К. Л. Хазанава (Гомель) стылістычныя адметнасці загадак



Дата канвертавання15.05.2016
Памер61.65 Kb.
К. Л. Хазанава (Гомель)
СТЫЛІСТЫЧНЫЯ АДМЕТНАСЦІ ЗАГАДАК

СА СТРУКТУРАЙ НЯПОЎНЫХ І ЭЛІПТЫЧНЫХ СКАЗАЎ


Беларускія загадкі ўяўляюць сабой невычэрпнае багацце. Вялікую цікавасць маюць беларускія загадкі для лінгвістычнага даследавання. Зварот да даследавання сінтаксічнай структуры адзінак гэтага жанру вуснай народнай творчасці беларусаў паказвае, што сярод беларускіх загадак можна знайсці прыклад сінтаксічнай канструкцыі любога тыпу.

У беларускім загадкавым багацці ёсць сказы, у якіх адсутны член не ўзнаўляецца з кантэксту (або з адгадкі) і не падказваецца сітуацыяй. У мовазнаўстве сказы такога тыпу атрымалі назву эліптычных [1, с. 248]. Такі тып сказаў з’яўляецца пераходным ад няпоўных двухсастаўных да поўных. Адсутны выказнік у гэтым сказе не з’яўляецца неабходным для перадачы паведамлення: Пад адным брыльком семсот казакоў (мак) [2, с. 313].

Ад намінатыўных сказаў эліптычныя адрозніваюцца наяўнасцю даданых членаў – падпарадкавальных словаформаў, якія ўказваюць на залежнасць іх ад адсутнага дзеяслова-выказніка.

На думку даследчыкаў, эліптычныя сказы – “не столькі вынік эканоміі моўных сродкаў, колькі вынік расшырэння камунікатыўных магчымасцей мовы” [1, с. 248]. Асабліва гэта слушна ў адносінах да загадак: Чатыры дзяды назад бародамі (капыты) [2, с. 316]; Ва ўсіх дзетак адзенне з манетак (рыба) [2, с. 316].

У граматыка-сінтаксічным плане эліптычныя загадкі займаюць прамежкавае становішча паміж няпоўнымі і намінатыўнымі сказамі. Даданыя члены сказа яшчэ захоўваюць залежнасць ад дзеяслова, якая відавочна ўсведамляецца толькі гістарычна. Разам з тым, у эліптычных сказах субстантыўны ўплыў даволі моцны і часам выцясняе дзеяслоўны, што можа наблізіць эліптычныя сказы да намінатыўных з недапасаваным азначэннем: З-за куста цыпуля, за нагу шчыпуля (змяя) [3, с. 175]; У адной яме сем ям з ямай; На адной яме сто ям (напарстак) [3, с. 226].

Загадкі, што маюць сінтаксічную будову эліптычных сказаў, складаюцца з дзейніка, які можа мець дапасаваныя або недапасаваныя азначэнні, і даданага члена – акалічнасці месца, здольнай спалучацца з дзеясловамі быцця, наяўнасці, руху, дзеяння: Сярод хаты вярбовы корчык (калыска) [3, с. 281]; З акна ў акно – залатое верацяно (прамень сонца) [заг, с. 26]; У адной дзежцы два хлебцы; У адной лыжцы двайное цеста; У беленькай бочцы два розныя півы (яйцо) [3, с. 150]; У маёй свінкі тры спінкі (грэчка) [3, с. 87].

Як відаць з прыкладаў, даданая акалічнасць у эліптычных загадках часткова выконвае функцыю выказніка, бо мае ўказанне на факт дзеяння, але захоўвае і акалічнаснае значэнне. У структуры загадак-эліптычных сказаў выразна праяўляецца двухчленнасць, паколькі яны маюць паходжанне з двухсастаўных сказаў. На такую этымалогію ўказваюць розныя па структуры варыянты загадак. Многія эліптычныя загадкі маюць варыянтамі двухсастаўныя канструкцыі: Цераз мора каціны хвост плыве – Праз мора кашачы хвост (почапка) [3, с. 291]; За цёмным лесам а белы бярэзнічак – Пад нізенькім небам белы бярэзнічак расце (зубы ў роце) [3, с. 121]; У маленькім гаршчэчку кашыца смачная – У маленькім гаршчочку каша смашненькая на сонцы варылася (арэх) [3, с. 69].

Канструкцыя эліптычных сказаў даволі часта сустракаецца ў загадках. Цікава адзначыць, што ў некаторых беларуска-рускіх загадкавых паралелях менавіта беларуская загадка мае будову эліптычнага сказа, а рускі варыянт з’яўляецца двухсастаўным сказам: Каля ямы ўсе з кіямі (людзі з лыжкай каля міскі) [3, с. 245] – Над ямой, ямой сидят деды с киями [4, с. 171]; Каля луначкі ўсё вутачкі (міска з лжыкамі) [3, с. 246] – Около прорубки сидят сизые голубки [4, с. 171]. Дарэчы, двухсастаўныя варыянты апошняй загадкі маюцца і ў беларускім фальклоры: Каля ямы стаяць людзі з кіямі [3, с. 246]. Можна знайсці нават няпоўны дзеяслоўны сказ: Над галавамі сядзяць з булавамі [4, с. 247]. Аднак большасць варыянтаў эліптычныя сказы: Каля адной ямы ўсе з кіямі; Над адной ямай усе з кіямі; Каля ямы з булавамі; Кругом ямы дзеці з каламі; Кругамі старцы з кіямі; Кругом ямы з качаргамі; Сярод мора – калодзеж [3, с. 246].

Значная пашыранасць канструкцый эліптычных сказаў сярод беларускіх загадак абумоўлена іх стылістычнай перавагай перад дзеяслоўнымі. Эліптычныя сказы аддаляюцца ад канкрэтных дзеясловаў, але захоўваюць сувязь з імі, чым перадаецца і канцэнтруецца семантыка дзеясловаў у эліптычнымі сказе. Структура эліптычнага сказа сумяшчае ў сабе агульнае ўказанне на рух, знаходжанне, існаванне, наяўнасць з дакладным вызначэннем месца, напрамку, аб’екта. Гэта спалучанасць стварае экспрэсіўнасць і вобразнасць такіх загадкавых структур, што неабходна гэтаму фальклорнаму жанру. Дзеяслоў у эліптычным сказе не называецца, але яго семантыка вызначаецца з усяго сказа, чым нараджаецца лаканізм і схаваная энергія эліпсіву, які, у сваю чаргу, спрыяе дынамічнасці і экспрэсіі аповеду: На хляве два дубкі (рогі ў жывёлы) [3, с. 132]; Каля печы дзве бухавечы (пячуркі) [3, с. 257]; У добрага мужа сярод хаты лужа (чарпак); Сярод хаты кусок мяты (венік) [3, с. 294]; У майго браціка на сем сажон кішка (бацвінне, цяўнік) [3, с. 101]; У чэрапе смерць (стрэльба) [3, с. 214]; У нашай малодачкі чатыры калодачкі (стол) [3, с. 275].

Надзвычай пашыранымі сярод загадак са структурай простага сказа з’яўляюцца няпоўныя сказы. Няпоўнымі называюцца сказы “з незамешчанымі пазіцыямі членаў сказа, неабходнасць якіх абумоўлена інфарматыўнай семантыкай і сувяззю з тымі членамі сказа, якія ў ім ёсць” [1, с. 242]. Большасць загадак – няпоўных сказаў – гэта сказы, дзе адсутнічае дзейнік. Незамешчанасць дзейніка актуалізуе выказнік і ўзмацняе яго інфарматыўную значнасць: Па полі і лузе ходзіць у кажусе (авечка) [2, с. 316]; Без рук, без ног вышэй дзерава ідзе (пыл) [3, с. 31]; Без кораня, а расце; У полі без кораня расце (камень) [3, с. 31]; Без ног бяжыць; Бяжыць без пугі, без повада (вада) [3, с. 32].

Няпоўныя сказы, у адрозненне ад аднасастаўных сказаў, у адрыве ад кантэксту аказваюцца незразумелымі. У звычайным маўленні для паўнаты славеснага выражэння патрабуецца дзейнік або, прынамсі, указанне на выканальніка дзеяння ў папярэднім кантэксце. У мове загадак скалалася іншая сітуацыя. Асаблівасць кантэксту загадак у тым, што адсутны дзейнік няпоўнага сказа-загадкі – гэта і ёсць адгадка.

Незакончанасць думкі няпоўных сказаў-загадак з’яўляецца іх асаблівасцю. Камунікатыўна неабходным закончыць думку, зразумець сітуацыю – гэта і абазначае адгадаць загадку.

Загадкі-няпоўныя сказы можны лічыць кантэкстуальнымі, бо адсутныя члены сказа ўзнаўляюцца кантэкстам, семантычныя недастатковасць такіх загадак ліквідуецца адгадкай: Ляціць без крыл (вецер) [3, с. 40]; Без рук, без ног дзверы адчыняе (вецер) [3, с. 40]; Без сякеры, без кліна на рацэ мост зрабіў (мароз, лёд) [3, с. 47]; Без рук, без ноч, а цвяты рысуе (мароз) [3, с. 47].

Для загадак указанай сінтаксічнай разнавіднасці характэрнымі з’яўляюцца аднародныя выказнікі. Некалькі аднародных членаў закліканы больш дэталёва апісаць сітуацыю і дапамагчы адгадаць загадку: Усю зямлю прайшоў, чорну шапку знайшоў (грыб) [2, с. 313]; Не брэша, не кусае, а ў хату не пускае (замок) [2, с. 315]; Свеціць і грэе, весяліць і ззяе, усю зямлю ажыўляе (сонца) [3, с. 24]; Сядзіць, сядзіць на небе – і знікае (месяц) [3, с. 27]; Без кораня расце, белым цветам цвіце (снег) [3, с. 51].

Асаблівы каларыт загадкавай паэзіі надаюць няпоўныя сказы з адмоўем, якое будуецца на “выключэнні” прадметаў, падобных вонкавым абліччам, уласцівасцямі, функцыямі да таго, што трэба адгадаць: На вадзе ляжыць, да не тоне, па агню бяжыць, ды не гарыць (цень) [2, с. 316]; Ехаў не дарогай, сцёгаў не пугай, шыбаў не палку, ўлавіў не галку, шчыпаў не пер’я, ез не мяса (рыба) [бф, с. 316]. Дарэчы, у апошняй загадцы, у адрозненне ад папярэдняй, адгадаць патрабуецца не выканальніка дзеяння, а аб’ект, на які гэта дзеянне накіравана. Але адгадаць гэты “аб’ект” магчыма толькі праз адгадванне суб’екта дзеяння. Таму можна казаць аб кантэкстуальнай наяўнасці дзейніка і ў гэтай загадцы.

Пашыраны ў сінтаксічна няпоўных загадках прыём падкрэслівання адных уласцівасцей прадмета праз адмаўленне іншых: Ні стучыць, ні гручыць – у ваконца глядзіць (сонца) [3, с. 21]; Па саломе ходзіць, да не шастае; Па саломе ходзіць, а не шалясціць (сонца) [3, с. 24]; Без агню гарыць, без ног ідзе. А без крылаў ляціць (сонца, дождж, туча) [3, с. 25]; Па саломе ўночы ходзіць, без вачэй глядзіць (вада) [3, с. 32]; Без крыл лятае, без ног бяжыць (вецер) [3, с. 40]; Без ног бяжыць, без рук грукоча (вецер) [3, с. 41].

Адсутнасць дзейніка ў загадках – няпоўных сказах не перашкаджае разуменню думкі. Агульны кантэкст і вопыт слухачоў і чытачоў загадкі дапаўняюць выказванне і натхняюць на правільную “падстаноўку” дзейніка. Выкарыстанне ў загадках такой сінтаксічнай будовы надае паэтыцы гэтага фальклорнага жанру лаканічнасць, жывасць, дынаміку і вобразнасць: З неба ўпаў, усю зямлю, як абрусам, заслаў; Сее, вее, рассявае, зімой сляды замятае; Зімой грэе, вясной тлее, улетку памірае, увосень аджывае (снег) [3, с. 51]; Кругом носа ўецца, а ў рукі не даецца (дух, пах) [3, с. 53]; Не стукне, не бразне, пад вакно падойдзе (дзень) [3, с. 59]; Не стучыць, не гручыць, па вакно падбяжыць (ноч і дзень) [3, с. 63].

Прааналізаваныя беларускія загадкі сведчаць аб асаблівасцях стылістычнай арганізацыі загадак са са структурай няпоўных і эліптычных сказаў і адметнасці іх ад іншых адзінак гэтага фальклорнага жанру. Загадкі са структурай няпоўных і эліптычных сказаў больш дынамічныя. Яны валодаюць значнай недасказанасцю, якая выклікае большую цікавасць і ўзбуджае павышаную ўвагу і надзвычайнае жаданне як мага хутчэй адгадаць загадку. Акрамя таго, указаныя структуры садзейнічаюць экспрэсіі твора і яго лепшай запамінальнасці. Загадкі такой сінтаксічнай будовы часта маюць адпаведнікамі звычайныя двухсастаўныя сказы. Параўнанне загадак з аднолькавым сэнсам і рознай сінтаксічнай канструкцыяй пацвярджае ўзмоцненае ўздзеянне і экспрэсіўнасць загадак са са структурай няпоўных і эліптычных сказаў.


1 Беларуская граматыка: у 2 ч. Ч. 2. Сінтаксіс / Рэд. М. В. Бірыла, П. П. Шуба. – Мінск: Навука і тэхніка, 1986. – 327 с.

2 Беларускі фальклор: хрэстаматыя / склад К. П. Кабашнікаў, А. С. Ліс, А. С. Фядосік, І. К. Цішчанка. – Мінск: Вышэйшая школа, 1985. – 749 с.



3 Загадкі / склад. М. Я. Грынблат, А. І. Гурскі. Рэд. А. С. Фядосік. – Мінск: Навука і тэхніка, 1972. – 448 с.

4 Кабашнікаў, К. П. Малыя жанры беларускага фальклору ў славянскім кантэксце / К. П. Кабашнікаў. – Мінск: Беларуская навука, 1998. – 188 с.
Каталог: bitstream -> 123456789 -> 37047
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал