ГЛАВА 22
КУЛЬТУРНЫЯ МЕРАПРЫЕМСТВЫ
-
Культурныя мерапрыемствы, іх віды. Правядзенне культурных мерапрыемстваў
1. Культурнае мерапрыемства –– мерапрыемства па публічным стварэнні, выкананні, паказе, распаўсюджванні i (або) папулярызацыі вынiкаў творчай дзейнасцi, публічным паказе, распаўсюджванні i (або) папулярызацыі культурных каштоўнасцей.
2. Да культурных мерапрыемстваў адносяцца культурна-вiдовiшчнае мерапрыемства, кінематаграфічнае мерапрыемства, фестываль, конкурс, выстаўка, агляд, майстар-клас, канферэнцыя, пленэр, семінар, форум, акцыя і іншыя мерапрыемствы.
3. Па ўзроўні правядзення і складзе ўдзельнікаў культурныя мерапрыемствы могуць быць:
міжнароднымі, удзельнікамі якіх з’яўляюцца прадстаўнікі Рэспублікі Беларусь і адной або некалькіх замежных краін;
рэспубліканскімі, удзельнікамі якіх з’яўляюцца прадстаўнікі ўсіх або большасці абласцей і горада Мінска і на якія могуць быць запрошаны прадстаўнікі замежных краін;
рэгіянальнымі, удзельнікамі якіх з’яўляюцца прадстаўнікі аднаго або некалькіх раёнаў (гарадоў), абласцей і на якія могуць быць запрошаны прадстаўнікі іншых раёнаў (гарадоў), абласцей, замежных краін.
4. Правядзенне культурных мерапрыемстваў у спецыяльна не прызначаных для гэтай мэты месцах пад адкрытым небам або ў памяшканнях ажыццяўляецца з улікам заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
5. Пералік і парадак правядзення асобных культурных мерапрыемстваў, якія фінансуюцца з рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, зацвярджаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.
6. Забараняецца правядзенне культурных мерапрыемстваў у выпадках, прадугледжаных пунктам 1 артыкула 82 гэтага Кодэкса, а таксама ў іншых выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі.
-
Арганізатар культурнага мерапрыемства
1. Арганізатарам культурнага мерапрыемства з’яўляецца суб’ект культурнай дзейнасці, па рашэнні якога праводзіцца культурнае мерапрыемства і (або) які ажыццяўляе арганізацыйнае, фінансавае і іншае забеспячэнне арганізацыі і правядзення культурнага мерапрыемства.
2. Арганізатарамі культурнага мерапрыемства могуць з’яўляцца адзін або некалькі суб’ектаў культурнай дзейнасці.
3. Арганізатар культурнага мерапрыемства пры неабходнасці:
зацвярджае парадак арганізацыі і правядзення культурнага мерапрыемства, каштарыс выдаткаў на арганізацыю і правядзенне культурнага мерапрыемства;
прымае рашэнне аб стварэнні арганізацыйнага камітэта і зацвярджае яго склад;
вызначае колькасць запрашальных білетаў на наведванне культурнага мерапрыемства;
вырашае іншыя пытанні, звязаныя з арганізацыяй і правядзеннем культурнага мерапрыемства, у тым ліку пералічаныя ў пункце 3
артыкула 211 гэтага Кодэкса, пры адсутнасці арганізацыйнага камітэта.
4. Арганізатар культурнага мерапрыемства мае права дэлегаваць асобныя паўнамоцтвы па арганізацыі і правядзенні культурнага мерапрыемства арганізацыйнаму камітэту.
5. Арганізатар культурнага мерапрыемства нясе адказнасць за адпаведнасць культурнага мерапрыемства патрабаванням гэтага Кодэкса і іншых актаў заканадаўства.
-
Арганізацыйны камітэт
1. Для непасрэднага кіраўніцтва арганізацыяй і правядзеннем культурнага мерапрыемства можа стварацца арганізацыйны камітэт.
2. Склад арганізацыйнага камітэта фарміруецца з прадстаўнікоў арганізатара культурнага мерапрыемства, зацікаўленых юрыдычных асоб, грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, якія прымаюць удзел у арганізацыі і правядзенні культурнага мерапрыемства.
Члены арганізацыйнага камітэта ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы на грамадскіх пачатках.
3. Арганізацыйны камітэт пры неабходнасці:
стварае дырэкцыю культурнага мерапрыемства;
разглядае і зацвярджае спіс удзельнікаў культурнага мерапрыемства, у тым ліку асоб, якія ўдзельнічаюць у конкурсе ў якасці канкурсантаў, сімволіку культурнага мерапрыемства, узоры ўзнагарод, іншую атрыбутыку, план мерапрыемстваў па арганізацыі і правядзенні культурнага мерапрыемства, праграму культурнага мерапрыемства, калі іншае не вызначана гэтым Кодэксам;
зацвярджае склад журы (экспертнай камісіі), віды заахвочванняў удзельнікаў культурнага мерапрыемства;
ажыццяўляе ўзаемадзеянне з зацікаўленымі суб’ектамі культурнай дзейнасці, іншымі юрыдычнымі асобамі па пытаннях арганізацыі і правядзення культурнага мерапрыемства і яго асвятлення ў сродках масавай інфармацыі;
вызначае віды і формы інфармацыйна-рэкламнай падтрымкі культурнага мерапрыемства, памер заявачнага ўзносу;
уносіць на разгляд арганізатара культурнага мерапрыемства прапановы па каштарысе выдаткаў на арганізацыю і правядзенне культурнага мерапрыемства, колькасці запрашальных білетаў на наведванне культурнага мерапрыемства, аб відах заахвочванняў удзельнікаў культурнага мерапрыемства;
вырашае іншыя пытанні, якія ўзнікаюць у ходзе арганізацыі і правядзення культурнага мерапрыемства.
-
Удзельнікі культурнага мерапрыемства
Удзельнікамі культурнага мерапрыемства могуць з’яўляцца:
калектывы мастацкай творчасці, асобныя выканаўцы, іншыя творчыя работнікі, асобы, якія іх суправаджаюць, работнікі культуры;
члены арганізацыйнага камітэта, журы (экспертнай камісіі);
асобы, якія ўдзельнічаюць у конкурсе ў якасці канкурсантаў;
прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі;
госці культурнага мерапрыемства (асобы, якія маюць афіцыйнае запрашэнне ад арганізатара культурнага мерапрыемства або арганізацыйнага камітэта);
іншыя асобы, якія ўдзельнічаюць у арганізацыі і правядзенні культурнага мерапрыемства або забяспечваюць удзел калектываў мастацкай творчасці, асобных выканаўцаў і іншых творчых работнікаў у культурным мерапрыемстве.
-
Культурна-відовішчнае мерапрыемства
1. Культурна-вiдовiшчнае мерапрыемства –– культурнае мерапрыемства па публічным выкананні вынікаў творчай дзейнасці калектывамі мастацкай творчасці і (або) асобнымі выканаўцамі.
Да культурна-відовішчных мерапрыемстваў адносяцца спектакль, канцэрт, прадстаўленне, іншыя культурныя мерапрыемствы.
2. Арганізатар культурна-відовішчнага мерапрыемства –– юрыдычная асоба Рэспублікі Беларусь, індывідуальны прадпрымальнік, зарэгістраваны ў Рэспубліцы Беларусь, замежныя грамадзяне, асобы без грамадзянства, замежныя і міжнародныя арганізацыі, у тым ліку якія не з’яўляюцца юрыдычнымі асобамі, якія ажыццяўляюць дзейнасць па правядзенні культурна-вiдовiшчных мерапрыемстваў, калі іншае не вызначана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
3. Праграма культурна-відовішчнага мерапрыемства –– зацверджаны арганізатарам культурна-відовішчнага мерапрыемства дакумент, які ўтрымлівае звесткі аб культурна-відовішчным мерапрыемстве, у тым ліку яго найменне, інфармацыю аб месцы і часе (тэрмінах) яго правядзення, праектнай умяшчальнасці сцэнічнай пляцоўкі (пры адсутнасці –– мяркуемай колькасці гледачоў), на якой плануецца правядзенне культурна-відовішчнага мерапрыемства, беларускіх і (або) замежных выканаўцах (далей, калі не вызначана іншае, –– выканаўцы) і іншую інфармацыю, якая адносіцца да правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства (па жаданні арганізатара).
4. Беларускія выканаўцы –– грамадзяне, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь і з’яўляюцца асобнымі выканаўцамі, а таксама калектывы мастацкай творчасці, у склад якіх уваходзяць толькі такія грамадзяне.
Замежныя выканаўцы –– грамадзяне, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь і з’яўляюцца асобнымі выканаўцамі, а таксама калектывы мастацкай творчасці, у склад якіх уваходзяць такія грамадзяне.
5. Сцэнічная пляцоўка –– капітальная пабудова (будынак, збудаванне), яе (іх) часткі, тэрыторыя, якія прызначаны для правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў.
6. Рэклама культурна-відовішчнага мерапрыемства павінна ажыццяўляцца з улікам патрабаванняў заканадаўства аб рэкламе.
7. Патрабаванні гэтага артыкула, а таксама артыкулаў 214 –– 217 гэтага Кодэкса не распаўсюджваюцца на культурна-відовішчныя мерапрыемствы, якія праводзяцца грамадзянамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі, і юрыдычнымі асобамі для ўласных патрэб без атрымання прыбытку (даходу) з удзелам запрошаных выканаўцаў.
-
Пасведчанне на права арганізацыі
і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь
1. Для арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства яго арганізатар абавязаны атрымаць пасведчанне на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, якое выдаецца структурным падраздзяленнем абласнога (Мінскага гарадскога) выканаўчага камітэта, якое ажыццяўляе дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы культуры, па месцы плануемага правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства, за выключэннем выпадкаў, калі атрыманне такога пасведчання не патрабуецца.
2. Пасведчанне на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь –– спецыяльны дазвол на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
3. Пасведчанне на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь выдаецца на права арганізацыі і правядзення кожнага (асобнага) культурна-відовішчнага мерапрыемства або некалькіх культурна-відовішчных мерапрыемстваў, якія праводзяцца на тэрыторыі адной вобласці або горада Мінска на працягу каляндарнага месяца ў рамках гастроляў з удзелам аднаго і таго ж выканаўцы (складу выканаўцаў).
4. Не патрабуецца атрымання пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь для арганізацыі і правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў:
4.1. рашэнне аб правядзенні якіх прынята Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, абласнымі (Мінскім гарадскім), раённымі, гарадскімі выканаўчымі камітэтамі;
4.2. арганізатарамі якіх выступаюць структурныя падраздзяленні абласных (Мінскага гарадскога) выканаўчых камітэтаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы культуры, дзяржаўныя ўстановы «Палац Рэспублікі» і «Рэспубліканскі культурна-асветны цэнтр» Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, установа «Беларуская дзяржаўная ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга філармонія», Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь, закрытыя акцыянерныя таварыствы «Другі нацыянальны тэлеканал» і «Сталічнае тэлебачанне», абласныя філармоніі, дзяржаўная ўстанова «Мінскканцэрт» структурнага падраздзялення Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, якое ажыццяўляе дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы культуры;
4.3. з удзелам толькі беларускіх выканаўцаў у выпадку, калі:
арганізатарамі мерапрыемстваў выступаюць юрыдычныя асобы, якім прысвоены статус «нацыянальны», «акадэмічны» або званне «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь», або мерапрыемствы праводзяцца выключна з удзелам выканаўцаў, якім прысвоены такія статус і званне;
арганізатарам мерапрыемства выступае юрыдычная асоба Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі;
мерапрыемства праводзіцца выключна з удзелам выканаўцаў, якія знаходзяцца ў штаце арганізатара мерапрыемства (яго структурных падраздзяленняў) або ў створаным ім калектыве мастацкай творчасці, а арганізатарам мерапрыемства з’яўляецца дзяржаўная тэатральна-відовішчная арганізацыя, установа культуры абласнога (Мінскага гарадскога), раённага (гарадскога) падпарадкавання або структурнага падраздзялення раённага (гарадскога) выканаўчага камітэта, якое ажыццяўляе дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы культуры, або яго падведамныя ўстановы;
мерапрыемства праводзіцца ў комплексе санаторна-курортных і аздараўленчых паслуг, якія аказваюцца дзяржаўнай санаторна-курортнай або аздараўленчай арганізацыяй, якая з’яўляецца арганізатарам гэтага культурна-відовішчнага мерапрыемства;
мерапрыемства праводзіцца выключна з удзелам выканаўцаў, якія знаходзяцца ў штаце арганізатара мерапрыемства (яго структурных падраздзяленняў) або ў створаным ім калектыве мастацкай творчасці, на сцэнічнай пляцоўцы, якая знаходзіцца ва ўласнасці, гаспадарчым распараджэнні або аператыўным кіраванні арганізатара мерапрыемства, або перададзена яму ў бязвыплатнае карыстанне, або арандуецца ім на тэрмін не менш за шэсць месяцаў;
4.4. з удзелам замежных выканаўцаў пры правядзенні спектакляў дзяржаўнымі тэатрамі і прадстаўленняў дзяржаўнымі цыркамі.
5. Для правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства, прадугледжанага падпунктам 4.2, абзацамі трэцім і пятым падпункта 4.3 пункта 4 гэтага артыкула, арганізатар культурна-відовішчнага мерапрыемства абавязаны да заключэння адпаведных дагавораў з выканаўцамі, калектывамі мастацкай творчасці або грамадзянамі і юрыдычнымі асобамі, якія прадстаўляюць іх інтарэсы, пісьмова паведаміць аб яго правядзенні ў структурнае падраздзяленне абласнога (Мінскага гарадскога) выканаўчага камітэта, якое ажыццяўляе дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы культуры, па месцы правядзення плануемага культурна-відовішчнага мерапрыемства з прадстаўленнем праграмы культурна-відовішчнага мерапрыемства.
6. Для атрымання пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь арганізатар павінен звярнуцца ў структурнае падраздзяленне абласнога (Мінскага гарадскога) выканаўчага камітэта, якое ажыццяўляе дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы культуры, не пазней за дзесяць рабочых дзён да запланаванага дня пачатку рэалізацыі ўваходных білетаў.
7. Пасведчанне на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь выдаецца ў адпаведнасці з заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах па форме, устаноўленай Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.
8. Пры прыняцці рашэння аб выдачы пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь структурнае падраздзяленне абласнога (Мінскага гарадскога) выканаўчага камітэта, якое ажыццяўляе дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы культуры:
не пазней за адзін рабочы дзень пасля дня прыняцця рашэння паведамляе арганізатару культурна-відовішчнага мерапрыемства аб прынятым рашэнні;
выдае арганізатару культурна-відовішчнага мерапрыемства пасведчанне на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь;
інфармуе падатковы орган па месцы правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства аб выдачы пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь замежнай юрыдычнай асобе, індывідуальнаму прадпрымальніку, замежнаму грамадзяніну, асобе без грамадзянства, якія з’яўляюцца арганізатарамі культурна-відовішчнага мерапрыемства, не пазней за адзін каляндарны дзень пасля дня выдачы пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
-
Падставы для адмовы ў выдачы пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства
на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь
1. Падставамі для адмовы ў выдачы пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца:
выяўленне Рэспубліканскай экспертнай камісіяй па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, насілля і жорсткасці або адпаведнай абласной камісіяй наяўнасці ў культурна-відовішчным мерапрыемстве элементаў прапаганды парнаграфіі, насілля і жорсткасці;
выяўленне Рэспубліканскай экспертнай камісіяй па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у ёй прыкмет праяўлення экстрэмізму наяўнасці ў культурна-відовішчным мерапрыемстве прыкмет праяўлення экстрэмізму;
супадзенне часу (тэрмінаў) і месца правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства з культурна-відовішчным мерапрыемствам, раней запланаваным іншым арганізатарам культурна-відовішчнага мерапрыемства;
наяўнасць у прадстаўленых арганізатарам культурна-відовішчнага мерапрыемства дакументах недакладных звестак або неадпаведнасць іх патрабаванням заканадаўства аб адміністрацыйных працэдурах;
несвоечасовае вяртанне кошту ўваходнага білета ў поўным памеры ў выпадку адмены, змянення раней запланаванага часу (тэрмінаў) або месца правядзення культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства, замены яго іншым;
сістэматычная без уважлівых прычын (два разы і болей на працягу каляндарнага года) адмена культурна-відовішчных мерапрыемстваў. Да ўважлівых прычын адносяцца: абставіны неадольнай сілы, хвароба ўдзельніка (удзельнікаў) культурна-відовішчнага мерапрыемства;
парушэнне іншых патрабаванняў заканадаўства.
2. Рашэнне аб адмове ў выдачы пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь выдаецца арганізатару культурна-відовішчнага мерапрыемства або накіроўваецца кур’ерам ці па пошце не пазней за адзін рабочы дзень пасля дня прыняцця гэтага рашэння.
У рашэнні аб адмове ў выдачы пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь указваецца матываваная прычына адмовы.
Адмова ў выдачы пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь па прычыне немэтазгоднасці правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства не дапускаецца.
3. Рашэнне аб адмове ў выдачы пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь можа быць абскарджана ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь на працягу аднаго года з дня прыняцця такога рашэння або ў суд.
-
Парадак арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства
1. Усе дзеянні па арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчнага мерапрыемства забяспечваюцца арганізатарам культурна-відовішчнага мерапрыемства, у тым ліку шляхам заключэння дагавораў з юрыдычнымі асобамі і грамадзянамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі, у мэтах набыцця (атрымання) тавараў (выканання работ, аказання паслуг), маёмасных правоў, неабходных для арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства.
2. Пры правядзенні культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства яго арганізатар абавязаны:
зацвердзіць праграму культурна-відовішчнага мерапрыемства;
забяспечыць бяспеку грамадзян, захаванасць капітальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў) і іншай маёмасці;
абмежаваць колькасць грамадзян, якія прысутнічаюць на культурна-відовішчным мерапрыемстве, з улікам праектнай умяшчальнасці сцэнічнай пляцоўкі (на сцэнічнай пляцоўцы, якая не мае сядзячых месцаў, з разліку не болей чым тры чалавекі на адзін квадратны метр);
спыніць культурна-відовішчнае мерапрыемства ў выпадку ўзнікнення небяспекі для жыцця і здароўя грамадзян, прычынення шкоды маёмасці грамадзян або юрыдычных асоб.
3. У час наведвання культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства грамадзянам забараняецца:
мець пры сабе халодную, агнястрэльную, газавую або іншую зброю, выбухованебяспечныя рэчывы і боепрыпасы, іх імітатары і муляжы, а таксама спецыяльна вырабленыя або прыстасаваныя прадметы, выкарыстанне якіх можа ўяўляць пагрозу жыццю і здароўю грамадзян або прычыніць матэрыяльную шкоду грамадзянам і юрыдычным асобам;
ажыццяўляць прапаганду вайны або экстрэмісцкай дзейнасці, у тым ліку з выкарыстаннем плакатаў, транспарантаў або іншых сродкаў;
ствараць пагрозу грамадскай бяспецы, жыццю і здароўю грамадзян;
карыстацца сцягамі, вымпеламі, не зарэгістраванымі ва ўстаноўленым парадку, а таксама эмблемамі, сімваламі, плакатамі і транспарантамі, змест якіх накіраваны на прычыненне шкоды грамадскаму парадку, правам і законным інтарэсам грамадзян;
знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення або ў стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў.
4. Пры наведванні культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства грамадзяне абавязаны захоўваць грамадскі парадак і выконваць усе законныя патрабаванні яго арганізатара і супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія выконваюць абавязкі па ахове грамадскага парадку. Парадак наведвання культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства непаўналетнімі вызначаецца яго арганізатарам з улікам спецыфікі правядзення такога мерапрыемства.
5. Арганізатар культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства мае права адмовіцца ад правядзення культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства не пазней чым за адзін рабочы дзень да дня яго правядзення.
6. У выпадку адмены, змянення раней запланаванага часу (тэрмінаў) або месца правядзення культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства, замены яго іншым арганізатар культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства абавязаны пісьмова паведаміць у структурнае падраздзяленне абласнога (Мінскага гарадскога) выканаўчага камітэта, якое ажыццяўляе дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы культуры, і забяспечыць інфармаванне грамадзян аб адмене, змяненні раней запланаванага часу (тэрмінаў) або месца правядзення культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства, замене яго іншым, тэрмінах і месцах звароту білетаў.
-
Уваходныя білеты і друкаваная прадукцыя
1. Рэалізацыя ўваходных білетаў і друкаванай прадукцыі, якая ўтрымлівае інфармацыю аб культурна-відовішчным мерапрыемстве, уключаючы праграмы (буклеты), ажыццяўляецца арганізатарам культурна-відовішчнага мерапрыемства або па яго даручэнні (на падставе адпаведных дагавораў) іншымі юрыдычнымі асобамі або грамадзянамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі, у тым ліку за наяўны або безнаяўны разлік.
У выпадках, калі атрыманне пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з’яўляецца абавязковым, арганізатар культурна-відовішчнага мерапрыемства і іншыя асобы не маюць права да атрымання арганізатарам культурна-відовішчнага мерапрыемства пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь рэалізоўваць уваходныя білеты і друкаваную прадукцыю, якая ўтрымлівае інфармацыю аб культурна-відовішчным мерапрыемстве, уключаючы праграмы (буклеты).
2. Рэалізацыя ўваходных білетаў можа ажыццяўляцца з выкарыстаннем сетак электрасувязі, у тым ліку глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт (электронны білет), у парадку, устаноўленым арганізатарам культурна-відовішчнага мерапрыемства, з улікам патрабаванняў заканадаўства.
3. Уваходны білет павінен утрымліваць:
звесткі аб арганізатары культурна-відовішчнага мерапрыемства (найменне і месцазнаходжанне юрыдычнай асобы Рэспублікі Беларусь, замежнай і міжнароднай арганізацыі, у тым ліку якія не з’яўляюцца юрыдычнымі асобамі, прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (пры яго наяўнасці) індывідуальнага прадпрымальніка, зарэгістраванага ў Рэспубліцы Беларусь, замежнага грамадзяніна, асобы без грамадзянства);
найменне культурна-відовішчнага мерапрыемства, час (тэрміны) і месца яго правядзення;
рад і нумар пасадачнага месца (пры іх наяўнасці);
кошт уваходнага білета;
серыю і нумар уваходнага білета (устанаўліваюцца арганізатарам культурна-відовішчнага мерапрыемства);
месца кантролю (штрых-код);
інфармацыю аб умовах і месцы звароту ўваходнага білета;
іншыя звесткі, прадугледжаныя заканадаўчымі актамі.
4. У выпадку, калі ўваходны білет аформлены на бланку дакумента з пэўнай ступенню абароны, ён павінен таксама ўтрымліваць карашок, які застаецца пасля выкарыстання ўваходнага білета ў пачцы ўваходных білетаў, надрукаванай і прашытай (збрашураванай) друкарскім спосабам.
5. Уваходныя білеты могуць быць вернуты:
па ініцыятыве грамадзяніна, юрыдычнай асобы –– не менш чым за пяць каляндарных дзён да дня правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства. Пры гэтым грамадзяніну або юрыдычнай асобе, якія вярнулі ўваходны білет, кампенсуецца не менш за 75 працэнтаў кошту ўваходнага білета;
у выпадку адмены, змянення загадзя аб’яўленых часу (тэрмінаў) або месца правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства, замены яго
іншым –– у дзень адмененага (запланаванага) культурна-відовішчнага мерапрыемства, а таксама ў іншыя тэрміны, устаноўленыя арганізатарам культурна-відовішчнага мерапрыемства. Пры гэтым грамадзяніну або юрыдычнай асобе, якія вярнулі ўваходны білет, кампенсуецца поўны кошт уваходнага білета.
6. У выпадку змянення загадзя аб’яўленых часу (тэрмінаў) або месца правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства, замены яго іншым культурна-відовішчным мерапрыемствам грамадзянін мае права наведаць гэта культурна-відовішчнае мерапрыемства на падставе наяўнага ўваходнага білета.
-
Гастролі
1. Гастролі –– правядзенне культурна-відовішчных мерапрыемстваў з удзелам выканаўцаў па-за межамі населенага пункта іх пастаяннай дзейнасці.
2. Гастролі праводзяцца ў мэтах:
захавання і развіцця адзінай культурнай прасторы Рэспублікі Беларусь;
стварэння ўмоў для павышэння ўзроўню даступнасці насельніцтву лепшых узораў сцэнічнага мастацтва;
актывізацыі міжрэгіянальных і міжнародных сувязей выканаўцаў і пашырэння практыкі творчых абменаў;
садзейнічання наладжванню і падтрымцы сувязей паміж выканаўцамі.
3. Па накіраванасці гастролі беларускіх выканаўцаў падзяляюцца на:
рэгіянальныя –– праводзяцца ў межах вобласці, на тэрыторыі якой выканаўца ажыццяўляе пастаянную дзейнасць;
рэспубліканскія –– праводзяцца ў іншай вобласці (абласцях) Рэспублікі Беларусь;
замежныя –– праводзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь.
4. Правядзенне гастроляў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца з улікам патрабаванняў гэтага Кодэкса і іншых заканадаўчых актаў, якія адносяцца да арганізацыі і правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў.
-
Кінематаграфічныя мерапрыемствы
1. Кінематаграфічнае мерапрыемства –– культурнае мерапрыемства па публічным паказе, распаўсюджванні i (або) папулярызацыі фільмаў, а таксама папулярызацыі кінамастацтва.
2. Да кінематаграфічных мерапрыемстваў адносяцца кінафестывалі, кіналекторыі, кінаклубы, дні кіно, кінаканцэрты, творчыя сустрэчы з работнікамі кінематаграфіі і творчымі работнікамі і іншыя культурныя мерапрыемствы.
-
Фестываль. Свята
1. Фестываль –– культурнае мерапрыемства па публічным паказе, распаўсюджванні і (або) папулярызацыі вынікаў творчай дзейнасці ў сферы сцэнічнага, выяўленчага, цыркавога мастацтва, мастацкай літаратуры, кінематаграфіі, народнай творчасці.
У рамках фестывалю могуць праводзіцца канцэрты, конкурсы, выстаўкі, паказы, агляды, канферэнцыі і іншыя культурныя мерапрыемствы, канкрэтны пералік якіх прадугледжваецца ў праграме правядзення фестывалю.
2. Свята –– культурнае мерапрыемства па публічным паказе, распаўсюджванні і (або) папулярызацыі вынікаў творчай дзейнасці, прымеркаванае да дзяржаўных свят, святочных дзён і памятных дат у Рэспубліцы Беларусь або звязанае з адраджэннем беларускіх народных традыцый, звычаяў і абрадаў.
-
Конкурс. Пленэр. Форум
1. Конкурс –– культурнае мерапрыемства па публічным стварэнні, выкананні, паказе, распаўсюджванні i (або) папулярызацыі вынiкаў творчай дзейнасцi, якое праводзіцца ў мэтах вылучэння лепшых удзельнiкаў сярод выканаўцаў, навучэнцаў устаноў адукацыі, іншых юрыдычных асоб і грамадзян або iх лепшых работ па пэўных напрамках творчай дзейнасцi.
Конкурс можа праводзіцца ў адзін або некалькі этапаў (тураў), а таксама па адной або некалькіх намінацыях.
Правядзенне конкурсу ажыццяўляецца з улікам умоў, прадугледжаных грамадзянскім заканадаўствам аб публічным конкурсе.
2. Пленэр –– культурнае мерапрыемства па стварэнні, публічным паказе, распаўсюджванні і папулярызацыі выяўленчага мастацтва, якое праводзіцца на адкрытым паветры.
3. Форум –– культурнае мерапрыемства па публічным паказе і папулярызацыі вынікаў творчай дзейнасці, дзейнасці музеяў і бібліятэк, вопыту культурна-асветнай работы і педагагічнай дзейнасці ў сферы культуры.
-
Выстаўка. Гарантыі захаванасці культурных каштоўнасцей пры арганізацыі міжнародных выставак
1. Выстаўка –– культурнае мерапрыемства па публічным паказе, распаўсюджванні i (або) папулярызацыі культурных каштоўнасцей.
2. У выпадку арганізацыі міжнародных выставак у Рэспубліцы Беларусь Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь па хадайніцтве дзяржаўнага органа або дзяржаўнай арганізацыі культуры, якія арганізуюць міжнародную выстаўку, на падставе дагавора паміж бакамі і дакумента, які пацвярджае страхаванне культурных каштоўнасцей, што ўвозяцца ў Рэспубліку Беларусь, прадастаўляе гарантыйныя абавязацельствы аб іх захаванасці і своечасовым вяртанні.
Рашэнне аб прадастаўленні гарантыйных абавязацельстваў прымаецца не пазней за 15 каляндарных дзён з дня паступлення хадайніцтва і выдаецца ў форме гарантыйнага пісьма Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь бясплатна. Гарантыйныя абавязацельствы прадастаўляюцца на перыяд знаходжання культурных каштоўнасцей на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Поделитесь с Вашими друзьями: |