Лекцыя 11. Беларусь у міжрэвалюцыйны перыяд. 1905 г. —люты 1917 г


Увядзенне зрусіфікаванага земства



старонка2/4
Дата канвертавання15.05.2016
Памер0.57 Mb.
1   2   3   4

Увядзенне зрусіфікаванага земства. У барацьбе з «польскім» засіллем у заходніх губернях Пётр Сталыпін абапіраўся на заможных праваслаўных сялян. Шляхам распаўсюджання на гэты рэгіён рускага выбарнага земства, ён хацеў узняць іх ролю ў мясцовым самакіраванні і палепшыць побыт праваслаўнай вёскі, каб яшчэ мацней прывязаць яе жыхароў да Расійскай імперыі. Прычым агульнарасійскае земскае палажэнне ад 12 чэрвеня 1890 г. істотна мянялася: уводзіліся выбары па «рускай» і «польскай» курыях, а маёмасны цэнз выбаршчыкаў зніжаўся ўдвая. Значыць, і тут мясцовыя сяляне атрымлівалі нейкія ўступкі. Прадстаўнікі «рускай» курыі займалі ў земствах 2/3 месцаў, «польскай» курыі -- 1/3. Хлапаманскі заканапраект Сталыпіна выклікаў рашучую незадаволенасць расійскіх памешчыкаў і толькі пад вялікім націскам самога прэм’ера цар падпісаў яго. У 1911 г. рэфарміраванае бессаслоўнае земства, як ужо вядома, уводзілася толькі ў Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губернях. Урад баяўся, што ў заходняй Беларусі яно апынецца ў руках землеўладальнікаў польскай культуры. Земства ні бы акрэсліла сферу ўплыву Расіі на беларускіх землях, якую ей удалося адваяваць ў выніку стодваццацігадовай барацьбы з беларусамі і палякамі.

Вынікі сталыпінскай рэакцыі для беларускага адраджээння. Пасля 1905 г. русіфікацыя Беларусі спалучалася з некаторымі палітычнымі ўступкамі і не набыла такіх памераў, як пасля 1863 г. Беларусы-католікі пакідаліся ў адносным спакоі, а праваслаўныя русіфікаваліся ранейшымі метадамі. Аднак у канчатковым выніку нацыянальныя праблемы беларускага народа і іншых народаў не рашаліся, а таму ператвараліся для імперыі ў міны запаволенага дзеяння.

Мэта Сталыпінскай рэформы. Натуральны прырост жыхарства Беларусі ў пачатку ХХ ст. хоць і паменшыўся, аднак вёска задыхалася ад перанаселенасці. Дваране захоўвалі зямельныя латыфундыі, а значыць і эканамічную ўладу ў краі. У іх руках у 1905 г. знаходзілася каля 41% усёй зямлі. Прыкладна такое ж становішча складвалася і ў іншых раёнах імперыі. Каб не чапаць памешчыцкага дабра і расчысціць дарогу для сялянскага прадпрымальніцтва, прапаноўваўся знешне просты выхад -- узбагаціць адных сялян за кошт другіх, а для гэтага распусціць абшчыну і аблегчыць пераход здрабнелых надзелаў беднякоў ва ўласнасць заможных вяскоўцаў. Абеззямеленых павінны былі прыняць гарады і прамысловыя цэнтры, а таксама Сібір, куды наладжваецца масавае перасяленне. Астатнія перабіраюцца на хутары ці, не пакідаючы сядзібу ў вёсцы, зводзяць палявыя землі ў адзін клін («отруб»). Ажыццяўленне гэтых даўно вядомых ідэй і распачаў кабінет Пятра Сталыпіна на тэрыторыі Еўрапейскай Расіі.

Разбурэнне абшчыны. Права на выхад з абшчыны сяляне атрымалі па царскаму указу ад 9 лістапада 1906 г. Урад даваў зразумець, што спадзяванні на дармавыя нарэзкі -- дарэмныя; зямлю можна толькі купіць. І ў 1909-1911 гг. абшчыну пакідалі дзесяткі тысяч сялян Магілёўшчыны і Віцебшчыны. Сяляне усходняй Беларусі ахвотна вярталіся да традыцыйных зямельных адносінаў, закладзеных яшчэ аграрнай рэформай 1557 г. Усяго ў гэтых дзвюх губернях да 1915 г. замацавалі зямлю ў асабістую ўласнасць 48% абшчынных двароў, тады як у цэлым па Расіі -- 22%. Для сялян Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губерняў, дзе абшчын не існавала, сталыпінская рэформа не мела істотнага значэння.

Хутарызацыя. Яшчэ у канцы ХІХ ст. пад уплывам Прыбалтыкі і Польшчы хутары пашырыліся на Віцебшчыне, Аршаншчыне і Гродзеншчыне. За дзесяць гадоў сталыпінскай рэформы іх узнікла ў беларускіх губернях каля 128 тысяч, ці 12% ад усіх сялянскіх двароў. І гэты паказчык быў вышэйшым за агульнарасійскі (10%). Амаль кожны хутаранін меў патрэбу ў крэдыце. Ён мог стаць на ногі толькі пры інтэнсіўнай і добра арганізаванай працы, набыўшы навейшыя прылады працы і хоць бы мінімум агранамічных ведаў. Для забітай і непісьменнай вёскі такія перамены даваліся з вялікай цяжкасцю. Дзяржава дапамагала, але была не настолькі багатай, каб забяспечыць усіх жадаючых. Не ўсім хапала працавітасці, цярплівасці і зваротлівасці. Да 1915 г. каля 36% гаспадароў, што выйшлі на хутары і атрубы, прадалі сваю зямлю больш шанцавітым. Пазбаўляліся жабрацкіх надзелаў і бедныя вяскоўцы.

Сялянскія перасяленні. Бедната рэдка адважвалася на далёкае падарожжа. Дзяржава дапамагала грашыма на праезд. Але зноў жа -- не ў дастатковым памеры і не ўсім. Таму паўперы, насуперак разлікам урада, канцэнтраваліся ў прамысловых цэнтрах Еўрапейскай Расіі. А ў Сібір ехалі гаспадары сярэдняй рукі, якія любілі зямлю і ўмелі на ёй працаваць, ды не маглі ва ўмовах зямельнай цеснаты разгарнуць сваю дзейнасць. За 1904-1914 гг. з пяці заходніх губерняў перасялілася каля 368 тыс. чалавек, і большасць з усходу. Былыя абшчыннікі літаральна за бясцэнак прадавалі сваё дабро і рваліся на волю, як мага далей ад ненавісных памешчыкаў і земскіх начальнікаў, ад абрыдлай апекі абшчыннай вярхушкі. Знаходзіліся сярод перасяленцаў і заможнікі, якія мелі патрэбу ў больш шырокай прасторы для прадпрымальніцтва. Багацейшыя ў першую чаргу і замацоўваліся на новых месцах. А Беларусь губляла найбольш прадпрымальных людзей. Тым, каго жыццё прымушала лічыць кожную капейку, даводзілася цяжэй. Каля 11% перасяленцаў вярнулася ў 1907-1914 гг. ў Беларусь. Сотні тысяч лепшых беларускіх сялян, адарваных ад родных мясцін, выкарыстоўваліся царызмам для эканамічнага ўздыму сібірскіх прастораў. Паводле перапісу 1926 г., у Канскай акрузе жыло 13% беларусаў, Тулуноўскай -- 14, Орскай -- 16%. А насельніцтва Усурыйскага краю на 5/6 было беларускім яшчэ ў пачатку ХХ ст. Усяго за 50 гадоў, што папярэднічалі першай сусветнай вайне, з Беларусі выбыла за Урал больш мільёна чалавек. Другі струмень сялянскіх перасяленцаў накіроўваўся на захад -- у ЗША, Канаду, Бразілію, Аргенціну. Значная частка іх потым вярталася на радзіму з заробленымі грашыма. Агульны лік эмігрантаў-беларусаў 1914 г. за межамі Расійскай імперыі ацэньваецца на круглы мільён. А ўсяго ў пачатку ХХ ст. за межамі Беларусі шукалі кавалак хлеба больш двух мільёнаў яе сыноў і дочак. І гэта тады, калі рускі ўрад працягваў аграрную каланізацыю Беларусі. Пры Сталыпіне тут быў створаны з дзяржаўных зямель спецыяльны фонд для рускіх перасяленцаў. Адпаведнае заданне па пашырэнню рускага землеўладання меў і Сялянскі банк.

Пашырэнне здабыткаў цывілізацыі. У масе сваёй вяскоўцы і ў пачатку ХХ ст. заставаліся людзмі цёмнымі і прыдушанымі непамернай працай. У перадавых краінах таго часу ўжо склаўся цэлы пласт фермерства, што вёў гаспадарку на прамысловых пачатках і меў прыстойнае жыццё -- мураваныя дамы, электраасвятленне, фабрычныя прадметы ўжытку. У Расіі ж толькі асобныя сяляне пачыналі мяняць лапці на боты, лучыну на газавую лампу, саламяныя стрэхі на чарапічныя дахі. Пашыраўся ўжытак плугоў і жалезных барон. Заможныя гаспадары набывалі веялкі, малацілкі і вельмі рэдка жняяркі.

Павышэнне сялянскай зацікаўленасці ў выніках працы. Замацаванне за сялянамі ў ходзе сталыпінскай рэформы права прыватнай уласнасці на зямлю спрыяла інтэнсіфікацыі земляробства. З 1907 г. вяскоўцы перасталі плаціць выкупныя плацяжы за былую памешчыцкую зямлю. Закладваўся кааператыўны рух. У 1909, 1910, 1912, 1913 гадах надарыліся багатыя ўраджаі. Вылучаліся прадпрымальныя сяляне. Сялянскіх выступленняў супраць памешчыкаў амаль не назіралася. І не толькі з-за ўрадавых рэпрэсій. Рэформа і эканамічны ўздым у краіне спакушалі заняцца ўладкаваннем новага жыцця. Ілюзіі ўзбагаціцца за кошт буйных землеўладальнікаў прападалі.

Капіталізацыя сялянскай вытворчасці. Некаторыя палёгкі сялянам дазволілі ім упершыню за больш стогадовае панаванне Расіі весці больш-менш паспяховую канкурэнтную барацьбу з мясцовымі памешчыкамі на сельскагаспадарчым рынку. У параўнанні з другой паловай ХІХ ст. памешчыцкае землеўладанне некалькі скарацілася, а сялянскае, побач з купецкім і мяшчанскім, ўзрасло. Абшарнікі трацілі магчымасць карыстацца таннай рабочай сілай. Аплата сельскагаспадарчым рабочым утрымлівалася пасля рэвалюцыі на высокім узроўні. Гэта прымушала памешчыцкія гаспадаркі становіцца на шлях інтэнсіфікацыі. Па ўраджайнасці жыта вяскоўцы выходзілі на ўзровень памешчыцкіх палёў. Услед за памешчыкамі яны пашыралі пасевы бульбы, якая давала амаль трэць збору ўсёй Расіі. Бульба ішла на адкорм свінней. На іх адкорме і продажы сяляне нядрэнна зараблялі і пераўзыходзілі ў гэтай справе абшарнікаў, не кажучы ўжо пра яўрэйскіх гандляроў, якія ў адпаведнасці з рэлігійным законам да прадуктаў са свінніны і не датыкаліся. Месцамі вяскоўцы аб’ядноўваліся ў малочныя арцелі. Жывёлагадоўля станавілася паўнапраўнай галіной іх гаспадаркі. Для сялян Віцебшчыны добрай падмогай заставалася вырошчванне ільну і канопляў на продаж ў замежжа.

Фермерская гаспадарка перамагае латыфундысцкую. Беларусь знаходзілася нібы на вялікай дарозе, па якой правозілася шмат таннага хлеба. І сэнс беларускай гаспадаркі, на думку гісторыка Мітрафана Доўнар-Запольскага, заключаўся ў тым, каб вытворчасцю больш інтэнсіўных культур і прадуктаў жывёлагадоўлі не толькі запоўніць недахоп у хлебе, але і атрымаць нейкія грашовыя лішкі. Не ўсе памешчыкі з гэтай задачай спраўляліся. Агульная тэндэнцыя была такой, што сялянская гаспадарка больш паспяхова набывала рыначны характар і ўзмацнялася за кошт абшарніцкай. Па звестках сельскагаспадарчага перапісу 1916 г. (без Гродзеншчыны) беларускія сяляне заворвалі больш 90% усёй пасяўной плошчы, давалі прыкладна такую ж долю збораў хлеба і бульбы. З 1900 г. да 1916 г. працэнт сялянскай жывёлы ў агульным статку ўзрос: коней -- з 80 да 95, кароў -- з 73 да 94, авечак -- з 81 да 98, свінней -- з 81 да 97%. У пачатку ХХ ст. Беларусь стала экспарцёрам мяса, масла, сыра, яек, яблык. Яе дабрабыт трымаўся на працы сялянства. Узрослая канкурэнтаздольнасць сялянскай гаспадаркі звужала сферу дзейнасці паўпрыгонніцкіх маёнткаў і абяцала добры падмурак для нацыянальнага адраджэння. Але як і ў часы сярэднявечча, калі беларусы згубілі для сябе зямельную арыстакратыю, што стала служыць польскай ідэі, так і ў пачатку гэтага стагоддзя яны пачалі губляць для сябе беларускае фермерства, якое дзялілася ці то на рускіх, ці то на польскіх патрыётаў. Беларускія лідэры аднак яшчэ захоўвалі шанц прадухіліць негатыўныя працэсы.

Прамысловы ўздым. У 1909-1913 гг. Расія перажывала прамысловы ўздым, які ахапіў і Беларусь. Аграрная рэформа паглыбіла мясцовы рынак. Збяднелыя інтэнсіўней набывалі тавары ўжытку, а фермеры, акрамя таго, -- і сродкі вытворчасці. Рост цэн на сельскагаспадарчыя прадукты павялічваў пакупную здольнасць вёскі. Усё гэта прывяло да таго, што капіталы купцоў Беларусі, што абслугоўвалі эканоміку ўсёй імперыі, патроху вярталіся дамоў і ўліваліся ў прамысловасць. Для адкрыцця буйных прамысловых прадпрыемстваў звычайна ствараліся акцыянерныя таварыствы пры ўдзеле замежных капіталаў. У 1908-1913 гг. сярэднегадавы прырост прамысловай вытворчасці Беларускага краю складаў каля 14%. Гэта -- неверагодна высокі паказчык, вышэйшы, чым па Расіі ў цэлым.

Асноўныя галіны прамысловасці. Вядучае месца ў Беларусі па-ранейшаму займала харчовая вытворчасць. Індустрыялізацыя Беларусі прывяла да скарачэння вывазу за яе межы сыравіны, якая стала апрацоўвацца на месцы. У першую чаргу гэта тычылася драўніны, асноўнага багацця Беларускага краю. Уладальнік лесапільна-фанернага завода ў мястэчку Мікашэвічы Мазырскага павета Д.Агаркаў прадаваў драўляныя скрынкі (тару) у Маскве, Харкаве, Адэсе, Лондане, Парыжы. Беларусь забяспечвала ўсю заходнюю частку Расіі запалкамі і паперай. На Добрушскай (Гомельскі павет) папяровай фабрыцы працаваў вядучы ў Расіі інжынер-тэхнолаг Антон Стульгінскі (1851-1915), ураджэнец Беларусі. Вялікі попыт мела беларускае шкло. На Нёманскім шклозаводзе (Лідскі павет) вырабляліся прадметы раскошы з крышталю высокай мастацкай якасці. Паспяхова працавалі Парэцкая суконная фабрыка ў Пінскім павеце, льнопрадзільная фабрыка «Дзвіна» у Віцебску. Металаапрацоўчая прамысловасць карысталася прывазной сыравінай, але попыт на яе прадукцыю быў настолькі вялікім, што выдаткі пакрываліся спаўна. На аснове саматужных майстэрняў засноўвалася прамысловае і сельскагаспадарчае машынабудаванне. У Пінску працаваў суднабудаўнічы завод. Мясцовыя прадпрымальнікі ўзяліся за асваенне вытворчасці прадметаў побыту. Але хуткае пашырэнне сферы паслуг пакідала месца і для дробнай вытворчасці.

Некаторыя асаблівасці прамысловай вытворчасці. Рамесніцкія вырабы часта паспяхова спаборнічалі з фабрычнымі, бо былі больш таннымі. Іх ахвотна куплялі вяскоўцы. У 1913 г. саматужная вытворчасць Беларусі давала больш паловы валавай прамысловай прадукцыі, у той час як па ўсей Расіі -- менш трэці. Нягледзячы на поспехі індустрыялізацыі, Беларускі край заставаўся аграрным кутком імперыі. Напярэдадні першай сусветнай вайны на долю прамысловасці даводзілася каля 20% нацыянальнага даходу. Большасць прамысловых прадпрыемстваў знаходзілася ў руках яўрэяў, землеўладальнікаў польскай культуры і замежных прадпрымальнікаў, якія былі далёкімі ад нацыянальных праблем беларусаў. Беларускі рух не мог фінансавацца за кошт прамысловых прыбыткаў.

Асаблівасці гарадской эканомікі. Прамысловасць спрыяла росту гарадоў. Значнымі прамысловымі цэнтрамі станавіліся Беласток, Мінск, Віцебск, Гродна, Пінск, Гомель, Брэст, Бабруйск, Барысаў. Аднак у Беларусі фабрычна-заводская вытворчасць размяшчалася пераважна ў сельскай мясцовасці -- бліжэй да крыніц сыравіны, памешчыцкіх капіталаў і да танных сялянскіх рук. А гарады заставаліся больш гандлёва-адміністрацыйнымі, чым прамысловымі асяродкамі. Яны ўражвалі шматлікасцю пераважна яўрэйскіх крамаў.

Памеры ўрбанізацыі. Працэнт насельніцтва, што пражывала ў гарадах і мястэчках Беларусі, узрос з 14 у 1897 г. да 16 у 1913 г. Доля адарваных ад земляробчай працы людзей была тут вышэйшай, чым у Расіі ў цэлым. Але гэта тлумачыцца не эканамічнымі прычынамі, а знаходжаннем Беларусі ў межах аседласці яўрэяў, якім, як вядома, не дазвалялася сяліцца па-за гарадамі. Для параўнання згадаем, што ў Вялікабрытаніі ў той час у гарадах пражывала больш паловы насельніцтва.

Нацыянальны склад гараджан. Скучанасць яўрэяў у гарадах і мястэчках стрымлівала прыток туды збяднелага мясцовага сялянства. У канцы ХІХ -- пачатку ХХ ст. беларусы складалі ўсяго каля 17% гараджан, рускія ж -- 18, а яўрэі -- 54%. Ураджэнцы Расіі запаўнялі адміністрацыйны апарат, наплывалі сюды ў складзе імперскай арміі. Яўрэйскія прадпрымальнікі кантралявалі гандлёва-прамысловую дзейнасць, а яўрэйскія працоўныя мелі, можа, самае пакутлівае жыццё з усіх гараджан -- цесната ў кватэрах, неабмежаваны рабочы дзень ў рамесных майстэрнях, капеечны гандаль пад адкрытым небам, беспрацоўе. Славіліся татарскія агароднікі і гарбары.

Горад у жыцці беларусаў. Агародніцтва, праца па найму, здача ў арэнду жылля і зямельных плацаў -- гэта тое з чаго пераважна жылі беларусы ў гарадах. Былі яшчэ гандляры салам ды асобныя рамеснікі. Але гарадскія паселішчы прыцягвалі да сябе не толькі магчымасцю атрымаць заробак, нешта прадаць-купіць ці разбагацець. Тут набываўся яшчэ адзін, і мо’ самы надзейны, капітал -- веды. Практычна ўсе больш-менш значныя навучальныя ўстановы канцэнтраваліся ў гарадскіх цэнтрах. Настаўніцкія семінарыі і інстытуты падрыхтавалі да першай сусветнай вайны значную колькасць вясковай інтэлігенцыі. У гарадскіх паселішчах адукаваныя беларусы працавалі ўрачамі, фабрычна-заводскімі, чыгуначнымі, паштова-тэлеграфнымі і дзяржаўнымі службоўцамі. Многія з іх потым сталі вядомымі нацыянальнымі дзеячамі.

Вытокі аднаго міфа. За ўсю гісторыю царскага панавання беларусы толькі ў пачатку ХХ ст. атрымалі шэсць гадоў (1908-1913) эканамічнага добраспрыяння. Якраз тады ў народнай свядомасці пачало замацоўвацца пачуццё гонару за належнасць да «вялікай імперыі», нарадзіўся захаваны да нашага часу міф аб тым, як добра жылося ў царскай Расіі. Хоць па свайму ўзроўню расійскае жыццё было намнога горшым у параўнанні з жыццём ў заходнееўрапейскіх краінах.
2. Працэсы культурнага развіцця на беларускіх землях. Культурнае самасцвярджэнне беларусаў.
Псіхалогія прыстасаванасці. У добраспрыяльных эканамічных умовах у імперскага кіраўніцтва ўпершыню з’явілася магчымасць русіфікацыі Беларусі з дапамогай не толькі сілавых, але і матэрыяльных рычагоў ды палітычных уступак. Доўгая царская няволя прывучыла беларусаў да пакорлівасці. Ім прыходзілася прыстасоўвацца да расійскіх парадкаў, правіл паводзін – толькі б выжыць. У нейкай ступені беларусы рабіліся нацыяй прыстасаванцаў і гэтым ратаваліся. Праваслаўныя прадпрымальнікі (фермеры, гандляры, асобныя прамыслоўцы) ў канкурэнтнай барацьбе з памешчыкамі польскай культуры ды яўрэямі шукалі заступніцтва ў рускіх улад. Службовыя інтарэсы беларускай інтэлігенцыі вымагалі і яе да лаяльнасці царскаму рэжыму.

Руска-беларускі (імперскі) варыянт самасвядомасці. Праваслаўныя беларусы прызнавалі сваёй айчынай Расію, падтрымлівалі цара, слухаліся свяшчэннікаў, і ўсё ж адрознівалі сябе ад рускіх. Вельмі паказальным ў гэтых адносінах быў лёс Лукі Саланевіча, у мінулым сельскага настаўніка, валаснога пісара, урадніка канцэлярыі гродзенскага губернатара пры Пятрэ Сталыпіне. У 1908 г. ён арганізаваў у Вільні «Белорусское общество», а з 1909 г. выдаваў на рускай мове газету «Белорусская жизнь». У яе першым нумары выдавец змясціў праграму для беларусаў. Абвяшчалася неабходнасць аб’яднання ўсіх без выключэння прадстаўнікоў беларускай народнасці на агульнай нацыянальна-культурнай платформе. Беларусы прызнаваліся самастойным народам, але адзінай культурнай мовай для яго лічылася руская. Газета крытыкавала аграрную палітыку царскага ўрада, які не прымаў належных мер супраць панавання ў Беларусі буйнага польскага землеўладання. Урад абвінавачваўся ў поўным ігнараванні жыццёвых інтарэсаў беларускага народа, які мае права на сваю нацыянальную маёмасць. Ідэалогія расійскага правінцыяналізму напаўнялася элементамі сепаратызму. Лука Саланевіч і яго паслядоўнікі адмяжоўваліся ад чарнасоценцаў, якія ўвогуле не прызнавалі самабытнасці беларусаў, развівалі ідэі заходнерусістаў, якія бачылі ў беларусах толькі этнаграфічную разнавіднасць вялікаросаў, і тым набліжаліся да беларускага нацыянальнага руху. Але скалечаны, рабскі светапогляд параджаў наіўныя надзеі ўзняць годнасць свойго народа з дапамогай царызму і рускай мовы. Дарэчы, пасля рэвалюцыі 1905 г. «згодніцкая» плынь ўзмацнілася і сярод палякаў (партыя Рамана Дмоўскага), і сярод яўрэяў. Погляды Лукі Саланевіча аказаліся нечаканымі і непрымальнымі для Пятра Сталыпіна. Нумар газеты быў канфіскаваны, а яе выданне прыпынена з 1909 г. да 1911 г. Непазбежнасць самавызначэння ўсіх славян разумелі нямногія. Да іх ліку адносіўся Аляксандр Пагодзін, гісторык, прафесар Варшаўскага (1902-1908), Харкаўскага (1910-1919) універсітэтаў, беларускага паходжання (народжаны ў Віцебску ў 1872 г.).

Польскасць. Адваяваныя рэвалюцыяй свабоды спрыялі ўздыму ў Беларусі польскай культуры, умацаванню ўплыву каталіцкай веры. Усе намаганні царскага ўрада, праваслаўнай царквы, афіцыйнай школы і друку пры ўдзеле саміх беларусаў стрымаць гэты працэс скончыліся безвынікова. З 1906 да 1914 г. колькасць польскіх газет і часопісаў узрасла ў Вільні з 11 да 28. Да 1908 г. у Вільні працавала вельмі папулярнае культурна-асветнае таварыства «Освята», якое мела свае філіялы ў Мінску, Нясвіжы і іншых месцах. Ваяўнічыя клерыкальныя сілы не прызнавалі самабытнасці беларусаў і імкнуліся да поўнай паланізацыі беларусаў-католікаў. А з другога боку, слабасць беларускага руху не рабіла беларускасць прываблівай, каб католікі да яе хінуліся.

Польска-беларускі (краёвы) варыянт самасвядомасці. Але ў той жа час фарміравалася ідэалогія «краёўцаў», прадстаўнікоў мясцовай каталіцкай інтэлігенцыі і землеўладальнікаў (Раман Скірмунт, Аляксандр Лядніцкі, Міхал Ромэр і інш.). Упершыню канцэпцыя краёвасьці была сфармуляваная ў першым нумары "Газэты Віленскай" ад 15 лютага 1906 г. У большасці выпадкаў мясцовыя патрыёты адрознівалі сябе ад палякаў, а таму і называліся краёўцамі ці ліцвінамі. Пад назвай "край" разумеліся землі былога Вялікага Княства Літоўскага, якія трактаваліся як адзінае тэрытарыяльнае, эканамічнае і культурнае цэлае. Краёвы рух -- з’ява выключна мясцовага паходжання. Ён быў адказам беларускай і літоўскай інтэлігенцыі польскай культуры на рускі шавінізм з аднаго боку і польскі нацыяналізм з другога і абумоўліваўся захаваннем агульных польска-беларуска-літоўскіх культурных традыцый на Віленшчыне. Канцэпцыя краёвасьці прадугледжвала роўнапраўе польскага, літоўскага і беларускага народаў. Адзін з лідэраў віленскіх краёўцаўцаў Міхал Ромэр прапагандаваў лёзунг незалежнага ад Польшчы Вялікага Княства Літоўскага, якое б функцыянавала на ўзор Злучаных Штатаў, або сыстэмы кантонаў, як у Швайцарыі, дзе быў бы польскі кантон з цэнтрам у Вільні, літоўскі з цэнтрам у Коўне, беларускі з цэнтрам у Менску ды, магчыма, латвійскі з Рыгай. Аднак гэтыя ідэі ня мелі сур'ёзнай падтрымкі ні ў польскім асяродку, ні ў літоўскім. Краёўцы паступова эвалюцыяніравалі ў бок польскай нацыянальнай ідэі і толькі адзінкі – у бок беларускай або літоўскай. Аўтар кнігі «Палякі і беларусы» (Вільня.1907) Вітольд Жукоўскі прапаноўваў для мясцовай эліты такую праграму. 1.Барацьба за незалежную і вольную Беларусь. 2.Нейтралізацыя «ўсяпольскіх аб’яднальнікаў». 3.Вызваленне з царскай няволі Беларусі, Літвы і Кароны і стварэнне імі маналітнага палітычнага лагеру для абароны ад Германіі і Расіі.

Пашырэнне кола прыхільнікаў адраджэння. Пасля рэвалюцыі 1905 г. інтэлігенцыя пачала шырока папаўняцца за лік сялянства. Яна лягчэй далучалася да нацыянальнага руху, бо стаяла бліжэй да патрэб пераважна сялянскай нацыі. Нацыянальны рух мог разлічваць у пачатку ХХ ст. хоць на нейкае спачуванне беларускіх прадпрымальнікаў. За 1897-1916 гг. іх удзельная вага ў беларускай вёсцы ўзнялася з 9 да 12%. Некаторыя землеўладальнікі каталіцкай веры пад уздзеяннем нацыянальна-культурнага руху ўспаміналі пра сваё беларускае паходжанне. Так, фундатарамі «Нашай нівы», іншых беларускіх выданняў выступалі Эдвард Вайніловіч, Раман Скірмунт, Магдалена Радзівіл. У 1917 г. колькасць нацыянальых заможных гаспадароў была не менш чым мільённай. Яны станавіліся ўплывовай сілай і ў перспектыве маглі аказваць уздзеянне на культурнае жыццё беларусаў.

«Наша ніва» -- шчаслівы выпадак. Самае галоўнае -- беларусы займелі сваю газету «Наша ніва», якая выходзіла з лістапада 1906 г. да жніўня 1915 г. Абапіраючыся на яе, беларускія лідэры на чале з братамі Луцкевічамі ўзяліся за культурна-асветніцкую працу дзеля нацыянальнага гуртавання беларусаў і падрыхтоўкі іх да новага змагання за волю. Газета прапагандавала нацыянальную самасвядомасць і адзінства беларусаў незалежна ад іх веравызнання, настойліва патрабавала ўвядзення беларускай мовы ў цэрквах, касцёлах, школе. Яна ўзнімала гэтую мову на ўзровень літаратурнай і навуковай, каб папярэдзіць беларусаў ад пераходу на рускую ці польскую. «Наша ніва» ператварылася ў своеасаблівую лінгвіністычную акадэмію, збіральніцу літаратурных талентаў. Не маючы мажлівасці плаціць ганарары, рэдакцыя газеты часам ратавала пісьменнікаў хоць тым, што запрашала іх на працу. Сярод супрацоўнікаў газеты былі Якуб Колас, якому забаранілі выкладаць у школе, Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч), Змітрок Бядуля. А калі рэдактара-выдаўца газеты Аляксандра Уласава забралі ў расійскае войска, яго месца ў 1914-1915 гг. займаў Янка Купала. Сакратаром рэдакцыі з 1909 г. быў Вацлаў Ластоўскі. Менавіта ён адкрыў для беларусаў Максіма Багдановіча і пачаў друкаваць яго творы. Вацлаў Ластоўскі быў жанаты з літоўскай пісьменніцай Марыяй Іваноўскай (Іванаўскайце). Іх віленская кватэра стала своеасаблівым клубам, дзе збіраліся беларускія і літоўскія пісьменнікі Янка Купала, Людас Гіра, Цётка, Змітрок Бядуля, Ядвігін Ш., Канстанцыя Буйло. Таленавіты пісьменнік Максім Гарэцкі і паэт Алесь Гарун таксама пачалі друкавацца ў «Нашай ніве».

Выдавецкая дзейнасць нашаніўцаў. Пры рэдакцыі існавала выдавецтва. З 1910 г. пачаў выходзіць вельмі папулярны тады сярод сялян «Беларускі каляндар», дзе друкаваліся не толькі даведачныя матэрыялы, але і лепшыя мастацкія творы беларускіх песняроў. У 1912 г. у Вільні пачаў выдавацца сатырычны часопіс “Крапіва”, сельскагаспадарчы аддзел «Нашай нівы» перарос у самастойны часопіс «Саха». З канца 1913 г. ён выдаваўся ў Мінску. Тут жа з’явіўся яшчэ адзін гадаванец нашаніўцаў -- літаратурны месячнік для моладзі «Лучынка», які рэдагавала Цётка. Буйнейшае беларускае выдавецтва было заснавана Вацлавам Іваноўскім у Пецярбургу пад назвай «Загляне сонца і ў наша ваконца» адразу ж пасля скасавання ў снежні 1904 г. абмежавання для нярускіх моў. Менавіта ў гэтым выдавецтве ў 1905 г. выйшлі першыя буквары для беларускіх дзяцей на лацінцы (укладальнік Вацлаў Іваноўскі) і кірыліцы (Карусь Каганец). А ў 1913 г. Вацлаў Іваноўскі з дапамогай Янкі Купалы і Івана Луцкевіча перанёс сваю справу ў Вільню, дзе арганізаваў Беларускае выдавецкае таварыства і адчыніў першую беларускую кнігарню. Акрамя таго, беларускія выдавецтвы дзейнічалі ў Мінску («Мінчук») і Вільні («Наша хата», «Палачанін», «А.Грыневіч»). Дзякуючы намаганням нашаніўцаў практычна ўсе беларускія пісьменнікі друкавалі свае творы. Усяго з 1906 г. да 1915 г. было выдадзена каля 160 беларускіх кніжак, з іх палова – Вацлавам Іваноўскім.

Каталог: images -> stories -> iff -> history
history -> Вучэбная праграма для спецыяльнасці
history -> Лекцыя Паходжанне беларусаў. Вытокі беларускай народнасці
history -> Беларусь у перыяд Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года і грамадзянскай вайны. Стварэнне беларускай дзяржаўнасці
history -> Тэма 2 “Старажытнае грамадства. Беларусь у раннім сярэднявякоўі.”
history -> Установа адукацыі «Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт»
history -> Графік праходжання пераддыпломнай практыкі І абароны дыпломных работ для студэнтаў спецыяльнасцей


Поделитесь с Вашими друзьями:
1   2   3   4




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал