Калядны ліст
Святы Мікола,
Шлю Табе вітанні!
Падобны на Цябе быў мой дзядуля,
Чакаюць нецярпліва віншаванняў,
Дарункаў дзеці,
Іх мамулі і татулі.
Усе,
Хто паслухмяны і старанны,
Хто волю меў на добрыя учынкі,
Хто да старэйшых ставіўся з пашанай --
На святы Ты не маеш адпачынку.
Як вырасту,
Дык добрай чараўніцай
Зрабіцца, як і Ты,
Я буду рада,
Стаць весялосці, радасці крыніцай,
Прыносіць шчасце дзеткам на Каляды.
Я ведаю,
Што часта просяць дзеці
Пакласці ім пад ёлку тэлефоны
Мабільныя, найноўшыя у свеце,
Кампутары,
Планшэты
І айфоны.
Я маю ўсё –
Мне не нясі нічога!
Хай возьме падарунак мой дзяўчынка
Ў дзіцячым доме
І падзячыць Богу.
Зрабі, як я прашу.
Твая Хрысцінка.
Велікодны кошык
Нам з сястрой сказала мама Рая:
“Сонейка купаецца і грае!
З кубка, у якім ляжыць яечка,
Умывайцеся, мае сардэчкі!”
Соль, ваду і маляванкі ў храме
Асвяціла мамка золкім ранкам.
-- Выбачай, цябе не возьмем, кошка,
Не табе падрыхтавалі кошык!
На
Вялічка для бабулі роднай
Мы збіраем кошык Велікодны.
Пасху з тварагу, разынак, маку
Пакладзем
Ды іншыя прысмакі.
Наладуемся як след,
А потым
На аўтобусе паедзем “сотым”...
Бабу Ліду тройчы пацалуем,
Ад яе “Хрыстос уваскрос!” пачуем,
“Уваскрос напраўду!” ёй адкажам
І ручнік на кошыку развяжам,
Стол накрыем і зацеплім свечку,
Прачытаем “Ойча наш” адвечны...
Будзем з ёю у біткі гуляцца,
Сочывам, вяндлінай разгаўляцца,
Запіваць гарбатай джэм з маліны
І расказваць школьныя навіны,
Слухаць казкі і развучваць песні
Пра Любоў, якая уваскрэсла...