Мацука В. В.
Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна, г. Брэст
МІФАСЕМАНТЫКА ДЗЁН ТЫДНЯ: ПЯТНІЦА
Тыднёвы адлiк часу i назвы дзён тыдня з’явiлiся ў славян разам з хрысцiянствам, да гэтага часу славяне арыентавалiся на месяцовы час. Як i другiя адзiнкi каляндарнага часу, днi тыдня сталi аб’ектам ацэнкi, мiфалагiзацыi, персанiфiкацыi i iнструментам магii. Паколькi поспех любой справы: заключэнне шлюбу, першы выган жывёлы, пачатак палявых прац або будаўнiцтва хаты, паводле ўяўленняў нашых продкаў, залежаў ад выбару i «правiльнага часу», у тым лiку спрыяльнага дня, да традыцыйнай ацэнкi i сiмвалiчнага асэнсавання дзён тыдня прыходзiлася звяртацца пастаянна. Iснавала цэлая сiстэма крытэрыяў ацэнкi – як абсалютных, так i адносных, якiя выкарыстоўвалiся ў дачыненнi да розных сiтуацый. Напрыклад, у паўднёвых славян абсалютную адмоўную ацэнку атрымаў аўторак, тады як ва ўсходнiх i заходнiх славян ён лiчыўся спрыяльным днём. У большасцi выпадкаў той або iншы дзень тыдня аказваўся спрыяльным для адных спраў i падзей i неспрыяльным для iншых. Мела значэнне парадкавае месца дня ў тыднi (першы-апошнi, цотны-няцотны), граматычны род яго назвы (мужчынскi, жаночы), семантыка нерухомага гадавога свята, сэнс важнейшых сямейных або грамадскiх падзей (нараджэнне i смерць, засуха, пажар). У канфесiйным асяроддзi ўспрыняцце дзён тыдня перш за ўсё вызначалася сакральнымi тэкстамi i лiтургiчным рэгламентам, пры гэтым хрысцiянскiя тлумачэннi дзён тыдня так або iнакш адаптавалiся i народнай традыцыяй. Для вуснай народнай традыцыi, аднак, больш характэрна мiфалагiчная трактоўка дзён тыдня, якая праяўляе сябе перш за ўсё ў персанiфiкацыi дзён у вобразе асобага роду мiфалагiчных персанажаў [6].
Асаблiва распаўсюджаны ў народных павер’ях i фальклоры праваслаўных славян персанiфiкаваны вобраз Пятнiцы. У этнаграфiчных апiсанных i фальклорных крынiцах утрымлiваюцца не толькi шматлiкiя сведчаннi аб канкрэтных сiтуацыях, звязаных з гэтым днём, але i абагульненыя пералiкi i апісанні народных уяўленняў i ацэнак. Ва ўсходнiх славян бытуе даволi шмат легендаў, у якiх персанаж Пятнiцы мае сваю партрэтную характарыстыку. Звычайна яна старэнькая баба, апранутая ў дзiравую свiтку, галава якой пакрыта рознай старызнай, з-пад якой вытыркаюцца каўтуны сiвых валасоў. У беларускай легендзе яна паўстае мiфалагiчнай iстотай, якая ходзiць па дварах i праз вокны назiрае за паводзiнамi жанчын [1, с. 411].
Пятнiца ў праваслаўных хрысцiян лiчыцца посным днём, гэтаксама як i серада, таму «пятницы перад кожным праздникам нада посьтить, штоб гром не убиў, перад Благовещением, перад Пятром, перад Юрьем, асобенна перад Юрьем – для ската, штоб скатина не гибла» [7, с. 204].
Аднак да посту ў пятнiцу iснуюць больш жорсткiя патрабаваннi, таму што ў адпаведнасцi з евангельскай традыцыяй Iсус Хрыстос быў укрыжаваны менавiта ў гэты дзень. З гэтай нагоды праваслаўныя хрысцiяне ў пятнiцу прытрымлiваюцца посту. З тых далёкiх часоў жыве па ўсёй Еўропе павер’е: нiколi не садзiць за стол 13 гасцей, бо нехта з iх абавязкова памрэ (загiне) на працягу года. А самымi нешчаслiвымi ў годзе лічацца тыя днi, калi 13-ы дзень прыпадае на пятнiцу [1, с. 508]. Евангельскi сюжэт стаў асновай узнiкнення легендаў пра Пятнiцу, якая, з аднаго боку, дапамагае тым жанчынам, што строга прытрымлiваюцца хрысцiянскiх канонаў, а з другога, можа жорстка пакараць тых, хто парушае этыкетныя прадпiсаннi звычаёвага права.
Пятнiца ў язычнiцкiм адлiку часу ўяўлялася нешчаслiвым днём тыдня, бо асацыiравалася з жаночай доляй, была «няцотнай», прысвячалася багiнi Мокашы (у хрысцiянстве iснаваў культ святой Параскевы). Параскева-Пятнiца – святая пакутнiца, апякунка жанчын, дзяўчат, шлюбу, а таксама прадзiва. Ушаноўваюць яе 10 лiстапада па новым стылi. Мяркуецца, што ў язычнiцкай мiфалогii ёй папарэднiчала блiзкая па функцыях старажытная багiня Мокаш, выцесненая Параскевай-Пятнiцай у 12-13 стст. У дзень Параскевы-Пятнiцы забаранялася выконваць розныя работы: араць, выносiць попел, але найперш прасцi i ткаць. Як казалi ў народзе, ад прадзення ў гэты дзень цела Параскевы-Пятнiцы пакрываецца пылам. Паводле народных павер’яў, парушальнiц Параскева-Пятнiца можа пакараць: вылезцi з-пад печкi цi з’явiцца ў хату ў выглядзе старэнькай бабы. У гэты дзень жанчыны неслi Параскеве-Пятнiцы ў храм ахвяру – пяршыну лёну, кавалак палатна цi навешвалi на яе абраз ручнiк, якi, як лiчылi, павесiўшы нейкi час, атрымлiваў гаючую сiлу. Таму тыя, хто малiўся, выцiралi iм твар i хворыя вочы. Параскева-Пятнiца апекавалася таксама вадою, асаблiва крынiцамi i калодзежамi. На землях усходнiх славян у многiх мясцiнах ставiлi ля калодзежаў драўляныя скульптуркi Параскевы-Пятнiцы, або вешалi яе абразы, а ў ахвяру гэтай святой кiдалi ў ваду льняную кудзелю, авечую воўну, выпрадзеныя нiткi, а таксама манеты, пацеркi, завушнiцы, пярсцёнкi. Вада з тых крынiц нiбыта валодала вялiкай сiлай. Дзень Параскевы-Пятнiцы прыпадаў на пару восеньскiх вяселляў, i дзяўчаты на Заходнiм Палессi звярталiся да святой на дапамогу: «Пяцёнка, мая мацёнка, памажы хоч ты, каб мне замуж пайты» [2, с. 297].
Вобраз Пятнiцы прадстаўлены ў народным календары, які змяшчае ў сабе звычаі, прыкметы, павер'і, прыказкі. У Пахавальную пятнiцу – дзень на пахавальным тыднi – на Пiншчыне мылi ўсе дзежкi [4, с. 85]. У Чырвоную (Вялiкую, Велiкодную) пятнiцу рыхтавалiся да вялiкага свята: «Пасцiлi шчодрым постам, толькi сыту з мёду пiлi» [4, с. 93]. У гэты ж дзень на Беларусi вясковыя дзяўчаты мылiся на досвiтку халоднай вадой, каб на працягу ўсяго года быць прыгожымi i здаровымi [2, с. 407]. Верылi, што «калi гарох пасеяць у Вялiкую П’ятнiцу, та ён вельмi добрэ зародзiць» [5, с. 91]. На Прашчэнне (Прошчаны дзень) – пятнiца на Велiкодным тыднi – цесць i цёшча запрашалi зяця i яго радню на «маладое пiво», не працавалi, каб слюна не цякла ў валоў [4, с. 100]. На Градабойцы (Ледавiты дзень) – пятая пятнiца пасля Вялiкадня – у Вiленскай губернi не працавалi [4, с. 117]. Серпавiца (Серпавiна, Шыпiлiнка) – пятнiца перад Iллёй, лiчылася днём «зазубрывання» сярпоў, часам падрыхтоўкi да жнiва ў некаторых мясцiнах [4, с. 148]. «Пасля вынасу Плашчанiцы на Вялiкую пятнiцу ўжэ нычого ны рабылы» [*1]. На Берасцейшчыне гавораць, «ек Благовiснык прыпадае на пятнiцу, то ны садять сіміна, бо ны вырастуть» [*1].
Жаночая семантыка пятнiцы выразна выявiлася ў вераваннi, што калi Каляды прыпадаюць на пятнiцу, то ў гэтым годзе пераважная большасць сярод нябожчыкаў будуць жанчыны [2, с. 407]. Калi ж Пятра прыпадаў на сераду цi пятнiцу (постныя днi), то разгавенне пераносiлiся на наступны дзень. На Гомельшчыне ў такiм разе казалi, што Павел адабраў карову ў Пятра, i таму ў яго няма нi малака, нi сыру i няма чым разгаўляцца [1, с. 411]. З жаночай (плоднай) семантыкай пятніцы звязана вераванне, што калi cадзiць сельскагаспадарчыя культуры ў гэты дзень, то будзе добры ўраджай [*1].
У асноўным пятнiца лiчыцца неспрыяльным днём для працы, распачынання справы. «У панядзелак i ў пятнiцу нiчого пачынаць не трэба, бо гэто нешчаслiвыя днi» [5, с. 147]. Строга забаранялася мыць, прасцi, выконваць любую жаночую справу, нават стрыгчы пазногцi (пачнуць злазiць), заплятаць валасы (пачне балець галава). Лiчылася, што ў пятнiцу не можна шыць, бо ягняты будуць адбiвацца ад чарады [5, с. 164]. «Па пятницах никагда не пахали на гароде, не палоли – ат граду, шоб граду не было» [7, с. 203]. «У пьятницу нэможна пэчы хлиб, бо будэ засуха» [7, с. 204]. Паводле запiсаў А. К. Сержпутоўскага, «Як карова ацелiцца ў п’ятнiцу, та хоць яе прадавай, бо мало будзе даваць малака й не будзе з яе нiякае карысцi» [5, с. 509]. Iснуе народнае забарона мыць дзяцей у пятнiцу, каб не напаў «сушэц». Калi ж мацi нечакана забылася i пакупала дзiця ў пятнiцу, то каб папярэдзiць магчымае пакаранне хваробай, яна клiкала да сябе суседку, перадавала ёй дзiця, а сама станавiлася каля акна ад вулiцы i чакала, калi суседка падасць яе дзiця праз акно. Суседка ж не проста аддавала, а «прадавала дзiця за капейку» [1, 345].
Мiж тым, пятнiца лiчылася прыдатным днём для пасадкi цыбулi, першага выгану жывёлы ў поле, а таксама для пасеву льну. Спрыяльным гэты дзень лiчыўся i для некаторых гаспадарчых прац: «зачыналы дом [строить] у пятницу – лёгкы день, посны» [7, с. 202], «пудсажывают яйца под курицу в пятницу вранци до обэда» [7, с. 202]. У той жа час верылi, што жыта, пасеянае ў пятнiцу i ў сераду, значна горш уродзiць, чым пасеянае ў аўторак i суботу, а пасеяныя ў пятнiцу гуркi звычайна бываюць «гаркаваты на скус» [3, с. 307].
Магiчнае значэнне пятнiцы прадстаўлена ў народнай медыцыне, у прыватнасцi, на гэты дзень выпадала лячэнне касавокасці: «як у падростка пакажацца касавокасць, то трэба яму ў маладзiковую п’ятнiцу чорнаю хустачкаю завязаць адно вока й не знiмаць тае хустачкi нi ў дзень, нi ў ночы аж да самага другога маладзiка. Ат гэтаго касавокасць прападзе» [5, с. 211]. У пятнiцу выконвалi дзеяннi прадукавальнай магii. Так, «дзяўчына, калi хочэ, каб раслi доўгiя косы да былi густыя, та трэба прасiць такога чалавека, у катораго лёгкая рука, каб ён у першую п’ятнiцу, як узыдзе месячык, падстрыг канцы кос» [5, с. 145].
Мiфапаэтычныя ўяўленнi пра пятнiцу шырока прадстаўлены ў сямейна-абрадавым комплексе: «каб хутчэй выйсцi замуж, дзеўка павiнна пасцiць усе п’ятнiцы шчырым пастом або хаця дванаццаць п’ятнiц у гаду» [5, с. 194]. Вяселле не распачыналi ў пятнiцу, а ў любы iншы дзень (акрамя панядзелка), «каб лёс добра ў маладых склаўся, каб нястачы нiякай не зналi» [2, с. 407]. Пятнiца лiчыцца неспрыяльным днём i для нараджэння бо, «хто ў пятнiцу родзiцца, та будзе п’янiца, гультай цi злодзей» [5, с. 173].
Такiм чынам, пятнiца, як посны дзень, прысвечаная ўспамiнам пакут i смерцi Хрыста, заўсёды шанавалася царквою i народам, таму ў гэты дзень iснавалi шматлiкiя забароны i перасцярогi. Разам з тым у семантыцы гэтага дня тыдня значную ролю адыгралi дахрысцiянскiя ўяўленнi, жаночая сiмволiка гэтага дня.
Заўвагi:
* 1. Сакалоўская Надзея Iванаўна, жыхарка в. Карлавiчы Драгiчынскага раёна Брэсцкай вобласцi, 1948 г. н., мясцовая, праваслаўная, пicьмовая.
Лiтаратура:
-
Беларуская мiфалогiя : энцыклапедычны слоўнiк / С. Санько, Т. Валодзiна, У. Васiлевiч [i iнш.] – Мiнск : Беларусь, 2004. – 592 с.
-
Беларускi фальклор : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [i др.]: – У 2 т. Мiнск. : БелЭн. – Т. 2, 2006. – 828 с.
-
Зямля стаiць пасярод свету… Беларускiя народныя прыкметы i павер’i. Кн. 1 / Уклад., прадм., пераклад., бiбл. У. Васiлевiча. – Мiнск : Маст. лiт., 1996. – 591 с.
-
Лозка, А. Ю. Беларускi народны каляндар / А. Ю. Лозка. – 2-е выд. – Мiнск : Полымя, 2002. – 240 с.
-
Сержпутоўскi, А. К. Прымхi i забабоны беларусаў – палешукоў / А. К. Сержпутоўскi, Мiнск : Унiверсiтэцкае, 1998. – 301 с.
-
Толстая, C. М. Дни недели в народной магии / С. М. Толстая // Живая старина. – 2008. – № 2. – С. 2 – 5.
-
Толстая, С. М. Полесский народный календарь / С. М. Толстая. – М. : Индрик, 2005. – 600 с.
Поделитесь с Вашими друзьями: |