Курс: гісторыя беларусі ў кантэксце сусветнай цывілізацыі


Барацьба з турэцкай агрэсіяй



старонка2/4
Дата канвертавання15.05.2016
Памер0.73 Mb.
1   2   3   4

Барацьба з турэцкай агрэсіяй.

У 60-я гг. ХYII ст. пачаліся зацяжныя ваенныя дзеянні Турцыі і яе васальных крымскіх татар з Рэччу Паспалітай. Мусульманская імпэрыя імкнулася ўстанавіць кантроль над украінскімі і іншымі еўрапейскімі тэрыторыямі. Пачаўшы ў 1672 г. вайну супраць Рэчы Паспалітай, Турцыя захапіла частку Заходняй Украіны. Гетман Ян Сабескі (абраны каралём Рэчы Паспалітай у 1674 г.) атрымаў перамогі над туркамі пад Хоціным ў 1673 г і пад Львовам у 1675 г.

Агульная пагроза ў Еўропе прывяла да ўзнікнення антытурэцкай кааліцыі – “Свяшчэннай лігі”, удзельнікі якой (Аўстрыя, Рэч Паспалітая і Венецыя) мелі намер уцягнуць у саюз і Расію. Расія уступіла ў кааліцыю за заключэнне “вечнага міру” ў 1686 г. з Рэччу Паспалітай. Па ўмовам “вечнага міру” Рэч Паспалітая канчаткова адмовілася ад Кіева. Гарантавалася свабода вызнання для праваслаўных хрысцыян у Рэчы Паспалітай і прызнавалася права за Расіяй прадстаўніцтва ў іх абарону. У выніку слабасці Рэчы Паспалітай, выяўленай яшчэ ў Андрусаве, Расія ўзаконіла свае заваёвы, замацавала новы баланс сіл у Цэнтральна-Усходняй Еўропе.

У рашаючай бітве пад камандаваннем Яна Сабескага аўстрыйскія, саксонскія і войскі Рэчы Паспалітай разграмілі турак пад Венай у 1683 г. Пасля гэтага вайна з Турцыяй працягвалася ўжо з большым поспехам для Рэчы Паспалітай. Па Карлавіцкаму дагавору 1699 г. з Турцыяй Рэчы Паспалітай удалася адстаяць Правабярэжную Украіну, але адмовіцца ад дамаганняў на Малдавію.

Такім чынам, у выніку ў большасці няўдалых войн у другой палове ХYII ст. Рэч Паспалітая страціла значныя тэрыторыі. Іншаземныя дзяржавы ўсё больш актыўна ўмешываліся ў яе ўнутраныя справы. Значны ўплыў на знешнюю палітыку Рэчы Паспалітай аказваў паглыбляючыйся крызіс дзяржавы.
2. Паўночная вайна.
У канцы ХYII ст. на поўначы Еўропы склаліся перадумовы для перадзелу сфер уплыву паміж вялікімі дзяржавамі регіёну. На шведскі прастол уступіў юны Карл ХІІ (1697–1718), які большую частку свайго часу аддае забавам і паляванню. Палічыўшы, што наступіў час ўнутранага аслаблення Швецыі, Расія, Саксонія і Данія ўтварылі кааліцыю пад назвай “Паўночны саюз” (адсюль і назва вайны 1700–1721 гг.). У розныя гады ў вайне са Швецыяй прымалі ўдзел іншыя еўрапейскія краіны: Рэч Паспалітая, Прусія і Гановер. Кожная з саюзных дзяржаў мела ўласны інтарэс. Кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст ІІ (у той час адначасова і саксонскі курфюст) імкнуўся вярнуць Лівонію, страчаную Рэччу Паспалітай паводле Аліўскага міру 1660 г. на карысць Швецыі. Расія была зацікаўлена заваяваць землі, якія былі захоплены шведамі ў пачатку ХYII ст. і зачынялі ёй выхад у Балтыйскае мора. Данія жадала далучыць тэрыторыю Гальштыніі.

Саюзнікі распачалі ваенныя дзеянні ў 1700 г. Саксонскі корпус Аўгуста ІІ ўварваўся ў Лівонію і асадзіў Рыгу. Дацкая армія захапіла Гальштынію. Рускія войскі ўзялі ў аблогу Нарву. Аднак, нягледзячы на ўзрост, Карл ХII адразу паказаў сябе таленавітым паўкаводцам. Высадіўшы дэсант у Гальштыніі, ён у 1700 г. прымусіў капітуляваць Данію. Расія і Рэч Паспалітая пазбавіліся саюзніка. Ў тым жа годзе Карл ХII атрымаў перамогу пад Нарвай, а ў 1701 г. пад Рыгай. У 1702 г. шведскія войскі ўступілі на тэрыторыю ВКЛ і Польшчы, захапілі Варшаву.

Грамадства Рэчы Паспалітай падзялілася на праціўнікоў і прыхільнікаў шведаў. Паміж магнатскімі фаміліямі разгарэлася вайна за ўладу. Сам Аўгуст ІІ аказаўся для Расіі вельмі ненадзейным саюзнікам і тайна вёў сепаратныя перамовы з Карлам ХІІ. Аднак шведскі кароль задумаў лішыць Аўгуста ІІ каралеўскага трона. У 1704 г. прашведскі настроеная шляхта пры падтрымцы Карла ХІІ абрала польскім манархам яго стаўленніка Станіслава Ляшчынскага. У тым жа годзе стварылася Сандамірская канфедэрацыя прыхільнікаў Аўгуста ІІ і саюзу з Расіяй. Такім чынам, у Рэчы Паспалітай утварылася двоеўладдзе.

Тым часам Пётр І аднавіў армію і захапіў у шведаў шэраг крэпасцей у Прыбалтыцы. У 1704 г., калі у вайну супраць Швецыі ўступіла Рэч Паспалітая, ён накіроўвае ў Беларусь на дапамогу Аўгусту ІІ корпус рускіх войск. Размясціўшыся ў 1705 г. у Гродна, рускія войскі пад націскам шведаў вымушаны былі ў наступным годзе адступіць на поўдзень да Кіева. Нягледзячы на фарсіраваны марш, Карл ХІІ не змог дагнаць расійскую армію. Тады ўсе свае сілы ён накіраваў супраць Аўгуста ІІ. У 1706 г. Карл ХІІ ўварваўся ў Саксонію і пасля шэрагу перамог прымусіў Аўгуста ІІ падпісаць Альтранштацкі мір. Аўгуст ІІ пазбаўляўся кароны Рэчы Паспалітай і разрываў саюз з Расіяй. У 1708 г. на тэрыторыі Беларусі зноў разгарнуліся актыўныя баявыя дзеянні. Сюды былі сцягнуты асноўныя сілы расійскай арміі. З захаду ў Беларусь увайшлі шведскія войскі. Яны занялі Гродна і ў след за расійскай арміяй пачалі прасоўвацца ў напрамку Ліда – Смаргонь – Мінск.

Каб пазбавіць шведскае войска забеспячэння па загаду Петра І паліліся населеныя пункты, знішчаліся харчовыя і фуражныя запасы. Яшчэ большымі бедамі: рабункамі, пажарамі, знішчэннем насельніцтва суправаджалася прасоўванне па тэрыторыі Беларусі шведскай арміі.

Пётр І адводзіў войска да расійскай мяжы, вымотваючы праціўніка. 14 ліпеня 1708 г. каля мястэчка Галаўчын на Магілёўшчыне шведы атрымалі апошнюю значную перамогу ў вайне с Расіяй. Аднак у Карла ХІІ не хапала сіл для галоўнай бітвы і ён павярнуў на Украіну. Там Карл ХІІ спадзяваўся забяспечыць сваю армію прадуктамі, зазімаваць і, разам з казакамі украінскага гетмана Мазепы (здрадзіўшага расійскаму ўраду), пачаць новае наступленне на ўсход.

На дапамогу Карлу ХІІ з Рыгі рухаўся корпус генерала Левенгаўпта, які ўключаў 16 тыс. чалавек, абоз з артылерыяй, баепрыпасамі і харчаваннем. Каб не дапусціць яго злучэння з галоўнымі сіламі шведаў, Петром І быў сфармірованы 12-тысячны корпус. 28 верасня 1708 г. пад в.Лясной каля Прапойску (цяпер Слаўгарад, Магілёўскай вобласці) рускія войскі разграмілі корпус Левенгаўпта. Шведы згубілі 10 тыс. забітымі і палоннымі і ўвесь абоз. Пазней Пётр І назваў бітву пад Лясной “матерью полтавской победы”. Паколькі ў той, самай буйнай на тэрыторыі Беларусі бітве, шведы страцілі артылерыю і баепрыпасы, якіх ім вельмі не хапала.

Тым часам Мазепа прывёў да Карла ХІІ толькі 3–4 тыс. казакоў. Большая частка украінскіх казакоў вела барацьбу з іншаземнымі захопнікамі.

Генеральная бітва Паўночнай вайны адбылася пад Палтавай 27 чэрвеня 1709 г. Разгром у ёй шведскага войска рэзка памяняў палітычную сітуацыю. Руская армія і сандамірскія канфедэраты атрымалі шэраг перамог на тэрыторыі Рэчы Паспалітай над шведамі і іх прыхільнікамі. Аўгуст ІІ з дапамогай Расіі вярнуў сябе карону Рэчы Паспалітай. С.Ляшчынскі ўцёк за мяжу, а яго прыхільнікі масава пераходзілі ў лагер сандаміранаў. 11 лістапада 1709 г. каля Брэста капітулявала 15-тысячнае войска Я.Сапегі, змагаўшаяся на баку шведаў.

Ваенныя дзеянні перакінуліся за граніцы Рэчы Паспалітай, пераважна на Балтыку, і ішлі далей пры поўнай перавазе Расіі.

Паводле Ніштадцкага міру 1721 г. паміж Расіяй і Швецыяй тэрыторыі Эстляндыі, Ліфляндыі, Інгрыі і частка Карэліі адышлі да Расіі. Пасля Паўночнай вайны Расія набыла рашаючы ўплыў на ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай.
3. Унутрыпалітычнае становішча Рэчы Паспалітай у другой палове ХYII–ХYIIІ ст. Першы і другі падзелы Рэчы Паспалітай.
Перыяд шляхецкай дэмакратыі ў дзяржаўным ладзе Рэчы Паспалітай у другой палове ХYII – першай палове ХYIIІ ст. змяніўся магнацкай алігархіяй. Узмацненне магнацтва было звязана з развіццём буйных латыфундый, якія сталі пераважаць у аграрнай структуры Беларусі з ХYII ст. Для вядзення войнаў урад Рэчы Паспалітай займаў буйныя сумы ў магнатаў. Не маючы сродкаў для іх пакрыцця, ён раздаваў дзяржаўныя землі. У выніку на Беларусі ўтварыліся вялізныя латыфундыі магнатаў Радзівілаў, Сапег, Вішнявецкіх, Пацаў, Агінскіх, Глябовічаў, Тышкевічаў, Чартарыйскіх, Масальскіх. Яны ўладалі тысячамі сялян, гарадамі і мястэчкамі. Магнаты занялі незалежнае становішча ў адносінах да цэнтральнай улады і ператварыліся па сутнасці ва ўдзельных князёў. Яны мелі прыватныя войскі, магутныя замкі-крэпасці. Ім служыла шматлікая шляхта. У сваіх уладаннях феадалы ўводзілі ўласныя законы. Здзіўляўшыя сучаснікаў сваім багаццем, магнаты вялі паразітычны лад жыцця, прамотвалі вялікія сумы ў замежных паездках, балях і гулянках. У ХYII–ХYIIІ стст. магнатэрыя стала рашаючай сілай у краіне. У барацьбе за ўладу яна ўсё часцей звярталася за падтрымкай да іншаземных дзяржаў. Канфрантацыя магнацкіх груповак пераросла на мяжы ХYII–ХYIIІ стст. ва ўзброенныя грамадзянскія войны. Некаторыя магнаты змагаліся з каралеўскай уладай.

Бяззладзе ў Рэчы Паспалітай стала вынікам развіцця “залатых шляхецкіх вольнасцей,” ці, лепш сказаць, злоўжывання імі. Ужо ў другой палове ХYII ст. стала відавочным, што пашырэнне шляхецкай дэмакратыі пры паслабленні цэнтральнай каралеўскай улады вядзе да яе перадачы ў рукі алігархаў, якія фінанансава закабалялі шляхту. Але ніводнай з груповак не хапала сілы ўзяць уладу, а толькі на тое, каб не дапусціць да яе супраціўнікаў. Адсюль – разгул анархіі. Абавязковым патрабаваннем шляхты была забарона ўвядзення новых падаткаў. Такім чынам шляхта імкнулася перакласці ўвесь цяжар выдаткаў краіны на дзяржаўныя ўладанні. Гэта не дазваляла на працягу многіх дзесяцігоддзяў павялічваць дзяржаўны бюджэт і, ў сваю чаргу, мець у краіне моцнае войска.

У 1669 г. вальны сейм прыняў пастанову, дзе гаварылася, што “ўсялякае новаўвядзенне ў Рэчы Паспалітай можа быць небяспечным і прывядзе да вялікіх хваляванняў”.

Падмуркам “залатых шляхецкіх вольнасцей”, гарантам нязменнасці ладу Рэчы Паспалітай лічылася права “ліберум вета”. Згодна з ім, кожны дэпутат сейма мог выступіць супраць прыняцця любой пастановы і нават сарваць сейм. Пасля першага прымянення гэтага права ў 1652 г. па 1764 г. з 55 сеймаў Рэчы Паспалітай такім чынам было сарвана звыш 40. Нярэдка шляхціцаў падкупалі магнаты ці суседнія дзяржавы. Выкарыстанне “ліберум вета” вяло да фактычнага паралічу дзяржаўнага кіравання, магчымасці зрыву любога памкнення да рэформаў.

У другой палове ХYII ст. у Рэчы Паспалітай узмацнілася канфесійная напружанасць. Самай масавай канфесіяй на Беларусі заставалася праваслаўе. Аднак пасля вайны 1654–1667 гг. стаўленне да яго істотна мяняецца з-за яе прамаскоўскай арыентацыі. Значная падтрымка аказвалася каталіцкай і уніяцкай царквам, што выклікала рост іх уплыву. Дысідэнты – праваслаўная і пратэстанцкая шляхта, былі пазбаўлены палітычных правоў. Яны не мелі права выбірацца ў дэпутаты сеймаў, засядаць у трыбунале, займаць пасады на дзяржаўнай і вайсковай службе. Дысідэнтам забаранялася будаваць новыя храмы. Адступніцтва ад каталіцтва і уніяцтва было абвешчана крымінальным злачынствам і падлягала пакаранню выгнаннем з дзяржавы.

Літвінская шляхта, дзейнічаючы суместна з польскай, атрымлівала ад караля ўсё больш прывілеяў. Далейшая шляхетізацыя Рэчы Паспалітай павышала ўзровень саслоўнай агульнадзяржаўнай інтэграцыі. Паступова фарміравалася новая сацыяльна-этнічная супольнасць – “польскій народ шляхецкій”, аб’яднаная не толькі адзінымі правамі і прывілеямі, палітычнай ідаялогіяй, але і адзінымі каталіцкай рэлігіяй і польскай мовай. Беларуская шляхта пераймала польскія ўзоры грамадскага ладу, культуру, мову. Пастановай сейма 1696 г. забаранялася афіцыйнае выкарыстанне беларускай мовы. Гэта прывяло да заняпаду беларускай культуры, дзяржаўнасці, і, у выніку, нацыянальнага развіцця.

З мэтаю пераадолення крызісу ў Рэчы Паспалітай прагрэсіўная частка грамадства на чале з каралём Жыгімонтам Аўгустам Панятоўскім (1764–1795) разгарнула рэфармацыйную дзейнасць. На сейме 1764 г. было ўведзена абмежаванне на ўжытак права “ліберум вета” – рашэнне эканамічных пытанняў прымалася большасцю галасоў.

Аднак гэтыя памкненні палітычных рэформаў прывялі да выбуху незадаволенасці з боку рэакцыйнай магнатэрыі, якая імкнулася да неабмежаванай улады. Іх падтрымлівалі суседнія дзяржавы, у першую чаргу Расія і Прусія, не жадаючыя ўзмацнення Рэчы Паспалітай. Яшчэ ў 1764 г. яны заключылі паміж сабой пагадненне, згодна з якім абавязваліся перашкаджаць сілай зброі рэфарміраванню дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай.

Разам з тым, афіцыйная палітыка ў дачыненні да іншаверцаў не змянілася. На сейме 1764 г. была прынята пастанова аб пакаранні смерцю кожнага, хто пяройдзе з каталіцтва ў іншае веравызнанне. “Дысідэнцкая” праблема была выкарастана Расіяй і Прусіяй для дыктату ўладам Рэчы Паспалітай. Расія паставіла пытанне поўнага ўраўнавання ў правах некатолікаў з католікамі, згодна дагавору Расіі з Рэччу Паспалітай 1686 г. Сейм станоўча пытанне не вырашыў. Тады пад патранажам Расіі і Прусіі ў 1767 г. стварыліся ў Слуцку праваславна-пратэстанцкая, а ў Торуні пратэстанцкая канфедэрацыі, якія ставілі мэтай дасягненне роўнасці вернікаў розных канфесій ў Рэчы Паспалітай. На дапамогу канфедэратам прыбыла рускае войска. У гэтым становішчы сейм у 1768 г. ураўняў у правах “дысідэнтаў” з католікамі. Гэта, у сваю чаргу, не задаволіла прыхільнікаў “залатой” шляхецкай вольнасці. У Бары, на Украіне яны стварылі канфедэрацыю і выступілі супраць караля, у абарону вяршынства каталіцтва і шляхецкіх правоў, за незалежнасць і цэласнасць Рэчы Паспалітай. Аднак супрацьстаяць моцы расійскага войска канфедэраты не змаглі, і ў 1768–1771 гг. былі разбіты.

Пасля гэтых падзей 5 жніўня 1772 г. адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Прусія анексіравала паўночна-заходнюю частку Польшы (Памор’е), Аўстрыя – поўдзень Польшы і Галіцыю (з Львовам), Расія – землі на ўсход ад Дзвіны і Днепра.

Першы падзел падштурхнуў улады Рэчы Паспалітай на прыняцце шэрагу важных рэформаў. Вялікую ролю ў рэфармаванні дзяржавы адыграў 4-гадовы сейм (1788–1792). Згодна з яго рашэннямі ў паветах сталі стварацца выбарные органы мясцовай адміністрацыі – “парадкавыя цывільна-вайсковыя камісіі”, якія павінны былі замяніць анархічнае шляхецкае самакіраванне. Мяшчане атрымалі права асабістай недатыкальнасці, магчымасць займаць дзяржаўныя і вайсковыя пасады, а таксама набываць ва ўласнасць зямлю ў сельскай мясцовасці. Акрамя гэтага, прадстаўнікі буйных гарадоў увайшлі ў Пастаянную Раду пры каралю з правам дарадчага голасу. Сейм таксама прыняў пастанову аб скліканні ў Пінску “Генеральнай кангрэгацыі” – вышэйшага сходу прадстаўнікоў праваслаўнага веравызнання ў Рэчы Паспалітай. На ней у 1791 г. быў складзены праект аб устанаўленні ў краіне вышэйшай праваслаўнай царкоўнай іерархіі, падначаленай Канстанцінопальскаму, а не Маскоўскаму патрыярху. У тым жа годзе сейм прыняў рашэнне аб павялічэнні арміі.

Сваеасаблівым вынікам эпохі рэформаў стаў “Закон аб урадзе”, які ў гістарычнай літаратуре атрымаў назву “Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 3 мая 1791 г.”. Згодна з законам, Рэч Паспалітая пераўтваралася ў канстітуцыйную манархію. Замест выбарнасці каралей уводзілася выбарнасць дынастый, т.ч. улада караля абвяшчалася спадчыннай. Па канстытуцыі ўводзіўся падзел улады ў дзяржаве на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Права “ліберум вета” адменялася, рашэнні на сеймах павінны былі прымацца простай большасцю галасоў. Быў зроблены рашучы крок на шляху пераўтварэння Рэчы Паспалітай ва ўнітарную дзяржаву: значна зменшана аўтаномія ВКЛ. Гарантавалася свабода веры, аднак за каталіцызмам заставаўся статус дзяржаўнай рэлігіі.

У сваёй аснове Канстытуцыя 3 мая мела прагрэсіўны характар і адкрывала шлях для стварэння дэмакратычных асноў улады, буржуазнага развіцця Рэчы Паспалітай. Аднак нельга не адзначыць і яе абмежаванасць: заставаліся саслоўны характар грамадства, прывілеі шляхты, прыгоннае становішча сялян. Для Беларусі далейшае зліццё дзвюх частак Рэчы Паспалітай значыла працяг паланізацыі.

Канстытуцыя выклікала незадавальненне кансерватыўнай шляхты. Ёй, пры падтрымцы Расіі, у 1792 г. у мястэчку Таргавіца на Украіне была створана канфедэрацыя і абвешчаны акт аб абароне каталіцкай рэлігіі і былога дзяржаўнага ладу. Канфедэраты звярнуліся да расійскага ўрада за ваеннай дапамогай. Зноў пачалася грамадзянская вайна, ў якой кароль перайшоў на бок канфедэратаў, адмовіўся ад Кастытуцыі і ранейшых рэформаў. Расійская армія за два месяцы разбіла ўжо цалкам дэзарганізаванае войска Рэчы Паспалітай.



23 студзеня 1793 г. Расія і Прусія правелі другі падзел Рэчы Паспалітай. Да Прусіі адышлі частка Вялікапольшчы, Мазовіі, Гданьск і Торунь, да Расіі – цэнтральная частка Беларусі прыкладна па лініі Друя – Пінск, а таксама Заходняя Украіна і Падолія.

Такім чынам, на прыканцы ХYIIІ ст. Рэчы Паспалітай ішла да сваяго краху. Выратаваць краіну магла толькі рашучае супрацьстаянне агрэсіўным суседнім дзяржавам скансалідаванага грамадства.


4. Паўстанне пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі. Трэці падзел Рэчы Паспалітай.
Другі падзел Рэчы Паспалітай выклікаў абурэнне шырокіх слаёў патрыятычна настроенага насельніцтва. Уздыму нацыянальна-вызваленчага і антыфеадальнага руху садзейнічала абвастрэнне рэвалюцыйнай барацьбы, якая пад уплывам Французскай буржуазнай рэвалюцыі ахапіла ў той час Заходнюю Еўропу.

У 1793 – пачатку 1794 г. на тэрыторыі Рэчы Паспалітай ствараліся тайныя арганізацыі, у т.л. і ў ВКЛ. Сярод арганізатараў падрыхтоўкі паўстання вылучыліся дзве плыні: умеркаваныя (магнатцтва, заможная шляхта), якія жадалі захаваць становішча, што існавала да ўварвання замежных войскаў і былі супраць прыцягнення да паўстання шырокіх народны мас, і радыкалы (дробная шляхта, мяшчане), імкнуўшыяся пераўтварыць Рэч Паспалітую ў рэспубліку, правесці буржуазныя рэформы. Да радыкальнай плыні адносіўся і кіраўнік паўстання Т.Касцюшка – удзельнік вайны ЗША за незалежнасць, за што атрымаў званне генерала брыгады.

Паўстанне пачалося 24 сакавіка 1794 г. у Кракаве, дзе Т.Касцюшкам быў абвешчаны “Акт паўстання”. У ім вызначаліся асноўныя мэты паўстанцаў: пазбаўленне ад іншаземнай акупацыі, барацьба за поўную сувярэннасць Рэчы Паспалітай, аднаўленне яе ў межах 1772 г., вяртанне рэфарматарскіх рашэнняў Канстытуцыі 3 мая 1791 г. Для кіраўніцтва паўстаннем ўтваралася Найвышэйшая Нацыянальная Рада.

З Кракава войска Т.Касцюшкі рушылася на Варшаву. 4 красавіка яна атрымала перамогу над рускім атрадам пад Рацлавіцамі.



17–18 красавіка паўстала Варшава. Гараджане знішчылі расійскі гарнізон.

У канцы сакавіка паўстанне пачынаецца на тэрыторыі ВКЛ. Часткі войска ВКЛ на чале з Я.Ясінскім, пры падтрымцы гараджан у ноч з 22 на 23 красавіка разбілі расійскі гарнізон у Вільна. На другі дзень, 24 красавіка быў абвешчаны Віленскі акт паўстання. Была створана Найвышэйшая Рада ВКЛ на чале з Я.Ясінскім для кіраўніціва паўстаннем у ВКЛ. У Рэчы Паспалітай таксама ствараліся крымінальныя суды, якія каралі смерцю “таргавічан”.

На першыя этапе разгортвання паўстанне ў ВКЛ мела больш радыкальны характар, чым у Польшчы. Найвышэйшая Рада ВКЛ заклікала не толькі да набыцця вольнасці, але і грамадзянскай роўнасці. Гэта выклікала незадавальненне Я.Ясінскім правага крыла кіраўніцтва паўстаннем на ВКЛ. Пад націскам кансерватараў Т.Касцюшка звольніў Я.Ясінскага з пасады кіраўніка Найвышэйшай Рады ВКЛ.

У перыяд паўстання былі пашыраны прэрагатывы “парадкавых камісій”, якія сталі яго арганізацыйнымі цэнтрамі на месцах.

На пачатку мая Т.Касцюшка, які так і не здолеў прабіцца ў бок Варшавы, адышоў у лагер пад Паланцом. 7 мая ён выдаў Паланецкі універсал, які ўсталёўваў новыя заканадаўчыя нормы. Згодна з імі сяляне абвяшчаліся асабіста вольнымі, прызнавалася іх спадчыннае права карыстання зямлёй, якую яны абраблялі, значна аблягчаліся павіннасці. Аднак зямля заставалася ў валоданні памешчыкаў. Такім чынам, універсал меў кампрамісны характар. Т.Касцюшка, імкнучыся прыцягнуць на свой бок сялян, адначасова не хацеў страціць саюзнікаў сярод шляхты.

Спроба вырашыць “сялянскае пытанне”, звороты да сялянства не прайшлі незаўважанымі. Падчас паўстання наяўнасць сялян у беларускіх паўстанцкіх атрадах дасягала часам трэцяй іх часткі. Агульная ж колькасць удзельнікаў паўстання на ўсім яго працягу ў Беларусі складала да 30 тыс. чалавек.

Паўстанне ў ВКЛ дасягнула ў маі найвышэйшага ўздыму. 7 мая Я.Ясінскі нанёс паражэнне расійскаму войску каля в.Паляны ў Ашмянскім павеце. Паўстанцы захапілі Гродна, Ліду, Слонім, Ашмяны, Браслаў, Брэст, Пінск і іншыя гарады. Адступаючы, рускія войскі занялі пазіцыю прыкладна ўздоўж мяжы падзелу Рэчы Паспалітай 1793 г.

Аднак у чэрвені ваенна-палітычная сітуацыя пачала складвацца не на карысць паўстанцаў. Адбываецца аб’яднанне руска-прускіх сіл, якія нанеслі Т.Касцюшка шэраг паражэнняў. Адмоўною ролю адыграла адстаўка Я.Ясінскага з пасады галоўнакамандуючага паўстанцкага войска ВКЛ. С сярэдзіны мая 1794 г. Т.Касцюшка падзяліў паўстанцаў на тры корпусы на чале с Я.Ясінскім, Я.Хлявінскім і П.Грабоўскім. 4 чэрвеня зноў адзіным камандуючым у ВКЛ быў прызначаны М.Вяльгорскі, які сваёй бяздзейнасцю пацвердзіў поўную няздатнасць да гэтай пасады.

Другая бітва беларускіх паўстанцаў пад камандаваннем Я.Ясінскага адбылася 25 чэрвеня пад в.Солы, каля Смаргоні. Перавага расійцаў у артылерыі дазволіла нанесці паражэнне паўстанцам.

Я.Ясінскі прадпрыняў спробу разгорнуць партызанскую барацьбу ў тыле расійскіх войск, накіроўваючы атрады за мяжу падзелу 1793 г. Найбольш буйнымі рэйдамі на тэрыторыі ВКЛ былі выправы атрадаў пад кіраўніцтвам М.К.Агінскага (на Дынабург) і С.Грабоўскага (на Меншчыну) у жніўні – верасні 1794 г. Уступаючы ў колькасці, падрыхтоўцы і ўзбраенні расійскім сілам, рэйды поспеха не мелі.

З сярэдзіны лета расійскія войскі паступова выціскаюць паўстанцкія атрады з тэрыторыі Беларусі. 12 жніўня была ўзята Вільна. У верасні на тэрыторыю Беларусі ўводзіцца корпус А.Суворава. Ён наносіць паражэнні паўстанцам пад в.Крупчыцы каля Кобрына і пад Брэстам.

10 кастрычніка расійскі корпус генерала Ферзена разбіў войска Т.Касцюшкі пад Мацяёвіцамі ў Польшчы. Паранены Т.Касцюшка трапіў у палон. Рэшткі войск паўстанцкага войска ВКЛ адступілі да Варшавы. Там, пры яе абароне загінуў Я.Ясінскі. 4 лістапада Варшава капітулявала. У лістападзе здаліся апошнія змагаючыяся атрады. Пачалася расправа з удзельнікамі паўстання. Больш за 12 тыс. чалавек было адпраўлена царскімі войскамі ў ссылку, або пакарана іншым чынам. 20 тыс. паўстанцаў было інтэрніравана ў Аўстрыі, 3 тыс. – у Прусіі.

Прычыны паражэння паўстання: палавінчатасць аб’яўленых рэформаў, хістанні шляхецкага кіраўніцтва паўстання ў пытаннях вызвалення сялян, ліквідацыі феадальных перажыткаў і г.д., што звузіла сацыяльную базу руху. Таксама адсутнічала адзінае камандаванне, належнае ўзаемадзеянне ў паўстанцкім войску. Сабатаж і невыкананне распараджэнняў Т.Касцюшкі, а часта і адкрытая здрада падрывалі сілы паўстанцаў. Не апраўдаліся разлікі паўстанцаў на падтрымку за мяжой, рэвалюцыйнай Францыі.

Няўдача паўстання прадвызначыла ліквідаванне Рэчы Паспалітай як самастойнай дзяржавы. Апошні, трэці яе падзел паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй адбыўся 24 кастычніка 1795 г. Да Расіі адышла Заходняя Беларусь, Літва, Курляндыя, Заходняя Валынь. Прусія атрымала большую частку Мазовіі разам з Варшавай і частку Літвы да Нёмана. Да Аўстрыі адышла тэрыторыя паўднёвай і цэнтральнай Польшы. 25 лістапада 1795 г. кароль С.А.Панятоўскі падпісаў у Гародне акт адрачэння ад прастолу.

У заняпадзе Рэчы Паспалітай можна бачыць гістарычную заканамернасць спынення функцыянавання практычна замарожаных, незмяняльных палітычных структур. Пры зараджэнні і развіцці капіталістычных адносін узнікла неабходнасць рэфармавання грамадства. Яно ж патрабавала падпарадкавання дзяржаве гаспадарчых і палітычных механізмаў, а значыць, моцнай цэнтральнай улады. Дэмакратычныя інстытуты Рэчы Паспалітай не здолелі выпрацаваць цэнтралізатарскіх пачаткаў, што не дазволіла кіруючым колам, пры знешнім уціске, адарвацца ад старай сістэмы і прадухіліць дзяржаўную катастрофу. Ліквідацыя Рэчы Паспалітай стала праявай чарговага перадзелу сфер уплыву ў Еўропе.
Л I Т А Р А Т У Р А
Анiшчанка Я. Паўстанне 1794 года: змаганне за народ // Полымя, 1994. № 5. С.225–241.

Арлоў У. Таямнiцы полацкай гiсторыi. – Мн.: Беларусь. 1994. С.247-267.

Белоруссия в эпоху феодализма: Сб.документов и материалов: В 3 т. – Мн.: Изд-во АН БССР,1959–1961. Т.2. С.179–408.

Гiнет А. Апошнi сейм Рэчы Паспалiтай // Архiвы i справаводства. 1999. № 2. С.31–35; №3. С.44–48; №4. С.31–36; № 5.С.24–30.

Гiсторыя Беларусi: У 2 ч. / Пад рэд. Я.К.Новiка i Г.С.Марцуля. – Мн.: Унiверсiтэцкае, 1998. Ч.1. С.208–215, 224–232.

Гiсторыя Беларусi: У 2 ч. Ч.1. Са старажытных часоў да канца XVIII ст.: Курс лекцый./ I.П.Крэнь, I.I.Коўкель, С.В. Марозава i iнш. – Мн.: РIВШ БДУ, 2000.

Гiсторыя Беларусi: У 6 т. Т.3. / Ю.Бохан, В.Галубеў, У.Емельянчык і інш. – Мн.: Экаперспектыва, 2004.

Гiсторыя Беларусi (у кантэсце сусветных цывілізацый) / Пад. рэд. В.Галубовіча і Ю.Бохана. – Мн.: Экаперспектыва, 2005.

Грыцкевiч А. Паўстанне 1794 г.: перадумовы, ход i вынiкi // Беларускi гiстарычны часопiс. 1994. № 1.С.39–47.

Емельянчык У. Паланэз для касiнераў (з падзей паўстання 1794 г. пад кiраўнiцтвам Т.Касцюшкi на Беларусi). – Мн.: Беларусь. 1994.

История Европы / Альдебер Ж., Бендер Й., Груша И. и др. – Мн.: Вышэйшая школа, 1996. С.191–286.

Нарысы гiсторыi Беларусi: У 2 ч. / Пад рэд. М.П.Касцюк. – Мн.: Беларусь, 1994–1995. Ч.1. С.208–243.

Пашкевiч У. ВКЛ у Паўночнай вайне (1700–1721 гг.). // Беларускi гiстарычны часопiс. 1995. № 3. С.163–171.

Прыбытка Г. Барацьба магнацкiх груповак у XVIII ст. // Спадчына. 1996. № 1. С.80–151.

Прыбытка Г.Барацьба магнацкiх груповак у другой палове XVI – пачатак XVIII ст. //Спадчына. 1995. №5. С.32–90.

Русско-белорусские связи во второй половине XVII в. (1667–1686 гг.) Сб.документов. – Мн.: Изд-во БГУ, 1972.

Сагановiч Г. Невядомая вайна: 1654-1667. – Мн.: Навука i тэхнiка, 1995.

Сагановiч Г. Войска Вялiкага княства Лiтоўскага у XVI–XVII стст. – Мн.: Навука i тэхнiка, 1994.

Сыны i пасынкi Беларусi / Пад рэд. С.В.Барыс – Мн.: Полымя, 1996. С.95-134.

Энцыклапедыя гiсторыi Беларусi: У 6 т. / Пад рэд. М.В.Бiч i iнш. – Мн.: "Беларуская энцыклапедыя" iмя П.Броўкi, 1993–2003.

Хрестоматия по истории Белоруссии с древнейших времен до 1917 г. – Мн.: Изд-во БГУ, 1977. С.124–163.

Юхо Я.А., Емельянчык У. "Нарадзiўся я лiтвiнам..." Тадэвуш Касцюшка. – Мн.: Навука i тэхнiка, 1994.

Юхо Я.А. За вольнасць нашу i вашу. Тадэвуш Касцюшка. – Мн.:Навука i тэхнiка, 1989.

Юхо Я.А. Кароткi нарыс гiсторыi дзяржавы i права Беларусi. – Мн.: Унiверсiтэцкае, 1992. С.209-234.

Юхо Я.А. Крынiцы беларуска-лiтоўскага права. – Мн.: Беларусь, 1991. С.209-227.
ПЫТАННI ДЛЯ САМАКАНТРОЛЮ
1.Выдзелiце асноўныя этапы хода вайны 1654–1667 гг.

2.Якое значэнне мела перамога рускiх войск над шведамi ў бiтве пад в.Лясной?

3.Раскрыйце вынiкi ўдзелу Рэчы Паспалiтай у войнах другой паловы XVII – пачатку XVIII ст.

4.Якiм чынам дзяржаўны i палiтычны лад Рэчы Паспалiтай садзейнiчаў усеўладзю магнатаў i шляхты?

5.Ахарактарызуйце рэформы, правядзенныя ў Рэчы Паспалiтай у другой палове XVIII ст.

6.Выявiце асноўныя палажэннi Канстытуцыi 3 мая 1791 г.

7.Назавiце прычыны, мэты, рухаючыя сiлы i вынiкi паўстання пад кiраўнiцтвам Т.Касцюшкi.

8.Праслядзiце па карце тэрыторыi, якiя адышлi да Расii, Прусii i Аўстрыi паводле трох падзелаў Рэчы Паспалiтай.


ТЭМА 3: СТАНАЎЛЕННЕ БУРЖУАЗНАГА ГРАМАДСТВА НА БЕЛАРУСІ

Ў ДРУГОЙ ПАЛОВЕ ХІХ СТ.


План:
1.Адмена прыгоннага права і іншыя буржуазныя рэформы другой паловы ХІХ ст.

2.Развіццё гаспадаркі ў паслярэформенны перыяд (60-90 гг. ХІХ ст.).

3.Фарміраванне беларускай нацыі.

4.Культурнае жыццё.


1.Адмена прыгоннага права і іншыя буржуазныя рэформы другой паловы ХІХ ст.
У сярэдзіне ХІХ ст. у Беларусі, як і ва ўсёй Расіі, адбываўся працэс разлажэння феадальна-прыгонніцкай сістэмы і развіцця новых капіталістычных адносін.

Адным з палітычных фактараў, які вымусіў царызм пайсці на адмену прыгоннага права, з’явілася паражэнне Расіі у Крымскай вайне (1853-1856 гг.).

Шырокі размах прыняў сялянскі рух. Ён ахапіў усе беларускія губерніі. Перш за ўсё сяляне патрабавалі адмяніць баршчыну і аброк і бясплатна перадаць у іх уласнасць зямлю, якую яны апрацоўвалі.

У гэтай абстаноўцы нарастання крызісу царызм пайшоў на адмену прыгоннага права “зверху” шляхам рэформы, каб папярэдзіць адмену яго “знізу” рэвалюцыйным шляхам. Маніфест Аляксандра ІІ аб адмене прыгоннага права быў выданы 19 лютага 1861 г. У “Агульным палажэнні” маніфесту дэкларавалася, што прыгоннае права адмянялася, а памешчык пазбаўляўся права распараджацца сялянамі як сваёй уласнасцю. Сяляне атрымалі шэраг грамадзянскіх правоў: яны маглі заключаць здзелкі, займацца гандлем і промысламі, валодаць маёмасцю, несці асабістую адказнасць перад судом і г.д. Памешчыкі прызнаваліся ўласнікамі ўсёй належачай ім да рэформы зямлі. Частку яе яны вымушаны былі адвесці для сялянскіх надзелаў. На працягу 9 гадоў сяляне абавязаны былі трымаць адведзены ім надзел і выконваць за гэта павіннасці. У гэты перыяд яны лічыліся часоваабавязанымі і маглі пакідаць сваё месца жыхарства толькі з дазволу памешчыка. Толькі пасля выкупу сваёй зямлі сяляне залічваліся ў разрад сялян-уласнікаў.

Для вызначэння зямельных адносін паміж памешчыкамі і часоваабавязанымі сялянамі складаліся статутныя граматы, у якіх былі запісаны памеры сялянскіх надзелаў і павіннасцяў. На большай частцы тэрыторыі Беларусі за сялянамі замацоўваліся дарэформенныя надзелы. Адрэзкі зямель дапускаліся толькі у тых выпадках, калі памер сялянскага надзелу быў вышэйшы інвентарнага або калі ў памешчыка пасля рэформы заставалася менш 1/3 прыналежных яму зямель. Лепшыя па якасці ўчасткі памешчыкі пакідалі ў сваім карыстанні.

На працягу ўсяго часу, калі сяляне лічыліся часоваабавязанымі, за карыстанне зямлёй яны павінны былі выконваць на карысць памешчыка шэраг павіннасцяў. Заставаліся галоўныя з іх – паншчына і аброк.



Выкупная сума была значна вышэй рыначнага кошту на зямлю. Яна ўключала не толькі кошт зямлі, але і выкуп асобы сяляніна. Дзяржава выплочвала памешчыкам 80% выкупной каштоўнасці, астатнія 20% выкупу плацілі сяляне. Сума, выплачаная казной памешчыкам, аб’яўлялася сялянскім доўгам дзяржаве, які трэба было выплаціць за 49 гадоў. Так былыя памешчыцкія сяляне 5 беларускіх губерняў з 1861 па 1907 г. выплацілі за надзелы ў 3,3 раза больш, чым тыя каштавалі па рыначнай цане.

Такім чынам, увесь ход падрыхтоўкі рэформы паказвае, што яна насіла грабежніцкі характар у адносінах да сялян. Яе сутнасць заключалася ў забеспячэнні памешчыкаў зямлёй і рабочымі рукамі. Таму ва ўсе органы, якія непасрэдна праводзілі рэформу на месцах, уваходзілі памешчыкі.

Рэформа не магла задаволіць сялян, якія змагаліся за поўнае знішчэнне прыгонніцкіх адносін. На працягу 1861 г. на Беларусі адбылося 379 хваляванняў сялян. У 1863 г. успыхнула польскае паўстанне, якое ахапіла частку тэрыторыі Беларусі і Літвы. Імкнучыся аслабіць паўстанне і прыцягнуць на свой бок беларускіх сялян, урад унёс грунтоўныя змяненні ў ход рэформы. Па загаду ад 1 сакавіка 1863 г. быў уведзены абавязковы выкуп сялянскіх надзелаў у Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай губернях і ў некаторых уездах Віцебскай. З гэтага дня сяляне пераходзілі ў разрад сялян-уласнікаў. Пры гэтым іх выкупныя плацяжы былі зменшаны на 20%.

Паўстанне 1863 г. аказала ўплыў таксама на землеўпарадкаванне дзяржаўных сялян. Па ўказу 1867 г. дзяржаўныя сяляне заходніх губерняў былі прылічаны да разраду ўласнікаў. Іх надзелы былі павялічаны на 25,6%.

У выніку змяненняў у рэформе сяляне Беларусі атрымалі больш вялікія надзелы і па больш нізкаму кошту, чым у другіх месцах Расіі. Але значная частка сялян (37,5%) мела надзелы недастатковых памераў. Атрымаўшы 10-15 дзесяцін зямлі, яны былі не ў стане пракарміць сям’ю толькі са сваёй гаспадаркі. Значная колькасць сялян жыла выключна з пабочных заработкаў.

Такім чынам, нягледзячы на асобныя ўступкі, зробленыя царскім урадам у сувязі з паўстаннем 1863 г., сяляне Беларусі знаходзіліся ў цяжкім становішчы. Захоўваліся вялікія памешчыцкія латыфундыі, пазямельная абшчына, былыя формы павіннасцяў. Увогуле ж змяненне ўмоў адмены прыгоннага права спрыяла больш хуткаму капіталістычнаму развіццю гаспадаркі Беларусі пасля рэформы.

Адмена прыгоннага права абумовіла неабходнасць правядзення рэформ грамадскага ладу. У Расіі былі праведзены судовая, цэнзурная, земская, школьная, гарадская і ваенная рэформы. Пасля паўстання 1863-1864 гг. царскі ўрад палітычна не давяраў польскай шляхце, якая складала пераважную большасць памешчыкаў у Беларусі. Гэтыя абставіны паўплывалі на ход рэформ на Беларусі. Найбольш паслядоўная з усіх рэформ з’яўлялася судовая. Сутнасць рэформы 1864 г. заключалася ў тым, што суд станавіўся незалежным, бессаслоўным і галосным. Быў створаны інстытут адвакатаў. У працэсах па крымінальных справах прадугледжваўся ўдзел прысяжных засядацеляў, прысуд якіх быў канчатковым. Для ўсіх саслоўяў уводзіўся адзіны акруговы суд. Для разгляду дробных злачынстваў быў створаны міравы суд.

На Беларусі судовая рэформа пачалася толькі ў 1872 г. Затрымка правядзення рэформы была звязана з існаваннем на тэрыторыі Беларусі да 1868 г. ваеннага становішча.

У выніку земскай рэформы 1864 г. ствараліся земскія ўстановы, якія кіравалі мясцовай гаспадаркай, народнай асветай, медыцынскім абслугоўваннем насельніцтва і г.д. Іх дзейнасць знаходзілася пад кантролем улад. Выбарчая сістэма земстваў будавалася па прынцыпу маёмаснага цэнзу, па трох курыях. Увядзенне земстваў спрыяла развіццю гаспадарчага і грамадска-палітычнага жыцця, уцягванню ў яго больш шырокіх слаёў насельніцтва, уключаючы сялянства. Земствы на Беларусі былі ўведзены толькі ў 1911 г. на тэрыторыі Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губерняў. Прычынай адсутнасці земстваў у Віленскай і Гродзенскай губернях была значная ўдзельная вага насельніцтва каталіцкага веравызнання. Магчымае ўзмацненне польскага ўплыву ў земскіх выбарных органах непакоіла ўрад.

У ходзе школьнай рэформы 1864 г. значна пашыралася сетка пачатковых школ і былі адменены саслоўныя абмежаванні для тых, хто паступаў у вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановы. Аднак кантынгент навучэнцаў рэгуляваўся высокай платай за навучанне. Пачатковыя школы было дазволена адкрываць таксама грамадскім установам і прыватным асобам. Сярэднюю адукацыю давалі класічныя і рэальныя гімназіі. У класічных гімназіях вялікая ўвага ўдзелялася гуманітарным дысцыплінам. Выпуснікі класічных гімназій маглі паступаць ва універсітэт без экзаменаў. У рэальных гімназіях (пазней пераўтвораных ў рэальныя вучылішчы) было ўглубленнае вывучэнне прыродазнаўчых навук. Іх выпуснікі мелі права паступаць у вышэйшыя тэхнічныя навучальныя ўстановы.

На тэрыторыі Беларусі ў апошняй трэці ХІХ ст. не было ніводнай вну.

Па гарадской рэформы 1870 г. ствараліся ўсесаслоўныя органы грамадскага кіравання, якія выбіраліся на падставе маёмаснага цэнзу. Выбарчыя правы прадстаўляліся ўсім плацельшчыкам гарадскіх падаткаў. Гарадскія думы знаходзіліся пад наглядам губернатараў. Кампетэнцыя гарадскога самакіравання была абмежавана рамкамі гаспадарчых пытанняў, транспарту, адукацыі, медыцыны. Гарадская рэформа на Беларусі была праведзена толькі ў 1875 г.



Ваенная рэформа пачалася ў 1862 г. Быў рэарганізаваны цэнтральны ваенны апарат. Адбывалася тэхнічнае пераўзбраенне арміі. Па статуту 1874 г. аб воінскай павіннасці яе абавязаны былі адбываць незалежна ад саслоўя ўсе мужчыны, якія дасягнулі 20-гадовага ўзросту. Тэрмін службы ў сухапутных вайсках паніжаўся да 6, а на флоце – да 7 гадоў. Уводзіліся льготы ў тэрмінах службы для людзей, якія мелі адукацыю. Ваенная рэформа ўмацоўвала абароназдольнасць краіны і садзейнічала ломцы саслоўных перагародак.

Новы цэнзурны статут, прыняты ў 1865 г., значна пашыраў магчымасці друку. Адмянялася папярэдняя цэнзура для твораў, памерам не менш як 10 друкаваных аркушаў, а для перакладаў – 20. Выданні меншых памераў абавязкова падлягалі папярэдняй цэнзуры. Буйным перыядычным выданням дазвалялася выходзіць без папярэдняй цэнзуры, але толькі пры ўнясенні вялікіх грашовых закладаў. Пры гэтым органы ўлады мелі права кантролю і прымянення розных санкцый да парушальнікаў закону аб друку – ад грашовага спагнання да закрыцця газет і часопісаў. На Беларусі да сярэдзіны 80-х гг. усе перыядычныя выданні залежалі ад урадавых устаноў і праваслаўнай царквы.

Пасля забойства народавольцамі імператара Александра ІІ у 1881 г. ва ўнутранай палітыцы Расіі адбыліся значныя змены. У кіраўніцтве дзяржавы перамогу атрымалі кансерватыўныя колы. У выніку ў 80-90 гг. назіраецца адкат рэформ. У 1882 г. быў устаноўлены строгі адміністрацыйны нагляд за перыядычным друкам. Узмацніліся рэпрэсіі супраць прагрэсіўных выданняў, многія з якіх былі зычынены.

Уводзіўся шэраг абмежаванняў у сістэму адукацыі. Так, палажэнне аб царкоўна-прыхадскіх школах 1884 г. падкрэслівала рэлігійную аснову пачатковага навучання (у царкоўна-прыхадскіх школах вучыліся ў першую чаргу дзеці сялян). Узмацніўся кантроль за кантынгентам навучэнцаў сярэдніх школ. У 1887 г. міністрам народнай адукацыі быў выданы цыркуляр, якім забаранялася прымаць у гімназіі дзяцей ніжэйшых саслоўяў гарадскога насельніцтва. У гэты ж час рэальныя вучылішчы былі пераўтвораны ў тэхнічныя вучылішчы, заканчэнне якіх не давала права паступлення без экзаменаў у вну. Вышэйшая адукацыя таксама была ўзята пад больш жорсткі кантроль з боку царскай адміністрацыі. Універсітэцкі статут 1884 г. фактычна ліквідаваў аўтаномію універсітэтаў. Павялічвалася плата за навучанне.

У 1892 г. было зацверджана новае Гарадское палажэнне, якое прадугледжвала ўзмацненне ў гарадскім кіраўніцтве кантролю з боку царскай адміністрацыі і рэзкае скарачэнне колькасці выбаршчыкаў шляхам павышэння маёмаснага цэнзу. Права ўдзелу ў выбарах гарадской думы пазбаўляліся не толькі немаёмасныя пласты гарадскога насельніцтва, але і дробная буржуазія.

Увогуле становішча на Беларусі ўскладнялася рознымі абмежаваннямі ў дачыненні да польскага (каталіцкага) і яўрэйскага насельніцтва. У сувязі з паўстаннем 1863-1864 гг. палякам з 1865 г. забаранялася набываць маёнткі інакш як па спадчыне. Польскія памешчыкі былі пазбаўлены магчымасці карыстацца льготнымі пазыкамі Дваранскага банка. Сяляне-католікі маглі мець не больш за 60 дзесяцін зямлі на сям’ю. Яшчэ з канца ХУІІІ ст. Беларусь уваходзіла ў мяжу яўрэйскай аселасці. А ў 1882 г. яўрэям было забаронена сяліцца за межамі гарадоў і мястэчак, арэндаваць і купляць зямлю. Існавалі і іншыя абмежаванні ў адносінах да яўрэяў.

Такім чынам, рэформы 60-70-х гг. былі крокам уперад на шляху пераўтварэння Расіі з феадальнай манархіі ў манархію буржуазную. Яны насілі непаслядоўны характар. На Беларусі рэформы праводзіліся ў залежнасці ад палітычнай абстаноўкі і былі больш абмежаваныя, чым у Цэнтральнай Расіі. Сутнасць палітыкі царызму ў заходніх губернях вызначалі вялікадзяржаўныя, каланізатарскія задачы. З мэтай русіфікацыі края тут быў фактычна ўстаноўлены рэжым выключных законаў.
2.Развіццё гаспадаркі ў паслярэформенны перыяд (60-90 гг. ХІХ ст.)


Каталог: download
download -> Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Каляндар свят і знамянальных дат
download -> Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Даты. Імёны. Падзеі. Каляндар свят
download -> Тлумачальная запіска
download -> М.І. Таранда, С. Б. Пазняк, А. Г. Смалей Лабараторная дыягностыка бактэрыяльных і мікозных інфекцый сельскагаспадарчай і хатняй жывёлы
download -> АЎтарскі курс лекцый “славянская міфалогія” Электронная версія
download -> Тэкст, набраны дробным шрыфтам, да вывучэння не абавязковы Усяго 72 пытанні
download -> Пакінуць след на зямлі
download -> Літаратурная Гомельшчына. Гомельскае абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання
download -> Вучэбная праграма для агульнаадукацыйных устаноў з беларускай І рускай мовамі навучання


Поделитесь с Вашими друзьями:
1   2   3   4




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал