Конкурс навуковых работ студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь Паліталогія, сацыялогія, гісторыя Беларусі


Полацкае княства ў гады Усяслава Брачыславіча (1044 – 1001 гг.)



старонка3/8
Дата канвертавання15.05.2016
Памер1.24 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8

2.2 Полацкае княства ў гады Усяслава Брачыславіча (1044 – 1001 гг.)
Аналізуючы пачатковы этап праўлення Усяслава Брачыславіча, трэба адзначыць, ён з’яўляўся прадаўжальнікам палітыкі свайго бацькі. Пасля Брачыслава, Полацкае княства ўсталявалася як самастойная дзяржава са сваім дынастычным княжэннем.

Працяг палітыкі Брачыслава закрануў у першую чаргу заходні кірунак, што знайшло ўвасабленне ва ўмацаванні ўлады Полацкага княства на тэрыторыі Ніжняга Падзвіння [14, c. 156]. Адлюстраваннем гэтага працэсу сталі наступныя факты: у другой палове Х ст. данікамі Русі называюцца балтыйскія плямёны – латгалы, лівы, земгалы, куршы, селы [45, с.293]. Менавіта ў гэты час былі заснаваны Герцыке (Герсіке) і Кукенойса, якія развіваюцца ў ХІ – ХІІ ст. як гарады – цэнтры ніжнепадзвінскіх княстваў, што знаходзіліся ў залежнасці ад Полацка [87, с. 60 – 62]. Актыўнасць Усяслава ў Ніжнім Падзвінні мела яшчэ адзін вынік – Полацк і яго князь зрабіліся актыўнымі ўдзельнікамі гандлёвага і палітычнага жыцця ў Балтыйскім рэгіёне. Згодна з меркаваннем некаторых вучоных, менавіта заснаванне Герцыке і Кукенойса дазволіла полацкім князям кантраляваць не толькі Ніжняе Падзвінне, але і рух па Балтыйскім моры [14, c. 156]. На думку Г. Семянчука, ў інтарэсах полацкага князя было ізаляваць Яраславічаў ад скандынаўскай дапамогі, якой вельмі шырока карыстаўся іх бацька [70, c. 81].

Характар падпарадкавання балтаў Ніжняга Падзвіння адлюстроўваўся як у зборы даніны, так і ў форме аб’яднання дружын. Адносіны з балцкімі пляменамі ў час княжэння Усяслава Брачыславіча насілі мірны характар, сведчаннем чаго служыць адсутнасць звестак у летапісных крыніцах аб якіх – небудзь сутыкненнях з балцкімі плямёнамі. Падтрыманне міру з балтамі стала вынікам працягу Усяславам балцкай палітыкі Брачыслава, якая грунтавалася на двух прынцыпах – захаванне мірных адносін з балтамі і распаўсюджанне на іх тэрыторыю дамоўна – данінных адносін [14, c. 157].

Палітычная стабільнасць Полацкага княства ў першыя дзесяцігоддзі дазваляла павялічыць тэрытарыяльны рост самаго горада. К сярэдзіне ХІ ст. адбываецца перанос цэнтра горада (дзядзінца) з гарадзішча на р. Палаце на Верхні замак [79, с. 21]. Згодна з высновай С.В. Тарасава, распаўсюджанне на Верхні замак функцый дзядзінца як цэнтра горада адбылося не раней 50-х гг. ХІ ст. [78, с. 37].

Менавіта ў гэты час (50-я гг. ХІ ст.) пачынаецца будаўніцтва Полацкага Сафійскага сабора, трэццяга ва ўсходнеславянскіх землях (раней падобныя саборы былі пабудаваны ў Кіеве ў 1045 г., і ў Ноўгарадзе ў 1050). Пабудова вялікага сабора было актам супраціўлення Кіеву, у гэтай пабудове ёсць праява ўзвысіць статус Полацка да ўзроўня сталіцы роўнай Кіеву і Ноўгараду [68, c. 157].

У 50-я – 60-я гг. свайго княжэння, Усяслаў не ўносіў змены і ў паўдневым кірунку, развіваючы мірны напрамак палітыкі Брачыслава, развіваючы мірныя стасункі з Кіеўскім княствам, моц якога да 1054 г. падтрымлівала ўлада Яраславам Уладзіміравічам, а пасля яго сынамі: кіеўскім князем Ізяславам, чарнігаўскім Святаславам і пераяслаўскім князем Усеваладам. У 1060 г. паўднёварускія князі разам з Усяславам “совокупиша вои бещислены и поидоша на конихъ и в лодъях бещисленым множством на торки” [45, с. 98].

Саюзніцкія адносіны паміж Полацкам і Кіевам цягнуліся да сярэдзіны 60-х гг. ХІ ст., калі Усяслаў Брачыславіч вымушаны быў іх парушыць, уступіўшы ў 20-гадовую канфрантацыю з сынамі і ўнукамі Яраслава. 1065 г. стаў паваротным момантам у гісторыі Полацкага княства. Гэтым годам датуецца паход Усяслава на Пскоў. Летапіснае паведамленне: “Заратися Всеславъ сын Брячиславль Полотьский” [45, с. 101], не раскрывае прычын нападу на горад. Гісторыкі спрачаюцца наконт прычын агрэсіўных дзеянняў Полацка. С.В. Тарасаў лічыць, што ваенныя дзеянні 1065 – 1066 гг. з боку Усяслава з’яўляліся заступніцтвам за правы князеў – сірот, якія прыходзіліся полацкаму князю пляменнікамі і былі абдзелены Яраславічамі пры вырашэнні пытання аб спадчыннасці Смаленскага княства [79, с. 31]. Хутчэй за ўсе, выправы полацкага князя на Пскоў, у 1065 г. і на Ноўгарад у 1066 г. мелі пад сабой эканамічны інтарэс, і з’явіліся найбольш простым спосабам барацьбы Полацка супраць сваіх паўночнаеўрапейскіх гандлевых канкурэнтаў. “Менавіта праз Ноўгарад і Пскоў ва Усходнюю Еўропу ішоў асноўны паток заходнееўрапейскіх дынарыяў” [14, c. 157]. У другой палове ХІ ст. Ноўгарад з’яўляўся асноўным пастаўшчыком футра ў Заходнюю Еўропу.

Для нападу на Пскоў Усяслаў выбраў зручны момант. У гэты час паўднёварускія князі былі заняты барацьбой з князем Расціславам за ўладу ў Тмутаракані, але аблога Пскова не мела поспехаў і палачане былі вымушаны вярнуцца назад.

У зіму 1066 – 1067 гг. Усяслаў нападае на Ноўгарад: “Приде Всеславъ и въдя Новъгородъ съ женами и съ детми; и колоколы съима у святыя Софие. О, велика бяше беда въ час тыи; и понекадила съима”[45, с. 101]. Як заўважыў Г. Семянчук “дадзены ўчынак полацкага князя сведчыць пра тое, што ён наважыўся на сур’ёзны канфлікт з Яраславічамі” [70, c. 83]. Пасля паходу на Ноўгарад, Усяслаў безперашкодна з войскам і палонам вярнуўся ў Полацк.

Гэтыя дзеянні не маглі застацца без увагі з боку трыўмвірату паўднёварускіх князёў і апошнія пачалі рыхтавацца да паходу на Полацк. Як адзначае Э.М. Загарульскі: “Усяслаў спадзяваўся, што Яраславічы ўвязнуць у барацьбе з Расціславам” [30, с. 64]. Але Тмутараканскі князь быў нечакана атручаны. Адразу пасля смерці Расціслава (3 лютага 1067 г.), Ізяслаў, Святаслаў і Усевалад пайшлі супраць Усяслава. Першым пад удар трапіў Менск. “И придоша ко Меньску, и меняне затворишася въ граде. Си же братья взяша Менскъ и исекоша муже, а жены и дети вдаша на щиты” [45, с. 101]. Па меркаванні Л.В. Аляксеева, полацкі князь не быў падрыхтаваны да хуткага вылучэння варожых войскаў да меж княства і даведаўся пра іх паход са спазненнем [1, c. 243].

Абцяжараныя здабычай і палонам, войскі трыумвірату выйшлі да р. Нямігі, дзе іх перанялі войскі Усяслава Брачыславіча. 3 сакавіка 1067 г. каля Нямігі паміж двума войскамі адбылася жорсткая бітва. “И совокупишася обои на Немизе, месяца марта въ 3 день; и бяше снегь великъ и поидоша противу собе. И бысть сеча зля, и мнози падоша, и одолеша Изяславъ, Святославъ, Всеволодъ, Всеславъ же бежа” [45, с. 101]. Аўтар “Слова пра паход Ігаравы” распавядае:
“На Немизе снопы стелютъ головами,

молотятъ чепи харалужными

на тоце животъ кладутъ,

веютъ душу отъ тела.

Немизе кровави березе

не бологомъ бяхуть посеяни –

посеяни костьми рускихъ сыновъ.” [73, c. 90].
Летапіс не адпавядае, што адбылося раней, пасля ўзяцця Мінска і перамогі над Усяславам на Нямізе. Па звестках В.Н. Тацішчава, пасля Нямігскай бітвы, Яраславічы знішчалі Полацкае княства [80, c. 84]. Супрацьстаянне аднавілася летам.

Новае летапіснае паведамленне сведчыць, што 10 ліпеня 1067 г. Ізяслаў, Святаслаў, Усевалад выклікалі полацкага князя на перамовы, гарантуючы яму бяспеку прысягай на крыжы. Усяслаў “…переееха въ лодьи чересь Днепръ. Изяславу же въ шатеръ предъидущю, тако Яша Всеслава на Рши у Смолиньска, преступившее крестъ…” [45, с. 105]. Як лічыць В.М. Ляўко, пад “Ршой у Смолиньска” аўтар летапісу меў на ўвазе раку, блізкую да гораду Смаленску, а не горад Оршу [47, с. 19]. Яраславічы парушылі прысягу, схапілі князя разам з яго двума сынамі і пасадзілі ў вязніцу – поруб – у Кіеве.

Захоп полацкага князя Яраславічамі гаворыць аб тым, што трыўмвірат князёў не жадаў весці працяглую вайну з Полацкім княствам, бо акрамя Полацкага княства, паявілася новая небяспека на паўдневых абшарах Русі – полаўцы, набегі якіх пачаліся з 1061 г.

Аб перыядзе полацкай гісторыі, калі Усяслаў сядзеў у порубе нічога не вядома. Магчыма кіеўскі князь Ізяслаў пасадзіў у Полацку свайго сына Мсціслава, або накіраваў туды часова свайго пасадніка.

Паўстанне 15 верасня 1068 г., якое паднялі ў Кіеве гараджане патрабуючы ў Ізяслава абароны ад полаўцаў, што разбілі войска Яраславічаў на р. Альце, стала паваротным у лёсе Усяслава. Не атрымаўшы ад князя коней і зброі, кіеўляне, як згадана ў летапісе: “…сташа у двора Брячиславия и реша: поидем высадим дружину свою ис погреба…” [45], вызвалілі Усяслава з сынамі з поруба. Ізяслаў збег з Кіева да польскага караля Балеслава.

Вось як пра гэта распавядае аўтар “Слова”:


“На седьмом веце Трояни

връже Всеславъ жребий

о дивицю себе любу.

Тъй клюками подпръ ся о кони

и скочи къ граду Кыеву

и дотчеся стружиемъ

злата стола киевьскаго.” [73, c. 88]
Паводле меркаванняў Л.В. Аляксеева, актыўны ўдзел у паўстанні прынялі палачане якія знаходзіліся ў Кіеве. Невыпадкова гэта звязана з дваром Брачыслава [1, c. 247].

Вялікім князем Усяслаў Брачыславіч быў 7 месяцаў. Летапісы маўчаць пра яго дзейнасць на пасадзе кіеўскага князя, але як лічыць Г. Семянчук “…Усяслаў Брачыславіч, будучы кіеўскім князем, праводзіў палітыку накіраваную на перашкоджанне Яраславічам пабудаваць цэнтралізаваную сярэднявечную імперыю” [70, c. 84]. Магчыма ён заключыў дамову з Святаславам і Усеваладам выгадную як для Усяслава, так і для абодвух князёў, накіраваную супраць Ізяслава. За сабой Усяслаў пакінуў Кіеў, Полацк і дадаў Смаленск. Святаславу акрамя Чарнігава Ноўгарад, дзе сядзеў яго сын Глеб, Усеваладу засталася Валынь, дзе сустракаем ягонага сына Уладзіміра, будучага Манамаха [70, c. 84].

У “Слове пра паход Ігараў”, утрымліваюцца звесткі, якія магчыма звязаны з дзейнасцю Усяслава на пасадзе кіеўскага князя:
“Всеславъ князь людемъ судяше,

княземъ грады рядяше,

а самъ въ ночь влъкомъ рыскаше:

изъ Кыева дорискаше до куръ Тмутороканя,

великому Хръсови влъкомъ путь перерыскаше.” [73, c. 90]

Паведамленне, “людемъ судяше” на думку М.В. Клімава ўказвае на пераход да Усяслава функцый кіравання судовымі працэсамі, што абараняла апошні ад злоўжыванняў з боку цівуноў [14, c. 161]. Магчыма ад апекі цівуноў быў вызвалены і гандаль, а кіеўляне атрымалі гандлёвыя ільготы. Словы “княземь грады рядяше” маглі сведчыць аб падараванні зямель князям з мэтай знайсці сабе паплечнікаў. Так сама выказваецца думка аб магчымасці наведвання Усяславам Тмутаракані, але гэта было амаль немагчыма з прычыны вялікай адлегласці Кіева ад Таманскага паўвострава дзе знаходзілася Тмутаракань.

У 1069 г. Ізяслаў з дружынай польскага караля Баляслава рушыў на Кіеў. Жыхары горада сабралі апалчэнне, якое ўзначаліў Усяслаў. Войска кіеўлян падыйшло пад Белгарад, адкуль уначы, не чакаючы бітвы полацкі князь збег у Полацк. В.Н. Тацішчаў, тлумачыць гэты ўчынак адсутнасцю ў Усяслава веры да кіеўлян [80, c. 85]. М.І. Ермаловіч тлумачыць гэта варожасцю, якая ўзнікла ў кіеўскім баярскім асяроддзі да князя, абранага “чорным людам” [28, с. 121]. Як слушна заўважыў С.В. Тарасаў “Усяслаў быў аднолькава чужым як паўстаўшым гараджанам, так і феадальным вярхам Кіева” [78, c. 30]. У дадатак можна выказаць думку, што колькасная перавага была не на баку кіеўлян, што і вымусіла Усяслава збегчы, не чакаючы паражэння.

У 1069 г. Усяславу не ўдалося замацавацца ў Полацку. Туды быў накіраваны сын Ізяслава – Мсціслаў, які хутка памер. Пасля смерці Мсціслава, Ізяслаў пасылае ў Полацк свайго другога сына – Святаполка. Але каб змагацца за Полацк, Усяслаў з фінскім племем “водзь” апынуўся пад Ноўгарадам 23 кастрычніка 1069 г.

Хутка сабранае войска пацярпела паражэнне на р. Гзені ад наўгародцаў на чале з Глебам Святаславічам, Усяслаў быў у другі раз захоплены ў палон. Вызывае здзіўленне той факт, што Усяслаў быў адпушчаны наўгародцамі “Бога деля”. Чаму наўгародцы, жудасна разрабаваныя 3 гады таму Усяславам адпусцілі полацкага князя? Вызваляючы Усяслава з палону, наўгародскі князь Глеб ведаў, што той абавязкова кінецца ў змаганне за Полацк. Гэтую мэту і пераследаваў наўгародскі князь будучы зацікаўлены у барацьбе абодвух князеў – супернікаў. Не выключна, што была таксама заключана дамова паміж наўгародскім вечам і Усяславам аб ненападзе апошняга на Наўгародскую зямлю [70, c. 85].

З 1069 па 1071 г.г. ніякіх звестак аб дзейнасці Усяслава няма. Л.В. Аляксееў лічыць, што Усяслаў княжыў у Тмутаракані [1, c. 248], што малаверагодна, бо полацкаму князю не ўдалося б весці барацьбу за Полацк, які знаходзіўся на значнай адлегласці ад Тмутараканя. Варта пагадзіцца з С.В. Тарасавым, які лічыць, што полацкі князь знаходзіўся сярод балтыйскіх пляменаў [76, c. 33]. Бо ўжо ў 1071 г. Усяслаў з’яўляецца пад Полацкам з войскам літоўцаў, эстаў, летаў і земгалаў [28, c. 131 – 132]. Г.В. Штыхаў лічыць апорай Усяслава мясцовую знаць і гараджан [87, c. 10]. Безумоўна, што ў вяртанні Усяслава былі зацікаўлены шырокія колы грамадства, якія бачылі у незалежнасці Полацкага княства пэўны эканамічны прыбытак.

Праўленне ў Полацку Ізяславічаў (Мсціслава і Святаполка) выклікала процідзеянне мясцовых феадалаў, якія імкнуліся выйсці з-пад улады Кіева [16, с. 107].

У 1071 г. Усяслаў выганяе Святаполка з горада. Кіеўскі князь Ізяслаў паспрабаваў зноў падпарадкаваць Полацкае княства ўладзе Кіева і накіраваў супраць полацкага князя свайго сына Яраполка, які нанес Усяславу паражэнне ў бітве пры Галацічаску. Трэба адзначыць, што спроба лакалізацыі гэтага горада аказалася безпаспяховай [87, c. 10]. Магчыма горад знаходзіўся на значнай адлегласці ад Полацкага княства і пасля бітвы, ў Яраполка не хапіла моцы каб ісці на Полацк. Адсутнасць ваеннай падтрымкі з боку Ізяслава, Святаслава і Усевалада тлумачыцца новай пагрозай з боку полаўцаў, якія парушылі паўднёвыя межы Русі каля Растоўца і Няяціна [45] Такім чынам пасля паражэння, Усяслаў застаўся Полацкім князем.

У 1073 г. кіеўскі князь Ізяслаў быў выгнаны з Кіева сваімі братамі Святаславам і Усеваладам. Па ўсей верагоднасці, былы саюз Усяслава з Святаполкам і Усеваладам быў разарваны, бо па падліках Л.В. Аляксеева, паміж дзецьмі Усяслава і Ізяслава маглі быць заручаны, якія пазней скончыліся шлюбам [1, c. 249]. Такім чынам была заключана дамова з Ізяславам, якому трэба была падтрымка для вяртання Кіева.

У 1077 г. памер Святаслаў. Уладу ў Кіеве пераймае трэці брат – Усевалад. Ён з дапамогай сына Уладзіміра пазбаўляе ўсіх малодшых князеў спрадвечных вотчын, пачынае праводзіць цэнтралізаваную палітыку, накіраваную на падпарадкаванне асобных удзелаў. Летам, сын Усевалада Уладзімір Манамах, разам з бацькай хадзіў на Полацк [45, с. 159]. Вынікі паходу невядомы. Другі паход адбыўся ўзімку 1077 г. Падпаліўшы ваколіцы Полацка, Манамах пайшоў на Одрск, ад якога накіраваўся да Чарнігава.

Увосень 1078 г. Усяслаў Брачыславіч, зрабіў самы рашучы крок у сваёй ўсходняй палітыкі: напаў на Смаленск і спаліў яго. У адказ Уладзімір Манамахам былі знішчаны гарады Полаччыны ад Лукомля да Лагойска і ад Лагойска да Друцка: “Пожегъ землю и повоевавъ до Лукамля и до Логожьска. Та на Дрьютьскъ воюя” [45, с. 160]. У 1085 г. адбылося поўнае знішчэнне Менска Уладзімірам Манамахам. Як падкрэсліў у “Павучэнні” Уладзімір Манамах, ён не пакінуў у горадзе “…ни чалядина, ни скотины…” Гэтыя факты сведчаць аб мэтанакіраванасці палітыкі Полацка, канчатковым вынікам каторага бачылася поўнае замацаванне на тэрыторыі Верхняга Падняпроўя. Ажыццяўленне гэтай палітыкі сустрэла жорсткі адпор з боку паўднёварускіх князёў [14, c. 165].

Нічога не вядома пра гісторыю Полаччыны з 1085 да 1092 г.г. Паведамленне летапісу пад 1092 г. як “мерцвякі б’юць палачанаў”, гаворыць аб нейкай эпідэміі у Полацкай зямлі, але летапісец укладвае ў паведамленне іншы сэнс. Полаччына ў кіеўскіх летапісах асацыіравалася з краем, дзе хрысціянства не мела дастатковых каранеў. Наогул, у Полацкім княстве як і скрозь на Русі захаваліся перажыткі паганства, якія існавалі побач з хрысціянствам на ўсходнеславянскіх землях да ХІІІ ст. Але як лічыць У.А. Лобач, Полаччына ў параўнанні з астатнімі землямі Русі з’яўлялася паганскім краем: “Менавіта пасля смерці Усяслава Чарадзея, спыняецца адкрытае функцыянаванне багата якіх паганскіх свяцілішчаў” [48, c. 145].

Перыяд полацкай гісторыі спалучаны з дзейнасцю Усяслава Брачыславіча скончыўся ў 1101 г., пад якім у летапісах пазначана: “…преставился Всеслав, полоцкий князь, месяца априля въ 14 день в 9 часъ дне, в среду” [45, с. 266]. Дакладнае паведамленне летапісу аб смерці полацкага князя, сведчыць аб вялікай ўвазе, якую надавалі Усяславу ў Кіеве, і якой неардынарнай асобай быў полацкі князь.

Можна па рознаму ставіцца да дзейнасці полацкага князя. Некаторыя вучоныя бачаць у ім сепаратыста, які рушыў цэнтралізаваную дзяржаву, другія ахоўніка Полацкага княства, і патрыета сваей Айчыны, аднак несумненна адно, Усяслаў Брачыславіч пакінуў у гісторыі ХІ ст. яркі і незабыўны след.


2.3 Арганізацыя ўлады ў Полацкім княстве ХІ ст.
Палітычная гісторыя Полацка ХІ ст. адрозніваецца ад астатніх зямель Русі гэтага перыяду. Вядома, што пасля смерці кіеўскага князя Яраслава Уладзіміравіча ў 1054 г., на землях паўднёвай Русі пачаліся міжусобіцы паміж яго сынамі. Кіеўская Русь уваходзіць у перыяд феадальнай раздробленасці. Што датычыцца Полацка, то да 1104 года мы не маем на тэрыторыі Полацкай зямлі сведчанняў аб княжацкіх міжусобных спрэчках і войнах паміж прадстаўнікамі Рагвалодавічаў – Усяславічаў. Факт адсутнасці ў гэты перыяд унутраполацкіх княжацкіх спрэчак С.В. Тарасаў тлумачыць паразуменнем і ўнутраным ладам паміж прадстаўнікамі княжацкай дынастыі [77, с. 266]. Але адсутнасць сутычак паміж полацкімі князямі тлумачыцца вельмі проста: іх не магло быць з прычыны пераемнасці ўлады па лініі Рагвалод – Ізяслаў – Брачыслаў – Усяслаў, бо ўсе пералічаныя з’яўляліся адзінкавымі дзецьмі ў сем’ях пасля Ізяслава.

ХІ ст. – гэта перыяд у гісторыі Полацкай зямлі, калі вярхоўная ўлада належыць полацкаму князю. Але трэба зрабіць пэўную агаворку. Характар палітычнага ўладарніцтва князя нельга назваць манархіяй, так як улада князя не была абсалютнай. Дзяржаўны лад Полацкага княства ХІ ст. можна назваць раннефеадальнай дуалістычнай манархіяй, бо ён адлюстроўвае палітычны дуалізм, увасоблены ў двух цэнтрах улады: князя і баярскай арыстакратыі [74, с. 18]. Але ўсё ж такі носьбітам вярхоўнай улады лічыўся князь як прадстаўнік усей зямлі. Гэтаму спрыяла і распаўсюджванне хрысціянства, згодна з якой вярхоўная ўлада ўвасоблена ў руках аднаго чалавека – манарха.

Як адзначае В.І. Сергеевіч: “Народ сознает свою неспособность устроиться без князя и вместе с тем понимает необходимость дать ему высокое положение в своей среде, без чего не было бы возможно достижение целей призвания; князь есть народная власть” [71, с. 143].

Гэта “высокае палажэнне” князя трэба разглядаць з двух бакоў. З аднаго боку мэта запрашэння князя: абарона зямлі ад знешняй пагрозы і ахова ўнутранага парадку ў княстве – ў гэтым роля князя як народнай ўлады. З другога боку – гэта сукупнасць адносінаў, вылучаемых князя з народнай прасторы, князь становіцца не толькі ва главе агульнаправавога ўклада народнай абшчыны, але і па-за яе межамі ў сферы асабовага княжага права [61, с. 182]. Трэба мець на ўвазе, што князь і абшчына не былі антаганістамі. Як было адзначана вышэй, князь з’яўляўся неабходным элементам сацыяльна – палітычнай структуры старажытнарускіх гарадоў – дзяржаў. Вось чаму летапісцы з вялікай трывогай фіксавалі усе перыяды безкняжжа. Князі, імкнуліся усталяваць больш тесны кантакт з гарадской абшчынай, практыкавалі арганізацыю піроў і падараванняў, што садзейнічала росту іх папулярнасці [37, с. 82].

У функцыі князя перш за ўсё ўваходзіла арганізацыя абароны сваёй зямлі. А.Е.Праснякоў адзначае, што князь – “вождь и организатор народного ополчения, глава общего управления земли, охранитель внешней безопасности и внутреннего мира, внутреннего “наряда” [62, с. 197]. Ахова ўнутранага міра адносіцца да ўсяго насельніцтва і ажыцяўляецца праз адміністрацыйную дзейнасць князя або яго агентаў, ахова ўнутранага “наряда” стварае для асобных ліц або груп прывілею непасрэднай абароны княжацкай улады, абароны, якая мае права на асобнае пакаранне, незалежных ад сістэмы пакаранняў, прынятых у агульным народным праве [61, с. 184].

Трэба адзначыць, што князь на Русі ХІ – ХІІ стст. з’яўляуся неабходным элементам сацыяльна – палітычнай арганізацыі грамадства. Адсутнасць князя ставіла жыццё княства на мяжу небяспекі перад знешнім светам [26, с. 85]. Як адзначае І.Я. Фраянаў: “в князьях волостные общины нуждались прежде всего как в военных специалистах, призванных обеспечить внешнюю безопасность” [86, с. 513]. У асобе князя ХІ ст. засталіся рысы вайсковага правадыра часоў ваеннай дэмакратыі [86, с. 514]. Гэта падцвярджаецца ўдзелам князя ў ваеных паходах, і тым, што ён сам прымаў удзел у бітвах: “Въеха переже всих в противныя и дружина его по нем ехаша” [45, с. 115]. Яркім прыкладам князя – воіна ў гісторыі Полацкай зямлі ХІ ст. быў Усяслаў Брачыславіч, які больш паловы свайго жыцця правёў у ваенных сутыкненнях. Як адзначае М.В. Доўнар – Запольскі: “В Древней Руси полководцем мог быть только князь, просто потому, что беспорядочное земское ополчение только слушалось и боялось князя. Дружина служила князю и только ему повиновалась” [25, с. 35].

Да ліку ваенных абавязкаў князя адносілася забеспячэнне войска зброяй і конямі [86, с. 517]. Невыкананне гэтых абавязкаў магло прывесці да выгнання князя. Аб гэтым сведчыць паўстанне 15 верасня 1068 г., якое паднялі ў Кіеве гараджане, патрабуючы ад кіеўскага князя Ізяслава коней і зброі для абароны ад полаўцаў [45]. Каб задавальніць вайсковую патрэбу ў конях, князі пашыралі развіццё конегадоўлі [84, с. 55 – 59].

Такім чынам, ваенная функцыя князя была адной з самых галоўных, якая патрабавала найбольшай энергіі і сродкаў [72, с. 349]. Як вайсковы кіраўнік, князь ХІ ст. быў падобны на вайсковага правадыра папярэдніх часоў.

Вайскова – дыпламатычная дзейнасць князя мела мэтай перш за ўсе забеспячэнне знешняй бяспекі грамадства. Унутраная бяспека – другая задача княжацкай ўлады. На першым месцы тут стаіць княжацкі суд. У параўнанні з папярэднім перыядам, функцыі князя ў гэтай сферы былі істотна пашыраны [62, с. 199]. Княжаскі двор з’яўляўся первічным месцам суда [45]. Судовыя справы князь ажыццяўляў праз штат судовых агентаў, якія займаліся судовымі цяжбамі, але нягледзячы на гэта, асабовы княжацкі суд лічыўся самым галоўным. Паведамленне ў “Слове пра паход Ігаравы” аб полацкім князе Усяславе Брачыславічы: “Всеславъ князь людемъ судяше” [73, с. 90], гаворыць аб функцыях кіравання судовым працэсам, што абараняла апошні ад злоўжывання з боку цівуноў [14, с.161]. Асабовае кіраванне князем судовым працэсам адпавядала пажаданням народных мас [86, с. 518]. Гэта тлумачыцца народнай думкай, што князь “без греха”, а ва ўсіх парушэннях і злоўжываннях павінны яго саветнікі [26, с.90]. Трэба адзначыць, што княжаскі суд вяршыўся галосна, ў прысутнасці прадстаўнікоў мясцовых абшчын [62, с. 200]. Асабовы ўдзел князя ў судовых справах гаворыць аб перажытках архаічных часоў. На ХІ ст. прыпадае актыўная законатворчая дзейнасць князеў. Сярод іх: “Праўда Яраслава”, “Праўда Яраславічаў”.

Акрамя суда, князь ажыццяўляў некаторыя паліцэйскія функцыі з дапамогай сваіх чыноўнікаў [86, с. 521]. Функцыі органаў цантральнага кіравання выконвалі некаторыя службовыя асобы, такія як пасаднік, тысяцкі, сотнік, падвойскі, цівун, а таксама вышэйшыя прадстаўнікі праваслаўнай царквы – епіскап і ігумены [91, с. 62].

Пасля прыняцця на землях Русі хрысціянства, князі адстраняюцца ад выканання рэлігійных абавязкаў, але на іх лажыліся абавязкі аб распаўсюджанні новай веры і матэрыяльнаму забеспячэнню духавенства. Менавіта гэтыя функцыі выконваў унук Рагвалода – Ізяслаў, калі знаходзіўся на пасадзе полацкага князя. З увядзеннем хрысціянства княжацкая ўлада узмацняецца. Як адзначае І.Д. Беляеў: “Христианская церковь, введенная преимущественно князьями и ими первоначально поддерживаемая, естественно должна была и сама поддерживать князей” [10, с. 101].

Як адзначаюць М.В. Доўнар – Запольскі, В.І. Сергеевіч А.Е. Праснякоў, паслабленне княжацкай ўлады назіраецца ў другой палове ХІ ст. [24; 62; 72]. Княжацкая ўлада пачынае істотна абмяжоўвацца баярскай арыстакратыяй, якая пачынае вылучацца з княжацкай дружыны. Як адзначае А.Е. Праснякоў, баярства ў гарадах складалася са змешанага нарманскага і славянскага (мясцовага паходжання) насельніцтваў [61, с. 366]. Але як адзначае І.Я. Фраянаў, мясцовая арыстакратыя ў асобных землях, пачала знішчацца з пачаткам княжэння Уладзіміра Святаславіча [82]. Таму можна меркаваць, што варажскае (з часам славянізаванае) баярства, якое з цягам часу выйшла з княжацкай дружыны, дамінавала ў палітычным жыцці над баярствам мясцовага паходжання.

Арыстакратыя, якая выйшла з княжацкай дружыны, становіцца моцнай сілай, якая складае князю шмат перашкод ва ажыцяўленні ўласнай палітыкі ў выглядзе веча. Аднак першыя рэальныя згадкі аб сапраўдных вечавых сходах адносяцца ў Ноўгарадзе да 1016 г., Кіеве – 1068, Полацку – 1151 г. [45]. Трэба адзначыць, што першыя згадкі пра існаванне веча ў Полацку адносяцца да другой паловы ХІІ ст., у той час як у астатніх цэнтрах Русі веча функцыянавала ўжо ў першай палове ХІ ст.

Як вядома феадальная раздробленасць на паўдневых землях Русі пачалася з сярэдзіны ХІ ст., калі пачаліся міжкняжацкія усобіцы паміж сынамі Яраслава Уладзіміравіча. У гэтай сувязі, кіеўская арыстакратыя усведамляючы аб паслабленні княжацкай ўлады пачынае падымаць гарадскія нізы на паўстанне, што і адбылося ў 1068 г. У Ноўгарадзе ўсведамленне аб аслабленні княжацкай улады адбылося яшчэ пасля смерці Уладзіміра Святаславіча ў 1015 г. Такім чынам, з падзеннем княжацкай ўлады, М.В. Доўнар – Запольскі адзначае: “Вече контролирует деятельность князя и делит с князем верховную власть в стране” [25, с. 37].

Што датычыцца Полацка, то не дзіўна што першае упамінанне аб мясцовым вечы адносіцца толькі да сярэдзіны ХІІ ст. Гэта гаворыць аб сільнай княжацкай уладзе ў гэтым княстве і пераемнасці улады адной лініі на працягу стагоддзя.

Што уяўляла сабой баярства, якое пачынае ствараць князю моцную канкурэнцыю, абмяжоўваючы яго дзейнасць амаль ва усіх палітычных сферах?

Само паходжанне слова “боярин” гісторыкі трактуюць па-рознаму. В.Н. Тацішчаў тэрмін “боярин” адносіў да сарматскага слова “поярик” – “боярик”, якая вызначала разумнага мужа [80, с. 260]. М.М. Карамзін, ў адрозненні ад В.Н. Тацішчава шукаў у гэтым слове славянскія карані і лічыў, што гэты тэрмін паходзіць ад слова “бой” [40, с. 50]. Можна пагадзіцца з версіяй М.М. Карамзіна, бо старэйшая дружына князя, якая ўдзельнічала ў бітвах называлася “баярства”, потым гэты слой трансфармаваўся ў дзяржаўных дзеячоў і набыў другі сэнс.

Як адзначае І.Я. Фраянаў: “бояре предстают перед нами прежде всего как лидеры, управляющие обществом, т.е. выполняющие известные общеполезные функции” [86, с. 557]. В.В. Ключэўскі звяртае асобную ўвагу на радавую дзейнасць баяр [41, с. 146]. Баяры замянілі мясцовую родаплемянную вярхушку, якая з цягам часу зыйшла з гістарычнай арэны ў выніку падзення рода – пляменнага строя і ўзнікненнем новай сацыяльнай арганізацыі.

Не вызывае ніякага сумнення, што баярства выйшла з верхніх слаёў дружыны. На гэта ўказваюць летапісы, ў якіх баяры называюца “лутшей”, “старейшей”, “передней”, “большей” дружынай. Да прыналежнасці баяр да вайсковага саслоўя адзначаюць шэраг вучоных: А.Е. Праснякоў, Б.Д. Грэкаў [61; 19].

Адносіны князя з дружынай былі двухбаковыя. З аднаго боку князь клапаціўся аб сваіх дружыніках, забяспечваючы іх за кошт прамых жалаванняў ці надаючы ім збор даніны з падуладных пляменаў. З другога боку дружына была апорай князя і адплата дружынікаў насіла неэканамічны і нематэрыяльны характар і мела выгляд абавязку абараняць князя і ягоныя інтарэсы цаной уласнага жыцця [23, с. 116 – 122]. У выніку князь і дружына ўтваралі прафісійную групу ваяроў, звязаную карпаратыўным духам і асабістай адданасцю. Князь быў бясспрэчным лідэрам, але мусіў прыслухоўвацца да голасаў дружыннікаў пры вырашэнні ўсіх пытанняў [23, с. 112 – 115]. Такія адносіны паміж князем і яго паплечнікамі адбываюцца ў ІХ – Х стст. У ХІ ст. галоўнай апорай князя застаецца малодшая дружына, якая і выконвае ваенныя абавязкі. Старэйшая дружына ў выглядзе баяр займае месца арыстакратыі, якая стрымлівае княжацкія намаганні ў ажыцяўленні сваіх інтарэсаў.

Баяры выступалі як саветнікі князя, як адзначае І.Я.Фраянаў: “Что бы князь не затевал, он всегда должен был “явить” свой замысел служившим ему боярам, рискуя в противном случае лишиться боярской поддержки, что грозило неудачей” [86, с. 558].

Такім чынам, баяры дасягнулі прывелеяванага становішча і пэўнага палітычнага весу дзякуючы службе князю, сам жа князь на Русі з сярэдзіны ХІ ст. пападае ў пэўную залежнасць ад баярства.

Полацк адрозніваўся ад астатніх зямель Русі яшчэ і тым, што ў Полацку збліжэнне мясцовага класу феадалаў з князем было больш поўным, у параўнанні з тымі землямі дзе было нормай частая змена князеў, як напрыклад у Ноўгарадзе, Кіеве і Пераяслаўлі [10, с. 215].

У Полацку баяры ажыццяўляюць уплыў на дзейнасць князеў Ізяслава Уладзіміравіча і Брачыслава Ізяславіча па прычыне іх малалетства, але з набыццем сталага ўзросту, полацкі князь фактычна адзін кіруе сваім княствам. Баярства выступае толькі як дарадчы орган. Так Брачыслаў, у адказ на прапанову нарманскай службы, просіць час каб параіцца са ваімі мужамі, якія даюць яму грошы. У гэтых “мужах” можна бачыць баярскую думу як Г.В. Штыхаў [88, с. 75], або вечавы лад [82]. Хутчэй за ўсе гэта была баярская дума, якая з’яўлялась дарадчым органам, але яна яшчэ не абмяжоўвае княжацкую уладу як гэта дбылося ў ХІІ ст. Гэта яшчэ не вечавы лад, бо першы летапісны ўспамін пра полацкае веча адносіцца да 1151 г.

Такім чынам, падсумоўваючы вынікі дадзенай главы, можна адзначыць, што ў ХІ ст. Полацкае княства дасягнула свайго росквіту. Гэта перш за ўсе праявілася ва ўсталяванні асобнай полацкай дынастыі князеў – патомкаў Рагвалода. Полацкія князі: Брачыслаў Ізяславіч і Усяслаў Брачыславіч кіравалі Полацкай зямлей ўсе ХІ ст. У гэты перыяд у Полацку не было міжусобных княжацкіх спрэчак, якія назіраюцца на астатніх землях Русі з другой паловы ХІ ст. На працягу ўсяго стагоддзя існавала пераемнасць улады па адной княжацкай лініі. Па другое, росквіту Полацкага княства спрыяла дальнабачная палітыка Брачыслава і Усяслава. За гэты перыяд тэрыторыя Полацкага княства была значна пашырана за кошт падпарадкавання Ніжняга Паддзвіння, было заснавана шэраг умацаваных пунктаў на мяжы славяна – балцкіх кантактаў, што спрыяла узмацненню княжацкай улады ў гэтых месцах, бо тут канцэнтраваліся даходы са сбору княжацкай даніны з падуладных пляменаў.

У арганізацыі ўлады Полацкага княства ХІ ст. назіраюцца пэўныя адрозненні ад зямель астатняй Русі. Полацкае княства на поўстагоддзя пазней за астатнія землі уступіла ў стадыю феадальнай раздробленасці. Гэта тлумачыцца як было адзначана вышэй наяўнасцю ў князей адзіных нашчадкаў. У асобе полацкага князя была увасоблена вярхоўная ўлада ўсёй зямлі. Князь выконваў ролю ахоўніка сваёй зямлі, забяспечваў унутраны парадак. Негледзячы на гэта, пэўны ўплыў на палітычнае жыццё княства пачынаюць аказваць былыя паплечнікі князя – баяры, якія прыходзяць на змену мясцовай арыстакратыі. Выкарыстоўваючы аслабленне княжацкай ўлады яны пачынаюць абмяжоўваць яго правы ў кіраванні дзяржавы. Баярства пачало кіраваць вечавымі сходамі галоўнага горада на якім вырашаліся пытанні адносна княжацкай улады. Першыя звесткі веча ў ХІ ст. адносяцца да Ноўгарада (1016 г.) і Кіева (1068 г.). Са смерцю полацкага князя Усяслава Брачыславіча, пачынаецца новая старонка ў палітычнай гісторыі Полацкага княства, якая звязана з міжусобнымі спрэчкамі князёў і панаваннем веча ў палітычным жыцці княства.




Поделитесь с Вашими друзьями:
1   2   3   4   5   6   7   8




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал