Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Беларускі дзяржаўны універсітэт Гістарычны факультэт


ГЛАВА ІІ. УКРАІНСКІ ФАКТАР У ГРАМЯДЗЯНСКАЙ ВАЙНЕ Ў ВКЛ



старонка2/4
Дата канвертавання15.05.2016
Памер0.64 Mb.
1   2   3   4
ГЛАВА ІІ.

УКРАІНСКІ ФАКТАР У ГРАМЯДЗЯНСКАЙ ВАЙНЕ Ў ВКЛ.

1432 – 1435 гг.
У выніку дзяржаўнага пераварота 1 верасня 1432 г. князь Свідрыгайла быў скінуты з трона ВКЛ, а новым Вялікім князем Літоўскім быў абвешчаны яго стрыечны брат Жыгімонт Кейстутавіч. Уладу Жыгімонта прызнала сталіца дзяржавы Вільня, а разам з ёю Трокі, Коўна, уся Жамойція. Таксама дабраахвотна пад уладу Жыгімонта перайшлі Гродна і Навагародак. Аднак іншыя тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага не прызналі ўладу Жыгімонта і захавалі вернасць Свідрыгайле. Праўда, Жыгімонт з дапамогай ваеннай сілы здолеў падпарадкаваць сабе Брэст, але на гэтым першапачатковае пашырэнне сферы ўплыву новага гаспадара скончылася. Уладу Свідрыгайлы працягвалі прызнаваць Полацк, Віцебск, Смаленск, Кіеў, Ноўгарад-Северскі з іх землямі і Валынь. Такім чынам, на яго баку засталіся ўсе украінскія землі ў складзе ВКЛ, а таксама значная частка беларускіх. Вялікае княства Літоўскае аказалася расколатым на дзве часткі, якія варагавалі між сабой. Падзел тэрыторый па сферам уплыву між двума князямі мог назірацца і раней, як, напрыклад, у часы Альгерда і Кейстута. Аднак раздзеленым на дзве часткі, што знаходзіліся ў стане ўзброеннага канфлікту, Вялікае княства апынулася ўпершыню. Перад ВКЛ паўстала небяспека пагрозы існаванню як адзінай дзяржавы.

Вялікі князь Жыгімонт, які прыйшоў да ўлады, у многім пры дапамозе палякаў адразу ж прадэманстраваў сваю прапольскую палітыку. Гэта бачна ўжо з таго, што калі адразу пасля ўзыходзжання на трон да Жыгімонта прыйшлі паслы ад Гросмайстэра Пауля фон Русдорофа з прапановаю міра і сяброўства, Вялікі князь адказаў, што ён нічога не можа вырашыць без караля Уладзіслава. [24] Ягайла, які застаў вестку пра пераварот ВКЛ у Сандаміры, адправіў да Жыгімонта пасольства на чале з біскупам Кракаўскім Збігневам Алесніцкім, падканцлерам Уладзіславам з Апарова, двух ваявод і трох каштэлянаў. Пасольства заявіла пра прызнанне Жыгімонта ў якасці Вялікага князя Літоўскага. Паказваючы свае добрыя намеры ў адносінах да Жыгімонта, Ягайла адправіў войскі, якія захапілі Ашмяны, што былі яшчэ на баку Свідрыгайлы. 15 кастрычніка 1432 г. Жыгімонт з прыхільнымі яму панамі ў Гародні падпісалі грамату, згодна з якой зноў узнаўлялася унія паміж ВКЛ і Польшчай. Жыгімонт абяцаў весці ўсе значныя справы (у тым ліку, і знешнепалітычныя зносіны) з ведама польскага караля і рады. Тэрыторыя ВКЛ прызнавалася згодна з межамі часоў Вітаўта, аднак валынскія памежныя акругі Гародля, Алесна, Ратна, Ветлы і Лапацін адыходзілі да Польшчы. Тэрыторыю ВКЛ Жыгімонт мог трымаць да сваёй смерці, аднак пасля яе фактычна ўсё Вялікае княства пераходзіла пад уладу польскіх каралёў, якія прызнаваліся вярхоўнымі Вялікімі князямі Літоўскімі. Толькі Трокі з суседнімі тэрыторыямі павінны былі перайсці да сына Жыгімонта князя Міхаіла (Міхайлушкі), але і ён прызнаваў над сабой уладу польскіх каралёў. Пры гэтым асабліва падкрэслівалася, што Валынь і Падолле належаць Польшчы “па поўнаму праву”. Жыгімонт абяцаў падтрымку Ягайле “и в радости, и в горе”. [25] 3 студзеня 1433 г. Ягайла падцвердзіў гэтыя ўмовы сваёй граматай. Падолле перайшло да Польшчы, Валынь жа засталася ў складзе ВКЛ (па ўмовах дамовы – толькі да смерці Жыгімонта).

Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на паводзіны князя Свідрыгайлы пасля перавароту 1432 г. Яго ўладу па-ранейшаму прызнавала значная частка краіны, аднак Свідрыгайла перастаў тытулавацца Вялікім князем Літоўскім, фактычна саступіўшы гэты тытул Жыгімонту. Сам жа Свідрыгайла абвясціў сябе Вялікім князем Рускім. Такім чынам, мы назіраем распад тытулатуры манарха ВКЛ “Вялікі князь Літоўскі, Рускі і Жмудцкі” на дзве часткі: адна замацавалася за Жыгімонтам, другая – за Свідрыгайлам. Адзіная дзяржава Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жмудцкае распалася на ўласна Вялікае княства Літоўскае (Вялікі князь “на Вільні і Троках” Жыгімонт) і Вялікае княства Рускае (Вялікі князь Рускі Свідрыгайла). Узброены канфлікт, які пачаўся між дзвюма часткамі некалі адзінай дзяржавы, у гісторыяграфіі мае розныя назвы: “паўстанне Свідрыгайлы” (А. Левіцкі), “бунт Свідрыгайлы” (А. Левіцкі, М. Косман), “грамадзянская вайна ў ВКЛ” (П. Лойка, М.Косман), таксама сустракаюцца такія вызначэнні, як “феадальная вайна ў ВКЛ”, “польска-літоўска-руская вайна” і нават “польска-літоўска-беларуска-украінская вайна”. Мы ж у дадзенай працы будзем карыстацца такімі вызначэннямі, як “грамадзянская вайна” (паказвае сутнасць падзелу ВКЛ), “паўстанне Свідрыгайлы” (адлюстроўвае выступленне Свідрыгайлы супраць новай цэнтральнай улады ВКЛ на чале з Жыгімонтам, палітычнай сістэмы, якая склалася пасля Востраўскага пагаднення і Віленска-Радамскай уніі, і яго спробу стварыць асобнае ад ВКЛ Вялікае княства Рускае). Мэтазгодным можа быць, на наш погляд, і ўжыванне тэрміну “феадальная вайна”, адлюстроўваючага барацьбу феадальных груповак у ВКЛ, якая адыграла значную ролю ў падзеях 1430-х гг., што будзе бачна далей.

Адным з найбольш значных і адначасова складаных пытанняў у адносінах да падзей 1430-х гг. з’яўляецца вызначэнне прычын грамадзянскай вайны ў ВКЛ і роля ў ёй украінскага фактара. Сярод даследчыкаў не існуе адзінага меркавання на гэты конт, у гісторыяграфіі ў агульным можна вылучыць некалькі канцэпцый. У адпаведнасці з першай, прычыны вайны абумоўлены ў першую чаргу рэлігійна-канфесійным фактарам. Прадстаўніком гэтай версіі з’яўляецца, напрыклад, польскі даследчык А. Левіцкі. Па яго меркаванню, “літоўцы” імнуліся ў першую чаргу захаваць свае правы, “рускія” – адстаяць сваю веру, а палякі – інкарпараваць ВКЛ, пры гэтым выступленне Свідрыгайлы мае антыкаталіцкі напрамак. [26] Яшчэ адной версіяй тлумачэння падзей 1430-х гг. з’яўляецца канцэпцыя нацыянальнага фактара, да прыхільнікаў якой можна аднесці такіх даследчыкаў, як М. Грушэўскі, М. Любаўскі, М. Косман і інш. Згодна з гэтай канцэпцыяй, паўстанне Свідрыгайлы і грамадзянская вайна тлумачацца як сутыкненне “рускіх” і “літоўскіх” зямель і насельніцтва, часта як барацьба “рускіх” супраць панавання Літвы. Пад “рускімі” тут звычайна разумеецца насельніцтва украінскіх і беларускіх зямель. Таксама трэба прыгадаць канцэпцыю, якую ўмоўна назавем сацыяльнай. Галоўным яе прадстаўніком з’яўляецца М. Доўнар-Запольскі. Па яго версіі, “руская” шляхта выступіла на баку Свідрыгайлы не як нацыянальнасць, а хутчэй як сацыяльны слой, што супрацьстаяў больш прывілеяванаму слою – “літоўскай” шляхце.

Прыгадаем таксама канцэпцыю сучаснага беларускага даследчыка П. А. Лойкі. У якасці прычын канфлікта 30-х гг. ХV ст. ён называе прававую дыскрымінацыю “рускай” праваслаўнай знаці, а таксама імкненне Свідрыгайлы канчаткова адасобіць Вялікае княства Літоўскае ад Польшчы і ўмацаваць яго незалежнасць. [27]

Пры ўсім гэтым у гісторыяграфіі не абмінаецца ўвагай і палітычны аспект канфлікта 1430-х гг. Да яго звяртаюцца ў сваіх працах М. Любаўскі, А. Левіцкі, П. Лойка і інш. М. Любаўскі, напрыклад, піша пра “нацыянальна-палітычны антаганізм між Літвой і падуладнай ёй Руссю”, які быў выкліканы прывілеямі Ягайлы. [28] Сваю палітычную канцэпцыю вайны ў ВКЛ выпрацаваў і К. Ябланоўскі, які лічыў, што галоўнай прычынай замятні ў ВКЛ быў фактычны даўнішні падзел краіны на дзве палітычныя зоны – Літву і Русь. Расійскія даследчыкі Д. Аляксандраў і Д. Валадзіхін у сваёй кнізе “Борьба за Полоцк между Литвой и Русью в ХІІ – ХVІ веках” асноўным фактарам канфлікта 1430-х гг. называюць канфесійна-палітычны. [29]

Вялікая роля украінскіх земляў і іх насельніцтва ў падзеях грамадзянскай вайны ў ВКЛ прызнаецца фактычна ўсімі даследчыкамі. Трэба сказаць, што украінскія землі і насельніцтва як у крыніцах, так і ў даследваннях, звычайна ўключаюцца ў паняцці “Русь” і “рускія”, пад якімі часта разумеюцца таксама і беларускія землі з іх жыхарамі. Асабліва дэтальна ўдзел украінскіх земляў у канфлікце 1430-х гг. разгледзеў вядомы украінскі гісторык і палітычны дзеяч М. Грушэўскі, які з’яўляецца прадстаўніком нацыянальна-палітычнай канцэпцыі (гэта ўмоўная назва) прычын і рухаючых сіл вайны ў ВКЛ. Па версіі М. Грушэўскага, гэты канфлікт у значнай ступені можа разумецца як нацыянальна-вызваленчая барацьба “рускіх”-украінцаў супраць улады Літвы. [30]

На наш погляд, падзеі паўстання Свідрыгайлы – грамадзянскай вайны ў ВКЛ нельга разглядаць з пункту гледжання толькі некага аднаго галоўнага фактара. Пры ўсёй складанасці гэтай праблемы толькі комплексны падыход з улікам розных складаючых – рэлігіных, палітычных, этнічных – можа даць уяўленне пра тыя працэсы, якія прывялі да расколу і вайны унутры ВКЛ. Паспрабуем выкласці свае меркаванні ў адносінах да складаючых грамадзянскай вайны ў Вялікім княстве, а таксама ролі ў гэтых падзеях украінскага фактара.

На наш погляд, рэлігійны фактар мае ў грамадзянскай вайне ў ВКЛ адно з першаступенных значэнняў. Прывілеі Ягайлы, Гарадзельская, Віленска-Радамская уніі абмяжоўвалі правы шляхты менавіта па рэлігійнай, а не нацыянальнай прыкмеце. Абмежаванне правоў праваслаўнай шляхты выклікала незадаволенасць яе прадстаўнікоў, да якога б этнасу яны не адносіліся. Ды і на чыста чалавечым узроўні рэлігійная самаідэнтыфікацыя была ў тыя часы значна больш развітая, чым нацыянальная самасвядомасць. Сярод акружэння самаго Свідрыгайлы было як шмат “рускіх” (напрыклад, князі Друцкія, Астрожскія, Адзінцэвічы), так і прадстаўнікоў рода літоўскага (жамойцкага) паходжання, такіх, як ваявода Віленскі Дзедзігольд, ваявода Троцкі Ян Манівід, маршалак Румбольд, на што і ўказвае нямецкі даследчык А. Кацэбу. [31] Да таго ж у пэўнай ступені ўмоўнымі з’яўляюцца ў дадзеным кантэксце і самі тэрміны “літоўскі” і “рускі”, іх вельмі цяжка атаесамляць з нейкім канкрэтным этнасам. Так, напрыклад, пад паняццем “літоўскі” могуць разумецца ў розных выпадках і землі сучаснай Літвы (Жамойціі і Аўкштайціі), і землі захаду і цэнтральнай часткі сучаснай Беларусі, і наогул усё ВКЛ. Такім жа неадназначным з’яўляецца часта і ўспрыняцце тэрмінаў “Русь” і “рускі”.

Крайне важным з’яўляецца і значэнне палітычнага фактара. Пры ўсёй значнасці рэлігійнага фактара супрацьстаянне ў ВКЛ 30-х гг. ХV ст. нельга б было адзначыць як проста рэлігійны канфлікт. Падчас грамадзянскай вайны добра бачна існаванне феадальных груповак, адны з якіх падтрымлівалі князя Свідрыгайлу, іншыя – Жыгімонта, прычым гэта далёка не заўсёды было абумоўлена рэлігійным фактарам. Мы можам назіраць цэлы шэраг прыхільнікаў Свідрыгайлы, якія былі на яго баку яшчэ задоўга да грамадзянскай вайны ў ВКЛ і нават да таго, як ён стаў Вялікім князем. Сярод іх можна назваць князя Фёдара Астрожскага, які яшчэ ў 1418 г. садзейнічаў вызваленню Свідрыгайлы з турмы, а ў час падзеяў грамадзянскай вайны з’яўляўся адным з самых значных палкаводцаў лагера Свідрыгайлы. Яшчэ адзін прыклад – браты князі Друцкія (Іван Баба, Іван Пуцята, Дзмітрый Сякіра і інш.), якія былі шчыльна звязаны са Свідрыгайлам яшчэ з 90-х гг. ХІV ст. Такім чынам, можна сказаць, што вакол Свідрыгайлы існаваў феадальны лагер, які склаўся ў многім на падставе палітычных мэтаў і асабістага даўняга знаёмства з самім князем. Доказам таго, што палітычныя мэты маглі адыгрываць нават большую ролю, чым рэлігійныя, могуць служыць тыя факты, што сам Свідрыгайла хоць і абапіраўся ў значнай ступені на праваслаўных, быў католікам, як і многія яго хаўруснікі (як той жа самы Ян Манівід). Асабліва трэба падкрэсліць знешнепалітычны фактар гэтых падзей. Палітыка Свідрыгайлы і саюзных яму феадалаў мела яскрава выражаны антыпольскі напрамак, паўстанне Свідрыгайлы відавочна было выступленнем супраць распаўсюджання ўплыву Польшчы і інкарпарацыі ў яе склад ВКЛ. У гэтай барацьбе Свідрыгайла абапіраўся як на праваслаўныя (Малдова, часам – Масква і Вялікі Ноўгарад ), так і на каталіцкія (Тэўтонскі ордэн, Рымскі кароль) сілы і нават татар. Рабіў спробы Свідрыгайла наладзіць адносіны і з кіраўніком каталіцкага света Папам Яўгенам ІV (1431– 1447). Прыклад таму – удзел паслоў Свідрыгайлы ў Базельскім саборы і спроба паставіць канфесійнае становішча на службу палітычным мэтам, хоць і няўдалая.

Такім чынам, мы б вызначылі асноўны характар грамадзянскай вайны ў ВКЛ 1430-х гг. як палітычна-рэлігійны. Аднак пры гэтым усё ж нельга абсалютызаваць і яго. Пэўны ўплыў аказваў, верагадна, і, ўмоўна скажам, этнічны фактар. Нездарма дзяржаўнае ўтварэнне, створанае Свідрыгайлам, атрымала назву Вялікае княства Рускае. Хоць і пры гэтым назва “Русь” магла атаесамляцца, у першую чаргу, з пераважным распаўсюджваннем праваславія сярод яе жыхароў. Трэба звярнуць увагу і яшчэ на адзін момант, а дакладней, на асабістыя рысы самаго Свідрыгайлы. Як, з аднаго боку, яго папулярнасць сярод знаці і лідэрскія якасці змаглі згрунтаваць вакол яго многіх феадалаў, так і з іншага боку, яго неабачлівыя і часта жорсткія дзеянні сталі ў многім прычынай яго адхілення ад трону, а потым – і паразы ў вайне.

Амаль усе украінскія землі, якія ўваходзілі ў склад ВКЛ, захавалі вернасць Свідрыгайле і склалі (разам з часткай беларускіх земляў) аснову Вялікага княства Рускага. Падаўляючая большасць насельніцтва украінскіх земляў былі праваслаўнымі, таму невыпадкова, што украінскія праваслаўныя феадалы, якіх не магло задаволіць памяншэнне сваіх палітычных і эканамічных правоў, сталі адной з галоўных абапор для барацьбы Свідрыгайлы. У Вялікага княства Рускага не было афіцыйна вызначанай сталіцы, аднак адзін з галоўных цэнтраў княства знаходзіўся ва украінскім горадзе Луцк, іншымі буйнымі цвержамі падуладных Свідрыгайле зямель былі украінскія Кіеў, Ноўгарад-Северскі, Чарнігаў і многія іншыя гарады. У той час, калі падтрымка мясцовых феадалаў Свідрыгайле відавочна, вельмі складаным з’яўляцца пытанне пра абапору князя на слой мяшчан. Свідрыгайла надаў ім шэраг прывілеяў, за што, верагодна, і карыстаўся іх падтрымкай, пра што пісалі М. Любаўскі і П. Лойка. [32] Ва ўсялякім выпадку, гэтае пытанне яшчэ патрабуе дадатковага вывучэння. Свой палітычны сэнс мае таксама тое, што на тэрыторыях, якія падтрымалі Свідрыгайлу (Валынскае, Кіеўскае княствы, Полацкая і Віцебская землі), раней існавала пэўная доля аўтаноміі, з якой рашуча змагаўся Вітаўт Вялікі. Свідрыгайла ж узнавіў пасады шэрагу мясцовых князёў, так, князем у Валыні ён зрабіў у 1431 г. Фёдара Любартавіча, які ўжо займаў гэтую пасаду ў 1383– 1390 гг. Аднак у 1431 жа годзе Фёдар Любартавіч памёр. Карыстаўся першапачаткова Свідрыгайла і падтрымкай князя Кіеўскага Міхаіла Іванавіча Гальшанскага (1422 – 1432).

Украінскія землі з іх насельніцтвам як адна з галоўных асноў “рускага” элемента, хай то ці па рэлігійнай, ці па палітычнай, ці па этнічнай прыкмеце, адыгрывалі крайне значную ролю ў грамадзянскай вайне ў ВКЛ 1430-х гг. Такім чынам, можна казаць пра вялікую ролю украінскага фактара у паўстанні Свідрыгайлы.

Пераход значнай часткі зямель і насельніцтва ВКЛ на бок Свідрыгайлы і пагроза стварэння асобнай дзяржавы Вялікага княства Рускага паставіла ў цяжкае становішча Вялікага князя Жыгімонта і яго саюзніка караля Польшчы Ягайлу. Разумеючы, што моцную абапору Свідрыгайле складаюць праваслаўныя феадалы, Вялікі князь Жыгімонт і палякі прадпрынялі шэраг крокаў для павышэння сваёй папулярнасці сярод вернікаў Грэцкай царквы. Ва ўмовах раскола Вялікага княства дзеянне існаваўшага заканадаўства, якое ставіла правы каталіцкай знаці над правамі праваслаўнай шляхты, рабілася неактуальным і, больш за гэта, небяспечным. 15 кастрычніка 1432 г. кароль Польшчы Уладзіслаў ІІ Ягайла са згоды Вялікага князя Літоўскага Жыгімонта выдаў прывілей для Луцкай зямлі, які вядомы таксама як Троцкі прывілей. Згодна з ім праваслаўныя феадалы ўраўноўваліся ў правах з католікамі: праваслаўным гарантавалася недатыкальнасць уладання і свабода распараджэння маёнткамі, жанчыны змаглі атрымліваць зямлю ў спадчыну, ураўноўваліся павіннасці, было дазволена браць аднолькавыя з католікамі гербы і кляйноты. Праваслаўныя маглі зараз займаць вышэйшыя дзяржаўныя пасады, акрамя ваяводаў і каштэлянаў Віленскага і Троцкага. У прывілеі дэкларавалася таксама адмова ад пераводу вернікаў грэцкай царквы ў каталіцызм і забаранялася ператварэнне праваслаўных цэркваў у касцёлы. [33] Мэтай гэтага прывілея быў, канешне ж, пераход праваслаўных феадалаў, што падтрымлівалі Свідрыгайлу, на бок Жыгімонта і Ягайлы. Хоць М.Любаўскі і піша, што гэты прывілей аказаў невялікае ўздзеянне на прыхільнікаў Свідрыгайлы, [34] пэўны ўдар па пазіцыям Свідрыгайлы ён усё ж нанёс. Можа, масавага адыходу феадалаў ад лагера Свідрыгайлы не адбывалася, аднак такія факты вядомы. Так, у 1433 г. на бок Жыгімонта перайшоў князь Кіеўскі Міхаіл Гальшанскі. Тым не менш, асабліва моцнага эфекту гэты прывілей, напэўна, усё ж не меў, таму супернікі Свідрыгайлы пайшлі на больш рашучы крок.

6 траўня 1434 г. Вялікі князь Жыгімонт выдаў агульназемскі прывілей, па якому праваслаўная знаць атрымала саслоўную роўнасць з каталіцкімі феадаламі і ў многім дамаглася сваёй даўняй мэты – ураўнавання ў правах. Гэты прывілей фактычна паўтараў прывілей 1432 г., аднак распаўсюджваў яго на праваслаўную шляхту ўсяго Вялікага княства Літоўскага. У параграфе 8 Жыгімонт падцвярджаў усе прывілеі і правы, якія ў свой час надаваў князям, баярам і царкве Вітаўт Вялікі. Матывацыю для выдання гэтага прывілея Жыгімонт пазначыў так: “жадаем таксама, каб паміж народамі гэтых зямель [Літвы і Русі] не было ніякага раздора ці непатрэбнага ўрону ў будучыні, каб не пагоршыўся стан названых земляў, але каб яны карысталіся роўнымі міласцямі і тым больш горача і настойліва імкнуліся заўсёды да яднання душаў...” [35] Аднак параграф 9 Гарадзельскай уніі, які забараняў праваслаўным займаць найвышэйшыя пасады, так адменены і не быў. Прывілеі 1432 і 1434 гг. нанеслі моцны ўдар па пазіцыям князя Свідрыгайлы і сталі адной з галоўных прычын яго паразы ў далейшым. Праваслаўныя феадалы, ураўнаваныя ў правах з католікамі, сталі страчваць грунт для далейшай падтрымкі Свідрыгайлы. Можна з понай упэўненасцю сказаць, што ў рэшце рэшт дыпламатычная барацьба была выйграна Ягайлам, Жыгімонтам і іх саюзнікамі, дзякуючы іх тонкай і дальнабачнай палітыцы, чаго так часта не хапала князю Свідрыгайле.

У сваёй рэлігійнай палітыцы князь Свідрыгайла, разумеючы, што кантроль над царквой у межах сваёй дзяржавы, а таксама наладжанне добрых адносін з каталіцкім светам з’яўляюцца залогам поспеху ў яго барацьбе, спрабаваў весці перамовы з Рымам. Спадзяючыся на дапамогу каталіцкага захаду, Свідрыгайла звярнуўся да Базельскага сабору, адной з мэтаў якога было аб’яднанне заходняга і ўсходняга хрысціянства. Планы аб’яднання выношваў і Папа Рымскі Яўген ІV, які ў будучым стане аўтарам Фларэнтыйска уніі. У 1433 г. у Базель быў дасланы ліст ад праваслаўных баяраў з Віцебска, якія выказалі жаданне падпарадкавацца Рыму. У 1434 г. на сабор прыехала пасольства Свідрыгайлы, якое падцвердзіла яго планы уніі і папрасіла дапамогі ў барацьбе з Жыгімонтам і Ягайлам. Значную ролю ў станаўленні гэтай уніі павінен быў адыграць мітрапаліт Герасім (1433 – 1435).

Герасім з 1417 да 1433 гг. з’яўляўся епіскапам Смаленскім. Мітрапаліт Кіеўскі Фоцій, які здолеў у свой час аб’яднаць Кіеўскую і Літоўскую мітраполіі, памёр у 1431 г., пасля чаго прастол мітрапаліта быў вакантным. У 1433 г. у Канстанцінопалі Герасім быў прызначаны мітрапалітам Кіеўскім і ўсёй Русі. Аднак ісці ў Маскву з-за мясцовай замятні ён не рашыўся і перанёс сваю рэзідэнцыю ў Смаленск. Герасім карыстаўся падтрымкай Свідрыгайлы, які спадзяваўся падпарадкаваць сабе Кіеўскую мітраполію. У 1434 г. Герасім паставіў прыхільнага Свідрыгайле архіпастара ў Вялікі Ноўгарад. Князь Свідрыгайла з вялікай пахвалой адзываўся пра мітрапаліта перад Папам і саборам і падкрэсліваў яго прыхільнасць да уніі. Аднак неўзабаве Свідрыгайла западозрыў Герасіма ў таемных зносінах з Жыгімонтам і як бы нават перахапіў нейкія лісты, што сведчылі пра гэтае. [36] У сакавіку 1435 г. мітрапаліт Герасім быў арыштаваны і ў кайданах адпраўлены ў Віцебск. 26 ліпеня 1435 г. Герасім быў спалены ў Віцебску. Такім чынам, можна сказаць, што князь Свідрыгайла спрабаваў падпарадкаваць сваім палітычным мэтам рэлігійнае жыццё на падуладнай сабе тэрыторыі і заключыць унію з каталіцкай царквой, што было неабходна для прымірэння між католікамі і праваслаўнымі і абапоры на каталіцкі свет. Аднак гэтыя меры сталі моцным пралікам: праваслаўная шляхта, якая пасля прывілеяў 1432 і 1434 гг. і так стала сумнявацца ў падтрымцы Свідрыгайле, была зусім не ў захапленні ад плану аб’яднання з католікамі. Не садзейнічала папулярнасці князя і жорсткая расправа з кіраўніком праваслаўнай царквы.

Разгледзім зараз асноўныя падзеі ваенных дзеянняў грамадзянскай вайны ў ВКЛ 1432 – 1435 гг., надаючы асаблівую ўвагу украінскім землям.

Баявыя дзеянні паміж ВКЛ і Вялікім княствам Рускім пачаліся амаль адразу пасля перавароту 1432 г. Ваенныя дзеянні разгарнуліся на Валыні, у Галічыне і Падоллі. Польскім войскам тут супрацьстаяла войска аднаго з галоўных прыхільнікаў Свідрыгайлы – князя Фёдара Астрожскага, на дапамогу якому прыйшлі малдаўскія і татарскія атрады. Польскае войска ўзначалілі Вінцэнцій з Шамотул і Ян Менжэн з Дамбровы. У агульным баявыя дзеянні тут склаліся на карысць палякам: яны змаглі заняць усё Падолле і разбіць войскі князя Астрожскага, якія ўжо амаль падыйшлі да Львова. 1432 год адзначыўся таксама жорсткім нападам самаго Свідрыгайлы на тэрыторыю княства Жыгімонта, які аднак скончыўся моцнай паразай пад Ашмянамі.

У 1433 г. князь Астрожскі з дапамогай мясцовага праваслаўнага насельніцтва авалодаў Луцкам: “многие жители Луцка, такого же исповедания, объединились вокруг его”.[37] Пасля гэтага войска на чале з Астрожскім зрабіла выправу на Хелмскую зямлю і Падолле. Нягледзячы на тое, што яму ўдалося дайсці да Брэста, пры актыўным супраціўленні палякаў паход быў малавыніковым. Праўда, у чэрвені 1433 г. перамогу над войскам Жыгімонта атрымаў князь Міхаіл Гальшанскі. Пасля выдання прывілеяў 1432 і 1434 гг., калі “желаемые вольности были дарованы, и русская шляхта во всём сравнялась со шляхтой польской”,[38] пазіцыі Свідрыгайлы значна пахіснуліся. Яго паходы на Літву 1433 і 1434 гг. мала ратавалі становішча.

Першапачаткова становішча Свідрыгайлы ў гэтай вайне абнадзейвала. На яго баку былі вялізныя тэрыторыі, падтрымка праваслаўнай шляхты, яго саюзнікамі былі Тэўтонскі ордэн, Малдова, Масква і Вялікі Ноўгарад, рабіліся спробы наладжання адносін з Прастолам Св. Пятра. А. Левіцкі, напрыклад, называе колькасць татар, якія змагаліся на баку Свідрыгайлы ў 20 тысяч, а валахаў – у 50 тысяч, хоць гэтыя звесткі і спрэчныя. [39] Ва ўсялякім выпадку, на баку Свідрыгайлы была колькасная перавага ў войску. Аднак Свідрыгайла не змог скарыстацца сваім спачатку добрым становішчам. Моцны ўдар па яго пазіцыям нанеслі прывілеі 1432 і 1434 гг.

У канцы 1433 г. на бок Жыгімонта перайшоў князь Кіеўскі Міхаіл Гальшанскі, які аднак неўзабаве быў схоплены ў Барысаве і па загаду Свідрыгайлы ўтоплены ў Дзвіне. [40] Новым князем Кіеўскім Свідрыгайла прызначыў Міхаіла Сямёнавіча Балабана з роду Гальшанскіх ( 1433 – 1435).

1 чэрвеня 1434 г. памёр кароль Польшчы Уладзіслаў ІІ Ягайла. Новым каралём стаў яго старэйшы сын Уладзіслаў ІІІ (1434 – 1444). Новы кароль працягнуў рашучую барацьбу са Свідрыгайлам і паслаў на дапамогу Жыгімонту войска на чале з Якубам Кабылянскім. У гэтых умовах Свідрыгайла вырашыў даць генеральную бітву, што стала яго яшчэ адной тактычнай памылкай.

Войскі праціўнікаў зыйшліся каля Вількаміра на рацэ Святой ( сучасная Літва) 20 – 30 жніўня 1435 г., рашаючая бітва адбылася 1 верасня. На баку Свідрыгайлы былі войскі Лівонскага ордэна, татараў і чэшскіх табарытаў, якіх прывёў з сабой князь Жыгімонт Карыбутавіч. На чале варожага войска стаялі князі Міхаіл Жыгімонтавіч і Якуб з Кабылян. У ходзе бітвы князь Свідрыгайла і яго саюзнікі пацярпелі поўную паразу. Магістр Лівонскага ордэна Франка Керскорф і ландмаршал загінулі. Загінулі таксама князь Кіеўскі Міхаіл Балабан, князь Данііл Гальшанскі і многія іншыя. [41] Жыгімонт Карыбутавіч быў цяжка паранены і памёр у палоне. Вількамірская бітва стала велізарнай паразай для Свідрыгайлы, яго саюзнікаў і іх справы. Надзеяў на захаванне Вялікага княства Рускага станавілася ўсё менш, аднак князь Свідрыгайла працягваў змагацца.


Падзеі грамадзянскай вайны ў ВКЛ 30-х гг. ХV ст., іх вытокі і вынікі трэба разглядаць у кантэксце комплекса цэлага шэрагу фактараў: рэлігійнага, унутры- і знешнепалітычнага і інш. Украінскі фактар адыграў у гэтых падзеях крайне важную ролю. Вялізная частка украінскіх земляў, украінскія праваслаўныя феадалы сталі моцнай апорай паўстання князя Свідрыгайлы. Нягледзячы на тое, што першапачаткова Свідрыгайла меў значную падтрымку з боку знаці і колькасную перавагу ў вайсковых сілах і здолеў абвясціць асобную ад ВКЛ дзяржаву – Вялікае княства Рускае, ён не змог скарыстаць гэтае выгоднае становішча. Не мела плёну і рэлігійная палітыка князя, накіраваная на заключэнне уніі з Касцёлам. Аднымі з галоўных прычын няўдач Свідрыгайлы стала прадуманая палітыка і тонкая дыпламатыя яго праціўнікаў - Вялікага князя Жыгімонта і Польскай Кароны, значнае месца ў якой займала выданне прывілеяў 1432 і 1434 гг., што ўраўноўвалі правы праваслаўнай і каталіцкай шляхты і спрыялі гэтым памяншэнню папулярнасці Вялікага князя Рускага. Прычынай многіх параз Свідрыгайлы часта была і яго асабістая неабачлівасць і непаслядоўнасць у палітычных справах. Кульмінацыяй узброенага канфлікту, многія ваенныя дзеянні якога адбываліся ў Валыні і Падоллі, стала Вількамірская бітва 1435г., якая скончылася поўнай паразай Свідрыгайлы. Але, нягледзячы на страту Падолля, украінскія землі працягвалі заставацца абапорай для далейшай барацьбы Свідрыгайлы Альгердавіча.



Каталог: olderfiles
olderfiles -> Сармацкае кадзіла
olderfiles -> Выпускная работа па «Асновах інфармацыйных тэхналогій»
olderfiles -> Выпускная работа па «Асновах інфармацыйных тэхналогій»
olderfiles -> Інструктыўна-метадычнае пісьмо Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
olderfiles -> Табліца 6 вынікі паспяховасці па асобных прадметах
olderfiles -> Адзначце сказы, у якіх парушана лексічная спалучальнасць слоў
olderfiles -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Беларускі дзяржаўны універсітэт Гістарычны факультэт
olderfiles -> Ты жывеш у Беларусі Віктарына
olderfiles -> Беларускі дзяржаўны універсітэт курсавая работа па гісторыі заходніх І паўднёвых славян


Поделитесь с Вашими друзьями:
1   2   3   4




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал