Лёс драматурга



старонка3/3
Дата канвертавання15.05.2016
Памер0.59 Mb.
1   2   3

* * *

Арыгінальнай і вострай атрымалася ў Макаёнка і п'еса «Пагарэльцы», якая першапачаткова мела назву «3 кірмашу». Яна пісалася, як сведчыць аўтарская датыроўка, у 1967— 1980 гадах. Драматург, які звычайна працяглы час выношваў свае творы, а потым пісаў іх хутка, у асобных выпадках за некалькі дзён, з гэтай п'есай валаводзіўся так доўга таму, што ў ёй ён зноў распрацоўваў небяспечную тэму — сродкамі сатыры гаварыў пра знікненне сумленных людзей у выніку сталінскіх рэпрэсій. Але Макаёнак трохі прыпазніўся са сваім творам. Бо к таму часу, як быў напісаны першы і самы востры варыянт п'есы, ужо змянілася сітуацыя ў краіне. Хрушчоўская «адліга», пазначаная адкрытай афіцыйнай крытыкай сталінскага дэспатызму, саступіла месца брэжнеўскаму застою з яго паўзучым неасталінізмам і яўным адкатам ад куцага хрушчоўскага лібералізму.

Пісьменнік усё гэта добра ведаў і захваляваўся. «У гісторыі «3 кірмашу», па-мойму, нават ён трохі разгубіўся, таму пасля прачытання нам, сябрам, не распаўсюджваючы рукапіс, занёс камедыю Машэраву»,— зазначае ў «Аповесці пра сябра» I. Шамякін.

У савецкай дзяржаве, дзе ўсё падвяргалася строгай ідэалагічнай цэнзуры, такія захады былі нярэдкімі. Правіў жа колькі разоў Шолахаў сваю кнігу «Яны змагаліся за Радзіму» па ўказаннях работнікаў ЦК КПСС і пасылаў яе Брэжневу для адабрэння, хоць ведаў сапраўдную цану гэтаму лаўрэату Ленінскай прэміі па літаратуры.

Машэраў такой прэміі не меў, але ў літаратурных справах разбіраўся куды лепш за нямоглага генсека, да Макаёнка, як ужо згадвалася, ён ставіўся прыхільна. Дык можна было спадзявацца хіба што на яго як вышэйшы ідэалагічна-партыйны аўтарытэт у рэспубліцы. Пазней, паўтару, ён сяды-тады і выручаў. Але першы варыянт «Пагарэльцаў» («3 кірмашу») напалохаў і Машэрава. I той, як у рыфму піша I. Шамякін, «даў параду: зачыніць гэтую рэч гадоў на пяць у шуфляду».

Такія «парады» маюць адну вельмі непрыемную асаблівасць — іх выконваць трэба абавязкова. Дык і Макаёнку прыйшлося яшчэ пакутаваць са сваёй п'есай ажно 13 гадоў, тых, што раздзяляюць дзве даты пад яе тэкстам.

Але і ў пачатку 80-х, калі п'еса нарэшце дайшла да чытачоў і гледачоў, цэнзурныя ўмовы былі такія, што драматург не мог адкрыта, прамым тэкстам сказаць пра сталінскія рэпрэсіі. I таму яны ў «Пагарэльцах» называюцца землетрасеннем, катастрофай, катаклізмам і іншымі сінонімамі. Ды яшчэ робіцца таксама вымушаная агаворка ў прадмове ад аўтара, што падзеі, узноўленыя ў творы, адбыліся «даўным-даўно. Як кажуць: было, было, дый быллём парасло. Магчыма, толькі некаторыя дзядулькі ды бабулькі і прыгадаюць тую быль».

Вядома, Макаёнак не быў бы Макаёнкам, калі б ён усё ж не расставіў апазнавальных знакаў, якія зусім пэўна звязваюць падзеі твора з перыядам сталінскай дыктатуры. Дзеля гэтага ў дыялогах персанажаў мільгаюць пакінутыя амаль нязменнымі крывадушныя сталінскія выказванні, што прэтэндавалі на ролю афарызмаў («Устаноўку чуў: «Жыць стала лепей, таварышы, жыць стала весялей!.. А калі весела жывецца, то і работа спорыцца»), падаюцца тагачасныя лозунгі-заклікі, слушныя самі па сабе, але ва ўмовах поўнай бяспраўнасці асобы таксама крывадушна-фарысейскія. Так, у п'есе гучыць падхопленая Сталіным формула «Кадры рашаюць усё», у прынцыпе бясспрэчная. Але ж якраз пры Сталіне самыя выдатныя кадры, найлепшыя спецыялісты ў розных галінах народнай гаспадаркі і культуры вынішчаліся ў масавым маштабе, а на змену ім прыходзілі невукі і выскачкі, гатовыя выконваць любыя загады і ўстаноўкі. Таму ў вуснах макаёнкаўскіх «пагарэльцаў» гэтая формула набывае іранічны падтэкст, застаючыся разам з тым знакам часу, яго метай.

Такая мета — і напышлівая культаўская фразеалогія, якая ў свой час набывала значэнне ўстойлівых клішэ, ледзь не абавязковых пры ўпамінанні імя тырана. Вось чаму персанажы п'есы абыходзяцца толькі гэтымі клішэ, калі падымаюць тост « за нашага любімага... роднага... бацьку і настаўніка... усіх часоў і народаў». Для дасведчаных зразумела, што маецца на ўвазе менавіта Сталін і толькі ён. Але, між іншым, не ўсе гледачы і не адразу пра гэта здагадваяіся. Я з гэтым сутыкнуўся, калі глядзеў выдатна пастаўлены спектакль у купалаўцаў з В. Тарасавым у галоўнай ролі. Ды ў Макаёнка іншага выбару, як абыходзіцца такімі эўфемізмамі, не было — з-за цэнзурных забарон.

Але і пры тагачасных цэнзурных абмежаваннях ён здолеў выйсці на публіку з творам, у якім выдатна адлюстраваны не толькі жахлівасць масавых сталінскіх рэпрэсій і згубнасць іх наступстваў для краіны, але і тое, як вялікая ўлада, не абмежаваная строгімі рамкамі закону, разбэшчвае пазбаўленых высокіх маральных крытэрыяў людзей, робіць іх небяспечнымі для грамадства.

Гэтая думка ўражліва сцвярджаецда праз з'едлівую сатырычную абмалёўку персанажаў, якія прыходзяць на змену сумленным працаўнікам, знішчаным у выніку рэпрэсій.

Загубленым у п'есе Макаёнка аказаўся старшыня выканкома гарсавета Віктар Бурлакоў (персанаж пазасцэнічны), пра сумленнасць якога красамоўна гаворыць ягоная запісная кніжка з вынесеным у фінал твора наказам самому сабе і нашчадкам: «Ідучы на спачын, запытай сябе сам: што ты зрабіў сёння? Падвядзі вынікі справам тваім. Можа, чужое проса вытаптаў? Пакрыўдзіў каго? Аблаяў? Звольніў з работы? Ці асудзіў? Каго? За што? Ці справядліва? Чым гэта павернецца для цябе, для людзей заўтра? Праз год? Праз дзесяць гадоў? А праз дваццаць год?.. Падводзячы вынікі справам тваім, жыццю свайму, каяцца не будзеш?

Адыходзячы на спачын, спытай сябе сам: што ты зрабіў сёння?»

Драматург надаваў запавету Бурлакова вельмі істотную ролю ў канцэпцыі п'есы, пэўны час і называў яе ключавымі і таму паўторанымі толькі тут двойчы словамі з гэтага запавету («Спытай сябе сам»).

А на змену разумнаму і сумленнаму Бурлакову па волі выпадку, збегу катастрафічных для горада, але спрыяльных для бурлакоўскага пераемніка абставін прыходзіць Хведар Паўлавіч Ухватаў, само прозвішча якога мае прамую сувязь са словамі «хапаць», «ухапіць», «хватка». I Хведар Паўлавіч упаўне апраўдвае гэтае прозвішча. Вядома, не адразу. Да таго, як зрабіцца паўнаўладным начальнікам, ён паводзіў сябе зусім іначай. «Мой Федзя быў цішэй вады, ніжэй травы. Ні з кім не сварыўся, нікому дарогу не перайшоў. Ён сам баяўся крытыкі і нікога не крытыкаваў. Былі ўсякія дыскусіі і дыспуты, дык ён жа ўцякаў ад іх... Калі дзе-небудзь галасавалі, ён жа ніколі першы рукі не падымаў. Прыглядаўся — як усе, так і ён. 3 начальствам ніколі ў дыбкі не станавіўся. Ніколі не пярэчыў. Ніякай хулы ад яго не чула»,— зазначае жонка Ухватава ў трывожную ноч масавага хапуна, яшчэ не ведаючы, што яе Хведар не толькі не загінуў, але і атрымаў вялікую ўладу над людзьмі.

Пачыналася ж ягоная кар'ера вельмі сціпла. Да выпадковага «ўзнясення» быў, як сам кажа, «рабочым. Гліну мясіў на цагельні. А потым выдзвінулі», яшчэ не высока, усяго толькі на пасаду інструктара. I вось такая ўдача. Раптам стаў «гаспадаром горада»! Як жа тут не зафанабэрыцца, не закукарэкаць, не паказаць сябе ва ўсёй красе! I Ухватаў паказвае.

А згадка пра яго паходжанне з нізоў, працу рабочым і потым вылучэнства мае палемічны падтэкст. Лічылася ж пры бальшавіках, што такая біяграфія самая надзейная. А Макаёнак сваім творам сцвярджае, што і выхадцы з нізоў, з народных гушчаў, як некалі казалі, могуць быць далёка не святымі, а, наадварот, вельмі небяспечнымі, калі ў іх няма ні сумлення, ні ведаў, ні культуры.

У Хведара Паўлавіча ўсё гэта і не начавала. Затое ёсць гатоўнасць, «калі трэба, калі скажуць», усё «перавярнуць дагары нагамі». I ён варочае. Нават «жалезную волю» праяўляе гэты былы ціхоня, умацоўваючы сваё начальніцкае становішча. Пачынае, вядома, з таго, што, як зноў жа сам прызнаецца, акружае сябе, на яго думку, «вернымі, надзейнымі кадрамі. Кадрамі, якім я патрэбен пазарэз, больш, чым яны мне. Тады я буду «восседать» не па волі выпадку, а як на слупах». Прынцып даўно вядомы, ды, на вялікі жаль, не састарэлы і сёння, дзейсны і цяпер.

Ухватаўскае акружэнне ўрэшце аказалася ненадзейным. Але ў такіх выпадках іншым яно наўрад ці бывае. Затое вельмі каларытнае. I ўсё пад гаспадара, вартае яго. Вось, напрыклад, Бусько, таксама вылучэнец, спачатку быў вылучаны на «заготжывёлу». А як надакучыла круціць хвасты жывёле, дык захацеў улады над людзьмі. I дзякуючы Ухватаву атрымаў яе.

А яшчэ ёсць Кудасаў, чалавек з абсалютным нюхам, трымае нос па ветры, як мяцеліца, кудаса, што ветрам накіроўваецца. Кудасаў крычыць пра сваё «класавае чуццё і адданасць», але для яго, як і для ўсёй гэтай кампаніі, галоўнае — атрымаць цёплую кіраўнічую пасаду, дзе можна надзейна прысмактацца да народнага дабра.

Ёсць і Клёпкін, пра якога можна сказаць: дурны, дурны, ды хітры. А гэха самыя небяспечныя дурні, асабліва калі яны дарываюцца да ўлады, ды яшчэ вялікай! Нават Ухватаў, набіваючы сабе цану, іранізуе з яго: «Што ён такое? Хто ён такі? Інжынер? Прафесар? Спецыяліст? Дэгустатар? Дэзінфектар?» Гатовы (яшчэ гатовы!) дагадзіць дабрадзею Бусько падказвае: «Затое — ідэйны. Ух, які ідэйны!»

Вельмі знаёмая па яшчэ зусім нядаўніх часах атэстацыя. А за ёю — пустата, бо Клёпкін проста балбатун з узвышанай фразеалогіяй, з тых, якія не перавяліся і сёння. Толькі сёння больш націскаюць не на ідэйнасць, а, як Кудасаў, на адданасць, ды не справе, прынцыпам, а непасрэднаму начальству, якое ставіцца вышэй за закон і права.

Ухватаў таксама дамагаецца такога становішча. У гэтым сэнсе шмат прамаўляе эпізод з мухай, якую па камандзе Хведара Паўлавіча ловяць для яго саратнічкі. Расціснуўшы тую муху ў кулаку, Ухватаў наглядна паказвае, што такое сіла і ўлада. Калі яна ў ягоных руках! А далей, ужо ў эпілогу, ідзе для поўнай яснасці і аўтарскае тлумачэнне, для драматургіі нязвыклае, але тут вельмі патрэбнае, бо яно дазваляе дакладна зразумець далейшы ход падзей, у непасрэдным драматургічным дзеянні апушчаны. Аўтар цяпер сам паведамляе: «Не склалася паміж імі ні палкая любоў, ні моцная дружба. Фёдар Паўлавіч — чалавек быў трудны, прагнуў пашаны і таму заўсёды чакаў асобай да сябе павагі, уладалюбівы, круты і, як гаворыцца, любіў праехацца вярхом са шпорамі». Не думаючы пра будучыню. А яна прынесла тое, што і павінна была прьшесці. Ухватаў урэшце страціў уладу і стаў пенсіянерам. Значыць, для колішніх хаўруснікаў ён цяпер ніхто. Бо для іх «чалавек без улады — не чалавек. Так, пустое месца». I яны жорстка, нават з садысцкай злараднасцю адпомсцілі былому грознаму шэфу, давёўшы яго да інфаркту са смяротным зыходам.

Можна сказаць, што круты і фанабэрысты ўладалюбец з жалезнай хваткай у расправах і здзеках атрымаў па заслугах. Але бяда ў тым, што ніколькі не лепшыя за яго і пераемнікі, усе гэтыя бусько, кудасавы ды клёпкіны, як і Ухватаў, «пагарэльцы» з культаўскай псіхалогіяй, якіх драматург развенчвае бязлітасна і вельмі вынаходліва. А на змену ўжо ім рыхтуецца Буськоў пляменнік Гарык, які па сваёй цынічнасці і нахабству не ўступае ні дзядзьку, ні яго кампаньёнам, а можа і пераплюнуць іх. Гэта спецыяліст па штучным асемяненні жывёлы, які атрымлівае зарплату на пасадзе інжынера «па бягучым рамонце». «Быў штучным бугаём, штучным бараном, штучным кныром. А стаў інжынерам!» — здзекуецца з яго ў бяссільнай злосці Бусько, у якога асемяніцель-інжынер вымагае грошы за маўчанне пра дзядзькавы заляцанні да сакратаркі.

Праўда, у п'есе ёсць станоўчы герой Аляксей Аляксеевіч, былы ўхватаўскі шафёр, які закончыў архітэктурна-будаўнічы інстытут і, відаць, стаў, у адрозненне ад Гарыка, інжынерам сапраўдным. Але ў драматургічным дзеянні ён праяўлены слаба, без макаёнкаўскага бляску. Роля гэтага персанажа зводзіцца галоўным чынам да таго, што ён паведамляе пра хуткую ліквідацыю той «канторы», дзе «арудуе» пасля смерці Ухватава Бусько з кампаніяй.

Паведамленне, зразумела, шматзначнае. Яно павінна сведчыць, што ўхватаўцам выносіцца канчатковы прысуд. Але думаецца, што такая канцоўка была вымушанай, як і розныя агаворкі-падпоркі ад уласнага імя драматурга ў п'есе. Усё сутнаснае ў мастацкім паказе сатырычных персанажаў, логіка іх паводзін, раскрытая ярка і глыбока, пераконваюць, што Макаёнак добра разумеў учэпістасць пераемнікаў Ухватава, іх жывучасць, здольнасць прыстасоўвацца да самых пераменлівых абставін, зноў і зноў адраджацца ў спрыяльных умовах.

Я. Усікаў у згадванай ужо кнізе «Андрэй Макаёнак» слушна падкрэсліваў, што ў «пагарэльцах», «бадай, з найбольшай сілай раскрыўся драматургічны талент аўтара». Але далей даследчык сцвярджаў: «Твор выкрывае заганную антыграмадскую з'яву, якая заўважалася ў мінулым. 3 лёгкай рукі А. Макаёнка ў беларускай літаратуры яе ахрысцілі ўхватаўшчынай — па імені галоўнага сатырычнага персанажа п'есы Ухватава... Сваім творам драматург сцвярджае: ухватаўшчына аджыла свой век, з яе можна цяпер удосталь пасмяяцца».

Гэтыя вывады таксама былі прадыктаваны часам выхаду кнігі — яна апублікавана ў 1984 годзе. I крытык, які вельмі ўважліва чытаў творы драматурга, ні разу не называе ні імя Сталіна як віноўніка хапуна, ні тое, што катастрофа, пра якую ідзе размова ў Макаёнка, азначае сталінскія рэпрэсіі. Ясна, што прычынай гэткіх умаўчанняў бьші цэнзурныя забароны, якія існавалі не толькі тады, калі пісалася п'еса, але і тады, калі выдавалася кніга крытыка. Вось і даводзілася яму (услед за дэкларатыўна-падстраховачнымі заявамі драматурга, зробленымі насуперак усёй логіцы характараў намаляваных ім персанажаў) націскаць на тое, што ўхватаўшчына — ужо ў мінулым.

Сцверджанне Я. Усікава, што ўхватаўшчына аджыла свой век, ужо аспрэчваў С. Лаўшук у каментарыях да другога тома Збору твораў Макаёнка (том гэты выйшаў у 1987 годзе, калі цэнзурны ціск, дзякуючы гарбачоўскай галоснасці, трохі паслабіўся, але яшчэ існаваў). Дык і Лаўшук, як бы насуперак самому сабе, дапускае адну агаворку, з якой сёння цяжка пагадзіцца. Гутарка ідзе пра заўвагу, нібыта «ў сённяшняй рэчаіснасці адсутнічаюць перадумовы для з'яўлення новых развалін і друзу, на якіх маглі б укараніцца новыя ўхватавы».

Час паказаў, што ні ад чаго такога мы якраз не застрахаваны. Бессаромныя дэмагогі і балбатуны з пароды ўхватавых, якія ўмеюць толькі ўчэпіста трымацца за свае пасады ды здзекавацца з тых, хто трапляе да іх у падначаленне, і цяпер маюць спрыяльнью ўмовы для ўкаранення (можа, яшчэ мацнейшага, чым раней!) і ўсё больш пагрозліва праяўляюць сваю «жалезную волю», не бянтэжачыся тым, што мы знаходзімся ў цэнтры Еўропы, большасць краін якой дасягнула важкіх здабыткаў і ў развіцці дэмакратыі, і ў забеспячэнні нармальнага жыцця для сваіх грамадзян.

Па сваёй жанравай сутнасці «Пагарэльцы» — трагікамедыя. Але драматург даў зноў адметнае вызначэнне-характарыстыку: «пралог і эпілог адной прыватнай трагікамічнай гісторыі». Вядома, згадка аб прыватным характары падзей у творы таксама рабілася для падстрахоўкі ад магчымых афіцыёзных наскокаў (маўляў, тут няма шырокіх абагульненняў). А што да пралога і эпілога, дык і сапраўды гэта тыя дзве полюсныя часткі п'есы, якіх аўтару аказалася дастаткова, каб поўнасцю рэалізаваць сваю задуму, паказаць з вялікай разбежкай у часе, як трагічныя падзеі пачыналіся і да чаго яны прывялі.
* * *

Самая традыцыйная сярод п'ес Макаёнка, напісаных у апошнія гады ягонага жыцця, камедыя «Верачка» (1976), твор, па словах аўтара, аб тым, як праявы «бяздушнасці, грубасці, чэрствасці» крыўдзяць і маральна раняць чалавека. Але жанр гэтага твора пісьменнік зноў вызначыў па-свойму, назваўшы яго сентыментальным фельетонам. Такім чынам, і тут заявіла пра сябе імкненне драматурга да арыгінальнасці, прадыктаванае неардынарнасцю яго таленту.

Гэта ж бачыцца і ў падрабязных характарыстыках дзейных асоб пры іх традыцыйным пераліку ў «Таблетцы пад язык» і ў «Зацюканым апостале», а таксама ў «Лявонісе на арбіце» і ў «Кашмары», але ўжо не ў пералічальным спісе, а ў самім тэксце твора, і ў спецыфічнасці вызначэння часу і месца дзеяння ў тым жа «Зацюканым апостале»: «Месца дзеі недзе на ўзбярэжжы паўднёвага мора, здаецца, Міжземнага. Можа, нават на заваляшчым якім востраве ў якім-небудзь акіяне, мелкім, неглыбокім, дзе і вады ўсяго па калена.

Час дзеі — якраз паміж мінуўшчынай і будучыняй. Акурат у свежай баразне паміж імі. Пакуль сама гісторыя не заарала гэтую баразну, паглядзім, падзівімся, што там дзеецца».

Па-свойму дасціпна і самаапраўдальна, як спроба прыглушыць лакіровачнасць твора, гучыць згадка пра час дзеі ў «Лявонісе на арбіце»: «у суседзяў — учора, у нас — сёння, у вас —заўтра».

Драматург, як часткова ўжо згадвалася, даваў аўтарскія прадмовы да некаторых сваіх камедый. Яны ёсць не толькі ў «Пагарэльцах», але і ў «Зацюканым апостале», «Верачцы» і часам уключаліся ў спектакль у выглядзе запісанага на магнітафонную стужку макаёнкаўскага звароту да гледачоў.

Вельмі арыгінальны ў «Кашмары» зварот драматурга да героя гэтага твора Старога (прыём, як і аўтарскае слова з уверцюры ў «Таблетцы пад язык», характэрны для лірычнай прозы, а не для драматургіі): «Якое ж гора няўцешнае ў цябе, чалавеча? Якая ж бяда напаткала цябе? Ад чаго на твары тваім такія мукі адбіліся? Чаму ж ты слязамі так заліваешся? I маўчыш. Ціха, бязгучна плачаш, нібы гора тваё сусветнае, нібы бяда твая непапраўная, нібы боль у цябе не толькі твой, а ўсяго твайго роду-племені. Ты крыкні, стары, крыкні! Вызвалі душу, аблегчы яе крыкам. Ну, паспрабуй выплеснуць са словамі тую горыч, што накапілася ў цябе на сэрцы. Ну!» У гэтай жа камедыі кожная дзея мае сваю назву, зноў, як у прозе («Ява», «Сон», «Вазнясенне»), і забяспечана адмысловым эпіграфам, трапным і змястоўным. Ёсць свой эпіграф і ў «Лявонісе на арбіце» (апраўдальны), і ў «Таблетцы пад язык» (падкрэслена гуманістычны).

У «Пагарэльцах» да пераліку дзейных асоб далучаны і «гледачы з пачуццём гумару — па 77 чалавек на кожнага адмоўнага персанажа ў спектаклі». Яўны іранічны закід, скіраваны супраць вядомых у свой час спроб рэгааментаваць суадносіны адмоўных і станоўчых герояў у сатырычным творы.

Зразумела, Макаёнка ў ягоным імкненні да арыгінальнасці фармальнай менш за ўсё спакушала голае эксперыментатарства, у драматургіі надзвычай рызыкоўнае, бо калі яго не прыме глядач, твор безнадзейна праваліцца. Так драматург шукаў новыя сродкі выразнасці, дабіваўся актывізацыі аўтарскай пазіцыі, яе выяўлення не толькі праз звыклае для драмы слова персанажаў, але і непасрэдна праз аўтарскае слова. I ягоныя пошукі давалі свой плён, узбагачалі выяўленчыя магчымасці нашай драматургіі. Цяпер макаёнкаўскую традыцыю ў Беларусі з поспехам працягваюць і развіваюць А. Петрашкевіч, М. Матукоўскі, А. Дудараў і іншыя таленавітыя прадстаўнікі гэтага літаратурнага роду.

Акрамя п'ес, А. Макаёнак пісаў і кінасцэнарыі, па якіх ставіліся мастацкія і дакументальныя фільмы, займаўся перакладам на беларускую мову асобных твораў вядомых савецкіх драматургаў, выступаў з баявітымі і глыбокімі артыкуламі па праблемах драматургіі, тэатра і кіно. Усё гэта таксама працавала на развіццё нашай культуры, у якой Макаёнкаў уклад уяўляецца вельмі значным і плённым.


1996
: files
files -> Конкурс журналісцкіх матэрыялаў "твой стыль"
files -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”
files -> Праграма Artes liberales 2013 (12–28. 02)
files -> Культурная праграма Першага нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”
files -> Штомесячны агляд эканомікі беларусі
files -> Пазакласны занятак па музыцы. Калейдаскоп дзіцячых фальклорных гульняў
files -> Паводле лірычных твораў А. С. Пушкіна мы іграем пушкіна
files -> 18 кастрычніка 2012 г. 1522 Аб узнагароджанні Ганаровай
files -> Клубы і аматарскія аб’яднанні Назва бібліятэкі


1   2   3


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка