Канцэпцыя праекта Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры Агульныя палажэнні



старонка2/3
Дата канвертавання15.05.2016
Памер443.44 Kb.
1   2   3

Акрамя таго, знойдуць сваё адлюстраванне пытанні дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў сферы культуры, прынцыпы ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў з грамадскімі аб'яднаннямі і грамадскімі саветамі ў сферы культуры.

У главе 4 ”Кантроль у сферы культуры“ з улікам прадпісанняў указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 кастрычніка 2009 г. № 510 ”О совершенствовани контрольной (надзорной) деятельности в Республике Беларусь“ (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2009 г., № 253, 1/11062), ад 22 чэрвеня 2010 г. № 325 ”О ведомственном контроле в Республике Беларусь“ (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь Беларусь, 2010 г., № 157, 1/11733) будуць вызначаны агульныя падыходы ў адносіне кантролю ў сферы культуры, у прыватнасці, асноўныя мэты кантролю і яго віды, дзяржаўныя органы, якія ажыццяўляюць кантроль у сферы культуры, а таксама пытанні ведамаснага і грамадскага кантролю ў сферы культуры.

Глава 5 ”Меры па развіцці культурнай дзейнасці“ павінна раскрыць змест розных спосабаў папулярызацыі вынікаў культурнай дзейнасці (рэспубліканскія і мясцовыя выстаўкі твораў літаратуры, выяўленчага мастацтва, канцэрты, пленэры, конкурсы, фестывалі і другія мерапрыемствы), пералічыць формы дзейнасці дзяржавы ў дадзенай вобласці (адкрыццё дамоў творчасці, дамоў літаратара, кампазітара, творчых лабараторый, майстэрань і гасціных, палацаў і дамоў мастацтваў,), а таксама замацаваць абавязак дзяржаўных органаў і іншых арганізацый праводзіць работу па папулярызацыі культурных каштоўнасцей. Магчыма ўдзяліць увагу папулярызацыі культурных каштоўнасцей пры дапамозе глабальнай камп'ютэрнай сеткі Інтэрнэт (напрыклад, прадугледзіць размяшчэнне адпаведных матэрыялаў на сайтах дзяржаўных органаў і іншых арганізацый) і шляхам выкарыстання твораў народнага мастацтва для афармлення памяшканняў дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў Рэспублікі Беларусь. У мэтах актывізацыі творчых ініцыятыў суб’ектаў культурнай дзейнасці плануецца распрацаваць шэраг палаженняў, прысвечаных рэалізацыі творчых праектаў.

Асобую ўвагу ў дадзеным структурным элеменце прапануецца ўдзяліць пытанням захавання, развіцця і распаўсюджвання беларускай нацыянальнай культуры і мовы (напрыклад, замацаваць мінімальныя патрабаванні да аб'ёму абавязковага выкарыстання беларускай мовы, неабходнасць выкарыстання двух дзяржаўных моў на шыльдах, інфармацыйных таблічках, асобных аб'ектах культурнай інфраструктуры або пры ажыццяўленні канкрэтнай культурнай дзейнасці, прадугледзіць падтрымку беларускіх арганізацый, якія ажыццяўляюць вытворчасць і распаўсюджванне кніг, фільмаў і другіх вынікаў культурнай дзейнасці на беларускай мове, а таксама ўстанаўленне квот распаўсюджвання нацыянальнага культурнага прадукту на беларускай мове на тэлебачанні, радыё або пры кінавытворчасці).

Пытанням фінансавання (з указаннем крыніц фінансавання) і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння сферы культуры будзе прысвечана глава 6 ”Фінансавае і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне ў сферы культуры“.

Пры гэтым у Кодэксе аб культуры трэба адлюстраваць толькі тыя палажэнні, якія не ўрэгуляваны спецыяльным заканадаўствам і ўтрымліваюць асаблівасці фінансавага і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ў сферы культуры. Будзе прадугледжана выдзяленне субсідый (грантаў) арганізацыям і фізічным асобам для ажыццяўлення культурнай дзейнасці, знойдуць адлюстраванне пытанні спонсарства і мецэнацтва.

З улікам перспектыў далейшага развіцця сферы культуры ў главе трэба прадугледзіць меры, накіраваныя на павышэнне ступені фінансавай свабоды арганізацый культуры і прыцягненне нароўні з бюджэтным фінансаваннем пазабюджэтных сродкаў.

У главе 7 ”Міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы культуры“ будуць вызначаны асноўныя мэты і прынцыпы міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы культуры, пералічаны прававыя асновы і формы міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы культуры, у тым ліку культурнага абмену, замацавана роля дзяржавы ў міжнародным культурным абмене, прадугледжана заахвочванне міжнародных кантактаў і ўдзелу ў міжнародных арганізацыях, а таксама вызначаны базавыя палажэнні аб культурным супрацоўніцтве з этнічнымі беларусамі і суайчыннікамі, якія пражываюць за рубяжом.

Раздзел II ”Суб'екты адносін у сферы культуры“ будзе рэгуляваць грамадскія адносіны, якія датычацца дадзеных суб'ектаў і іх паўнамоцтваў, і складацца з 4 глаў.

У главе 8 ”Агульныя палажэнні аб суб'ектах адносін у сферы культуры“ будуць пералічаны суб'екты грамадскіх адносін у сферы культуры. Да іх, у прыватнасці, могуць быць аднесены грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства (у тым ліку работнікі культуры і творчыя работнікі), калектывы мастацкай творчасці, творчыя саюзы і іншыя аб'яднанні грамадзян, дзяржаўныя органы, арганізацыі культуры, юрыдычныя і фізічныя асобы, якія ажыццяўляюць дабрачынную дзейнасць i прадастаўленне бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогi ў галiне культуры, навуковыя і іншыя арганізацыі.

Прызначаны структурны элемент адлюструе асаблівасці прававога статусу работнікаў культуры і творчых работнікаў. У прыватнасці, будуць вызначаны адрозненні творчых работнікаў, якія ажыццяўляюць дзейнасць на прафесійнай і аматарскай асновах, у тым ліку адрозненне такой дзейнасці ад прадпрымальніцкай, асаблівасці статусу асоб, якія з'яўляюцца творчымі работнікамі, але не ўваходзяць у склад творчых саюзаў (пры неабходнасці магчыма прадбачыць стварэнне спецыяльнай камісіі пры Міністэрстве культуры для правядзення экспертызы творчай дзейнасці і прафесійных дасягненняў творчых работнікаў), а таксама замацаваны асобныя патрабаванні да суб'ектаў адносін у сферы культуры (напрыклад, устанавіць абавязак службовых асоб арганізацый культуры валодаць двума дзяржаўнымі мовамі).

Глава 9 ”Арганізацыі культуры“ пералічыць віды і тыпы арганізацый культуры, раскрые асаблівасці стварэння, рэарганізацыі і ліквідацыі такіх арганізацый, вызначыць парадак кіравання імі і ўзаемадзеяння заснавальнікаў з удзельнікамі арганізацый культуры. Пры вызначэнні тэрміна ”арганізацыя культуры“ апраўдана зыходзіць з неабходнасці замацавання яе галоўнай адметнай адзнакі - ажыццяўлення культурнай дзейнасці ў якасці асноўнай. Арганізацыя культуры разглядаецца не як асобная арганізацыйна-прававая форма юрыдычнай асобы, а як яго разнавіднасць, таму ў Кодэксе аб культуры мэтазгодна прызначаць толькі нормы, якія датычацца спецыфікі дадзеных арганізацый (асноўныя палажэнні аб прававым статусе юрыдычных асоб, аб дзяржаўнай рэгістрацыі і т.п. могуць быць сфармуляваны ў якасці адсылачных норм).

Паколькі асноўнай арганізацыйна-прававой формай, у якой ствараюцца арганізацыі культуры, з'яўляецца ўстанова, трэба адлюстраваць асноўныя адзнакі дадзенага віду юрыдычнай асобы (ажыццяўленне інфармацыйных, асветных, адукацыйных, выхаваўчых, забаўляльных і іншых падобных функцый), парадак іх стварэння і дзейнасці, у тым ліку фінансавання, кіравання, прававы статус маёмасці ўстаноў культуры, а таксама магчымасць стварэння аўтаномнай установы культуры, фінансаванне дзейнаці якой будзе ажыццяўляцца са сродкаў рэспубліканскага ці месных бюджэтаў па сістэме госзаказу у суме, не падзеленай па артыкулах бюджэту.

У главе 10 ”Творчыя саюзы“ знойдуць адлюстраванне пытанні дзейнасці творчых саюзаў, замацаваныя ў Законе Рэспублікі Беларусь ”Аб творчых саюзах i творчых работнiках“ (з улікам прынятага Міжпарламенцкай Асамблеяй СНД мадэльнага закона ”Аб творчых работніках і творчых саюзах“).

У главе неабходна прадугледзіць асноўныя мэты і задачы дзейнасці творчых саюзаў, а таксама ўстанавіць, што адзначаныя мэты дзейнасці з'яўляюцца абавязковымі для ўказання ў статуце грамадскага аб'яднання, якое прэтэндуе на статус творчага саюза, замацаваць асаблівасці прававога палажэння творчых саюзаў, магчымасць стварэння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь міжнародных, рэспубліканскіх і мясцовых творчых саюзаў, крытэрыі аднясення да кожнага з прызначаных відаў, прызначыць, што стварэнне, рэгістрацыя і ліквідацыя творчых саюзаў ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам аб грамадскіх аб'яднаннях з улікам асаблівасцей, прадугледжаных Кодэксам аб культуры (заснавальнікамі творчых саюзаў могуць выступаць творчыя работнікі, а таксама фізічныя асобы, зацікаўленыя ў развіцці культуры, мастацтва і творчай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, а членамі - фізічныя асобы, якія займаюцца творчай дзейнасцю або якія прадстаўляюць якую-небудзь творчую прафесію ў адпаведнасці з профілем творчага саюза). Тут жа мэтазгодна прызначыць прававыя механізмы і гарантыі падтрымкі творчых саюзаў, у тым ліку стварэнне спрыяльных прававых, сацыяльна-эканамічных і арганізацыйных умоў для іх дзейнасці.

У главе 11 ”Правы і абавязкі грамадзян у сферы культуры“, у першую чаргу, апраўдана раскрыць у асобных артыкулах базавыя правы грамадзян у сферы культуры, напрыклад, такія як права на свабоду творчасці; права на дастойны ўзровень культурнага жыцця; права на культурную дзейнасць; права на ўдзел у культурным жыцці (дзейнасці); права на культурную самабытнасць і на захаванне і развіццё нацыянальных культурных традыцый; права на далучэнне да культурных каштоўнасцей і на эстэтычную адукацыю. Трэба таксама раскрыць права на свабоду аб'яднанняў у сферы культуры, якое грунтуецца на артыкуле 36 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, як магчымасць стварэння грамадзянамі Рэспублікі Беларусь грамадскіх аб'яднанняў у сферы культуры, у тым ліку творчых саюзаў, а таксама ўступаць ва ужо створаныя ў гэтай сферы грамадскія аб'яднанні (пры гэтым трэба замацаваць права замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ўступаць у дзеючыя творчыя саюзы, калі гэта прадугледжана статутамі гэтых саюзаў, а таксама выступаць заснавальнікамі міжнародных творчых саюзаў, якія ствараюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь).

У выглядзе асобнага артыкула могуць быць выкладзены іншыя правы грамадзян (у прыватнасці, на наведванне арганізацый культуры ў адпаведнасці з вызначаным рэжымам работы і карыстанне іх паслугамі; на работу з культурнымі каштоўнасцямі; на атрыманне, захаванне і распаўсюджванне інфармацыі аб культурным жыцці, у тым ліку на атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці арганізацый культуры, за выключэннем інфармацыі, якая ахоўваецца законам; на карыстанне паслугамі арганізацый культуры ў адпаведнасці са сваімі патрэбнасцямі і інтарэсамі, у тым ліку на атрыманне дакументаў з бібліятэчных фондаў на спецыяльных носьбітах для асоб з парушэннем зроку і на атрыманне дакументаў з бібліятэчных фондаў пры дапамозе выкарыстання нестацыянарных форм абслугоўвання для асоб, якія не могуць наведваць бібліятэку з-за фізічных недахопаў, узросту; на бясплатнае або льготнае наведванне арганізацый культуры (выпадкі будуць прадугледжаны Кодэксам аб культуры); на стварэнне арганізацый культуры; на вываз за граніцу Рэспублікі Беларусь вынікаў культурнай дзейнасці; на ўдзел у дзейнасці па захаванню культурнай спадчыны; на захаванне, распаўсюджванне і развіццё культурных каштоўнасцей для асоб, якія адносяць сябе да нацыянальных меншасцяў; на абскарджанне дзеянняў арганізацый культуры і іх работнікаў, якія парушаюць права грамадзян у сферы культуры).

Акрамя гэтага, у главе павінны быць прадугледжаны правы творчых работнікаў і работнікаў культуры, абумоўленыя іх асобым прававым статусам (напрыклад, права на абарону інфармацыі, выдаванне або страта якой наносіць або можа нанесці ўрон інтарэсам асобы, звязаным з ажыццяўленнем творчай дзейнасці; на псеўданім; на стварэнне творчых саюзаў і прыняцце ўдзелу ў іх дзейнасці; права пастаноўшчыка і артыстаў на імя, а таксама права пастаноўшчыка на абарону ад скажэнняў канцэртнага мерапрыемства або тэатральнай пастаноўкі). Могуць быць прадугледжаны асобыя правы і абавязкі археолагаў (напрыклад, права на навуковае даследаванне і атрыманы навуковы вынік, на публікацыю вынікаў навуковых даследаванняў, на аднаўленне даследавання аб'екта археалагічнай спадчыны, якое археолаг даследаваў раней, доступ да палявой дакументацыі, абавязку па перадачы выяўленых прадметаў суб'екту, вызначанаму ў дазволе на правядзенне даследавання, па прадастаўленню дакументацыі і справаздачы аб праведзеным даследаванні, забеспячэнню належнай кансервацыі і інш.). Пры неабходнасці ў главе могуць знайсці адлюстраванне нормы аб асобых правах у сферы культуры этнічных беларусаў і суайчыннікаў, якія пражываюць за рубяжом.

У дадзеным структурным элеменце мэтазгодна таксама замацаваць права замежных грамадзян, асоб без грамадзянства, прадстаўнікоў нацыянальных меншасцей і выхадцаў з другога культурнага асяроддзя ажыццяўляць у Рэспубліцы Беларусь культурную дзейнасць у адпаведнасці са сваімі нацыянальнымі культурнымі і рэлігійнымі традыцыямі, калі гэта не супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь.

Глава павінна прадугледжваць дзяржаўныя гарантыі, накіраваныя на забеспячэнне праў грамадзян у сферы культуры, напрыклад, неад'емнасць права чалавека на культурную дзейнасць і культурную самабытнасць; прыярытэтнасць правоў чалавека па адносіне да праў дзяржавы і арганізацый культуры; захаванне і развіццё нацыянальных культурных традыцый; захаванне культурнай спадчыны; свабода творчасці; ахова правоў уласнасці на вынікі культурнай дзейнасці; забеспячэнне даступнасці культурнага жыцця з улікам патрэбнасцей і інтарэсаў грамадзян, у тым ліку для асоб, якія пражываюць у сельскіх населеных пунктах; забеспячэнне культурнага самавыяўлення і культурнай разнастайнасці.

Сярод асноўных абавязкаў грамадзян у сферы культуры неабходна замацаваць, у прыватнасці, абавязкі захоўваць культурную спадчыну Рэспублікі Беларусь; паважаць дзяржаўныя мовы і нацыянальныя культурныя традыцыі; беражліва адносіцца да фондаў бібліятэк і музеяў, другіх культурных каштоўнасцей; паважаць і не парушаць правы іншых асоб у галіне культуры, у тым ліку культуру і мову нацыянальных меншасцей; выконваць правілы наведвання (правілы карыстання) арганізацый культуры; бесперашкодна дапускаць работнікаў культуры да правядзення работ па выяўленні, вывучэнні і пастаноўцы на ўлік культурных каштоўнасцей; ствараць умовы для культурнага развіцця дзяцей.

У главе магчыма адлюстраваць асобныя забароны ў адносіне грамадзян (напрыклад, прыносіць у месцы культурных мерапрыемстваў або паказу фільмаў спіртныя напоі, прыводзіць жывёл, насмечваць, крычаць і т.п.). Абмежаванне праў доступу да аб'ектаў культурнай спадчыны можа ставіцца толькі пры стварэнні пагрозы іх далейшаму існаванню або захаванню.

Пры неабходнасці прадастаўлення пэўных праў або ўскладання пэўных абавязкаў толькі асобным катэгорыям грамадзян у залежнасці ад іх грамадзянскай прыналежнасці (грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства) або месца пастаяннага жыхарства мэтазгодна прызначаць гэта непасрэдна ў адпаведных артыкулах Асаблівай часткі Кодэкса аб культуры.

АСАБЛІВАЯ ЧАСТКА.

У Асаблівай частцы Кодэкса аб культуры будуць вызначаны нормы, якія замацоўваюць спецыфіку грамадскіх адносін, звязаных з культурнымі каштоўнасцямі і з асобнымі аспектамі культурнай дзейнасці. Асаблівая частка Кодэкса аб культуры будзе складацца з 3 раздзелаў і 18 глаў.

Раздзел III ”Культурныя каштоўнасці“, які ўключае 8 глаў, будзе рэгуляваць асаблівасці дзейнасці, звязанай з культурнымі каштоўнасцямі.

Пры падрыхтоўцы Кодэкса аб культуры мэтазгодна захаваць асноўныя механізмы рэгулявання грамадскіх адносін, звязаныя з культурнымі каштоўнасцямі, і ўзяць за аснову палажэнні Закона Рэспублікі Беларусь ”Аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны Рэспублiкi Беларусь“ (з улікам прынятага Міжпарламенцкай Асамблеяй СНД мадэльнага закона ”Аб аб'ектах культурнай спадчыны“), Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19 красавіка 2007 г. № 190 ”О порядке оценки стоимости культурных ценностей“ (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2007 г., № 97, 1/8528), пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 чэрвеня 2006 г. № 762 ”Аб некаторых пытаннях аховы гiсторыка-культурнай спадчыны“ (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2006 г., № 103, 5/22474).

З улікам наяўнасці дастаткова шырокіх абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь па міжнародных дагаворах у Кодэксе аб культуры неабходна выкарыстоўваць узгодненыя вызначэнні, напрыклад, такіх тэрмінаў, як ”культурная спадчына“, ”культурныя каштоўнасці“, ”нематэрыяльная культурная спадчына“, ”культурная разнастайнасць“, а таксама пры неабходнасці прызначыць асобую ролю міжнародных органаў і магчымасць атрымання міжнароднай дапамогі для аховы культурнай спадчыны і абароны культурных каштоўнасцей.

У главе 12 ”Агульныя палажэнні аб культурных каштоўнасцях“ будзе дадзена вызначэнне тэрміна ”культурныя каштоўнасці“ (у тым ліку ў частцы калекцый і камплектаў культурных каштоўнасцей), а таксама будуць сфармуляваны агульныя падыходы да надання статусу культурнай каштоўнасці і пазбаўленню гэтага статусу.

Глава ўрэгулюе пытанні права ўласнасці на культурныя каштоўнасці дзяржавы, арганізацый і грамадзян, а таксама абмежаванні, звязаныя з гэтым правам (напрыклад, знішчаць культурныя каштоўнасці, мяняць іх месцараспалажэнне або ўмовы трымання) і пералічаны правы і абавязкі ўласнікаў культурных каштоўнасцей (напрыклад, права пераважнага набыцця другіх састаўных частак або абавязак забяспечыць захаванасць культурных каштоўнасцей і прадастаўляць доступ да іх). Будуць пералічаны віды культурных каштоўнасцей у залежнасці ад формы ўвасаблення і зместу (матэрыяльныя і нематэрыяльныя), ад асаблівасцей захавання (аховы) і выкарыстання (гісторыка-культурныя каштоўнасці; культурныя каштоўнасці, якія састаўляюць Бібліятэчны або Музейны фонды Рэспублікі Беларусь; іншыя культурныя каштоўнасці), а таксама вылучаны асобныя віды матэрыяльных культурных каштоўнасцей (напрыклад, дакументальныя помнікі, помнікі археалогіі, мастацтва, горадабудаўніцтва і інш.).

У главе 13 ”Матэрыяльныя культурныя каштоўнасці“ будзе дадзена вызначэнне тэрміна ”матэрыяльныя культурныя каштоўнасці“ і пералічаны іх віды, а таксама прызначана, што ставіцца да комплексных культурных каштоўнасцей.

Глава 14 ”Нематэрыяльныя культурныя каштоўнасці“ будзе ўтрымліваць вызначэнне тэрміна ”нематэрыяльныя культурныя каштоўнасці“ і пералічыць іх віды.

Асаблівасці прафесійнага і выпадковага выяўлення культурных каштоўнасцей будуць адлюстраваны ў главе 15 ”Выяўленне культурных каштоўнасцей“. Тут жа апраўдана вызначыць крытэрыі аднясення аб'ектаў да культурных каштоўнасцей, а таксама парадак надання статусу культурнай каштоўнасці (па рашэнню Урада і з улікам ролі Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытанням гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры).

Глава 16 ”Археалагічная спадчына“ будзе прысвечана пытанням выяўлення і аховы археалагічнай спадчыны.

У главе трэба даць вызначэнні тэрмінаў ”археалагічная спадчына“, ”археалагічны аб'ект“, ”археалагічнае даследаванне“, вылучыць зоны прыярытэтнага археалагічнага інтарэсу і замацаваць асаблівасці выяўлення, уліку, захавання, аднаўлення, зместу, выкарыстання і аховы археалагічнай спадчыны (у прыватнасці, парадак атрымання дазволу на правядзенне даследавання аб'ектаў археалагічнай спадчыны, патрабавання, умовы, якія прад'яўляюцца да археолагаў, арганізацыі і правядзенню работ, парадак вядзення спецыяльнага рэестра).

Прававой асновай главы могуць паслужыць прыняты Міжпарламенцкай Асамблеяй СНД рэкамендацыйны заканадаўчы акт ”Об охране археологического наследия“ і асобныя палажэнні Еўрапейскай канвенцыі Савета Еўропы ад 16 студзеня 1992 года па ахове археалагічнай спадчыны (Рэспубліка Беларусь удзельніцай дадзенай канвенцыі не з'яўляецца). Апраўдана захаваць падыход, у адпаведнасці з яким аб'екты археалагічнай спадчыны разглядаюцца як частка культурнай спадчыны з устанаўленнем агульных прадпісанняў і асаблівасцей парадку выяўлення, уліку, захавання, аднаўлення, зместу, выкарыстання, аховы археалагічнай спадчыны і права ўласнасці на іх.

У главе 17 ”Класіфікацыя і ўлік культурных каштоўнасцей“ будуць прызначаны катэгорыі культурных каштоўнасцей, пералічаны ўліковыя дакументы на культурныя каштоўнасці, раскрыт парадак афармлення ахоўных абавязацельстваў, парадак вядзення банка даных аб культурнай спадчыне і Дзяржаўнага спіса культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Глава 18 ”Захаванне і вяртанне культурных каштоўнасцей“ адлюструе меры па захаванні культурных каштоўнасцей, у тым ліку пытанні зон аховы нерухомых матэрыяльных культурных каштоўнасцей, прадухілення пагрозы знішчэння або змянення культурных каштоўнасцей, а таксама асаблівасці ўвозу і вывазу культурных каштоўнасцей і іх вяртання ў Рэспубліку Беларусь (з улікам Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 10 ліпеня 2006 г. № 435 ”Аб некаторых пытаннях перамяшчэння музейных прадметаў праз мяжу Рэспублiкi Беларусь“ (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2006 г., № 109, 1/7728). У главе будуць пералічаны віды работ, якія могуць ажыццяўляцца ў адносіне культурных каштоўнасцей і патрабаванни да іх правядзення.

У главе 19 ”Выкарыстанне і распаўсюджванне культурных каштоўнасцей“ будуць прызначаны асаблівасці выкарыстання культурных каштоўнасцей і іх распаўсюджвання.

Дадзены структурны элемент будзе ўтрымліваць формы выкарыстання культурных каштоўнасцей і распаўсюджвання вынікаў культурнай дзейнасці (у тым ліку правядзенне канцэртаў, пленэраў, рэспубліканскіх і мясцовых выставак твораў літаратуры, выяўленчага мастацтва і т.п., адкрыццё палацаў і дамоў мастацтваў, дамоў творчасці, літаратара, творчых лабараторый, творчых майстэрань і інш.).

У главе прадугледжваецца пералічыць асаблівасці выкарыстання і распаўсюджвання культурных каштоўнасцей у бібліятэчнай і музейнай дзейнасці (правядзенне навуковых даследаванняў архіўных, бібліятэчных і другіх крыніц, публічнае прадстаўленне, публікацыі адпаведных матэрыялаў, ажыццяўленне культурна-адукацыйнай дзейнасці, звязанай з культурнымі каштоўнасцямі адпаведна профілю бібліятэкі або музея і інш.).

Раздзел IV ”Культурная дзейнасць“, які складаецца з 9 глаў, будзе рэгуляваць канкрэтныя напрамкі культурнай дзейнасці.

У главе 20 ”Агульныя палажэнні аб культурнай дзейнасці“ будзе дадзена вызначэнне тэрміна ”культурная дзейнасць“, раскрыты вызначэнні тэрмінаў ”свабода культурнай дзейнасці“ і ”абмежаванне культурнай дзейнасці“ (дадзены вычарпальны пералік выпадкаў і падстаў абмежавання культурнай дзейнасці, пералічаны дапушчальныя выпадкі ўмяшання ў культурную дзейнасць), а таксама вызначаны формы ажыццяўлення культурнай дзейнасці: на прафесійнай і непрафесійнай (аматарскай) аснове, індывідуальна і калектыўна, у тым ліку адзначаны асаблівасці кожнай з вызначаных форм. У главе могуць быць прадугледжаны нормы аб распаўсюджванні вынікаў культурнай дзейнасці ў рамках сацыяльна-творчых заказаў.

Нормы главы 21 ”Прафесійная культурная дзейнасць“ вызначаць тэрмін ”калектыў мастацкай творчасці“, раскрыюць асаблівасці яго прававога становішча, пералічаць віды, жанры і формы калектыву мастацкай творчасці, раскрыюць тэрміны ”прафесійны калектыў мастацкай творчасці“, ”аматарскі калектыў мастацкай творчасці“ і ”аўтэнтычны фальклорны калектыў мастацкай творчасці“.

У главе магчыма адлюстраваць прававое палажэнне такіх тыпаў арганізацый, як клубная ўстанова (ажыццяўляе асветніцкія і забаўляльныя функцыі праз стварэнне фізічным асобам спрыяльных умоў для занятку народнай і мастацкай творчасцю, задавальнення іх пазнавальных патрэбнасцей, патрэбнасцей у самаадукацыі, духоўным і фізічным развіцці, міжасабовых адносінах і адпачынку) і парк (ажыццяўляе асветніцкія, забаўляльныя і эстэтычныя функцыі праз стварэнне на сваёй тэрыторыі спрыяльных умоў для адпачынку і забаў фізічных асоб, распаўсюджвання і папулярызацыі культурных каштоўнасцей і ведаў аб прыродзе, фарміравання беражлівых і гуманных адносін да навакольнага асяроддзя). Адпаведныя нормы будуць трансфармаваны з Палажэння аб клубнай установе ў Рэспубліцы Беларусь, зацверджанага пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 2 лістапада 2004 г. № 23 (Национальный реестр Республики Беларусь, 2004 г., № 180, 8/11695), і Палажэння аб парку культуры і адпачынку ў Рэспубліцы Беларусь, зацверджанага пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 2 лістапада 2004 г. № 22 (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2004 г., № 180, 8/11697).

Глава 22 ”Бібліятэчная дзейнасць“ павінна ўрэгуляваць адносіны, звязаныя з дзейнасцю бібліятэк. У ёй будзе ўтрымлівацца вызначэнне тэрміна ”бібліятэка“, сфармуляванае пры дапамозе адлюстравання асноўнага віду дзейнасці - ажыццяўленне збору і забеспячэнне захаванасці дакументаў з мэтай задавальнення інфармацыйных, культурных, навуковых і другіх патрэбнасцей карыстальнікаў, будуць прызначаны задачы і прынцыпы дзейнасці бібліятэк, прызначаны асаблівасці іх прававога становішча (стварэнне толькі ў форме ўстановы). У главе прадугледжваецца замацаваць функцыянальнае прызначэнне бібліятэк, даць вызначэнні розным відам бібліятэк у залежнасці ад формы ўласнасці (дзяржаўныя і прыватныя), значэння (нацыянальная, рэспубліканскія, абласныя, гарадскія, раённыя, пасёлкаў гарадскога тыпа, сельскія), зместа (універсальныя і галіновыя) і прызначэння (публічныя і спецыяльныя), а таксама вызначыць парадак узаемадзеяння бібліятэк.



1   2   3


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка