I курса фiлалагічнага факультэта спецыяльнасцей: 1-21 05 01 «Беларуская філалогія» 1-21 05 02 «Руская філалогія» 1-21 05 04 «Славянская філалогія» мінск бду 2007



старонка2/9
Дата канвертавання15.05.2016
Памер1.95 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9

Склад фальклорнай прозы


Сфера фальклорнай прозы надзвычай шырокая і не абмяжоўваецца добра вядомымі традыцыйнымі жанрамі – казкамі, легендамі, анекдотамі і да т. п. Яна складаецца з наступных частак:

1. МІФАЛАГІЧНАЯ ПРОЗА.

2. КАЛЯНДАРНА-СВЯТОЧНАЯ ПРОЗА.

3. СЯМЕЙНА-АБРАДАВАЯ ПРОЗА.

4. НАРОДНА-ХРЫСЦІЯНСКАЯ ПРОЗА.

5. КАЗКАВАЯ ПРОЗА.

6. НЯКАЗКАВАЯ ПРОЗА.

7. СМЕХАВАЯ ПРОЗА.

8. МАГІЧНАЯ ПРОЗА.
Увага! Часткі фальклорнай прозы пад нумарамі 2 («КАЛЯНДАРНА-СВЯТОЧНАЯ ПРОЗА») і 3 («СЯМЕЙНА-АБРАДАВАЯ ПРОЗА») размешчаны ў раздзелах 2.1 і 3.1. адпаведна перад КАЛЯНДАРНА-АБРАДАВАЙ ПАЭЗІЯЙ І ПАЭЗІЯЙ СЯМЕЙНА-АБРАДАВАГА КОМПЛЕКСУ, таму што разам яны ўтвараць фальклорна-этнаграфічныя комплексы , у адпаведнасці з чым разглядаць іх асобна некарэктна.
1.1. МІФАЛАГІЧНАЯ ПРОЗА

Да сферы міфалагічнай прозы адносяцца міфалагічныя ўяўленні, якія тычацца вышэйшай і ніжэйшай міфалогіі беларусаў, міфалагічнай семантыкі прыродных з’яў і стыхій. Па сутнасці, гэта не сюжэтныя аповеды, а тлумачэнні і апісанні. Напрыклад: «Мароз – стары сівы дзед з сінім або чырвоным носам. Замест вусоў і барады спускаюцца саплякі аж да долу, на галаве ўся гіра пакрыта белым інеем. Ён заўжды любіць дужацца з сонейкам, але не мажэ яго пабароць. Сонейка шуткуе з Марозам, а ён злуе да кліча сабе да памогі вецер... » Або: «Кожная дзеўка, што памрэ ў русальным тыжні, на том свеце жыве Русалкаю, а ходзіць з вянком на галаве голая, штоб відна было, што яна яшчэ не саграшыла... » Ці: «Халера – то чорная, худая, страшная баба, яна зусім бы то з імглы злеплена была: дзе яна пяройдзе, то там зараз народ пачне ўміраць».



Вышэйшая міфалогія

Даведка

Персанажы вышэйшай міфалогіі: Дзіў, Бог, Род, Сварог, Дажбог, Пярун, Вялес, Мокаш, Лада, Юрыла, Белбог (Бялун), Чарнабог.

Лічыцца, што ў народнай свядомасці амаль не захавалася ўяўлення, звязаных з вышэйшай міфалогіяй. Можа яно і так, ва ўсякім разе звестак аб ёй занатавана няшмат. Але трэба мець на ўвазе і тое, што маштабных росшукаў у гэтым кірунку не праводзілася. Як гэта ні дзіўна, толькі апошнім часам фалькларысты быццам схамянуліся і пачалі мэтанакіравана шукаць усё, што яшчэ засталося.

Парада

Перш-наперш высветліце, ці ведае, або ці чуў інфармант пра Бога, Рода, Сварога і г. д. Любы адказ, станоўчы і адмоўны, мае навуковую каштоўнасць. У выпадку станоўчага адказу удакладніце, што ведае інфармант аб тым ці іншым персанажы: хто ён такі, які мае выгляд, дзе знаходзіцца, чым займаецца, у якіх стасунках з людзьмі і іншымі персанажамі, што ад яго залежыць і г. д.



Узоры запісаў:


а). Біг ны тылько на нэбы, бігэ всюды. І тут коло нас він е, і дэсь далёко, і там, і там, і в гэтый траві (паказвае мне купіну травы), і в гэтый (паказвае іншый кусцік травы), і всюды. Мы ёго ны бачымо і ны можымо бачыты. А він нас бачыцть, він всэ бачыть. Біг – добрый;

б). Перуну пакланяліся, яго стрэлам – каменным і жалезным рэчам. Жанкі закопвалі стралу на полі, каб яно радзіла, каб маланак не было.

Ніжэйшая міфалогія

Даведка



Апекуны зямнога жыцця: Лада, Дзявоя (Сава), Ярыла, Цёця, Ляля, Жыцень і Жытняя баба, Зюзя, Мароз, Шчадрэц.

Духі культурнай прасторы: дамавік (хатнік), дамавуха, хут, змей, валасень, злыдні, кікімара, чур, хлеўнік, лазнік, палявік, спарышка і інш.

Духі прыроды: лясун, купальскі дзядок, вадзянік, русалкі, сарэны (фараонкі), балотнік, багнік, кадук, лазавік, лойма (чарціха), хапун і інш.

Насельнікі неба і паветра: грамаўніца, гарцук, паветрыкі.

Жыхары падземнага свету і пекла: ох, кладнік, жыжаль (зніч), чорт (д’ябал, сатана, бес, нячысты дух, Люцыпар), пякельнікі, прахі і да т. п.

Шкоднікі: цмок, шатаны, паралікі, шэшкі, стрыга і інш.

Нечысці: Баба Яга (Ягіня, Юга), ведзьмакі і чараўнікі, вупыр, ваўкалак, дзікія людзі.

Хваробы і насланні: Паморак, Ліхаманка (трасца), Халера, Чума (Мор), Воспа, начніца, Мара, падвей і інш.

Смерць: Смерць, Марэна, Паляндра.

Парада

Гэтаксама, як пры збіранні звестак аб персанажах вышэйшай міфалогіі, запішыце тлумачэнні, адносна прадстаўнікоў ніжэйшай міфалогіі: хто яны такія, адкуль узяліся, чаму так называюцца, дзе жывуць, які маюць выгляд, чым займаюцца, які ў іх характар, як ставяцца да людзей, чаму спрыяюць або шкодзяць, як да іх ставяцца людзі, калі яны з’яўляюцца і куды знікаюць і г. д.


Узоры запісаў:

а). І ў хлеві, і ў хаті е домовік. От прікінеца – іде чэловек які, а ун жэ не чэловек, а бо яо зна што такее. Он і собакой мо скінуца ці котом;

б). Дамавік і ласачка – то адінакаво;

в) Расказувалі: десь у лесе буў пень такі. Пойде перекуліца і стане воўкам, а назад перекуліца – ізноў хлопцам;

г). У лесе е дзед такій, у него баба Марына. Хадзяін леса – буйный, губы велікіе, нос велікій, сам агромный. Барада па пояс, барада і ўусы;

д). Як деўка ўродыть деўку, а вона тыж деўкою ўродыць деўку, так третья будэ вэдьмоў.

Міфалагізаваныя прыродныя стыхіі і з’явы
Тэмы: час – зямля – неба – свяцілы (сонца, поўня (месяц), зоркі, каметы) – стыхійныя бедствы і з’явы (навальніца, гром, град, маланка, віхура, засуха, паводка, землятрус, пажар) – расліны – жывёлы – птушкі.
Апытальнік

для збору матэрыялаў аб міфалагізаваных з’явах прыроды
1. Які час сутак лічыцца небяспечным для чалавека і чаму? Чым небяспечныя поўдзень і поўнач? Што нельга рабіць пасля захаду сонца і чаму? Чаму нельга спаць на захадзе сонца?

2. Якія дні тыдня і года (гадавых свят) лічацца спрыяльнымі або неспрыяльнымі для розных работ (напрыклад, для сяўбы, пасадкі гародніны, зімовых нарыхтовак, жаночай працы, будаўніцтва і г. д.)?

3. Чаму зямля лічыцца святой і чыстай? Як ставіцца да яе? У якіх выпадках звяртаюцца да зямлі, выкарыстоўваюць жменьку зямлі?

Адкуль узялася зямля?

4. Што сабой уяўляе неба? Хто там жыве?

5. Як з’явілася сонейка? Чаму яно рухаецца па небе? У якія святы назіраюць за «ігрой» сонца? Чаму?

6. Ці лічыцца ў вас, што поўня (месяц) вельмі ўплывае на лёс чалавека, можа прынесці дабро і шкоду, пасылаць хваробу і вылечваць яе, уплываць на рост раслін, жывёл і людзей, якасць лекавых траў, прадказваць лёс, надвор’е, падзеі і здарэнні, прымаць душы памерлых і г. д.?

7. Як у вас называюць розныя зоркі і сузор’і? Ці можна варажыць па зорным небе? Калі і якім чынам? Што ў вас кажуць пра паходжанне зорак? Як яны звязаны з лёсам чалавека, яго жыццём і смерцю? У якім выглядзе ўяўляліся «хвастатыя зоркі» – каметы (напрыклад, ведзьма на мятле)? Чым яны небяспечныя?

Куды вядзе Млечны шлях?

8. Высветліце, што лічыцца звышнатуральнай прычынай канкрэтных стыхійных бедстваў і з’яў і якім чынам можна іх нейтралізаваць. Напрыклад, прычынай віхуры магло быць наступнае: вяселле чарцей, смерць чараўніка, пагоня чарцей за душамі людзей, дзеянні тапельнікаў і шыбенікаў. А каб спыніць віхуру, то кідалі ў цэнтр нож, сякеру і інш.

9. Якія дрэвы, расліны, кветкі лічацца чыстымі і нячыстымі, добрымі, дрэннымі (злымі), шчыслівымі і нешчаслівымі, гаючымі і шкоднымі? Чаму? Як іх выкарыстоўвалі і дзеля чаго? Пра якія расліны кажуць, што гэта ператвораныя людзі?

10. Якія павер’і і прыкметы звязаны з пэўнымі жывёламі? Напрыклад, «Шмат вавёрак у лесе – да неўраджаю ці вайны», «Вёска згарыць, калі ў яе забяжыць заяц, ці маці памрэ», «Дождж пойдзе, калі заб’еш жабу», «Каб воўк не крануў ні жывёлы, ні птаства, трэба падкурваць нованароджаных «ваўчынымі кіпцямі», «Калі лось вясною зойдзе на азіміну пасвіцца – трэба чакаць добрага ўраджаю жыта» і г. д.

Пра якіх жывёл казалі, што гэта ператвораныя людзі? Якія павер’і звязаны са змеямі, змяіным царом? Ці чулі вы пра лятаючых змеяў? Да каго яны прылятаюць, што прыносяць?

11. Што і чаму трэба зрабіць, калі ўбачыш першую птушку, асабліва бусла, ластаўку, зязюлю? Якім птушкам нельга шкодзіць? Чаму? Якія словы чуюцца ў крыках і спевах птушак, што яны азначаюць, на што арыентуюць (напрыклад, на пачатак жніва, касьбы і г. д.)? Пра якіх птушак кажуць, быццам яны паходзяць ад чалавека?


1.2. КАЛЯНДАРНА-СВЯТОЧНАЯ ПРОЗА

Каляндарна-святочная проза існуе ў дзвюх формах – натуральнай і штучнай. У натуральным выглядзе яна ўяўляе сабой бытавы аповед у адказ на пытанне аднавяскоўца, што там было на Купаллі, як вадзілі Куста, ці калядавалі на іх вуліцы і г. д., або, напрыклад, эмацыянальнае выказванне наконт таго, што моладзь цяпер не так весяліцца, як раней (і далей расказваецца, як хадзілі на вячоркі, спраўлялі дажынкі, гулялі пасля шчадравання і г. д.). Звычайна ў гэтых аповедах фігуруюць канкрэтныя асобы, сітуацыі, згадваюцца канкрэтныя выпадкі, смешныя здарэнні, прыклады недарэчных паводзінаў і г. д. У штучным выглядзе каляндарна-святочная проза паўстае ў адказах на пытанні збіральнікаў.

Мэтазгодна задаваць інфарманту пытанні агульнага характару, а пасля іх удакладняльныя. Калі інфармант не схільны да доўгага аповеду, то трэба весці дыялог з ім. У такім выпадку пры афармленні справаздачы неабходна пазначаць пытанні і адказы. Напрыклад:

Збіральнік: Што вы казалі, як зажынаць пачыналі?

Інфарматар: Зажон, Прачыстая Маці,

Памажы нам жыта жаці.

А як табе памагала,



Дай і жыта не ляжала.

А як будзе ляжаць,

То не буду памагаць.

Збіральнік: Вы «бараду» завівалі?

Інфарматар: Завівалі.

Збіральнік: А выпалвалі яе ці не?

Інфарматар: Палолі, чысцілі.

Збіральнік: А чым вы завязвалі зверху?

Інфарматар: А ўсякімі кітайкамі красівымі, усякімі трапачкамі. Сем каласкоў і дзевяць каласкоў – бараду дзелалі. І вот эта здзелаеш, каласочак той, штоб ужо, вот, на саламніцы, дзе ўжо вышэ каленца, штоб чысценька была саломка.
Увага! Класіфікацыю каляндарна-святочнай прозы глядзіце ў раздзеле 2.2. КАЛЯНДАРНА-АБРАДАВАЯ ПАЭЗІЯ.
1.3. СЯМЕЙНА-АБРАДАВАЯ ПРОЗА

Сямейна-абрадавая проза – вельмi шырокi пласт народнай культуры, звязаны з радзiнамi, хрэсьбiнамi, вяселлем i пахаваннем. Яна добра знаёмая вясковым жыхарам, таму знайсцi дасведчаных iнфармантаў зусiм нескладна. Жанчыны здольны падрабязна расказаць, як адбываецца, напрыклад, вяселле, якiх правiла, прытрымлiваюцца пры пахаваннi набожчыка, а вось запiсваць аповеды «ўручную» вельмi цяжка. Лепш за ўсё карыстацца тэхнiчнымi сродкамi. Калi вы не ўсё паспелi запiсаць дакладна i вымушаны пераказваць сваiмi словамi, то пры афармленнi гэтую частку трэба пазначыць квадратнымi дужкамi. А калi ўвесь запiс з’яўляецца вашым уласным пераказам, то ён цалкам падаецца ў квадратных дужках.


Увага! Класіфікацыю сямейна-абрадавай прозы глядзіце ў раздзеле 2.3. ПАЭЗІЯ СЯМЕЙНА-АБРАДАВАГА КОМПЛЕКСУ.
1.4. НАРОДНА-ХРЫСЦІЯНСКАЯ ПРОЗА

Адразу пасля ўвядзення хрысціянства ў беларускай народнай культуры пачаўся працэс асіміляцыі і трансфармацыі хрысціянскіх уяўленняў, што і прывяло да запачаткавання народна-хрысціянскай прозы.

Народна-хрысціянская проза – гэта аповеды, якія тычацца народных уяўленняў пра Госпада Бога, Ісуса Хрыста, Божай Маці (Прачыстай), святых прападобных, хрысціянскія святы і звязаныя з імі агульнабеларускія і мясцовыя звычаі, прыкметы, павер’і, прыказкі, забароны, перасцярогі, дазволы і г. д. Часам гэтыя ўяўленні вельмі арыгінальныя, фантастычныя і далёкія ад хрысціянскіх. Вось што, напрыклад, расказвала палеская жанчына пра Іллю: «Ілля громамэ, хмарамэ владэе. До Ллі хмара, кудэ надумае, ідэ. Она борэтца з вітром. Мы думалэ, Лля дэ Лля, А він нэ жэнчына, а мужчына. А после Ллі він хмарамэ не нэ владэе. Его просять: «Ілля-пророк, розжэнэ гэты оболок!»

З цягам часу працоўны каляндар селяніна пачаў сувымярацца з хрысціянскім, адсюль, напрыклад, такі мікольскі звычай: «Затыкаюць тычкамы, дэ косыты траву, шоб ны ходылы там коровы. «Мыкола – пыдуть тычкы окола».

Свяціцелям надаюцца нязвыклыя ім рысы і функцыі. Напрыклад, 31 студзеня, дзень, прысвечаны свяціцелю Афанасію, у народнай традыцыі атрымаў розныя назвы – Апанасся, Апанас, Апанасій і, акрамя таго, Гусінае свята, Гусеўнік. Паколькі на гэты час прыпадалі маразы, то папярэджвалі: «Хавай нос у апанасаўскі мароз». З другога боку, Апанас пачаў лічыцца абаронцам жывёлы ад марозу, яго прасілі аб захаванні жывёлы: «Святы Уласій, Ахванасій, саблюдзі, божа, красуль нашых». Лічылі, калі на Апанасся мяцельца, то выведзецца многа гусянят, г гэтага дня гусей кармілі «зірнятамі ў абручыку».

Дзень прападобнай Еўдакеі (14 сакавіка атрымаў ў народным календары шэраг жаночых і мужчынскіх назваў: Яўдоха, Аўдоння, Аўдуська – Галдакей, Аўдакей, Аўдокій. Аўдоццю называлі вясноўкай і лічылі, што гэтае свята трымае ў руцэ лета. Па гэтаму дню прыкмячалі надвор’е, лічылі, калі Галдакей цёплы,то вясна і лета будуць цёплымі, спрыяльнымі для сенакосу, а калі ідзе дождж, то чакай ураджай нп жыта. Дзень Аўдоцці называўся яшчэ «бабскім святам», таму жанчыны «не пралі, не снавалі».

У мясцовай традыцыі святы могуць называцца так, што іх нават бывае цяжка ідэнтыфікаваць. Напрыклад, 15 лютага, вядомае як Грамніцы, Стрэчанне, у Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці мае назву «Ровнэцэ». І толькі пасля аповеду можна здагадацца, якое агульнабеларускае народнае свята маецца на увазе: «Святэлэ свічку в цэрквэ. Проходэлэ до хатэ і спірша подпалювалэ косэ крэшку у каждого в своюй сымні, шоб ны боелыс грому. Потом віпалювалэ крэжа на стэлі, на бальцэ. Гэто тожэ, шоб грім в хату ны влэтяв.

На Ровнэцэ нап’ецца півінь водэцэ,

А на Юрія найісця він травэцэ».

З прыведзеных прыкладаў бачна, які багаты матэрыял назапашаны народна-хрысціянскай прозай. Справа за малым – паспрабаваць запісаць больш-менш складныя апавяданні на адпаведныя тэмы, пазначаныя ў апытальніку.



Апытальнік для збору народна-хрысціянскай прозы
1. Што вы ведаеце пра Госпада Бога, Ісуса Хрыста, Божую Маці (Прачыстую), архангелаў, анёлаў?

2. Што ў вас кажуць пра д’ябла, Люцыпара, антыхрыста?

3. Як вы ўяўляеце рай, чысцілішча, пекла? Хто куды трапляе пасля смерці? Якім чынам можна выратаваць сваю душу?

4. У календары ёсць дні, прысвечаныя святым прападобным. Якія мясцовыя звычаі, павер’і, прыкметы, забароны, парады, перасцярогі, прыказкі звязаны з гэтымі датамі?


Даведка
Пракоп, Васіль, Іаан Хрысціцель, Аксіння, Таццяна, Апанас, Тры Свяціцелі, Трыфан, Валянцін, Аўлас, Збор (Ізбор), Аўдоцця Вясноўка, Аляксей Цёплы, Дар’я Вясенняя, Юрый (Юр’е), Аўсей, Барыс, Іван Веснавы, Мікола Веснавы, Алёна (Ульяна), Пятро і Паўла, Анрыпіна Купальніца, Кузьма і Дзячм’ян, Андрэй, Ілля, Флор і Лаўр, Параскева Пятніца, Мікола Зімовы і інш. Звычаі, павер’і, прыкметы, забароны, звязаныя з такімі фалькларызаванымі хрысціянскімі святамі і пастамі, як Піліпаўка, Ражаство, Вадохрышча, Стрэчанне (Грамніцы), Сорак пакутнікаў (Саракі), Дабравешчанне (Звеставанне), Вялікі Пост, Вербніца, Чысты чацвер, Пасха (Паска), Ушэсце, Тройца, Пятроўка, Дзевятнік і Дзевятуха, Дзесятнік і Дзесятуха, Казанская (градавы дзень), Спасаўка (пост) і Спасы (Макавей, Яблычны, Хлебны), Узвіжанне, Прачыстая, Пакровы (Трэцяя Прачыстая), Увядзенне і інш.

Больш падрабязна глядзіце ў кнізе Алеся Лозкі «Беларускі народны каляндар» (Мінск, 2002).


ДАДАТАК 1
Праваслаўная пасхалія на 2007 – 2020 гг.

з разлікам залежных ад Пасхі свят


ГГа-ды

Працягласць ад Ражаства да Вялікага посту

Тыдзень Сырапусны, Загавенне на Вялікі пост

Пасха (Вялікдзень)

Узнясенне Гасподняе (Ушэсце)

Тройца (Пяцідзесят-ніца)

Працягласць Пятрова посту

тыдняў

дзён

стары

стыль


новы стыль

стары

стыль


новы

стыль


стары

стыль


новы

стыль


стары

стыль


новы

стыль


тыд-няў

дзён

207

6

1

05.02

18.02

26.03

08.04

04.05

17.05

14.05

27.05

5

3

208

9

-

25.02

09.03

14.04

27.04

23.05

05.06

02.06

15.06

2

5

209

7

5

16.02

01.03

06.04

19.04

15.05

28.05

25.05

07.06

3

6

210

5

4

01.02

14.02

22.03

04.04

30.04

13.05

10.05

23.06

6

-

211

8

3

21.02

06.03

11.04

24.04

20.05

02.06

30.05

12.06

3

1

212

7

2

13.02

26.02

02.04

15.04

11.05

24.05

21.05

03.06

4

3




10

-

04.03

17.03

22.04

05.05

31.05

13.06

10.06

23.06

1

4

214

7

6

17.02

02.03

07.04

20.04

16.05

29.05

26.05

08.06

3

5

215

6

5

09.02

22.02

30.03

12.04

08.05

21.05

18.05

31.05

4

6

216

9

4

29.02

13.03

18.04

01.05

27.05

09.06

06.06

19.06

2

1

217

7

2

13.02

26.02

03.04

16.04

12.05

25.05

22.05

04.06

4

2

218

6

1

05.02

18.02

26.03

08.04

04.05

17.05

14.05

27.05

5

3

219

9

-

25.02

10.03

15.04

28.04

24.05

06.06

03.06

16.06

2

4

220

7

6

17.02

01.03

06.04

19.04

15.05

28.05

25.05

07.06

3

6

ДАДАТАК 2


Каталіцкая пасхалія на 2007 – 2020 гг.

з разлікам залежных ад Пасхі свят


Гады

Попелец

Пасха

(Вялікдзень)



Ушэсце

Сёмуха

(Зыход


Св. Духа)

Божае цела

Першая нядзеля

Адвенту


(перадкалядны пост)

2007

21.02

08.04

17.05

27.05

07.06

02.12

2008

06.02

23.03

01.05

11.05

22.05

30.11

2009

25.02

12.04

21.05

31.05

11.06

29.11

2010

17.02

04.04

13.05

23.05

03.06

28.11

2011

09.03

24.04

02.06

12.06

23.06

27.11

2012

22.02

08.04

17.05

27.05

07.06

02.12

2013

13.02

31.04

09.05

19.05

30.05

01.12

2014

05.03

20.04

29.05

08.06

19.06

30.11

2015

18.02

05.04

14.05

24.05

04.06

29.11

2016

10.02

27.03

05.05

15.05

26.06

27.11

2017

01.03

16.04

25.05

04.06

15.06

03.12

2018

14.02

01.04

10.05

20.05

31.05

02.12

2019

06.03

21.04

30.05

09.06

20.06

01.12

2020

26.02

12.04

21.05

31.05

11.06

29.11

1.5. КАЗКАВАЯ ПРОЗА

Казка як жанр дзеліцца на некалькі жанравых разнавіднасцей: анімалістычныя казкі, або казкі пра жывёл, чарадзейна-фантастычныя, рэалістычныя, г. зн. жыццепадобныя, сярод якіх вылучаюцца авантурна-навелістычныя казкі пра прыгоды героя, бытавыя і сацыяльныя. Акрамя таго, сустракаюцца казкі з адметнай кампазіцыяй – кумулятыўныя (ланцужковыя з паўтарэннем ці нарошчваннем аналагічных дзеянняў ці эпізодаў) і дакучныя (бясконцыя або звышлаканічныя тыпу «Жили у бабуси два гуся. Вот и сказка вся»). На гэтую класіфікацыю вы і будзеце арыентавацца пры вызначэнні жанравай разнавіднасці казкавых тэкстаў.

Ідэальны запіс казкі можна атрымаць пры выкарыстанні тэхнічных сродкаў. Запісваючы казку «ўручную», збіральнік павінен імкнуцца занатаваць тэкст слова ў слова, каб перадаць яе жывы вобраз з усімі паўторамі, удакладненнямі, заўвагамі выканаўцы. Напрыклад: «Жылі два браты. Адзін жыў у пана, войтам, а другі брат узяў ажаніўся, сын у іх радзіўся. Радзіўся сын, і сам памёр, і маць памерла, асталася сірата гэтая. Вот яны жывуць. Гэты ўжо войт, брат гэты, хоча, штоб як памёрпляменнік, штоб яму часць асталася. Так хлопец сабраўся і пайшоў... »

У залежнасці ад таго, як вам удалося запісаць казку, зрабіце адзін з наступных каментарыяў: «Дакладны запіс казкі», «Дакладны запіс казкі з элементамі пераказу» (пры гэтым частка, якая з’яўляецца пераказам, падаецца ў квадратных дужках), «Вольны запіс казкі», “Пераказ казкі».

Задача практыканта – выявіць натуральную лінію жывога бытавання казак, калі яны сапраўды перадаюцца з вуснаў у вусны, а не бяруцца з кніжак. Тым не менш нават калі казка атрымала другаснае жыццё, увайшла ў побыт праз чытанне надрукаванага тэксту, пры вусным узнаўленні выканаўца міжволі будзе прыстасоўваць яе да мясцовай традыцыі і сваёй індывідуальнасці, таму добра вядомыя сюжэты набываюць рознае тэкставае афармленне. Параўнаем пачаткі казкі пра казу і ваўка:

а). Жыла козачка ў маленькім-маленькім доміку. Аказянілася. Ну, ідзець на паляванне:

Дзеці, нікому не адкрывайце. Закрывайце, не адкрывайце.



Паходзіць, прыбягае:

Мае дзетачкі, казянятачкі, адчыніце, атварыце,ваша мамка ідзець, малачка вам нясець, поўны цыцы малацыцы, поўны рожкі вадзіцы.

б). Здзелала козачка сабе хатку ў лясу і жыве, расціць дзяцей. А казлянятак тых было пяць штук. А гэтыя казляткі ўсе роўненькія, а адзін – самы маленькі казлёначак. Вос яна, гэта каза, закрые хатку, пойдзе ўжо, насабіраецца, наесца, напасецца, прыйдзе і говорыць:

Казлятушкі-дзіцятушкі, атапрыцеся, я – ваша маць прыйшла, малачка вам прынясла.

Як бачна, тэксты істотна адрозніваюцца ад апрацаванай і добра вядомай вам казкі пра ваўка і сямёра казлянят.

Парады
1. Канешне, добра, калі ў вёсцы ёсць вядомыя ўсім казачнікі. Напрыклад, у адной вёсцы, дзе мы былі на практыцы, жыў дзед, які ведаў шмат казак. Да яго спецыяльна прыходзілі, каб паслухаць казкі, і нават плацілі за гэта грошы. З таго ён і жыў, бо быў зусім нямоглы.

Высветліце прозвішчы казачнікаў-прафесіяналаў або проста добрых выканаўцаў і накіроўвайцеся да іх.

2. Пра патэнцыяльных інфармантаў можна даведацца ў дзяцей і падлеткаў. Спытайце іх, хто і калі расказваў ім казкі (маці, дзядуля, бабуля, суседзі, равеснікі). Цікава запісаць казку двойчы – ад дзетак і ад дарослых.

3. У тым выпадку, калі вы маеце справу з дарослым чалавекам, які згодны расказаць казку, высветліце, хто яго навучыў казкам, дзе, калі, у якім узросце, ад каго ён яе чуў, і запішыце адказ.

4. Запісвайце літаральна ўсе казкі, якія ёсць у рэпертуары выканаўцы, нават калі высветліцца, што яны запазычаны з надрукаваных зборнікаў. Такім чынам, мы атрымаем казку, якая ўвайшла ў вуснае бытаванне і, магчыма, набыла новыя дэталі падчас імправізацыі.

5. Звярніце ўвагу, як выканаўцы называюць казкі (напрыклад, байкі), як пазначаюць назвы казак (напрыклад, «Пра казу і ваўка», «Казляты і воўк»; «Як воўк дзедаву гаспадарку перавёў», «Коляды» (пра ваўка-калядоўшчыка, які выманіў у дзеда ў якасці каляды ўсю жывёлу і птушку), «Як дзед ваўка абдурыў» (версія таго ж сюжэта); «Каза-дзераза», «Пра казу лупленую» і г. д.)

6. Высветліце, ці існуюць асобныя казкі для дзяцей і дарослых, «мужчынскія», «жаночыя», т. зв. «сараматныя», якія расказваюцца толькі ў пэўнай кампаніі. Апошніх у нашым фальклорным архіве вельмі мала, можна сказаць адзінкі: звычайна гэта эратычна-сексуальныя творы накшталт тых, што былі надрукаваны А. Афанасьевым у кнізе «Русские заветные сказки. Только для взрослых!!! Только для мужчин!!! » (Мінск., 1992).

Актывізаваць памяць інфармантаў дапаможа апытальнік.


Апытальнік для збору казкавай прозы
1. Якія казкі вы чулі ў дзяцінстве? Ад каго? Якая ваша самая любімая казка? Ці расказваеце вы казкі сваім дзецям (унукам)? Якія? Ці пераказваеце вы ім казкі, якія кальсьці чыталі або вывучалі ў школе? Якія?

2. Можа, вы ведаеце казкі пра лісу, якая прыкінулася мёртвай і выкрала рыбу з воза, пра ваўка ля палонкі, ашуканага лісой, пра лісу-павітуху, пра звяроў у яме, якія з’ядаюць адзін аднаго, пра зайца і лісу (ледзяную і лубяную хатк гэтых звяроў), пра лісу і дразда (салаўя, дзятла), варону і лісу, лісу і жураўля, пра ката, пеўня і лісу, пра дурную лісу,якая топіць збан, пра ваўка ў гасцях у сабакі, пра сабаку-шаўца, пра ката, які напалохаў у лесе звяроў, пра вайну свойскіх жывёл з дзікімі, пра пахаванне ката, які прытварыўся мёртвым, мышамі, пра ваўка-дурня, пра ваўка і казлянят, пра жывёл, якія ўцяклі ад гаспадара ў лес, пра мужыка, мядзведзя і лісу, пра ўдзячнага мядзведя, пра вяршкі і карэньчыкі, пра мядзведзя на ліпавай (бярозавай) назе, пра спевы ваўка з мэтай выманіць у старога маёмасць, пра камароў і мядзведзя, пра церамок мухі, пра размову жаб і інш.?

3. Ці ведаеце вы якую-небудзь дакучную казку, якую расказваюць, каб адчапіцца ад дзяцей?

4. Можа, вы чулі такія казкі, дзе шмат паўтораў? Напрыклад, “Казу гнаць”: каза не хоча ісці з лесу з арэхамі, па казу выпраўляюць ваўкоў, на ваўкоў мядзведзя і г. д.; пра тое, як пеўнік выбіў курачцы вока, бо ляшчына парвала яму порткі, а ляшчыну абгрызлі козы, бо іх не глядзелі пастухі і г. д.; пра разбітае яечка, пра калабка, пра былінку і вераб’я, пра церам мухі, пра рэпку і да т. п.

5. Ці чулі вы калі-небудзь «сараматныя» казкі з брыдкімі словамі? Дзе і калі іх расказваюць?

6. Відаць, вы ведаеце чарадзейныя казкі. Калі не памятаеце якія, то я вам падкажу. Можа, гэта казка пра пераможцу змея і вызваленне царэўны, пра Кажамяку, пра тры падземныя царствы, пра салдата, які знайшоў царэўну, пра смерць Кашчэя, пра Кацігарошка, пра Бабу Ягу, пра звярынае малако, пра няверную жонку, што выкрала ў мужа чарадзейны прадмет і перадала палюбоўніку, а мужу дапамаглі верныя жывёлы ці дзяўчына, пра хітрую навуку ў чараўніка, пра дзяцей, якія трапілі да ведзьмы і выратаваліся, пра хлопчыка і ведзьму, пра каваля і чорта, пра салдата і смерць, пра людаеда, пра жаніха-ваўкалака, пра зачараваную царэўну, пра царэўну-жабу, пра падменную нявесту або жонку, пра падчарку і родную дачку бабы, пра дзяўчыну-кветку, пра скамянелае царства, пра пунсовую кветачку, пра жонку вужа, пра Фініста яснага сокала (мужа-асла, барана, казла), пра братоў-крумкачоў, пра падарожжа да сонца, пра Марку Багатага, пра заляцанні цара да прыгажуні – жонкі мужыка (свайго слугі), пра самаграйныя гуслі, пра мачаху і падчарку, пра дванаццаць месяцаў, папялушку, цудоўную карову, Сіўку-бурку, канька-гарбунка, пра Ямелю, Нязнайку, пра ката ў ботах, ката Максіма, шэрага ваўка, пра маладзільныя яблыкі, Жар-птушку, залатую рыбку, чарадзейны пярсцёнак, пра жывёл-зяцёў, пра Івашку Мядзведжае вушка, пра Еруслана, Іллю Мурамца, пра скрыпача ў чарцей, пра сынка з кулачок, Снягурачку, Бязручку, Баву-каралевіча, Мёртвую царэўну і чарадзейнае люстэрка, пра пеўня і жорны, пра Гора, пра Шчасце і багацце, цудоўных дзяцей, жывую ваду і г. д.

Як толькі інфармант скажа, што ведае тую ці іншую казку, папрасіце яго расказаць яе, а потым рухайцеся далей. Калі любімай казкай інфарманта аказваецца рэалістычная, то магчыма, што ў яго рэпертуары іх некалькі. Паспрабуйце даведацца, ці знаёмы яму казкі пра дурную бабу (жонку), лянівую жонку, разумную дзяўчыну, пра абгавораную жонку (дзяўчыну), пра верную жонку, прытворнапамёршую дзяўчыну, пра непраўдзівыя абвінавачванні, выпраўленне лянівых, пра пана і мужыка, пра папоў, пра няверную жонку і разбойніка, пра высакародных разбойнікаў, пра дурнога чорта, пра спаборніцтва ў смеху, спрэчкі, хто мацнейшы, хто праспявае песню даўжэй, пра разумных і дурных, пра ўцёкі парабка, пра прыгоды салдата і г. д.
1.6. НЯКАЗКАВАЯ ПРОЗА

Пры вызначэнні жанра запісаных вамі тэкстаў мэтазгодна кіравацца пэўнай класіфікацыяй няказкавай прозы, якая складаецца з наступных частак: легендарная проза, прымхлівая проза, рэалістычная проза, смехавая проза.



1) легендарная проза;

Сярод легендарнай няказкавай прозы вылучаюцца адпаведныя жанравыя віды легенд:

а) міфалагічныя легенды з падзелам на касмаганічныя (пра стварэнне свету і яго асобных частак), заагенічныя (пра стварэнне і з’яўленне жывёл, птушак, насякомых, раслін), антрапагенічныя (пра паходжанне чалавека), эсхаталагічныя (пра канец свету ці яго частак);

б) гістарычныя легенды, у якіх падаюцца міфалагізаваныя звесткі аб этнічнай гісторыі беларусаў, іх паходжанні або аб паходжанні асобных груп (напрыклад, палешукоў і палевікоў), расказваецца аб першых насельніках беларускай зямлі, гістарычных падзеях мінулых часоў, ёсць указанні на гістарычных асоб, грамадскія адносіны і г. д.;

в) тапанімічныя легенды, звязаныя з геаграфіяй пэўнай мясцовасці, яе памятных ландшафтных аб’ектаў, з паходжаннем гарадоў, вёсак, азёраў, рэк, урочышчаў, курганоў і іх назваў. Тапанімічныя легенды адрозніваюцца ад гістарычных па дамінантнай мэце: яны скіраваны на тое, каб даць гістарычнае або псеўдагістарычнае тлумачэнне паходжання назваў геаграфічных аб’ектаў;

г) маральна-этычныя легенды, галоўны матыў якіх – пакаранне за зло і ўзнагарода за дабро. Большая частка гэтых легенд развівалася ў рэчышчы народнай хрысціянскай культуры.



2) прымхлівая проза (прымхліцы);

Ядро аповедаў – сутыкненне чалавека са светам звышнатуральнага, цудоўнага, цудадзейнага, незвычайнага, з тым, што раптам перапыняе натуральнае існаванне або вылучае нейкія з’явы, аб’екты, рэчы, прадметы з ліку звычайных, натуральных. Напрыклад, ёсць звычайныя людзі і ёсць ведзьмы, русалкі, дамавікі, лесуны, чараўнікі, варажбіты, ваўкалакі, звычайныя камяні і божыя, цудадзейныя, чортавы, звычайныя месцы і заклятыя.



3) рэалістычная проза (бываліцы, апавяданні-ўспаміны ці мемуары).

Яе тэмы звязаны з падзеямі недалёкага мінулага, якія адбыліся на памяці апошніх пакаленняў, тычацца ўсіх жыхароў вёскі або асобнай сям’і і яе членаў. Для нашага часу гэта гістарычныя падзеі ХХ стагоддзя, выпадкі, здарэнні, што былі з рэальнымі людзьмі. Яны могуць быць па-свойму цудоўнымі, незвычайнымі, фантастычнымі, прымхлівымі, але ў іх аснове палягае тое, што уразіла нашых сучаснікаў, падалося ім значным, істотным (напрыклад, факты цудоўных выратаванняў, здзейсненых прадказанняў, сноў, сутыкненні са сферай незвычайнага, што нядаўна ўвайшло ў свядомасць і знаходзіцца па-за сферай традыцыйна-міфалагічнага).



У ранейшыя часы рэалістычная проза была той глебай, на якой паступова фарміраваліся часткі легендарнай.
Апытальнік для збору няказкавых аповедаў
1. Ці чулі вы ад старых людзей, як стварыўся свет (зямля, неба, сонца, месяц, зоркі), адкуль узяўся чалавек, жывёлы, расліны?

Узоры запісаў:

а). Колас быў ат самого нізу і да верху. Ну, і так у народзе гаварылась: прагнявілі Бога і, значыть, Бог ізнял колас, абшморгувал ад долу і сюды, тёг рукою сашморгувать колас, і думал усе сашмаргнуць, аставіть людзей на голад. Дак каты закаўкалі, сабакі загаўкалі. І на йіх долю аставіл о се маленькі колас. І кадата, як ішчэ мала я була, дак нажнуть жыта первого, звалось первожоннэ, намолотять і намелють і дають котіку і сабакі, шо мы на йіх долі жывом;

б). Кукушка, шо куе, была девушкай. Дак купалася девушка і купалася ў морі. Прылятеў змей і хател забрать ее будта бы за жэну. Мужык такі быў. І ана не пашла: Я за тебе не пайду! І юн сказаў ей так: Ну, еслі ты за мене не пайдеш, то каваць табі век”. І зрабіў яе на зязюлю. І яна лятае і куе, будта бы так. Де кукушка куе, да і гаварать: о тая кукушка была девушкай;

в). Удод жэ быў цар птіц. За арла быў старшый. Тады ён захатеў богам быть. А бог сказаў: Будь ты смердючым удодам і ляті і крычы: Худа тут! І яму і поэзвішчэ такэе далі: смэрдючый удод;

г). ...Дзявал дабыў пяску са дна мора, а Гасподзь з гэтага пяску прасцёр зямлю роўна-шырако, як кляновы ліст.
2. Ці памятаюць вашы людзі аб падзеях вельмі далёкага мінулага (напрыклад, аб старых князях, панах, разбойніках, асілках, волатах, веліканах, аб тым, як з’явіліся на гэтай зямлі беларусы, палешукі, ліцьвякі, хто заснаваў вашу вёску, аб татарах, шведах, французах і іншых народах)?

Узоры запісаў:

а). Тут у нас называють адных швэдамы – это, значыть, було так... Одын ужэ ныжэнатый кавалер пойіхав в розведку... І бачыт вун: йідэ швэд... Этой швэд раздзіваецца. А там колодяз був возле выкопалы... І відіт вун, шо ны мужчына, алэ жэншчына, баба... Вун думае: стой! Я тэпэр жэ з тэбэ ны буду боятысь. То ж баба! Вун, значыть, злазіт і за тое орудые ўжэ... І она по-русеі ёму заговоріла. Говоріть: “Слушай, не убівай меня. Еслі, – говоріть,– не жэнат, то буду вэрна жэна, а еслі жэнат, буду слуга но нэ убівай.” І вун этого коня забрав і ей і повів туды в свуй лагерь...;

б). Ну, это ж шоў турок. Да ўбіваў людей. Моцно. Ну, у нас трі семьі осталося да вуховаліся...
3. Што ў вас расказваюць пра тое, чаму так называецца ваша вёска або суседняя? Як і чаму называецца возера, рэчка, балота, урочышча, курган, гара, луг, лес ?

Узор запісу:

Калісьці на месцы нашай вёскі, ды не толькі нашай, але і многіх навакольных таксама, было мора... Плавалі на ім караблі – драўляныя, вялізныя, на два ды на тры паверхі... Хто ж яго ведае, ад чаго так здарылася, але калі нейкі небарака і выпадаў часам з чоўна ці таго ж самага карабля, то яго выносіла на бераг нейкая невядомая сіла...

А потым і мора тое прапала. Здарылася гэта так. Ішла Божая Маці і несла дзіця-немаўля, а тут хваля як шухнула – і панесла яго. Так і не выратавалася дзіця. Дык Божая Маці пракляла мора і сказала, каб яно балотам, парослым імхамі стала. Так і здарылася. Пазней сталі вёскі будаваць. Нашу паставілі якраз за тым балотам – імхом, дык і назва да яе адпаведная прыліпла – Замошша.
4. Ці ведаеце вы расказы пра тое, як Бог, Божая Маці, святыя хадзілі па зямлі, каралі злых, сквапных нядобразычлівых людзей і ўзнагародзілі добрых, пра вялікіх грэшнікаў або святых пакутнікаў, пра мясцовых прападобных і іх цуды, пра святыя прошчы і звязаныя з імі цуды, пра цудоўныя абразы, іх з’яўленне, пра абразы, якія плачуць, сыходзяць крывёю і г. д.?

  • Ці расказваюць у вас пра цэрквы і касцёлы, якія чамусьці праваліліся пад зямлю, і звязаныя з імі падзеі, цуды, здарэнні?

  • Што бывае з чалавекам, які звязаўся з нячыстай сілай, прадаў душу чорту, д’яблу? Ці расказваюць у вас пра такія выпадкі?

  • Як ставіцца да жанчын, якія не ў свой час прадуць, Параскева Пятніца?

  • Ці знаёмы вам выпадкі цудоўнага выздараўлення і выратавання людзей, якія шчыра верылі ў Госпада Бога, Ісуса Хрыста, Прачыстую і святых?

5. Ці ведаеце вы жудасныя або смешныя гісторыі аб сустрэчах людзей з рознымі нячысцікамі, нябожчыкамі, ведзьмамі, ваўкалакамі, аб выпадках, якія адбываліся ў заклятых месцах, каля цудадзейных крыніц, камянёў, дрэў? аб дапамозе розных духаў чалавеку?

Узоры запісаў:

а). Вот, хто на русальнай нядзеле ўмірае з дзяўчат маладых, тыя і становяцца русалкамі.

Калісь я пашла з маткай на поле, ішлі па жыту, тут яна схваціла за руку, кажа: “Стой! Ціха!” А жыта каласкі падскакуюць і віск на поле. Тады я і ўбачыла іх.

Яны як абыкнавенныя людзі. Дзеўкі ў белых сарочках, з чорнымі, белымі касамі. Я тады спужалася, добра, што яны нас не ўбачылі. Калі яны спаймаюць чалавека, то счакочуць, пакуль ён не памрэ;

б). Умэр чоловік і ходыв до дому. Жонка его взяла ботню, дэ одэжда ляжала. Ботню поставіла кай порога і одэжу чэрэз порог пэрэкладае в ночы. Вун ідэ і спрашывае: “Шо ты робіш?” Вона кажэ: “Убране шукаю.” – “А нашто тобі то убране?” Вона кажэ: “На вэсілле пойду.” – “Куда жэ ты пойдэш на вэсілле?” – “Брат с сэстрою жэніцца.” Вун кажэ: “Нігдэ на світы нэ мае, коб брат с сэстрою жэнівся.” Вона одказывае: “Нігдэ нэ можэ буты, коб умэр да ходыв.” Вун до кажэ: “Вот догадалася.” Ушов і больш нэ прыходыв;

в). Вывэв чоловік на пашу конэй, бачыть, а ходыть баба да вэніком росу збывае, а мужык той лейцамы по росе: “Шо бабэ, то мнэ!” Прышов домой да повесів лейцы, а з іх – молоко тэчэ... пошов к той бабе, шоб менш було;

г). Як красуе жыто, то ходыть росавко, а хто бачыв? Кажуть люды, як умрэ запэта дэвко, то вона росавкою ходыть, а мо то нэправда.Одна баба козала: “Уй, а всэ на свэтэ ест!”А дэ выэто бачэлэ, шоб умэршэ гулялэ? Жэнчына козала, што в яе дочкі утопывся хлопчык. Пошлы мужчыны ему копаты, то стоіць кавалэр, ля емы. То козалэ, шо той хлопчэк. Мужчыны покідалы всэ...;

д). ...Ноччы ў вёсцы пачала крычаць адна жанчына. Калі збеглася ўся вёска, яна расказала, што да яе прыходзіў вупыр і хацеў выпіць яе кроў, але яна па парадзе яшчэ сваёй бабулі трымала ў хаце асінавае бервяно. Тым бервяном яна яго і стукнула, а той нема завыў і знік...;

е). У маёй жа сястры, у цёткі Мані, жыў дамавік. Які то дамавік, кот як кот. А яна ж кажа, што то дамавік. Якісьць, казала яна, пайшоў паморак па дзярэўні. Да кожнай хаты прыбіўся, а да яе не завітаў, бо дамавік не пушчаў...
6. Ці памятаюць у вашай сям’і пра жыццё продкаў да трэцяга-чацвёртага калена? Напрыклад, пра тое, якімі яны былі, што з імі здаралася, куды яны ездзілі на заробкі, у якія краіны і гарады, пра ўдзел у розных войнах і розныя жыццёвыя выпадкі.

  • Як жылося людзям «пры Польшчы», «пры Расіі», пры савецкай уладзе?

  • Што расказвалі пра першы дзень Вялікай Айчыннай вайны, паводзіны немцаў і партызан, апошні дзень вайны, вяртанне з вайны, пасляваенныя гады?

  • Якія цяжкасці былі ў вашым асабістым жыцці, цікавыя ці незвычайныя здарэнні?

  • Што вы думаеце пра будучае? Якім яно будзе для нашай краіны, вашых дзяцей, унукаў?

  • Што можа здарыцца дрэннага? У якой ступені будучае залежыць ад Бога і ад людзей?

1.7. СМЕХАВАЯ ПРОЗА

Гэты раздзел фальклорнай прозы вельмі слаба прадстаўлены ў нашым архіве, таму на яго трэба звярнуць асаблівую ўвагу.

Жанры смехавай прозы скіраваны на тое, каб выклікаць у слухача ўсмешку. Да іх ліку адносяцца небыліцы, анекдатычныя казкі, анекдоты, жарты, досціпы (гумарэскі).

У дадзеным выпадку наша задача будзе палягаць у тым, каб адшукаць і запісаць беларускія анекдоты, якія ў сваёй тэматыцы і стылістыцы маюць нацыянальныя рысы, расказваюцца па-беларуску, лічацца сваімі. Даследчыкі фальклору слушна падкрэслівалі, што ў анекдотах своеасаблівасць нацыянальнага і мясцовага матэрыялу праяўляецца значна вастрэй, чым, напрыклад, у казках. Нярэдка на адзін і той жа сюжэт бытуюць уласна анекдоты і анекдатычныя казкі. Як іх адрозніваць? Практычна па колькасці эпізодаў. Анекдот – гэта часцей за ўсё аднаэпізоднае апавяданне пра смешную падзею, сітуацыю, рысу характару чалавека ці ўчынак, якое мае неспадзяваную камічную развязку. Анекдатычныя казкі звычайна не абмяжоўваюцца адным эпізодам, імкнуцца да разгорнутасці, сюжэтнасці, «абрастання» трапнымі мастацкімі дэталямі.

Некаторыя беларускія вёскі, як і балгарскі г. Габрава, славіліся сваімі анекдотамі. Гомельская вёска Маркавічы, напрыклад, карысталася ў беларусаў тою ж славай, як Пашахонне ў рускіх. У 30-я гады ХХ стагоддзя фалькларысты запісалі анекдоты аб хваенцах (в. Хвойня Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці), якія нібыта цягнулі вяроўкай вала на дуб, каб прымерыць кульбаку, усцягвалі на страху карову паесці зялёнае жыта, якое парасло з нявымалачанай саломы, і інш.

Жарты і гумарэскі амаль не адрозніваюцца ад анекдотаў. Аснова жарту – смешнае здарэнне, дасціпная насмешка над паасобнымі рысамі і якасцямі людзей, яго найбольш папулярная форма – дыялог з нечаканай завяршальнай фразай. У адрозненне ад анекдота ў гумарэсцы можа адсутнічаць нечаканая камічная развязка. Гумарэска характарызуецца незласлівасцю і добразычлівасцю насмешкі з прыватных з’яў.

Трэба сказаць, што і прафесійныя фалькларысты з цяжкасцю адрозніваюць жарты і гумарэскі ад анекдотаў, таму ў выданнях змяшчаюць іх пад агульнай назвай «Жарты, анекдоты, гумарэскі», а ў каментарыях не пазначаюць жанравую прыналежнасць таго ці іншага твора.


Апытальнік для збору смехавай прозы
1. Ці ведаеце вы такія смешныя расказы, дзе ўсё парушана, адбываецца навыварат? Вось як у гэтым: «Наняўся я ў аднаго гаспадара пчол пáсціць, – пяцьдзесят раёў пчол. Кожны дзень трэба было іх сашчытаць і выпусціць за пажыўнасцю. Вернуцца – трэба пералічыць іх, выдаіць і ў вуллі пазаганяць... »

2. Ці ведаеце вы розныя смешныя кароткія гісторыі пра:



  • паноў, папоў, ксяндзоў, аканомаў, войтаў, наглядчыкаў і г. д., пра іх махлярствы і любоўныя пахаджэнні;

  • пра кемлівых мужыкоў;

  • пра хітрых і разумных жонак;

  • пра кемлівых салдат, жабракоў, зладзеяў;

  • пра ашуканага мужыка;

  • пра цыганоў, яўрэяў, ліцьвінаў, палешукоў, мазураў, ляхаў, маскалёў, хахлоў, немцаў, жыхароў пэўнай мясцовасці, мястэчка, вёскі, членаў сям’і з пэўным прозвішчам, мянушкай і г. д.

  • пра мужыка і жонку, пра бацькоў і дзяцей;

  • пра дурняў, хітруноў, п’яніц, гультаёў, абжор, жулікаў і г. д.?

Узоры запісаў:

а). Поп, едучы ў дарогу, схаваў пад сядзенне перакуску, што пападдзя яму падрыхтавала. Мужык, які вёз папа, намацаў яе ды з’еў. У дарозе, захацеўшы перакусіць, поп падняў сядзенне, але нічога там не знайшоў.

Ох, Цімох, Цімох, я гэтага не люблю, – сказаў ён з дакорам мужыку.

Я ж ведаў, бацюшка, што не любіце, таму сам і з’еў, – адказаў кемлівы мужык;

б). Поп: Скажы, Данілка, хто на свеце самы весялейшы?

Данілка: Вы, бацюшка!

Поп: Чаму ж гэта я?

Данілка: Таму што калі мая мая памёрла, дык усе плакалі, а вы спявалі;

в). Аднае нядзелі пазбіраліся палешукі і няма ім з чаго які смех зрабіць, так узялі ката, прывязалі да яго гарошыну дый запалілі. Кот як ні пойдзе, крычачы, паміж гумен, тут неяксь страха загарэлася, дый ляснула ўся вёска, як свечка. От як палешукі ўмеюць смех зрабіць!;

г). – Не, – кажа цыган дзецям сваім, лежачы ў цяньку, – я пайду на кірмаш, куплю кабылу. Кабыла прывядзе нам жарэбчыка...

А я буду ездзіць на ім! – крычыць цыганоў сын.



Цыган плясь яму па мордзе!

А заездзіш?!;



д). Крычыць Кастусь з печы:

А ну, падай, жонка, пірог!

Да ты хоць вочы прадзяры!

Дык рукі ж заняты: якраз чарку наліваю!


1.8. МАГІЧНАЯ ПРОЗА

Магічная проза – гэта вобласць фальклору, у якой няма жанраў як такіх. Яна звязана з магічнай практыкай бытавога характару і грунтуецца на ўяўленнях, быццам выкананне пэўных дзеянняў, норм паводзінаў або, наадварот, іх пазбяганне дапамогуць засцерагчыся ад магчымай небяспекі, ліквідаваць негатыўныя наступствы, паспрыяць надыходу жаданага. Класіфікаваць магічную прозу можна розным чынам. Напрыклад, па функцыі магіі (засцерагальная, ахоўная, прадуцыравальная і г. д.), па тэматыцы прадметаў, якія выкарыстоўваліся ў магічных мэтах (хлеб, посуд, ткацкія вырабы, пража, адзенне, травы і г. д.). Мы будзем зыходзіць з таго, каго ці што імкнуліся засцерагчы, каму ці чаму магла пагражаць небяспека, г. зн. той сістэмы каштоўнасцей, якая была для соцыума галоўнай. У традыцыйным грамадстве яе аснову складалі чалавек, яго маёмасць, свойская жывёла, ураджай, прычым чалавек успрымаўся з боку яго стану, статуса, становішча (здаровы/хворы, нованароджаны, нявеста, парадзіха, жняя, жанчына/мужчына, падарожны і г. д.). Пры вербалізацыі ўяўленняў магічная проза набывае форму парад, патрабаванняў, тлумачэнняў, перасцярог, забарон, рэгламентацый, якія актуалізуюцца ў працэсе бытавой камунікацыі, выключанай з поля зроку збіральнікаў.

Каб запісаць магічную прозу, збіральнік з дапамогай пытанняў стварае штучную сітуацыю, у якой ён становіцца адрасатам, атрымальнікам звестак. Мы разумеем, што адказы на пытанні – гэта ўласна не сама магічная проза, бо яна не паддаецца назіранню збоку, а толькі магчымы карэлят, які дае ўяўленне аб яе змесце і форме. У адказах фігуруюць розныя абярэгі, якія, на думку інфармантаў, дапамагаюць пазбегнуць няшчасцяў, перамагчы іх, пазначаюцца забароны, якіх трэба пільнавацца, каб не здарылася дрэннага, агучваюцца нормы правільных паводзінаў, якія спрыяюць надыходу пажаданых вынікаў і да т. п.

Магічная проза звязана таксама з каляндарнымі святамі і сямейнымі абрадамі. Расказаць, напрыклад, што падчас першых зімовых гулянак маладая пара выходзіла з хаты праз разасланы кажух поўсцю ўверх, каб абясшкодзіць сябе ад нечаканай бяды; «аладак на Масленіцу пяклі столькі, колькі ў двары жывёлы, каб каровы, авечкі, коні былі здаровыя», «на Тройцу хадзілі ў лес, ламалі май. Упрыгожвалі ім хату, вароты, брамку, веснічкі. Казалі: «Будзе хадзіць ведзьма, дык каб у каровы малако не адабрала», «на граной нядзелі забаранялася ўсякая работа, каб худоба не нарадзілася калекай».

Апытальнік уключае вузлавыя пытанні і разлічаны на творчае выкарыстанне, у чым памогуць нашы парады і ўзоры запісаў.
Апытальнік для збору магічнай прозы
1. Ці ведаеце вы, як можна засцерагчыся ад нячысцікаў, сурокаў, чараў, ваўкоў і г. д.?

Парада
Пры размове з інфармантам абавязкова канкрэтызуйце пытанне. Напрыклад, спытайце, як засцерагацца ад чорта, ведзьмы, вупыра, ваўкоў і да т. п. Гл. даведку па складу ніжэйшай міфалогіі.
Узор запісу:

Як зобачыш одного воўка, то кажы: «Воўк, воўк, гдэ ты буў, як Суса Хрыста распыналы?» І як два воўка, то скажы так: «Воўкы, воўкы, дэ вы былі тогді як Суса Хрыста на роспятые бралы?» І воўк не ўкусыть, у ёго зубы замыкаюцца.
2. Што забаранялася рабіць цяжарнай жанчыне і чаму?

Узор запісу:

Штоб у хвартух не брала ні круп ніякіх, ні хлеба, штоб с хвартуха не ела, бо, кажуць, дзіця будзе ў каждаго прасіць. Як бере с калодзезя воду, дак нельзя атліваць – дзіцяці так сліна будзе ісці.
3. Што рабілі, каб роды былі лёгкія?

Узор запісу:

Як жанчына ў полазе, ёй кладуць на пасцель нож і суровыя ніткі, каб яна пры родах доўга не мучылася.
4. Як адратаваць дзіця ад начніц, крыксаў, пярэпалаху, сурокаў і г. д.?

Узор запісу:

Трэба прынесці ў новум вядры з трох калодзесяў ці з-пад млына ваду, паставіць пад калыскаю і кінуць у тую ваду нож, іголку і тры вугалькі. Калі маці гэта зробіць, хутка і бы ненарокам, так што ніхто не прыкмеціць, то дзіця адразу засне і начніцы мінуцца.
5. Што рабілі, каб пазбавіцца ад усялякай хваробы?

Вам могуць адказаць, што, напрыклад, мыліся ў Чысты чацвер да ўзыходу сонца, вылівалі ваду пасля мыцця хворага на ростанях, пралазілі праз дупло, прасоўвалі кашулю хворага праз пракоп у зямлі і да т. п. Гэта, так бы мовіць, універсальныя прыёмы.



Узор запісу:

Як боліе вэльмі, возьмы волос з больного, с потылыцы, да нэсы ў дванаццаць часоў на крыжову дарогу да закопай ў зэмлю і кажы: «Кладу косы в сырую, холодную, німую, глухую зэмлю, коб вон одубеў, онэмеў, охолоў».
6. Што рабілі і казалі, каб пазбавіцца ад канкрэтных хвароб і насланняў?

У гэтым выпадку трэба добра ведаць народную медыцынскую тэрміналогію, якая ўключае пазначэнні агульнавядомых хвароб (крывацёк, удар, скула, зубны боль і г. д.) і такіх, якія цяжка суаднесці з пералікам хвароб з прафесійнай медыцыны (падвей, прыстрэк, стаццё, сцень і г. д.). Заўсёды ўдакладняйце пытанне, тым самым вы актывізуеце памяць інфармантаў. У гэтым вам дапаможа даведка, якая ўключае пералік хвароб, ад якіх імкнуцца пазбавіцца, выкарыстоўваючы розныя магічныя дзеянні і заклінанні.



Даведка
Бародаўка, крывацёк, ціск, звіх, выбой, удар, падвярот, зубны боль, зубішча, цемяннік, скула, рожа, залатуха, вогнік, астуда, жар, лішай («кругі»), валасень, грыжа («грызь»), залатнік («роды, выкідыш, маціца»), болі ў жываце, доннік, каўтун (каўтуніца), бяльмо, ячмень, хвароба вачэй, ліхаманка, хінцюха (хінця, цётка, варагуша, трасца), урокі (зглаз, прыгавор, суроцы, стацце), нарадка, падучая, чорная хвароба, нязбытнік, падзіў, прыдзіў, прымаўка, прыстрэк, нагавор, сцень, падвей, ляк, спужанне, спуг, пярэпалах, упуд, зляк, начніцы, крыксы, плаксы, дзяцінец, радзімец, патайнік, сухоты, сухотнік, бязбытнік, боль (у розных месцах), нервы, раны, абвар, абжог, гарачка, кашаль, чума, касцяная балячка, колька, патніца, запор, ікаўка, пякота, туга, смутак, гора, нуда, запой, перапой, п’янства.
Узоры запісаў:

а). Ну, бувае чорная болезь. І гавораць, шо праходзіть так. Узять накрыть, як не бачыў ніколі шчэ, шоб брало каго горе таке, узяць накрыть яо платком чорным і сесті, на бального сесті (голым задам) на голову і сказать: «Зеленое да рутачка жолтенькі цвет, было горачка, а сечас нет». Трі разы сказать»;

б). З пэрэпугу волосы звіваюцца ў коўтун, у кучу, як шапка. У Чыстый чэтвер мэюцца да сходу сонца, коўтунчыкы одбывають камэньем, у новый платок звязывають і на бэгучую воду, дэ вода бэжыть, упускають тые коўтуны;

в). Помілом (печным) зміталі: по рукі звоныш – бородівкі пропалі. Або той пэсок трэба потэрты, дэ кура купаецця;

г). Каб сурокі зняць, то бяруць тры вугля, каб з бярозы толькі, кладуць у ваду і шэпчуць: «Вазьмі, чорны вугалю, з раба божага ўсё плахое і злое. Адкуль, чарната, прыйшла, туда і ідзі». Тры разы шэпчуць, а ваду тую нагавораную бяруць ды мыюць таго, каго сурочылі, а астаткі выліваюць, штоб сурокі туды і пайшлі, не вярнуліся назад.
7. Як засцерагчы свойскую жывёлу і птушку ад нячыстай сілы, сурокаў, нападу драпежнікаў? Што рабілі, каб карова давала многа малака?

Узоры запісаў:

а). Хвост у каровы абразалі, каб не браў урок;

б). Ніты замукалі на варацях – эта ад звера;

в). Каб каню не шкодзілі ўрокі, то трэба кусочак жычкі (чырвонай тасёмкі) уплесці ў грыво альбо прышыць да ўздэчкі;

г). Воўк пойдзе з пэўнай мясцовасці, калі абнесці вакол яе і ўтыркнуць на шост галаву зарэзанага ім сабакі;

д). На вербну нядзелю ў цэркаў ідзём, вербу свецім. Этай вербай кароў первы раз паганяем. С хлебам кароў вуганяюць. Кажу: «Не будзь урочна, а будзь малочна».
8. З якой мэтай, калі і які хлеб давалі карове? Што рабілі, каб карова (кабыла) «пагуляла”?

9. Што рабілі падчас пошасці (паморку) жывёлы? Ці практыкавалі ў вас абворванне вёскі? Як гэта адбывалася? Ці ткалі спецыяльнае палатно (обрэсканне, завеса, аброк, абыдзеннік і г. д.) і што з ім рабілі, каб спыніць паморак жывёлы?



10. Што рабілі пры ворыве, сяўбе, жніве, каб быў добры ўраджай? Напрыклад, бралі з сабой хлеб, кашу, яйка, закопвалі ў баразну велікоднае мяса, косткі, клалі ў насенне яйка, даручалі засяваць чалавеку з вялікай барадою, засявалі зернем з дажынкавага снапа, вянка, пакідалі ў полі «бараду» («казу», «перапяліцу», «дажынкі», «кветку») і г. д. А ў іншыя дні і святы?

Узоры запісаў:

а). Як ідём жыто зажынать, наварым жыто в малом горшчыку і спорняком (трава) абвяжом его і бером с собою его на жніво. Нажнём, сноп не вяжэм, седаем ету кашу йісты з жыта. Ету кашу возьмем по трі раза в рот, а востальную з горшыка возьмем, выкідаём в сноп, і етот спорняк з горшыка снімаем і ў снуп кладём, да скажым: «А теперь дай нам божэ эту ніву даганіть да на будушчій год на этом месце доброго стога поставіть большого, і жыто штоб було ядренее, а нам штоб буг даў, штоб нам хліба свого хватало от нового до нового»;

б). У нас на Петра колыханкі на вероўкі завязвалі і дзеці колыхалісь, шчоб лён велікі рос і коноплі... Да оны э ешчэ спевалі такую песенку:

Гу-та-та, гу-та-та,

Крышка хлеба на Петра...
11. Што рабілі, каб падчас працы на полі не балелі паясніца, спіна, рукі?

Узор запісу:

Як ідзём колісь жыто зажынать, то рвом этот спорняк (траву) і обв’язываем серп коло ручкі і на ручкі трохі, коб спурно было жать. І за пояс затыкаем, штоб не так поясніца болела. Голінку з дуба выломіло, затыкнём за пояс, штоб спіна не болела, штоб была спіна, як дуб, мочна.
12. Як засцерагчы ўраджай і ў агародзе ад буры, граду, засухі, нячыстай сілы, мышэй і птушак? Як выклікаць дождж?

Узоры запісаў:

а). Браць перву копу ржы, выежджаеш на поле со снопамі, і первый камэнь, который ў колесо стукнэ, взять его і прывезты в клуню, у сторону, куда класть рож (ад мышэй);

б). Як даждю нема доўго, дак у тры калодзезі мак сыплюць, дак ужэ дождж пуйдзе;

в). Шэ я помытаю от шчо. Оно ны знаю, чы гэто ад дожчу, чы од болезні якэйі. Я роспытаю одну старэньку бабу, то я вам ніколы раскажу. Ткалы кросна. За ныч выткалы гыбу на ручныкы. За ныч ўсё і спрэлэ, й основалэ, й выткалэ, й на ручныкэ порізалэ. Стоев крыж, на той крыж вішалэ.
13. Як засцерагчы хату і маёмасць ад пажару, навальніцы, маланкі, паводкі, нячыстай сілы, зладзеяў, прусакоў, блох, мух і г. д.?

Узоры запісаў:

а). А як дождж вэлікі быў – лопату вынесуць і пастаўляць под окно, як грымецьмэ, коб ня здубіло хату, к хмары той стороною, шчо садзіш хлеб.

б). Каб пярун не ўдарыў у будынкі, то найлепш дзе на страху борану завалачы, каб бусел гняздо залажыў

в). Хочэш с хаты тараканы вывесці, зав’яжы ныточкою за ногу і через дарогу тягай і вэсілля спевай:

Вэзу батэньку богатую,

Жэнэмо коні вороныйі...

Вороныйі коні на стаеньку,

Половыйі волы до оборы...
Увага! Калі ў склад аповеду ўваходзяць заклінанні, праклёны, адсыланні, замовы ці, як у папярэднім прыкладзе, песні, іх таксама трэба старанна запісаць.
2. Рытуальна-магічная сфера

2.1. ЗАМОВЫ

У сферы рытуальна-магічнага замовы стаяць паасобку. Асаблівы статус ім надае той факт, што ў тандэме «дзеянне – слова» менавіта апошняе выконвае ў замовах вядучую ролю. Трэба мець на ўвазе, што зафіксаваць замовы даволі цяжка. Справа ў тым, што бытаванне твораў гэтага віду мае спецыфічны характар: лічыцца, што носьбітамі замоў з’яўляліся «прафесіяналы», якія па розных прычынах трымалі ў тайне сакрэты свайго занятку.
Увага! У кожным населеным пункце ёсць свая «бабка», але верагоднасць таго, што яна можа адмовіцца адказваць на пытанні, даволі высокая. Вашы намаганні прынясуць плён толькі тады, калі вы здолееце ўсталяваць добрыя ўзаемаадносіны з інфармантам. Напрыклад, вопытны фалькларыст ніколі не распачне размову пра замовы ў пачатку свайго знаёмства з выканаўцам; калі ж час настане, трэба пачынаць з пытанняў пра замовы супраць хвароб ці гаспадарчых (напрыклад, паскардзіцца на дрэннае самаадчуванне), і толькі ў апошнюю чаргу распытваць пра любоўныя.

Даведка
Памятайце, што замовы прынята падзяляць на наступныя асноўныя групы: 1) замовы, звязаныя з гаспадарчай дзейнасцю чалавека (паляванне, рыбацтва, пчалярства, збор грыбоў, ягад, захаванне жывёлы, ураджаю); 2) замовы супраць хвароб (ліхаманка, зубны боль, пярэпалох, грыжа, сурокі, укус змяі, крывацячэнне, інш.); 3) замовы, звязаныя з сямейнымі адносінамі і прыватным бытам (засцярогі ад напасці, смерці, злога духа, нячыстай сілы, нагавору ў час вяселля, нараджэння дзіцяці, і г. д.); 4) замовы любоўнага прызначэння («прысушкі» і «адсушкі»); 5) замовы, звязаныя з грамадскімі адносінамі (супраць князёў, баяр, памешчыкаў, цароў, няправедных суддзяў, а таксама супраць вайны, супраць кулі на вайне і інш.).
Апытальнік для збору замоў
1. Як у вашай мясцовасці называюць замовы (загаворы, шэпты, нагаворы, словы)?

2. Ці ёсць у вас людзі, што ўмеюць замаўляць? Як іх называюць (знахар, шаптун, чарадзей, вядзьмак, бабка)? Ці вядома, каму і якім шляхам яны перадавалі свае веды?

3. Ці захаваліся да цяперашняга часу замовы традыцыйныя (кананічныя), з устойлівай формулай і ўсвядомленымі адносінамі выканаўцы да твора?

Узор запісу: «Ва імя Айца і Сына, і Святага Духа. Стану я, раб божы (імя), благаслаўлясь, пайду, перахрышчась, з хаты ў чыста поле. У чыстым полі стаіць хата, у хаце з вугла ў вугал ляжыць даска, а на дошке ляжыць таска. Я той дошке, раб божы (імя), памалюся, пакланюся: о, гэта таска, не хадзі ка мне, рабу божаму (імя); хадзі, таска, навалісь, таска, на красну дзеву, у ясныя вочы, у чорныя бровы, у рэцівае сэрца, распалі ў ёй, рабы Божай (імя) рэцівае сэрца, кроў гарачую па мне, рабу божаму (імя), не магла бы ні жыць, ні быць. Уся мая крэпасць. Амінь, амінь, амінь».
4. Якімі словамі звычайна пачыналіся замовы?

Узор запісу: «Першым (другім, трэцім) разам, добрым часам», «Благаславі, святая Марыя», «Зоры-зараніцы, красныя дзявіцы».


Каталог: documents -> %D0%9B%D0%B0%D0%B1%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%8F%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%BA%D0%B0%D0%B3%D0%B0%20%D1%84%D0%B0%D0%BB%D1%8C%D0%BA%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83
documents -> В. П. Рагойша беларускае вершаванне
documents -> Пратакол №1 ускрыцця канвертаў з заяўкамі на ўдзел у двухэтапным конкурсе на права заключэння дамовы на выкананне навукова-даследчай працы для афіцыйнага выкарыстання Еўразійскай эканамічнай камісіяй
documents -> Праверкі алімпіядных работ па беларускай мове і літаратуры, 6 клас
documents -> Класіка І сучаснасць украінская літаратура І ўкраінска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі
documents -> Праверкі алімпіядных работ па беларускай мове і літаратуры,7 клас
documents -> Літаратуразнаўства як навука. Эстэтыка літаратуры. Паэтыка
%D0%9B%D0%B0%D0%B1%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%8F%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%BA%D0%B0%D0%B3%D0%B0%20%D1%84%D0%B0%D0%BB%D1%8C%D0%BA%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83 -> Метадычныя ўказанні і ілюстрацыйны матэрыял
%D0%9B%D0%B0%D0%B1%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%8F%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%BA%D0%B0%D0%B3%D0%B0%20%D1%84%D0%B0%D0%BB%D1%8C%D0%BA%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83 -> Фальклорная практыка
%D0%9B%D0%B0%D0%B1%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%8F%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%BA%D0%B0%D0%B3%D0%B0%20%D1%84%D0%B0%D0%BB%D1%8C%D0%BA%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83 -> Метадычныя ўказанні і ілюстрацыйны матэрыял


Поделитесь с Вашими друзьями:
1   2   3   4   5   6   7   8   9




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал