The article concerns some particularities of present-day development of machine building complex in Belarus. The relevance of this work is conditioned by early phase of research of the branch in contemporary national thought. Author presents past circumstances of the branch’s structure and position formation, commencing from breakdown of the Soviet Union till the end of twentieth century. In that decade, characteristics of branch’s evolution in two consecutive five-year periods are described. Some facts and figures are concerned to present seven years of Belarusian machine building’s progress. Author is reporting the position of two groups of national researchers as touching possible government measures in branch’s restructuring process in the short and the long run. Finally, personal recommendation on this topic is given.
Уводзіны. Сярод індустрыяльных галінаў нашай краіны машынабудаванне і металаапрацоўка займае ў пэўным сэнсе унікальнае становішча. Абумоўлена яно той роляй, якую адыгрывае гэты комплекс1 як у развіцці асобна прамысловасці, так і ўсёй нацыянальнай гаспадаркі. Дастаткова падаць той факт, што па такіх паказчыках, як памер балансавай вартасці асноўных сродкаў, аб’ёмы прадукцыі, якая ўтвараецца, і прыбытку ад яе рэалізацыі, колькасць занятых працаўнікоў розных узроўняў, галіна ўваходзіць у тройку найбольш значных на працягу ўсіх сямнаццаці год існавання незалежнай Беларусі.
З гэтай істотнай ролі, а таксама наяўнай пачатковасці грунтоўнага разгляду розных аспектаў функцыянавання галіны айчыннымі даследчыкамі вынікае актуальнасць дадзенага артыкула. Яго мэтай выступае акрэсленне некаторых кірункаў і перспектыў развіцця нацыянальнага машынабудаўнічага комплексу ў цяперашнім дзесяцігоддзі.
Перадумовы фармавання сучаснай пазіцыі МБК. Як вядома, функцыянаванню машынабудавання ў пасляваенны перыяд з боку тагачасных савецкіх ўладаў надавалася значная ўвага. Арыентацыя на паскоранае развіццё г. зв. першага індустрыяльнага падраздзялення, прывяла да з’яўлення на Беларусі буйных прадпрыемстваў, пераважная доля вытворчых магутнасцяў якіх працавала на забеспячэнне патрэбаў спажыўцоў у іншых рэспубліках СССР [1, с. 55]. Пасля распаду некалі адзінай гаспадарчай сістэмы СССР страта ранейшых рынкаў збыту гатовай прадукцыі, колішніх пастаўшчыкоў сыравіны ў выніку разрыву дагэтуль складзеных кааперацыйных сувязяў, разам з падзеннем узроўню плацёжаздольнага попыту на ўнутраным рынку, прывялі галіну, сярод іншых, у стан сярэднетэрміновага рэцэсійнага крызісу. Ён, у сваю чаргу, стаў адным з найбольш істотных чыннікаў, якія паўплывалі на змену становішча МБК на мезаўзроўні (суадносінаў «галіна ↔ сектар нацыянальнай эканомікі»).
Калі разглядаць зрухі параўнальных доляў машынабудавання да ўсёй прамысловасці па розных паказчыках, арыентуючыся на стан 1990 г. (які, як прынята лічыць, быў апошнім часовым інтэрвалам перад пачаткам сур’ёзных крызісных з’яў2), можна адзначыць амаль двухразовае падзенне ўплыву галіны ў атрыманні прыбытку ад рэалізацыі ўтворанай прадукцыі з 40,6% у 1990 да 21,6% у 1995 і некаторае павелічэнне пасля да 28,6% у 2007. Гэта стала вынікам, сярод іншага, істотнага змяншэння вагі машынабудавання ў агульным аб’ёме створанай прамысловай прадукцыі – з 34,2% у 1990 да 23,3% у 1995 і падобных 24,5% у 2007. Сярод фактараў апошняга падзення айчынныя даследчыкі вылучаюць аб’ектыўную перамену вышэйазначанага парытэту цэн на энергетычныя рэсурсы і канцовую прадукцыю, суб’ектыўныя пралікі ў кіраванні буйнымі галіновымі прадпрыемствамі з боку іх адміністрацыі [11, с. 102], з’яўленне новай падатковай сістэмы [9, с. 217]. На фоне сярэднегадавога змяншэння аб’ёму выпуску прадукцыі ў 1991–95 гг. па прамысловасці ў цэлым на 9,3% (апрацоўчай – 9,5%) машынабудаванне паказала блізкае значэнне ў 7,3%.
Такім чынам, на працягу першых пяці год трансфармацыі машынабудаванне ў сваім развіцці знаходзілася ў рэчышчы агульнаэканамічных крызісных працэсаў, калі ўрад фактычна не меў абрысаў (ўзгодненых кірункаў) той дзяржаўнай структурнай палітыкі, якую неабходна праводзіць у прамысловым сектары.
У 1996 г., згодна з дадзенымі афіцыйнай статыстыкі, пачалося ажыўленне гаспадарчай дзейнасці ў розных сферах. МБК за наступныя пяць год, з 1996 па 2000, у сярэднім паказаў уражлівыя не толькі на фоне прамысловасці (10,5%), але і шмат якіх яе галінаў тэмпы росту створанай прадукцыі ў памеры 14,6%. Напачатку 1998 г. з’явілася дзяржаўная канцэпцыя і праграма развіцця прамысловага комплексу Рэспублікі Беларусь на стратэгічную перспектыву, да 2015 г. У ёй слушна падаецца неабходнасць правядзення дзяржавай актыўнай прамысловай палітыкі, накіраванай на фармаванне сучаснай структуры вытворчасці, характэрнай для развітых краінаў [6, с. 4]. У той самы час пры канстатаванні, што ўжо створаны перадумовы для пераходу на новы этап развіцця прамысловасці, у якасці асноўных чыннікаў, якія паспрыялі яе ўздыму, названыя такія тыповыя захады пасіўнага характару, як прадстаўленне дзяржаўнай падтрымкі прадпрыемствам, выкарыстанне розных метадаў іх стымулявання, узмацненне працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны [6, с. 6].
Многія айчынныя даследчыкі ў сваіх працах пацвярджаюць экстэнсіўны характар прамысловага росту гэтага перыяду, кажучы, што ён не мае пад сабой трывалай, якаснай глебы. Адзначана перавага ў правядзенні хаатычнага і адміністрацыйнага тыпаў структурнай перабудовы, якая праяўляецца ў падтрыманні ўрадам макрараўнавагі штучным, рукатворным шляхам, што фактычна кансервуе ўжо наяўныя хранічныя дысбалансы [10, с. 118-119]. Павелічэнне памераў дзяржаўнага рэгулявання ў гэты час прывяло да г. зв. аднаўленчага росту, які меў кан’юнктурную прыроду, што знаходзіць сваё пацвярджэнне ў выніку праведзеных анкетных апытанняў кіраўнікоў прадпрыемстваў [4, с. 45].
Пры разглядзе тэхналагічных аспектаў патэнцыялу індустрыяльнага развіцця канстатуецца яго састарэласць і вычарпанасць. Гэта праяўляецца ў прымітывізацыі вытворчасці, дазваляючы такім чынам наўпрост падтрымліваць існую колькасць працоўных месцаў. Адарванасць айчыннай індустрыяльнай базы ад сусветных рынкаў канструктарскіх распрацовак спараджае замкнёнае кола: «ўзмацненне тэхналагічнай адсталасці → зніжэнне эфектыўнасці вытворчасці → адсутнасць інвестыцый → узмацненне тэхналагічнай адсталасці» [7, с. 51].
Пазітыўны факт павелічэння аб’ёмаў вытворчасці большасці з пераліку тавараў МБК дзякуючы росту прадукцыйнасці працы адпавядае складзеным тэндэнцыям, якія, аднак, таксама насілі пасіўны характар. Тое, што кіраўніцтва профільнага міністэрства прамысловасці шчыра прызнае неабходнасць актывізацыі інавацыйных захадаў для падвышэння канкурэнтаздольнасці прадукцыі, з’яўляецца добрым фактам [3, с. 27], але ў той самы час нібыта забывае пра пераважна цэнавы характар уплыву на аб’ёмы попыту на айчынныя тавары на знешніх рынках, у адрозненне ад якаснага (тым болей, калі сцвярджаецца пра наладжаны выпуск нейкай якасна новай прадукцыі, якая знаходзіць сваіх замежных пакупнікоў).
Асаблівасці сучаснага этапу развіцця машынабудавання. Прырост аб’ёмаў створанай прадукцыі за 2001–07 гг. склаў у сярэднім 12,4%3 [12, с. 21].
У выніку структурнай перабудовы пераважна пасіўнага характару, якая адбываецца перманентна, з’яўлення цэлага шэрагу малых прадпрыемстваў, лічба галіновых гаспадарчых суб’ектаў у параўнанні з 1990 г. узрасла амаль удвая, стабілізаваўшыся каля адзнакі ў 600 адзінкаў. Дарма, што такое павелічэнне не спрыяе дэманапалізацыі працэсу ўнутрыгаліновай вытворчасці, бо ў параўнанні з паказчыкам дзесяцігадовай даўніны ён узрос (у 1995 г. восем асноўных флагманаў айчыннага машынабудавання стваралі 39,7% валавога выпуску, а ў 2006 г. – ужо 46,6%). Айчынныя даследчыкі называюць цяперашнюю канцэнтрацыю вытворчасці комплексу найбольшай ва ўсёй прамысловасці [11, с. 104]. Колькасць занятых працаўнікоў у галіне, наадварот, працягвала за гэты час змяншацца, напрыканцы перыяду трошкі ўзняўшыся да адзнакі 396 тыс. чалавек. Прадукцыйнасць працы ўзрастала ў сярэднім за год на 13,9%. Пры супастаўленні паказчыкаў аб’ёмаў выпуску і прадукцыйнасці працы заўважальнай становіцца блізкасць характару іх зменаў, што абумоўлена, сярод іншага, стабілізацыяй колькасці занятага персаналу.
Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, працаў і паслугаў у гэты час працягвае зніжацца ў параўнанні з папярэднімі двума пяцігадовымі перыядамі і складае ў сярэднім 11,9%, што менш на 1,3% за паказчык па ўсёй прамысловасці. Адметным з’яўляецца факт росту колькасці прыбытковых прадпрыемстваў галіны, тэмпы якога істотна не супадаюць з памяншэннем ліку гаспадарчых суб’ектаў, фінансавае становішча якіх абцяжараны пратэрмінаванай крэдыторскай запазычанасцю.
Па-ранейшаму выклікае заклапочанасць фізічны стан наяўных вытворчых магутнасцяў, паколькі ў 2004 г. ступень зносу прамыслова-прадукцыйных асноўных сродкаў дасягнула амаль 70%, нарастаючы на працягу пераважнай большасці папярэдніх дзесяці год. Апошнім часам, напэўна, сітуацыя пачала патроху выпраўляцца. Некаторыя даследчыкі пры разглядзе дадзенага пытання адзначаюць імавернасць таго, што ў галіне замяняюцца сярод іншых толькі найбольш зношаныя сродкі, выкарыстанне якіх недапушчальнае з пункту гледжання іх негатыўнага ўплыву на вытворчы працэс [2, с. 48].
Змены цэнавай кан’юнктуры на сусветным рынку не магла не адбіцца на інвестыцыйным баку становішча галіны на фоне ўсёй прамысловасці, што паспрыяла росту капіталаўкладанняў у паліўнай галіне, разам з хімічнай і нафтахімічнай, такім чынам, панізіўшы вагу машынабудавання па памеры балансавай вартасці прамыслова-прадукцыйных асноўных сродкаў з ⅓ у 1990 г. да ¼ па стану на 2007.
Перспектывы развіцця МБК у будучыні. Прапановы айчынных даследчыкаў наконт шляхоў далейшага развіцця машынабудавання і металаапрацоўкі з пэўнай доляй умоўнасці можна падзяліць на дзве катэгорыі.
Першыя, прыхільнікі больш актыўных (рэвалюцыйных) захадаў, адмаўляюць факт наяўнасці ўстойлівых перспектыў развіцця для ўсёй галіны. Прычынамі гэтага, на іх думку, выступаюць вялікі фізічны і маральны знос абсталявання, адсутнасць неабходнай сыравіны для вырабу гатовай прадукцыі, практычная мізэрнасць назапашанага да гэтага часу навукова-тэхнічнага патэнцыялу [10, с. 123–124]. Прапануецца (можа, часова?) адмовіцца ад арыентацыі на значнае дзяржаўнае спрыянне развіццю галіны, скіраваўшы адпаведную ўвагу на такія, што забяспечваюць атрыманне параўнальна больш значных аб’ёмаў дададзенай вартасці.
Пры разглядзе падгаліновай структуры машынабудавання адзначаецца яго складзеная арыентацыя на безумоўнае імпартазамяшчэнне, пры якім прадпрыемствы займаюцца самадастатковай натуральнай вытворчасцю [8, с. 287]. Тут у якасці адной з мажлівасцяў, прапануецца засяродзіць увагу на перспектыўным развіцці аўтамабілебудавання, тым часам адмовіўшыся ад вытворчасці станкоў і камбайнаў.
Важнасць выбару далейшага лёсу асобных прадпрыемстваў і падгалінаў машынабудавання спецыялістамі сувязваецца з фармаваннем у будучыні аптымальнай мадэлі прамысловасці [16, с. 41].
Другія, прыхільнікі менш актыўных (эвалюцыйных) захадаў, абгрунтоўваюць неабходнасць падтрымання значнай колькасці наяўных вытворчых структураў тым вялікім сацыяльна-эканамічным уплывам, што робіць комплекс на развіццё нацыянальнай эканомікі [13, с. 29]. Адзначаючы найбольшую ступень навукаёмістасці прадукцыі, якую выпускае галіна сярод іншых ва ўсёй прамысловасці, прапануецца спрыяць імкліваму развіццю перш за ўсё высокатэхналагічных вытворчасцяў унутры яе. Тлумачыцца таксама неабходнасць далейшага замацавання пазіцый на гістарычна складзеным рынку збыту – расійскім [14, с. 63], а разам з тым арыентацыі на зменлівую структуру патрэбаў і прэферэнцый спажыўцоў [11, с. 110].
Аб’ядноўвае пазіцыі прадстаўнікоў гэтых дзвюх груп фактычнае прызнанне немагчымасці дасягнення значных якасных зменаў у функцыянаванні галіны без наладжвання належнай ступені кааперацыі з адпаведнымі контрагентамі з развітых краінаў, г. зн. інавацыйнай арыентацыі на постіндустрыяльны тэхналагічны ўклад [15, с. 44].
Заключэнне. Праведзеныя агляд і пералік тэндэнцый, якія адбываюцца цяпер у развіцці айчыннага машынабудавання, прыводзяць да высновы, што актыўная фаза яго рэфармавання яшчэ не пачалася. Для таго каб галіна зазнала прагрэсіўныя структурныя зрухі, якія прывядуць да падвышэння доўгатэрміновай эфектыўнасці яе дзейнасці, ураду як прадстаўніку асноўнага ўласніка неабходна праводзіць сістэмныя пераўтварэнні, якія базуюцца на грунце мадэляў аптымальнага і рацыянальнага функцыянавання прамысловых структур розных узроўняў краін з пераходнымі і развітымі эканомікамі.
Літаратура
-
Абрамов, И. М. Экономические кризисы-катастрофы и пути их преодоления / И. М. Абрамов; науч. ред. П. Г. Никитенко. – Минск: БГЭУ, 2001. – 119 с.
-
Воронин, С. Машиностроение Белоруссии: динамика подъёма / С. Воронин // Экономист. – 2006. – № 2. – С. 45–52.
-
Демидович, И. И. О путях повышения конкурентоспособности продукции машиностроения на внутренних и внешних рынках / И. И. Демидович // Белорусская экономика: анализ, прогноз, регулирование. – 2003. – № 6. – С. 27–31.
-
Желтков, И. М. Факторы промышленного роста в Республике Беларусь в 1996–2003 гг. Анализ динамики с использованием данных конъюнктурных опросов / И. М. Желтков // Белорусский экономический журнал. – 2004. – № 3. – С. 35–46.
-
Злотников, А. К оценке темпов роста промышленности / А. Злотников // Белорусский банковский бюллетень. – 2003. – № 21. – С. 34–40.
-
Концепция и программа развития промышленного комплекса Республики Беларусь на 1998–2015 гг. (краткое изложение) // Белорусский экономический журнал. – 1998. – № 2. – С. 4-25.
-
Михайлова-Станюта, И. Экономический рост и стратегия технологического развития Беларуси / И. Михайлова-Станюта, А. Марков // Белорусский банковский бюллетень. – 2003. – № 20. – С. 46–51.
-
Михайлова-Станюта, И. А. Определяющая роль инновационного развития в решении главных экономических задач страны / И. А. Михайлова-Станюта // Проблемы прогнозирования и государственного регулирования социально-экономического развития в регионе ЦЕИ: материалы VI междунар. науч. конф., Минск, 20–21 окт. 2005 г.: В 4 т. Т. 1. / Редкол.: С. С. Полоник и др. – Минск: НИЭИ Министерства экономики Респ. Беларусь, 2006. – С. 283–290.
-
Национальная экономика Беларуси: Потенциалы. Хозяйственные комплексы. Направления развития. Механизмы управления: учеб. пособие / под общ. ред. В. Н. Шимова. – Минск: БГЭУ, 2005. – 844 с.
-
Никитенко, П. Структурный аспект государственной промышленной политики в Беларуси / П. Никитенко, И. Михайлова-Станюта // Общество и экономика. – 2001. – № 7–8. – С. 111–125.
-
Пратасеня, В. С. Маркетинговая концепция модернизации машиностроения / В. С. Пратасеня // Белорусский экономический журнал. – 2005. – № 4. – С. 102–113.
-
Промышленность Республики Беларусь: стат. сб. / Мин-во статистики и анализа Респ. Беларусь. – Минск, 2008. – 182 с.
-
Хамчуков, Д. Ю. Актуальность и приоритеты развития машиностроительного комплекса в промышленности Республики Беларусь / Д. Ю. Хамчуков // Белорусская экономика: анализ, прогноз, регулирование. – 2003. – № 11. – С. 29–37.
-
Хамчуков, Д. Ю. Повышение конкурентоспособности машиностроительного комплекса Беларуси / Д. Ю. Хамчуков // Белорусский экономический журнал. – 2006. – № 1. – С. 62–71.
-
Черныш, Л. О концепции «технологических укладов» и её месте в прогнозах развития Беларуси / Л. Черныш // Белорусский банковский бюллетень. – 2003. – № 45. – С. 35–44.
-
Черныш, Л. О модели экономики Беларуси / Л. Черныш // Белорусский банковский бюллетень. – 2003. – № 17. – С. 38–46.