Колькі працоўнага імпэту патрэбна настаўніку?



Дата канвертавання21.06.2016
Памер101.35 Kb.


Колькі працоўнага імпэту патрэбна настаўніку?

Чарговы раз, аналізуючы вынікі цэнтралізаванага тэсціравання абітурыентаў мінулага года, хачу засяродзіць увагу чытачоў на ўзроўні падрыхтоўкі выпускнікоў агульнаадукацыйных устаноў краіны.

На мой погляд, пры ўсёй значнасці матэрыяльнай і вучэбна-метадычнай базы навучальных устаноў, якасці падручнікаў і дапаможнікаў, роля асобы настаўніка, яго прафесійны ўзровень – усё ж такі больш важкі кампанент адукацыйнага працэсу.

На ўроку ў адных настаўнікаў і матэматыка для вучняў цікавы прадмет, у другіх жа – геаграфію з гісторыяй выкінулі б з раскладу заняткаў. Чым менш у настаўніка працоўнага імпэту на ўроку, тым ніжэй узровень падрыхтоўкі яго вучняў. Адсюль і сустракаем на ўступных іспытах у час цэнтралізаванага тэсціравання нізкія рэзультаты і недарэчныя адказы асобных абітурыентаў.

Прыходзіцца толькі шкадаваць, што пры значнай перавазе колькасці абітурыентаў над планавымі і пазабюджэтнымі месцамі ва універсітэтах краіны ў бягучым годзе такі недабор студэнтаў.

На мой погляд, адносна нізкія рэзультаты выканання абітурыентамі асобных заданняў залежаць ад шэрагу прычын, якія ўплываюць на агульны вынік іспытаў. Гэтыя прычыны можна ўмоўна падзяліць на некалькі груп.

Параўноўваючы выкананне абітурыентамі тэставых заданняў за апошнія гады, мы назіраем стабільную розніцу паміж вынікамі выпускнікоў устаноў адукацыі з вывучэннем асобных вучэбных прадметаў на профільным узроўні і вынікамі выпускнікоў устаноў адукацыі з вывучэннем прадметаў на базавым узроўні.

Першыя – матываваны на атрыманне канкрэтнай спецыяльнасці. Яны ведаюць, у якім універсітэце будуць вучыцца. У час экзаменаў добра выконваюць тэставыя заданні. Сярэднія балы па ўсіх выбраных прадметах, як правіла, значна вышэйшыя за сярэднія паказчыкі па ўсім кантынгенце абітурыентаў.

Другія – маюць адносна нізкія балы па экзаменацыйных прадметах. Іх выбар месца вучобы вызначаецца не інтарэсамі будучай прафесіі, а магчымасцю быць залічанымі ў любую вышэйшую навучальную ўстанову.

Адносна нізкі ўзровень агульнай адукаванасці не матывуе выпускнікоў у будучым на атрыманне імі канкрэтнай спецыяльнасці, што можна ўмоўна ў нашай класіфікацыі аднесці да першай групы прычын.

Памылковыя адказы абітурыентаў могуць быць выкліканы неэфектыўным выкарыстаннем настаўнікамі ў вучэбным працэсе магчымасцей сучаснай навукова-метадычнай і матэрыяльнай базы ўстаноў адукацыі. Гэта другая група прычын.

На самой справе, чаму на іспытах па фізіцы толькі крыху больш за палову (52% ад ліку экзаменуемых) даюць правільны адказ і лічаць, што кандэнсацыя з’яўляецца фізічнай з’явай. А вось 38% тэсціруемых да фізічных з’яў адносяць сілу. Асобныя з абітурыентаў з прапанаваных дыстрактараў выбралі як правільны адказ вальтметр, тэмпературу і кілаграм. Калі ж улічыць, што на цэнтралізаванае тэсціраванне па фізіцы ідуць тыя абітурыенты, у каго гэты прадмет з’яўляецца профільным па выбранай спецыяльнасці ў час будучай вучобы ва ўніверсітэце, то іх можна толькі пашкадаваць за магчымыя мукі.

Напэўна, былому васьмікласніку пры вывучэнні гэтай тэмы па фізіцы не хапала часу, а яго настаўніку – вобразных прыкладаў пра ўтварэнне ранішняга туману (кандэнсацыі) над балотам (ракой). Чаму б гэтаму самаму настаўніку-прадметніку не нагадаць вучням, якую з’яву яны назіраюць у парыльні рускай лазні або на шкле бацькавага аўтамабіля ў час яго прагрэву?

І яшчэ прыклад задання па фізіцы, якое адносіцца да першага ўзроўню складанасці і прызначана для праверкі ведання адзінак СІ фізічных велічынь. Так, у заданні: “Адзінкай электрычнага напружання ў СІ з’яўляецца…” правільны адказ – вольт. Разам з тым, з прапануемых дыстрактараў: ом, Ньютон, ампер, джоўль, вольт – не змаглі выбраць правільны адказ 34% тэсціруемых. Звярну ўвагу чытачоў: электрадынаміка ў школьным курсе фізікі вывучаецца з 8 класа.

Магу меркаваць, што хапіла б некалькіх дэманстрацый на ўроку (нават без уліку лабараторных і практычных заняткаў) падключэння ў электрычны ланцуг прыбораў (амперметр, вальтметр і інш.) – і гэта дазволіла б засвоіць вучням, што сілу току вымяраюць у амперах, напружанне – у вольтах, а супраціўленне правадніка – у омах. Не менш карысным было б віртуальнае складанне электрычных ланцугоў пры наяўнасці ў школах электронных сродкаў навучання.

Гэтыя веды неабходныя не толькі будучаму тэхніку ці інжынеру, а нават хатняй гаспадыні з філалагічнай адукацыяй.

На тэсціраванні па біялогіі толькі каля паловы ад агульнай колькасці абітурыентаў ведаюць, што суніцы сорту Чайка і бульба сорту Журавінка з’яўляюцца культурнымі раслінамі. Кожны дзесяты ўдзельнік іспытаў адносіць гэтыя расліны да рэліктавых, а астатнія называюць іх пустазеллем.

Да трэцяй групы прычын, якія негатыўна ўплываюць на адказы абітурыентаў, можна аднесці адсутнасць культуры беглага і асэнсаванага чытання пісьмовых тэкстаў і адсутнасць вылічальных навыкаў пры рашэнні задач.

Аналізуючы рэзультаты тэсціравання па фізіцы, мы заўважылі, што асобныя абітурыенты, выканаўшы больш складаныя заданні, не змаглі атрымаць станоўчыя адказы на менш цяжкія.

Прычыны былі, у большасці выпадкаў, лінгвістычнага характару. Памылкі часцей за ўсе звязаны з неразуменнем абітурыентамі сэнсу тэкставага матэрыялу. Аказалася, што ў гэтых групах абітурыентаў адсутнічае навык беглага і асэнсаванага чытання. Асобныя іспытуемыя не звяртаюць увагі на такія “дробязі”, як наяўнасць на схемах умоўных абазначэнняў (электрон, пратон і г.д.), якія дапаўняюць умовы задачы.

Нашы спецыялісты паўторна прааналізавалі сітуацыю і адабралі (па бланкам адказаў) дзве групы абітурыентаў: тыя, хто не справіўся з лёгкімі заданнямі па прычыне недасканалай працы з іх тэкстамі, і тыя, у якіх усе заданні (простыя і больш складаныя) былі выкананы. Затым было вызначана, як гэтыя ж абітурыенты справіліся з заданнямі з улікам узроўню чытацкай кампетэнцыі. Выяўлена, што рэзультаты ў другой групе ў два разы вышэйшыя, чым у першай. (Дарэчы, гэтая асаблівасць выяўлена ў выніку даследаванняў па праграме PISA у Расіі.)

На жаль, прычыны падзення навыкаў беглага і асэнсаванага чытання ў вучняў знаходзяцца па-за межамі ўплыву ўстаноў адукацыі. Амаль усю інфармацыю сучасны вучань самастойна “здабывае”, карыстаючыся IT – тэхналогіямі. У лепшым выпадку школьнік знаёміцца з праграмнымі творамі па літаратуры пры дапамозе аўдыёзапісаў і іншых тэхнічных сродкаў.

Сучасныя крыніцы інфармацыі фарміруюць у маладых людзей спажывецкія адносіны да жыцця. Тэхнічныя сродкі абмену інфармацыяй, якія павінны служыць толькі дзеля павелічэння і пашырэння зоны дзеяння славесных форм інфармацыі, паступова пераходзяць з разраду дапаможных у асноўныя. З практыкі зыходзяць асобныя, так папулярныя раней сродкі камунікацыі паміж людзьмі.

Нашы даследаванні з’яўляюцца сведчаннем таго, што ў сучаснага абітурыента вельмі бедны слоўнікавы запас. У часе абмену інфармацыяй маладых людзей гэта асабліва не турбуе. А вось для будучага спецыяліста яўна недастаткова такога слоўнікавага запасу.

У тэстах па матэматыцы, як і па іншых прадметах, пры рашэнні задач у большасці выпадкаў не патрэбна рабіць складаныя вылічэнні. Так, штогод па матэматыцы з трыццаці заданняў кожнага варыянта тэста ў васьмі – дзесяці ўсе вылічэнні можна выканаць вусна. У астатніх – вылічэнні не зоймуць і трэці аркуша паперы для рабочых запісаў (“чарнавікоў”).

Прапаную яшчэ адзін яскравы прыклад у пацвярджэнне напісанага вышэй.

Значэнне выразу (1  - 1) ∙ 5,6 – 4,5 не знайшлі 43% выпускнікоў 2013 года. Калі ж зрабіць падлікі сярод выпускнікоў, якія атрымалі сярэднюю адукацыю ў папярэднія гады, то высвятляецца, што з гэтым заданнем не справілася больш за 80% (?) абітурыентаў.

Адсутнасць у асобных абітурыентаў вылічальных навыкаў прыводзіць да адмоўных вынікаў пры рашэнні практычных задач. Так, абсалютная большасць экзаменуемых не ўмее знаходзіць лік па яго працэнце, не можа вызначыць плошчу паралелаграма пры ўмове, што вядомы яго перыметр і дзве вышыні. Прасцейшыя трыганаметрычныя задачы выконваюцца ў дыяпазоне 19-31працэнтаў.

Такія ж прыклады можна прывесці і па фізіцы.

Пры праверцы ўменняў пераводу адзінак фізічных велічынь у асноўныя адзінкі СІ выяўлена, што 38% іспытуемых (звярніце ўвагу на аналагічныя значэнні па матэматыцы) не змаглі перавесці грамы і тоны ў кілаграмы (пры падліку колькасці сабранай вучнямі макулатуры) пры тым, што на першай старонцы тэставага задання даецца табліца дольных і кратных адзінак.

Каб упэўніцца ў правільнасці вывадаў, я звярнуўся да рэзультатаў конкурсу “Кенгуру”, які праводзіць Беларуская асацыяцыя “Конкурс” сумесна з Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі.

Так, у заданні “Пераход “Зебра” складаецца з белых і чорных палос на асфальце шырыней 50 см кожная. Пераход пачынаецца і заканчваецца белай паласой. Усяго 8 белых палос. Якая шырыня дарогі?” 23% старшакласнікаў і 30% вучняў 7 і 8 класаў з 26 940 апрошаных не змаглі правільна зрабіць падлікі. У адрозненне ад іспытаў па ЦТ, у гэтым конкурсе прымаюць удзел матываваныя дзеці. Гэта тыя, хто ў рэйтынгу выпускнікоў агульнаадукацыйных устаноў займаюць верхнія радкі спісу і складаюць каля 10% ад агульнай іх колькасці.

Давайце ўявім сабе, што з такім патэнцыялам у матэматычных падліках супрацоўнік ДАІ будзе складаць пратакол дарожна-транспартнага здарэння. Вынік заключэння можа зрабіць вінаватым непавіннага кіроўцу.

Да чацвёртай групы прычын, якія зніжаюць якасць адказаў абітурыентаў, аднясём выкарыстанне нерацыянальных прыёмаў падрыхтоўкі да экзамену.

На рэзультат выканання таго ці іншага тэставага задання аказвае ўплыў навізна матэрыялу для ўдзельнікаў іспытаў. Абітурыенты дапускаюць больш

памылак у заданнях, якія не ўключаліся ў папярэднія гады. І наадварот. Так, некалькі гадоў запар у тэставых заданнях па рускай мове прапануюцца сказы, дзе працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам пры наяўнасці дзеяслова-звязкі не ставіцца (Мудрость_ есть ум, соединенный с добротой). Вынік асаблівы – кожны раз каля 30% абітурыентаў дапускаюць памылкі.

Калі ж па беларускай мове ў тэстах на гэтае правіла прапанавалі заданне з перарывам у два гады – колькасць памылковых адказаў падвоілася.

Што з гэтага вынікае?

Фрагментарныя веды вучняў сведчаць аб адсутнасці ў некаторых установах адукацыі сістэмы ў навучальным працэсе.

Асобныя педагогі пачатак рэпетыцыйнага тэсціравання чакаюць не для таго, каб на аснове бягучай паспяховасці і вынікаў іспытаў правяраць узровень падрыхтоўкі выпускнікоў з мэтай ліквідацыі прабелаў у іх ведах. На жаль, у навучальны працэс укараняюцца не самыя рацыянальныя і метадычна апраўданыя прыёмы працы па рашэнні задач тэставых заданняў. Заганная практыка вучыць матэматыку (фізіку, біялогію і г.д.) па нашых тэстах – не самы лепшы метадычны прыём. Не менш здзіўляе і такі факт, калі настаўнік аказвае платныя паслугі (?!) сваім вучням па заданнях рэпетыцыйнага тэсціравання. Больш таго, гэтыя заданні вучні свядома выносяць без адпаведнага дазволу арганізатараў з аўдыторыі, дзе праходзіць тэсціраванне. Мы неаднойчы звярталі ўвагу чытачоў на тое, што нашы тэсты не сродак навучання, а перш за ўсё магчымасць дыягностыкі ўзроўню падрыхтоўкі абітурыентаў. Больш эфектыўна было б на занятках выконваць патрабаванні вучэбных праграм, а не задавольвацца несвядомым, механічным засваеннем матэрыялу.

Між тым чарговы раз звяртаю ўвагу, што ўсе заданні тэстаў – у рамках вучэбных праграм. Калі выпускнік школы ведае, як рашаць задачы па ўсіх раздзелах курса, то поспех на ўступных іспытах яму забяспечаны.

Вучню даволі цяжка будзе рашаць нават простыя задачы на вызначэнне сілы току ў правадніку пры яго паслядоўным злучэнні, калі ён не разумее, у якой залежнасці знаходзіцца сіла току (I) і супраціўленне правадніка (R) у ланцугу. У лепшым выпадку ён па формуле I= можа вызначыць сілу току і не заўсёды знойдзе напружанне (U=IR) і супраціўленне (R=) правадніка.

Прааналізаваўшы адказы на тэставыя заданні аналагічнага тыпу, мы ўстанавілі, што колькасць нездавальняючых адказаў пры вылічэнні напружання (U) і супраціўлення (R) была ў 1,5 – 1,7 разы больш, чым пры вызначэнні сілы току (I) па вядомай класічнай формуле закона Ома (I=).

Аналагічныя вынікі мы выявілі ў абітурыентаў, якія рашалі задачы на вызначэнне скорасці руху цела (V=): каля 30% тэсціруемых не разумее, як па ўказанай формуле вылічыць шлях (S) і час (t) руху цела.

Разам з гэтым трэба ўлічыць, што не зусім прывабныя вынікі іспытаў абітурыентаў не могуць канстатаваць аб падзенні агульнага ўзроўню адукаванасці сучасных выпускнікоў. Гадоў трыццаць таму назад дзесьці крыху больш за дваццаць працэнтаў ад іх агульнай колькасці спрабавалі стаць студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў. Сёння ж – каля 90% удзельнічаюць у цэнтралізаваным тэсціраванні. Можна меркаваць (адсутнічае адпаведная статыстыка), што ўзровень былых і ўзровень сённяшніх выпускнікоў больш-менш карэлююцца.

І яшчэ некалькі фактаў у абарону тых, каго крытыкаваў.

Беларуская сярэдняя школа, на жаль, ідзе ўслед за сусветнымі тэндэнцыямі. Так, даследванні, праведзеныя нашымі калегамі з інстытута CITO (аналаг нашага РІКВ) у Галандыі выявілі, што 50% першакурснікаў не выконваюць заданні ўзроўню школьных праграм па матэматыцы і мовах. З іх толькі 20% пацвердзілі веды на ўзроўні стандарту, а 18-гадовыя першакурснікі педагагічных універсітэтаў матэматыку ведаюць горш, чым 12-гадовыя школьнікі.

Напэўна, не лепшыя вынікі па матэматыцы дэманструюць амерыканскія школьнікі, бо ў пачатковых школах дзеці без калькулятара не выконваюць дзеянні тыпу 2×4.

Аднак усё ж любы спецыяліст на вытворчасці заслугоўвае павагі, калі валодае не толькі вылічальнымі навыкамі больш, чым у межах табліцы множання, а “трымае” ў галаве патрэбную для любой жыццёвай сітуацыі інфармацыю ці нейкія пастаянныя велічыні. Да прыкладу, памятаючы скорасць святла і гуку, можна растлумачыць, чаму мы спачатку бачым маланку, а праз нейкі час чуем раскаты грому.

Карысна ведаць, што шчыльнасць дыстыляванай вады складае 1000 кг на 1 ? Прасцей зразумець: у адным кубе змяшчаецца адна тона вады. Будучаму плацельшчыку камунальных паслуг гэтыя веды вельмі спатрэбяцца, асабліва пры ўвядзенні нарміраванага спажывання вады ў дамашніх гаспадарках.

Калі вучань ведае, што зімой пры адмоўных тэмпературах паветра тэмпература вады на вадаёмах пад лёдам не апускаецца ніжэй за +4, то ён зможа растлумачыць, чаму вадаёмы зімой не прамярзаюць да дна.

Нават кардыёлагі ў якасці прафілактыкі інсульту даюць парады накшталт: “Трэніруйце памяць і разумовыя здольнасці – рашайце задачы і галаваломкі, вучыце на памяць вершы”.

Як прыгожа быць здаровым і разумным! Давайце будзем матываваць у нашых дзяцей імкненне да авалодвання гэтымі якасцямі.

Так што больш усім нам працоўнага імпэту.



P.S.: І напаследак. Настаўнік, хоць і апошні ў адукацыйным ланцугу, не заўсёды павінен быць “стрэлачнікам”. Прыклад таму – многія ўстановы адукацыі краіны, дзе і настаўнік на месцы, і вынікі працы радуюць і вучняў, і бацькоў. Што прыемна, такія школы не толькі ў горадзе – шмат іх і ў беларускай глубінцы.

М. Фяськоў
: testing -> articles
articles -> Ці павінен настаўнік рыхтаваць сваіх вучняў да цт?
articles -> Традыцыі і навацыі Што дазваляе маленькай краіне трымаць лідарства ў галіне адукацыі
articles -> Мікалай фяськоў: "З матэматыкай "не сябруюць" не толькі беларускія школьнікі "
articles -> Усякі попыт заўсёды нараджае прапанаванне
articles -> Ці правяраюць тэсты творчыя здольнасці ў абітурыентаў?
articles -> Хто ў шоку ад pisa?
articles -> Працаваць на тэстамі далей
articles -> Праграмнае забеспячэнне як сродак эфектыўнай падрыхтоўкі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання
articles -> Рэпліка Як правільна выбраць партытуру да эфектыўнага ўроку ?




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка