Кодэкс рэспублікі Беларусь аб культуры


ГЛАВА 19 музейная справа



старонка9/15
Дата канвертавання15.05.2016
Памер3.25 Mb.
1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   ...   15
ГЛАВА 19
музейная справа


  1. Паняцце музейнай справы

Музейная справа –– напрамак культурнай дзейнасці па стварэнні і развіцці музеяў, выяўленні прадметаў музейнага значэння, камплектаванні музейных фондаў, ажыццяўленні ўлiку і захоўванні музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў, вывучэнні i папулярызацыі музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў, ажыццяўленні іншых відаў музейнай дзейнасці.

  1. Музейны работнік

Музейны работнік –– работнік культуры, які забяспечвае ажыццяўленне музейнай дзейнасці.

  1. Прадмет музейнага значэння. Музейны прадмет, навукова-дапаможны і сыравінны матэрыял, іх класіфікацыя

1. Прадмет музейнага значэння –– культурная каштоўнасць або выдзелены з навакольнага асяроддзя ў выніку навуковай дзейнасці аб’ект прыроднага асяроддзя, якiя маюць навуковую, гiстарычную, мемарыяльную, мастацкую i (або) эстэтычную вартасць і не ўключаны ў музейны фонд.

2. Музейны прадмет –– культурная каштоўнасць або выдзелены з навакольнага асяроддзя ў выніку навуковай дзейнасці аб’ект прыроднага асяроддзя, якiя маюць навуковую, гiстарычную, мемарыяльную, мастацкую i (або) эстэтычную вартасць, пастаянна захоўваюцца ў музеі i ўключаны ў музейны фонд.

3. Навукова-дапаможны матэрыял –– матэрыял, які набыты або спецыяльна выраблены для раскрыцця зместу экспазіцыі і замяняе арыгінальны прадмет, або арыгінальны прадмет, які не аднесены да музейных прадметаў па прычыне немагчымасці забеспячэння яго доўгатэрміновага захоўвання і ўключаны ў музейны фонд.

4. Сыравінны матэрыял –– прыродны аб’ект, які прызначаны для лабараторных даследаванняў і прэпаравання і ўключаны ў музейны фонд.

5. У мэтах аптымальнай арганізацыі работы з музейнымі прадметамі, навукова-дапаможнымі і сыравіннымі матэрыяламі, а таксама стварэння ўмоў, якія максімальна спрыяюць іх захаванню, выкарыстанню, даследаванню, музейныя прадметы, навукова-дапаможныя і сыравінныя матэрыялы класіфікуюцца па тыпах і відах.

6. Класіфікацыя музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў –– групоўка музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў на аснове адзінства (агульнасці) іх прыкмет (паходжання, тэматыкі, храналогіі, структуры, функцыянальнага прызначэння і іншых прыкмет), накіраваная на фіксацыю сувязі паміж імі.

7. Класіфікацыя музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў ажыццяўляецца па наступных тыпах і відах:

пісьмовы –– дакументы, рукапісы, друкаваныя выданні і іншыя пісьмовыя віды;

выяўленчы –– скульптура, жывапіс, графіка, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і іншыя выяўленчыя віды;

рэчавы –– археалагічныя артэфакты, нумізматыка, баністыка, фалерыстыка, сфрагістыка, зброя, ахоўнае ўзбраенне, боепрыпасы, вайсковы рыштунак і атрыбутыка, адзенне, тканіны, вексілалогія, мэбля, музычныя інструменты, прыборы, апараты, інструменты, механізмы, транспартныя сродкі, прылады і прыстасаванні, прадметы побыту і іншыя рэчавыя віды;

аўдыявізуальны –– фота-, фона-, кінадакументы і іншыя аўдыявізуальныя віды;

натуральна-гістарычны –– біялагічныя, геалагічныя аб’екты і іншыя натуральна-гістарычныя віды;

архітэктурны –– капітальныя пабудовы (будынкі, збудаванні) і іншыя архітэктурныя віды.


  1. Музейная калекцыя

Музейная калекцыя –– збор музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў, аб’яднаных адной або некалькiмi прыкметамi, які мае навуковую, гiстарычную, мемарыяльную, мастацкую i (або) эстэтычную вартасць як адно цэлае.

  1. Музейны фонд

1. Музейны фонд –– навукова абгрунтаваная сукупнасць музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў, якiя пастаянна захоўваюцца ў музеi.

2. Структурнымі элементамі музейнага фонду з’яўляюцца:

асноўны фонд, які ўяўляе сабой сукупнасць усіх музейных прадметаў;

фонд навукова-дапаможных матэрыялаў, які ўяўляе сабой сукупнасць усіх навукова-дапаможных матэрыялаў;

фонд сыравінных матэрыялаў, які ўяўляе сабой сукупнасць усіх сыравінных матэрыялаў.

3. Па рашэнні фондава-закупачнай камісіі, іншай упаўнаважанай камісіі музея або кіраўніка музея, які з’яўляецца юрыдычнай асобай, або кіраўніка юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца музей, навукова-дапаможныя матэрыялы могуць быць аднесены да музейных прадметаў, сыравінныя матэрыялы могуць быць аднесены да музейных прадметаў або навукова-дапаможных матэрыялаў.

4. У складзе асноўнага фонду пры неабходнасці па рашэнні фондава-закупачнай камісіі або іншай упаўнаважанай камісіі музея або кіраўніка музея, які з’яўляецца юрыдычнай асобай, або кіраўніка юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца музей, могуць быць створаны:

калекцыйны фонд, які ўяўляе сабой сукупнасць музейных прадметаў, якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці або не нададзены такі статус, але якія з’яўляюцца рэдкімі ў сваім родзе прадметамі і існуюць у адзіным экзэмпляры або ў абмежаванай колькасці (далей –– асабліва каштоўныя музейныя прадметы);

абменны фонд, які ўяўляе сабой сукупнасць няпрофільных або дублетных (паўторных) музейных прадметаў і прызначаецца для міжмузейнага абмену.


  1. Права ўласнасці на музейныя прадметы, прадметы музейнага значэння

1. Музейныя прадметы, прадметы музейнага значэння могуць знаходзіцца ў дзяржаўнай або прыватнай уласнасці.

2. Музейныя прадметы, якія пастаянна захоўваюцца ў дзяржаўных музеях, знаходзяцца толькі ва ўласнасці дзяржавы.



  1. Музей. Віды музеяў па форме ўласнасці

1. Музей –– арганізацыя культуры або падраздзяленне юрыдычнай асобы, якія выяўляюць прадметы музейнага значэння, камплектуюць музейныя фонды, ажыццяўляюць на пастаяннай аснове ўлік і захоўванне музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў, вывучэнне і папулярызацыю музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў.

2. Па форме ўласнасці музеі падзяляюцца на дзяржаўныя і прыватныя.

3. У музеях могуць стварацца навукова-метадычны, вучоны, рэстаўрацыйны, экспертны саветы, кампетэнцыя і парадак дзейнасці якіх устанаўліваюцца кіраўніком музея, які з’яўляецца юрыдычнай асобай, або кіраўніком юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца музей.


  1. Класіфікацыя музеяў

1. Класіфікацыя музеяў –– групоўка музеяў па прыкметах, істотных для арганізацыі і развіцця сістэмы музеяў, ажыццяўлення музейнай дзейнасці, у тым ліку па профілі (профілях) і іншых крытэрыях.

2. Пад профілем музея разумеецца катэгорыя класіфікацыі музеяў, якая вызначае сувязь музейнай дзейнасці з профільнай дысцыплінай, з канкрэтнай галіной навукі, тэхнікі, вытворчасці, культуры, відам мастацтва.

3. Музеі класіфікуюцца па наступных профілях:

гістарычны, да якога адносяцца агульнагiстарычныя, ваенна-гiстарычныя, археалагiчныя, этнаграфiчныя, гiсторыi рэлiгii, гiстарычныя манаграфiчныя, сучаснай культуры, iншыя гістарычныя музеі;

прыродазнаўчы, да якога адносяцца прыродазнаўчыя музеi шырокага профiлю, геаграфiчныя, бiялагiчныя, заалагiчныя, батанiчныя, геалагiчныя, мiнералагiчныя, антрапалагiчныя, iншыя прыродазнаўчыя музеі;

мастацкі, да якога адносяцца музеi выяўленчых мастацтваў, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, народнага мастацтва, палацавага i паркавага мастацтва, мастацкiя манаграфiчныя, iншыя мастацкія музеі;

лiтаратурны, да якога адносяцца музеi гiсторыi лiтаратуры, гiсторыi кнiгi, лiтаратурныя манаграфiчныя, iншыя лiтаратурныя музеі.

4. У выпадку, калі музей сумяшчае прыкметы некалькіх профіляў, музей класіфікуецца як комплексны. Да іх адносяцца: мемарыяльныя комплексы, гiсторыка-мастацкiя, краязнаўчыя музеі, музеі архiтэктуры i этнаграфii, гiсторыка-культурныя запаведнiкi, iншыя музеі.



  1. Сістэма дзяржаўных музеяў

1. Сістэма дзяржаўных музеяў складаецца з дзяржаўных музеяў, падпарадкаваных Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь і структурным падраздзяленням мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў абласнога і базавага тэрытарыяльных узроўняў, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы культуры, і дзяржаўных музеяў, падпарадкаваных іншым дзяржаўным органам і іншым дзяржаўным юрыдычным асобам.

2. У сістэме дзяржаўных музеяў метадычнымі і каардынацыйнымі цэнтрамі з’яўляюцца:

на рэспубліканскім узроўні –– дзяржаўная ўстанова «Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь» (для музеяў гістарычнага і прыродазнаўчага профіляў), установа «Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь» (для музеяў мастацтвазнаўчага профілю), установа «Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры» (для музеяў літаратурнага профілю);

на абласным (Мінскім гарадскім) узроўні –– абласныя (мінскія гарадскія) дзяржаўныя музеі, што вызначаюцца адпаведнымі структурнымі падраздзяленнямі абласных выканаўчых камітэтаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы культуры;

на раённым (гарадскім) узроўні –– раённыя і гарадскія дзяржаўныя музеі, што вызначаюцца адпаведнымі структурнымі падраздзяленнямі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы культуры.


  1. Місія музея. Канцэпцыя развіцця музея

1. Музей ажыццяўляе дзейнасць у адпаведнасці з місіяй музея.

Пад місіяй музея разумеецца грамадскае прызначэнне музея як сацыяльнага інстытута па захаванні і папулярызацыі матэрыяльнай і нематэрыяльнай культурнай спадчыны, у тым ліку помнікаў гісторыі і культуры, нацыянальных культурных традыцый, народных мастацкіх рамёстваў, этнакультурнага і прыроднага асяроддзя.

2. Напрамкі дзейнасці і развіцця музея вызначаюцца ў адпаведнасці з яго профілем (профілямі) і канцэпцыяй развіцця музея, якая зацвярджаецца заснавальнікам музея.

Канцэпцыя развіцця музея з’яўляецца асновай для планавання дзейнасці музея, камплектавання музейнага фонду ў адпаведнасці з яго профілем (профілямі) і ўключае мэты, задачы, прынцыпы функцыянавання, перспектывы развіцця музея, шляхі іх рэалізацыі.



  1. Асаблівасці стварэння і ліквідацыі музеяў

1. Стварэнне дзяржаўных музеяў ажыццяўляецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, а таксама іншымі дзяржаўнымі органамі і іншымі дзяржаўнымі юрыдычнымі асобамі па ўзгадненні з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

2. Абавязковымі ўмовамі для стварэння музея з’яўляюцца:

наяўнасць культурных каштоўнасцей і (або) выдзеленых з навакольнага асяроддзя ў выніку навуковай дзейнасці аб’ектаў прыроднага асяроддзя, а таксама наяўнасць канцэпцыі развіцця музея;

магчымасць заснавальніка музея забяспечыць музей капітальнай пабудовай (будынкам, збудаваннем), памяшканнем, тэрыторыяй, якія адпавядаюць профілю (профілям) музея і патрабаванням па захоўванні музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў, а таксама абсталяваннем, фінансавымі, тэхнічнымі сродкамі, неабходнымі для арганізацыі і ажыццяўлення дзейнасці музеяў.

3. Пры ліквідацыі дзяржаўнага музея яго заснавальнік абавязаны забяспечыць захаванасць музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў і перадаць музейны фонд іншаму дзяржаўнаму музею (музеям).

Пры ліквідацыі прыватнага музея яго заснавальнік абавязаны забяспечыць захаванасць музейных прадметаў, уключаных у Музейны фонд Рэспублікі Беларусь.

4. Перадача музейнага фонду дзяржаўнага музея, падпарадкаванага Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь, адбываецца ў адпаведнасці з рашэннем Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Перадача музейнага фонду іншага дзяржаўнага музея адбываецца ў адпаведнасці з рашэннем яго заснавальніка, узгодненым з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.



  1. Асаблівасці матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і фінансавання музеяў

1. Музеі павінны забяспечвацца капітальнымі пабудовамі (будынкамі, збудаваннямі), памяшканнямі, тэрыторыямі, якiя адпавядаюць профілю (профілям) музея і патрабаванням па захоўванні музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў, а таксама абсталяваннем, тэхнiчнымi, фiнансавымi сродкамi, неабходнымi для арганiзацыi i ажыццяўлення дзейнасцi музеяў.

2. Размяшчэнне музеяў у капітальных пабудовах (будынках, збудаваннях), памяшканнях, на тэрыторыі, якiя не адпавядаюць профілю (профілям) музея і патрабаванням па захоўванні музейных прадметаў, i перавод музеяў у капітальныя пабудовы (будынкi, збудаванні), памяшканнi, на тэрыторыі, якiя пагаршаюць умовы iх дзейнасцi, не дапускаюцца.

3. У выпадку перадачы іншым юрыдычным асобам капітальнай пабудовы (будынка, збудавання), памяшкання, тэрыторыі, дзе размешчаны дзяржаўны музей, дзяржаўныя органы, якія ажыццяўляюць перадачу, прадастаўляюць дзяржаўнаму музею раўнацэнныя капітальную пабудову (будынак, збудаванне), памяшканне, тэрыторыю і забяспечваюць за свой кошт перамяшчэнне музейнага фонду і абсталявання музея.

4. Фінансаванне музеяў ажыццяўляецца за кошт сродкаў, вызначаных артыкулам 21 гэтага Кодэкса, у тым лiку сродкаў, атрыманых у выглядзе платы за наведванне экспазiцый, экскурсiйнае абслугоўванне, выдачу дазволу на выраб выяўленчай, друкарскай, сувенірнай і іншай тыражаванай прадукцыі, вытворчасць тавараў народнага спажывання з выкарыстаннем выяў музейных прадметаў, а таксама сродкаў, атрыманых ад вырабу i рэалiзацыi выяўленчай, друкарскай, сувенiрнай i iншай тыражаванай прадукцыi.



  1. Музеі-запаведнікі. Музеі пад адкрытым небам

1. Музеі, якія размяшчаюцца ў комплексах і ансамблях нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія маюць асаблівую навуковую, гiстарычную, мемарыяльную, мастацкую i (або) эстэтычную вартасць, разам з тэрыторыяй, гістарычна і культурна звязанай з гэтымі каштоўнасцямі, з’яўляюцца музеямі-запаведнікамі.

2. Музеі, якія размяшчаюцца ў комплексах і ансамблях нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, або музеі, у музейным фондзе якіх маюцца калекцыі, камплекты гісторыка-культурных каштоўнасцей, іншых рухомых матэрыяльных культурных каштоўнасцей, разам з тэрыторыяй, на якой яны сістэматызаваны і прадстаўлены і якая гістарычна і культурна не звязана з гэтымі каштоўнасцямі, з’яўляюцца музеямі пад адкрытым небам.

3. Ахова матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, у якіх размяшчаюцца музеі-запаведнікі, музеі пад адкрытым небам і (або) якія ўключаны ў іх фонды, ажыццяўляецца ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам.

4. Музей-запаведнік, музей пад адкрытым небам валодаюць пераважным правам на ажыццяўленне культурнай i iншай дзейнасцi на сваёй тэрыторыi, у тым лiку на экскурсiйнае абслугоўванне.

5. Музей-запаведнік, музей пад адкрытым небам могуць мець уласную сiмволiку (сцягi, вымпелы, эмблемы i iншае).

6. У музеi-запаведніку, музеі пад адкрытым небам устанаўлiваецца спецыяльны рэжым захоўвання музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў з улiкам размяшчэння iх ва ўмовах нестабiльнага тэмпературна-вiльготнаснага i светлавога рэжыму.

7. У мэтах адраджэння, захавання i папулярызацыi народных мастацкіх рамёстваў, гiстарычных традыцыйных тэхналагiчных працэсаў гаспадарання, вытворчасцi, прыгатавання асобных вiдаў прадуктаў харчавання нацыянальнай кухнi музей-запаведнік, музей пад адкрытым небам могуць выкарыстоўваць музейныя прадметы, навукова-дапаможныя і сыравінныя матэрыялы пры ўмове, што такое выкарыстанне не стварае пагрозы iх захаванню i не можа прывесцi да iх пашкоджання, страты цi знiшчэння.

8. Музей-запаведнік, музей пад адкрытым небам з улiкам іх профiлю (профiляў) могуць ажыццяўляць дзейнасць па раслiнаводстве, жывёлагадоўлi, вытворчасць тавараў народнага спажывання, прыгатаванне прадуктаў харчавання з прымяненнем тэхналогiй i прылад працы, якiя выкарыстоўвалiся ў адпаведны гiстарычны перыяд.

Атрыманая прадукцыя (тавары народнага спажывання, прадукты харчавання i iншае) можа рэалiзоўвацца музеем-запаведнікам, музеем пад адкрытым небам у парадку, устаноўленым заканадаўствам.

9. Музей-запаведнік, музей пад адкрытым небам ажыццяўляюць дзейнасць, якая прыносіць даход, калi такая дзейнасць не перашкаджае ахове аб’ектаў культурнай i прыроднай спадчыны.

10. На тэрыторыi музея-запаведніка, музея пад адкрытым небам устанаўлiваецца дыферэнцыраваны рэжым іх аховы з улiкам спецыфiкi ўстаноўленых на гэтай тэрыторыi зон аховы нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей i асабліва ахоўваемых прыродных комплексаў i аб’ектаў.

11. У мэтах забеспячэння цэласнасцi i захаванасцi музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў, выключэння выпадкаў iх пашкоджання, страты цi знiшчэння музей-запаведнік, музей пад адкрытым небам павiнны быць абсталяваны неабходнымi сродкамi аховы i iншымi iнжынерна-тэхнiчнымi сродкамi абароны.

12. На тэрыторыi музея-запаведніка, музея пад адкрытым небам забараняецца любая дзейнасць, якая можа нанесцi шкоду аб’ектам культурнай i прыроднай спадчыны, гiстарычнаму i прыроднаму асяроддзю, у тым лiку дзейнасць, якая цягне за сабой:

змяненне стану музейных прадметаў, пагаршэнне iх навуковых, гістарычных, мемарыяльных, мастацкіх, эстэтычных i (або) іншых вартасцей, а таксама стану навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў;

забруджванне навакольнага асяроддзя;

панiжэнне бiяразнастайнасцi экасiстэм;

парушэнне захаванасцi паверхні зямлі, гiдралагiчнага рэжыму тэрыторыi.

13. Музей-запаведнік, музей пад адкрытым небам у сваёй дзейнасцi па захаванні i выкарыстанні музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў, аб’ектаў прыроднай спадчыны:

ажыццяўляюць кантроль за станам i захаванасцю музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў, аб’ектаў прыроднай спадчыны;

забяспечваюць выкананне праектных i вытворчых работ па кансервацыi, рэстаўрацыi, рамонце, прыстасаванні музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў, аб’ектаў прыроднай спадчыны;

удзельнiчаюць у ажыццяўленнi навукова-метадычнага i тэхнiчнага кантролю пры выкананні праектных і вытворчых работ па кансервацыі, рэстаўрацыі i рамонце, звязаных са змяненнем стану музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў;

ажыццяўляюць iншыя мерапрыемствы па захаванні музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў, аб’ектаў прыроднай спадчыны ў адпаведнасцi з гэтым Кодэксам і заканадаўствам аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях.



  1. Рэестр музеяў

1. Рэестр музеяў уяўляе сабой сукупнасць звестак аб музеях.

Ён ствараецца ў мэтах арганізацыі ўліку музеяў, стварэння адзінай базы даных аб дзейнасці музеяў і прадстаўлення звестак, якія ў ім змяшчаюцца.

2. Фарміруе і вядзе рэестр музеяў юрыдычная асоба, упаўнаважаная Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

3. Рэестр музеяў вядзецца па форме, устаноўленай Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

4. Музеі, юрыдычныя асобы, падраздзяленнем якіх з’яўляецца музей, не пазней за дзесяць каляндарных дзён з дня стварэння абавязаны прадставіць у адпаведнае структурнае падраздзяленне абласнога (Мінскага гарадскога) выканаўчага камітэта, якое ажыццяўляе дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы культуры, звесткі аб музеі (найменне, профіль (профілі), месцазнаходжанне, рэжым работы музея, яго заснавальнік і іншыя) па форме, устаноўленай Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

5. Структурныя падраздзяленні абласных (Мінскага гарадскога) выканаўчых камітэтаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы культуры, не пазней за 30 каляндарных дзён з дня атрымання звестак аб музеі абавязаны разгледзець іх і накіраваць юрыдычнай асобе, упаўнаважанай Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, свае прапановы аб уключэнні музея ў рэестр музеяў.

6. У выпадку змены звестак, якія змяшчаюцца ў рэестры музеяў, музей не пазней за дзесяць каляндарных дзён з дня ўзнікнення падставы для іх змянення абавязаны паведаміць аб гэтым юрыдычнай асобе, упаўнаважанай Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

7. У выпадку ліквідацыі музея кіраўнік музея, які з’яўляецца юрыдычнай асобай, або кіраўнік юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца музей, абавязаны не пазней за дзесяць каляндарных дзён з дня ліквідацыі музея пісьмова паведаміць аб гэтым юрыдычнай асобе, упаўнаважанай Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

8. Звесткі, якія змяшчаюцца ў рэестры музеяў, з’яўляюцца адкрытымі і размяшчаюцца ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт.


  1. Правы і абавязкі музеяў

1. Музеі маюць права:

самастойна вызначаць змест і формы сваёй дзейнасці ў адпаведнасці з місіяй (канцэпцыяй) музея;

дакументаваць усе з’явы айчыннай і замежнай гісторыі і культуры незалежна ад іх палітычнай, ідэалагічнай, гаспадарчай, сацыяльнай або іншай накіраванасці, за выключэннем з’яў, звесткі аб якіх з’яўляюцца дзяржаўнай або іншай ахоўваемай законам тайнай;

арганізоўваць і праводзіць навукова-даследчую дзейнасць для забеспячэння камплектавання музейных фондаў, а таксама выяўляць прадметы музейнага значэння іншым спосабам, які не супярэчыць заканадаўству аб культуры;

ажыццяўляць дзейнасць, якая прыносіць даход, у тым ліку аказваць платныя паслугі;

устанаўліваць па ўзгадненні з заснавальнікам музея памер платы за наведванне музея для агляду экспазіцый, выдачу дазволу на выраб выяўленчай, друкарскай, сувенірнай і іншай тыражаванай прадукцыі і вытворчасць тавараў народнага спажывання з выкарыстаннем выяў музейных прадметаў без абгрунтавання эканамічных затрат;

устанаўліваць правілы наведвання музеяў, якія зацвярджаюцца кіраўніком музея, які з’яўляецца юрыдычнай асобай, або кіраўніком юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца музей;

працаваць у архівах, бібліятэках і іншых юрыдычных асобах.

2. Музеі абавязаны:

садзейнічаць рэалізацыі правоў наведвальнікаў музеяў, прадугледжаных гэтым Кодэксам;

абслугоўваць наведвальнікаў музеяў у адпаведнасці са статутам (палажэннем) музея;

пашыраць доступ наведвальнікаў музеяў да музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў;

забяспечваць захаванасць музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў;

забяспечваць падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі музейных работнікаў;

удзельнічаць у рэалізацыі дзяржаўных, рэгіянальных і галіновых праграм, накіраваных на захаванне і развіццё культуры;

прадастаўляць асобным катэгорыям наведвальнікаў музеяў не радзей чым адзін раз у месяц у дзень, вызначаны музеем, права бясплатнага (ільготнага) наведвання музея для агляду экспазіцый, створаных на аснове ўласных музейных фондаў.

3. Музеі маюць іншыя правы і абавязкі, прадугледжаныя гэтым Кодэксам і іншымі актамі заканадаўства.


  1. Рэспубліканская рада дырэктараў музеяў

1. Для выпрацоўкі прапаноў па пытаннях музейнай справы, удасканалення музейнай дзейнасці, развіцця супрацоўніцтва паміж музеямі і аказання метадычнай дапамогі музеям пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь на грамадскіх пачатках ствараецца Рэспубліканская рада дырэктараў музеяў, якая з’яўляецца пастаянна дзеючым кансультатыўным і экспертным органам.

2. Рэспубліканская рада дырэктараў музеяў:

ажыццяўляе падрыхтоўку прапаноў па забеспячэнні якаснага кіравання музейнай дзейнасцю, павышэнні эфектыўнасці выкарыстання матэрыяльных і фінансавых рэсурсаў у дзейнасці музеяў, выкарыстанні музеямі сучасных навуковых распрацовак у сферы музейнай справы;

садзейнічае ўдасканаленню супрацоўніцтва паміж музеямі, умацаванню сувязей музеяў з навуковымі, грамадскімі арганізацыямі, установамі адукацыі;

садзейнічае пашырэнню і развіццю міжнародных культурных і гуманітарных сувязей, а таксама ўключэнню нацыянальнай музейнай справы ў сусветны культурны працэс;

ажыццяўляе падрыхтоўку прапаноў па ўдасканаленні заканадаўства аб культуры ў частцы музейнай справы;

садзейнiчае рэалiзацыi культурных праектаў, дзяржаўных, рэгіянальных і галіновых праграм, накіраваных на захаванне і развіццё культуры.

3. Склад Рэспубліканскай рады дырэктараў музеяў зацвярджаецца Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь.

Рэспубліканская рада дырэктараў музеяў дзейнічае на падставе зацверджанага ёю рэгламенту.

4. Рашэнні Рэспубліканскай рады дырэктараў музеяў носяць рэкамендацыйны характар.



  1. Рэспубліканскі навукова-метадычны савет
    па пытаннях музейнай справы


1. У мэтах паглыблення каардынацыйных працэсаў у музейнай справе, эфектыўнага выкарыстання Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь, умацавання сувязей з навуковымі арганізацыямі і ўкаранення вынікаў навуковых даследаванняў у сферы музейнай справы дзейнічае Рэспубліканскі навукова-метадычны савет па пытаннях музейнай справы, які з’яўляецца пастаянна дзеючым дарадчым, кансультатыўным і экспертным органам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

2. Рэспубліканскі навукова-метадычны савет па пытаннях музейнай справы:

выяўляе i разглядае найбольш важныя праблемы i перспектывы развіцця музейнай справы ў адпаведнасцi з сучаснымі распрацоўкамi гiстарычнай навукi i музеялогii;

ажыццяўляе падрыхтоўку навукова абгрунтаваных прапаноў, накiраваных на ўдасканаленне музейнай дзейнасці;

садзейнічае ўвядзенню ў практыку музейнай дзейнасці вынiкаў навуковых даследаванняў па актуальных пытаннях профiльных навук;

вывучае i абагульняе станоўчы вопыт усiх вiдаў музейнай дзейнасцi, ажыццяўляе падрыхтоўку прапаноў па яго выкарыстаннi i развiццi;

садзейнічае ўмацаванню кантактаў з айчыннымi i замежнымi музеямі i навуковымi арганізацыямі;

ажыццяўляе рэцэнзаванне навукова-праектнай дакументацыі па стварэнні пастаяннай экспазіцыі музея рэспубліканскага падпарадкавання;

садзейнiчае правядзенню сумесных экспедыцый, прыцягненне спецыялiстаў да атрыбуцыi музейных калекцый;

дае экспертную ацэнку планам развiцця музейнай справы рэгiёнаў, вызначае ўзровень навукова-метадычнага забеспячэння ствараемых музеямі экспазiцый;

ажыццяўляе падрыхтоўку прапаноў па важных праблемах музейнай справы і ўносіць іх на разгляд дзяржаўным органам;

прымае рашэнні па скаргах на заключэннi камiсiй дзяржаўных музеяў рэспублiканскага або абласнога падпарадкавання аб ацэнцы кошту культурных каштоўнасцей, якiя ўключаны ў Музейны фонд Рэспублiкi Беларусь.

3. У склад Рэспубліканскага навукова-метадычнага савета па пытаннях музейнай справы ўваходзяць вучоныя-гiсторыкi, археолагi, мастацтвазнаўцы, сацыёлагi, педагагічныя і музейныя работнiкi, iншыя спецыялiсты, якiя маюць вопыт музейнай дзейнасці.

4. Склад Рэспубліканскага навукова-метадычнага савета па пытаннях музейнай справы зацвярджаецца Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь.

Рэспубліканскі навукова-метадычны савет па пытаннях музейнай справы дзейнічае на падставе зацверджанага ім рэгламенту.

5. Рашэннi Рэспубліканскага навукова-метадычнага савета па пытаннях музейнай справы носяць рэкамендацыйны характар, акрамя рашэнняў па скаргах на заключэннi камiсiй дзяржаўных музеяў рэспублiканскага або абласнога падпарадкавання аб ацэнцы кошту культурных каштоўнасцей, якiя ўключаны ў Музейны фонд Рэспублiкi Беларусь.



  1. Правы і абавязкі наведвальнікаў музеяў

1. Юрыдычныя асобы, грамадзяне, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, якія звяртаюцца да паслуг музеяў, з’яўляюцца іх наведвальнікамі.

Пералік асноўных паслуг і ўмовы іх аказання ўстанаўліваюцца ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам, статутам (палажэннем) музея і правіламі наведвання музея.

2. Наведвальнікі музеяў маюць права на:

наведванне музеяў у адпаведнасці з рэжымам іх работы, а таксама карыстанне іх паслугамі, у тым ліку платнымі;

атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці музеяў, за выключэннем інфармацыі, якая з’яўляецца дзяржаўнай або іншай ахоўваемай законам тайнай;

работу з музейнымі прадметамі, навукова-дапаможнымі і сыравіннымі матэрыяламі ў парадку, устаноўленым гэтым Кодэксам;

абскарджанне ў адпаведнасці з заканадаўствам незаконных дзеянняў (бяздзейнасці) службовых асоб музеяў, якія абмяжоўваюць правы наведвальнікаў.

3. Музеі, якія поўнасцю або часткова фінансуюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, прадастаўляюць наведвальнікам не радзей чым адзін раз у месяц у дзень, вызначаны музеем, права бясплатнага (ільготнага) наведвання музея для агляду экспазіцый, створаных на аснове ўласных музейных фондаў, а інвалідам, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, ваеннаслужачым тэрміновай ваеннай службы, дзецям да сямі гадоў, дзецям-сіротам, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, асобам з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, асобам з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія атрымліваюць дашкольную, агульную сярэднюю, спецыяльную, прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную, вышэйшую адукацыю, музейным работнікам –– пастаянна.

4. Асобам, якія атрымліваюць агульную сярэднюю, прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную, вышэйшую адукацыю, пры наведванні музея прадастаўляецца права на не больш чым 50-працэнтную скідку ад кошту ўваходнага білета для агляду экспазіцый, створаных музеямі, якія поўнасцю або часткова фінансуюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, на аснове ўласных музейных фондаў.

5. У музеях, якія не фінансуюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, прадастаўленне права бясплатнага (ільготнага) наведвання музея для агляду экспазіцый, створаных на аснове ўласных музейных фондаў, вызначаецца заснавальнікамі гэтых музеяў.

6. Наведвальнікі музеяў абавязаны:

выконваць правілы наведвання музеяў;

беражліва адносіцца да музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў;

выконваць іншыя абавязкі ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.



  1. Доступ да інфармацыі аб музейных прадметах, навукова-дапаможных, сыравінных матэрыялах
    і парадак работы наведвальнікаў музеяў
    з музейнымі прадметамі, навукова-дапаможнымі, сыравіннымі матэрыяламі


1. Музейныя прадметы, навукова-дапаможныя, сыравінныя матэрыялы з’яўляюцца даступнымі для візуальнага агляду наведвальнікаў музеяў.

2. Дакладная iнфармацыя аб асабліва каштоўных музейных прадметах уключаецца ў дзяржаўны каталог Музейнага фонду Рэспублiкi Беларусь i з’яўляецца даступнай для наведвальнiкаў музеяў.

3. Доступ да iнфармацыi, якая змяшчаецца ў друкаваных i электронных каталогах музеяў, за выключэннем iнфармацыi аб музейных прадметах, якія ўключаны ў культурна-гістарычны фонд Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў і каштоўных камянёў Рэспублікі Беларусь або якія адносяцца да зброі, а таксама iнфармацыi аб асобах, якiя перадалі ў музей музейныя прадметы, з’яўляецца адкрытым.

4. Iнфармацыя аб паходжаннi, кошце, дакладным месцазнаходжаннi музейных прадметаў, зафiксаваная ва ўлiковых дакументах музея, з’яўляецца службовай, i доступ да яе абмежаваны.

5. Работа наведвальнікаў музеяў з музейнымі прадметамі, навукова-дапаможнымі, сыравіннымі матэрыяламі, якія захоўваюцца ў музеі, ажыццяўляецца на падставе пісьмовай заявы, у якой указваецца дакладная і аргументаваная мэта работы, і пісьмовага дазволу кіраўніка музея.

6. У мэтах забеспячэння захаванасці музейных прадметаў, навукова-дапаможных, сыравінных матэрыялаў і выключэння магчымага негатыўнага ўздзеяння на іх доступ да работы з музейнымі прадметамі, навукова-дапаможнымі, сыравіннымі матэрыяламі, якія захоўваюцца ў музеі, можа быць абмежаваны, калі:

музейны прадмет, навукова-дапаможны, сыравінны матэрыял маюць нездавальняючы стан захаванасці;

адкрыты доступ да музейнага прадмета, навукова-дапаможнага, сыравіннага матэрыялу пагражае іх захаванасці;

музейны прадмет, навукова-дапаможны, сыравінны матэрыял знаходзяцца ў працэсе кансервацыі або рэстаўрацыі;

музейны прадмет, навукова-дапаможны, сыравінны матэрыял знаходзяцца ў працэсе тэхнічнага афармлення, навуковых даследаванняў музейных работнікаў;

музейны прадмет з’яўляецца аўтэнтычнай формай пісьменнасці або выяўленчага мастацтва (дакументы, рукапісы, старадрукаваныя выданні, фотадакументы, графіка і іншыя);

музейны прадмет з’яўляецца асабліва каштоўным музейным прадметам.

7. Доступ да работы з музейнымі прадметамі, якія не ўключаны ў Музейны фонд Рэспублікі Беларусь, навукова-дапаможнымі, сыравіннымі матэрыяламі прыватнага музея можа быць абмежаваны па іншых прычынах у адпаведнасці з рашэннем уласніка музейнага прадмета, навукова-дапаможнага, сыравіннага матэрыялу або кіраўніка музея.

8. Пры наяўнасці страхавых копій музейных прадметаў, якія з’яўляюцца аўтэнтычнай формай пісьменнасці або выяўленчага мастацтва (дакументы, рукапісы, старадрукаваныя выданні, фотадакументы, графіка і іншыя), для работы наведвальнікам музеяў прадастаўляюцца страхавыя копіі такіх музейных прадметаў.

9. Музей арганізуе работу наведвальнікаў музеяў з музейнымі прадметамі, навукова-дапаможнымі, сыравіннымі матэрыяламі ў асобных або службовых памяшканнях і ў прысутнасці музейнага работніка. Работа наведвальнікаў музеяў з музейнымі прадметамі, навукова-дапаможнымі, сыравіннымі матэрыяламі ў фондасховішчах музеяў не дапускаецца, за выключэннем выпадкаў, калі музейныя прадметы, навукова-дапаможныя, сыравінныя матэрыялы маюць вялікія памеры.

10. Наведвальнікі музеяў, якія атрымалі доступ да музейных прадметаў, навукова-дапаможных, сыравінных матэрыялаў, павінны быць зарэгістраваны ў журнале рэгістрацыі наведвальнікаў музея і азнаёмлены з правіламі работы наведвальнікаў музеяў з музейнымі прадметамі, навукова-дапаможнымі, сыравіннымі матэрыяламі.

Правілы работы наведвальнікаў музеяў з музейнымі прадметамі, навукова-дапаможнымі, сыравіннымі матэрыяламі зацвярджаюцца кіраўніком музея.

11. Выраб выяўленчай, друкарскай, сувенірнай і іншай тыражаванай прадукцыі і вытворчасць тавараў народнага спажывання з выкарыстаннем выяў музейных прадметаў, а таксама публiкацыя выяў музейных прадметаў ажыццяўляюцца толькі з дазволу музеяў.

12. Забараняецца выкарыстанне музейных прадметаў, навукова-дапаможных, сыравінных матэрыялаў ва ўмовах, якія ствараюць пагрозу іх захаванасці і (або) могуць прывесці да іх пашкоджання, страты або знішчэння.

13. Наведвальнікі музеяў, якія дапусцілі пашкоджанне або страту музейных прадметаў, навукова-дапаможных, сыравінных матэрыялаў, нясуць адказнасць у адпаведнасці з грамадзянскім заканадаўствам.



  1. Музейны фонд Рэспублікі Беларусь

1. Музейны фонд Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой сукупнасць музейных прадметаў, якія пастаянна захоўваюцца ў дзяржаўных музеях, і асобных музейных прадметаў, якія пастаянна захоўваюцца ў прыватных музеях і ўключаны ў Музейны фонд Рэспублікі Беларусь па пісьмовых заявах уласнікаў музейных прадметаў.

2. Музейныя прадметы дзяржаўных музеяў з’яўляюцца дзяржаўнай уласнасцю i не падлягаюць звароту iх ранейшым уласнiкам, акрамя выпадкаў, прадугледжаных грамадзянскім заканадаўствам.

3. Музейныя прадметы, уключаныя ў Музейны фонд Рэспублікі Беларусь, з’яўляюцца неад’емнай часткай культурнай спадчыны Рэспублiкi Беларусь.


  1. Уключэнне музейных прадметаў
    у Музейны фонд Рэспублiкi Беларусь


1. Музейныя прадметы, якія пастаянна захоўваюцца ў дзяржаўных музеях, лічацца ўключанымі ў Музейны фонд Рэспублiкi Беларусь пасля іх рэгістрацыі ў кнізе паступленняў музейных прадметаў асноўнага фонду (галоўнай інвентарнай кнізе) гэтых музеяў.

2. Рашэнне аб уключэнні ў Музейны фонд Рэспублiкi Беларусь музейнага прадмета прыватнага музея прымаецца Міністэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь на падставе пісьмовай заявы ўласніка музейнага прадмета.

Прыняцце рашэння аб уключэнні музейнага прадмета прыватнага музея ў Музейны фонд Рэспублiкi Беларусь ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах.


  1. Асаблівасці выкарыстання музейных прадметаў, уключаных у Музейны фонд Рэспублікі Беларусь

1. Музейныя прадметы, уключаныя ў Музейны фонд Рэспублiкi Беларусь, у працэсе музейнай дзейнасці выкарыстоўваюцца ў мэтах забеспячэння агульнадаступнасці культурных каштоўнасцей айчыннай і сусветнай культуры, выкарыстання іх для культурнага развіцця грамадства.

2. Перадача музейных прадметаў, уключаных у Музейны фонд Рэспублікі Беларусь, на часовае захоўванне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ад аднаго музея да іншага музея і ад музея да іншай юрыдычнай асобы і на пастаяннае захоўванне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ад аднаго музея да іншага музея ажыццяўляецца на падставе дагавора.

Перадача музейных прадметаў, якія ўключаны ў Музейны фонд Рэспублікі Беларусь і з’яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі катэгорый «0», «1» або «2», на часовае захоўванне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ад аднаго музея да іншага музея і ад музея да іншай юрыдычнай асобы ажыццяўляецца тэрмінам да аднаго года па ўзгадненні з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі базавага тэрытарыяльнага ўзроўню.

Перадача музейных прадметаў, якія ўключаны ў Музейны фонд Рэспублікі Беларусь і пастаянна захоўваюцца ў дзяржаўных музеях, на пастаяннае захоўванне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь магчыма толькі для дзяржаўных музеяў.

3. У выпадку прыняцця ўласнiкам музейных прадметаў, якія ўключаны ў Музейны фонд Рэспублiкi Беларусь і пастаянна захоўваюцца ў прыватных музеях, рашэння аб адчужэннi музейных прадметаў пераважнае права набыцця гэтых музейных прадметаў на іншых роўных умовах маюць дзяржаўныя музеi, калі іншае не прадугледжана гэтым Кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі.

4. Права першай публікацыі аб музейных прадметах, уключаных у Музейны фонд Рэспублікі Беларусь, належыць музею, у музейны фонд якога яны ўключаны.

5. Асаблівасці выкарыстання музейных прадметаў, уключаных у культурна-гiстарычны фонд Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь, устанаўлiваюцца заканадаўствам у сферы дзейнасцi з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi.


  1. Выключэнне музейных прадметаў
    з Музейнага фонду Рэспублiкi Беларусь


1. Рашэнне аб выключэнні музейных прадметаў з Музейнага фонду Рэспублiкi Беларусь прымаецца Міністэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь.

2. Музейны прадмет, які пастаянна захоўваецца ў дзяржаўным музеі, выключаецца з Музейнага фонду Рэспублiкi Беларусь, калi ён:

страцiў сваю навуковую, гiстарычную, мемарыяльную, мастацкую i (або) эстэтычную вартасць;

абменьваецца на iншы музейны прадмет, якi пастаянна захоўваецца ў замежным музеі, або прадмет музейнага значэння;

вернуты ўладальніку па судовай пастанове;

выкрадзены, што пацвярджаецца дакументамі адпаведных дзяржаўных органаў;

пашкоджаны ў такой ступенi, што яго немагчыма рэстаўрыраваць;

страчаны або знішчаны ў вынiку надзвычайнай сітуацыі прыроднага або тэхнагеннага характару ці па іншых прычынах;

перададзены бязвыплатна іншай юрыдычнай асобе ў адпаведнасці з заканадаўствам, якое рэгулюе пытанні работы з маёмасцю, накіраванай у даход дзяржавы.

3. Музейны прадмет, які пастаянна захоўваецца ў прыватным музеі, выключаецца з Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь на падставе пісьмовай заявы ўласніка гэтага музейнага прадмета.

Музейны прадмет, які пастаянна захоўваецца ў прыватным музеі, выключаецца з Музейнага фонду Рэспублiкi Беларусь па рашэнні Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь без заявы ўласніка музейнага прадмета, калi ён:

страцiў сваю навуковую, гiстарычную, мемарыяльную, мастацкую i (або) эстэтычную вартасць;

выкрадзены, што пацвярджаецца дакументамі адпаведных дзяржаўных органаў;

страчаны або знішчаны ў вынiку надзвычайнай сітуацыі прыроднага або тэхнагеннага характару або па іншых прычынах.

Выключэнне музейных прадметаў з Музейнага фонду Рэспублiкi Беларусь ажыццяўляецца на падставе рашэння Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах.


  1. Музейная дзейнасць, яе віды

1. Музейная дзейнасць ажыццяўляецца музеямi ў мэтах забеспячэння агульнадаступнасці культурных каштоўнасцей айчыннай і сусветнай культуры, выкарыстання іх для культурнага развіцця грамадства.

2. Музейная дзейнасць уключае ў сябе наступныя вiды:

выяўленне прадметаў музейнага значэння;

камплектаванне музейных фондаў;

улік музейных прадметаў, навукова-дапаможных, сыравінных матэрыялаў;

захоўванне музейных прадметаў, навукова-дапаможных, сыравінных матэрыялаў;

вывучэнне і папулярызацыю музейных прадметаў, навукова-дапаможных, сыравінных матэрыялаў, у тым лiку шляхам правядзення на iх аснове навуковых даследаванняў архiўных, бiблiятэчных i iншых крынiц, публiчнага прадстаўлення музейных прадметаў, навукова-дапаможных, сыравінных матэрыялаў, а таксама публiкацыi адпаведных матэрыялаў;

кансервацыю i рэстаўрацыю музейных прадметаў, навукова-дапаможных, сыравінных матэрыялаў;

каталагiзацыю музейных прадметаў, навукова-дапаможных, сыравінных матэрыялаў;

стварэнне і адкрыццё экспазiцый;

экскурсiйнае абслугоўванне наведвальнiкаў музеяў;

культурна-асветную і культурна-адукацыйную дзейнасць, звязаную з музейнымі прадметамі, навукова-дапаможнымі, сыравіннымі матэрыяламі і нематэрыяльнымі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі адпаведна профілю (профілям) музея;

вывучэнне і папулярызацыю нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей адпаведна профілю (профілям) музея;

правядзенне навукова-практычных семiнараў i канферэнцый, iншых мерапрыемстваў у сферы музейнай справы.



  1. Камплектаванне музейнага фонду

1. Камплектаванне музейнага фонду ўяўляе сабой мэтанакіраваны, планавы працэс, які ўключае:

падбор і набыццё прадметаў музейнага значэння, музейных прадметаў, навукова-дапаможных, сыравінных матэрыялаў;

улік і вывучэнне прадметаў музейнага значэння, музейных прадметаў, навукова-дапаможных, сыравінных матэрыялаў;

аднясенне прадмета музейнага значэння, навукова-дапаможных, сыравінных матэрыялаў да асноўнага фонду, фонду навукова-дапаможных матэрыялаў, фонду сыравінных матэрыялаў.

2. Камплектаванне музейнага фонду ажыццяўляецца шляхам:

куплi прадметаў музейнага значэння;

атрымання прадметаў музейнага значэння ў якасці бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі, ахвяраванняў;

абмену ў адпаведнасцi з гэтым Кодэксам музейнымi прадметамi, навукова-дапаможнымі, сыравіннымі матэрыяламі;

выяўлення прадметаў музейнага значэння пры ажыццяўленні навукова-даследчай дзейнасці;

iншымi спосабамi, якiя не супярэчаць актам заканадаўства.

3. Прадметы музейнага значэння, накіраваныя (перададзеныя) ва ўласнасць дзяржавы, перадаюцца дзяржаўным музеям у парадку, устаноўленым актамі заканадаўства.

4. Камплектаванне музейнага фонду ажыццяўляецца ў адпаведнасці з профілем (профілямі) музея, канцэпцыяй навукова-фондавай работы і (або) праграмамі (планамі) камплектавання.

Канцэпцыя навукова-фондавай работы замацоўвае комплекс работ, якія плануецца правесці ў мэтах камплектавання музейнага фонду ў пэўны тэрмін, і зацвярджаецца кіраўніком музея, які з’яўляецца юрыдычнай асобай, або кіраўніком юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца музей.

5. Для разгляду і вырашэння пытанняў камплектавання музейных фондаў па рашэнні кіраўніка музея, які з’яўляецца юрыдычнай асобай, або кіраўніка юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца музей, ствараецца пастаянна дзеючая фондава-закупачная камісія або часовая ўпаўнаважаная камісія, склад і палажэнне аб якіх зацвярджаюцца адпаведна кіраўніком музея, які з’яўляецца юрыдычнай асобай, або кіраўніком юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца музей.

У выпадку, калі ў штаце музея працуюць менш чым тры музейныя работнікі, пытанні камплектавання музейнага фонду разглядае і вырашае кіраўнік музея, які з’яўляецца юрыдычнай асобай, або кіраўнік юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца музей.


  1. Улік прадметаў музейнага значэння, музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў

1. Улік прадметаў музейнага значэння, музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў арганізуецца музеямі для забеспячэння кантролю за іх выкарыстаннем і захаванасцю, своечасовага і дакладнага прадстаўлення звестак аб іх колькасці і месцазнаходжанні.

2. Улік музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў арганізуецца музеем у залежнасці ад структурных элементаў музейнага фонду, да якіх яны аднесены.

3. Улік прадметаў музейнага значэння, музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў складаецца з іх рэгістрацыі і вядзення ўліку іх руху.

4. Рэгістрацыя і рух прадметаў музейнага значэння, музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў афармляюцца ўліковымі дакументамі, формы якіх устанаўліваюцца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

Па рашэнні кіраўніка музея, які з’яўляецца юрыдычнай асобай, або кіраўніка юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца музей, у музеі могуць быць зацверджаны формы дадатковых уліковых дакументаў.

5. Вынас з музея уліковых дакументаў забараняецца, акрамя выпадкаў, прадугледжаных заканадаўчымі актамі.

6. Пасля рэгістрацыі прадметаў музейнага значэння, навукова-дапаможных, сыравінных матэрыялаў ім надаюцца ўліковыя абазначэнні (ідэнтыфікацыйныя нумары).

7. Асабліва каштоўныя музейныя прадметы падлягаюць цэнтралізаванаму ўліку.

Рашэнне аб аднясенні музейных прадметаў да асабліва каштоўных музейных прадметаў, за выключэннем тых, якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, прымаецца музеем. Гэта рашэнне падлягае ўзгадненню з экспертным саветам па пытаннях аднясення музейных прадметаў, уключаных у Музейны фонд Рэспублікі Беларусь, да асабліва каштоўных музейных прадметаў, які ствараецца пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь або ўпаўнаважанай ім юрыдычнай асобе.

Склад экспертнага савета па пытаннях аднясення музейных прадметаў, уключаных у Музейны фонд Рэспублікі Беларусь, да асабліва каштоўных музейных прадметаў зацвярджаецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

Экспертны савет па пытаннях аднясення музейных прадметаў, уключаных у Музейны фонд Рэспублікі Беларусь, да асабліва каштоўных музейных прадметаў дзейнічае на падставе зацверджанага ім рэгламенту.

Цэнтралiзаваны ўлiк асабліва каштоўных музейных прадметаў ажыццяўляецца шляхам уключэння звестак аб гэтых музейных прадметах у Дзяржаўны каталог Музейнага фонду Рэспублiкi Беларусь.

8. Асаблівасці ўліку музейных прадметаў, уключаных у культурна-гiстарычны фонд Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь, устанаўлiваюцца заканадаўствам у сферы дзейнасцi з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi. Асаблівасці ўліку музейных прадметаў, якія адносяцца да зброі, устанаўліваюцца заканадаўствам аб зброі.


  1. Дзяржаўны каталог Музейнага фонду
    Рэспублiкi Беларусь


1. Дзяржаўны каталог Музейнага фонду Рэспублiкi Беларусь уяўляе сабой сукупнасць звестак аб асабліва каштоўных музейных прадметах, уключаных у Музейны фонд Рэспублiкi Беларусь.

2. Дзяржаўны каталог Музейнага фонду Рэспублiкi Беларусь вядзецца ў мэтах цэнтралізаванага ўліку, ідэнтыфікацыі і папулярызацыі асабліва каштоўных музейных прадметаў.

3. Фарміруе і вядзе дзяржаўны каталог Музейнага фонду Рэспублiкi Беларусь Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь або юрыдычная асоба, ім упаўнаважаная.

4. Музеі, у якіх захоўваюцца асабліва каштоўныя музейныя прадметы, абавязаны прадставіць у Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь або юрыдычнай асобе, ім упаўнаважанай, звесткі аб гэтых музейных прадметах у двухмесячны тэрмін з дня іх паступлення.

5. У мэтах вядзення дзяржаўнага каталога Музейнага фонду Рэспублiкi Беларусь Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь або юрыдычная асоба, ім упаўнаважаная, ажыццяўляюць:

збор звестак аб асабліва каштоўных музейных прадметах;

улік наяўнасці і ацэнку захаванасці асабліва каштоўных музейных прадметаў.

6. Дзяржаўны каталог Музейнага фонду Рэспублiкi Беларусь вядзецца на беларускай, рускай і англійскай мовах.

7. Музеі, у якіх захоўваюцца асабліва каштоўныя музейныя прадметы, у выпадку змянення звестак, якія ўносяцца ў дзяржаўны каталог Музейнага фонду Рэспублiкi Беларусь, абавязаны не пазней за
30 каляндарных дзён з дня ўзнікнення падставы для іх змянення пісьмова паведаміць аб гэтым у Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь або юрыдычнай асобе, ім упаўнаважанай, для ўнясення змяненняў у дзяржаўны каталог Музейнага фонду Рэспублiкi Беларусь.

8. У выпадку змены ўласніка асабліва каштоўнага музейнага прадмета прыватнага музея ранейшы ўласнік абавязаны не пазней за дзесяць каляндарных дзён з дня спынення права ўласнасці пісьмова паведаміць аб гэтым у Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь або юрыдычную асобу, ім упаўнаважаную.

9. Звесткі аб страце або знішчэнні асабліва каштоўных музейных прадметаў накіроўваюцца ў Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь не пазней за тры каляндарныя дні з дня ўстанаўлення факта іх страты або знішчэння.

10. Звесткі, якія змяшчаюцца ў дзяржаўным каталогу Музейнага фонду Рэспублiкi Беларусь, размяшчаюцца ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт.



  1. Захоўванне музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў

1. У мэтах забеспячэння захаванасці музейных прадметаў, навукова-дапаможных, сыравінных матэрыялаў і выключэння выпадкаў іх пашкоджання, страты або знішчэння ў музеях устанаўліваецца спецыяльны рэжым захоўвання музейных прадметаў, навукова-дапаможных, сыравінных матэрыялаў, праводзяцца іх кансервацыя і (або) рэстаўрацыя, перыядычная зверка наяўнасці.

2. Захоўванне музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў –– гэта комплекс мер, які ўключае:

перыядычную зверку наяўнасці музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў з уліковымі дакументамі, прафілактычны агляд музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў;

забеспячэнне належнай аховы капітальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў), памяшканняў музея;

стварэнне сістэмы захоўвання музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў у фондасховішчах;

забеспячэнне выканання рэжымаў захоўвання музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў;

стварэнне належных умоў захоўвання музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў у экспазіцыйных і выставачных залах;

забеспячэнне фондасховішчаў, экспазіцыйных і выставачных залаў адпаведным абсталяваннем;

забеспячэнне належнай упакоўкі пры іх транспарціроўцы.

3. Музеi абавязаны штогод праводзiць зверку наяўнасцi музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў з уліковымі дакументамі.

У музеях, музейны фонд якіх складае больш за тры тысячы музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў, зверка наяўнасцi музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў праводзіцца ў адпаведнасцi з планамі, зацверджанымі кіраўніком музея, які з’яўляецца юрыдычнай асобай, або кіраўніком юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца музей.

Зверка наяўнасці музейных прадметаў, навукова-дапаможных прадметаў і сыравінных матэрыялаў праводзiцца камiсiяй у складзе не менш як тры музейныя работнікі, якая ствараецца ў адпаведнасці з загадам кіраўніка музея, які з’яўляецца юрыдычнай асобай, або кіраўніка юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца музей.

У выпадку, калі ў штаце музея працуе менш чым тры музейныя работнікі, зверка наяўнасці музейных прадметаў, навукова-дапаможных прадметаў і сыравінных матэрыялаў праводзiцца асобамі, якія вызначаюцца кіраўніком музея, які з’яўляецца юрыдычнай асобай, або кіраўніком юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца музей.

Вынiкi зверкi наяўнасцi музейных прадметаў, навукова-дапаможных прадметаў і сыравінных матэрыялаў фiксуюцца ў акце зверкі.

Асаблівасці зверкі музейных прадметаў, уключаных у культурна-гістарычны фонд Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў і каштоўных камянёў Рэспублікі Беларусь, устанаўліваюцца заканадаўствам у сферы дзейнасці з каштоўнымі металамі і каштоўнымі камянямі.

4. Парадак прафілактычнага агляду музейных прадметаў, навукова-дапаможных прадметаў і сыравінных матэрыялаў устанаўліваецца кіраўніком музея.

5. Музейныя прадметы, навукова-дапаможныя і сыравінныя матэрыялы размяркоўваюцца па групах захоўвання ў залежнасці ад іх тыпу, віду, матэрыялу.

6. У залежнасці ад колькаснага складу груп захоўвання і іншых умоў музеі ствараюць комплексную або паасобную сістэму захоўвання музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў.

7. Скарбы, якiя перадаюцца ў музей на пастаяннае захоўванне, захоўваюцца ў поўным складзе i не могуць змешвацца з iншымi прадметамi.

8. Рэжымы захоўвання музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў прадугледжваюць навукова абгрунтаваныя ўмовы захоўвання, што дазваляе забяспечыць доўгатэрміновае захоўванне музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў.

9. Рэжымамі захоўвання музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў з’яўляюцца тэмпературна-вільготнасны, светлавы, біялагічны.

10. Асаблівасці захоўвання музейных прадметаў, якія адносяцца да зброі, устанаўлiваюцца заканадаўствам аб зброі.



  1. Кансервацыя i рэстаўрацыя музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў

1. Пад кансервацыяй музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў разумеецца комплекс мерапрыемстваў па часовым або доўгатэрмiновым забеспячэнні захаванасцi фізічнага стану музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў з прымяненнем адпаведных метадаў, якiя дазваляюць прадухiлiць іх далейшае пагаршэнне i ствараюць умовы для экспанавання закансерваваных музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў.

2. Пад рэстаўрацыяй музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў разумеецца комплекс мерапрыемстваў па навукова абгрунтаваным аднаўленні страчаных фрагментаў музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў, а таксама iх навуковых, гістарычных, мемарыяльных, мастацкіх, эстэтычных і іншых вартасцей.

3. Для вырашэння пытанняў кансервацыі і рэстаўрацыі музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў у музеі можа быць створаны рэстаўрацыйны савет, склад і парадак дзейнасці якога ўстанаўліваюцца кіраўніком музея, які з’яўляецца юрыдычнай асобай, або кіраўніком юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца музей.

4. Кансервацыя i рэстаўрацыя музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з навукова-праектнай дакументацыяй на выкананне кансервацыі i рэстаўрацыі музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў, склад якой устанаўлiваецца кіраўніком музея, які з’яўляецца юрыдычнай асобай, або кіраўніком юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца музей.

5. Распрацоўка навукова-праектнай дакументацыi на выкананне кансервацыі i рэстаўрацыі музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў ажыццяўляецца музейнымі работнікамі або іншымі асобамі, якія маюць адпаведную кваліфікацыю.

6. Пасля распрацоўкі навукова-праектная дакументацыя на выкананне кансервацыі i рэстаўрацыі музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў разглядаецца на пасяджэнні рэстаўрацыйнага або іншага савета музея і зацвярджаецца кіраўніком музея, які з’яўляецца юрыдычнай асобай, або кіраўніком юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца музей.

7. Кансервацыя i рэстаўрацыя музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў ажыццяўляюцца мастакамі-рэстаўратарамі.

8. Кансервацыя і рэстаўрацыя музейных прадметаў, якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, ажыццяўляюцца з улікам асаблівасцей, устаноўленых гэтым Кодэксам.



  1. Рэспубліканскі рэстаўрацыйны савет

1. У мэтах вырашэння найбольш важных пытанняў кансервацыі і рэстаўрацыі музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў, паглыблення каардынацыі дзейнасці па кансервацыі і рэстаўрацыі музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь ствараецца Рэспубліканскі рэстаўрацыйны савет, які з’яўляецца дарадчым, кансультатыўным і экспертным органам.

2. Рэспубліканскі рэстаўрацыйны савет:

разглядае і прымае рашэнні па пытаннях арганізацыі, даследавання і ажыццяўлення працэсаў рэстаўрацыі і кансервацыі музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў;

ажыццяўляе падрыхтоўку прапаноў па методыцы кансервацыі і рэстаўрацыі музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў;

каардынуе дзейнасць рэстаўрацыйных саветаў музеяў, іншых юрыдычных асоб, грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, якія праводзяць работы па рэстаўрацыі і кансервацыі музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў, аказвае ім метадычную дапамогу;

рыхтуе заключэнні па выкананых работах на падставе дакументацыі аб ходзе работ па рэстаўрацыі і кансервацыі музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў;

ажыццяўляе ацэнку якасці праведзеных работ і адпаведнасці іх методыцы правядзення работ па рэстаўрацыі і кансервацыі музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў, уносіць прапановы і рэкамендацыі па паляпшэнні і ўдасканаленні дзейнасці па рэстаўрацыі і кансервацыі;

вырашае пытанні далучэння пры неабходнасці да правядзення рэстаўрацыі музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў або кансультацый па пытаннях рэстаўрацыі спецыялістаў з замежных краін;

інфармуе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь аб парушэннях устаноўленых методык правядзення работ па рэстаўрацыі музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў;

разглядае іншыя пытанні, звязаныя з прымяненнем методыкі правядзення работ па рэстаўрацыі і кансервацыі музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў.

3. Склад Рэспубліканскага рэстаўрацыйнага савета зацвярджаецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

Рэспубліканскі рэстаўрацыйны савет дзейнічае на падставе зацверджанага ім рэгламенту.

4. Рашэнні Рэспубліканскага рэстаўрацыйнага савета носяць рэкамендацыйны характар.


  1. Каталагiзацыя музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў

1. Пад каталагiзацыяй музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў разумеецца працэс стварэння, вядзення і функцыянавання каталогаў музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў, які ўключае апрацоўку звестак аб музейных прадметах, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялах, іх групоўку, сістэматызацыю, дакументальную фіксацыю і актуалізацыю.

2. Каталагiзацыя музейных прадметаў, навукова-дапаможных, сыравінных матэрыялаў ажыццяўляецца музеямі на аснове класіфікацыі музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў, а таксама храналагічнага, геаграфічнага, тэматычнага і іншых крытэрыяў.

3. Каталогі музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў вядуцца на папяровым або іншым матэрыяльным носьбіце інфармацыі.


  1. Экспазіцыя

1. Экспазіцыя –– мэтанакіраваная і навукова абгрунтаваная сукупнасць музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў з уласнага музейнага фонду, музейных фондаў iншых музеяў і (або) прадметаў музейнага значэння, выстаўленых для агляду наведвальнікамі музея, якія арганізаваны кампазіцыйна, суправаджаюцца пісьмовым каментарыем, тэхнічна і мастацка аформленыя і ў выніку ствараюць спецыфічны музейны вобраз пэўных прыродных і (або) грамадскіх з’яў згодна з профілем (профілямі) музея.

2. Пад класіфікацыяй экспазіцый разумеецца групоўка экспазіцый на аснове адзінства (агульнасці) іх прыкмет.

Экспазіцыі класіфікуюцца ў залежнасці ад тэматыкі (гістарычныя, мастацкія, літаратурныя, прыродазнаўчыя, архітэктурныя і іншыя экспазіцыі), метаду арганізацыі (калекцыйныя, ансамблевыя, ілюстрацыйна-тэматычныя), а таксама могуць класіфікавацца па іншых крытэрыях, у тым ліку ў залежнасці ад мэт, задач, прызначэння.

3. Экспазіцыі падзяляюцца на пастаянныя і часовыя.


  1. Стварэнне і адкрыццё пастаянных экспазіцый

1. Стварэнне пастаянных экспазiцый з’яўляецца вынiкам навукова-даследчай дзейнасці музея i адным з асноўных вiдаў музейнай дзейнасцi.

2. Этапамi для стварэння пастаяннай экспазiцыi з’яўляюцца:

распрацоўка навукова-праектнай дакументацыi, якая складаецца з пiсьмовай навуковай канцэпцыi, абгрунтавання асноўнай iдэi, мэт i задач пастаяннай экспазiцыi, вызначэння шляхоў iх увасаблення, а таксама з тэматычнай структуры пастаяннай экспазiцыi, тэматыка-экспазiцыйнага плана i сцэнарыя пастаяннай экспазiцыi;

распрацоўка архiтэктурна-мастацкага рашэння;

мантаж пастаяннай экспазiцыi.

3. Стварэнне пастаяннай экспазiцыi i распрацоўка навукова-праектнай дакументацыi ажыццяўляюцца рабочай групай, склад якой зацвярджаецца загадам кiраўнiка музея, які з’яўляецца юрыдычнай асобай, або кіраўніка юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца музей. Гэтым жа загадам вызначаюцца тэрмiны пачатку i заканчэння работы, прызначаецца кiраўнiк групы.

4. У музеях з абмежаваным штатам навуковых супрацоўнiкаў дапускаецца падрыхтоўка навукова-праектнай дакументацыi для стварэння пастаяннай экспазiцыi музейнымi работнiкамi іншых музеяў цi навуковымi работнiкамi навуковых устаноў па грамадзянска-прававым дагаворы.

5. Падрыхтаваная навукова-праектная дакументацыя абмяркоўваецца на навукова-метадычным савеце музея i дасылаецца на рэцэнзаванне:

музеямi раённага, гарадскога i сельскага падпарадкавання –– у дзяржаўны музей абласнога падпарадкавання адпаведнага профiлю;

музеямi абласнога (Мiнскага гарадскога) падпарадкавання –– у дзяржаўны музей рэспублiканскага падпарадкавання адпаведнага профiлю;

музеямi рэспублiканскага падпарадкавання –– у Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь для разгляду на Рэспублiканскiм навукова-метадычным савеце па пытаннях музейнай справы;

дзяржаўнымі музеямi, якiя з’яўляюцца падраздзяленнямi юрыдычных асоб, –– у дзяржаўны музей абласнога (Мінскага гарадскога) цi рэспублiканскага падпарадкавання адпаведнага профiлю;

прыватнымі музеямі –– у дзяржаўны музей абласнога (Мінскага гарадскога) падпарадкавання адпаведнага профiлю.

Рэцэнзаванне праводзіцца не пазней за 20 каляндарных дзён з дня атрымання навукова-праектнай дакументацыі.

6. Архiтэктурна-мастацкае рашэнне распрацоўваецца прафесiйнымi дызайнерамi i мастакамi, якiя знаходзяцца ў штаце музея, або адпаведнымi спецыялiстамi па грамадзянска-прававым дагаворы.

7. Навукова-праектная дакументацыя не пазней за 20 каляндарных дзён з дня атрымання рэцэнзii i архiтэктурна-мастацкае рашэнне зацвярджаюцца кiраўнiком музея, які з’яўляецца юрыдычнай асобай, або кіраўніком юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца музей.

8. Зацверджаныя навукова-праектная дакументацыя i архiтэктурна-мастацкае рашэнне з’яўляюцца падставай для заключэння адпаведных дагавораў на мантаж пастаяннай экспазiцыi.

9. Канструктыўныя змяненнi ў зацверджаную навукова-праектную дакументацыю i архiтэктурна-мастацкае рашэнне могуць быць унесены толькi пасля атрымання рэцэнзіі ў парадку, прадугледжаным пунктам 5 гэтага артыкула, і па рашэнні кiраўнiка музея, які з’яўляецца юрыдычнай асобай, або кіраўніка юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца музей.

10. Прыём пастаяннай экспазiцыi ажыццяўляецца камiсiяй, якая прызначаецца загадам заснавальнiка музея.


  1. Стварэнне і адкрыццё часовых экспазіцый

1. Стварэнне часовых экспазіцый ажыццяўляецца навукова-экспазіцыйным, выставачным аддзелам музея або рабочай групай. Склад рабочай групы, яе кіраўнік, тэрміны пачатку і заканчэння работы па стварэнні часовай экспазіцыі зацвярджаюцца кіраўніком музея, які з’яўляецца юрыдычнай асобай, або кіраўніком юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца музей.

2. Для стварэння часовай экспазіцыі музеямі распрацоўваецца наступная праектная дакументацыя:

сцэнарый часовай экспазіцыі або разгорнутая тэматычная структура (калі тэрмін экспанавання менш за адзін месяц);

сцэнарый часовай экспазіцыі або разгорнутая тэматычная структура, а таксама архітэктурна-мастацкае рашэнне (калі тэрмін экспанавання адзін месяц і болей).

3. Праектная дакументацыя часовай экспазіцыі, разлічанай на тэрмін экспанавання адзін месяц і болей, або часовай экспазіцыі, якая рыхтуецца для экспанавання за межамі музея, разглядаецца на навукова-метадычным савеце і зацвярджаецца кіраўніком музея, які з’яўляецца юрыдычнай асобай, або кіраўніком юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца музей.

4. Праектная дакументацыя часовай экспазіцыі, разлічанай на тэрмін экспанавання менш за адзін месяц, зацвярджаецца кіраўніком музея, які з’яўляецца юрыдычнай асобай, або кіраўніком юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца музей.

5. Адкрыццё часовай экспазіцыі ажыццяўляецца пасля яе прыёму камісіяй, прызначанай загадам кіраўніка музея, які з’яўляецца юрыдычнай асобай, або кіраўніка юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца музей.


  1. Экскурсiйнае абслугоўванне наведвальнiкаў музеяў

Пад экскурсійным абслугоўваннем наведвальнiкаў музеяў разумеецца паказ музейных прадметаў, прадметаў музейнага значэння, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў, які суправаджаецца каментарыямі, прадастаўленнем інфармацыі аб іх і ажыццяўляецца экскурсаводамі і гідамі-перакладчыкамі, якія прайшлі прафесійную атэстацыю, якая пацвярджае іх кваліфікацыю, або якія працуюць у музеях пры правядзенні экскурсій у гэтых музеях, іншымі асобамі ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.


: temp
temp -> Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова адукацыі
temp -> 130 тыс г. да н э. Каштоўнае геалагічнае агаленне старажытных азёрных адкладаў
temp -> Конкурсу "Скарбы мовы: просты сказ"
temp -> Прамежкавая справаздача па рэалізацыі педагагічнага праекта
temp -> Забалацкі вучэбна педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа Любанскага раёна
temp -> Інфармацыйна бібліяграфічны аддзел
temp -> Ілья Вёска ў Вілейскім
temp -> Праект “Мая школа ў асобах і падзеях”. Матэрыялы музея “Ільянскія далягляды”


1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   ...   15


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка