-
Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны
ад грамадскага аб’яднання
“Цэнтр “Трэці сектар”
а/с 54, Гародня, 230009,
тэл./факс (0-152) 75-71-72,
e-mail: trecisektar@yahoo.com
сайт http://3sektar.by/
Выпуск 244 (537) (30 лістапада 2012 г.) Рэдактар выпуску: Кася Крот Пры выкарыстанні матэрыялаў “Кронікі” спасылка на крыніцу абавязковая |
-
«Прэс-фота Беларусі - 2012» ладзіць вернісаж у Гродне 2
Дабрачынная акцыя ў Музеі гісторыі рэлігій 3
Выстава творчасці людзей з абмежаваннямі 3
Беларускамоўныя псіхолагі аб’ядноўваюцца 4
Публічныя лекцыі Алеся Лагвінца ў Гродне 4
За адмову прымаць прысягу пагражаюць крымінальнай справай 5
Трэнінг “Даступныя новыя медыі” 6
Навучальныя візіты ў Польшчу для актыўных студэнтаў 6
Конкурс школьных праектаў па энергаэфектыўнасці 7
Як беларусу стварыць няўрадавую арганізацыю ў Польшчы? 8
Конкурс для грамадскіх ініцыятыў і арганізацый 8
Фестываль аматарскіх відэафільмаў “Погляд” 9
-
уверх
«Прэс-фота Беларусі - 2012» ладзіць вернісаж у Гродне
Упершыню ў Гродне будуць дэманстравацца ўсе здымкі-пераможцы - а іх у гэтым годзе каля 280!
Адкрыццё вернісажу пройдзе 3 снежня, а 18-й гадзіне па адрасе: вул. Будзёнага, 48А (зала ва ўнутраным дворыку).
Адкрываць выставу будуць арганізатары конкурса, фатографы Юля Дарашкевіч і Вадзім Заміроўскі, а таксама пераможца «Прэс-фота Беларусі - 2012» Аляксандр Васюковіч.
Юля Дарашкевіч:
- У Беларусі гэтая выстава экспанавалася толькі адзін раз: на ўзнагароджанні пераможцаў у галерэі “Ў” і пакуль больш няма магчымасцяў паказваць яе тут, бо ёсць на ёй палітычнаыя фатаздымкі, звязаныя з акцыямі пратэсту, ёсць тэракт.
Нас і ў мінулыя гады нікуды не пускалі, а тыя выставы, што былі, праходзілі без самых вострых фотаздымкаў.
Затое “Прэс-фота Беларусі - 2012” з поспехам экспанавалася ў Брно (Чэхія), Кракаве і Варшаве.
Гарадзенцам пашанцавала не толькі ўбачыць усе здымкі-пераможцы фотаконкурса, але і стаць першымі гледачамі дасланых на конкурс «Прэс-фота Беларусі -- мультымедыя» ролікаў. Гэта міні-фільмы, знятыя пры дапамозе фотаздымкаў, відэа і гуку.
Юля Дарашкевіч:
- Для Беларусі гэта вельмі новая з’ява, практычна ніхто пакуль гэтым не займаецца.
8 снежня будзе падвядзенне вынікаў конкурса і ўзнагароджанне пераможцаў, а пакуль - пакажам некалькі ролікаў-намінантаў на свой густ.
Выставу “Прэс-фота Беларусі - 2012” у Гродне можна будзе наведаць да 10-га снежня.
Конкурс «Прэс-фота Беларусі» праводзіцца трэці год. Яго ўдзельнікамі з'яўляюцца айчынныя фатографы, якія супрацоўнічаюць са СМІ.
У 2012 годзе аргкамітэт атрымаў заяўкі ад 90 удзельнікаў, якія даслалі больш за 2500 здымкаў для ўдзелу ў конкурсе.
Журы конкурсу, у якое ўваходзяць вядомыя айчынныя і замежныя фатографы і фотарэдактары, вызначыла пераможцаў у наступных намінацыях: «Навіны», «Людзі ў навінах», «Спорт», «Паўсядзённае жыццё», «Партрэт», «Мастацтва і забавы», «Прырода», «Народныя традыцыі». Ацэньваліся як адзінкавыя здымкі, так і серыі фатаграфій.
Больш інфармацыі пра конкурс можна знайсці на сайце http://pressphoto.by
Паводле http://t-styl.info
уверх
Дабрачынная акцыя ў Музеі гісторыі рэлігій
Пачынаючы з верасня дзеці з абмежаваннямі, якімі апякуецца Грамадская дабрачынная арганізацыя “Гродзенскі дзіцячы хоспіс”, іх бацькі, валанцёры рабілі калядныя сувеніры.
2 снежня ў Гродзенскім музеі гісторыі рэлігій пройдзе выстава-продаж, сродкі ад якой пойдуць на патрэбы хворых дзяцей.
Выстава-продаж і канцэрт прымеркаваныя да Міжнароднага дня людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Дырэктарка ГДА “Гродзенскі дзіцячы хоспіс” Вольга Шульга:
- Сумесна з Гродзенскім музеем гісторыі рэлігій і музычнай школай №1 мы вырашылі зрабіць канцэрт, у якім выступяць і здаровя дзеці, і дзеці з абмежаванымі магчымасцямі, чакаем гасцей з Мінска (пры падтрымцы арганізацыі “Мае сэнс”).
Хочам, па-першае, прыцягнуць увагу грамадства да праблем людзей з абмежаваннямі, а па-другое, зладзіць выставу-продаж калядных сувеніраў.
У дзяцей, якімі апякуецца наша арганізацыя, ёсць мара – з’ездзіць у аквапарк у Друскенікі. Большасць з іх ніколі ўвогуле не былі за мяжой.
Мы падлічылі, на паездку аднаго дзіцяці разам з мамай патрэбна 150 даляраў. Такіх дзетак 20, да таго ж іх павінны суправаджаць валанцёры, бо многія дзеткі на інвалідных вазках. На гэта і подуць усе атрыманыя ад продажу сродкі.
Спадзяемся, што да вясны мы нейкім чынам здолеем сабраць неабходную суму.
На арганізацыю выезда дзяцей у аквапарк і пойдуць усе сродкі, атрыманыя за продаж калядных сувеніраў, зробленых самімі дзецьмі. Гэта снегавічкі, анёлы, вязаныя рэчы, вырабы з валянай воўны, гірлянды, паштоўкі...
Канцэрт і выстава-продаж адбудуцца ў Музеі гісторыі рэлігій у 15.00 2 снежня.
Уваход вольны.
Кожны сувенір, набыты вамі на выставе, набліжае спаўненне дзіцячай мары!
Паводле http://t-styl.info
уверх
Выстава творчасці людзей з абмежаваннямі
Да Міжнароднага дня інвалідаў прымеркаваная выстава ў Гродзенскай вытсавачнай зале творчых работ наведнікаў аддзяленняў дзённага прабывання цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання Гродзенскай вобласці.
Такіх цэнтраў у вобласці 20, а гэта ў агульнай колькасці 119 гурткоў, 30 клубаў па інтарэсах і 16 рэабілітацыйна-працоўных майстэрняў.
У іх людзі з абмежаваннямі вырабляюць сувеніры, засвойваюць сакрэты хатняй гаспадаркі, шыюць і нават вырабляюць мыла.
Творчасцю на базе тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання Гродзенскай вобласці займаюцца 576 чалавек. Для іх гэта і спосаб раскрыць свае здольнасці, і дзейсны сродак сацыяльнай рэабілітацыі.
Абласная выстава “Душа, адкрытая свету” пазнаёміць гродзенцаў з работамі маладых людзей з абмежаваннямі: малюнкамі, вышыўкай, вырабамі з бісеру, з прыроднага матэрыялу, аплікацыямі, жывапісам.
Выстава адкрыецца ў 11 гадзін 4 снежня.
Яе мэта – прыцягнуць увагу грамадства да праблем людзей з інваліднасцю, а людзей з асаблівасцямі ў развіцці заахвоціць да заняткаў мастацкай творчасцю.
Пазнаёміцца з творчасцю людзей з абмежаваннямі ў гродзенскай выставачнай зале можна будзе да 16 снежня.
Паводле http://t-styl.info
уверх
Беларускамоўныя псіхолагі аб’ядноўваюцца
Ствараецца суполка беларускамоўных спецыялістаў і студэнтаў у галіне псіхалогіі.
Асноўныя мэты – гэта развіццё псіхалогіі ў беларускамоўнай прасторы (акрамя даследча-практычнай дзейнасці ў планах і переклад кніг па псіхалогіі на беларускую мову), і прафесійнае развіццё.
У межах суполкі плануецца таксама дзейнасць дыскусійнага клуба, у якім будуць абмяркоўвацца актуальныя пытанні з вобласці псіхалогіі.
Праект мае на ўвазе Lifelong Learning, правядзенне міжнародных праектаў, даследчую і практычную дзейнасць найперш у трох накірунках:
- міжкультурныя адносіны, кросс-культурная і акультурацыйная псіхалогія;
- псіхалогія здароўя;
- псіхалогія развіцця (узроставая псіхалогія).
Калі Вы зацікавіліся, калі ласка пішыце на адрас: vraketskaya@yahoo.com .
Паводле http://generation.by
уверх
Публічныя лекцыі Алеся Лагвінца ў Гродне
Палітолаг, намеснік старшыні Руху “За Свабоду” Алесь Лагвінец правядзе цыкл лекцый на тэму "Інтэграцыйныя працэсы ды інстытуцыі Еўрапейскага саюза".
Мэта курса – прадставіць дэталёвую карціну палітычных працэсаў і асноўных палітыкаў Еўрасаюза, паказаць асноўныя мадэлі і этапы эвалюцыі ЕС, развіць у слухачоў навыкі аналізу еўрапейскіх інтэграцыйных працэсаў. У рамках курсу будуць праведзены дэбаты і абмеркаванні актуальных пытанняў еўраінтэграцыі.
Лагвінец:
- Хачу прадставіць карціну еўрапейскай інтэграцыі, паказаць, якія магчымасці яна дае.
Беларусь, што знаходзіцца ў Еўропе, таксама закранутая працэсамі еўрапейскай інтэграцыі, і мы толькі выйграем, калі будзем ведаць, што адбываецца за нашымі заходнімі межамі. Гэта адзін са спосабаў пераадолення самаізаляцыі Беларусі.
Алесь Лагвінец ладзіць адкрытыя лекцыі на тэму Еўрапейскай інтэграцыі з 2006 года. Спачатку яны праходзілі ў Мінску, дзе іх праслухалі больш за 300 студэнтаў і маладых спецыялістаў. Сёлета далучыліся Гомель, Магілёў і Гродна.
Лагвінец:
- Спадзяюся, гэта дасць добры штуршок для развіцця. Некалькі маіх слухачоў ужо павучыліся ў Еўрапейскім каледжы, у іншых еўрапейскіх ВНУ у Швецыі, Германіі, Францыі, некаторыя - самі ўжо з’яўляюцца экспертамі, пачынаючымі, але вельмі шматабяцальнымі, ёсць тыя, што працуюць у грамадскіх арганізацыях, у СМІ.
На курс лекцый у Гродне запрашаюцца студэнты, маладыя спецыялісты і ўсе, хто зацікаўлены паглыбленым вывучэннем еўрапейскай інтэграцыі. Паспяховыя слухачы атрымаюць сертыфікат Еўраклуба і рэкамендацыі стажыравання.
Мова выкладання – беларуская (для вывучэння ўсіх матэрыялаў курса веданне ангельскай мовы пажаданае, але не абавязковае).
Курс складаецца з трох частак і будзе выкладацца па суботах (1, 8 і 15 снежня) з 12 да 17 гадзін.
Усім патэнцыйным удзельнікам прапануецца сабрацца 1 снежня а 12:00 ля вежы пажарнага дэпо (вул.Замкавая, 19) і потым разам пайсці на сядзібу, дзе будзе адбывацца курс.
Дадатковая інфармацыя і папярэдняя рэгістрацыя на курс па тэлефоне +375296061034 альбо па эл. адрасе lahviniec@gmail.com .
Паводле http://t-styl.info
уверх
За адмову прымаць прысягу пагражаюць крымінальнай справай
15 снежня ў вайсковай частцы N 51171 у Гродне пройдзе прысяга. Яе адмаўляецца прымаць навабранец –маладафронтавец Павел Сяргей.
Павел Сяргей ад пачатку патрабаваў замяніць вайсковую службу на альтэрнатыўную грамадзянскую.
У заяве на альтэрнатыўную службу ён пазначыў, што “паводле сваіх рэлігійных перакананняў не можа насіць вайсковую форму і служыць у войску, дзе пануе камуністычная сімволіка (серп і молат), пад якой у СССР пераследавалі хрысціян”.
Аднак у апошні прызыў яго ўсё ж забралі ў войска і накіравалі служыць у Гродна.
Цяпер узніклі праблемы з прысягай.
Наста Палажанка, намесніца старшыні “Маладога Фронта” (арганізацыя зарэгістраваная ў Чэхіі):
- Павал тлумачыць сваю адмову тым, што ўжо даваў прысягу “Маладому фронту” і Беларусі і даваць іншую не бачыць сэнсу і не мае жадання. За гэта яму пагражалі завядзеннем крымінальнай справы, далі час на роздум, хаця прысяга нібыта справа добраахвотная.
Пакуль выпадкаў завядзення крымінальнай справы за адмову прымаць прысягу ў Беларусі не было. Калі такіх прызыўнікоў не атрымлівалася прымусіць да прысягі, іх звычайна накіроўвалі ў чыгуначныя ці інжэнерныя войскі.
Паводле http://t-styl.info
уверх
А бвесткі:
|
уверх
Трэнінг “Даступныя новыя медыі”
NewGroupMedia запрашае грамадскіх актывістаў узяць удзел у трэнінгу па працы з відэакантэнтам у Новых Медыях. Мэта трэнінгу: даць тэарэтычныя і практычныя веды па стварэнні і распаўсюдзе медыя кантэнту, па працы з відэа-абсталяваннем, напісанні сцэнару, працэсе відэаздымкі, а таксама мантажы.
Удзельнікі мусяць быць не маладзейшыя за 18 год, быць грамадска актыўнымі, мець магчымасць і жаданне выкарыстоўваць і распаўсюджваць атрыманыя веды ў сваёй грамадскай дзейнасці.
Трэнінг пройдзе ў Мінску з 21 па 23 снежня. Арганізатары пакрываюць выдаткі на праезд, харчаванне і пражыванне.
Каб узяць удзел, неабходна запоўніць анкету, якая знаходзіцца па спасылцы: https://docs.google.com/file/d/0B9Y7THsZD_RHTXNfYkRKUG13Y1U/edit і даслаць яе на электронны адрас: newmediaschool2012@gmail.com
Апошні тэрмін падачы заявак - 10 снежня.
Арганізатары праінфармуюць адабраных удзельнікаў 12 снежня.
Паводле рассылкі belngo.info
уверх
Навучальныя візіты ў Польшчу для актыўных студэнтаў
Польска-Амерыканскі Фонд Свабоды, Фонд «Барусія», Калегіум Усходняй Еўропы ім. Яна Новака-Езяраньскага запрашаюць актыўных студэнтаў з Беларусі, Малдовы, Украіны і Расійскай Федэрацыі (Бранская, Калінінградская, Наўгародская, Ленінградская вобласці і горад Санкт-Пецярбург) паўдзельнічаць у Праграме Study Tours to Poland (STP).
У Праграме Study Tours to Poland могуць прыняць удзел паспяховыя студэнты ВНУ, якія актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці і адпавядаюць наступным фармальным патрабаванням:
• Узрост 18 – 21 год (1 ліпеня 1991 – 31 снежня 1994 г.).
• З’яўляюцца грамадзянамі Беларусі, Малдовы, Украіны і Расійскай Федэрацыі.
• Навучаюцца ў Беларусі, Малдове, Украіне і Расійскай Федэрацыі (у Бранскай, Калінінградскай, Наўгародскай, Ленінградскай абласцях і горадзе Санкт-Пецярбурзе).
• Маюць дзейны замежны пашпарт (тэрмін дзеяння не можа быць карацейшы чым да 30 верасня 2013 г.)
• Не прымалі раней удзелу ў Праграме Study Tours to Poland і ў Праграме Study Visit in Gdynia.
Для ўдзелу ў STP кандыдаты праходзяць адбор на конкурснай аснове.
Апошні тэрмін падачы заявак - да 10 снежня.
Інфармацыю аб выніках конкурсу кожны з кандыдатаў атрымлівае індывідуальна да 10 студзеня 2013 г.
Візіты адбываюцца ў красавіку і маі 2013 г., працягласць візіту – 12 дзён.
Арганізатар праграмы бярэ на сябе выдаткі на пражыванне і харчаванне на тэрыторыі Польшчы падчас візіту.
Удзельнікі атрымаюць запрашэнні, якія даюць права на бясплатныя візы ў Польшчу.
Арганізатары не вяртаюць дадатковых выдаткаў, звязаных з атрыманнем візы, напрыклад, з паездкай у консульства. Удзельнікі аплачваюць выдаткі на страхоўку, патрэбную для атрымання візы ў Польшчу і бяруць на сябе частку выдаткаў на дарогу, звязаных з паездкай у Польшчу.
Працэдура падачы заявы на ўдзел у Праграме БЯСПЛАТНАЯ!
Заява на ўдзел у Праграме запаўняецца анлайн.
Падрабязней - тут
Паводле http://www.studytours.pl
уверх
Конкурс школьных праектаў па энергаэфектыўнасці
Рэспубліканскі конкурс школьных праектаў па энергаэфектыўнасці «Энергія і асяроддзе пражывання» праводзіцца ў рамках міжнароднага адукацыйнага праекта SPARE (найбуйнейшага міжнароднага адукацыйнага праекта для школьнікаў па адукацыі ў пытаннях змянення клімату і энергетыкі) і сусветнай дэкады ААН «Адукацыя для ўстойлівага развіцця» пры падтрымцы Нарвежскага таварыства аховы прыроды і INFORSE Europe (Еўрапейская сетка развіцця ўстойлівай энергетыкі).
Конкурс 2012/2013 года праводзіцца пад дэвізам: «Захаваем клімат – пачнём з простых энергетычных рашэнняў».
Да ўдзелу запрашаюцца навучэнцы і педагогі ўстаноў агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай і дадатковай адукацыі, якія зацікаўлены і ўжо маюць дасягненні ў практычнай дзейнасці ў галіне змены клімату, укаранення энергазберажэння, выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі для мясцовых патрэбаў, у павышэнні энергаэфектыўнасці школьных будынкаў, у развіцці адукацыі школьнікаў і асветы насельніцтва па пытаннях эфектыўнага выкарыстання і зберажэння энергіі.
Конкурс праводзіцца з 15 кастрычніка 2012 года па 15 люты 2013 года ў два этапы:
- Першы этап (абласны, г. Мінск) – з 15 кастрычніка 2012 года па 1 студзеня 2013 г.;
- Другі этап (рэспубліканскі) – з 2 студзеня па 15 лютага 2013 года.
Падвядзенне вынікаў адбудзецца да 15 лютага 2013 года.
Работы, якія занялі першыя месцы ў кожнай намінацыі, будуць накіраваныя на міжнародны конкурс да 15 сакавіка 2013 года.
Намінацыі для вучняў:
1.Практычная праца.
2.Тэарэтычная праца (праект).
3. Інфармаванне грамадства / прапаганда энергаэфектыўнасці і энергазберажэння.
Намінацыі для педагогаў:
1. Урок / дыдактычныя матэрыялы «Простыя энергетычныя рашэнні супраць змены клімату».
Для ўдзелу ў конкурсе установам адукацыі неабходна зарэгістравацца на сайце spare-belarus.by і пасля актывацыі акаўнта запоўніць анкету SPARE школы Беларусі да адпраўлення дакументаў на абласны этап конкурсу. Конкурсныя працы, дасланыя незарэгістраванымі ўдзельнікамі, разглядацца не будуць.
Тэрмін падачы прац на рэспубліканскі этап конкурсу – 2 студзеня 2013 г.
Падрабязней пра ўмовы конкурсу на spare-belarus.by
Паводле http://nastaunik.info
уверх
Як беларусу стварыць няўрадавую арганізацыю ў Польшчы?
Група “Замежжа” ажыццяўляе праект, у межах якога дапамагае беларускім няўрадавым арганізацыям зарэгістравацца ў Польшчы.
Супольна з парталам NGO.PL распрацаваны даведнік „Я СТВАРАЮ НЯЎРАДАВУЮ АРГАНІЗАЦЫЮ Ў ПОЛЬШЧЫ. ДАВЕДНІК ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ”, які крок за крокам апісвае працэдуру рэгістрацыі няўрадавай арганізацыі ў Польшчы.
Арганізацыям, якім спатрэбіцца ня толькі інфармацыя з даведніка, але і далейшая падтрымка, прапаноўваюцца прафесійныя юрыдычныя паслугі і падтрымка па рэгістрацыі да канца 2012 года.
Асобы і арганізацыі, зацікаўленыя ў супрацоўніцтве ці дапамозе па рэгістрацыі, могуць звязацца з Працоўнай групай праз эл. пошту: jan.strzelecki@zagranica.org.pl (Ян Стшэлецкі).
Даведнік можна знайсці па спасылцы: http://zagranica.org.pl/en/Aktualnosci/przewodnik-zakadam-organizacj-pozarzdow-w-polsce-dla-biaorusinow.html
Паводле рассылкі belngo.info
уверх
Конкурс для грамадскіх ініцыятыў і арганізацый
Грамадскае аб’яднанне “Цэнтр “Трэці сектар” распачынае чарговы конкурс “Будзь у Трэцім!”, мэтай якога з’яўляецца папулярызацыя дзейнасці грамадскіх арганізацый, ініцыятыў і асоб Гарадзеншчыны, якія робяць вялікі ўнёсак у вырашэнне важных мясцовых пытанняў.
Да ўдзелу запрашаюцца прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і ініцыятыў Гарадзеншчыны, а таксама актыўныя асобы, якія займаюцца дабрачыннай дзейнасцю.
Вы маеце добрую магчымасць зрабіць сваю грамадскую дзейнасць больш вядомай, далучыць да яе новых людзей.
Конкурс праводзіцца ў наступных намінацыях:
1. Захаванне культурнай і гістарычнай спадчыны
2. Экалогія і ахова навакольнага асяроддзя
3. Дабрачыннасць
4. Інтэрнэт-прарыў года
5. Лепшая кампанія па адстойванні і прасоўванні інтарэсаў грамадскасці
6. Валанцёр года
7. Лепшы творчы праект
Кожны ахвотны можа падаць заяўку на ўдзел у конкурсе, запоўніўшы анкету і даслаўшы яе на скрынку 3sektar@gmail.com з пазнакай “Будзь у трэцім”.
Апошні тэрмін – 30 снежня.
Анкета ўдзельнікаў конкурсу «Будзь у Трэцім!»
Упершыню конкурс “Будзь у Трэцім!” быў арганізаваны ў Гродне ў верасні 2011 года.
Яго мэтай была папулярызацыя лепшых інтэрнэт-рэсурсаў і інтэрнэт-кампаній, рэалізаваных грамадскімі ініцыятывамі Гарадзеншчыны. Больш інфармацыі глядзіце на старонках конкурсу тут
Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне +375292836004 ці напісаўшы на скрынку 3sektar@gmail.com з пазнакай “конкурс “Будзь у Трэцім!”
Больш падрабязна http://3sektar.by
уверх
уверх
Фестываль аматарскіх відэафільмаў “Погляд”
БМГА «Івалід і асяроддзе» запрашае ахвотных да ўдзелу ў II Брэсцкім міжнародным фестывалі аматарскіх відэафільмаў «Погляд». Фестываль пройдзе ў Брэсце ў сакавіку-красавіку 2013 г.
Апошні тэрмін падачы заявк на ўдзел – да 20 лютага 2013г.
Падрабязная інфармацыя пра Фэст і форма заяўкі.
Для кантактаў: Аргкамітэт, Брэст, вул. К. Маркса, 5, к. 11
Фестываль аматарскіх фільмаў «Погляд», каардынатар Алег Рачкоўскі, тэл.: +375 29 825-46-05; Ірына Трацюк, тэл.: +375 29 527-96-92.
Эл. почта: belshlyah@gmail.vom, www.daebrest.by
Паводле http://ngo.by
уверх
Поделитесь с Вашими друзьями: |