Праект
Унесены Саветам Міністраў
Рэспублікі Беларусь
КОДЭКС
рэспублікі Беларусь
аб культуры
Прыняты Палатай прадстаўнікоў
Адобраны Саветам Рэспублікі
Гэты Кодэкс накіраваны на рэгуляванне грамадскіх адносін у сферы культуры, а таксама на ўстанаўленне прававых, арганізацыйных, эканамічных і сацыяльных асноў культурнай дзейнасці ў мэтах захавання і выкарыстання культурных каштоўнасцей, развіцця арганізацый культуры і забеспячэння агульнадаступнасці культурных даброт.
АГУЛЬНАЯ ЧАСТКА
РАЗДЗЕЛ I
АСНОВЫ ПРАВАВОГА РЭГУЛЯВАННЯ Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
-
Асноўныя тэрміны, якiя прымяняюцца ў гэтым Кодэксе, і іх азначэнні
1. У гэтым Кодэксе прымяняюцца наступныя асноўныя тэрміны i iх азначэннi:
аб’екты культурнай iнфраструктуры –– капітальныя пабудовы (будынкі, збудаванні), памяшканнi i iншая нерухомая маёмасць, якiя прызначаны (выкарыстоўваюцца) для ажыццяўлення i (або) забеспячэння культурнай дзейнасцi;
арганiзацыя культуры –– юрыдычная асоба, якая ажыццяўляе ў якасцi асноўнай дзейнасцi культурную дзейнасць;
гісторыка-культурныя каштоўнасці –– культурныя каштоўнасці, якія маюць адметныя духоўныя, мастацкія і (або) дакументальныя вартасці і якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці;
дзеячы культуры і мастацтва –– работнікі культуры і творчыя работнікі, якія маюць ганаровыя званні Рэспублікі Беларусь у сферы культуры і (або) іншыя дзяржаўныя ўзнагароды Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў сферы культуры;
карыстальнік гісторыка-культурнай каштоўнасці –– юрыдычная асоба, за якой гісторыка-культурная каштоўнасць замацавана на праве гаспадарчага распараджэння або аператыўнага кіравання;
культура –– сукупнасць культурных каштоўнасцей і культурная дзейнасць;
культурная дзейнасць –– дзейнасць па стварэнні, аднаўленні (адраджэнні), захаванні, ахове, вывучэнні, выкарыстанні, распаўсюджванні i (або) папулярызацыi культурных каштоўнасцей, прадастаўленні культурных даброт, эстэтычным выхаванні грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства (далей, калі не вызначана іншае, –– грамадзяне), арганiзацыi культурнага адпачынку (вольнага часу) насельнiцтва;
культурныя даброты –– культурныя каштоўнасці, што прадастаўляюцца, работы і (або) паслугі, што выконваюцца (аказваюцца) юрыдычнымі асобамі, грамадзянамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія ажыццяўляюць (займаюцца) культурную дзейнасць, для задавальнення духоўных патрэбнасцей грамадства, станаўлення і развіцця асобы;
культурныя каштоўнасцi –– створаныя (пераўтвораныя) чалавекам або цесна звязаныя з яго дзейнасцю матэрыяльныя аб’екты i нематэрыяльныя праяўленнi творчасцi чалавека, якiя маюць гiстарычнае, мастацкае, навуковае або iншае значэнне;
культурны праект –– сукупнасць дзеянняў, накіраваных на дасягненне вынікаў культурнай дзейнасці, зыходзячы з вызначаных рэсурсаў, тэрмінаў, патрабаванняў да якасці, уліку дапушчальнага ўзроўню рызыкі;
мастацкая творчасць –– стварэнне твораў мастацкай літаратуры і мастацтва, іх выкананняў і (або) іх выкананне;
работнік культуры –– грамадзянін, які ажыццяўляе культурную дзейнасць на пасадзе, прадугледжанай кваліфікацыйным даведнікам пасад служачых, якія заняты ў культуры, а таксама кіраўнік арганізацыі культуры, падраздзялення арганізацыі культуры і іншай юрыдычнай асобы, якое ажыццяўляе культурную дзейнасць, і іх намеснік (намеснікі), да службовых абавязкаў якога (якіх) адносяцца пытанні ажыццяўлення культурнай дзейнасці;
сфера культуры –– галіна сацыяльнай сферы па ажыццяўленні і забеспячэнні культурнай дзейнасці ў адпаведнасці з напрамкамі, прадугледжанымі артыкулам 80 гэтага Кодэкса;
творчая дзейнасць –– вiд культурнай дзейнасцi, якi ўключае мастацкую творчасць i iншую iнтэлектуальную дзейнасць, што завяршаецца з’яўленнем новага, які раней не існаваў, вынiку iнтэлектуальнай дзейнасцi ў сферы культуры;
творчы работнік –– грамадзянін, які ажыццяўляе творчую дзейнасць незалежна ад таго, з’яўляецца ён членам творчага саюза ці не;
уласнік гісторыка-культурнай каштоўнасці –– Рэспублiка Беларусь, адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльная адзiнка Рэспублiкi Беларусь, юрыдычная асоба, грамадзянін, у тым ліку індывідуальны прадпрымальнік, якім належаць правы валодання, карыстання і распараджэння гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
2. Змест асобных тэрмінаў, якiя выкарыстоўваюцца ў гэтым Кодэксе, вызначаецца ў адпаведных артыкулах гэтага Кодэкса.
-
Асноўныя прынцыпы, на якіх грунтуюцца грамадскія адносіны ў сферы культуры
Грамадскія адносіны ў сферы культуры грунтуюцца на аснове наступных асноўных прынцыпаў:
прызнанне культуры ў якасцi аднаго з галоўных фактараў самабытнасцi народа Беларусі, нацыянальных супольнасцей, якiя пражываюць у Рэспублiцы Беларусь, пераемнасцi пакаленняў, а таксама ў якасцi асновы для станаўлення і развiцця асобы;
прыярытэт развiцця беларускай нацыянальнай культуры і свабоднага развiцця культур усiх нацыянальных супольнасцей, якiя пражываюць у Рэспублiцы Беларусь;
захаванне i развiццё культурных каштоўнасцей, іх распаўсюджванне на карысць iнтарэсаў асобы i грамадства;
адраджэнне, захаванне i развiццё нацыянальных культурных традыцый;
агульнадаступнасць культурных даброт, забеспячэнне магчымасці для далучэння грамадзян, якія пражываюць у сельскіх населеных пунктах, інвалідаў і іншых фізічна аслабленых асоб да культурных даброт;
зберажэнне i памнажэнне гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны;
ахова аўтарскага права і сумежных правоў;
забеспячэнне i абарона канстытуцыйнага права кожнага на ўдзел у культурным жыццi;
свабода творчай дзейнасці;
разнастайнасць напрамкаў, форм, жанраў i стыляў у мастацкай творчасці;
спалучэнне дзяржаўных i грамадскiх iнтарэсаў, правоў і свабод грамадзян у сферы культуры;
забеспячэнне роўнасцi правоў i магчымасцей грамадзян у стварэнні і выкарыстанні культурных каштоўнасцей, недапушчальнасць устанаўлення пераваг i прывiлей у сферы культуры, якiя супярэчаць заканадаўству;
недапушчальнасць манапалiзму ў культуры i манапалiзацыi культурнай дзейнасцi;
фарміраванне і развіццё канкурэнтнага культурнага асяроддзя;
арыентацыя на нацыянальныя i агульначалавечыя каштоўнасцi, лепшыя ўзоры беларускай нацыянальнай і сусветнай культуры, якія маюць важнае сацыяльна-культурнае значэнне, прыярытэт культурных каштоўнасцей, якiя носяць высокамастацкi i высокамаральны характар;
узаемадзеянне беларускай нацыянальнай культуры з культурамi iншых народаў i яе iнтэграцыя ў сусветную культуру;
сцвярджэнне і распаўсюджванне гуманiстычных iдэй, навуковых ведаў і дасягненняў сусветнай культуры, сцвярджэнне высокiх маральных пачаткаў у грамадскiм жыццi, фармiраванне эстэтычнага жыццёвага асяроддзя.
-
Суб’екты культурнай дзейнасці
Суб’ектамі культурнай дзейнасці з’яўляюцца:
грамадзяне, у тым ліку работнікі культуры, творчыя работнікі, спонсары і мецэнаты культуры;
арганізацыі культуры, установы адукацыі, навуковыя арганізацыі, іншыя юрыдычныя асобы і іх падраздзяленні, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць;
калектывы мастацкай творчасці, якія не з’яўляюцца арганізацыямі культуры і падраздзяленнямі юрыдычных асоб;
творчыя саюзы, іншыя грамадскія аб’яднанні ў сферы культуры;
дзяржаўныя органы і органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання;
міжнародныя арганізацыі і міждзяржаўныя ўтварэнні;
іншыя юрыдычныя асобы, у тым ліку спонсары культуры, якія садзейнічаюць развіццю культуры.
ГЛАВА 2
ЗАКАНАДАЎСТВА АБ КУЛЬТУРЫ І ЯГО ДЗЕЯННЕ
-
Заканадаўства аб культуры
1. Заканадаўства аб культуры грунтуецца на Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i складаецца з гэтага Кодэкса, iншых актаў заканадаўства, міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь.
2. Калi мiжнароднымi дагаворамi Рэспублiкi Беларусь устаноўлены iншыя правiлы, чым тыя, якiя прадугледжаны гэтым Кодэксам, то прымяняюцца правілы мiжнароднага дагавора.
-
Грамадскія адносiны, якiя рэгулююцца заканадаўствам аб культуры
Гэтым Кодэксам і iншымі актамі заканадаўства аб культуры рэгулююцца грамадскія адносiны ў наступных напрамках:
захаванне і выкарыстанне культурных каштоўнасцей;
увоз і (або) вываз, вяртанне культурных каштоўнасцей;
ахова гiсторыка-культурнай спадчыны;
ахова археалагічнай спадчыны;
бiблiятэчная справа;
музейная справа;
народныя мастацкія рамёствы;
кiнематаграфiчная дзейнасць;
арганізацыя і правядзенне культурных мерапрыемстваў;
дзейнасць прафесійных калектываў мастацкай творчасці;
дзейнасць непрафесійных (аматарскіх) і аўтэнтычных фальклорных калектываў мастацкай творчасці;
арганiзацыя культурнага адпачынку (вольнага часу) насельнiцтва;
дзейнасць па эстэтычным выхаванні;
заахвочванні ў сферы культуры;
мiжнароднае супрацоўнiцтва ў сферы культуры;
iншыя напрамкi, звязаныя з ажыццяўленнем i забеспячэннем культурнай дзейнасцi, калi iншае не вызначана гэтым Кодэксам.
-
Дзеянне заканадаўства аб культуры па коле асоб
Заканадаўства аб культуры, за выключэннем выпадкаў, устаноўленых міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь, распаўсюджваецца на грамадзян Рэспублікі Беларусь і юрыдычныя асобы Рэспублікі Беларусь, а таксама на замежных грамадзян, асоб без грамадзянства, замежныя арганізацыі, якія знаходзяцца або ажыццяўляюць дзейнасць у Рэспубліцы Беларусь, і на міжнародныя арганізацыі і міждзяржаўныя ўтварэнні, якія ажыццяўляюць дзейнасць у Рэспубліцы Беларусь.
-
Адказнасць за парушэнне заканадаўства
аб культуры
1. Заканадаўчымі актамі ўстанаўлiваецца крымiнальная, адмiнiстрацыйная, матэрыяльная адказнасць за парушэнне заканадаўства аб культуры.
2. Дысцыплiнарная i iншая адказнасць за парушэнне заканадаўства аб культуры, не ўказаная ў пункце 1 гэтага артыкула, устанаўлiваецца актамі заканадаўства.
ГЛАВА 3
ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАЛІТЫКА І ДЗЯРЖАЎНАЕ
КІРАВАННЕ Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ
-
Напрамкі дзяржаўнай палiтыкi ў сферы культуры
Напрамкамі дзяржаўнай палiтыкi ў сферы культуры з’яўляюцца:
захаванне, развiццё i распаўсюджванне беларускай нацыянальнай культуры i мовы;
забеспячэнне рэалізацыі правоў і законных інтарэсаў грамадзян у сферы культуры;
забеспячэнне аховы гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны;
стварэнне дзяржаўных арганізацый культуры і садзейнiчанне развiццю іх матэрыяльна-тэхнiчнай базы;
стварэнне ўмоў для супрацоўніцтва ў сферы культуры дзяржаўных органаў з камерцыйнымі арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі;
стварэнне ўмоў для развіцця юрыдычных асоб усіх форм уласнасці, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць, аказанне ім падтрымкі ў рэалізацыі культурных праектаў на конкурснай аснове;
стварэнне ўмоў для прыцягнення сродкаў спонсараў і мецэнатаў культуры, іншых юрыдычных асоб, грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, для фінансавання культуры;
распрацоўка і рэалізацыя дзяржаўных, рэгіянальных і галіновых праграм, накіраваных на захаванне і развіццё культуры;
рэалiзацыя дзяржаўных мiнiмальных сацыяльных стандартаў у сферы культуры;
стварэнне спрыяльных умоў для эстэтычнага выхавання грамадзян;
абарона грамадскай маралi, прадухіленне прапаганды парнаграфіі, насілля і жорсткасці;
арганізацыя, правядзенне і падтрымка фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў і распрацовак у сферы культуры, аказанне метадычнай дапамогi па ажыццяўленні і (або) забеспячэнні культурнай дзейнасці арганiзацыям культуры і іншым юрыдычным асобам, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць;
забеспячэнне развiцця культуры ў сельскай мясцовасцi, у тым ліку шляхам рацыянальнага i аптымальнага размяшчэння арганізацый культуры з улiкам асаблівасцей развiцця асобных рэгiёнаў i галiн вытворчасцi, стварэння арганізацый культуры змешанага тыпу, выкарыстання нестацыянарных форм абслугоўвання;
стварэнне аб’ектаў культурнай інфраструктуры;
садзейнічанне інфарматызацыі сферы культуры;
падтрымка таленавітай моладзі і стварэнне ўмоў для яе плённай дзейнасці;
заахвочванне работнiкаў культуры, творчых работнікаў, арганізацый культуры, спонсараў і мецэнатаў культуры, іншых юрыдычных асоб, грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, якiя ўнеслi значны ўклад у захаванне і развiццё культуры;
сацыяльная абарона работнiкаў культуры i творчых работнiкаў;
садзейнічанне міжнароднаму супрацоўніцтву ў сферы культуры;
забеспячэнне агульнадаступнасці культурнай дзейнасці і культурных даброт, павышэнне якасці культурных даброт;
забеспячэнне ў адпаведнасцi з гэтым Кодэксам, іншымі заканадаўчымі актамі доступу да культурных даброт на льготных умовах для iнвалiдаў, ветэранаў Вялiкай Айчыннай вайны, ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыi iншых дзяржаў, ваеннаслужачых тэрмiновай службы, дзяцей-сiрот, дзяцей, якiя засталiся без апекi бацькоў, асоб, якiя атрымлiваюць дашкольную, агульную сярэднюю, прафесiйна-тэхнiчную, сярэднюю спецыяльную, вышэйшую, спецыяльную адукацыю, а таксама асоб, якiя маюць заслугi перад дзяржавай i народам;
стварэнне ўмоў інвалідам і іншым фізічна аслабленым асобам для доступу і карыстання паслугамі арганізацый культуры, падраздзяленнямі юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць, у тым ліку доступу да інфармацыйна-камунікацыйных рэсурсаў;
спрыянне стварэнню, распаўсюджванню i папулярызацыi суб’ектамi культурнай дзейнасцi культурных каштоўнасцей, арганізацыі і правядзенню культурных мерапрыемстваў, рэалізацыі культурных праектаў, у тым лiку шляхам размяшчэння сацыяльна-творчых заказаў i фiнансавання дзяржаўных, рэгіянальных і галіновых праграм, накіраваных на захаванне і развіццё культуры;
стварэнне ўмоў для адраджэння, захавання i развiцця гiстарычных традыцый народнай творчасцi, заахвочванне юрыдычных асоб, грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, да культурнай дзейнасці;
садзейнiчанне арганiзацыi i правядзенню культурных мерапрыемстваў, экспертыз, iншых форм аб’ектыўнай i незалежнай ацэнкi вынiкаў творчай дзейнасцi, а таксама развiццю лiтаратурнай i мастацкай крытыкi;
стварэнне дзяржаўных сродкаў масавай iнфармацыi, якiя спецыялiзуюцца на асвятленнi культурнага жыцця ў Рэспублiцы Беларусь i замежных дзяржавах, стымуляванне публiкацый або паведамленняў на тэмы, звязаныя з культурным жыццём, у сродках масавай iнфармацыi;
стымуляванне выдання твораў мастацкай лiтаратуры, якія маюць значэнне для захавання і развiцця беларускай нацыянальнай культуры (творы лiтаратуры нацыянальнай тэматыкi, для дзяцей i моладзi, класiчныя творы мастацкай лiтаратуры i iншыя творы);
рэгуляванне ўвозу і (або) вывазу культурных каштоўнасцей, недапушчэнне без законных падстаў вывазу з Рэспублiкi Беларусь культурных каштоўнасцей i незаконнай перадачы права ўласнасцi на iх, прыняцце мер па вяртанні ў Рэспублiку Беларусь культурных каштоўнасцей, якія без законных падстаў вывезены з яе тэрыторыi або не вернуты ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку;
падрыхтоўка, павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка работнікаў культуры;
іншыя напрамкі дзяржаўнай палітыкі.
-
Дзяржаўныя, рэгіянальныя і галіновыя праграмы, накіраваныя на захаванне i развiццё культуры
1. У мэтах захавання і развіцця культуры распрацоўваюцца дзяржаўныя, рэгіянальныя і галіновыя праграмы, накіраваныя на захаванне і развіццё культуры.
2. Фарміраванне, фінансаванне і выкананне дзяржаўных, рэгіянальных і галіновых праграм, накіраваных на захаванне і развіццё культуры, ажыццяўляюцца ў парадку, вызначаным заканадаўствам.
-
Дзяржаўнае кіраванне ў сферы культуры
Дзяржаўнае кіраванне ў сферы культуры ажыццяўляюць Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь, Савет Міністраў Рэспублiкi Беларусь, Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь, мясцовыя выканаўчыя i распарадчыя органы, iншыя дзяржаўныя органы ў адпаведнасцi з iх кампетэнцыяй.
-
Паўнамоцтвы Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
у сферы культуры
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь вызначае адзіную дзяржаўную палітыку і ажыццяўляе дзяржаўнае кіраванне ў сферы культуры ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі.
-
Паўнамоцтвы Савета Міністраў Рэспублiкi Беларусь у сферы культуры
Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь у сферы культуры:
забяспечвае правядзенне адзінай дзяржаўнай палітыкі;
зацвярджае дзяржаўныя мінімальныя сацыяльныя стандарты;
зацвярджае парадак стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва;
забяспечвае развіццё міжнароднага супрацоўніцтва;
ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Кодэксам, іншымі законамі і актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
-
Паўнамоцтвы Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь у сферы культуры
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у сферы культуры:
праводзіць адзіную дзяржаўную палітыку;
каардынуе дзейнасць iншых рэспублiканскiх органаў дзяржаўнага кiравання ў гэтай сферы;
распрацоўвае і рэалізуе дзяржаўныя і галіновыя праграмы, накіраваныя на захаванне і развіццё культуры;
вызначае агульную стратэгію развіцця гэтай сферы;
арганізуе міжнароднае супрацоўніцтва;
стварае дзяржаўныя арганізацыі культуры, садзейнічае развіццю іх матэрыяльна-тэхнічнай базы, забяспечвае аказанне метадычнай дапамогі па ажыццяўленні і (або) забеспячэнні культурнай дзейнасці арганізацыям культуры і іншым юрыдычным асобам, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць;
арганізуе і праводзіць культурныя мерапрыемствы;
арганізуе і садзейнічае правядзенню мерапрыемстваў па ахове гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны, вызначае методыку падрыхтоўкі і правядзення эвакуацыі гісторыка-культурных каштоўнасцей, якім пагражае знішчэнне ў выпадку надзвычайнай сітуацыі або ўзброенага канфлікту, у тым ліку за межамі Рэспублікі Беларусь;
прымае меры па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, насілля і жорсткасці;
размяшчае сацыяльна-творчыя заказы;
забяспечвае падрыхтоўку, перападрыхтоўку i павышэнне квалiфiкацыi работнiкаў культуры;
ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам і іншымі актамі заканадаўства.
-
Паўнамоцтвы iншых дзяржаўных органаў,
а таксама мясцовых выканаўчых i распарадчых органаў у сферы культуры
1. Іншыя дзяржаўныя органы прымаюць удзел у правядзенні адзінай дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры ў адпаведнасцi з iх кампетэнцыяй.
2. Мясцовыя выканаўчыя i распарадчыя органы ў сферы культуры:
прымаюць удзел у правядзенні адзінай дзяржаўнай палітыкі;
вырашаюць пытаннi культуры мясцовага значэння;
распрацоўваюць і рэалізуюць рэгіянальныя праграмы, накіраваныя на захаванне і развіццё культуры;
ствараюць дзяржаўныя арганізацыі культуры, садзейнічаюць развіццю іх матэрыяльна-тэхнічнай базы;
арганізуюць і праводзяць культурныя мерапрыемствы;
арганiзуюць i садзейнiчаюць правядзенню мерапрыемстваў па ахове гiсторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны;
размяшчаюць сацыяльна-творчыя заказы;
ажыццяўляюць іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам і іншымі актамі заканадаўства.
-
Узаемадзеянне ў сферы культуры дзяржаўных органаў з органамi тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, грамадскiмi аб’яднаннямi і іншымі юрыдычнымі асобамі, грамадзянамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі
1. Дзяржаўныя органы ажыццяўляюць кіраванне ў сферы культуры ва ўзаемадзеяннi з органамі тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, грамадскiмi аб’яднаннямi і іншымі юрыдычнымі асобамі, грамадзянамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі.
2. У мэтах забеспячэння ўдзелу органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, грамадскiх аб’яднанняў і іншых юрыдычных асоб, грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, у рэалізацыі дзяржаўнай палiтыкi ў сферы культуры, аб’ектыўнай ацэнкi праблем i распрацоўкi мер па iх вырашэнні пры дзяржаўных органах могуць стварацца на грамадскіх пачатках грамадскiя саветы (камісіі) i iншыя кансультатыўныя органы (экспертныя фарміраванні) па пытаннях культуры з ліку творчых работнікаў, работнікаў культуры, іншых грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, дзяржаўных органаў, навуковых арганізацый, іншых юрыдычных асоб.
3. Грамадскiя саветы (камісіі) i iншыя кансультатыўныя органы (экспертныя фарміраванні) па пытаннях культуры:
ажыццяўляюць падрыхтоўку прапаноў па рэалiзацыi дзяржаўнай палiтыкi ў сферы культуры;
садзейнiчаюць рэалiзацыi культурных праектаў, дзяржаўных, рэгіянальных і галіновых праграм, накіраваных на захаванне і развіццё культуры, правядзенню мерапрыемстваў па ахове гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны, развіццю бібліятэчнай і музейнай справы, кінематаграфіі, дэкаратыўна-прыкладнога, манументальнага, музычнага, тэатральнага, харэаграфічнага, эстраднага, цыркавога і іншых відаў мастацтва, развіццю і падтрымцы народных мастацкіх рамёстваў, адукацыі ў сферы культуры, арганізацыі і правядзенню культурных мерапрыемстваў;
ажыццяўляюць падрыхтоўку прапаноў па ўдасканаленні заканадаўства аб культуры;
аказваюць метадычную і экспертную дапамогу, кансультуюць па пытаннях культуры;
ажыццяўляюць падрыхтоўку прапаноў па пытаннях культуры, дзейнасці работнiкаў культуры, творчых работнікаў, грамадскіх аб’яднанняў і іншых суб’ектаў культурнай дзейнасці;
садзейнiчаюць стварэнню спрыяльных умоў для культурнай дзейнасці, развіццю мiжнароднага супрацоўнiцтва ў сферы культуры.
4. Склад грамадскiх саветаў (камісій) i iншых кансультатыўных органаў (экспертных фарміраванняў) па пытаннях культуры зацвярджаецца дзяржаўным органам, пры якім яны ствараюцца.
Грамадскiя саветы (камісіі) i iншыя кансультатыўныя органы (экспертныя фарміраванні) па пытаннях культуры дзейнічаюць на падставе зацверджанага імі рэгламенту.
5. Рашэннi грамадскiх саветаў (камісій) i iншых кансультатыўных органаў (экспертных фарміраванняў) па пытаннях культуры носяць рэкамендацыйны характар, калі іншае не вызначана гэтым Кодэксам, іншымі заканадаўчымі актамі.
-
Супрацоўніцтва ў сферы культуры дзяржаўных органаў з камерцыйнымі арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі
1. У мэтах забеспячэння эфектыўнасці выкарыстання маёмасці, якая знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці, у тым ліку бюджэтных сродкаў, а таксама забеспячэння агульнадаступнасці культурных даброт і павышэння іх якасці дзяржаўныя органы на прынцыпах узаемавыгаднасці ажыццяўляюць супрацоўніцтва ў сферы культуры з камерцыйнымі арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі.
2. Асноўнымі напрамкамі супрацоўніцтва ў сферы культуры дзяржаўных органаў з камерцыйнымі арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі з’яўляюцца:
рэалізацыя культурных праектаў, у тым ліку сумесныя вытворчасць фільмаў, арганізацыя і правядзенне культурных мерапрыемстваў;
развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы арганізацый культуры;
правядзенне мерапрыемстваў па ахове гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны.
3. Дзяржаўнымі мерамі па ажыццяўленні супрацоўніцтва ў сферы культуры дзяржаўных органаў з камерцыйнымі арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі з’яўляюцца:
распрацоўка дзяржаўных, рэгіянальных і галіновых праграм, накіраваных на захаванне і развіццё культуры, выканаўцамі мерапрыемстваў якіх могуць быць камерцыйныя арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі;
размяшчэнне сацыяльна-творчых заказаў;
іншыя меры, прадугледжаныя актамі заканадаўства.
-
Сацыяльна-творчыя заказы
1. У мэтах стымулявання творчага пошуку суб’ектаў культурнай дзейнасці, падтрымкi творчых работнікаў, рашэння iншых сацыяльна-культурных задач Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь, іншыя дзяржаўныя органы маюць права размяшчаць у суб’ектаў культурнай дзейнасцi сацыяльна-творчыя заказы на стварэнне новых твораў мастацкай лiтаратуры i мастацтва, выкананняў, арганiзацыю i правядзенне культурных мерапрыемстваў, аказанне іншых паслуг і выкананне работ у сферы культуры.
2. Размяшчэнне сацыяльна-творчага заказу ажыццяўляецца шляхам заключэння дагавора паміж Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь або iншым дзяржаўным органам і суб’ектам культурнай дзейнасцi ў адпаведнасці з заканадаўствам аб дзяржаўных закупках.
3. Дзеяннi, заснаваныя на дагаворы з суб’ектам культурнай дзейнасцi аб стварэннi i выкарыстаннi вынiкаў творчай дзейнасцi, не з’яўляюцца ўмяшаннем у творчую дзейнасць.
-
Падтрымка таленавітай моладзі
1. У мэтах выяўлення, станаўлення, развіцця, рэалізацыі і захавання інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу моладзі, забеспячэння пераемнасці культурных традыцый Рэспублікі Беларусь дзяржава рэалізуе сістэму мер па падтрымцы таленавітай моладзі і стварэнні ўмоў для яе плённай дзейнасці.
2. У Рэспубліцы Беларусь арганізуюцца мерапрыемствы, у тым ліку алімпіяды і конкурсы, накіраваныя на выяўленне таленавітай моладзі, праводзіцца пастаянны аналіз работы з такой моладдзю, вядзецца банк даных таленавітай моладзі.
3. Мерамі падтрымкі таленавітай моладзі з’яўляюцца прысуджэнне заахвочванняў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, прадастаўленне грамадзянам, уключаным у банк даных таленавітай моладзі, ільгот і гарантый у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.
4. Фарміруе і вядзе банк даных таленавітай моладзі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь або юрыдычная асоба, ім упаўнаважаная.
Парадак фарміравання, вядзення і выкарыстання банка даных таленавітай моладзі вызначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Поделитесь с Вашими друзьями: |