Ірына Іванова
Вожыкі
Аднойчы сонечным летнім ранкам сям’я вожыкаў пайшла на прагулку. Праходзячы па лесе, самы маленькі вожык убачыў матылька, які сядзеў на травінцы. “Хто гэта такі? Я такіх яшчэ ніколі не бачыў”, - падумаў вожык і спыніўся. Матылёк быў чырвонага колеру, а на крыльцах – маленькія чорныя кропачкі. Незвычайная для вожыка істота раптам узмахнула крыльцамі і паляцела. Вожык яшчэ больш здзівіўся і, не задумваючыся, паспяшаўся за матыльком. Канечне ж, вожык не мог паспець за матыльком і хуткім часе ўжо не бачыў яго. Спыніўшыся, вожык агледзеўся вакол і спужаўся: нікога з яго родных няма.
А тым часам астатнія вожыкі заўважылі, што самага маленькага члена сям’і няма. Пачаліся пошукі. Сонца ўжо пачало хавацца за высокія дрэвы. У лесе стала цямнець, аднак маленькага вожыка нідзе не было. І раптам здарыўся цуд. Прапажа знайшлася. Стомлены вожык спакойна спаў пад елачкай. Ён нават не пачуў, як да яго падышлі бацька з маці. Яны не сталі будзіць яго. Бацька ўзяў сына на дужыя плечы і панёс дадому.
Пасля гэтага здарэння вожык ні на крок не адставаў ад сваёй дружнай сямейкі.
Поделитесь с Вашими друзьями: |