Лёс драматурга



старонка2/3
Дата канвертавання15.05.2016
Памер0.59 Mb.
1   2   3

* * *

Вялікі сцэнічны поспех камедыі «Выбачайце, калі ласка!» не ўскружыў драматургу галаву, але даў яму магчымасць кінуць журналістыку і больш засяродзіцца на творчай працы ў літаратуры. Праўда, на працягу 1966—1978 гадоў ён яшчэ быў галоўным рэдактарам часопіса «Нёман», але рабіў гэтую справу (вельмі паспяхова!) не дзеля хлеба надзённага, а таму, што лічыў яе карыснай ддя развіцця нацыянальнай літаратуры, яе папулярызацыі сярод рускамоўных чытачоў не толькі ў рэспубліцы, але і ў шырокім свеце, на які ў значнай меры разлічваўся тыраж часопіса.

У новых творах Макаёнак працягваў мастакоўскае даследаванне вясковай рэчаіснасці, на матэрыяле якой створаны камедыі «Каб людзі не журыліся» (1957), «Лявоніха на арбіце» (1961), «Таблетку пад язык» (1972). Першая з іх вызначалася даволі праўдзівым паказам тагачасных калгасаў, сельскіх і раённых кіраўнікоў (хлёстка напісаныя сатырычныя вобразы калгаснага старшыні Самасеева і райпланаўскага начальніка Гудзеева) і з гэтай прычыны сустрэла моцнае афіцыёзнае супрацьдзеянне, з-за якога аўтару прыйшлося шмат крамсаць свой твор.

«Лявоніха на арбіце» пераможна крочыла па прафесійных і самадзейных тэатрах, адзначалася Літаратурнай прэміяй імя Я. Купалы (тады гэта была вышэйшая пісьменніцкая ўзнагарода ў рэспубліцы). Але сёння відавочныя і слабасці твора, яго пэўная кан'юнктурнасць і лакіровачнасць, яўнае перабольшанне заможнасці паказаных у камедыі вяскоўцаў, хаця і з агаворкамі, што не ва ўсіх калгасах яна дасягнута. Ёсць у п'есе і замах на сялянскую карову, якую герой твора Лявон Чмых пад дружным напорам астатніх дзейных асоб мусіць здаць на калгасную ферму. Бо і ягоная жонка, тая Лушка Лявоніха, што нечакана выходзіць на арбіту раённага дэпутацтва, ставіць ультыматум: «Выбірай: карова ці я?»

I Лявоніха, і іншыя «правільныя» героі п'есы падавалі справу так, што падсобная гаспадарка (а якая ж яна без уласнай кароўкі!) толькі тармозіць прагрэс у вёсцы, замінае сялянам шчыльнымі радамі крочыць у камунізм, хаця ў сапраўднасці яна была і застаецца ўмовай выжывання для мільёнаў нашых людзей.

Як сведчыць С. Лаўшук, Макаёнак сцвярджаў, што пісаў вобраз Лявона Чмыха «са сваёй маці», а яна, казаў драматург, «жыццё ведала і многія сельскія праблемы разумела надзіва глыбока». Гэткае разуменне было і ў Лявона. Вядома, да таго, пакуль ён не стаў «правільным» манекенам, капітуляваўшы перад сваёй Лушкай. Нездарма ж ён, яшчэ застаючыся самім сабою, так адбіваўся ад тых, хто настойліва «выпрамляў» лінію ягоных гаспадарскіх паводзін: «Выпрамлялі быку рогі, ды скруцілі шыю». Па сутнасці, пад заслону рукамі перавыхавальнікаў скруціў шыю свайму герою і Макаёнак, хаця ў падтэксце камедыі выразна праглядвае і аўтарскае спачуванне Лявону, якое адзначалася многімі крытыкамі, у тым ліку тымі, якія нагаварылі пра гэтага селяніна шмат крыўдных, рэзка выкрывальных слоў.

Так, пра нібыта «недарэчныя паводзіны» Лявона да ягонага «перавыхавання» — капітуляцыі разважаў Ю. Сохар у кнізе з гучнай назвай «На пульсе жыцця» (Мн., 1979), падкрэсліваючы, што макаёнкаўскі персанаж «нарэшце зразумеў марнасць свайго ранейшага жыцця». Гаварылася гэта на поўным сур'ёзе. Праўда, даследчык звяртаў увагу і на драматургічную непадрыхтаванасць такога фіналу. Тым не менш вывад рабіўся вельмі рашучы: «Але само жыццё прымушае героя адмовіцца ад старых перакананняў, зразумець, што ён «маршыруе не ў нагу».

«Лявон — уласнік, прытым закаранелы», гатовы «адгарадзіцца ад людзей, ад свету»,— сцвярджаў А. Сабалеўскі ў першай кнізе сваёй цікавай і значнай працы «Беларуская савецкая драма», выдадзенай у Мінску ў 1972 годзе.

Каровіны «рогі засланілі гаспадару [Лявону] свет, што раскінуўся за ягоным домам»,— выразным рэхам адгукалася I. Вішнеўская ў сваёй «Камедыі на арбіце», падазраючы макаёнкаўскага героя ў паталагічнай схільнасці да чужога дабра, хоць той не здолеў украсці і адной ношкі калгаснага сена, на якую і праўда быў паквапіўся. Ды крытычны прысуд персанажу ўсе роўна выносіцца безапеляцыйна. Ён «прывычна бярэ ўсё, што дрэнна ляжыць», стараецца «ўцягнуць усю зямлю ў свой маленькі дворык» і ўвогуле жадае «быць аднаасобнікам на калгаснай зямлі, прыватнікам у калектыве, уласнікам сярод свабодных грамадзян»,— зноў і зноў кідае рэзкія абвінавачанні даследчыца, як быццам зусім не здагадваючыся, што менавіта чалавек, пазбаўлены ўласнасці, не можа быць свабодным, а наадварот, становіцца цалкам залежным ад тых, хто так званую агульнанародную, калектыўную ўласнасць размяркоўвае.

Як спроба рэабілітацыі Лявона яшчэ ў 60-я гады прагучаў артыкул В. Каваленкі «Тэатр і яго крытыка», надрукаваны спачатку ў перыёдыцы, а потым і ў кнізе аўтара «Давер» (Мн., 1967). Тут аналізаваліся «Лявоніха на арбіце» і спектакль купалаўцаў па гэтай п'есе. Крытык падкрэсліў працавітасць Лявона, яго розум і практычнасць, грунтоўнасць і цвярозую ўзважанасць ягонай пазіцыі і яе залежнасць ад рэальных жыццёвых умоў, ад усведамлення галаслоўнасці начальніцкіх абяцанняў забяспечыць усе сялянскія патрэбы за кошт калгаснай вытворчасці. Гаварыў Каваленка і пра супярэчлівасць аўтарскага стаўлення да Лявона. «Адкрытая матывіроўка некаторых паводзін Лявона, якая даецца ў п'есе, не адпавядае характару вобраза, нават супярэчыць яму»,— заключае крытык.

Макаёнак заўважыў гэты артыкул і паставіўся да яго не толькі без крыўды, але і з прыхільнасцю. Бо і сам адчуваў свой грэх пэўнай кан'юнктурнасці ў трактоўцы Лявона. Нездарма ж ён потым правіў камедыю, сёе-тое выкрэсліваў у ёй і рабіў невялікія, але істотныя дапіскі, звязаныя менавіта з Лявонам. Так паявіўся наступны вельмі шматзначны Лявонаў маналог: «А нашы кіраўнікі ў калгасе? Па-свойму гнуць. Яны мяне крытыкуюць, грозяць пальцам, смешачкі строяць, усякімі рознымі слоўцамі абзываюць: індывідуй, дробны імперыяліст. Гэта — я! Па якому такому праву? Мне, можа, медаль ці нават ордэн «Знак Пашаны» паложаны. А яны? Прыйшлі б яшчэ ды спыталі б: «Можа, табе, Лявон Сцяпанавіч, камбікармы трэба, ці сянцо, ці якая-небудзь малагабарытная тэхніка-механіка? А яны?!»

Дапіска апублікавана ў кнізе «П'есы» (Мн., 1974). Як пазначыў Макаёнак у сваім дзённіку, тады афіцыйная «барацьба з Лявонам» (сялянствам) ужо змянілася на «амністыю Лявону». А ў пачатку 60-х гадоў, калі камедыя стваралася ды ішла на сустрэчу з публікай, адкрытай падтрымцы такіх людзей, як Лявон Чмых, ніяк не спрыяў час — краіна трызніла хрушчоўскім абяцаннем блізкага камунізму. Гэтая акалічнасць і вызначыла як аўтарскую канцэпцыю твора, так і суровыя крытычныя прысуды яго герою, якія, не іначай як па інерцыі, працягваліся і пасля фактычнай дзяржаўнай «амністыі Лявону». Праўда, тая амністыя была ўсё ж няпоўнай, бо пра «ўласніцкую» душу селяніна не дазваляла зусім ужо забыцца сама камуністычная тэорыя. I мы ўсе павінны былі мець гэта на ўвазе.

Зрэшты, і ў «Лявонісе на арбіце» драматург не застаўся толькі памяркоўна-пакладзістым алілуйшчыкам. Крытычны пафас, які ёсць і ў гэтым творы, выявіўся ў паказе наменклатурнай фігуры зноў жа раённага маштабу Глуздакова і яго памочніка Цесакова. Сатырычны дар Макаёнка тут праявіўся дастаткова моцна. А ў дадатак да ўсяго мастак надаў свайму Глуздакову партрэтнае падабенства да аднаго цэкоўскага сакратара, праўда тады перакшутага ўжо ў рэспубліканскую Акадэмію навук, а яшчэ захаваў яго сапраўднае імя па бацьку. Так што пазнавальнасць прататыпа была забяспечана. I ўсё ж Макаёнак уцалеў.

У камедыі-рэпартажы «Таблетку пад язык» пісьменнік, таксама праяўляючы па тых часах немалую смеласць, выступіў у абарону права вяскоўцаў на свабодны выбар свайго месца ў жыцці. Між іншым, гэтае права і да сённяшніх дзён парушаецца істотнымі абмежаваннямі на гарадскую прапіску. А яно ж вельмі важнае.

«Уявіце сабе,— разважаў Макаёнак у напісаным для маскоўскага часопіса «Театр» артыкуле «Нашы клопаты»,— што Ламаносава ў свой час затрымалі б у Халмагорах ці Дастаеўскага ў нас, на Палессі. Колькі б страцілі ад гэтага руская навука і літаратура? А Ясенін? А Твардоўскі? Ды ці мала хто яшчэ?..»

Гэта была, можна сказаць, любімая Макаёнкава думка. Ён развіваў яе і ў нас, на філфаку ў БДУ, падчас абмеркавання ягонай п'есы. Толькі даваў крыху іншы варыянт, з рэаліямі беларускімі. Казаў прыкладна так: ну вось не пусцілі б Навуменку з Васілевічаў у сталіцу, дык як бы ён стаў акадэмікам? А сялян жа з вёскі фактычна не пускаюць. Дык хіба гэта справядліва?

Словам, сама завостраная пастаноўка пытання пра свабодную міграцыю насельніцтва ў краіне тады здавалася нязвыклай і выклікала шмат нараканняў з боку ўплывовых чыноўнікаў, якія дамагаліся забароны твора. Ад самога Макаёнка мне даводзілася чуць, што на гэтым настойваў тагачасны член Палітбюро ЦК КПСС, старшыня Саўміна РСФСР Г. I. Воранаў. Выратавала энергічная падтрымка П. М. Машэрава, які ўвогуле па-сяброўску ставіўся да пісьменніка, уважліва (але як прыхільны дарадца-цэнзар!) чытаў яго п'есы і часам дапамагаў ім прабівацца на сцэну.

Незадавальненне новай камедыяй было і ў многіх літаратараў, якія ўбачылі ў падтэксце (не ўсе правамерна) палеміку са сваімі творамі і загаварылі пра вялікую небяспеку для вёскі, нібыта затоеную ў разважаннях макаёнкаўскага дзеда Цыбулькі пра зямлю. Гэты «састарэлы вундэркінд», як ён іранічна атэстуецца аўтарам, рашуча прамаўляе, што зямля за сялянскую любоў да яе вельмі часта плаціла няўдзячнасцю. Яна «мяне, бацьку майго, дзеда і прадзеда векавечна, стагоддзямі, тысячагоддзямі без жалю гарбаціла, гнула дадолу, цягнула за каршэнь у гразь, у багну, у балота! Гэтая зямля за тысячы гадоў наскрозь прапахла людскім потам, набракла горкімі мужычымі слязьмі. Ступі на яе, і яна чвякае. Векавечна я стаяў перад ёй на каленях, па крупінцы перацёр яе ўсю пальцамі, біў зямныя паклоны, рыдаючы, чытаў перад ёй малітву, прасіў яе і ласкаю і ў гневе, каб пракарміла, каб пашкадавала дзяцей». А яна карміла дрэнна, бо селянін і «сам аставаўся галодным», і ягоныя «дзеткі пухлі з галадухі ад бясхлебіцы». Такім чынам, галоўны сэнс палемічна завостраных слоў Цыбулькі — гэта крыўда на тое, што сялянская праца на зямлі не знаходзіла належнай аплаты пры самых розных рэжымах. I вінавата ў гэтым, вядома ж, не сама зямля, вінаваты тыя палітыкі, што ўстанаўлівалі нявыгадныя для сялянства парадкі.

Праўда, Цыбулька яўна перагінаў, заяўляючы, што любы калгаснік адмовіцца нават задарма ўзяць «дзесяць, пятнаццаць дзесяцін» зямлі ва ўласнасць. Час паказаў, што многія людзі разумеюць сапраўдную каштоўнасць зямлі, якою самі могуць распараджацца, і гатовы ўкладваць у працу на ёй усю душу. Ды ніхто не спяшаецца ні даваць ім тыя дзесяціны, ні тым больш стварадь умовы для нармальнага самастойнага гаспадарання на іх талковых людзей.

Вельмі істотна, што сярод галоўных герояў камедыі «Таблетку пад язык» ёсць чалавек з хлебным прозвішчам Каравай. Гэта старшыня калгаса, які без вёскі, самай шчырай любві да яе не ўяўляе свайго існавання. Адпускаючы свайго шафёра Юрку, які быў для Каравая правай рукой, саветнікам і ад'ютантам, але ўсё ж хоча пайсці з калгаса, бо ў пошуках найбольш плённых шляхоў да рэалізацыі сябе, сваіх магчымасцей імкнецца ў шырокі свет, старшыня дае хлопцу такі наказ: «Шукай. Шукай сваё месца ў жыцці, пакуль малады.... Толькі... Дзе б ты ні быў, куды б ты ні паехаў, у якое крэсла ні сеў бы, не забывай нас, помні наша сяло... не адрывайся. А пра мяне ты верна падмеціў — прызванне сваё я знайшоў тут. Усе радасці мае і нягоды, усе пачаткі і канцы мае тут». Так вуснамі Каравая гавораць і павага да чалавечага права на свабодны выбар сваёй долі, і сапраўдная, глыбінная любоў да вёскі і земляробчай працы.

Гэтую любоў падтрымлівае, паэтызуе і сам драматург, якога столькі папракалі за нібыта зняважлівае стаўленне да зямлі. П'еса канчаецца радкамі з вядомай песні (словы К. Буйло) «Люблю наш край, старонку гэту». Гэтай песняй твор і пачаты. Трэба сказаць, трохі нязвыкла, у складзе уверцюры, што больш звычайна для оперы. Асноўная задача макаёнкаўскай уверцюры — зноў жа падкрэсліць любасць да вёскі, да родных мясцін. Пра гэта пераканальна сведчаць прачулыя лірычныя ноты ў непасрэдна аўтарскім тэксце, які тут не ўкладваецца ў вусны персанажаў: «Кожны раз, калі я пачую гэтую песню, перада мною ўзнікае, як дзівосны міраж, як дзіцячая казка, вобраз майго роднага сяла, і сэрца пачынае шчымець радасцю жаданай сустрэчы... I няважна — даўно я там быў ці толькі ўчора адтуль.

Не, не забыць мне яго ніколі. Там — радзіма. У душы яна. У памяці. У снах неспакойных».

Гэта, па сутнасці, мастацкая проза, а не проста аўтарскае тлумачэнне да тэксту п'есы. Макаёнак і сапраўды выношваў мару «напісаць раман. Лірычны». Мары гэтай не суджана было ажыццявіцца, хоць дакументальна засведчыў яе пісьменкік за пяць гадоў да смерці (ён раптоўна памёр 16 лістапада 1982 года. У 62 гады. Па сённяшніх мерках яшчэ жыць бы і жыць!). Словам, часу на раман не хапіла. А камедыя «Таблетку пад язык» пры ўсіх спрэчках вакол яе ўсё ж мела шчаслівы лёс. Яна разам з «Трыбуналам», які датуецца 1970 годам, была адзначана Дзяржаўнай прэміяй імя Я. Коласа і ставілася многімі тэатрамі.

Нямала спрэчак, рэха ад якіх зрэдку дакочваецца і да нашых дзён, выклікаў у свой час і «Трыбунал». Гэтая п'еса нязвыклая ўжо тым, што пра гераізм народа ў гады Айчыннай вайны драматург адважыўся пісаць у камедыйным творы, шырока выкарыстоўваючы анекдатычныя сітуацыі, смешна-шаржыраваныя сцэны з яўнымі прыкметамі фарсу, які тэарэтыкі вызначаюць як малы камедыйны жанр з каламбурамі і досціпамі, з высмейваннем незадачлівых ваякаў, дурных мужоў, іх жонак, розных махляроў, тупых суддзяў і інш. Выразна праглядваецца ў «Трыбунале» і стылістыка казкі, народнага лубка з ягонай знарочыстай спрошчанасцю, за праірамаванай зробленасцю пад прымітыў, за якім часта хаваецца глыбокі сэнс. На ўсё гэта Макаёнак ішоў свядома. Таму і даў падвойнае жанравае вызначэнне: трагікамедыя, народны лубок.

П'еса карысталася шырокай папулярнасцю, мела, як ужо адзначалася, рэкордную колькасць пастановак. Самую высокую ацэнку «Трыбуналу» даў I. Шамякін, які ў 1970 годзе пісаў: «Так расказаць аб самым страшным выпрабаванні — вайне, фашысцкай акупацыі, аб барацьбе народа, аб яго маральнай сіле і патрыятызме мог толькі сам народ».

Але сёння выразна бачыцца і спрэчнае ў творы, у прыватнасці, і нешта «паўлікамарозаўскае» ў тым судзе, які чыняць над героем «Трыбунала» Цярэшкам ягоныя дзеці, нявестка і жонка Паліна. Зразумела, яны не ведаюць, што нямецкім старастам Цярзшка становіцца па заданню барацьбітоў з акупантамі, але ж збіраюцца пазбавіць жыцця роднага бацьку, свёкра і мужа. Адназначна ўхвалядь такое як вышэйшую праяву патрыятызму ўсё ж рызыкоўна, бо, па суінасці, гэта быў даведзены да крайняй мяжы палітычны фанатызм. Да таго ж самыя блізкія людзі выносяць Цярэшку смяротны прысуд дачасна, у разліку на ягоныя будучыя канкрэтныя злачынствы, пакуль што рэальна не здзейсненыя. Праўда, па тагачасных савецкіх мерках і сама згода на пасаду старасты ў адміністрацыі прышэльцаў разглядалася як бясспрэчны крымінал. Але наўрад ці можна лічыць гэтыя меркі сапраўды чалавечнымі.

У такой далікатнай сітуацыі Макаёнка неяк ратавала менавіта лубачнасць твора, налёт казачнасці, які прысутнічае тут, ды яшчэ тое, што да выканання прысуду справа не дайшла. А гібель Цярэшкавага сына Валодзькі, які з-за ўяўнай здрады бацькі рашыўся на дыверсію са смяротным зыходам і для сябе, кідае на жанравы воблік п'есы дадатковае святло, ператварае яе з камедыі ў трагікамедыю. Тым самым казка, лубок выходзілі на жорстка суровыя параметры жыццёвай рэальнасці, набываючы дадатковую глыбіню і важкасць. I ўжо ва ўсякім разе так нейтралізаваўся папрок у пацяшальніцтве на народным горы, бо з праліццём крыві смех пераходзіў у горкі плач. I Макаёнак падкрэсліў гэта сваім жанравым вызначэннем твора як трагікамедыі.

Да жанру трагікамедыі належыць і «Зацюканы апостал» (1969), бадай, самы арыгінальны Макаёнкаў твор, які вызначаецца вялікай філасофскай насычанасцю, прытчавай шматзначнасцю і гранічнай абагульненасцю кожнага з персанажаў. Ён і пісаўся з улікам сусветнага вопыту інтэлектуальна-філасофскай драмы, традыцыямі якой Макаёнак узбагачаў беларускую літаратуру. Стваралася трагікамедыя на матэрыяле зарубежнай рэчаіснасці і афіцыйна трактавалася як п'еса пра норавы буржуазнага грамадства. Сам жа драматург адзначаў, што ягоны твор — гэта «вынік роздуму над праблемамі агульначалавечага характару». I сапраўды, хлусня, крывадушнасць, агрэсіўнае непрыманне праўды, прыніжэнне асобы чалавека, які толькі на словах абвяшчаўся ў нас гаспадаром краіны, а на справе прыносіўся ў ахвяру утапічнай ідэі і палітычным амбіцыям кіраўнічай касты,— усё гэта было характэрным найперш для нашай таталітарнай дзяржавы. Нездарма ж і гэты твор, як сведчыць I. Шамякін у «Аповесці пра сябра», прабіваўся на сцэну з «вельмі драматычнымі прыгодамі».

Вось Малыш (той вынесены ў загаловак апостал, якога зацюкалі, як толькі ён стаў без аглядкі казаць праўду) тлумачыць, што сучасны цэзар, «каб стаць на чале дзяржавы», «павінен умець прыкідвацца праўдзівым, калі нахабна хлусіць, прыкідвацца чэсным, калі беспардонна ашуквае, шчырым, будучы фалыыывым, цвёрдым і ўпэўненым, калі нават грызуць сумненні, прыкідвацца добрым і ласкавым, падпісваючы смяротны прыгавор. Пачаўшы вайну, трэба ўмець пераканаць людзей, што вядзецца яна ў інтарэсах міру, а гарады бамбяць — дзеля іх абароны».

Дык хіба гэта толькі «іх» норавы? Далей цынізм дэмагогаў у барацьбе за ўладу акрэсліваецца яшчэ больш выразна: «Я павінен умець пераканаць бацьку пайсці супроць сына, а дачку— сведчыць супроць маці, калі мне гэта спатрэбіцца». Фантастыка? Зусім не. I пераконвалі, і прымушалі зноў жа ў нашай краіне, ды з асаблівай жорсткасцю і вялікім размахам. У сталінскія часы ўсё гэта афіцыйна патрабавалася ад блізкіх сваякоў тых няшчасных людзей, якіх абвяшчалі ворагамі народа.

Выразныя паралелі з нашай рэчаіснасцю ўзнікаюць і ў п'есах «Кашмар» (1974, вядома і пад назвай «Святая прастата»), і «Дыхайце эканомна!..» (1982), якая стала апошнім творам драматурга.

Абодва гэтыя творы маюць вельмі пэўную антываенную накіраванасць. Сам Макаёнак пра «Кашмар» казаў: «П'еса як быццам вострая, смешная і...— актуальная, антываенная».

I ў «Кашмары», і ў «Дыхайце эканомна!..» на поўны голас гучыць пісьменніцкі пратэст супраць шалёнай гонкі ўзбраенняў і пагрозы тэрмаадзернай вайны, на падрыхтоўку якой тады траціліся фантастычныя сумы — больш за мільярд долараў у дзень у 1978 годзе. Праз няпоўнае дзесяцігодцзе лічба ўзрасла амаль да двух мільёнаў долараў у мінуту!

Вось і спрабуе макаёнкаўскі Стары з «Кашмару» спыніць гэтую вар'яцкую гонку, але церпіць поўны крах. Краіна, у якой ён становіцца прэзідэнтам (не наяве, а толькі ў кашмарным сне!), канкрэтна не называецца. Па нейкіх знешніх прыкметах яна зноў жа не наша. Але ў акружэнні Старога і тут ёсць добра вядомыя яму людзі: уласны сын і ягоная каханка, якія ўжо знаходзяцца на службе ў сапраўднага Гаспадара краіны — ваенна-прамысловага комплексу. Больш таго, Сын (ён цяпер віцэ-прэзідэнт) прымае ўдзел у змове супраць бацькі і нават дапамагае задушыць яго, каб самому заняць прэзідэнцкую пасаду.

Калі б п'еса пісалася пазней, ужо ў 90-я гады, дык можна было б падумаць, што аўтар адштурхоўваўся ад падзей жнівеньскага путчу ў былым СССР, калі палахлівец з дрыжачымі рукамі Янаеў, наш тагачасны віцэ-прэзідэнт, мерыўся сесці на прэзідэнцкае месца Гарбачова. Але да гэтых падзей, што прыспешылі распад балыпавіцкай імперыі, Макаёнак не дажыў. Ды ягоную фантасмагорыю ў нейкіх істотных рысах пацвердзіла само жыццё. А гэта значыць, што пісьменнік, дасканала ведаў і норавы прадстаўнікоў ваенна-прамысловага комплексу, і вялікую сілу гэтай махіны, на якую ў нашай краіне тады працавала да 80% прамысловага патэнцыялу. Таму зусім не выпадковым было тое, што, як сведчыць Г. Колас у кнізе «Аўтографы Андрэя Макаёнка», п'есу спачатку не пускалі да пастаноўкі, а потым яшчэ і забаранялі на пэўны час спектакль купалаўцаў па гэтым творы.

Драматург прадбачыў магчымасць такіх паваротаў, бо даў «Кашмару» нязвыклае жанравае вызначэнне — небяспечная камедыя». Літаратуразнаўства такога вызначэння не ведае. Але Макаёнак выразна ўсведамляў, каля якой небяспекі ён ходзіць, закранаючы ваенна-прамысловы комплекс. Вось і даводзілася рабіць выгляд, што гутарка ідзе не пра нас, не пра нашы парадкі, не пра нашу тэрмаядзерную вакханалію, а пра нейкую невядомую краіну.

Зрэшты, пісьменнік рызыкнуў тут і на некалькі маналогаў пра тое, як у Савецкім Саюзе наша кіраўніцтва, забываючыся толькі пра свой народ, пра сялянства ў асаблівасці, транжырыла велізарныя сродкі на падтрымку (па матывах палітычных) самых розных краін, у тым ліку з яўна дыктатарскімі, а то і зусім адыёзнымі рэжымамі. Вось выпакутазаныя словы Старога на гэты конт: «Не! Дудкі! Усё! Хопіць! Даволі! Усе свае даўгі я выплаціў. Усе свае павіннасці я адбыў. Нікому я нічога больш не павінен. Я ў даўгу толькі перад сабой. Толькі сабе я не выплаціў спаўна за ўсе мае пакуты, за ўсе мае ахвяры, за ўсе мае надзеі і цярплівыя чаканні... Перад рабочым перад класам доўг быў брацкі. Карміў яго. Сам часта клаўся спаць галодны, а яго карміў. Потым... Інтэрнацыянальны доўг... Ды і не доўг, а спагада, спачуванне... Кітаю даваў, Інданезіі даваў, Гане, Егіпту, Індыі, Бангладэш, Алжыру, В'етнаму, Сірыі, Анголе, Мазамбіку, ды ўсім, хто прасіў. Самому не хапала шыферу на крышу, а Кубе, а Чылі, а Перу, а на Асуанскую, на Еўфрацкую плаціны цэменту не паскупіўся. Хай ведаюць нашу дабрату, Даваў па абавязку чэсці, па абавязку працоўнай салідарнасці. Вот гляну кругом — цяпер усе мне павінны. Не я, а мне!»

Афіцыйная фразеалогія пра доўг інтэрнацыянальны і спачуванне (да ўладалюбцаў рознага кшталту, калі пакутуюць свае людзі), спасылкі на нашу дабрыню, працоўную салідарнасць (з дыктатарамі, якія душаць свой народ і пагражаюць іншым) — усё гэта, вядома ж, быў празрысты камуфляж, без якога п'еса ўжо ні ў якім разе не пабачыла б свету, не дайшла да гледача. Рэальная ж ацэнка такой часта бязглузда-злачыннай «дабрыні» за кошт аграблення ўласнага народа давалася праз тое, як успрымае Стары паведамленне савецкага радыё, што «ў Маскву з афіцыйным візітам прыбыў кіраўнік дзяржавы астравоў Карыцы і Лаўровага Ліста», які на аэрадроме заявіў, што ў адносінах з Савецкім Саюзам ён будзе прытрымлівацца «прынцыпаў роўнасці і неўмяшання ва ўнутраныя справы». Макаёнкаўскі герой каменціруе гэтую заяву не толькі без дыпламатычнай абцякальнасці, за якою звычайна хаваецда сутнасць справы, але і даволі з'едліва, па-народнаму трапна: «Прыехаў крэдытаў прасіць. У Англіі ў яго не выгарала, дык ён да нас. Пералётам... Абяцае дазволіць на адной лаўцы пасядзець. Як роўным».

Каламбурна, у духу народнай этымалогіі пераасэнсоўваецца і прозвішча таго шустрага прэзідэнта: замест сапраўднага (па п'есе) Джордж Крамін Шры атрымліваецца Дзяржыкарманшырэй. I гэтым усё сказана.

Прыгадваючы ў сваім апошнім, апублікаваным пасмяротна, інтэрв'ю, як пісалася камедыя «Дыхайце эканомна!..», Макаёнак падкрэсліваў, што задума гэтага твора нарадзілася пасля знаёмства ў Вашынггоне з атамным бамбасховішчам для кіраўнічай эліты. Але гэта таксама быў камуфляж, свядомая містыфікацыя, якая рабілася для таго, каб п'еса лягчэй прайшла праз цэнзурныя рагаткі. На самой жа справе такое бамбасховішча, як сцвярджае Г. Колас, спасылаючыся на даверліва сяброўскую гаворку з аўтарам, Макаёнак бачыў не ў Вашынгтоне (для прадстаўніка савецкай краіны гэта было немагчыма), а ў роднай Беларусі — «на Мінскім моры, пад Заслаўем, там, дзе Брэжнеў сустракаўся з Пампіду».

Малюецца ў камедыі «Дыхайце эканомна!..» сітуацыя, калі тэрмаядзерная вайна ўжо як быццам развязана (потым аказваецца, што яе ўсё ж удалося прадухіліць), а эліта, вядома, не наша (нашу не мог адкрыта зачапіць ніхто!), значыць, эліта буржуазнага грамадства адседжваецца ў разлічаным на чвэрць стагоддзя аўтаномнага існавання падземным сховішчы, чакаючы, пакуль знікне радыяцыя. Так у рэальным жыцці збіралася ратавацца і савецкае кіраўніцтва, якое пад размовы пра абарону міру само рыхтавала ўсепланетную ядзерную бойню.

Мадэліруючы парадкі ў тым падземным сховішчы, драматург наладжвае своеасаблівы шматнацыянальны парад дыктатараў, якія змяняюць адзін другога, усталёўваючы, кожны на свой лад, таталітарны рэжым. А ў выніку ўзнікае контурна акрэсленая і злёгку парадыраваная карціна рэальнай гісторыі чалавецтва ў яе паваротныя моманты. Сатыра атрымліваецца з'едлівая і павучальная. Пра гэта добра сказаў В. Быкаў, які, маючы на ўвазе «Дыхайце эканомна!..», падкрэсліў: «Напэўна, ні ў адной з яго ранейшых камедый макаёнкаўскі сарказм выкрыцця не дасягаў такога з'едлівага майстэрства, ніколі яшчэ Макаёнак не паднімаўся гэтак высока ў высакароднай справе абароны міру на нашай зямлі, як у гэтай поўнай досціпу і гумару выдатнай сатыры».

Жанравае вызначэнне, якое аўтар даў п'есе «Дыхайце эканомна!..», даўгаватае, але сапраўды дасціпнае і поўнае глыбокага сэнсу: «Калі гэта фарс, дык што ж тады рэальнасць?». Так драматург акцэнтаваў нашу ўвагу на тым, што фарсавая прырода смеху ў ягоным творы скіравана супраць рэальных заган чалавечага грамадства, якое за працяглы час свайго існавання напакутавалася ад самых розных уладароў, але не навучылася ні прадухіляць іх з'яўленне, ні эфектыўна змагацца з іх пачварным уладалюбствам.


: files
files -> Конкурс журналісцкіх матэрыялаў "твой стыль"
files -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”
files -> Праграма Artes liberales 2013 (12–28. 02)
files -> Культурная праграма Першага нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”
files -> Штомесячны агляд эканомікі беларусі
files -> Пазакласны занятак па музыцы. Калейдаскоп дзіцячых фальклорных гульняў
files -> Паводле лірычных твораў А. С. Пушкіна мы іграем пушкіна
files -> 18 кастрычніка 2012 г. 1522 Аб узнагароджанні Ганаровай
files -> Клубы і аматарскія аб’яднанні Назва бібліятэкі


1   2   3


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка