Маёнтак Скарынаў на Расоншчыне
3 артыкула Г. Лебедзева «Пуцявiны вялiкага палачанiна»
ў газеце « Вiцебскi рабочы» ад 8 верасня 1990 г.
...Род Скарынаў валодаў на Полаччыне не толькi «именьем» - сялом Тройдавiчы (сучасныя Тродавiчы на Расоншчыне), але i “дворищами, что в замку полоцьком суть». Невялiкi маёнтак i замкавая нерухомая маёмасць яшчэ ад бацькi перайшлi да абодвух братоў Скарынаў - Iвана i Францыска, а затым былi, пасля дамоўленасцi з Францыскам, якi ад'язджаў за мяжу, перададзены зяцю Iвана - Еску Сцяпанавiчу...
Тое, што Францыск Скарына быў саўладальнiкам, разам з братам, некалькiх дворышчаў у замку-градзе полацкiм, стала вядома больш за сотню гадоў назад, пры першай публiкацыi судовых актаў 1535 г. буйнейшым сярод скарыназнаўцаў XIX ст. П. У. Уладзiмiравым. А тое, што датычыць валодання iмi ж маёнткам на поўначы Полацкай зямлi, дык гэтае пытанне толькi зусiм нядаўна паспрабаваў узняць аўтар гэтых радкоў(«Лiтаратура i мастацтва» за 30 верасня 1988 г.). Усе скарыназнаўцы, у тым лiку складальнiк найноўшага зборнiка дакументаў i матэрыялаў пра жыццё i дзейнасць Ф. Скарыны В. І.Дарашкевiч (Мн., 1988), упэўнены, што браты Скарыны маглi мець нейкую маёмасць у Полацку, але каб гэта быў яшчэ маёнтак дзесьцi ў Полацкай зямлi, дык пра гэта, здавалася б, гаворкi быць не можа. Праўда, дакументы 1535 года сведчылi, што братам Скарынам перад тым належала нейкае «именье», аднак гэта было падтасавана пад паняцце аб маёмасцi ў самiм Полацку.
Канкрэтнае апiсанне былога маёнтка братоў Скарынаў ёсць у дакументах Полацкай рэвiзii 1552 г., якiя складзены ўжо пасля смерцi Францыска. Тады iмi валодалi: зноў той жа Еска Сцяпанавiч i сын Мiхны Аўсяннiкава - Марка Mixнавiч. Яны мелi «именье - село Тройдевичи... дворец с пашнею. К тому дворцу людей волных дымов тры: с тых людей прыходеть им со всякого збожа четьвертая часть. В том же именю мають дерево бортное и ловы. Ку служъбе земской коня ставять”.
Толькi невядома, колькi феадальна-залежных сялян жыло ў сяле «Тройдевичы». Сама назва гэтага сяла таксама здаецца загадкавай, бо менавiта такой назвы няма сярод населеных пунктаў сучаснай Вiцебскай вобласцi. Але суцяшае тое, што ў гэтай назве адбiлiся недакладнасцi старога скарапiснага запiсу. Самi ж дакументы рэвiзii Полацкага ваяводства 1552 г. захавалiся ў двух розных варыянтах: па спiсе з колiшняй бiблiятэкi польскiх графаў Бранiцкiх ix надрукаваў у 1880 г. ў Кракаве I. Шуйскi, а па спiсе Ваенна-вучонага архiва Галоўнага штаба Расiйскай apмii - у 1905 г. у Маскве І. І. Лапо. Спiсы маюць розначытаннi, адны запiсы зроблены там беларускай лацiнкай, другiя - кiрылiцай.
Таму назву «Тройдевичы» трэба прымаць з некаторымi папраўкамi. А з дакументаў той жа рэвiзii высвятляецца, што нашчадкi роду Скарынаў у Полацку мелi абавязак рамантаваць адну з гародняў у крапасной сцяне Полацкага замкаграда. Гэтую ж гародню таксама рамантавалi тыя людзi, хто валодаў землямi каля возера Няшчэрда. Побач з ёю былi тры Асвейскiя гароднi. Значыць, можна шукаць на поўначы Вiцебскай вобласцi, на Расоншчыне, паблiзу возера Няшчэрда. Менавiта там i цяпер ёсць невялiкая вёска Тродавiчы ў Краснапольскiм сельсавеце.
Поделитесь с Вашими друзьями: |