Карныя аперацыi на Расоншчыне.
«Пантэра» № 32, кодавая назва карнай аперацыi гiтлераўскiх захопнiкаў супраць партызан i мясцовага насельнiцтва, якая была арганiзавана ў жнiўнi 1942 г. Праводзiлася сiламi 2 батальёнаў 201-й ахоўнай дывiзii з мэтай знiшчэння расонскай групы партызанскiх атрадаў. Аднак знiшчыць або рассеяць партызан i ўстанавiць кантроль над тэрыторыяй Расоншчыны гiтлераўцам не ўдалося. У раёне аперацыi карнiкi расстралялi каля 100 мясцовых жыхароў, захапiлi 475 галоў жывёлы. Аперацыя «Пантэра» была шостай за лета 1942 г, праваленай спробай 201-й ахоўнай дывiзii “уцiхамiрыць” насельнiцтва Расонскага раёна.
«Заяц-бяляк», пад такой кодавай назвай праходзiла карная аперацыя супраць партызан i мiрнага насельнiцтва Расонска-Асвейскай партызанскай зоны 28 студзеня - 13 лютага 1943 г. У ёй удзельнiчалi 4 палкi 201-й ахоўнай дывiзii, батальёны 8-га палiцэйскага палка, гарнiзоны Себежа, Iдрыцы, Пустошкi, Новахаванска i спецыяльныя гаспадарчыя атрады. Карнiкi наступалi па збежных напрамках з раёнаў воз. Язна i ст. Дрэтунь з мэтай прыцiснуць партызан да чыгункi Полацк - Iдрыца i знiшчыць сустрэчным ударам з боку воз. Асвейскае. У паўночным i паўднёвым напрамках ствараць перашкоду партызанам у прарыве даручалася 281-й ахоўнай дывiзii тылу групы армiй «Поўнач», часцям 391-й вучэбнапалявой дывізii i падраздзяленням паветранага флоту.
Рашэннем ваеннага савета камандзiраў партызанскiх брыгад былi створаны 2 ударныя гpyпoўкi: паўночная - 1-я, 3, 5-я Калiнiнскiя брыгады, 3 атрады брыгады “За Савецкую Беларусь”, Асобны латышcкi партызанскi атрад; паўднёвая - Дрысенская брыгада, атрады брыгад Асвейскай iмя Фрунзе, Расонскай iмя Сталiна, «Спартак». У тыле карнiкаў дзейнiчала брыгада “ Няўлоўныя», у рэзерве - брыгада iмя С. М. Кароткiна. Тылы i флангi ўдарных груп прыкрывалi 4-я, 6, 10, 11-я Калiнiнскiя брыгады, частка атрадаў Асвейскай брыгады iмя Фрунзе. Аб'яднаныя сiлы партызан 11 лютага перайшлi ў контрнаступленне i да 15 лютага выцеснiлi працiўнiка з Расонскага раёна. 14 лютага 1943 г. амаль адначасова на ўсходзе i захадзе Вiцебскай вобласцi гiтлераўцы пачалi новыя карныя аперацыi «Шаравая маланка» i «Зiмовае чараўнiцтва» з мэтаю ўзяць рэванш за няўдачу ў гэтай аперацыi. У час аперацыi «Заяц - бяляк» кapнікi знiшчылi ў Расонскiм раёне па няпоўных даных 877 жыхароў, у тым лiку ў в. Альбрэхтава 45, Байдзiна i Тродавiчы 140, Гарбачэва 120, Двор Чарэпiта 63, Iзбiшча 36, Межава i Замошша па 36 чалавек. Разам з жыхарамi былi знiшчаны вёснi Ваўкова, Велле, Гарэлая Яма, Гуйды, Hiўe, Плiгаўкi, Ражнова i iнш.
У. С. Пасэ, А.А. Фактаровiч.
«Зiмовае чараўнiцтва», пад такой кодавай назвай 14 лютага - 20 сакавiка 1943 г. праводзiлася карная аперацыя супраць партызан Расонска-Асвейскай зоны i мясцовага насельнiцтва ў трохвугольнiку Себеж - Асвея - Полацк. У аперацыi ўдзельнiчала карная групоўка «Берта», у склад якой уваходзiлi 10 палiцэйскiх батальёнаў, матарызаваныя жандарскiя падраздзяленнi, а таксама падраздзяленнi сувязi i артылерыi, 2-я авiягрупа асобага прызначэння. З поўначы i поўдня раён аперацыi быў акружаны падраздзяленнямi 201-й ахоўнай i 391-й вучэбнапалявой дывiзiй. Сумеснымi ўдарамi з фронту i тылу партызаны Вiцебскай i Калiнiнскай абласцей i Латвii нанеслi карнiкам цяжкiя страты i вымусiлi ix адступiць. Асаблiва дзёрзка i эфектыўна дзейнiчалi ў тыле спецыяльныя атрады Дрысенскай брыгады, Асвейскай iмя Фрунзе i лыжнiкi атрада iмя Шчорса брыгады iмя Ракасоўскага пад камандаваннем П. М. Машэрава. У ходзе аперацыi гiтлераўцы забiлi i cпaлiлi жывымi 3500 мясцовых жыхароў, 2000 вывезлi на катаржныя работы ў Германiю,больш за 1000 дзяцей - у Саласпiлскi лагер смерцi ў Латвiю. Разрабавалi i спалiлi 158 населеных пунктаў, у тым лiку разам з жыхарамi вёcкi Абразеева, Анiськава, Булы, Жарнасекi, Канстанцiнава, Папаратнае, Сокалава. Забойцы засмучалiся з прычыны таго, што “для размiнiравання мiнных палёў у цяперашнi час няма цывiльнага насельнiцтва». Карнікi поўнасцю разрабавалi ўсе вёскi, забралi ўсю сельгаспрадукцыю, жывёлу. Аднак фашыстам не ўдалося знiшчыць партызан i лiквiдаваць партызанскую зону.
У. С. Пасэ.
«Генрых» - назва кодавай аперацыi захопнiкаў супраць партызанскiх брыгад i мясцовага насельнiцтва Расонска-Асвейскай партызанскай зоны, Латвiйскай партызанскай брыгады, 13 партызанскiх брыгад Калiнiнскай вобласцi. Аперацыя праводзiлася ў раёне, абмежаваным чыгункай i шашэйнымi дарогамi Себеж - Пустошка, Пустошка - Невель - Полацк, Полацк - Дрыса, Дрыса - Асвея - Себеж, 31 кастрычнiка - 9 лiстапада 1943 года. У дакументах акупантаў гэты раён называўся «партызанскай рэспублiкай Расоны.., з якой зыходзiць небяспека для ўcix камунiкацый забеспячэння паўночнай часткi цэнтральнага ўчастка фронту. Акрамя таго, гэтая зона стварае плацдарм для наступальных аперацый Чырвонай Apміi ў тыле нямецкага фронту».
Карная аперацыя праводзiлася пад агульным кiраўнiцтвам спецыяльна ўпаўнаважанага Гiмлера па барацьбе з партызанамi обергрупенфюрэра СС Баха-Залеўскага. Наступаючы дзвюма магутнымi групоўкамi з поўначы з раёнаў Себежа, Iдрыцы, Пустошкi (баявая група вышэйшага начальнiка СС i палiцыi «Остланда» Екельна) i з поўдня ад ст. Дрэтунь да шашы Полацк - Себеж (баявая група начальнiка СС i палiцыi генеральнай aкpyгi «Беларусь» фон Готберга, у склад якой уваходзiла 5 палiцэйскiх палкоў СС, 7 ахоўных батальёнаў, у тым лiку асобы батальён СС Дырлевангера, шматлiкiя танкавыя, артылерыйскiя, сапёрныя i iншыя падраздзяленнi, зондэр- i эйнзатцкаманды), гiтлepaўcкae камандаванне iмкнулася рассячы партызанскую зону на дзве часткi. Потым, разгарнуўшы асноўныя сiлы фронтам на захадзе i ўсходзе, стварыць 2 «катлы», прыцiснуўшы партызан на захадзе да загараджальнай лiнii на Заходняй Дзвiне i гранiцы з Латвiяй (група брыгадэнфюрэра CС Шродэра ў складзе двух палiцэйскiх батальёнаў, матарызаваных узводаў жандармерыi i да 1000 пагранiчнiкаў) i на ўсходзе – да чыгункi, якая патрулявалася двума бронецягнiкамi, авiяцыяй, знятымi з фронту часцямi 3-й танкавай apмii.
Аперацыя «Генрых» пачалася з масiраваных паветраных удараў па вёсках, больш за 20 з ix былi спалены фашыстамi. Падпольныя партыйныя органы, камандаванне партызанскiх брыгад прынялi меры для выратавання жыхароў. К канцу 5-га дня жорсткiх i кровапралiтных баёў гiтлераўцам удалося рассячы зону, захапiць плацдарм на р. Дрыса каля в. Чарапоўка. ЦК КП(б)Б, ЦК КП(б) Латвii, Калiнiнскi абком ВКП(б) дапамагалi партызанам i насельнiцтву, якiя апынулiся ў блакадзе. На подступах да блакiраванай фашыстамi партызанскай зоны актыўныя баявыя дзеяннi пачалi войскi 1-га Прыбалтыйскага фронту. Плацдарм гiтлераўцаў каля в. Чарапоўка быў знiшчаны ўдарамi авiяцыi. Часцi 3-й ударнай apмii, зламаўшы супрацiўленне гiтлераўцаў на паўднёвым захадзе ад Невеля, прарвалiся да загараджальных лiнiй карнiкаў на рэках Дрыса, Ушча, Ужыца. 6 лiстапада фарсiравалi ix i злучылiся з партызанамi 2-й, 6, 11, 21-й Кaлiнiнcкix брыгад i Расонскай брыгадай iмя Сталiна, якiя разам з Чырвонай Армiяй грамiлi працiўнiка, што адступаў. 7 лiстапада партызаны Расонскай брыгады імя Сталіна каля в. Слабада акружылі і поўнасцю знішчылі карны батальён 2-га паліцэйскага палка. Прарыў часцей 3-й ударнай арміі і злучэнне з імі часткі партызанскіх брыгад вымусілі карнікаў на ўсходнім участку перайсці да абароны па лініі ст. Дрэтунь – паўдневы бераг воз. Нешчарда. Баявыя группы карнікаў былі пераведзены ў распараджэнне 3-й танкавай і 16-й арміі гітлераўцаў.
У.С. Пасэ.
Поделитесь с Вашими друзьями: |