Каліноўскі? Алесь Смалянчук Інстытут гістарычных


Пасля паўстання. Радкевіч versus Новы Двор



старонка3/3
Дата канвертавання15.05.2016
Памер0.56 Mb.
1   2   3

Пасля паўстання. Радкевіч versus Новы Двор

Рэха паўстання, а дакладней забойства Клары Радкевіч, яшчэ доўгі час не давала навадворцам спакойна жыць. Восіп Радкевіч не збіраўся выкрэсліваць з памяці гэтае трагічнае здарэнне.

Што наогул вядома пра Восіпа і Клару Радкевічаў?

Архіўныя дакументы сведчаць, што Восіп Астафьевіч Радкевіч нарадзіўся на Палессі ў Кобрынскім пав. (в.Паляцічы?) у 1818 або 1819 г. Трапіў пад рэкруцкі набор і стаў салдатам расейскага войска. У 1847 г. ён па стану здароўя быў адпраўлены ў адстаўку. У гэтым жа годзе ён з’явіўся ў Новым Двары як інвалід, які знаходзіўся на ўтрыманні Гродзенскага прыказу Таварыства грамадскай апекі. У дакументах В.Радкевіча часта называюць “слепым инвалидом”. Аднак уся гісторыя канфлікту ў Новым Двары сведчыць, што сляпым адстаўны салдат не быў. Верагодна, ён меў вялікія праблемы са зрокам, але яны не перашкаджалі яму весці даволі актыўны вобраз жыцця.

Чаму ён апынуўся ў Новым Двары, невядома. Можна меркаваць, што вяртацца ў родную вёску не было сэнсу, бо права на зямлю ён ужо страціў.
Рэпліка гісторыка:

В литературе часто раздаются голоса, что замечаемое среди крестьян желание устранить солдат от пользования землёй происходит не из совсем хороших побуждений их отцов и братьев. Но такие нападки на крестьян не совсем верны. Указанные отношения крестьян к солдатам объясняются их основным взглядом на труд. [...] когда солдаты служили по 15 – 20 лет и возвращались в семью уже отвыкшими и малоспособными к сельским работам, то обычное право отказывало им в их правах на землю. В наших источниках мы находим этот взгляд везде строго проведённым и везде указывается на то, что солдат не жил вместе, не работал вместе”64.

Прыжыцца В.Радкевічу ў Новым Двары было даволі цяжка. Замкнёнасць навадворцаў, пра якую ўжо ішла гаворка, была формай абароны традыцыйнага грамадства. Яно не прымала чужынцаў, адчуваючы пагрозу з іх боку. У сітуацыі Новага Двара нормы паводзінаў традыцыйнага грамадства абцяжарвалася зямельнай праблемай і ўсведамленнем вышэйшага сацыяльнага статуса (“вольныя”, “мяшчане”) у параўнанні з насельніцтвам навакольных вёсак. Зразумела, што адстаўны салдат ужо не трапляў у ніжэйшую катэгорыю “халопаў”, але і да катэгорыі “вольных” не дацягваў.

Іншай прычынай непрыняцця “чужынца” мог быць ягоны характар. В.Радкевіч адрозніваўся агрэсіўнасцю, часта “распускаў рукі”. Прычым праблема са зрокам не перашкаджала нават кідацца ў бойку. Паводзіны В.Радкевіча, адлюстраваныя ў архіўных дакументах, прымусілі ўзгадаць тую характарыстыку, якую дзед Максіма Багдановіча Лук’ян даваў палешукам, параўноўваючы іх з беларусамі. Яе прывёў Адам Багдановіч ў сваіх успамінах:

[...] наш народ саўсім другій народ. Другіе людзі. Народ заўзяты, заядлы, бунтары […] як за што ўзяліся – свайго дабіваютца, на сваём хочуць паставіць. Як што ні пад нароў, ці проці закону – січас гэта зашумяць, паднімуць гоман, крык, - ругатню, хоць святых вынасі[...]”65
Сам А.Багдановіч да гэтага дадаў:

Мои личные наблюдения… показывают, что полешуки, как все лесные люди, более угрюмы, замкнуты, недоверчивы и упрямы, пожалуй, если хотите, более настойчивы[…]”66


Здавалася, што пэўны “пералом” у адносінах з навадворцамі наступіў 22 ліпеня 1852 г., калі трыцацітрохгадовы адстаўны салдат уступіў у шлюб з “мяшчанкай” мястэчка Новы Двор Кларай Міхайлаўнай Каткоўскай (30 гадоў). Як сведчыць запіс у метрычнай кнізе царквы св.Міхаіла, сведкамі на шлюбе былі Варфаламей Львовіч Філіповіч, Мацвей Якаўлевіч Грушэўскі, Іосіф Фёдаравіч Грушэўскі і Канстанцін Гаўрылавіч Грушэўскі67. Але Каткоўскія таксама не належалі да карэнных жыхароў. Падобна на тое, што Каткоўскія (у Новым Двары жыў яшчэ і яе родны брат, таксама адстаўны салдат) перабраліся ў Новы Двор з Поразава. Прынамсі на поразаўскіх могілках можна знайсці шматлікія магілы Каткоўскіх. Верагодна, гэта быў саюз мясцовых ізгоеў.

Гэты шлюб нарадзіў шэраг пытанняў, галоўнае з якіх датычыла нявесты, што згадзілася пайсці замуж за інваліда. Да таго ж малаверагодна, што В.Радкевіч меў зямлю. Праўда, 30-гадовы ўзрост нявесты сведчыць пра тое, што шансаў знайсці больш выгодную “партыю” ды яшчэ ў Новым Двары яна не мела. Іншым важным матывам магла быць цяжарнасць нявесты. У метрычнай кнізе Новадворскай царквы зафіксавана, што 18 студзеня 1853 г. нарадзіўся, а 19 студзеня быў ахрышчаны Іван, сын Восіпа Радкевіча і Клары. “Васпрыемнікамі” былі адстаўны салдат Мікалай Міхайлавіч Каткоўскі і Антаніна Васільеўна Грушэўская68. Відавочна, што ліпеньскі шлюб мог мець вымушаны характар.


Рэпліка этнографа:

Вообще должно сказать, что относительно целомудрия нравы нашего народа пока очень строги. Так, напр., в Лашинском приходе, в котором числится 5 тысяч с лишком прихожан, в течение года бывает один и редко два случая незаконного рождения (Иван Карский)69.
У лістападзе 1854 г. жонка атрымала права апекі над В.Радкевічам у сувязі з ягонай хваробай70. Верагодна, галоўным сродкам існавання сям’і Радкевічаў былі тыя грашовыя выплаты, якія адстаўны салдат атрымліваў у Гродне.

Следства, якое ў 1867 – 1868 гг. вёў Гродзенскі крымінальны суд, высветліла, што амаль адразу пасля забойства Восіп Радкевіч пачаў шантажаваць навадворцаў. Ён заяўляў пра тое, што жонка загінула пры ўдзеле навадворцаў, пагражаў паведаміць “начальству”, што навадворцы дапамагалі “мяцежнікам”, сцвярджаў, што ён прызначаны ваенным начальнікам мястэчка і можа зрабіць з імі, што захоча, нават адправіць у Сібір, нарэшце, палохаў, што падпаліць мястэчка. Але найбольш палохала навадворцаў пагроза паведаміць “начальства” пра адсутнасць у рэвізскіх кнігах многіх хлопчыкаў, народжаных пасля 1854 г. Справа была ў тым, што стараста Філіповіч рэгістраваў не ўсіх, а падушны падатак за гэтых людзей, які здавалі непасрэдна яму, краў. Пасля смерці старасты ў 1860 г. кожны гаспадар пачаў самастойна ўносіць падаткі. Праблема незарэгістраваных адразу высветлілася, але навадворцы захавалі таямніцу.

Канфлікт навадворцаў з адстаўным салдатам дорага ім каштаваў. За маўчанне і лаяльнасць Радкевіч патрабаваў 500 руб. Навадворцы сабралі 300 руб. і перадалі ўдаўцу. Але В.Радкевічу гэтага было мала. Ён пачаў патрабаваць аказання цэлага шэрагу паслугаў. Навадворцы павінны былі ахоўваць ягонае жыццё ад “метежников”, дастаўляць яму дровы, сена, ссыпаць хлеб, даваць па першаму патрабаванню падводу і работнікаў і г.д.71

Падобна на тое, што канфлікт з Новым Дваром, які існаваў, відаць, з моманту з’яўлення Радкевіча ў мястэчку, пасля забойства паўстанцамі ягонай жонкі значна абвастрыўся. Прычым Радкевіч вырашыў надаць канфлікту палітычную афарбоўку і выкарыстаць расійскіх чыноўнікаў.


Рэпліка этнографа:

Крестьянин наш большей частью злопамятен. Если кто-либо его оскорбит, то он употребит все меры, чтобы отомстить[…] А в Кобринском у. крестьяне до того мстительны, что часто за присуждённые штрафы за потравы их скотов хлебных полей или сенокосных лугов помещика поджигают его сарай, хлевы и овины72.

Новадворцы не згаджаліся, і В.Радкевіч пайшоў да таго самага “начальства”, пра якое так часта казаў. У верасні 1863 г. у Новы Двор быў прызначаны ваенным начальнікам падпаручык Адамаў. Адным з першых візіцёраў да яго быў адстаўны салдат, які паведаміў пра забойства жонкі “по подстрекательству жителей местечка Новый Двор”, а таксама пра “душы”, якія не былі зарэестраваныя ў рэвізскіх кнігах. Падпаручык Адамаў арыштаваў названых навадворцаў і правёў уласнае разбіральніцтва. Па выніках яго ён выпусціў арыштаваных, а В.Радкевіча, відаць, за паклёп пад арыштам адаслаў у Ваўкавыск.

У Ваўкавыску Радкевіч згадаў ужо толькі аднаго новадворца (Гамановіча), які нібыта “прывёў шайку мяцежнікаў”. Але высветлілася, што сведкам гэтага ён не быў, а толькі чуў ад Якава Сычэўніка. Той, у сваю чаргу, паведаміў, што чуў ад свайго брата, які мог бачыць Гамановіча і “метежнтков”. Адным словам, Радкевіч не здолеў прывесці доказаў сваім “палітычным” абвінавачванням.

Тым не менш ён працягваў патрабаваць ад навадворцаў асабістай аховы, бясплатных дроў, сена, падводаў. Падпаручык Адамаў, які заставаўся ў мястэчку да сярэдзіны кастрычніка 1863 г., стаў нявольным сведкам спрэчкі паміж сялянамі і адстаўным салдатам. Вось, што ён напісаў у сваіх паказаннях:


[...] В одно воскресенье после обедни увидел около своей квартиры толпу мещан и слепого Радкевича громко между собой споривших, подойдя спросил, что такое, и Радкевич там же предъявил составленные им самим и переписанные сыном обязательства и подписку мещан сберегать его жизнь, как пострадавшему от мятежников, доставлять ему дрова, сено, ссыпаць хлеб, пахать землю, давать на все надобности очередную подводу, и все это бесплатно, на что мещане не соглашались, просили защиты, он видя вздорное Радкевича требование, дал ему наставление, и в присутствии всех порвал ту подписку и велел разойтись по домам. После того Радкевич уехал в Волковыск, а по возвращении распускал между жителями и нижними чинами обидные слова для русских офицеров”73.
Падпаручык таксама паведаміў, што за час знаходжання ў Новым Двары ніякіх даносаў ад Радкевіча не атрымліваў і нічога пра іх не чуў. Адсутнасць сярод дакументаў указанняў на канкрэтныя даносы Радкевіча выклікае сумненне ў праўдзівасці ягоных слоў. Тым больш цяжка зразумець, якім чынам мог пісаць даносы сляпы і непісьменны чалавек (!?) Імёны іншых людзей, якія маглі пісаць даносы з ягоных слоў, сустракаюцца ў перапісцы ўжо пасля паўстання.

Больш чым палітычныя абвінавачванні сялянаў палохала пагроза раскрыцця таямніцы незарэгістраваных “душ”. 10 студзеня 1864 г. сяляне згадзіліся выдзеліць для аховы Радкевіча 12 чалавек, якія павінны былі абараняць яго “при всяком страхе”, і прасілі нічога не гаварыць міравому пасрэдніку. Аднак, калі 2 лютага ў мястэчку з’явіўся міравы пасрэднік Шчэрбаў і пісар Поразаўскай сельскай грамады (“общества”) Леанчук, сяляне самі расказалі пасрэдніку пра сваю праблему. Амаль адначасна яны прызналіся афіцэру Ясінскаму, які кватэраваў у святара Навадворскай царквы Пракаповіча, пра 300 руб., якія заплацілі Радкевічу за маўчанне. Ясінскі выклікаў апошняга да сябе. Падчас допыту Радкевіч прызнаўся, што ўзяў грошы, але адмовіўся іх вяртаць “начальству”, заявіўшы, што сяляне далі іх добраахвотна разам з “падпіскай”, якая гарантавала яму цэлы шэраг паслугаў ад навадворцаў. Падпіску Ясінскаму ён не паказаў.

Несанкцыянаваны “збор грошай” належаў да крымінальных злачынстваў, і над Радкевічам навісла пагроза новага арышту. Яго адказам быў данос. 10 лютага 1864 г. ён зноў паведаміў Ваўкавыскаму ваеннаму начальніку пра забойства жонкі і пра ўдзел у ім навадворцаў. 16 красавіку Радкевіч паўтарыў данос.

У перапынку паміж гэтымі даносамі навадворцы звярнуліся з пакаянным лістом да імператара Аляксандра ІІ. Яны прызнавалі сваю віну:

Во время бурного волнения мятежных поляков, хотевших попрать все для нас дорогое и священное, крамольники ложью и коварством успели обмануть и вовлечь в свои сети некоторых легкомысленных лиц из нашего маленького местечка, которое будучи окружено со всех сторон лесами, вдали от городов где стояли войска, было мятежникам притоном и пунктом перехода из одной пущи в другую”.

Навадворцы раскайваліся (“Вина за наше преступление непростительная […]”) і кляліся ў вернасці трону і “Отечеству”:

Мы вполне теперь сознаем это преступление, вполне чувствуем насколько мы уклонились от тех обязанностей, которые возлагала на нас верноподданническая присяга. Вне милостей Ваших Государь, которые проливаются на всех верных Престолу и Отечеству, мы видим себя в безвыходном и безотрадном положении. Ты надежда наша Государь и Отец наш! […] Мы знаем, что сердце Твое готово принять всякого кающегося грешника, а потому и дерзаем у ног Твоих Державный Государь молить о помиловании, по одному слову Твоему мы все от мала до велика станем грудью за Россию любезное Отечество наше и не пожалеем никаких жертв, если коварный враг вздумал снова подняться против Тебя74.
Вернападданіцкі адрас быў падпісаны 8 сакавіка 1864 г. У Вільню яго адвозілі валасны старшыня Мацвей Грушэўскі і Рыгор Ботвіч. 10 сакавіка гродзенскі губернатар загадаў выдаць ім білет на праезд у Вільню.

У гэты ж дзень на Лукішскай плошчы на шыбеніцы загінуў Каліноўскі…

Між тым улады пачалі разбіральніцтва па справе 300 рублёў. Радкевіча прымусілі вярнуць грошы у Ваўкавыскі суд і застацца ў Ваўкавыску на перыяд следства. Над адстаўным салдатам быў устаноўлены паліцэйскі нагляд. У сваіх паказаннях Радкевіч заяўляў, што сам імкнуўся адвезці грошы ў Ваўкавыск ваеннаму начальніку, але новадворцы не далі яму падводы. Паводле ягоных сведчанняў, у Новым Двары ўзнікла змова супраць яго, у якой апроч сялянаў удзельнічалі таксама святар Пракаповіч і афіцэр Ясінскі. У пацверджанне сваіх слоў ён спасылаўся на сведкаў Фёклу Катаркевіч, Сідара Журневіча, Якава і Юрыя Сычэўнікаў, Івана Катаркевіча, адстаўнога салдата Апалінара Пакернецкага і казацкага юнкера Варламава. Невядома, ці выклікалі гэтых людзей у Ваўкавыск ў якасці сведкаў. Запісы іх паказанняў у справе адсутнічаюць.

Затое ёсць рапарт ад’ютанта ваеннага начальніка Ваўкавыскага у. паручыка Чымбаевіча, які паведаміў пра п’яны скандал, які ўчыніў В. Радкевіч у канцылярыі ваеннага начальніка. Адстаўны салдат увайшоў у канцылярыю і пачаў патрабаваць, каб яго пасадзілі ў астрог, дзе хоць карміць будуць. Потым перайшоў на тое самае “начальства”, якім так часта палохаў навадворцаў. Прысутныя засведчылі, што нецвярозы адстаўны салдат казаў пра “праклятае начальства” і патрабаваў, каб яго судзілі. Чымбаевіч загадаў пасадзіць яго на гауптвахту, але інвалід Радкевіч аказаў супраціў салдатам (!?), нарабіўшы “шуму ды крыку”. Салдаты пакінулі Радкевіча, але той не выходзіў з канцылярыі і працягваў зневажаць “начальства”. Скончылася тым, што салдаты ўсё ж такі гвалтам зацягнулі яго на гауптвахту, дзе той адсядзеў сем сутак.

Ваўкавыскі крымінальны суд зацягнуў прыняцце рашэння па гэтай справе. А ўвосень 1865 г. змяніліся правілы судовай вытворчасці, і справа “незаконнага збору 300 руб., трапіла на разгляд Гродзенскай Палаты крымінальнага суда. Распачалося новае следства. Паколькі Радкевіч упарта стаяў на сваёй версіі падзеяў, следчыя правялі “вочную стаўку”. З боку Новага Двара у ёй удзельнічалі сяляне Сямён Філіповіч, Павел, Пракоп, Давід і Гаўрыла Ганчарэвічы, Іван Лісоўскі, Рыгор Хаванскі, Іван Каскевіч, Ульян Гамановіч, Фларыян Грыгаровіч і Сямён і Рыгор Ботвічы. Апошні, у прыватнасці, заявіў, што Радкевіч схіляў сялянаў да збору грошай для яго, гаворачы, што ён прызначаны ваенным начальнікам у мястэчка, што калі ён не атрымае 500 руб., то ўсіх вышле ў Сібір. Яны, баючыся пагроз, сабралі для яго 300 руб. Ён згадзіўся іх прыняць. Сказаў, што калі б раней сабралі 600 руб., то не прыйшлося прымушаць іх на гэты збор75.

Іх паказанні, на думку следчых, улічылі адстаўнога салдата ў хлусні. Святар ахарактарызаваў В. Радкевіча як “чалавека з неспакойным характарам і п’яніцу”. Былы Ваўкавыскі назіральнік, які ажыццяўляў паліцэйскі нагляд ахарактарызаваў яго як чалавека “характера неспокойного, дерзкого и готового при первом случае завести драку, отзываясь, что с него взять нечего”. Фактычна, толькі адзін з апытаных (Гірш Фельман) “паказаў”, што сяляне перадалі грошы Радкевічу, каб той не выдаў прыхільнікаў паўстання. Таксама высветлілася, што гэты местачковы габрэй дапамагаў збіраць з сялянаў грошы.

Слуханне справы распачалося ў верасні 1867 г., а канчатковае рашэнне суд вынес ў лютым 1868 г. Восіп Радкевіч не панёс аніякага пакарання, бо грошы перадаў суду, а справа аб пагрозах паводле Улажэння пра пакаранні распачыналася толькі па скаргах тых, каму пагражалі. Сяляне з афіцыйнымі скаргамі нікуды не звярталіся. Справа незарэгістраваных у рэвізскіх кнігах “душ” была перададзена на разгляд Гродзенскага губернскага праўлення. Што датычыць знявагі “начальства”, то ў сувязі з нецвярозым станам Радкевіча яго да адказнасці вырашылі не прыцягваць. Справа верагоднага ўдзелу навадворцаў у забойстве Клары Радкевіч нават не закраналася. Грошы павінны былі быць вернутыя сялянам.

Дарэчы, каб іх атрымаць сялянскі сход у студзені 1868 г. выдаў даверанасць Мацвею Грушэўскаму і Рыгору Лісоўскаму. Гэтую даверанасць падпісала большасць гаспадароў з Новага Двара. Цікава, што Каткоўскія сярод падпісантаў адсутнічалі. Падобна, што яны не ўдзельнічалі ў зборы 300 руб. і, магчыма, знаходзіліся ў тым канфлікце на баку Радкевіча.

Аднак гэтым канфлікт не быў вычарпаны. Пацвярджаючы сваім “крыжыкам”-подпісам азнаямленне з рашэннем суда, Радкевіч выказаў нязгоду. А праз месяц суд атрымаў ад яго ліст, напісаны Данілам Каткоўскім, у якім утрымлівалася просьба выдаць завераную копію судовага рашэння. Радкевіч збіраўся абскардзіць рашэнне Гродзенскай Палаты крымінальнага суда.

У верасні 1871 г. ён накіраваў у ІІІ аддзяленне Гродзенскага губернскага праўлення данос пра злоўжыванні ў Новым Двары. Гэты данос быў перапраўлены ў Гродзенскую Палату крымінальнага суда, але наступстваў не меў.

У гэтым жа годзе (10 снежня) ад запалення лёгкіх памерла ягоная другая жонка Магдаліна Фёдараўна Радкевіч, 47 гадоў76. Дарэчы, падчас следства па справе 300 рублёў Гірш Фельман сцвярджаў, што Радкевіч запрасіў яго пералічыць сабраныя ў навадворцаў грошы, бо не жадаў, каб пра іх ведала жонка. Верагодна, Радкевіч узяў другі шлюб ужо ў восень 1863 г.

Апошнім акордам гэтай справы стала прашэнне Радкевіч да Гродзенскага губернатара, пададзенае ў жніўні 1881 г.77 Адстаўны салдат паведамляў, што жыве без сродкаў на існаванне, бо сяляне Новага Двара у 1874 г. не выдалі адпаведнага “приговора” ў Гродзенскі прыказ Таварыства грамадскай апекі, без чаго апошні перастаў выплачваць грошы па інваліднасці. Да таго ж старшына Навадворскага “общества” Якаў Германовіч і соцкі Рыгор Грушэўскі забралі ягоныя дакументы.

Восіп Радкевіч заявіў, што ў перыяд паўстання быў “доносчиком со стороны для содействия Правительству, за каковую услугу и получал денежное вознаграждение…” Адстаўны салдат згадаў, што страціў жонку, якую забілі замест яго, і заявіў, што ўрад вінаваты яму 500 руб. Паводле Радкевіча, у 1863 г. граф Мураўёў вызначыў яму кампенсацыю за забітую жонку ў памеры 700 руб. З іх 200 руб. ён атрымаў ад ваеннага начальніка Ваўкавыскага у. падпалкоўніка Казанлі, а 500 руб. не былі выдадзеныя ў сувязі з судовым працэсам. Радкевіч прасіў выдаць яму ўсю суму і вярнуць адабраныя дакументы.

Канцылярыя пераслала гэтае прашэнне Гродзенскаму паліцмайстру, які загадаў Ваўкавыскаму спраўніку ўзяць у Радкевіча дакументы, якія б пацвердзілі атрыманне ім грошай у 1863 г., а таксама ўзяць тлумачэнне, чаму так доўга не звяртаўся па іх і, нарэшце, вярнуць таму дакументы, якія адабрала валасное начальства.

Ваўкавыскі спраўнік паведаміў, што ніякіх дакументаў Радкевіч не мае. На пытанне, чаму не звяртаўся раней, адказаў, што па прычыне “сваей постоянной с времени мятежа болезни и нехватки времени”.

Сцвярджэнне Радкевіча пра 700 руб. было відавочнай хлуснёй. Звычайная сума грашовай кампенсацыі зрэдку перавышала 25 руб.

Рэпліка этнографа:

Ложь среди большей части из них (сялянаў – А.С.) в последнее время перестала уж, видно, считаться грехом. Они при всяком случае твердят: “Даль Бох, праўда. Кап я так до хаты счасліве зайшоў, як гэто праўда” и т.п., и если при поверке его окажется, что он солгал, то он, нисколько не смущаясь, скажет: “Нехай Бох грех мне даруе, а я думаў, што гэнак ено было”, или сошлётся на кого-либо другого78.
1 снежня 1881 г. гродзенскі губернатар М.Цэймерн вынес рэзалюцыю: “Ходатайство по безосновательности удовлетворению не подлежит”.

Гісторыка-антрапалагічны погляд на праблему дазваляе выказаць меркаванне, што мы маем дачыненне не з ідэалагічным канфліктам у сувязі з паўстаннем, які можна было б персаніфікаваць у формуле “Радкевіч versus Каліноўскі”, а хутчэй з унутраным канфліктамі паміж жыхарамі мястэчка. Карэннае насельніцтва Новага Двара (“мяшчане” Ганчарэвічы, Грушэўскія, Ботвічы, Філіповічы ды інш.) не “прыняло” адстаўных салдат-пераселенцаў і іх сем’і.

Студзеньскае паўстанне не змяніла мястэчковага ўкладу жыцця. Яно толькі ўскладніла яго. Навадворцы не ўсведамлялі палітычнага, эканамічнага і сацыяльнага значэння гэтай барацьбы. Традыцыйнае грамадства аднолькава варожа-абыякава сустракала як расійскіх салдат (“маскалёў”), так і паўстанцаў (“мяцежнікаў”). Праўда, на карысць паўстанцаў працавала надзея вяртання колішніх прывілеяў Новаму Двару.

Верагодна, што ў пэўны момант варагуючыя бакі вырашылі выкарыстаць сітуацыю паўстання на сваю карысць, што яшчэ больш абвастрыла канфлікт. Магчыма, Радкевіч сапраўды меў падставы сцвярджаць, што “карэнныя” навадворцы прычыніліся да забойства яго жонкі. Але доказаў іх віны ён не здолеў прадставіць.

Факт антыпаўстанцкіх даносаў адстаўнога салдата не пацверджаны дакументальны. Ягоны стан здароўя, а таксама непісьменнасць толькі ўзмацняюць сумненні ў праўдзівасці прызнання Радкевіч, што ён быў “доносчиком со стороны Правительства”. Упэўнена можна казаць толькі пра дэклараваную Радкевічам у прашэннях і даносах “преданность Правительству”, якая, верагодна, павінна была дапамагчы вырашыць справу на ягоную карысць.

Уражвае зацятасць гэтага канфлікту. Ён ізноў “разгарэўся” ў 1874 г., калі сялянскі сход не даў “приговору”, і Радкевіч быў пазбаўлены выплат па інваліднасці. У 1881 г. валасное начальства забрала дакументы Радкевіч, і толькі пасля ўмяшальніцтва гродзенскага губернатара яны былі вернутыя.

Гэты артыкул варта было б назваць “Радкевіч versus Новы Двор”...

Summary
Артыкул з’яўляецца спробай гісторыка-антрапалагічнага даследавання забойства паўстанцамі ў 1863 г. сялянкі Клары Радкевіч з мястэчка Новы Двор. Паводле сцвярджэння ўдаўца Восіпа Радкевіча, паўстанцы прыйшлі, каб адпомсціць яму за даносы, але ахвярай сталася жонка. В.Радкевіч на працягу амаль 20 гадоў абвінавачваў жыхароў Новага Двара ў дапамозе паўстанцам і ўдзеле ў забойстве жонкі.



Аўтар пераважна на падставе архіўных дакументаў, а таксама матэрыялаў этнаграфічных экспедыцый ХІХ ст. і дадзеных вуснай гісторыі (oral history) паспрабаваў зразумець матывы, якімі кіраваліся галоўныя дзеючыя асобы гэтага канфлікту. Аднак спроба зазірнуць ва ўнутраны свет жыхароў мястэчка, разабрацца ў асаблівасцях міжасабовых адносінаў прымусіла адмовіцца да першапачатковай гіпотэзы наконт ідэалагічнага супрацьстаяння Радкевіча і паўстанцаў. Канфлікт у Новым Двары меў унутраны характар, абумоўлены непрыняццем мясцовымі жыхарамі перасяленцаў і іх сямей. Паўстанне толькі абвастрыла гэты канфлікт, прычым варагаючыя бакі паспрабавалі выкарыстаць новую сітуацыю для ўласнага поспеху.

1 Довнор-Запольский М. Заметки из путешествия по Белоруссии // Виленский вестник. 1890, № 18 ад 22.01 (тут і далей усе цытаты падаюцца ў адпаведнасці з аўтэнтычным тэкстам”).

2 Аўтар выказвае шчырую падзяку супрацоўнікам НГА РБ у Гродне, супрацоўніцы Аддзела рэдкай кнігі і старадрукаў ГДГАМ Алесе Саўчук, загадчыцы Аддзела старой перыёдыкі Бібліятэкі АН Літвы Айдзе Грыбене, настаўніцы Навадворскай СШ Марыне Штоп, дырэктару Гродзенскай вячэрняй школы № 2 Эдуарду Смірнову, а таксама жыхарцы Новага Двара Веры Іванаўне Грыцкевіч за дапамогу ў падрыхтоўцы гэтага тэксту.

3 Любавский М. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского Статута. М., 1892 (Цыт. па Шаланда А. Герб мястэчка Новы Двор у Ваўкавыскім павеце // Герольд = Litherland. 2004, № 1-2 (13-14), с. 36.

4 Карповіч Л. Апошні шлях Барбары Радзівіл // Ніва. № 28 ад 15 ліпеня 2007 г.

5 Гл. Спиридонов М.Ф. Закрепощение крестьянства Беларуси (XV-XVI вв.). Минск: Навука і тэхніка, 1993.

6 Шаланда А. Герб мястэчка Новы Двор у Ваўкавыскім павеце // Герольд=Litherland. 2004, № 1-2 (13-14), с. 35.

7 Нацыянальны гістарычны архіў Рэспублікі Беларусь у Гродне (далей НГА РБ у Гродне). Ф. 1, воп. 1, ад.з. 2624, арк. 1 – 8.

8 НГА РБ у Гродне. Ф. 1, воп. 3, ад.з. 422, арк. 120 адв. – 121.

9 Палубінскі А.С. Постаці паўстання 1830-1831 гг. // Памяць. Свіслацкі раён: гісторыка-дакументальная хроніка гарадоў і раёнаў Беларусі. / Рэдкал. І.І.Варанец і інш. Мн.: Беларусь, 2004, с. 57.

10 НГА РБ у Гродне. Ф. 581, воп. 1, ад.з. 516, арк. 20.

11 Тамсама. Ф. 1, воп. 4, ад.з. 49, арк. 30 адв.; Памяць. Свіслацкі раён…, с. 48.

12 Тамсама. Ад.з. 646, арк. 101 адв. – 102

13 Расійскі Дзяржаўны гістарычны архіў у Санкт-Пецярбургу (далей РДГА ў СПб.). Ф. 1290, воп. 4, ад.з. 77, арк. 75.

14 Атлас народонаселения Западно-русского края по вероисповеданию. СПб., 1864, с. 10.

15 Марозава С. Уніяцкая царква ў этнакультурным развіцці Беларусі. 1596-1839. Гродна, 2001, с. 254.

16 НГА РБ у Гродне. Ф. 1, воп. 4, ад.з. 909, арк. 1.

17 Тамсама. Ф. 31, воп. 2, ад.з. 202, арк. 144 адв.-145.

18 Тамсама. Ф. 1, воп. 13, ад.з. 967, арк. 3-6.

19 РДГА ў СПб. Ф. 1290, воп. 4, ад.з. 77, арк. 75.

20 Памяць. Свіслацкі раён..., с. 517.

21 НГА РБ у Гродне. Ф. 14, воп. 3, ад.з. 76, арк. 28 адв. – 29 адв.

22 Тамсама. Ф. 31, воп. 2, ад.з. 2447, арк. 18 адв.

23 Тамсама, арк. 19-19 адв.

24 Довнор-Запольский М. Очерки семейственного права крестьян Минской губ. // Исследования и статьи. Т. 1. Киев, 1909, с. 43-44.

25 Тамсама, арк. 30-34.

26 Аддзел рукапісаў Бібліятэкі Віленскага універсітэту. Апісанне Поразаўскай воласці паводле апытання Паўночна-заходняга аддзелу Імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства. 1873 г. F 34 – GD 88.

27 Słownik geograficzny Królewstwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Wyd. pod red. Bronisława Chlebowskiego i Wł.Walewskiego. T VII. Warszawa, 1886, s. 295

28 НГА РБ у Гродне. Ф. 2, воп. 32, ад.з. 1501, арк. 87 адв. – 88, 145 адв. – 146, 210 адв. – 211, 232 адв. – 233; Варанец І.І., Палубінскі А,С., Крыштофік В.Я. У паслярэформенны час // Памяць. Свіслацкі раён..., с. 59

29 Памяць. Свіслацкі раён..., с. 517.

30 НГА РБ у Гродне. Ф. 14, воп. 3, ад.з. 76, арк. 28 адв. – 29 адв.

31 Надпіс на крыжы: 1853. TU LEZY MAGDALINA FILIPOWIC. Захаваўшыяся запісы метрычнай кнігі дазволілі ўдакладніць астатняе (НГА РБ. Ф. 248, воп. 1, ад.з. 1, арк. 119 адв.). Варта звярнуць увагу на польскую мову надпісу, а таксама на сам факт устаноўкі каменнага крыжа (каля 1 м вышыні і 0,5 м шырыні) на магіле пяцігадовай дачкі селяніна Івана Фаміча Філіповіча.

32 Аўдыёматэрыялы экспедыцый у Новы двор 21.10.2007 г. і 18.12.2007 г. захоўваюцца ў архіве аўтара.

33 Кастусь Каліноўскі. За нашую вольнасць. Творы, дакументы. Мінск: Беларускі кнігазбор, 1999, с. 27-39.

34 Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 – люты 1917 г. Санкт-Петербург: Невский простор, 2004, с. 59-60.

35 Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857-1865. T. 1. Wilno, 1913, s. 237-238.

36 Ibidem. T. 2. Wilno, 1913, s. 140-141

37 Апошнія словы (паводле А.Масалова) // Кастусь Каліноўскі. За нашую вольнасць. Творы, дакументы. – Мінск: Беларускі кнігазбор, 1999, с. 208.

38 Гісторыя Беларусі канца XVIII – пачатку ХХ ст. у дакументах і матэрыялах. Хрэстаматыя. Укладальнік А.Смалянчук. Вільня, 2007, с. 150-151.

39 Мужыцкая праўда. 1863 № 7 // Кастусь Каліноўскі. За нашую вольнасць..., с. 37-39.

40 НГА РБ у Гродне. Ф. 3, воп. 1, ад.з. 16, арк. 68-71.

41 Тамсама. Воп. 3, ад.з. 6, арк. 1.

42 Тамсама, арк. 13.

43 Ягорычаў У.Я., Палубінскі А.С. Паўстанне 1863-1864 гг. // Памяць. Свіслацкі раён..., с. 65

44 Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Собранные и приведенные в порядок П.В.Шейном. Том I, часть II. Бытовая и семейная жизнь белоруса в обрядах и песнях. СПб., 1890, с. 37-38.

45 Материалы для изучения быта…, c. 98.

46 Там же, с. 21.

47 Повстанческое движение в Гродненской губернии. 1863-1864 гг. / сост. Т.Ю.Афанасьева и др.; под ред. Д.В.Карева. Брест: Академия, 2006, с. 46.

48 НГА РБ у Гродне. Ф. 1, воп. 34, ад.з. 943, арк. 35.

49 Тамсама. Ф. 970, воп. 2, ад.з. 10, арк. 204-204 адв.

50 Тамсама. Ф. 3, воп. 1, ад.з. 16, арк. 40.

51 З хронікі баявых сутычак паўстанцаў. Укл. С.Філатава // Беларускі гістарычны часопіс 1993. № 3, с. 59; Aramowicz I. Pamięetnik o ruchu partyzanskim w województwie grodzieńskim w 1863 i 1864 r. Bendlikon, 1865.

52 НГА РБ у Гродне. Ф. 3, воп. 1, ад.з. 16, арк. 50.

53 Тамсама, арк. 77 адв.

54 Тамсама. Ф. 970, воп. 2, ад.з. 3, арк. 2-2 адв.

55 Тамсама, арк. 24 адв.

56 Тамсама, арк. 25 адв.

57 Повстанческое движение в Гродненской губернии..., с. 31.

58 НГА РБ у Гродне. Ф. 3, в. 1, ад.з. 16, арк. 3 – 3 адв.

59 Тамсама, арк. 7.

60 Тамсама, арк. 9, 27.

61 Тамсама. Ф. 248, воп. 1, ад.з. 2, арк. 66 адв.

62 Повстанческое движение в Гродненской губернии..., с. 155-158.

63 НГА РБ у Гродне. Ф. 3, воп. 1, ад.з. 19, арк. 44-53.

64 Довнор-Запольский М. Очерки семейственного права крестьян Минской губ., с. 45.

65 Багданович А. Мои воспоминания // Неман. 1994, № 5, с. 9.

66 Тамсама, с. 10.

67 НГА РБ у Гродне. Ф. 248, воп. 1, ад.з. 1, арк. 83 адв. - 84

68 Тамсама, арк. 45 адв. - 46

69 Материалы для изучения быта…, c. 104.

70 НГА РБ у Гродне. Ф. 581, воп. 1, ад.з. 516, арк. 34.

71 Тамсама, арк. 24, 30-31.

72 Материалы для изучения быта…, c. 94.

73 НГА РБ у Гродне, арк. 24-25.

74 Тамсама. Ф. 1, воп. 34, адз. 943, арк. 35-35 адв.

75 Тамсама. Ф. 581, воп. 1, ад.з. 516, арк. 27.

76 Тамсама. Ф. 248, воп. 2, ад.з. 1, арк. 59 адв.

77 Тамсама. Ф. 1, воп. 8, ад.з. 686, арк. 1-7.

78 Материалы для изучения быта…, c. 94.




: sites -> default -> files
files -> Праграма Artes liberales 2013 (12–28. 02)
files -> Паводле лірычных твораў А. С. Пушкіна мы іграем пушкіна
files -> 1 Перыядызацыя гісторыі Гісторыя
files -> Закон рэспублікі беларусь 3 ліпеня 2008 г. №420-з аб Правілах беларускай арфаграфіі І пунктуацыі Прыняты Палатай прадстаўнікоў 24 чэрвеня 2008 года Адобраны Саветам Рэспублікі 28 чэрвеня 2008 года
files -> 1. Засяленне беларускіх зямель. Характарыстыка даіндаеўрапейскага перыяду этнічнай гісторыі Беларусі
files -> Арганізацыя дзейнасці Лятучага ўніверсітэта як рэалізацыя місіі
files -> Пытанні да экзамену па гісторыі Беларусі
files -> Установа адукацыі «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна»
files -> Гарадская палітыка ў беларусі: case-study рэканструкцыі гістарычнага цэнтра гродна
files -> Удой на карову (кг) Сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе (гр.)


Поделитесь с Вашими друзьями:
1   2   3




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал