Малітва: Дух Святы Божа, Даўца ўсялякіх дароў, пакорна просім Цябе за Касцёл Святы, каб напаўняў Яго сваім святлом, мудрасцю і любоўю, а таксама ўсялякімі дарамі, патрэбнымі да служэння яго верным. Цябе просім...
У дзень Пяцідзесятніцы Дух Святы сышоў на Марыю і Апосталаў, напоўніў іх сваімі дарамі. Тэма нашага сённяшняга занятку: «Моцаю Духа Святога Касцёл Хрыстовы выконвае сваю місію».
Чалавек пытае
Касцёл — гэта супольнасць Божага народу, да якога мы належым праз хрост. Кожны хрысціянін — гэта жывая цаглінка, з якой пабудаваны Касцёл. Людзі, што ствараюць Касцёл, непадобныя адно да аднаго, кожны мае свае здольнасці, сваё пакліканне. Але таксама, як кожная цаглінка стварае сцяну і робіць яе моцнай, кожны чалавек стварае супольнасць Касцёла. Выкарыстоўваючы свае таленты і здольнасці, мы ўзбагачаем Яго, развіваем і ўмацоўваем.
Катэхет змяшчае на дошцы плакат з абрысамі касцёла і раздае вучням карткі з каляровай паперы — цаглінкі, на якіх яны пішуць адказ на наступнае пытанне і прыклейваюць да плаката, ствараючы такім чынам сцяну касцёла.
-
Што я раблю для развіцця і ўмацавання Касцёла?




 
Дух Святы дзейнічае ў Касцёле праз кожнага хрысціяніна, няспынна ажыўляе, умацоўвае, яднае Касцёл. Таму вельмі важна быць адкрытым на дзеянне Духа Святога, дазволіць Яму дзейнічаць у чалавеку, перамяняць яго, напаўняць дарамі, каб дзякуючы гэтаму перамяненню змяняўся, асвячаўся ўвесь Касцёл.
Як дзейнічае Дух Святы ў чалавеку? На гэтае пытанне нам дае адказ Кніга Дзеяў Апосталаў.
Бог адказвае
К. дзеліць вучняў на 3 групы і кожнай дае заданне, карыстаючыся тэкстамі Св. Пісання, запісаць у рамкі імёны тых людзей, у жыцці якіх дзеянне Духа Святога праявілася наступным чынам (падручнік вучня):
Група І: Дз 9, 1-16
— спачатку ён пераследваў Касцёл, а потым стаў шчырым і руплівым Апосталам; на яго ліку некалькі місійных падарожжаў, ён з’яўляецца аўтарам многіх кніг Новага Запавету.
Група ІІ: Дз 7, 54-60
— ён быў верным Хрысту, прыняў мучаніцкую смерць; падчас каменавання маліўся за сваіх катаў і стаў першым мучаннікам Касцёла.
Група ІІІ: Мц 16, 18-19
— ён быў звыклым чалавекам, займаўся рыбалоўствам; стаў галавою Касцёла і наступнікам Хрыста на зямлі; аддаў жыццё за Хрыста.
Дух Святы дапамог гэтым людзям у паўнаце рэалізаваць сваё пакліканне і нават у хвіліну смерці быць вернымі Хрысту. Сёння Дух Святы дапамагае і нам выконваць тыя заданні, да якіх мы, Яго народ, пакліканыя. Чытаем пра гэта ў Катэхізісе Каталіцкага Касцёла (падручнік вучня):
“Езус Хрыстус – гэта Той, каго Айцец намасціў Духам Святым і ўчыніў “Святаром, Прарокам і Валадаром”. Увесь народ Божы прымае ўдзел у гэтых трох прызначэннях Хрыста і нясе адказнасць за яго місіі і дапамогі яму ў сведчанні хрысціянскай веры праз слова, якому спадарожнічае дзеянне”. (пар ККК 1316)
Чалавек адказвае Богу
К. дзеліць вучняў на 3 групы. Кожная з іх атрымлівае ўрывак з Катэхізіса Каталіцкага Касцёла. На падставе яго кожная група робіць плакат, выкарыстоўваючы малюнкі з газетаў і часопісаў.
Група І: плакат «Мой удзел у святарскай місіі Хрыста» (ККК 901–903).
Група ІІ: плакат «Мой удзел у прароцкай місіі Хрыста» (ККК 904-907).
Група ІІІ: плакат «Мой удзел у каралеўскай місіі Хрыста» (ККК 908-911).
Прэзентацыя працы вучняў.
Кожны з нас атрымаў ад Хрыста пакліканне, якое павінен рэалізаваць у штодзённым жыцці. Касцёл, жывымі цаглінамі якога мы з’яўляемся, пакліканы да таго, каб быць у свеце знакам Божай любові і месцам збаўлення. Моцаю Духа Святога Пан Бог заклікае кожнага з нас да ўдзелу ў Яго справе адкуплення, хоча дзейнічаць у свеце нашымі рукамі, сэрцам, словам. Таму вельмі важна быць адкрытым на дзеянне Духа Святога і ў малітве прасіць Яго дапамагчы выконваць нашыя хрысціянскія абавязкі і распазнаць нашае жыццёвае пакліканне.
Разважанне:
— Як часта я малюся да Духа Святога?
— Што значыць для мяне быць адказным за Хрыстовы Касцёл?
— Як я выконваю заданні, якія мне даручае Хрыстус?
— Што я павінен змяніць у сваім жыцці, каб быць больш адкрытым на дзеянне Духа Святога?
Пастанова.
Хатняе заданне:
1. Падчас вячэрняй малітвы падзякуй Пану Богу за дар Духа Святога і прыналежнасць да Касцёла.
2. Падумай і напішы, дзе і як ты можаш выконваць заданні, якія даручае табе Хрыстус.
3. Прачытай у “Катэхізісе падрыхтоўкі да канфірмацыі: наступныя пункты і адкажы на пытанні:
Праз каго Езус ажыўляе і ўмацоўвае свой святы Касцёл?
Заключная малітва
Духу Святы, Духу Божы, Духу Святла і Любові! Табе прысвячаю мой розум, маё сэрца, маю волю і ўсяго сябе ў зямным і вечным жыцці. Учыні, каб мой розум заўсёды з ахвотаю прымаў натхненне, якое паходзіць ад Цябе, і вучэнне святога Касцёла, якім Ты беспамылкова кіруеш; каб сэрца маё заўсёды палала любоўю да Бога і бліжняга, а воля мая заўсёды адпавядала Божай волі; каб усё маё жыццё было верным наследаваннем жыцця і цнотаў нашага Пана і Збаўцы Езуса Хрыста, якому з Богам Айцом і з Табою няхай заўсёды будзе пашана і хвала. Амэн.
Тэма № 25, IX кл.
МАРЫЯ ЯК ПРЫКЛАД ПАСЛУХМЯНАСЦІ ДУХУ СВЯТОМУ
Дыдактычная мэта: паказаць Марыю як прыклад адкрытасці на дзеянне Духа Святога і паслухмянасці Яму.
Выхаваўчая мэта: заахвоціць вучняў наследаваць Марыю ў Яе паслухмянасці Духу Святому.
Асноўныя і дапаможныя матэрыялы: Святое Пісанне: Лк 1,26–38; Лк 2, 1–7; Лк 2, 1–7; Лк 2, 51–52; Ян 2,1–11; Ян 19,25–27.
Метады катэхезы: праца ў групах.
Поделитесь с Вашими друзьями: |