не ў адзін – у цэлую іерархію кантэкстаў. А таму ні ў аднаго з гэтых элементаў не бывае адзінага, наперад зададзенага значэння. З-за гэтага і не можа перакладчык-мастак (нават калі ён і хоча) абмежавацца пераносам інфармацыі “з тэкста ў тэкст”. Ён закліканы прачытваць арыгінал як “інтэкст” – тэкст унутры іншых тэкстаў. І далей, болей, шырэй: як тэкст у розных сацыяльна-ідэалагічных, гістарычных, літаратурных, стылістыка-моўных кантэкстах. Імкнучыся да “рэпрадукцыі”, перакладчык прыходзіць да інтэрпрэтацыі”57.

Перакладны тэкст з пункту гледжання агульнай тэорыі перакладу ацэньваецца пераважна, а то і цалкам, паводле адэкватнасці перадачы інфармацыі. Што ж датычыцца самой інфармацыі, яе звычайна уяўляюць як уведзеную звонку, запазычаную. Невыпадкова стала распаўсюджаным разуменне перакладу найперш як пераносу ведаў, імпарту ідэй. Адпаведна, усё больш замацоўваецца меркаванне, нібыта дзейнасць перакладчыка поўнасцю можа быць фармалізавана і заменена камп’ютарам. Але гэта, канешне ж, немагчыма. І па доказы далёка звяртацца не трэба. Дататкова таго эксперыменту, калі фраза з Евангелля, вядомая нам у царкоўнаславянскім варыянце як “дух бодр, плоть же немощна”, камп’ютарам на сучасную англійскую мову з латыні перакладзена так: “віскі моцны, а мяса непрыдатнае”.

Інфарматыўнасць, што відавочна, у такіх выпадках набывае асаблівы сэнс, які вызначаецца не менш, чым тэкстам, яшчэ і тым, што называецца “падтэкст”, “інтэкст”, “метатэкст”, “гіпертэкст”, “інтэртэкст”, “кантэкст”, “затэкст”58...

А калі ўжываць выраз “імпарт ідэй”, патрабуецца ўдакладненне: ідэй эстэтычных, мастацкіх, творчых – тых, што адпавядаюць разнастайным нерэгламентаваным, неуніфікаваным вышэйшым запатрабаванням. Тут не маюць вызначальнасці правілы іншых сфер – “увозіць” якраз тое, чаго бракуе. Нават калі не прымаецца ў якасці асноўнага прынцыпа адбор “паводле блізкасці і падабенства да свайго”, то перакладны твор, які ўключаецца ў іншанацыянальны кантэкст, усё роўна трапляе ў іншую сістэму каштоўнасцяў і ўспрымаецца суадносна з іншымі элементамі яе зусім інакш, чым у сістэме першаснай, для яго роднай. Дастаткова згадаць, што нярэдка трапляюцца выпадкі, калі творы пісьменніка, мала вядомага на радзіме, дзякуючы перакладам атрымліваюць шырокае прызнанне ў іншых краінах. Ёсць і супрацьлеглае. Важна таксама, што на чужой мове не выключана, а наадварот, пажадана з’яўленне шэрагу версій таго самага твора. Хіба кепска, што на сучаснай рускай мове існуе больш за 50 перакладаў “Слова пра паход Ігара” (у тым ліку зробленых выдатнымі паэтамі) і каля 50 – асобных санетаў У.Шэкспіра? Ды і на сучасную беларускую мову выканана па некалькі перакладаў таго ж “Слова”, “Запавета” Т.Шаўчэнкі, “Пана Тадэвуша” і санета “Да Нёмана” А. Міцкевіча. Прычым кожная творчая трансфармацыя мае не толькі права на існаванне, але і свае магчымасці функцыянавання. І.Кашкін не без падстаў адзначае: «Кожная эпоха варта перакладу таго, які яна церпіць альбо якім захапляецца»59.

Дапаўняючы сказанае, нельга абмінуць яшчэ такую акалічнасць: у літаратуры, якая дала арыгінальны твор, пераклад гэтага твора не набывае функцый, аналагічных тым, што ўласцівы арыгіналу; а вось у нейкай трэцяй літаратуры гэты пераклад можа выступаць як пасрэднік, свайго роду “міжарыгінал”.

Усё разам гэта азначае, што адпаведнага ўзроўню перакладны мастацкі твор, маючы своеасаблівае паходжанне, становіцца чыннікам той нацыянальнай літаратуры, што прыняла іншанацыянальны твор як “асвоены”. Прычым ён не павінен загадзя лічыцца другасным у адносінах да любога твора арыгінальнага ў сваім, нацыянальным, кантэксце. На жаль, гэта нязвыкла для замацаваных у нас поглядаў.

А між тым: Няўжо перакладзеная Ф. Скарынам “Біблія” паўплывала на беларускае пісьменства менш, чым тагачасныя і многія пазнейшыя “песні”, “словы”, “аповесці” альбо “рыцарскія раманы”? Хіба роля такога перакладнога твора ў гісторыі нацыянальнай літаратуры можа аспрэчвацца? А гэта не выключны і не адзінкавы прыклад. Так што, аб’ектыўна, маюцца ўсе падставы ў прынцыпе разглядаць перакладны літаратурны твор як “другі арыгінал” і як паўнавартасны самастойны чыннік у сістэме развіцця мастацтва слова той ці іншай нацыі.

Калі ж развіваць гэтую думку, то нельга прайсці міма пытання, наколькі правамерна лічыць перакладчыка літаратурных твораў пісьменнікам. Як вядома, у нас па завядзёнцы пераважае ўяўленне, што перакладчык – усё ж такі “недапісьменнік”. Але кожнаму, хто хоча мець на гэты конт сваё меркаванне, мусова ўлічваць аргументацыю: “Перакладчык – пісьменнік не толькі таму, што пад перакладам будзе стаяць яго імя. Не толькі таму, што ў пераклад будзе зыходна закладзена яго канцэпцыя арыгінала. Не толькі таму, што фарбы роднага слова ён будзе падбіраць ( а нярэдка і ствараць) сам. Перакладчык – пісьменнік па свайму стаўленню да тэкста. Ён як бы вяртае гатовы тэкст назад: з стабільнасці, з канчатковасці – у стан “чарнавіка”60.

АСАБЛІВАСЦІ ПЕРАКЛАДУ НА БЕЛАРУСКУЮ МОВУ
Як ужо адзначалася, агульнапрынятая лінгвістычная тэорыя перакладу, выпрацаваная на матэрыяле іншых моў, нашу рэальнасць закранае хіба што ўскосна.

Гэтаму шмат прычын. Але самая істотная абумоўліваецца гістарычна і актуальна ўласцівым Беларусі полілінгвізмам: наяўнасцю рускай мовы як дамінуючай (ёю валодаюць усе грамадзяне і карыстаюцца практычна ва ўсіх сферах), у той час як беларуская рэальна мае статус мовы “абмежаванага распаўсюджання і ўжывання”.

Паводле існуючай тэорыі, перакладчыцкая дзейнасць і яе вынікі нязменна падаюцца ў бінарным асвятленні: тэкст-твор (мова чужая, адна) – тэкст-твор (мова свая, таксама адна). Гэта значыць, у полі зроку толькі моўная творчая дзейнасць, якая грунтуецца на індывідуальным, уласцівым перакладчыку, білінгвізме. У той час як нашу сітуацыю вызначае білінгвізм усяго асяроддзя, на якое разлічваецца перакладны твор, прычым абедзве мовы блізкія генетычна і прыкладна аднолькава ўсім зразумелыя, але не раўназначныя ва ўсіх сферах ужытку. І гэта, безумоўна, складае асаблівасці моўнай сітуацыі, а ў дачыненні да перакладу прадвызначае кола пытанняў іншага, чым вышэй адзначалася, кшталту, ставіць комплекс адметных задач і для практыкі, і для тэорыі. Пералічым толькі тое, што навідавоку, але сутыкае са спецыфічнымі складанымі праблемамі і само па сабе не вырашаецца:

усё яшчэ неадменная практыка пераўвасаблення з пераўвасабленняў (праз мовы рускую і польскую);

пры магчымасці карыстацца і рускім, і беларускім перакладамі выбар чытачоў прадвызначаны ўсё-такі статусам больш пашыранай мовы;

адпаведныя погляды выдаўцоў на мэтазгоднасць тыражаваць беларускамоўны пераклад, калі твор знаходзіць большы попыт у перакладзе рускамоўным;

нават калі беларускамоўны пераклад зроблены і прымаецца да выдання, то ў час рэдакцыйнай падрыхтоўкі ён так ці інакш звяраецца з існуючым рускім як узорам, незалежна ад якасцяў апошняга;

спакусы перакладчыкам – працаваць дзеля шырэйшага прызнання і большага заробку, г. зн. займацца ператлумачэннем чытэльных твораў на мову рускую;

распаўсюджанасць аўтаперакладу/аўтарскага перакладу (які нельга блытаць з перакладам аўтарызаваным).

Выкарыстанне рускамоўных перакладаў-пасрэднікаў як аўтарытэтных міжарыгіналаў неаднойчы прыводзіла да таго, што беларускія пераклады аказваліся цалкам пазбаўленымі сувязі з уласна арыгіналамі. А ў такіх выпадках, акрамя ўсяго, яшчэ негатыўна выяўлялася спецыфіка рэцэпцыі, абумоўленая палітычнымі, ідэалагічнымі фактарамі: напрыклад, асаблівая ўвага да аўтараў-замежнікаў “прагрэсіўных” і таму “запатрабаваных”; адпаведна складаўся і кантэкст успрымання гэтых пісьменнікаў і замежных літаратур у цэлым, прадвызначаліся ацэнкі крытыкамі і літаратуразнаўцамі.

Пры ўсім гэтым пераклад застаецца галоўным сродкам ідэнтыфікацыі нацыянальнай літаратуры. У дачыненні да беларускай, як гэта слушна сцвярджалася ўжо, – ад самага пачатку: “Перакладнае пісьменства падрыхтавала ў нас грунт для развіцця самастойнага пісьменства, дало яму гатовую кніжную мову і літаратурныя ўзоры”61.

Пэўна, калі вызначаць нейкія універсальныя заканамернасці, нельга абмінаць тое, што ў першую чаргу, пераадольваючы (а такім чынам і фіксуючы) адрозненні, пераклад сцвярджае самастойнасць мовы і забяспечвае ёй істотную падтрымку. Толькі значэнне яго не абмяжоўваецца гэтым. Падобную ролю ён мае і адносна літаратуры. Канкрэтна: вылучаючыся, кожная літаратура сцвярджаецца як паўнацэнна самастойная, асобная, пры наяўнасці сваёй сістэмы ўзаемадачыненняў, найперш дзякуючы перакладу: выходзіць у шырэйшы свет (пацвярджае вартасці сваіх здабыткаў, уключаецца ў іншага маштабу кантэксты, атрымлівае магчымасці падзяліцца каштоўнасцямі) і ўводзіць свет, раней чужы, у свае далягляды (іх, далягляды, рассоўвае; у новай сістэме каардынат удакладняе сваё месца – на параўнанні ўсведамляе вартасці і недахопы, вызначае перспектывы). У рэшце рэшт, без наяўнасці перакладной літаратуры проста немагчыма выверана ацэньваць патрэбныя суадносіны свайго і чужога дзеля развіцця.

Залежнасць генезісу і самасвядомасці нацыянальнай літаратуры ад развіцця перакладу павінна быць дакладна акрэсленай. І нішто, акрамя стэрэатыпаў, гэтаму не перашкаджае. Этапы, калі пераклад служыў доказам магчымасцяў мовы, а калі выконваў у асноўным звязаныя з літаратурай функцыі, акрэсліць няцяжка. Як вядома, значная колькасць прызнаных цяпер літаратур запачаткоўвалася перакладнымі творамі. Між тым, з асаблівасцяў, якія абумоўлены гісторыяй нашага нацыянальнага пісьменства, неадменна вынікае шмат важнага дзеля ўмацавання самасвядомасці, разумення свайго месца між народамі свету. Як-ніяк, наша мова (старажытнаславянская) сцвярджалася як роўнасвяшчэнная, будучы ад пачатку прызначанай дзеля перакладу Свяшчэннага Пісання і богаслужбовых тэкстаў. Прычым гэтую, перш за ўсё, функцыю яна выконвала на працягу стагоддзяў.

А гісторыкам уласна літаратуры як прыгожага пісьменства, як мастацтва слова, апроч усяго, адкрываюцца такія заканамернасці: зварот да іншанацыянальных узораў часцей за ўсё выклікаецца парушэннем традыцый сваіх, калі ўзнікае цяга змяніць існуючую нарматыўнасць; якраз актывізацыя перакладу вяртае (ці ўсталёўвае на адноўленым грунце) раўнавагу нацыянальнай літаратурнай сістэме, спрыяючы пераадоленню крызісных з‘яў у развіцці жанраў, стыляў і інш.


Канкрэтны і грунтоўны перакладазнаўчы падыход, бясспрэчна, можа выявіць шмат – абмінутых пакуль што ўвагаю – важных момантаў развіцця літаратуры. І, пэўна ж, сярод іх не апошні па значнасці той, што быў падкрэслены А. С. Пушкіным у ацэнцы плёну іменна перакладчыцкай творчасці В.А.Жукоўскага, якога ён лічыў “геніем перакладу”: “Што ні кажыце, Жукоўскі меў рашучае ўздзеянне на дух нашай славеснасці...”62. Сапраўды, што б хто ні казаў, а нам таксама трэба высвятляць, як уплывалі “на дух” (!) беларускай славеснасці ў розныя часы Францыск Скарына, Максім Багдановіч, Уладзімір Дубоўка, Уладзімір Хадыка, Юрка Гаўрук, Язэп Семяжон, Янка Брыль, Максім Танк, Аркадзь Куляшоў, Ян Скрыган, Ніл Гілевіч і некаторыя іншыя майстры перакладу.

Момант, які патрабуе таксама ўвагі: фактычна, у Беларусі не было і няма “чыстых” перакладчыкаў”. На ніве літаратурнага перакладу шчыруюць, як правіла, прадстаўнікі іншых літаратурных ці філалагічных сфер.

*

Другі аспект узнятага намі пытання звязаны з адметнымі ўласцівасцямі беларускай мовы, ад якіх залежыць пераклад і з яе, і на яе. Мімаходзь у іх разабрацца як след, пэўна ж, немагчыма. Таму пакуль што спынімся хоць бы на асобных момантах, якія адзначыў у сваіх праніклівых назіраннях А.С. Яскевіч: “Напрыклад, такія фанетычныя асаблівасці беларускага маўлення, знешне, здавалася б, зусім не прыкметныя, як павышанае супрацьпастаўленне па цвёрдасці-мяккасці зычных, надало яму значна іншыя, чым у рускай мове, тэмп і прасодыю. У выніку ў беларускай мове мы маем па-свойму рэдкі выпадак моўнага рытму – паскладовую прасодыю, у той час як у рускай мове яна больш паскораная – патактавая. І гэта ў нашых блізкароднасных мовах, бадай, адзін з найбольш цяжкіх элементаў паэтычнага перастварэння”63. А.Яскевіч таксама слушна звяртае ўвагу на “зрушанасць беларускіх стыляў у бок нізкіх, прастамоўных, у параўнанні са стылёвай шкалою рускай мовы, пэўную розніцу ва ўзроўнях канкрэтнасці слова”, “рэчыўную арыентаванасць беларускага слова”64. Працягваючы гэтае параўнанне дзвух блізкароднасных моў і гаворку пра магчымасці ўзаемаперакладу на аснове іх, адзначым яшчэ, што з-за адрознасці словаўтваральных мадэляў і сінтаксічных канструкцый эквілінеарнасць і эквіметрыя ў гэтым выпадку немагчымы. Каб пераканацца ў гэтым дастаткова ўзяць непасрэдна звязаныя з прадметам нашага разгляду рускія словы переводящий і переводимый, воспринимающий і воспринимаемый.


: documents -> %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%81%D0%BB%D0%B0%D0%B2%D1%8F%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96%D1%85%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80 -> %D0%94%D1%8B%D1%81%D1%86%D1%8B%D0%BF%D0%BB%D1%96%D0%BD%D1%8B -> %D1%82%D0%B5%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%8F%20%D0%B8%20%D0%BF%D1%80%D0%B0%D0%BA%D1%82%D0%B8%D0%BA%D0%B0%20%D0%BF%D0%B5%D1%80%D0%B5%D0%B2%D0%BE%D0%B4%D0%B0
%D1%82%D0%B5%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%8F%20%D0%B8%20%D0%BF%D1%80%D0%B0%D0%BA%D1%82%D0%B8%D0%BA%D0%B0%20%D0%BF%D0%B5%D1%80%D0%B5%D0%B2%D0%BE%D0%B4%D0%B0 -> Прыкметныя постаці Гаўрук Юрый Паўлавіч
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%81%D0%BB%D0%B0%D0%B2%D1%8F%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96%D1%85%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80 -> Тыпавая праграма па гісторыі чэшскай літаратуры І. Тлумачальная запіска
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%81%D0%BB%D0%B0%D0%B2%D1%8F%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96%D1%85%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80 -> Беларускі дзяржаўны універсітэт філалагічны факультэт кафедра славянскіх літаратур
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%81%D0%BB%D0%B0%D0%B2%D1%8F%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96%D1%85%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80 -> Беларускі дзяржаўны універсітэт філалагічны факультэт кафедра славянскіх літаратур
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%81%D0%BB%D0%B0%D0%B2%D1%8F%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96%D1%85%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80 -> А. У. Вострыкава выразнік чэшскай ментальнасці
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%81%D0%BB%D0%B0%D0%B2%D1%8F%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96%D1%85%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80 -> Праблема магчымасцей чалавечага пазнання ў творах міхала айваза
%D1%82%D0%B5%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%8F%20%D0%B8%20%D0%BF%D1%80%D0%B0%D0%BA%D1%82%D0%B8%D0%BA%D0%B0%20%D0%BF%D0%B5%D1%80%D0%B5%D0%B2%D0%BE%D0%B4%D0%B0 -> Тэорыя і практыка мастацкага перакладу
%D0%94%D1%8B%D1%81%D1%86%D1%8B%D0%BF%D0%BB%D1%96%D0%BD%D1%8B -> Практычныя заняткі Паэма “Май” як вяршыня паэзіі Махі


1   2   3   4   5   6


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка