Крокі аднаўлення. У лістападзе 1943 г. пачалося вызваленне Расоншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Да 1 студзеня 1944 г. была вызвалена трэць раёна — Заборскі, Шнітаўскі, Старадворскі, Круцікоўскі, Тродавіцкі і Краснаборскі сельсаветы. На вызваленай тэрыторыі адразу пачалася работа па аднаўленні разбуранай вайной народнай гаспадаркі. 3 ліку камандзіраў і партызан Расонскай брыгады імя Сталіна, якую расфарміравалі ў лістападзе 1943 г., былі створаны кіруючыя органы раёна. Сакратарамі РК КП (б) Б сталі Я. Васілевіч і Р. Каралёў, старшынёй райвыканкома — Шаптуноў.
Аднаўленне народнай гаспадаркі праходзіла ў вельмі цяжкіх умовах. У заходняй частцы раёна яшчэ ішлі баі, лінія фронту ўсталявалася па возеры Нешчарда, і большасць вызваленых сельсаветаў былі прыфрантавой зонай. Насельніцтва было мала: мужчыны знаходзіліся на фронце, многія старыя, жанчыны і дзеці загінулі ў час карных аперацый 1943 г., большасць з тых, хто застаўся ў жывых, былі ў эвакуацыі ў Калінінскай вобласці. Да вайны ў Расонскім раёне жыло болып за 37 тысяч чалавек. У жывых засталося толькі 17,5 тысячы, з іх толькі 6107 працаздольных.
Поўнасцю была разбурана народная гаспадарка раёна. За гады акупацыі фашысты спалілі і знішчылі 4602 дамы калгаснікаў, 4487 грамадскіх будынкаў, 65 школ, 21 медпункт, 16 хат-чытальняў. Цалкам былі знішчаны мясцовая прамысловасць, гандаль і камунальная гаспадарка раёна. Да вайны ў раёне працавалі электрастанцыя, 6 млыноў, 8 смалакурных заводаў, арцель па вырабу безалкагольных напіткаў. Усе яны былі разбураны. 3 102 трактароў, якія былі да вайны, засталіся толькі 33, ды і тыя разукамплектаваныя. 3 62 камбайнаў і малатарняў не засталося ніводнай. Знішчана была і ўся астатняя сельскагаспадарчая тэхніка 3 МТС.
У раёне засталіся толькі 794 кані з 4350 даваенных, 5415 галоў буйной рагатай жывёлы з 16 305, 165 свіней з 7083, 1575 галоў птушак з 45 тысяч. 3 25 200 га да 8783 га скараціліся пасяўныя плошчы. Большасць зямель была літаральна нашпігавана мінамі, бомбамі і снарадамі.
Ужо 9 снежня 1943 г. райвыканком і райком партыі прынялі рашэнне аб аднаўленні дзейнасці калгасаў у вызваленай частцы раёна. Былі выбраны старшыні і праўленні калгасаў, аднавілася работа кавальскіх майстэрняў і смалакурняў у вёснах Уклеенка і Рудня. Былі ўжо вызвалены зона і сядзіба Чырвонаармейскай МТС, пачалося яе аднаўленне.
У адпаведнасці з прынятым у студзені 1944 рашэннем аб арганізацыі ў калгасах раёна будаўнічых брыгад, у 6 сельсаветах было створана 39 брыгад, у якіх працавалі 234 будаўнікі. За 1944 г. імі адноўлена 387 і пабудаваны 334 новыя жылыя дамы. У гэтым жа годзе на вызваленай тэрыторыі пачалі працаваць кузня, дрэваапрацоўчая, цяслярная, шавецкая і кравецкая майстэрні, смалакурня.
Нягледзячы на цяжкасці, людзі Расоншчыны самааддана і згуртавана працавалі над аднаўленнем разбуранай вайной гаспадаркі. Не хапала транспарту, каб прывезці насенне, і жанчыны з падлеткамі насілі яго на сабе з Полацка. Не хапала коней, і замест іх у плуг упрагаліся самі еяляне. У цяжкую хвіліну людзі дапамагалі адзін аднаму.
У раёне засталося шмат дзяцей-сірот, якія знайшлі прытулак у сем'ях аднавяскоўцаў. У 1944 г. для іх быў створаны дзіцячы дом, а праз 2 гады адкрыўся яшчэ адзін. Адразу ж пасля вызвалення часткі раёна пачалося аднаўленне школьнай сеткі. Былы настаўнік I. Лапенка ўспамінае:
«У пачатку зімы 1943 г. ў толькі што вызваленай в. Малыя Асеткі сабраліся на нараду расонскія настаўнікі. Былі сярод іх П. М. Зайкін, С. С. Валковіч, 3. Л. Фенчанка. Быў і я. На парадку дня стаяла пытанне аб арганізацыі работы школ у вызваленых вёснах. Час быў надзвычай цяжкі. 3 усіх даваенных школьных памяшканняў засталося толькі 1 — у Крашутах. Не было падручнікаў, сшыткаў, чарніла. Заводы, фабрыкі, уся гас-падарка краіны тады працавала над лозунгам «Усё для фронту!».
На нарадзе прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай Савецкай улады, вайсковай часці. Яны запэўнілі нас, што будуць дапамагаць школе, чым толькі змогуць.
Вырашана было падрыхтаваць хаты, мэблю для школ сваімі сіламі. 3 дапамогай вучняў наладзілі выпуск чарніла з толу і асвятляльных ракет, сшыткаў — з абгортачнай паперы. Замест буквароў і падручнікаў вы-карыстоўвалі газеты.
Неўзабаве ў вызваленых ад фашыстаў расонскіх вёсках пачаўся навучальны год. Адкрыліся школы ў Малых Асётках, Дудках, Шнітаўцьі, Забор'і... Дзеці, бедна адзетыя, не даеўшы, акуратна наведвалі школу, бо яны за ваенныя гады засумавалі па вучобе. Заняткі не спыняліся і тады, калі над школай праляталі варожыя снарады і непадалёку раздаваліся выбухі. Фронт быў літаральна побач — каля вёсак Парэчча, Гальніца...»
Значную дапамогу меў раён ад міжнародных арганізацый. Яна размяркоўвалася ў першую чаргу сем'ям, якія страцілі ў вайну амаль усю сваю хатнюю маёмасць. Аказвалася дапамога насельніцтву раёна і праз сістэму дзяржзабеспячэння.
Загадчык раённага аддзела дзяржзабеспячэння Пянькоўскі ў газеце «Сацыялістычная праца» за 23 лютага 1946 г. паведамляў: «Раённым аддзелам дзяржаўнага забеспячэння толькі за 1945 год сем'ям ваеннаслужачых, партызанскім сем'ям загінуўшых воінаў Чырвонай Арміі выдана дзяржаўнай дапамогі і пенсій на суму 1 709 959 рублёў. 3 фонду Чырвонага Крыжа 815 сямей атрымалі 2536 прадметаў адзення і абутку. Праз гандлёвыя арганізацыі раздана прамтавараў на суму 70 924 рублі і 242 556 кілаграм збожжа».
Дзяржава аказвала насельніцтву раёна і харчовую дапамогу. Так, у студзені 1945 г., калі яшчэ ішла вайна і фронт патрабаваў вялікіх рэсурсаў краіны, для жыхароў раёна было выдзелена 13,9 т мукі і 4 т круп, 1,8 т мяса, 1,9 т тлушчу, т цукру і 170 кг згушчанага малака.
У 1946 г. ў школах для вучняў былі ўведзены бясплатныя снеданні.
Вялікае значэнне для насельніцтва Расоншчыны мела вызваленне ад дзяржаўных паставак сельгаспрадукцыі, ваеннага і іншых падаткаў (гэта льгота пашыралася на грамадзян тых раёнаў Беларусі, якія найбольш пацярпелі ў гады нямецкай акупацыі).
Значныя намаганні для выхаду з разбурэння і галечы прыкладалі і самі працоўныя раёна. Прыклады гераічнай працы паказвалі яны ў гэтыя гады. Дзякуючы іх самаадданасці за паўтара года ва ўмовах амаль поўнай адсутнасці цяглавай сілы былі адноўлены 123 калгасы з 124 даваенных, адноўлены і працавалі 3 МТС, 60 школ. Была арганізавана праведзена ўборка ўраджаю 1944 г., выкананы план азімай сяўбы, перавыкананы план лесанарыхтовак у 4-м квартале 1944 г.
Былы сакратар выканкома Старадворскага сельскага Савета Кацярына Васілеўна Зуева ўспамінае пра тыя дні:
«У жніўні 1945 г. ў Полацку на вакзале сустракалі кветкамі, музыкай дэмабілізаваных салдат, сярод якіх была і я. Былы старшыня Расонскага райвыканкома П. Я. Рубіс звярнуўся да ўсіх расонцаў з просьбай вяртацца ў родныя мясціны, аднаўляць іх. Наўкол было голадна, бедна. Няма каму засяваць і апрацоўваць палі, многа людзей у самым росквіце сіл палягло ў гады вайны. Спалены хаты, а замест іх — зямлянкі. На ўсю Чырвонаармейскую машынна-трактарную станцыю — 1 колавы трактар і аўтамашына. Усё пачыналі спачатку.
Перад выканкомам Савета стаяла задача — за год вывесці людзей з зямлянак. Каб выканаць яе, працавалі без выхадных. У вольны ад асноўнай работы час усе, хто мог трымаць пілу і сякеру, выходзілі ў лес. Нікога не трэба было падганяць. Усе з радасцю рабілі гэта, бо вельмі надакучыла ўсім ваеннае ліхалецце, кожны прагнуў нармальнагачалавечага жыцця, якое здавалася цяпершчасцем. Адзін за адным раслі ў вёсцы новыядамы. Аднаўлялася жыццё...»