Каліноўскі? Алесь Смалянчук Інстытут гістарычных


Паўстанне. Вікенці Канстанцін (Кастусь) Каліноўскі (1838-1864)



старонка2/3
Дата канвертавання15.05.2016
Памер0.56 Mb.
1   2   3

Паўстанне. Вікенці Канстанцін (Кастусь) Каліноўскі (1838-1864)

Адной з ключавых постацяў паўстання 1863 г. з’яўляўся ўраджэнец вёскі Мастаўляны Ваўкавыскага уезду шляхціц Вікенці Канстанцін (Кастусь) Каліноўскі (1838-1864). Хутар Якушоўка, на якім у часы паўстання жылі ягоныя бацькі, знаходзіўся на адлегласці каля 20 км ад Новага Двара. Можна меркаваць, што К.Каліноўскі добра ведаў жыццё вёсак і мястэчак гэтай часткі Белавежскай пушчы і арыентаваўся ў настроях мясцовых жыхароў.

Кастусь Каліноўскі ў 1862 г. узначаліў Гродзенскую рэвалюцыйную арганізацыю. Найбольш яркай старонкай яе дзейнасці стала выданне “Мужыцкай праўды”. Змест газеты дазваляе ахарактарызаваць асноўныя ідэйныя ўстаноўкі кіраўнікоў будучага паўстання, прынамсі, тыя з іх, якія павінны былі ўзняць масы на барацьбу.

На старонках “Мужыцкай праўды” сцвярджалася, што паўстанне вядзецца “За нашую вольнасць!” Паводле Каліноўскага, вольнасць, – гэта “зямелька, якую абяцалі, але падманулі і не далі”. А зямля належыць сялянам, бо “з дзядоў прадзядоў кроўнаю працаю на яе зарабілі ды заплацілі”. Вольнасць – гэта права “не даваць некрутаў” і “не хадзіць у маскалі”. Вольнасць – гэта жыццё без “маскалёў” і “лапсэсараў”, без хлусні маскоўскага “ронду”. Вольнасць – гэта права мець “ронд для народу”. І нарэшце, гэта спавяданне “справядлівай нашай уніяцкай веры”33.

Усе абставіны паўстання і дзейнасць Каліноўскага як кіраўніка Літоўскага правінцыйнага камітэту, як камісара Гродзенскага ваяводства, нарэшце, як “дыктатара Літвы” у гэтым артыкуле асвятляць не мае сэнсу. Варта толькі адзначыць, што асоба Кастуся Каліноўскага здаўна прыцягвала да сябе ўвагу даследчыкаў. Першым беларускім аўтарам, які пісаў пра Каліноўскага быў Вацлаў Ластоўскі. Ягоны артыкул “Памяці справядлівага” апублікавала газета “Гоман” (“Homan”) у 1916 (№ 1) пад псеўданімам Сваяк. У наступныя гады з’явіліся працы Івана Цвікевіча, Усевалада Ігнатоўскага, Адама Станкевіча, Уладзіміра Перцава, Анатоля Смірнова, Генадзя Кісялёва, Вячаслава Шалькевіча, Міхася Біча ды інш.

На старонках большасці гістарычных даследаванняў айчынных аўтараў створаны вобраз народнага (і нават нацыянальнага) героя, які змагаўся як за лепшую долю беларускіх сялянаў, так і за будучыню незалежнай Беларусі без панавання “маскалёў” і польскіх памешчыкаў. На самой справе, варта задумацца, у якой ступені постаць “Яські-гаспадара з-пад Вільні” тоесная асобе самога Каліноўскага. Ёсць падставы сцвярджаць, што свядомасць “дыктатара Літвы” альбо, прынамсі, яе адлюстраванне ў ягоных тэкстах, немагчыма ахарактарызаваць толькі ў межах беларускага нацыянальнага дыскурсу. Знаёмства з тэкстамі сведчыць хутчэй пра феномен ліцвінства напярэдадні наступу эпохі нацыяналізмаў34.

Гісторыкі больш згодныя ў ацэнках ролі Каліноўскага ў гэтым паўстанні. Ён небезпадстаўна ўяўляецца найбольш паслядоўным і рашучым змагаром “За вольнасць нашу і вашу!” Каліноўскі – гэта беззаганная постаць змагара-паўстанца. Якраз дзякуючы ягоным намаганням паўстанне ў Беларусі і Літве пратрывала да вясны 1864 г. Для яго барацьба працягвалася ў турме і нават на Лукішках пад шыбеніцай. У пэўны момант знік Вікенці Канстанцін Каліноўскі, а застаўся толькі “Яська-гаспадар з-пад Вільні”.

Ягоную мужнасць прызнавалі нават тыя, хто не падзяляў поглядаў Каліноўскага на мэты і задачы паўстання. Адзін з правадыроў “белых” у гэтым паўстанні Якуб Гейштар пакінуў наступную характарыстыку Каліноўскага?

Каліноўскі можна сказаць, быў чалавекам фармату героя, з бязмежнай самаахвярнасцю, моцным характарам […]

Ён быў узорным канспіратарам; толькі ён адзін быў здольны месяцамі працаваць у Вільні ў перыяд самага жорсткага тэрору. Ён, якога паўсюдна шукалі, прыходзіў да Дамініканскай брамы на кожную расправу з паўстанцамі; бачыў асуджаных на смерць і пад пагрозай штодзённага арышту ні на хвіліну не страціў энергіі. Пад моцным кіраўніцтвам – выдатны выканаўца, бо ўмеў падпарадкоўвацца, калі яму загадвалі ў імя абавязку. У тэорыі – шаленец, пол-Марат, літвін-сепаратыст, але меў сэрца старапольскае; галава занятая падхопленымі чужымі прынцыпамі, але праца, цярплівасць, ахвярнасць героя”35.
Паводле легенды Каліноўскі нібыта заявіў старшыні следчай камісіі: “Цяпер можаце быць спакойным. Раз мяне ўзялі, то ў Вільні будзе спакойна”. Як пісаў Гейштар, Камісія жартавала, што арыштаваны выказваўся як “дыктатар Літвы”, аднак, дадаваў ён “напэўна ні справе, ні якой-небудзь асобе не пашкодзіў. Прызнаваўся ў дзеяннях, але нікога не скампраметаваў. Прыгожая постаць […]”36

Дарэчы, варта яшчэ раз задумацца над апошнімі гадзінамі жыцця гэтага чалавека. Яны шмат гавораць пра характар і свядомасць Каліноўскага. Незадоўга да смерці ён напісаў вядомыя “Лісты з-пад шыбеніцы” на беларускай мове, якія атрымалася перадаць на волю. Ягонае развітанне з жыццём – гэта яшчэ адзін заклік працягваць змаганне. Барацьба была сэнсам існавання, і нават чаканне смерці нічога не змяніла. Захавалася апісанне апошніх хвілінаў Каліноўскага, якое не можа не ўражваць. Нават пад шыбеніцай гэты чалавек захаваў яснасць розуму і нязменнасць уласнай грамадзянскай пазіцыі. Яго не паралізавала блізкасць смерці. Ён слухаў словы прысуду і каментаваў іх: “У нас нет дворян, все равны!”37

Каліноўскага папрасілі замаўчаць. Пакаранне адбылося...

Кастусь Каліноўскі адышоў у гісторыю. Цела схавалі, быццам і мёртвага баяліся. Яно было перавезена на тэрыторыю расейскага гарнізона, які месціўся ў цэнтры Вільні, і, паводле пэўных звестак, закапана на Старым замку, на г.зв. “гары Гедыміна”.

Звычайна ў якасці галоўнага антыподу Кастуся Каліноўскага фігуруе Віленскі генерал-губернатар граф Міхаіл Мураўёў, які паслядоўна змагаўся з “метежниками”. Але на самой справе значна большую небяспеку паўстанню ўтрымлівала пазіцыя сялянства, з якім Каліноўскі звязваў надзеі на перамогу, і якое іх не спраўдзіла.

Пасля вяртання да кіраўніцтва паўстаннем 11 чэрвеня 1863 г. Каліноўскі напісаў Прыказ ад Ронду Польскага над цэлым краем Літоўскім і Беларускім да народу зямлі літоўскай і беларускай. Гэты вядомы дакумент заслугоўвае асаблівай увагі ў святле тых падзеяў, якія пазней адбыліся ў Новым Двары.

У гэтым Прыказе К.Каліноўскі адмаўляўся надалей пераконваць сялянаў у неабходнасці падтрымліваць змагароў “За вольнасць нашу і вашу!” Ён яшчэ тлумачыў сітуацыю, але ўжо не прасіў, не прапанаваў, а загадваў. Словы Каліноўскага гучалі як прысуд тым, хто стаў на бок ворага:

Цяпер то настаў час, што кажному будзе одмерано так, як ён сам сабе намерыць. Пан будзе ліхі – пана павесім як сабаку! Мужык будзе кепскі – то і мужыка павесім, а двары іх і сёла з дымом пойдуць і будзе справядлівая вольнасць – бо гэтага сам Бог ужэ хочэ і Прэчыстая маці! […] А хто гэтаму прыказу спрэчон будзе, таго – ці ён поп, ксёндз, мужык ці пан, усякага данасіць да Ронду польскага, каб можна было позьней павесіць або, сазваўшы грамаду і зрабіўшы справядлівы суд, без адгаворкі весці на шыбеніцу! Бо хто хочэ крыўды людской – той нехай лепш сам марно прападае!”38


У гэтым жа месяцы выйшаў апошні нумар Мужыцкай праўды. Ягоная танальнасць моцна нагадвала Прыказ...:

А такіх, што за грошы не пабаяліся служыць ворагам нашым, што не хацелі мужыкам зямлі ды праўды на свеце, ды спрэчны былі новай вольнасці і новаму польскаму маніфесту, гэтакіх вешаюць як подлых сабак, селішчы іх апусцелі, пайшлі з дымам іх хаты, прапала марна худоба”39.


Сярод матэрыялаў гістарычнага архіва ў Гродне захаваўся ў перакладзе на расейскую мову зварот Отдела руководства литовскими провинциями (так у тэксце), які верагодна таксама быў напісаны напачатку чэрвеня. Зварот заклікаў весці партызанскую вайну, шырыць кола змагароў, перадаваць сялянам зямлю ў безумоўную маёмасць, а таксама весці рашучую барацьбу з даносчыкамі: “Также смерти должны быть подвержены все шпионы донощики. К какому бы сословию они не пранадлежали, так как перед лицом закона в этом печальном событии должно быть соблюдено равенство всех сословий”40. Камандзіры атрадаў павінны былі зачытваць зварот сваім паўстанцам.

Магчыма забойства Клары Радкевіч (і не толькі яе) было наступствам якраз гэтых загадаў.


Паўстанне. Новы Двор і паўстанцы.

Белавежская пушча была тэрыторыяй дзейнасці некалькіх буйных паўстанцкіх атрадаў. Тут, дарэчы, актыўна рыхтавалася паўстанне. Наваколлі Новага Двара сталі зонай распаўсюджвання “Мужыцкай праўды”. Часцяком гэта рабіў сам Кастусь Каліноўскі.

27 кастрычніка 1862 г. станавы прыстаў Слонімскага уезду Агапін у рапарце ваеннаму губернатару Гродна генералу Галеру паведамляў пра з’яўленне “Мужыцкай праўды”, якую “злонамеренные люді” падкідаюць часоваабавязаным сялянам. Прыстаў здолеў адшукаць у вёсцы Шайпакі два асобнікі газеты. Сяляне заявілі, што гэтую газету выкінуў з карэты невядомы праезджы. Паказанні сялянаў і запісы ў кнізе Ружанскай паштовай станцыі сведчылі, што им быў “некто дворянин Викентий Калиновский”. Таксама высветлілася, што ямшчык паштовай станцыі вазіў К.Каліноўскага ў Падароск41. Далейшае следства працягвалі ўжо жандары, якія даведалися, што Каліноўскі наведаў ксяндза Казлоўскага ў Вялікай Бераставіцы, з якім разам паехаў у Гродна. Капітан корпуса жандараў Віт таксама ўстанавіў, што ў сваіх ранейшых паездках Каліноўскі неаднаразова наведваў Свіслач і Якушоўку, дзе жывуць ягоныя бацькі. За домам у Якушоўцы было ўстаноўлена “постоянное секретное наблюдение”42.

Каліноўскі меў прыхільнікаў у родных мясцінах. Ёсць звесткі, што пісар Гарнастаевіцкага валоснага праўлення (10 км ад Новага Двара) чытаў “Мужыцкую праўду” сялянам. Мясцовыя краязнаўцы выказалі думку, што ён быў нават асабіста знаёмы з кіраўніком Літоўскага правінцыйнага камітэту (ЛПК)43.

Трэба адзначыць пэўны плён прапагандысцкай акцыі “Мужыцкай праўды”. У першую чаргу ён праявіўся ў больш актыўным удзеле сялянства Гродзеншчыны ў паўстанні. Апроч таго сяляне засвоілі многія тэзісы газеты Каліноўскага, якія сталіся часткай іх свядомасці. Нават у 1886 г. Іван Карскі з вёскі Лаша Гродзенскага у., інфармант этнографа Паўла Шэйна паведамляў, што сяляне не моляцца за “Царя-освободителя”, а гавораць:

[...] не были бы мы волные, але дзякаваць Пану Богу за пранцуза. Ён, як воеваў у Сістопаля (Севастополя – П.Ш.) то і прыказаў нашаму цару, каб даць вольнасць нам, бедным мужыкам і ціпер мы волные”44.

Гэтыя мужыцкія размовы 1886 г. амаль дакладна паўтаралі фрагмент № 3 “Мужыцкай праўды”.

Тым не менш магчымасці прапаганды былі абмежаваныя адсутнасцю сеткі распаўсюджвальнікаў (як сведчыць вышэй прыведзены дакумент, гэтым займаўся сам кіраўнік ЛПК), невялікай колькасцю асобнікаў газеты, якая не заўсёды трапляла па прызначэнні, і, галоўным чынам, непісьменнасцю асноўнай масы сялянства (нагадаю, што першая школа ў Новым Двары была адкрытая толькі ў 1860 г.). Малаверагодна, што “Мужыцкая праўда” да паўстання трапіла ў мястэчка. Па меншай меры, у дакументах, якія датычаць падзеяў паўстання і асобы Каліноўскага, такі факт не згадваецца. Можна меркаваць, што жыхары Новага Двара слаба арыентаваліся ў мэтах паўстання. Адначасна яны павінны былі ведаць афіцыйную версію, якую пашыралі расійскія чыноўнікі. Сцвярджалася, што гэта “паны” (“палякі”) паўсталі, каб вярнуць прыгон. Падобнае разуменне паўстання накладалася на традыцыйную сялянскую непрыязь да “пана-паляка”.


Рэпліка этнографа:

Поляков они (сяляне – А.С.) не любят вообще, помещиков же польских просто ненавидят. В каждом поляке им представляется пан или управитель пана, которые их постоянно преследовали и угнетали. Если при проезде какого-нибудь помещика-поляка спросить у крестьянина: “Кто это проехал?”, то он непременно ответит: “Гэта крук поехаў у гарэці”. А если увидит несколько помещиков, едущих в костёл, либо в суд, то и тут скажет: “Глядзі колько пайшло крукоў!” (Іван Карскі)45.

[...] поляков не любят, так как с представлением о поляке является представление о пане, панщине и пригоне”46.


Увесну 1863 г. у лясах каля Новага Двара найчасцей з’яўляліся атрады ўраджэнца Ваўкавыскага у. Густава Стравінскага, больш вядомага як “Млотэк”, і пружанскага памешчыка Шчэнснага Влодэка. Ваўкавыскі і Пружанскі у. былі зонай дыслакацыі якраз гэтых атрадаў. Таксама ў гэтай частцы Белавежскай пушчы неаднаразова ратаваліся ад пераследу атрады кіраўнікоў Гродзенскага ваяводства А.Духінскага і В.Урублеўскага, эпізодычна дзейнічаў атрад А.Лянкевіча.

Паўстанцы знаходзіліся каля мястэчка, але актыўных дзеянняў не вялі. Харчаванне куплялі або забіралі ў сялянаў. Апошнім якраз вызначаўся атрад Ш.Влодэка.

З паказанняў адстаўнога падпаручыка Станіслава Трэмбіцкага з атрада Влодэка:

Что же касается до пищи, то шайка ее доставала следующим образом: что откомандировывались небольшие отряды в ближайшие деревни и забирали там что только находили съестного и таким образом пропитывались со дня на день”47.


Якраз з забеспячэннем паўстанцаў харчаваннем звязаны ўдзел навадворцаў у гэтых падзеях. Гродзенскі губернатар І.Скварцоў пазней пісаў у Вільню, што дзяржаўныя сяляне мястэчка Новы Двор праваслаўнага веравызнання “были замечены в доставлении мятежникам продовольствия и за то подвержены денежной контрибуции”48. Прыхільнасць навадворцаў да паўстання зразумелая, калі мы ўспомнім тыя шматлікія скаргі і прашэнні, у якіх “мяшчане” Новага Двара згадвалі пра свае ранейшыя прывілеі і не жадалі выконваць павіннасці накладзеныя ў абыход указаў “былых каралёў польскіх”. Але за гэтую дапамогу прыйшлося заплаціць свой кошт. Апроч грашовай кантрыбуцыі ў мястэчку былі арыштаваныя Фларыян і Настасся Грушэўскія, якіх змясцілі ў Ваўкавыскі астрог49.

10 траўня 1863 г. граф Мураўёў падпісаў цыркуляр, якім дазвалялася накладаць грашовую кантрыбуцыю на тых жыхароў “Заходняга краю”, што не паведамілі пра перамяшчэнні паўстанцаў.

Трэба прызнаць, што Ваўкавыскі спраўнік не меў праблемы з “осведомителями”. Ягоныя рапарты сведчаць, што спраўнік быў у курсе большасці перамяшчэння паўстанцкіх атрадаў. Гэта дазваляла расійскім вайскоўцам досыць хутка рэагаваць на рух кожнага атраду. Таксама гэтыя рапарты дапамагаюць уявіць агульную карціну таго, што адбывалася ў наваколлях Новага Двара.

Паводле інфармацыі Ваўкавыскага спраўніка, якую ён 11 траўня перадаў у Гродзенскую губернскую канцылярыю, атрад паўстанцаў колькасцю каля 500 чал. прайшоў праз Новы Двор у накірунку Белавежскай пушчы50. 13 траўня паблізу Новага Двара адбылася сутычка батальёна капітана Кулікоўскага з паўстанцамі, якія страцілі забітымі 12 чалавек51.

17 траўня Новы Двор занялі казакі і салдаты. Паўстанцы ў гэты момант рушылі да Мілавідаў Слонімскага у., дзе адбылося аб’яднанне атрадаў “Млотэка”, Юндзіла, Міладоўскага, Влодэка, Лашкевіча і Лянкевіча. 21 траўня туды дабраўся сам Каліноўскі, які правяраў баяздольнасць.

22 траўня пад Мілавідамі адбыўся адзін з самых вядомых баёў гэтага паўстання на тэрыторыі Беларусі. Аб’яднаны атрад колькасцю каля 800 чал. пад кіраўніцтвам Аляксандра Лянкевіча (“Ляндэра”) вытрымаў атакі трох рот Стараінгерманландцкага палка, узмоцненага казакамі і гарматамі. Увечары атрад палкоўніка Булгарына, які так і не здолеў захапіць лагер паўстанцаў, адступіў. Паўстанцы пакінулі свае пазіцыі ўначы. Дарэчы, атрад Влодэка напярэдадні бітвы самавольна адышоў ад Мілавідаў і накіраваўся ў Брэсцкі у. Пазней кіраўнікі паўстання крытыкавалі Влодэка за безсэнсоўнае блуканне па лясах.

24 траўня адбыўся моцны бой у Ружанскай пушчы, дзе батальён Неўскага пяхотнага палка атакаваў частку атрада А.Лянкевіча, якая не ўдзельнічала ў Мілавідскім баі і нанёс ёй адчувальныя страты. Падчас гэтага пераследу штаб ваеннага начальніка Ваўкавыскага уезду падпалкоўніка Казанлі знаходзіўся ў Новым Двары.

3 чэрвеня адбыўся бой каля мяст. Лыскова, дзе паўстанцы А.Духінскага і В.Урублеўскага паспяхова біліся з карнікамі. 4 чэрвеня ўлады зноў атрымалі інфармацыю пра паўстанцаў, якія знаходзіліся каля Новага Двара, “прилежащего к большим лесам”. Ваўкавыскі спраўнік таксама высветліў, што паўстанцы выпраўляюцца ў маёнтак Адамкаў памешчыка Быхаўца і на ферму Корнедзь. Стала вядома, што раней яны наведалі маёнтак Якушоўку, дзе ўзялі падводу52.

На Новы Двор рушыў трыма калонамі вялікі вайсковы атрад. 6 – 8 чэрвеня яны пераследавалі паўстанцаў, а 9 чэрвеня дагналі іх каля в.Шаркоўшчына і навязалі бой. Паўстанцаў выбілі з пазіцый і пераследавалі ў лесе. Аднак пераслед абярнуўся вялікімі стратамі для расійскага войска. Вось што паведамляў у рапарце падпалкоўнік Казанлі:

Лес был до такой степени густ, что многие мятежники, скрываясь за вывороченными корнями в чаще леса, а равно и на деревьях, оставшись позади наступавшей цепи, стреляли по нашим резервам, которые были истреблены окончательно”53


Гэты першы летні месяц быў пераломным. Актыўнасць афіцыйнай прапаганды, дазвол часоваабавязаным сялянам з 1 траўня выкупляць зямлю, рэпрэсіі супраць удзельнікаў паўстання, нарэшце, перамогі расійскага войска канчаткова вызначылі пазіцыю сялянства. Каліноўскі і ягоныя паўстанцы не атрымалі належнай падтрымкі. Больш таго ў чэрвені пачалася актыўнае стварэнне “сельских вооруженных караулов”. Кожны каравул складаўся з 60-100 сялянаў, узброеных “халоднай зброяй” на чале з унцер-афіцэрам з кадравых войскаў.

Правілы іх арганізацыі былі падпісаныя графам М.Мураўёвым яшчэ напрыканцы красавіка. Пункт 1 сцвярджаў, што галоўнай мэтай гэтай акцыі з’яўляецца “охранение безопасности лиц, имуществ и путей сообщения”. Абавязкі сялянаў-каравульшчыкаў заключаліся

а) в учреждении застав по указанию уездного начальника, в опросе проходящих и проезжающих и предании полиции подозрительных людей; б) в охранении крестьянских поселений и вообще лиц и собственности в участке от нападений мятежников и злоумышленников; в) в наблюдении за неводворением в порученном караулу участке мятежников и в постоянном, вследствие того, осмотре лесов, г) в поимке и преследовании мятежников там, где они не успели ещё организовать значительных шаек или, где они были разбиты, разсеялись, и вообще к воспрепятствованию им получать подвозы оружия, разных припасов и продовольствия; д) в случае открытия шаек, состоящих из значительных превосходных сил, в сообщении немедленно о том уездному Начальнику, для высылки на помощь войска, и в восстановлении спокойствия там, где оно будет нарушено”54.
У чэрвені каравулы былі сфарміраваныя пераважна з часоваабавязаных сялянаў і знаходзіліся ў Поразаве (поразаўцы адмовіліся ўтрымліваць каравулы коштам грамады), Свіслачы, Песках, Ізабеліне і Росі. У Новым Двары каравула не было. Працяглы час тут знаходзіліся салдаты Стараінгерманландскага пяхотнага палка, потым іх замяні Неўскі полк і г.д.

Вясковыя каравулы прыспешылі разгром паўстання. Прынамсі падпалкоўнік Казанлі ў жніўні рапартаваў:

Устройство сельских караулов и установление сторожей в селениях оказало существенную пользу в том отношении, что когда мятежнические шайки бродили в разных местах уезда и иногда заходили к жителям, то с учреждением караулов они уже перестали являться, а в случае появления из были тотчас задерживаемы и представляемы Начальству, следствием сего оказалось то, что мятежники лишены всех средств и принуждены сами являться власти”55.

Паводле гэтага ж рапарту ў ліпені добраахвотна выйшлі з лесу і здаліся ўладам 143 паўстанцы. Ён жа паведамляў:

Между высшими и средними состояниями не обнаруживается в действиях их ничего противозаконного за чем имеется строгое наблюдение. Крестьяне же вообще оказывают преданность Правительству”56.

У другой палове лета паўстанцкі рух пацярпеў шэраг паражэнняў. Паўстанцы неслі паразы, але змаганне працягвалася, і лясны масіў каля Новага Двара часта быў месцам збору рэшткаў разбітых атрадаў57. На пачатку жніўня атрад Ш.Влодэка быў разбіты ў раёне Бярозавага балота паблізу Гуты Быхаўца ў Ваўкавыскім у. Пасля гэтага камандзір пакінуў атрад і выехаў за межы Імперыі, а рэшткі атраду ўзначаліў Хадакоўскі.


Паўстанне. Забойства Клары Радкевіч

Відавочна, што летам 1863 г. Новы Двор апынуўся амаль у эпіцэнтры баевых дзеянняў. Падчас гэтых летніх сутычак і пераследаў групай паўстанцаў з атраду Ш.Влодэка ў ноч на 5 ліпеня была павешаная жыхарка мястэчка Клара (Лукер’я) Радкевіч.

На наступны дзень удавец Восіп Радкевіч з’явіўся ў Ваўкавыску і распавёў ваеннаму начальніку уезду падпалкоўніку Казанлі пра забойства жонкі. Паводле В.Радкевіча, “5 числа сего месяца пришла в небольшом количестве шайка в Новый Двор, придя к нему в избу спрашивали его, Радкевича, который в то время скрылся, но находящаяся в то время дома жена его Лукерья была упомянутыми мятежниками повешена за то, что упомянутый рядовой Радкевич имеет преданность к правительству и знает об многих лицах, проживающих в Новом Дворе, которые имеют сношения с шайками”58. Афіцэр загадаў правесці расследаванне.

17 ліпеня ваенны начальнік паведаміў пра забойства Віленскаму генерал-губернатару (“...в Волковысском у. 5 июля в мест. Новый Двор мятежники в небольшом числе, намереваясь повесить отст. солдата Радкевича, для чего и пришли в его дом, но не найдя Радкевича, повесили его жену. О происшествии проводится дознание”59).

Клара Радкевіч трапіла ў спісы жыхароў Ваўкавыскага у., загінуўшых ад рук паўстанцаў у ліпені. Ваўкавыскі спраўнік падпісаў гэты спіс 20 ліпеня і адаслаў у Губернскае праўленне. У спісе фігуравала шэсць чалавек – настаўнік, святар, селянін, палясоўшчык, адстаўны унцер-афіцэр і Клара Радкевіч. Яна ж была ўказаная ў спісе за 21 верасня 1863 г., дзе фігуравалі ўжо 33 асобы. К.Радкевіч была адзінай забітай паўстанцамі жанчынай з гэтага спісу.

Спісы дапамаглі даведацца, што забітая мела 41 год, што засталіся муж, два сыны і дачка, што сям’я вельмі бедная і жыве “из подаяния”60.

Запіс у метрычнай кнізе Навадворскай царквы таксама засведчыў смерць Клары Міхайлаўны Радкевіч з прыпіскай “скорополительно повешена61.

У верасні 1863 г. падчас следства паўстанец з атраду Ш.Влодэка Севярын Пацэвіч на допыце згадаў, што ў Новым Двары Ваўкавыскага у. па загаду камандзіра атрада была павешана “нищая женщина”. С.Пацэвіч не здолеў растлумачыць прычыны гэтага забойства, але прыпомніў, што сярод забойцаў знаходзіўся паўстанец Кісялеўскі. Наогул, паказанні былых паўстанцаў ствараюць вобраз Ш.Влодэка як аднаго з найбольш жорсткіх камандзіраў. Той жа С.Пацэвіч прыгадаў, што паўстанцы Влодэка ў Пінскім у. павесілі адстаўнога салдата і селяніна, якія лавілі “інсургентаў”, у вёсцы Котра Пружанскага у. імі быў павешаны святар. Дарэчы, у забойстве святара, паводле С.Пацэвіча, таксама ўдзельнічаў Кісялеўскі62.

Пытанне пра матывы забойства Клары Радкевіч застаецца адкрытым. Сцвярджэнне В.Радкевіча, што паўстанцы прыйшлі з мэтаю забіць яго, не пацвярджаецца паказаннямі Севярына Пацэвіча, які засведчыў, што жанчына была павешаная па загаду Ш.Влодэка.

Падобна на тое, што большасць загінуўшых былі ворагамі паўстання або адкрыта дэманстравалі “преданность Правительству”. Апошняе пачало выплачваць грашовыя кампенсацыі сваякам загінуўшых. Звычайна прызначалася сума ў памерах 15 – 25 руб. Больш высокую кампенсацыю (50 руб.) атрымала сям’я настаўніка Лыскаўскага вучылішча, пасля смерці якога без сродкаў існавання засталіся ўдава, два сыны і дзве дачкі. Найвялікшую суму (150 руб.), паводле спісаў Гродзенскай губернскай канцылярыі, атрымаў капітан Нячаеў, які быў паранены, а ягоная жонка павешаная63. Грошы, якія павінен быў атрымаць у якасці кампенсацыі В.Радкевіч, у захаваўшыхся дакументах не фігуравалі.

У верасні 1863 г. ваенныя дзеянні ў раёне Новага Двара закончыліся. Пасля чарговай паразы “Млотэк” таксама распусціў свой атрад. В.Урублеўскі, які замяніў эміграваўшага А.Духінскага, адступіў у Пружанскую пушчу.


: sites -> default -> files
files -> Праграма Artes liberales 2013 (12–28. 02)
files -> Паводле лірычных твораў А. С. Пушкіна мы іграем пушкіна
files -> 1 Перыядызацыя гісторыі Гісторыя
files -> Закон рэспублікі беларусь 3 ліпеня 2008 г. №420-з аб Правілах беларускай арфаграфіі І пунктуацыі Прыняты Палатай прадстаўнікоў 24 чэрвеня 2008 года Адобраны Саветам Рэспублікі 28 чэрвеня 2008 года
files -> 1. Засяленне беларускіх зямель. Характарыстыка даіндаеўрапейскага перыяду этнічнай гісторыі Беларусі
files -> Арганізацыя дзейнасці Лятучага ўніверсітэта як рэалізацыя місіі
files -> Пытанні да экзамену па гісторыі Беларусі
files -> Установа адукацыі «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна»
files -> Гарадская палітыка ў беларусі: case-study рэканструкцыі гістарычнага цэнтра гродна
files -> Удой на карову (кг) Сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе (гр.)


1   2   3


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка