Л. Я. Землякоў, М. С. Шчокін рэлігія І адукацыя ў рэспубліцы беларусь: палітыка-прававыя аспекты



Дата канвертавання15.05.2016
Памер278.01 Kb.
Л. Я. Землякоў, М. С. Шчокін

РЭЛІГІЯ І АДУКАЦЫЯ Ў РЭСПУБЛІЦЫ БЕЛАРУСЬ: ПАЛІТЫКА-ПРАВАВЫЯ АСПЕКТЫ

У апошні час у рэлігійным жыцці Рэспублікі Беларусь адбыліся значныя падзеі. Грамадскасць уважліва сачыла за ўз’яднаннем дзвюх праваслаўных цэркваў, святкаваннем 1020 годдзя хрышчэння Русі, выбраннем новага Прадстаяцеля Рускай Праваслаўнай Царквы, восьмым (25.09.09–28.09.09) апостальскім падарожжам Прадстаяцеля Рускай Праваслаўнай Царквы па беларускай зямлі. Узрастанне цікавасці да рэлігіі ў многім тлумачыцца духоўным адраджэннем краіны, змяненнем рэлігійнай свядомасці насельніцтва. Царква перастала ўспрымацца як рудыментарная з’ява і ператварылася ў важнейшы сацыяльны інстытут. Рэлігія ў цэлым і асобныя царкоўныя інстытуты сталі важным фактарам грамадска-палітычнага жыцця краіны. У пацвярджэнне гэтай думкі дастаткова назваць сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі з Прадстаяцелем Рускай Праваслаўнай Царквы, якія адбыліся ў Маскве (10.04.09), Мінску (25.09.09), і сустрэчу з Папам Рымскім Бенедыктам XVI у Ватыкане (27.04.09). Значна палепшыліся адносіны дзяржавы з рэлігійнымі арганізацыямі, у першую чаргу, з Беларускай Праваслаўнай Царквой (БПЦ) і Рымска-каталіцкай Царквой (РКЦ). У Рэспубліцы Беларусь адносіны дзяржавы і рэлігійных арганізацый будуюцца на аснове прынцыпаў свабоды сумлення, неўмяшальніцтва дзяржаўных органаў у дзейнасць рэлігійных арганізацый і ў той жа час на аснове прызнання дзяржавай значнага ўкладу БПЦ і РКЦ у станаўленне беларускай дзяржаўнасці, развіццё нацыянальнай культуры і ў зацвярджэнне духоўна-маральных каштоўнасцей у грамадстве. Гэтыя ідэі складаюць аснову свецкай дзяржавы і маюць асобае значэнне для Рэспублікі Беларусь, краіны шматнацыянальнай і поліканфесійнай. У свецкай дзяржаве (светапоглядна нейтральнай, роўнааддаленай, безацэначнай, г. зн. дзяржаве, якая не аддае перавагі ніякаму светапогляду) свабода сумлення і іншыя фундаментальныя правы і свабоды чалавека не пазбаўлены маральнага вымярэння. Яны цесна звязаны з гонарам і годнасцю асобы, якія з’яўляюцца крытэрыямі духоўных, маральных і сацыяльных якасцей чалавека. У цяперашні час з’явіліся новыя элементы свабоды сумлення, у прыватнасці, такія, як права на альтэрнатыўную грамадскую службу, права на рэлігійную бяспеку. Акрамя таго, адбываецца пераасэнсаванне канстытуцыйнага права на рэлігійную адукацыю, з’яўляюцца дадатковыя магчымасці для яго рэалізацыі. Такім чынам, можна гаварыць пра пашырэнне зместу паняцця «свабода сумлення» ва ўмовах фарміравання свецкай дзяржавы.



Свецкая дзяржава – гэта такі спосаб арганізацыі публічнай (палітычнай) улады, пры якім дзяржава і рэлігійныя арганізацыі адасоблены і ў той жа час узаемадзейнічаюць паміж сабой, пры якім адсутнічае дзяржаўная або афіцыйная рэлігія, што забяспечвае роўнасць рэлігійных арганізацый перад законам, свабоду сумлення і раўнапраўе грамадзян незалежна ад адносін да рэлігіі з мэтай дасягнення балансу інтарэсаў асобы, дзяржавы і рэлігійных утварэнняў у розных сферах жыцця грамадства. У той жа час свецкая дзяржава ў сучаснай Беларусі толькі робіць першыя крокі. Рэспубліка Беларусь не мае такога вопыту, як, напрыклад, Францыя, Англія, ЗША, Германія і іншыя краіны, якія ўзялі курс на свецкасць з пачатку XVIII ст. Фарміраванне свецкай дзяржавы ў Рэспубліцы Беларусь адбываецца ва ўмовах пастаяннага пашырэння канфесійнай прасторы, пошуку навуковага абгрунтавання асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы, неабходнасці правядзення адпаведнай дзяржаўна-канфесійнай і міжканфесійнай палітыкі, у працэсе чаго на практыцы ўзнікае шэраг складанасцей.

Неад’емнай часткай свецкасці сучаснай беларускай дзяржавы з’яўляецца свецкасць яе органаў, і перш за ўсё, органаў дзяржаўнай улады. Яна прадугледжвае асаблівасці арганізацыі і дзейнасці дзяржаўных органаў, замацаванне палітыка-прававых асноў іх супрацоўніцтва з рэлігійнымі арганізацыямі і прыхільнікамі розных светапоглядаў. Істотнымі рысамі свецкасці дзяржаўных органаў як палітыка-прававой катэгорыі з’яўляюцца наступныя: 1) свецкасць фарміравання органаў дзяржаўнай улады; 2) свецкасць іх функцыянавання; 3) свецкасць палітыка-прававога статусу асоб, надзеленых уладнымі паўнамоцтвамі; 4) свецкасць этыкі службовых асоб; 5) свецкасць дзяржаўнай сімволікі.

Надзённай праблемай з’яўляецца забеспячэнне рэлігій-най бяспекі грамадзян Рэспублікі Беларусь у кантэксце свецкасці. Існуе вялікі выбар светапоглядных сістэм, рэлігійных рухаў. Дзейнасць некаторых з іх прыносіць шкоду дзяржаве і грамадству, мае негатыўныя вынікі для насельніцтва. Пераканаўчым доказам таму з’яўляецца факт добраахвотнага зняволення групы людзей, сярод якіх былі і грамадзяне Рэспублікі Беларусь, у падзямеллі яра, размешчанага каля сяла Нікольскае Бекаўскага раёна Пензенскай вобласці. Чаканне «канца свету» працягвалася 175 дзён і прывяло да смерці 2 пустэльнікаў.

Больш значнай становіцца прысутнасць рэлігійнага кампанента ў дзейнасці органаў дзяржаўнай улады, праваахоўных і армейскіх падраздзяленняў, устаноў адукацыі і аховы здароўя, што стварае пагрозу клерыкалізацыі дзяржаўных і сацыяльных інстытутаў.

Рэлігія ў апошнія два дзесяцігоддзі стала адным з найбольш істотных фактараў сучаснага беларускага сацыяльнага жыцця, у сувязі з чым асаблівую значнасць набывае форма яе ўплыву на станаўленне і развіццё розных сфер грамадскага жыцця, сярод якіх усё большую ўвагу прыцягвае да сябе дзяржаўная адукацыя. У гэтай сферы найбольшы грамадскі рэзананс выклікалі праблемы, звязаныя са спробамі ўключэння шэрага новых дысцыплін, якія змяшчаюць веды аб рэлігіі, у дзяржаўныя школы. З аднаго боку, рэлігія непарыўна звязана з грамадствам і культурай, адукацыяй і выхаваннем. У масавай свядомасці, СМІ, некаторых рэлігійных і навуковых публікацыях гэтым адносінам часта надаецца вырашальнае значэнне, што з’яўляецца падставай для ўключэння ў школьную праграму традыцыйных у мінулым і новых форм рэлігійнай адукацыі. Безумоўна, веды аб рэлігіі з’яўляюцца неад’емным кампанентам адукаванасці сучаснага чалавека, агульнай і прафесійнай культуры спецыяліста. Але выкладанне гэтых ведаў можа ажыццяўляцца ў розных формах – свецкай, рэлігійнай, антырэлігійнай (атэістычнай). Найбольш актуальным з’яўляецца гэта пытанне для ўстаноў дзяржаўнай сістэмы адукацыі, у якіх могуць мець месца тэндэнцыі падмены свецкай адукацыі рэлігійнай, а рэлігіязнаўчых ведаў – тэалагічнымі.

Пранікненне рэлігіі ў сістэму адукацыі, якая да нядаўняга часу была даволі секулярызаванай, абвастрыла праблему «адукацыя і рэлігія», якая ўжо не першы год выклікае ў беларускім грамадстве вельмі гарачыя і не заўсёды канструктыўныя спрэчкі. Вырашэнне дадзенай праблемы знаходзіцца не столькі ў сферы выхавання, колькі ў сацыяльным, палітычным, прававым і іншых аспектах.

Развіццё свецкай і рэлігійнай адукацыі істотна апярэджвала прыняцце кіраўніцкіх рашэнняў у гэтай сферы, што аказвала ўплыў на сістэму адукацыі, ствараючы дадатковыя праблемы на існуючым палітыка-прававым полі. Марудны «канфлікт інтэрпрэтацый», які адбываецца ў дадзенай сферы, абумолены гістарычна. Доўгі працэс секулярызацыі навукі сфарміраваў велізарную перавагу «безрэлігійнай» свецкай культуры над рэлігійнымі традыцыямі, у выніку чаго нават сама цікавасць да рэлігіі і патрэба ў ёй сфарміраваліся пад уплывам сацыякультурных працэсаў. У цяперашні час адбываецца зваротны працэс, і адукацыя як структураўтваральны элемент дзяржаўна-канфесійных адносін выступае асноўным каналам, які вызначае працэс і вынікі асваення рэлігійнай сістэмы каштоўнасцей свецкай свядомасцю зараз і ў перспектыве. Спосабы асваення рэлігійных каштоўнасцей, якія сфар-міраваліся ў адукацыйнай практыцы, зводзяцца альбо да ліберальна-секулярнай мадэлі, арыентаванай на захаванне «чысціні» свецкай культуры пры пастуліраванні светапоглядна нейтральнага акадэмічнага рэлігіязнаўства, альбо да мадэлі, якая культывуе рэлігійныя сэнсы і каштоўнасці. Такая палярызацыя на практыцы прыводзіць да таго, што перавага аддаецца альбо аднаму, альбо другому пункту погляду. Сёння неабходна іншая пастаноўка пытання, якая прадугледжвае зняцце канфрантацыі.

Практыка вывучэння рэлігіі ва ўстановах адукацыі Рэспублікі Беларусь выглядае па-рознаму. Перш за ўсё, такія катэгорыі, як «гуманнасць», «духоўнасць» і г. д., сталі падмяняцца рэлігійнымі маральнымі каштоўнасцямі, ствараючы ўяўленне, што гуманнасць і духоўнасць могуць мець толькі рэлігійны змест. Зварот да духоўнасці паставіў вучоных і выкладчыкаў-практыкаў перад неабходнасцю вырашыць шэраг важных праблем. Адна з іх – на якіх традыцыях яе выхоўваць? Духоўнасць – складанае паняцце, якое выкарыстоўваецца, перш за ўсё, у рэлігіі, рэлігійнай і ідэалістычна арыентаванай філасофіі, дзе яна звязваецца з дзеяннем самастойнай духоўнай субстанцыі, якой належыць функцыя вырашэння лёсаў свету і чалавека. У іншых філасофскіх традыцыях гэта паняцце не так вызначана і не знайшло свайго месца ні ў сферы паняццяў, якія характарызуюць ідэальную свядомасць, розум, нацыянальнасць, ні ў сферы сацыякультурнага жыцця чалавека. Разам з тым, у апошнія гады гэта паняцце стала шырока выкарыстоўвацца ў канцэпцыях «духоўнага адраджэння Беларусі», у даследаваннях працэсаў «духоўнай вытворчасці», «духоўнай культуры і яе відаў» і г. д. Але яго азначэнне па-ранейшаму застаецца дыскусійным.

Паняцце «духоўнасць», на наш погляд, можна выкарыстоўваць пры характарыстыцы ўнутранага, суб’ектыўнага свету чалавека як «духоўнага свету асобы». Але пры гэтым узнікаюць пытанні адносна таго, што ў гэты свет уваходзіць, па якіх крытэрыях вызначаць яго наяўнасць і развіццё. Ці дастаткова поўна розум, рацыянальнасць, культура мыслення, узровень і якасць ведаў раскрываюць змест паняцця духоўнасці, а адукацыя – шлях яго духоўнасці? Аднабаковы рацыяналізм аказваецца відавочна недастатковым для вызначэння духоўнай культуры асобы. Але, калі духоўнасць немагчыма звесці да рацыянальнага асваення свету чалавекам, тым больш немагчыма вызначыць гэту сферу як культуру перажыванняў і пачуццёва-валявога асваення свету чалавекам.

Духоўнасць можа быць свецкай і рэлігійнай. Гэта дзве розныя, але ўзаемазвязаныя лініі духоўнага развіцця чала-века. Было б няправільным атаясамліваць духоўнасць толькі з рэлігійнасцю. У такім выпадку можна звузіць і збядніць само паняцце духоўнасці, заўсёды звязанае з гуманістычнымі ідэямі, цэнтрам якіх былі адносіны чалавека не толькі да сябе, але і да іншых людзей, грамадства і г. д. Арыентацыя сістэмы адукацыі на агульначалавечыя каштоўнасці выклікае праблемы, звязаныя з іерархіяй (асобасныя, сацыяльныя, дзяржаўныя). Перш за ўсё, трэба адзначыць дваістасць разумення самой «свецкасці», якая ўнутры рэлігійнай суполкі (царквы, канфесіі, «грамадскай большасці») можа трактавацца як арыентацыя на асвету аднаверцаў, у той час як у поліканфесійным, плюралістычным грамадстве свецкае разумеецца як агульнаграмадзянскае.

Зыходным прыярытэтам, на нашу думку, павінна стаць фарміраванне свабоднай і адказнай асобы, здольнай канструктыўна працаваць у праблемных сітуацыях, якая спалучае прафесійную кампетэнтнасць з грамадзянскай адказнасцю, валодае належным светапоглядным кругаглядам і маральнай свядомасцю. Таму грамадзянскае выхаванне павінна пакідаць навучэнцу магчымасць рабіць уласны выбар, захоўваць незалежнасць і, разам з тым, павінна выхоўваць павагу да каштоўнасцей, без якіх немагчыма існаванне дэмакратычнай дзяржавы. Існуючыя праблемы і супярэчнасці выкліканы, з аднаго боку, недасканаласцю заканадаўства. У заканадаўстве, і асабліва ў правапрымяняльнай практыцы, маюць месца істотныя недахопы і супярэчнасці. Іх пераадоленне магчыма праз змяненне адносін дзяржавы, органаў кіравання адукацыяй, а таксама школьнікаў, студэнтаў і выкладчыкаў да ведаў аб рэлігіі, да навучання, якое не зводзіцца да засваення і прыняцця ісцін таго ці іншага веравучэння або светапогляду, а носіць характар агульнакультурнага пазнавальнага працэсу. З другога боку, існаванне праблем і супярэчнасцей выклікана актывізацыяй адукацыйнай дзейнасці рэлігійных арганізацый. У выніку ўстановы адукацыі Рэспублікі Беларусь аказаліся ўцягнутымі ў працэс пераацэнкі каштоўнасцей у дачыненні да рэлігіі. Асноўнай праблемай беларускай прававой палітыкі ў сферы адукацыі з’яўляецца адсутнасць нарматыўных механізмаў рэалізацыі свабоды веравызнання ў адукацыйным праве, з аднаго боку, і замацаванне гэтага права ў палітыка-прававым полі – з другога.

Істотным недахопам прававой палітыкі ў сферы адукацыі трэба прызнаць канцэптуальную нераспрацаванасць яе тэрміналогіі, якая выкарыстоўваецца ў актах рознага ўзроўню і робіць нявызначаным палітыка-прававы парадак у дадзенай сферы адносін. Прынцып свецкасці адукацыі з’яўляецца адной з гарантый рэалізацыі чалавекам свабоды веравызнання, таму што толькі ва ўмовах свецкай адукацыі чалавек мае свабоду выбару светапогляду і знікае пагроза дыскрымінацыі на падставах рэлігіі.

У выпадку парушэння патрабаванняў свецкасці ўзнікаюць перашкоды для рэалізацыі свабоды сумлення. Свабода сумлення i веравызнання гарантуецца кожнаму Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь: «Кожны мае права самастойна вызначаць свае адносіны да рэлігіі, аднаасобна або сумесна з іншымі вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай, выказваць і распаўсюджваць перакананні, звязаныя з адносінамі да рэлігіі, удзельнічаць у выкананні рэлігійных культаў, рытуалаў, абрадаў, не забароненых законам» (арт. 31). Нацыянальныя прававыя нормы ў сферы свабоды сумлення грунтуюцца на агульнапрызнаных прынцыпах і нормах міжнароднага права, якія ўтрымліваюцца, у першую чаргу, у дакументах, прынятых ААН.

Міжнароднае права разглядае рэлігійную адукацыю як асноўны элемент права на свабоду сумлення. Структурнымі элементамі катэгорыі свабоды сумлення з’яўляюцца наступныя: права вызнаваць любую рэлігію; права выконваць рэлігійныя абрады; права мяняць рэлігію; права не вызнаваць ніякай рэлігіі; права прапаганды рэлігіі; права весці атэістычную прапаганду; права на дабрачынную дзейнасць; права на рэлігійную адукацыю; культурна-асветніцкая рэлігійная дзейнасць; роўнасць усіх грамадзян перад законам незалежна ад іх адносін да рэлігіі. Састаўной часткай права на свабоду сумлення з’яўляецца права на атрыманне рэлігійнай адукацыі. Міжнародныя акты вызначаюць як права грамадзян на рэлігійную адукацыю, так і права бацькоў на выбар адукацыі і выхавання дзяцей у адпаведнасці са сваімі перакананнямі.

Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека 1948 г. прадугледжвае наступнае: « … бацькі маюць права прыярытэту ў выбары адукацыі для сваіх малалетніх дзяцей» (ч. 3, арт. 26). Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах 1966 г. абвяшчае, што «дзяржавы, якія ўдзельнічаюць у гэтым Пакце, абавязваюцца паважаць свабоду бацькоў і ў адпаведных выпадках законных апекуноў забяспечваць рэлігійнае і маральнае выхаванне сваіх дзяцей у адпаведнасці са сваімі ўласнымі перакананнямі» (ч. 3, арт. 18). Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах 1966 г. замацоўвае, што «дзяржавы, якія ўдзельнічаюць у гэтым Пакце, абавязваюцца паважаць свабоду бацькоў і ў адпаведных выпадках законных апекуноў выбіраць для сваіх дзяцей не толькі заснаваныя дзяржаўнымі ўладамі школы, але і іншыя школы, якія адпавядаюць таму мінімуму патрабаванняў для адукацыі, які можа быць устаноўлены або зацверджаны дзяржавай, і забяспечваць рэлігійнае і маральнае выхаванне сваіх дзяцей у адпаведнасці са сваімі ўласнымі перакананнямі» (ч. 3, арт. 13). У Дэкларацыі ААН аб ліквідацыі ўсіх форм нецярпімасці і дыскрымінацыі на аснове рэлігіі або перакананняў 1981 г. развіваюцца палажэнні, замацаваныя ў дакументах ААН агульнага значэння, якія прыведзены вышэй, а таксама выкарыстоўваецца паняцце «інтарэсаў дзіцяці», якое з’яўляецца кіруючым прынцыпам: «Калі дзіця не знаходзіцца на ўтрыманні сваіх бацькоў або законных апекуноў, то бяруцца належным чынам пад увагу воля або любыя праяўленні волі, якія выказваюцца ім у пытаннях рэлігіі або перакананняў, прычым кіруючым прынцыпам з’яўляюцца інтарэсы дзіцяці». Дэкларацыя змяшчае паняцце дыскрымінацыі на аснове рэлігіі або перакананняў з боку любой дзяржавы, установы, групы асоб або некаторых асоб. Пад дыскрымінацыяй маецца на ўвазе любое адрозненне, абмежаванне або перавага, заснаваныя на рэлігіі або перакананнях, якія маюць сваёй мэтай або вынікам знішчэнне або прыніжэнне прызнання, карыстання або ажыццяўлення на аснове роўнасці правоў чалавека і асноўных свабод. Артыкул 4 Дэкларацыі абавязвае дзяржавы прымаць адпаведныя меры для папярэджання і ліквідацыі дыскрымінацыі на аснове рэлігіі або перакананняў у прызнанні, ажыццяўленні і рэалізацыі правоў чалавека і асноўных свабод ва ўсіх галінах эканамічнага, палітычнага, сацыяльнага і культурнага жыцця.

Усе дзяржавы прыкладаюць намаганні для таго, каб прыняць або адмяніць заканадаўства, калі гэта неабходна, каб забараніць любую падобную дыскрымінацыю, а таксама каб прыняць ўсе адпаведныя меры па барацьбе супраць нецярпімасці на аснове рэлігіі або іншых перакананняў у гэтай галіне (арт. 2, 3, 4). Акрамя таго, арт. 6 Дэкларацыі прадугледжвае, што права на свабоду веравызнання ўключае свабоду весці выкладанне па пытаннях рэлігіі або перакананняў у месцах, якія падыходзяць для гэтай мэты. Выніковы дакумент Венскай сустрэчы 1989 г. прадстаўнікоў дзяржаў – удзельніц нарады па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе ў ліку гарантый забеспячэння свабоды асобы ўказвае на павагу дзяржавамі-ўдзельніцамі права кожнага даваць і атрымліваць рэлігійную адукацыю па сваім выбары, індывідуальна або сумесна з іншымі.

На аналагічных прававых нормах грунтуецца Канвенцыя аб барацьбе з дыскрымінацыяй у галіне адукацыі, прынятая Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый у 1960 г. Канвенцыя аб правах дзіцяці ААН, прынятая ў 1989 г., абвяшчае наступнае: « … дзяржавы-ўдзельніцы паважаюць правы і абавязкі бацькоў і ў адпаведных выпадках законных апекуноў кіраваць дзіцем у ажыццяўленні яго права метадам, што ўзгадняецца са здольнасцямі дзіцяці, якія развіваюцца» (п. 2, арт. 14). На наш погляд, асноўнымі прынцыпамі рэгулявання правоў і свабод у сферы рэлігійнай адукацыі міжнароднага заканадаўства з’яўляюцца неабавязковасць і добраахвотнасць рэлігійнай адукацыі. Так, у арт. 5 Канвенцыі па барацьбе з дыскрымінацыяй у галіне адукацыі адзначана, што «нікому паасобку і ні адной групе асоб, узятай у цэлым, не трэба навязваць рэлігійнае навучанне і выхаванне, несумяшчальнае з іх перакананнямі».

Інстытут правоў і свабод чалавека змяшчае нормы, якія прадугледжваюць, што ў сферы адукацыі дзяржава павінна ствараць усю сукупнасць інстытуцыянальных умоў для рэалізацыі грамадзянамі права на адукацыю. Пры гэтым умяшальніцтва дзяржавы ў адукацыйны працэс павінна вызначацца інтарэсамі асобы, грамадства і дзяржавы, што, відавочна, таксама абумоўлена рэалізацыяй правоў і свабод чалавека, таму што права на адукацыю належыць да ліку асноўных правоў.

У адпаведнасці з прынятымі міжнароднымі падыходамі, права на адукацыю разглядаецца як свабода адукацыі і з’яўляецца натуральным, неадчужальным правам, належыць кожнаму ад нараджэння. Не існуе ніякіх падстаў, паводле якіх гэта права можа быць перададзена іншай асобе, групе асоб, грамадству, дзяржаве.

Міжнароднае заканадаўства, якое рэгулюе рэлігійныя адукацыйныя адносіны, фарміруе міжнародна-прававы парадак рэалізацыі права на рэлігійную адукацыю. Нормы, што ўстанаўліваюць міжнародныя нарматыўна-прававыя дакументы, уяўляюць сабой палітыка-прававую аснову рэлігійнай адукацыі, а дзяржавы, якія падпісалі дадзеныя дакументы, інтэгруюць іх як частку сваёй прававой сістэмы. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (арт. 8, 21, 61) прадугледжвае наступнае: наша краіна прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства, што адкрывае магчымасць прамога дзеяння гэтых нормаў міжнароднага права, іх прымянення органамі ўлады, уключаючы суды. Судам пры ажыццяўленні правасуддзя трэба зыходзіць з таго, што агульнапрызнаныя прынцыпы і нормы міжнароднага права, замацаваныя ў міжнародных пактах, канвенцыях і іншых дакументах (у прыватнасці, ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, Міжнародным пакце аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах), і міжнародныя дагаворы Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь састаўной часткай яе прававой сістэмы. Згодна з арт. 137 Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь валодае прамым дзеяннем на тэрыторыі краіны. Яна ўтрымлівае як нормы, непасрэдна звязаныя са свабодай сумлення і становішчам рэлігійных арганізацый, так і нормы больш агульнага характару, якія ўключаюць прыватны выпадак права на свабоду сумлення (свабода думкі і слова, права на аб’яднанне, права на адукацыю), а таксама нормы, якія вызначаюць парадак і падставы абмежавання асноўных правоў і свабод чалавека. Рэлігійная адукацыя ёсць інстытут адукацыйнага права, які рэгулюе канстытуцыйныя патрабаванні аб свабоде сумлення і свабодзе адукацыі, уключае ў сябе нарматыўна-прававую сукупнасць, якая рэгулюе права на набыццё ведаў аб рэлігіі, выкладанне рэлігіі. Рэлігійная адукацыя падзяляецца на канфесійную і рэлігіязнаўчую.

Канфесійную і рэлігіязнаўчую адукацыю можна вызначыць як дзейнасць па трансляцыі спецыфічных відаў ведаў, каштоўнасцей, ладу жыцця і светаадчування, якая ажыццяўляецца прафесійна падрыхтаванымі людзьмі ў дачыненні да навучэнцаў. Паміж імі ёсць падабенства, але метадалагічна дакладным падыходам у вывучэнні рэлігіі застаецца ўсё ж такі прызнанне таго факта, што рэлігія абапіраецца на веру ў звышнатуральнае, а рэлігіязнаўства як галіна гуманітарнай навукі гэта звышнатуральнае вывучае даступнымі ёй метадамі і сродкамі. Адсюль і асноўнае адрозненне: для канфесійнай адукацыі веды выконваюць дапаможную ролю, а рэлігіязнаўства робіць рэлігію прадметам навуковага даследавання разам з іншымі сферамі грамадскага жыцця.

Пад канфесійнай адукацыяй трэба разумець дзейнасць па трансляцыі рэлігійных дактрын, вопыту, пачуццяў, спосабаў культавай практыкі, якая ажыццяўляецца канфесійна падрыхтаванымі асобамі (святарамі, рэлігійнымі педагогамі і г. д.), а таксама сістэму падрыхтоўкі педагагічных кадраў для саміх устаноў канфесійнай адукацыі. Усё гэта не можа ўваходзіць у задачу свецкіх устаноў адукацыі, нягледзячы на пэўнае падабенства ў змесце ведаў аб рэлігіі. Акрамя таго, ёсць пэўная неадпаднасць паміж знешнімі нормамі, якія рэгулююць канфесійную адукацыю, і ўнутраным зместам, які вызначае сувязь паміж канфесійнай адукацыяй і рэлігіязнаўчай, рэлігійнай і свецкай адукацыяй, а знешнія формы нарматыўнай рэгуляцыі не зусім адпавядаюць сучасным рэаліям і будуць у далейшым змяняцца ў працэсе развіцця дзяржаўна-канфесійных адносін. Тэрмін «рэлігійная адукацыя» ўвайшоў ў міжнародны лексікон як найбольш шырокае паняцце, якое ахоплівае розныя віды адукацыйнай дзейнасці, звязаныя з вывучэннем рэлігіі, выхаваннем рэлігійных пачуццяў і развіццём рэлігійнай свядомасці.

Тэрмін «рэлігійная адукацыя» ў шырокім сэнсе разумееца як «форма далучэння да ведаў аб рэлігіі», што дазваляе адрозніваць яго ад «біялагічнай» або «філасофскай» адукацыі па зместу. Гэты змест мае ў сучаснай культуры дзве спецыялізаваныя і супрацьпастаўленыя формы адукацыі: «канфесійная», якая далучае да жыцця ў пэўнай «сапраўды праўдзівай традыцыі», і «рэлігіязнаўчая», якая далучае да ведаў аб любой рэлігіі, ні адна з якіх не лічыцца «адзіна сапраўднай». У гэтай сувязі тэрмін «рэлігійная адукацыя», які часта атаясамліваецца толькі з «канфесійнай адукацыяй», што бярэцца ў супрацьпастаўленні з «рэлігіязнаўчай» свецкай, патрабуе спецыяльнага вызначэння. Да ліку паняццяў, якія патрабуюць заканадаўчых дэфініцый, адносяцца катэгорыі свецкай і рэлігійнай адукацыі. Свецкая адукацыя ёсць палітыка-прававая катэгорыя, якая адлюстроўвае аксіялагічную нейтральнасць сістэмы адукацыі да рэлігійнага светапогляду, выключае навучанне, навязванне якой-небудзь рэлігіі або нерэлігійных ідэалогій, правядзенне богаслужэнняў, рэлігійных абрадаў або цырымоній, не накіраваных на падрыхтоўку служыцеляў культу.

Палітыка-прававыя асновы свецкасці адукацыі зводзяцца да пяці нарматыўных патрабаванняў:

• недапушчальнасць устанаўлення якога-небудзь светапогляду, у тым ліку рэлігійнага, у якасці абавязковага ў дзяржаўных установах адукацыі;

• недапушчальнасць умяшальніцтва рэлігійных і грамадскіх аб’яднанняў у кіраванне дзяржаўнымі ўстановамі адукацыі, якое прадугледжвае перадачу рэлігійным і грамадскім аб’яднанням паўнамоцтваў і функцый адміністрацый дзяржаўных устаноў адукацыі;

• забеспячэнне правоў навучэнцаў і выкладчыкаў на свабоду веравызнання і слова, так-сама і недапушчальнасці прымусу пры навучанні рэлігіі;

• недапушчальнасць правядзення ў дзяржаўных установах адукацыі рэлігійных абрадаў;

• недапушчальнасць накіраванасці адукацыі ў дзяржаўных установах адукацыі на прафесійную рэлігійную падрыхтоўку служыцеляў рэлігійнага культу.

Канфесійная адукацыя часта з’яўляецца аднабаковай з адзінай дапушчальнай сёння формай выхаваўчага, духоўнага ўздзеяння грамадства на асобу, супрацьпастаўленага адукацыі як перадачы ведаў, навуковай інфармацыі аб прадмеце. Грамадству неабходна пераасэнсаваць формы і мэты сучаснай адукацыі (канфесійнай і рэлігіязнаўчай), напрацаваных практык яе ўключэння ў нацыянальную сістэму адукацыі, таксама патрэбна знайсці тэарэтычную аснову для фарміравання новых дзяржаўна-канфесійных адносін у сферы адукацыі. Найбольшыя цяжкасці выклікае пытанне аб фінансаванні канфесійнай адукацыі. Аднак яго вырашэнне знаходзіцца ў канстытуцыйна-прававым полі. Зыходзячы з прынцыпаў свабоды веравызнання, свецкасці дзяржавы, роўнасці рэлігійных арганізацый і іншых, дзяржава не павінна фінансаваць

дзейнасць рэлігійных арганізацый, у тым ліку канфесійную

адукацыю ў дзяржаўных установах адукацыі. Адзначаныя

вышэй негатыўныя тэндэнцыі клерыкалізацыі дзяржаўнай

адукацыі прыводзяць да таго, што падаткаплацельшчыкі-іншадумцы вымушаны фінансаваць канфесійную адукацыю.

Ва ўмовах станаўлення канфесійнай адукацыі павялічваецца значэнне далейшага развіцця рэлігіязнаўчай адукацыі як фактару фарміравання светапогляднай, рэлігійнай, нацыянальнай цярпімасці. Пад рэлігіязнаўчай адукацыяй у свецкай школе трэба разумець выкладанне ведаў аб рэлігіі ў яе навукова-культуралагічным разглядзе. Такая адукацыя ўключае шырокі комплекс дысцыплін, якія разглядаюць рэлігію ў гістарычным, філасофскім, паліталагічным, сацыялагічным і культуралагічным аспектах. У адрозненне ад канфесійнай адукацыі, накіраванай на пашырэнне рэлігійнай веры, канфесійнае самавызначэнне і навучанне дагматам і абрадам пэўнай канфесіі, рэлігіязнаўчая адукацыя спрыяе атрыманню навучэнцамі навуковых ведаў аб рэлігіі як сацыяльнай і культурнай з’яве, яе месцы ўдухоў ным жыцціграмадства, у гісторыі беларускага народа. Мэтай рэлігіязнаўчай адукацыі з’яўляецца фарміраванне ўсебакова развітай асобы, якая валодае высокім культурным патэнцыялам і шырокім кругаглядам. У межах рэлігіязнаўчай адукацыі адбываецца далучэнне да рэлігійнай культуры (культуры рэлігій і рэлігійных арганізацый) як часткі нацыянальнай і сусветнай культурнай спадчыны.

Спецыфіка канфесійнай і рэлігіязнаўчай адукацыі праяўляецца ў некалькіх аспектах:

•• змесце ведаў, якія трансліруюцца;

•• выніку адукацыйнай дзейнасці, які заключаецца ў выхаванні асобы, здольнай ажыццявіць асэнсаваны выбар светапогляднай устаноўкі;

•• якасных характарыстыках канфесійнай і рэлігіязнаўчай адукацыі (кансерватыўнасці, стабільнасці, нізкім узроўні дынамікі і інавацыйнасці, наяўнасці ірацыянальнага кампанента);

•• характары суадносін элементаў навучання і выхавання ў навучальным працэсе.

Акрамя таго, канфесійная і рэлігіязнаўчая адукацыя адрозніваюцца па шэрагу параметраў: мэтах, суб’ектах адказнасці суб’ектах выканання. Разам з тым, дакладнае захаванне прынцыпу свецкага характару зместу адукацыіўсвецкіх установах адукацыі і канфесійнай адукацыі ў канфесійных навучальных установах не азначае немагчымасць супрацоўніцтва паміж рознымі сістэмамі адукацыі, міжканфесійнага дыялогу і ўзаемнага ўзбагачэння педагагічным вопытам. Падобнае супрацоўніцтва (пры распрацоўцы курсаў праграм, падручнікаў і навучальных дапаможнікаў па гісторыі рэлігій, рэлігіязнаўства і г. д.) не супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзеючаму заканадаўству пры ўмове «светапогляднага нейтралітэту» і аб’ектыўнага падыходу да выкладання рэлігіязнаўства. Гэта супрацоўніцтва можа спрыяць паглыбленню ведаў аб розных канфесіях выкладчыкаў і навучэнцаў свецкай школы і адначасова – большай цярпімасці ў асяроддзі выкладчыкаў духоўнага сану ў канфесійных навучальных установах. Кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь мае права на атрыманне адпаведнай канфесійнай і рэлігіязнаўчай адукацыі па сваім жаданні на добраахвотнай аснове. Дадзенае права замацавана шэрагам міжнародных нарматыўных актаў і Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Згодна з арт. 49 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь права на адукацыю з’яўляецца элементам сістэмы правоў і свабод чалавека, яно непасрэдна праяўляецца ў рэальнай адукацыйнаправавой практыцы ў выглядзе канкрэтнага суб’ектыўнага права як мера дазволенасці (магчымасці) дзеяння ўдзельнікаў адукацыйных адносін па задавальненню імі ў межах дзеючага заканадаўства сваіх адукацыйных патрэб, забеспячэнні і абароне адпаведных законных інтарэсаў.

Права на адукацыю мае патрэбу ў інстытуцыянальнай структуры, якая адпавядае нацыянальным інтарэсам. Па сутнасці, палітычнае і прававое поле, якое фарміруецца і рэгулюе сферу адукацыі, вызначаецца больш шырокім інстытуцыянальным кантэкстам, што забяспечвае рэалізацыю правоў і свабод чалавека; таму паўната рэалізацыі дзяржавай права на адукацыю звязана з канцэптуальным зместам нацыянальных інтарэсаў у сферы адукацыі, мэтамі і задачамі дзяржаўнай сацыяльнай і, адпаведна, адукацыйнай палітыкі. З’яўляючыся неад’емнай часткай права на свабоду сумлення, права на канфесійную і рэлігіязнаўчую адукацыю ажыццяўляецца з захаваннем тых абмежаванняў, якія прадугледжаны ў дачыненні да самога права на свабоду веравызнання. Многія з іх звязаны з тым, што Рэспубліка Беларусь з’яўляецца свецкай дзяржавай, і адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь таксама з’яўляецца свецкай і не прадугледжвае навучанне і выхаванне

грамадзян у адпаведнасці з якім-небудзь рэлігійным або атэістычным

светапоглядам. У межах свецкай адукацыі не забараняецца выкладанне ведаў аб рэлігіі як сацыякультурным і гістарычным феномене. Формы ўзаемадзеяння інстытутаў свецкай і рэлігіязнаўчай адукацыі рэгулююцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь», Законам «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях». Закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» прадугледжвае, што дзяржава забяспечвае свецкі характар адукацыі ў дзяржаўных установах адукацыі, не перадае рэлігійным арганізацыям якія-небудзь дзяржаўныя функцыі, не ўмешваецца ў дзейнасць рэлігійных арганізацый, калі яна не супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь. З улікам права дзіцяці на свабоду сумлення i веравызнання яго выхаванне ажыццяўляецца бацькамі або асобамі, якія іх замяняюць, у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе сумлення ірэлігійных арганізацыях», які прадугледжвае магчымасць атрымання рэлігійнай асветы. Навучанне рэлігіі з’яўляецца неабходным элементам праваздольнасці рэлігійных арганізацый. Так, у арт. 13 Закона «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» навучанне рэлігіі і рэлігійнае выхаванне паслядоўнікаў рэлігійных арганізацый разглядаюцца ў якасці прыметы рэлігійнай арганізацыі разам з іншымі: веравызнаннем, правядзеннем богаслужэнняў, іншых рэлігійных абрадаў і цырымоній. Разам з тым, права на атрыманне рэлігійнай адукацыі не рэгламентавана ў беларускім заканадаўстве. Арт. 1 Закона «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» дэкларуе свецкі характар дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі, прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцей, правоў чалавека. Аднак змест гэтых прынцыпаў не канкрэтызуецца, што выклікае шматлікія спрэчкі і дыскусіі наконт выкладання ў свецкіх навучальных установах канфесійна арыентаваных прадметаў.

У Рэспубліцы Беларусь ёсць заканадаўчая база, якая забяспечвае рэалізацыю права на адукацыю ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі. Разам з тым, некаторыя аспекты беларускай адукацыйнай палітыкі патрабуюць далейшага ўдасканальвання. У сучасных умовах як у Рэспубліцы Беларусь, так і ў іншых краінах значная ўвага надаецца канфесійнаму фактару адукацыйнай палітыкі, які ўключае ў сябе сукупнасць палітычных і прававых умоў рэалізацыі свабоды сумлення ў сферы адукацыі. У дадзеным кантэксце відавочна непаслядоўнасць рэалізацыі прынцыпу свабоды адукацыі ў беларускім заканадаўстве, што прыводзіць да істотных палітыка-прававых калізій. Недахопам з’яўляецца тое, што Закон «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь», нягледзячы на замацаванне роўнага доступу да адукацыі, не гарантуе роўнага абыходжання ў навучальным працэсе. Акрамя таго, няма прававой дакладнасці выкладання рэлігіі ў дзяржаўных установах адукацыі. Закон «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» не змяшчае норм аб рэлігійнай адукацыі. Закон Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» толькі фармальна дае магчымасць для атрымання рэлігійнай адукацыі, але ў ім не ўказваецца, што атрыманне рэлігійнай адукацыі ў сям’і або ўстанове адукацыі з’яўляецца спосабам рэалізацыі права на свабоду сумлення.

Да ліку супярэчнасцей заканадаўства, што забяспечвае права на рэлігійную адукацыю, адносіцца прававы статус рэлігійных устаноў адукацыі, дыпломы якіх не прызнаюцца дзяржавай. Для прызнання дзяржавай дыпломаў гэтых устаноў неабходна іх дзяржаўная акрэдытацыя, што супярэчыць прын-

цыпу свецкасці адукацыі, замацаванаму Законам «Аб адукацыі

ў Рэспубліцы Беларусь». Тым самым можна канстатаваць

супярэчнасць заканадаўства аб адукацыі адносна роўнасці

правоў устаноў адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Відавочна, нераспрацаванасць гэтага прававога механізму

сведчыць пра непаслядоўнасць адукацыйнай палітыкі ў сферы

забеспячэння права на адукацыю і свабоды сумлення, што

істотна абмяжоўвае свабоду грамадзян атрымаць (або даць

сваім дзецям) адукацыю ў адпаведнасці са сваімі рэлігійнымі

і маральнымі перакананнямі.

Асноўнай праблемай рэалізацыі права на рэлігійную адукацыю з’яўляецца адсутнасць механізмаў яго забеспячэння ў кантэксце прынцыпу свецкасці адукацыі. Недастаткова паслядоўная прававая палітыка ў галіне адукацыі прыводзіць да неадназначных трактовак месца і ролі рэлігійных арганізацый у свецкай школе. Дзейнасць рэлігійных арганізацый у свецкай школе (напрыклад, выкладанне «Асноў праваслаўнай культуры», распрацоўка і прыняцце дзяржаўнага стандарту па тэалогіі) выклікала дыскусію ў навуковым асяроддзі, у шырокай грамадскасці. Многія даследчыкі, вучоныя і педагогіпрактыкі разглядаюць выкладанне дадзенага курса як прамое парушэнне прынцыпу свецкасці адукацыі. Іншыя вучоныя мяркуюць, што выкладанне рэлігійных прадметаў на факультатыўнай аснове або нават уключаных у сетку гадзін не парушае канстытуцыйных правоў грамадзян Рэспублікі Беларусь і не супярэчыць дзеючаму заканадаўству.

На нашу думку, у адукацыйным сектары патрэбна захоўваць прынцып свецкасці. Пры гэтым неабходна ўлічваць, што такія курсы, як «Асновы праваслаўнай культуры», па сваім змесце з’яўляюцца светапогляднымі, таму павінны адпавядаць бінарнаму закону дыдактыкі, г. зн. павінны быць прадстаўлены ў сістэме адукацыі двойчы: у выглядзе навучальнага прадмета і ў выглядзе часткі іншых адукацыйных прадметаў, у тым ліку і ў пазанавучальнай выхаваўчай рабоце з дзецьмі, сямейным выхаванні, маладзёжнай культуры. Як навучальны прадмет дадзены курс не можа быць уключаны ў сетку гадзін з прычыны яго светапогляднай устаноўкі, але інтэграцыя яго зместу ў адукацыйныя прадметы цалкам дапушчальная.

Менавіта таму ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь установы адукацыі нашай краіны ў пытаннях выхаваўчай дзейнасці на падставе пісьмовых заяў законных прадстаўнікоў дзяцей (саміх паўналетніх навучэнцаў) у пазанавучальны час могуць узаемадзейнічаць з зарэгістраванымі рэлігійнымі арганізацыямі з улікам іх уплыву на фарміраванне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа. Парадак, умовы, змест і формы такога ўзаемадзеяння вызначаюцца Урадам Рэспублікі Беларусь пасля ўзгаднення з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Праблема свабоды сумлення ў сферы адукацыі з’яўляецца даволі складанай і супярэчлівай і, мабыць, не зводзіцца да дуалістычнага метаду яе вырашэння. Процістаянне дзвюх сістэм адукацыі (свецкай і рэлігійнай) з’яўляецца, па сутнасці, процістаяннем дзвюх сістэм каштоўнасцей. Яно абумоўлена цэлым шэрагам фактараў, у тым ліку і недахопамі сістэмы адукацыі, зместам яе навучальнай і пазанавучальнай работы. У выніку рэформ школа аказалася не падрыхтаванай да вырашэння такіх праблем. Пры гэтым школа (як вышэйшая, так і адукацыйная) з’яўляецца механізмам рэалізацыі палітыкі ў сферы ідэалогіі беларускай дзяржавы.

Трэба звярнуць увагу на тое, што праблема часта вырашалася на канферэнцыях, нарадах, «круглых сталах», Свята-Міхайлаўскіх чытаннях і г. д. з прыцягненнем грамадскай думкі людзей, далёкіх ад дадзенай праблематыкі і не заўсёды кампетэнтных у тых пытаннях, якія выносіліся на абмеркаванне. Пры гэтым мы выступаем не супраць грамадскага абмеркавання дадзенай важнай дзяржаўнай праблемы, а супраць дылетанцтва ў навуцы, у прыватнасці, педагагічнай. Можна ўлічыць вопыт і погляды дылетантаў, але нельга ігнараваць погляды прафесіяналаў, а вырашэнне праблемы больш мэтазгодна даручаць не грамадскім структурам, а Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, РІВШ БДУ і іншым даследчым цэнтрам. Аналізуючы вопыт педагогаў у ажыццяўленні рэлігійнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь, можна канстатаваць, што сістэму прыярытэтаў і арыенціраў, неабходную не толькі для вырашэння, але і для самой пастаноўкі пытання «адукацыя і рэлiгiя», выпрацавала само беларускае грамадства. Тым не менш праблема рэалізацыі свабоды сумлення ў адукацыі – прадмет агульнага клопату дзяржавы і ўсяго грамадства, усеагульнага інтарэсу і ўсеагульнай адказнасці. На сённяшні дзень дзяржава фактычна адасобілася ад вырашэння праблемы, спасылаючыся на прынцып свецкасці адукацыі і аргументуючы гэта толькі тым, што яна павінна быць нейтральнай у дачыненні да розных канфесій. Умяшальніцтва дзяржавы ў адукацыйную сферу часта абмяжоўваецца добрымі пажаданнямі ў адрас педагогаў, якія выкладаюць веды аб рэлігіі, хаця больш актуальнай была б дэталёвая распрацоўка норм, прынцыпаў і характару рэлігійнай адукацыі. Паколькі сёння практычна ўсе дзяржавы маюць нарматыўныя дакументы, якія тлумачаць і дапаўняюць канстытуцыйныя нормы, дэталізуюць прынцыпы і характар рэлігійнай адукацыі. Пры гэтым практычна ўсе сучасныя дзяржавы, фарміруючы або ўдасканальваючы сваю сістэму адукацыі, узгадняюць яе з асноўнымі міжнароднымі дакументамі, якія датычацца прынцыпаў адносін дзяржавы і рэлігійных арганізацый. Палітыка-прававы статус прадмета рэлігіі ў сістэме адукацыі розных дзяржаў адлюстроўвае гістарычна-культурныя і рэлігійныя асаблівасці кожнай ас обна ўзятай краіны. Так, у многіх краінах рэлігія з’яўляецца такім жа навучальным прадметам, як і іншыя. У некаторых краінах выкладанне гэтага прадмета ажыццяўляюць рэлігійныя арганізацыі ў супрацоўніцтве з дзяржаўнымі ўладамі ў галіне адукацыі. У такім выпадку ўлічваецца неабходная ўмова: каб рэлігійныя суполкі мелі значную колькасць веруючых у дадзенай мясцовасці (там, дзе дзяржава з’яўляецца федэратыўнай, як, напрыклад, у ФРГ) або на ўсёй тэрыторыі краіны (як гэта адбываецца ў Аўстрыі і Бельгіі). У гэтых выпадках у навучэнцаў заўсёды ёсць магчымасць свабоднага выбару (пры згодзе бацькоў) – наведваць, альбо не наведваць заняткі па рэлігіі.

Вывучэнне еўрапейскага вопыту таксама паказвае, што адсутнічае уніфікаваная мадэль, адзіны падыход у галіне прававога рэгулявання і практычнай рэалізацыі рэлігійнай адукацыі ў свецкай школе. Нацыянальная свядомасць кожнай краіны па-свойму распараджаецца сваім гістарычным набыткам і па-свойму фарміруе адносіны да духоўнай спадчыны, культурнай пераемнасці, у тым ліку і ў сферы нацыянальнай адукацыі. Разам з тым, ёсць і падобныя рысы: добраахвотнасць выбару, магчымасць выбару вывучэння рэлігійнай культуры сваёй канфесіі або курса нерэлігійнай этыкі, патрабаванне ўзгаднення зместу рэлігійнай адукацыі з прадстаўнікамі адпаведнай канфесіі. Вопыт дадзеных краін можна выкарыстаць у беларускай сістэме адукацыі. Зразумела, трэба ўважліва выбіраць тое, што падыходзіць айчыннай школе, улічваць не толькі традыцыі выкладання савецкага і дарэвалюцыйнага перыяду, але і сучаснае сацыяльнае становішча, новыя прыярытэты ў адукацыі, асаблівасці беларускага нацыянальнага менталітэту, пераймаючы лепшае з вопыту іншых краін, дзе традыцыі рэлігійнай адукацыі не перарываліся.

У многіх замежных краінах назіраецца ўзаемадзеянне рэлігійнай і свецкай адукацыі. Гэтыя сістэмы не супярэчаць адна адной пры ўмове дэтальнай распрацоўкі ў дзеючым заканадаўстве прынцыпаў і характару адукацыі, уліку ў заканадаўстве нацыянальных асаблівасцей і сталых традыцый. Нельга запазычваць замежны вопыт з мэтай яго выкарыстання ў Рэспубліцы Беларусь без уліку спецыфікі нашай краіны, яе традыцый, гісторыі. Аднак поліканфесійнасць Беларусі не з’яўляецца нечым выключным. Дадзены гістарычны факт не азначае, што існуюць непераадольныя перашкоды на шляху ўзаемадзеяння розных сістэм адукацыі, аднак і не дае падставы для іх аб’яднання ў адну сістэму. Няма падстаў і для іх супрацьпастаўлення.

На наш погляд, перспектывы фарміравання палітыка-прававого інстытута рэлігійнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь звязаны з распрацоўкай комплекснага нарматыўна-прававога акта, які здымае супярэчнасці і недахопы палітыкаправавога рэгулявання, уніфікуе заканадаўства, што рэгулюе дадзеную сферу грамадскіх адносін. У якасці асноўных задач гэтага заканадаўчага акта павінны разглядацца прававая інстытуцыяналізацыя рэлігійнай адукацыі ў нацыянальнай сістэме адукацыі, акрэдытацыйныя правы канфесійных устаноў адукацыі выдаваць дыпломы дзяржаўнага ўзору.

Адпаведна, дадзены акт павінен прадугледзець наступную сістэму палітыка-прававых мер:

•• раскрыць прынцып свецкасці адукацыі і вызначыць гарантыі свецкасці адукацыі;

•• даць заканадаўчае азначэнне рэлігійнай адукацыі;

•• уключыць у змест права на свабоду веравызнання права на рэлігійную адукацыю;

•• адлюстраваць галоўныя палітыка-прававыя асаблівасці рэлігійнай адукацыі, якія заключаюцца ў тым, што яна не можа быць агульнаабавязковай і павінна ажыццяўляцца на добраахвотнай аснове;

•• урэгуляваць прававы статус устаноў адукацыі рэлігійных арганізацый;

•• замацаваць прававы парадак узаемадзеяння нацыянальнай сістэмы адукацыі з рэлігійнымі арганізацыямі, які можа грунтавацца на прынцыпах супрацоўніцтва пры складанні і рэалізацыі адукацыйных праграм па вывучэнні рэлігійнай культуры, па падрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі педагагічных кадраў. Дадзеныя меры дазволяць зарыентаваць беларускую адукацыйную палітыку на абарону нацыянальных інтарэсаў і інтарэсаў асобы, дзяржавы і грамадства.


Спіс выкарыстаных крыніц

1. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 года (са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскіх рэферэндумах 24 лістапада 1996 г. і 17 кастрычніка 2004 г.). – Мінск: Амалфея, 2005. – 48 с.



2. Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэсп. Беларусь «Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях»: у рэд. Закона Рэсп. Беларусь ад 31 кастр. 2002 г. // Нац. рэестр прававых актаў Рэсп. Беларусь. – 2002. – № 1232/886.

3. Аб адукацыі: Закон Рэсп. Беларусь, 29 кастр. 1991 г. № 311–3: у рэд. Закона Рэсп. Беларусь ад 4 жніўня 2004 г. // Нац. Рэестр прававых актаў Рэсп. Беларусь. – 2004. – № 1232/1060.
: pub
pub -> Індывідуальныя ўдзельнікі вочнага тура Беларускай юрыдычнай студэнцкай алімпіяды-2012
pub -> Беларускай студэнцкай юрыдычнай алімпіяды – 2008 Намінацыя: Сутнасць прававой інфарматызацыі
pub -> Да ўдзелу ў завочным камандным туры Беларускай студэнцкай юрыдычнай алімпіяды 2009 дапушчаны наступныя каманды
pub -> Навучальная установа (факультэт) Колькасць каманд, назвы каманд
pub -> Зводны пратакол камандны залік
pub -> Зводны пратакол індывідуальны залік
pub -> Статыстычная табліца ўдзельнікаў завочнага індывідуальнага тура Беларускай студэнцкай юрыдычнай алімпіяды 2008
pub -> Беларускай студэнцкай юрыдычнай алімпіяды – 2008 Намінацыя: Колькасць балаў за завочны тур
pub -> Агееў А. Р. Спіс Навукова-метадычныя работы І публікацыі
pub -> Асноўныя публікацыі: Манаграфіі




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка