Калісьці самаю прыгожай з усіх дзяўчат яна была



Дата канвертавання18.06.2016
Памер166.44 Kb.
Жонка
Калісьці самаю прыгожай
З усіх дзяўчат яна была,
I ты за ёю асцярожна
Хадзіў па вуліцах сяла.

Здавалася, у цэлым свеце


Такіх яшчэ не сустракаў
I у пралескавым букеце
Ты ёй запіскі пасылаў.

Чакаў яе і спадзяваўся,


Здалёк у вокны паглядаў,
На роўным месцы спатыкаўся
I песні пра яе складаў.

Спяваў аб харастве дзявочым,


А ў змроку восеньскіх начэй
Табе яе свяцілі вочы,
Што прыгажэй за ўсіх вачэй.

Яна цябе назвала любым,


I у апошні мірны год
Яе ты песціў і галубіў
I піў гарачых вуснаў мёд.

Яна ў паход цябе збірала,


Як толькі грымнула вайна,
Яна касіла, жыта жала,
Лісты табе на фронт пісала,
Табой жыла, цябе чакала,
I дачакалася яна.

Прыйшоў дамоў.


У кожнай хаце
Ты быў для ўсіх жаданы госць —
Знайшоў сяброў, ды толькі страціў
Сваю былую маладосць.

I песень не складаеш болей,


Знаходзіш сотні іншых спраў
I топчаш тыя кветкі ў полі,
Што толькі для яе збіраў.

I у асенні змрочны вечар


Яна дамоў ідзе адна,
Бо ты забыў пра ўсе сустрэчы,
Бо стала жонкаю яна.

***


Валянціне

Я цябе прыгадаў


Басаногаю, шустраю, тонкай,
Пад нагамі рассыпала
Раніца зерні расы,
I тады, у далёкія тыя часы,
Я цябе уяўляў
Залатою сасонкай,
I здавалася, будзеш такою заўжды —
Маладою, іскрыстаю, крышачку колкай.
Ды хіба ж загадаеш,
Каб вечна квітнелі сады
I ніколі на небе не гаслі вясёлкі?
Ды хіба ж загадаеш каму,
Каб гады
Над табою і мною улады не мелі,
Каб спынілася плынь веснавое вады,
Каб да старасці скроні у нас не сівелі?
Пасівелі, а сэрца не хоча старэць —
Мабыць, вызнана мала і зроблена мала.
Мы гарэлі ў агні, але нам не згарэць,
Навальніца прайшла, але нас не зламала.
Ты заўсёды была клапатліваю жонкай,
Ты суровай была міласэрнай сястрой.
Я цябе і цяпер уяўляю сасонкай,
Што яшчэ палымнее вячэрняй зарой.

1956

Сляды


Памяці Н. А. Войткі1

Месячныя ночы, як тады,


Калі мы, не верачы ў разлукі,
Па сцяжынцы беглі да вады
Удваіх, пабраўшыся за рукі.

Ты пытала: «Ну нашто, зачым


Гэтыя таемныя сустрэчы?»
Але зноў да берага Пцічы
Мы ішлі з табою кожны вечар.

Ты, нібы шукаючы гусей,


Берагам ка мне ішла з усмешкай,
I на дымнай чэрвеньскай расе
Толькі засталіся нашы сцежкі...

...Месячныя ночы на Пцічы


Пахнуць мёдам і мурожным сенам,
Але, даўняй сцежкай ідучы,
Я цябе ніколі не сустрэну.

Белыя туманы на Пцічы,


Месяц за дуброваю знікае...
Я адзін блукаю уначы,
Клічу і ніяк не прычакаю.

Дагараюць росы на траве,


Засцілае вочы горкім дымам.
Клічу я, хоць знаю, што табе
Не прыйсці ніколі з Асвенціма.

Пад вярбой ля самае вады


Двое незнаёмых абняліся,
Дзе твае маленькія сляды
На пяску вільготным засталіся.

1958

Твой голас

Тут сонца і ружы у скверы,
Тут спеюць інжыр і хурма,
I цяжка адразу паверыць,
Што недзе ў Сібіры — зіма,

Што хмары, звісаючы нізка,


Дарогі вадой залілі,
Што восень у нас і над Мінскам
Ляцяць і ляцяць жураўлі,

Што голыя мокнуць асіны,


Што з клёнаў апалі лісты,
Ад іх, як ад лапак гусіных,
Наўкол чырванеюць сляды.

Мне так закарцела дадому,


Пакуль не мінуў лістапад,
I раптам знаёмы-знаёмы
Твой голас паклікаў назад.

Даводзіла ты мне старанна,


Што трэба на поўдні пажыць...
Я чуў, што дрыжыць не мембрана,
А радасны голас дрыжыць.

Здалося, нібы ўвачавідку


Мы побач з табою стаім
I провада тонкую нітку
Сагрэлі дыханнем сваім.

Бо шчасце не ведае меры,


А шчасця без веры няма.
Няхай жа і ў нашыя дзверы
Не грукае болей зіма.

I раптам, не скончыўшы сказа,


Ты змоўкла: хвіліны прайшлі...
I зноў над хрыбтамі Каўказа
Аднекуль ляцяць жураўлі.

1960
***
Ты, мабыць, добра ведаеш сама,
Што ні ў дарозе, ні ў сваім пакоі
Мне без цябе ні радасці няма,
Няма ні паратунку, ні спакою.
А прыйдзе ж дзень, і нехта з нас дваіх
Адзін у адзіноце застанецца.
Напэўна ты.
I ўжо да рук маіх
Ніколі аніхто не дакранецца,
Ім больш не дацягнуцца да пяра
I да твае далоні пры сустрэчы,
I нечакана гора, як гара,
Твае прыцісне вузенькія плечы.
Ніхто цябе не выйдзе сустракаць
Ні ў летні дождж, ні ў лютаўскую замець,
I толькі часам будзе дакараць
Надоўга патрывожаная памяць,
Што не паспела нечага сказаць,
Што нечага спытаць не мела часу,
Што радасць і пакуты не звязаць
I не пачуць ніводнага адказу.
Але пакуль жывецца — будзем жыць,
Задумваць не на дзень, а на стагоддзі,
Каханнем, хоць і познім, даражыць
Пры ветранай і сонечнай пагодзе,
I ўсё, што набалела, расказаць,
Нічога не забыцца, не адкласці,
Сустрэчнаму дарогу паказаць,
А час надыдзе — на хаду упасці.

1962

***


Як я жыў без цябе?
I не ведаў, што недзе на свеце,
За глухімі лясамі,
За сотнямі ўзгоркаў і меж,
Не на дальнім сузор’і,
А у нас на планеце
Ты ў зялёным і ціхім
Завулку жывеш.

Як я жыў без цябе?


А маглі ж не сустрэцца ніколі,
За паўкроку
Адно аднаго абмінуць,
Разысціся,
Як сцежкі расходзяцца ў полі,
I не знаў бы,
За страту каго папракнуць.

Мабыць, трэба было


Праваліцца у пекла,
Траціць блізкіх,
Пакутаваць, мерзнуць, гарэць,
Ратавацца,
Каб лютая сцюжа не ссекла,
Каб цябе пад Палярнаю зоркай
Сустрэць і пазнаць
I адразу забыцца аб крыўдзе,
Каб убачыць праменьчыкі
Ў зрэнках тваіх,
Нарадзіцца ізноў
I паверыць, што прыйдзе
I збавенне, і шчасце
Адно на дваіх;
Падабрэць, памякчэць,
Назаўсёды скарыцца
Непадкупнай
Суровай тваёй чысціні,
Каб істоты тваёй
Адкрываць таямніцы,
Каб душу гартаваць
На высокім агні.

Час ляціць і ляціць,


Завіруха завеяла скроні,
Пакідаюць насечкі
Гады на ілбе.
Я гляджу на цябе,
Я дзіўлюся і сёння,
Чым я жыў без цябе,
Як я жыў без цябе?..

1965
***

Нас разлучалі вёрсты, і гады,


I цёмныя аснежаныя далі.
Мае дарогі і мае сляды
Сыпучыя снягі пазамяталі.

На ломкі пласт лажыліся пласты,


Завеі скавыталі, як шакалы.
З усіх дарог вярталіся лісты,
А ты мяне гукала і шукала.

Ішла на поўнач, ехала на ўсход,


Мяняючы прыпынкі і вакзалы.
Міналі дні, ішоў за годам год,
I сэрца шлях адзіны падказала.

Неспадзявана, як у снежні гром,


Як у глухую поўнач промень сонца,
Нібы жар-птушка з вогненным пяром,
Ты да мяне ляцела на трохтонцы.

Шчаслівыя, да самага відна


Сядзелі мы, пабраўшыся за рукі,
I верылі, што толькі смерць адна
Над намі мае права на разлукі.

1965
***

Будзь музаю маёй,


Маім натхненнем
I ласкаю;
I казкаю жывой,
Маёй надзеяй і маім сумленнем,
I толькі будзь заўжды
Сама сабой.

Няўмольнаю, спагадлівай,


Вясёлай,
Маўкліваю і надта гаваркой,
У дождж іскрыся
Чыстаю вясёлкай,
У спёку стань
Крынічнаю ракой,

Прымі мяне


У залатое лона,
Ад смагі дай
Гаючую ваду,
I я з твайго
Чароўнага палону
Ніколі сам нікуды не пайду.

Твайго святла


Ужо нішто не засціць;
Ты для мяне,
Як зорка на зямлі;
Таму з табой
У горы і ў няшчасці
Заўсёды мы
Шчаслівымі былі.

Ты не даеш


Сабе і мне спакою,
Бо нам супрацьпаказаны спакой.
Свяці вясёлкай,
Стань жывой ракою,
Надзеяю
I музаю маёй.

1965
Бывай
Дагарае захад, дагарае,
Зелянее на лугах туман,
Дзе ж ты, азавіся, дарагая, —
Даўняя надзея і падман.

Нашыя дарогі разышліся


На мяжы сумлення і маны.
Дзе ж ты, дарагая, азавіся
З прывіднай далёкай даўніны…

Нас ніхто ніколі не пачуе,


Мы знікаем, як начны туман.
Дагарае захад, і хачу я
Хоць у сне убачыць тонкі стан.

Юнаю, іскрыстаю прысніся


I мяне ні ў чым не дакарай.
Калі ж ты жывая, азавіся,
Каб было каму сказаць «Бывай».

[1988—1989]

* * *


Дагарае леташняе лісце,
Коцікі ўваскрэслі на вярбе,
Я чакаю ў змроку, як калісьці,
I не дачакаюся цябе.

Ведаю, — не прыйдзеш, а чакаю,


Можа, лёгкім ценем прамільгнеш,
Светлая, як ветразь, трапяткая,
Дзе ж ты так забавілася, дзе ж?

Нават наша хвоя учарнела,


Дзе ад шчасця заміралі мы.
Колькі ж гэта летаў праляцела
Ад тае вясны і да зімы,

Што навек з табою разлучыла,


Што не забываў і не забыць,
Што на сконе веку развучыла
Верыць, спадзявацца і любіць.

Ты ў блакітным ранішнім тумане,


У карунках зорнага святла
Недасяжнай, незваротнай зданню
Над зямлёй бясследна праплыла.

Я, дзівак, твайго шукаю следу


На пачатку кожнае вясны
I прыходжу, каб ніхто не ведаў,
Да тае ўчарнелае сасны.

16—17 красавіка 1992 г.

Незваротнае



Памяці С. Э.

Як цябе я любіў,


Ад вачэй і да пятак
Ты свяцілася ў змроку ружовым святлом.
Гэта быў нечаканага шчасця пачатак
Пад гарачым маім і пяшчотным крылом.

Як цябе я кахаў!


Як мяне ты любіла!
Мы з табою былі як істота адна.
Нас вяла і яднала таемная сіла,
Толькі шчасце было усяго давідна.

Адарвалі, забралі,


Пагналі кудысьці.
Толькі крыкнуць паспела: «Трымайся! Бывай!»
Не было ні надзей, ні ратунку, ні выйсця,
А пакут і разлук назаўжды — цераз край.

Не забыў, не забуду.


З такімі вачамі
Немагчыма ніяк размінуцца ў жыцці.
Я шукаю цябе, ты мне снішся начамі,
А магілы ніколі ў тайзе не знайсці.

18 снежня 1992 г.

Закаханым

Гляджу на маладых і закаханых,
Нібы здалёку на сябе гляджу,
Вясновай стомаю закалыханы
I шэптамі маруднага дажджу.

Здаецца, расхінаю гронкі бэзу,


Што расцвіце сягоння давідна,
I праз густы шыпшыннік пералезу
Да цёмнага высокага акна.

У цішыні дрыжаць на шыбах зоры,


I маладзік глядзіць у твой пакой,
Ты расхіні хоць напалову шторы
I хоць усмешкай сэрца супакой.

Далёкае прыпомніцца, як сёння,


Хоць зморшчыны не сцерці на ілбе,
I сівізна пасерабрыла скроні,
Каханая, ў мяне, а і ў цябе.

Мінула ўсё, і казачная стома


З табою разлучыла назаўжды.
Дзе ты цяпер? Нікому невядома,
I безнадзейна страчаны сляды.

Успамінаю даўнія гады я


I шчасце ад вясны і да зімы...
Шкада, калі такія маладыя
Расстануцца дарэмна, як і мы.

16—17 студзеня 1994 г.

* * *


Снег завейвае плечы
I маю галаву.
Да жаданай сустрэчы
Я наўрад дажыву.

Праз снягі і завею,


Праз начную жуду,
Я хутчэй пасівею,
Чым да любай дайду.

Толькі ўспомню аб свяце


У былыя гады
I адчую, што страціў
Я цябе назаўжды.

Незваротнаю стратай


Пакараў мяне Бог.
Мабыць, сам вінаваты,
Што цябе не збярог.

2 лістапада 1994 г.

* * *


Лісты не прыходзяць, няма тэлеграм,
Табе дазваніцца ніяк немагчыма,
I нават з адчаю не вып’еш сто грам,
Каб ты ажыла прад вачыма.

Магчыма, цябе і на свеце няма,


А ў памяці быццам — Мадонна святая,
Магчыма, сухімі снягамі зіма
Ці восень лістамі твой след замятае.

Пакуль я жывы, ты жывеш як жыла,


Адданая, прагная і трапяткая.
Шкада, што гняздо на дваіх не звіла,
Што сёння мяне ўжо ніхто не спаткае.

I я не праводзіў цябе назаўжды


У дождж ці ў крутыя марозы.
Імкліва бягуць за гадамі гады,
Як познія горкія слёзы.

19 лістапада 1994 г.

Мінае лета

Апошні дзень вясны закрэслю
У перакідным календары,
А ты мне за любоў і песню
Усмешку толькі падары.

Нас грэлі цёплыя пракосы,


Над намі воблакі плылі,
Як з келіха, ад смагі росы
З лілеі белае пілі.

На досвітку шаптала вецце


Нам зачарованыя сны,
Нібыта у дзівосным свеце
Былі з табою мы адны.

А тое лета так далёка,


Што нават не хапае слоў,
I толькі не сціхае клёкат
Шчаслівых, як і мы, буслоў.

Успамінаю і не веру:


Было яно ці не было —
Лілеяў водар і аеру,
I бусла белае крыло.

Навошта патрывожыў сёння


Расінку, што сплыла з павек?
Мінае лета. I на сконе
Шчаслівы наш і горкі век.

1995

Апошняя элегія

Адкахаў, адлюбіў, адсмяяўся,
Траціў болей, чым меў у жыцці,
I заўсёды усё ж спадзяваўся
Хоць жывую іскрынку знайсці,

Каб душу ратавала ад сцюжы


I свяціла у змроку начэй,
Падтрымала, калі занядужаў,
I любіла за ўсіх гарачэй.

Уяўляў яе светлай багіняй,


А сустрэўся аднойчы у дождж
I пабачыў у глеі і гліне
На пякельнай зямлі басанож...

Паглядзеў, памаліўся на неба.


Вось якая прыйшла навіна:
Вось якая мне толькі і трэба —
Як душа, назаўсёды адна.

Праімчала больш за паўвека,


Мы рабіліся ў горы дужэй,
Не была нам патрэбна апека,
Бо яна мне за ўсё даражэй.

Наш апошні рубеж недалёка.


Паратунку не знойдзеш нідзе:
Засталося, магчыма, паўкрока...
Хто ж апошні каго правядзе?

11 жніўня 2002 г.

Дзве радасці

Твае усмешкі мне, як падарункі,
Тваё прызнанне, як шчаслівы лёс.
Я на цябе гляджу цераз карункі,
Што сплёў на шыбах ранішні мароз.

Аднолькава шчаслівыя абое


Спяшаемся ў завейныя сады,
Дзе па крутых сумётах за табою
Не паспяваюць познія гады.

А мы ўцячэм ад іх у снежны вечар,


Каб замяла завея кожны след,
Няхай асыпле іней нашы плечы,
Як той далёкі яблыневы цвет.

Калі ж бяда падкосіць на паўкроку,


Хоць з ёю, можа, спраўлюся і сам,
Ты да мяне спяшаешся здалёку,
Каб падзяліць пакуты напалам.

Як лёгка нам з табою ў лад ісці


З дрыгвы і багны на круты пагорак,
Бо радасць на дваіх — дзве радасці,
А гора на дваіх — паўгора.

1981
Нязгаслая душа

Ты пабудзь са мною, дарагая,


Хай душа адкрыецца душы,
Не зважай, што свечка дагарае
I яе дачасна не тушы.

Памаўчым, паверым у надзею,


Як у шчасце верылі спярша,
Не зважай, што сэрца халадзее,
Не астыла б чулая душа.

Мроіцца то росны луг, то рэчка,


Пылам незабыўны шлях курыць.
Ты пабудзь, пакуль датлее свечка,
А душа ніяк не дагарыць.

9 студзеня 1994 г.

ЗОРНАЯ ФАНТАЗІЯ


Прыснілася: я колісь лётаў птушкай

Ад зоркі і да зоркі за табой,

Прасіла ты: “Хоць трошачкі пагушкай

І дакраніся да губы губой.”


Ляцелі мы з табою і ляцелі,

А Млечны шлях сузор’і замялі,

Былі мы ў белым пер’і, а хацелі

Прыпасці да блакітнае зямлі


Нас вабілі лілейныя азёры,

Залочаныя лотаццю лугі.

Калі ж мы наляталіся да зморы,

На росныя прысталі берагі.


Пад пер’ем сэрцы соладка трымцелі,

І мы сябе адолець не змаглі:

Буяла кроў у акрыялым целе,

І мы спазналі радасць на Зямлі.


На нас Венера з вышыні глядзела,

А ты шаптала: “Крылы не зламі…”

Пакуль мы спалі, пер’е абляцела,

І сталі мы бяскрылымі людзьмі.


Нам здаўся Млечны шлях такім кароткім,

Спасціглі мы прамудрасці жыцця:

Зайздросцім і глядзім, як нашы продкі, —

І сёння, парай, лебедзі ляцяць.


22/ХІ — 1997

КАХАНАЯ
Каханая, калісьці стане маці.

Але чаму цябе я пакахаў,

І нечакана ў паркалёвым плацці,

Нібыта немаўля закалыхаў?

Мяне твае зачаравалі вочы,

Хоць не было спакуслівых надзей

На чэрвеньскія месячныя ночы

І цеплыню хвалюючых грудзей,

І на пагляд ласкавы і спакусны,

Што Апалона мог зачараваць,

Што, як суніцы, выспелыя вусны

Адважуся хоць раз пацалаваць.

Пакутлівай адвагі не хапала:

Здавалася святым анёлам ты,

Ды неспадзеўна яблыка упала

З вышыняў недасяжнай пекнаты.

Не памятаю, як да вуснаў вусны

Ледзь дакрануліся і ўжо не адарваць…

Ружовы верас пад табою хруснуў,

І ты змагла усё мне дараваць —

І боль, і трапяткую асалоду,

І першага кахання чысціню,

І разуменне, і любоў, і згоду,

І цеплыню пяшчотнага агню.

Былі тады, нібы на першым свяце,

У тую ноч шчаслівыя ўдвая,

І стала ты ласкавай маці,

Адзіная, каханая мая.
1995

У БЯЗГРЭШНЫМ ПРЫТУЛКУ


Паміж намі былі толькі вусны

І спалоханы дотык рукі,

Ды сучок пад абцасікам хруснуў.

І русалка зірнула з ракі.


Захлынулася сэрца трывогай.

Каб ратунак знайсці удваіх,

Як ад Бабы-Ягі аднаногай,

У бязгрэшым прытулку святых.


За вярбой трапяткою і ніцай,

Дзе малінаўкі гнёзды вілі,

Пад дзіравай страхою капліцы

Мы спакой і прытулак знайшлі…


Але, толькі расплюшчыўшы вочы,

Ты, нібыта парваўшы сіло,

Знікла ў змроку туманнае ночы,

Быццам шчасця у нас не было.


Вось ужо і стагоддзе мінае,

А душа? А душа ўспамінае,

І ўсё сніцца, і сніцца, і сніцца

Тая ноч пад вярбой і капліца.


1997

САЛОДКАЕ ВІНО


Давай з табой на развітанне

Дап’ём салодкае віно,

Успомнім першае спатканне,

І ўсё, што канула на дно.


Як разам салаўінай ноччу

Страсалі срэбную расу,

Як я шаптаў, што не сурочу

Тваю дзівосную красу.


Ты ўпершыню шапнула: “Любы…”

Як толькі маладзік зайшоў,

І я малінавыя губы

Тады упершыню знайшоў.


Так праляцела паўстагоддзя,

Нібыта у нямым кіно.

Давай цяпер у поўнай згодзе

Дап’ём салодкае віно.


26/VII/1994

***


Сумую па табе. Сумую

Шукаю, клічу – ўсё дарма.

Не тэлеграм, цябе самую

Чакаю, а прыйшла зіма.


Куды ж занесла завіруха?

Дзе ты цяпер? Куды ідзеш?

Начамі сэрца точыць скруха,

Пакуль у ім адна жывеш.


Я то спрачаюся з табою,

То літасці тваёй прашу,

Каб узяла ў палон без бою

Маю настылую душу.


Ты і ўзяла…

І месяц срэбны

Глядзіць з-за воблака ў журбе,

Бо ты адна мне так патрэбна,

Як не патрэбен сам сабе.
ТАЯМНІЦА
За зоркаю знікае зорка,

Не заціхае лістапад,

І на змярканні вецер горкі

Даносіць палыновы чад.

Як рэха дальняй навальніцы,

І водблеск, што ледзь-ледзь відаць,

Так нашай даўняй таямніцы

Ніхто не змог бы разгадаць.

Неспадзявана згасла свечка,

Схаваўся месяц у галлі,

А мы з табой пустую спрэчку

Ніяк закончыць не змаглі.

Замоўклі галасы і гукі,

Здавалася, на ўсёй зямлі,

І толькі вусны , толькі рукі

Ўсё зразумець дапамаглі.

Калі душа душу сагрэла,

Я ісціны усе спасціг,

Як толькі свечка дагарэла,

А мы з табой былі ўдваіх.

Не ведаю, каму маліцца,

Асенняй ночы без святла,

Ці што над намі Мілавіца

Неспадзявана узыйшла,

То месяца праменьчык тонкі,

То знічкі зніклі і ўзыйшлі,

А мы з табой свае пярсцёнкі

Як ні шукалі, не знайшлі.


1998г.
НАЧНАЯ КАЗКА
У верасні і верас дацвітае,

І Вера ў сны, як казка, залятае,

Вяртаецца з далёкіх далячыняў

Сярод свавольніц і святыняў,

Дзе мільгацяць маланкамі агні

І на зямлі, і ў вышыні,

Што запалілі грэшныя анёлы

Пад гукі не псалмоў, а “Баркаролы”,

А Вера ж некалі была зямною

І ўсе дзяліла радасці са мною

І шчасце ад вясны і да вясны,

Чароўныя аберагала сны.

На вераснем замеценым світанні

Растала прывідам без развітання,

Сляды завеялі кляновыя лісты,

Між намі зніклі кладкі і масты,

Нас сівізной ахуталі туманы,

І ныюць незагоеныя раны,

Забыліся і ласкі, і пяшчоты

І часта ў сне пытаю: “Хто ты?”

І чую: “Помніш, верасы цвілі,

І мы з табою, як адно былі,

А хтось разняў дарэмна нашы рукі”.

І змоўклі крокі, таямніцаў гукі.

Пакуль ружовыя не згаснуць верасы,

Я не забуду чад тваёй красы”.

На адзіноце верас дацвітае,

І ў сны прыходзіць казка залатая

І ледзьве чутны таямнічы сказ:

“Вярніся ў сны хоць у апошні раз”.


1996

х х х
Не думаў, што асіліць боль мяне,

Лепш келіх разаб’ю атрутнае маркоты,

І адшукаю на крыштальным дне

Адзін адказ — якая ты і хто ты.
З дакорам узіраешся ў мяне

Не з дальняй далечы, а тут ты,

І ўсё ж не веру, што папрок кране

Салоджанай пілюляю атруты.


А я ж цябе заўжды адну чакаў

За брамкаю, на сцежцы, на парозе,

І ныла заінелая шчака,

А сэрца не астыла на марозе.


Мае гады знікаюць, як туман,

А ты была — і шчасце, і пакута,

Не верылася толькі, што падман

Паверне ўсё бязлітасна і крута.


Вось падыходжу да апошняй даты,

Адзначаны крыжамі ўсе сляды,

І толькі не вярну адзінай страты,

Якую так бярог усе гады.


25/Х/1998

ГРЭШНЫ СОН


Прысніўся нечакана грэшны сон,

Што мы адно другому пакляліся

Смяяцца і журыцца ва ўнісон,

І да світання ў змроку засталіся.


Калі ж у шыбу пырснула святло,

Міналі будні і міналі святы,

А ці былі грахі, ці не было, —

Ні ты, ні я ні ў чым не вінаваты.


Я ўспамінаю раннюю вясну

І нашы першыя грамніцы

І нашы першыя г На сходзе дзён сваіх раней засну,

Каб грэшны сон паспеў прысніцца.


15/І/2000
ПАСЛЯ РОСТАНІ
Я часам вас не разбудзіў

Сваім званком неспадзяваным,

Што і сябе, і вам на здзіў

Патурбаваў занадта рана?

Я ўспомніў русую касу,

На шчоках кроплі пазалоты,

Вагаўся, што ізноў нясу

Пакуту даўняй адзіноты.

Пусціце. Я не закрану

Спакою вашага адразу,

Усё былое абміну,

Забуду крыўды і абразу,

І столькі страчаных гадзін,

Калі расстацца не маглі мы.

Прайшлі гады. Я зноў адзін

Прыпомніў кожны рух імклівы,

І смех, і шэпты давідна,

І шчасце ў змроку непагоды…

Зноў я адзін, і вы адна,

І ўжо, магчыма, назаўсёды.

Дазвольце вашую руку

Да сэрца і да губ прыкласці,

І я ніколі не ўцяку

Ад вас і знойдзенага шчасця.

Калі я рана разбудзіў,

Даруйце, як і даравалі,

А каб у змроку не зблудзіў,

Прыйшоў, каб вы уратавалі.


9/І/2000


Вяршыня кахання
Вяршыня кахання — з усіх таямніц таямніца,

Нясмелае слова, збянтэжаны рух.

Як з крэсіва, знічка ўначы заіскрыцца,

І шчасцем сагрэе і сэрца і дух.


Ускрэсне каханне ў парыве адзіным,

І шэптам душа ашчаслівіць душу,

Імгненнай хвілінай здадуцца гадзіны,

Калі я малюся, але не зграшу.


Чароўных дасюль не пазбавіцца згадак

І таямніцаў таго пачуцця,

Неразгаданых ніколі загадак

Адзінства дваіх і пачатку жыцця.



2001г.
: download
download -> Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Каляндар свят і знамянальных дат
download -> Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Даты. Імёны. Падзеі. Каляндар свят
download -> Тлумачальная запіска
download -> М.І. Таранда, С. Б. Пазняк, А. Г. Смалей Лабараторная дыягностыка бактэрыяльных і мікозных інфекцый сельскагаспадарчай і хатняй жывёлы
download -> АЎтарскі курс лекцый “славянская міфалогія” Электронная версія
download -> Тэкст, набраны дробным шрыфтам, да вывучэння не абавязковы Усяго 72 пытанні
download -> Пакінуць след на зямлі
download -> Літаратурная Гомельшчына. Гомельскае абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання
download -> Вучэбная праграма для агульнаадукацыйных устаноў з беларускай І рускай мовамі навучання


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал