Людміла Буката
“Мой родны кут, як ты мне мілы!.. або Навеянае творчасцю Песняра беларускай зямлі”
Творчая дзейнасць Якуба Коласа, так як і яго калегі па слову Янкі Купалы, у свядомасці ўсіх беларусаў назаўжды зафіксавана ў якасці выбітнага прыклада выключнай таленавітасці асобных прадстаўнікоў беларускага народа. “Мой родны кут, як ты мне мілы!..” – гэтыя словы знаёмыя кожнаму з самага маленства. Амаль што кожны беларус памятае не толькі пачатак урыўку, які вывучаў у школе, але і яго канцоўку “Аж покі ў Нёман не ўцякалі”. І, на жаль, толькі некаторыя з нас, тых, хто пакінуў школьныя парты за сваімі плячыма дзесяць і больш год таму, змогуць цалкам прадэкламаваць радкі, якімі апісваецца лесніковая пасада ў паэме “Новая зямля” Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча.
З кожным годам першыя радкі гэтага цудоўнага твора набываюць для кожнага з нас новае гучанне, пакоі асабістага жылля разыходзяцца – і ў якасці “кута” мы ўжо разглядаем не толькі мясцовасць нараджэння, але цалкам усю краіну. Варочаючыся з замежжа, мы з сумам адзначаем, што недастаткова дбаем пра тую частку на палітычнай карце свету, што была нам прызначана для жыцця, што мы ўжо прымірыліся з жыццём напалову і што самае жудаснае, не паступова, а няўяўна хутка мы забываем сваю гісторыю. Уявіце сябе ў вагоне цягніка, які ўжо набраў ходу, за акном мільгаюць карцінкі, мы нават не бачым іх, толькі слабыя абрысы, якія не застаюцца надоўга ў нашай памяці. Куды ідзе гэты цягнік, хто кіруе ім, што робім усе мы – невядома, нічога не чуваць, не магчыма нічога ўбачыць. Здаецца, што ўсе мы – беларусы – у гэтым цягніку, сядзім у цішыні, застылі ў невядомасці, а між тым цягнік усе больш і больш набірае хуткасць… Ці можна так гнаць?!.
Беларусы адвеку стагоддзяў славіліся сваімі трапяткімі адносінамі да сваёй гісторыі, да таго месца, у якім нарадзіліся, да прыроды і людзей, да сваёй сям’і. Менавіта за гэтыя каштоўнасці яны змагаліся з ворагам, імкнуліся зберагчы і памножыць унутранае дабро. Дбанне аб душы, а не вонкавай яе абалонцы, беражлівасць, адносіны с глыбокай любоўю да ўсяго жывога – усё гэта абумоўлівала кожную хвіліну жыцця нашых продкаў. Чаму мы ігнаруем гэта? І чаму сёння мы больш клапоцімся пра камфорт, дастатак і зусім не звяртаем увагі на тое, што ў карані такога значнага, спрадвечна беларускага слова “дабрабыт” няма нічога ад выразу “матэрыяльная забяспечанасць і стабільнасць”? Чаму мы амаль не чытаем, тым больш, на роднай мове, не наведваем нашы цудоўныя музеі і гістарычные помнікі? Напэўна, калі ў вялікай аўдыторыі, у якой ніхто непасрэдна не звязаны з паглыбленым вывучэннем беларускай літаратуры, запытацца, колькі чалавек наведалі музей Якуба Коласа ў Мінску, ледзьве ўздымуцца некалькі рук. Між тым, мы амаль што ўздоўж і ўпоперак прайшлі найбольш вядомыя музеі блізкага і далёкага замежжа, наведалі шматлікія гістарычныя помнікі замежных краін. Ды што хаваць, часам нават творчасць замежных пісьменнікаў і паэтаў, рэпертуар замежных тэатраў і кіно мы ведаем лепш. Хтосьці можа ў дадзеным кантэксце нагадаць радкі вядомай песні, аўтары якой спрабуюць упэўніць нас у тым, што для таго, каб любіць нашу мілую Беларусь, трэба пабываць у розных краях. Ведаеце, не магчыма зразумець, чаму каб любіць абавязкова неабходна параўноўваць? Дзіця любіць маці і бацьку без прычыны, проста так, жонка любіць мужа без ніякіх умоў, часам, нават, наперакор усяму, бацькам, каб любіць сваё дзіця, не трэба спачатку параўнаць сваё дзіця з дзіцём іншых бацькоў. У такім разе, чым адрозніваецца любоў да роднага краю? Здаецца, што нічым. Бясспрэчна, што любоў да краіны не залежыць ад нашага перамяшчэння па свету, але, ведаеце, пабываць за мяжой усё ж такі трэба. Кожнаму беларусу неабходна самому адчуць тое, аб чым яшчэ на пачатку XX стагоддзя ў аповесці “У палескай глушы” пісаў Якуб Колас, адчуць і зрабіць выснову для змянення. Канстанцін Міхайлавіч пісаў: “Кожны народ мае свой гонар. Англічанін перад усім светам горда вызначае: я – англічанін! Тое самае скажа француз, немец, аўстрыец, расеец і іншыя прадстаўнікі другіх нацый. А мы, беларусы, не адважваемся прызнацца ў тым, што мы – беларусы”. Геніальны беларускі Пясняр у гэтых радках выказаў тое, што ў карані адрознівае нас ад жыхароў іншых дзяржаў. Пачуццё годнасці, пачуццё глыбокай павагі і любові да сваёй краіны, любові, не абумоўленай ніякімі палітычнымі рэжымамі ці эканамічнымі праблемамі, розным узроўнем жыцця, а цяжкасці ёсць усюды. Гэта любоў адчуваецца кожнаму, хто наведвае замежныя краіны, яна ўсюды, яна ў сэрцы кожнага жыхара. На жаль, у нас такога няма. Нягледзячы на тое, што фактычна між намі і імі няма ніякай розніцы – усё ж такі мы, як і яны, толькі людзі і эмацыйны свет у нас аднолькавы – сярод нас усё часцей і часцей гучаць словы незадаволенасці ў дачыненні да сваёй краіны. Сапраўды малаверагодна, што той, хто вымушаны кожны дзень змагацца з надзённымі праблемамі, пераадольваць цяжкасці, перш за ўсё матэрыяльнага характару, каб падтрымліваць годнае існаванне, будзе ў поўнай меры атрымоўваць асалоду ад сузірання красот прыроды, але многія беларусы адчуваюць і выказваюць непакой за будучыню сваёй дзяржавы яшчэ і ў сувязі с іншым: у апошні час нашу краіну ўсё больш суадносяць з Расіяй, сцвярджаюць, што ў нас адна гісторыя, а, такім чынам, павінны быць адзіны шлях развіцця. Невядома, чаму мы раптам збіліся са свайго ўласнага гістарычнага шляху… І зноў звяртаючыся да творчасці Якуба Коласа знаходзім радкі ў адзначанай вышэй аповесці, якія і сёння гучаць актуальна ў дачыненні да гэтай сітуацыі. “У нас столькі прыгоства, столькі багацця форм і фарбаў, і край наш вялікі і разнастайны, а мы не бачым, не хочам гэтага бачыць. Аб нашым краі злажыўся погляд як аб краі бедным, заняпалым. І нідзе ты ў падручніках геаграфіі не знойдзеш больш-менш сталага апісання Беларусі. Што такое наша Беларусь? А гэта, бачыш, заходняя акраіна Расеі. Чым яна слаўная? Нічым. <…> І мы з гэтым легкадумна згаджаемся, мы ўсё гэта прымаем на веру, бо <…> над намі пануе шаблон, шаблон пустых слоў, пустыя выразы, чужыя формы думак і чужы змест іх. Выходзячы з гэтага, мы адварочваемся ад свайго роднага, не шануем яго, мы стыдаемся яго!”.
Мы не толькі прызвычаіліся шукаць апраўданні сваёй абумоўленай любові да роднага краю, мы страцілі пачуццё патрыятызму і ў адносінах да сваіх зямлякоў: часцей за ўсё менавіта мы першымі пачынаем не толькі крытыкаваць сваіх, родненькіх, за пралікі, але і адкрыта зневажаць, забываючы, што мы адзіны народ і пачуццё еднасці першая ўмова моцнай дзяржавы. Вынікам нашай абыякавасці з’яўляецца непавага да беларускага народа і Беларусі іншых народаў і замежных краін. Шкадуючы, коласаўскімі радкамі сведчым, што “на галаву беларускага народа, як вядома, многа выліта памыяў, годнасць яго прыніжана і мова яго асмеяна, у яго няма імя, няма твару”.
Дык ці не павінны мы пачаць рух у бок перамен? Безумоўна, мы павінны змяніць становішча рэчаў, гэта ў сілах кожнага, пачаць з сябе. Найперш, з разумення таго, што мы – адно цэлае, адна беларуская суполка ў межах найпрыгажэйшай дзяржавы ў цэнтры Еўропы, а потым – з адраджэння ў сваім сэрцы любові да нашай роднай Беларусі, да нашага народа. Любові, не абумоўленай ніякімі цяжкасцямі і перашкодамі, любові, падобнай да любові маці да свайго дзіцяці – ахвярнай і чыстай.
Я не ведаю, як змяніць усё навокал, як вярнуць беларусам пачуццё годнасці, беларускую свядомасць, але зноў звяртаюся да Якуба Коласа. Многа год таму ён выказаў сваю жыццёвую максіму і даў кожнаму з нас наказ, які ніколі не страціць сваёй значнасці. “Я прыйшоў у жыццё не для сябе самога – я прыйшоў дзеля Вас. Калі Вам будзе добра, калі Вы (я тут разумею ўвесь комплекс жыцця) пойдзеце па праўдзівай дарозе жыцця, калі Вы будзеце мець на ўвазе не толькі сябе, але і народ, які Вас пусціў у жыццё і калі Вы будзеце жыць народам дзеля народа, тады я скажу: няхай жа будзе шчасліва Ваша дарога!”.
І сёння я пачынаю з сябе, я іду купляць чарговую кніжку беларускага пісьменніка, каб хоць такім чынам падтрымаць свою актыўную надзею на адраджэнне.
Поделитесь с Вашими друзьями: |